103045.fb2 Падары нам дрэва - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

Падары нам дрэва - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 10

Успомніўшы гэта, ён усміхнуўся, а тыя, што сустракалі, узрадаваліся і запляскалі ў далоні — падумалі, што ён задаволены іхнім прыёмам.

Таля-малі былі зусім не страшныя. Яны здаваліся яшчэ больш кантактнымі, сяброўскімі, нават шчырэйшымі, чым самі зэмы. Думка пра іх як пра бязлітасных вылюдкаў, была, канечне ж, перабольшаная — гэта зэмы такім чынам спрабавалі кожнага запалохаць таля-малямі.

Шкляныя скафандры зусім не заміналі гаварыць. Наадварот, яны былі так дасканала абсталяваны, што ўзмацнялі ўсе гукі, дапамагалі размове: словы рабіліся яшчэ больш гулкімі і выразнымі.

Калі цырымонія сустрэчы была закончана, калі пайшоў аркестр, які да гэтага іграў маршы, калі нейкі таўстун скруціў дываны, па якіх ішлі яны з Ояй да натоўпу, калі высокі і доўгі — худы-худы! — таля-маля пачаў падмятаць пасля мітынгу чыстую і так зямлю, замятаючы, як на пагранічнай паласе, нават сляды, да іх падышлі іхнія, яшчэ зэмаўскія канвойцы і сказалі — ці то загадалі, ці то папрасілі:

— Паехалі.

Радзім азірнуўся, але ніякай машыны паблізу не ўбачыў, таму і здзівіўся: а на чым жа яны збіраюцца ехаць?

І той жа момант пад ногі яму пляснуліся дзве невялікія хвалькі, якія адразу скаціліся ў жывыя, круглыя, рухавыя, нібы ртуць, кроплі-шарыкі, і не паспеў ён агледзецца, як убачыў, што імкліва кудысьці ляціць: кроплі круціліся пад ім так хутка, што аж чыркалі аб падэшвы і награвалі іх — нават праз абутак ён адчуваў, як горача робіцца нагам.

Побач на такіх жа кроплях-роліках імчалі Оя і ахоўцы. Зямля была роўная, голая, цвёрдая, нібы ўтрамбаваная, нідзе не расло аніводнага кусціка, а таму нішто не замінала іхняму руху.

Каля нейкага шклянога будынка, вельмі ж падобнага на колбу, яны спыніліся, шарыкі выкаціліся з-пад ног і невядома дзе зніклі. Ён ужо цупка стаяў на зямлі.

Толькі ў фае будынка заўважыў, што астаўся з адным канвойцам, — Оі і другога таля-малі побач не было.

Яго адразу ж абступілі людзі. Яны ўсміхаліся, паціскалі яму рукі, нешта гаварылі. Радзім нічога не разумеў, адно ў трывозе азіраўся вакол, нервова шукаючы, каб хто пераклаў тое, што гавораць, і гучна клікаў:

— Оя! Оя!

Бачыў, што таля-малі здзіўляюцца, што ім гэта не падабаецца, што яны не задаволеныя ім.

Яго запрашалі ў залу паседжанняў, але Радзім не ішоў — ён, маўляў, без перакладчыка нічога не разумее. Дамогся ўсё ж, каб сюды прывялі дзяўчыну, і толькі тады, узяўшыся за рукі, прыціснуўшыся шарам да шара, яны ўвайшлі ў залу паседжанняў.

Таля-малі ўсё яшчэ крычалі ім штосьці ўслед.

— Што яны крычаць? — спытаўся ён у Оі.

— Яны кажуць, што ты іхні сябра, іхні высокі госць. А я вораг, бо зэмка. Таму я павінна быць у іншым месцы.

— Дарэчы, а дзе ты была?

— Здаецца, у турме, — ледзь паспела адказаць яна, бо ўжо да іх падышлі таля-малі.

Радзіма папярэдзілі, што на сустрэчу з ім сабраўся ўвесь Важны Савет Талямаліі. Прыйшлі нават абодва кіраўнікі дзяржавы — і прэзідэнт і прэм'ер-міністр. Значыць, хлопца і сапраўды тут маюць за вельмі высокага госця і хутчэй за ўсё хочуць дамагчыся ад яго чагосьці дужа сур'ёзнага.

Зала была ярка асветлена. Над круглым сталом ужо боўталася шмат шкляных шароў — твараў не было відно, бо святло, адбіваючыся ад шкла, рабіла іх амаль непраніклівымі, нібы парожнімі. Ім паказалі на вольныя месцы, і Радзім, толькі сеўшы, пачаў аглядацца — шукаў, дзе ж знаходзяцца самыя галоўныя таля-малі. Але стол быў вельмі круглы, і знайсці за ім нейкі прэзідыум было немагчыма. Убачыўшы паважных, сур'ёзных, самавітых людзей, якія сядзелі злева ад яго, Радзім падумаў, што гэта і ёсць кіраўнікі дзяржавы, і чакаў, што гаварыць пачнуць адтуль. Але загаварылі якраз з другога боку. Павярнуўшыся на голас, ён не паверыў, што менавіта справа сядзяць правадыры, — там людзі былі не такія важныя ды і адзеннем яны асабліва не вылучаліся. Да таго ж яму здалося, што гэтых людзей ён ужо недзе бачыў. Пачаў успамінаць і ўспомніў, што сустракаў іх на аэрадроме: вось той, што зараз гаворыць, згортваў дыван, а той, што ўважліва яго слухае, падмятаў пыл пасля сустрэчы. Ён заёрзаў на месцы, пачаў недаверліва азірацца па баках: няўжо вось гэтыя звычайныя, прымітыўныя на выгляд людзі і ёсць самыя важныя асобы ў Талямаліі?

— Супакойся, о вялікі наш госць, — убачыўшы і адчуўшы Радзімаву разгубленасць, усміхнуўся таўстун, якога ён запомніў па дыване. — Усё правільна: я — прэзідэнт, а ён, — і паказаў на тонкага, худога чалавека, — прэм'ер-міністр.

— Прабачце, — нясмела загаварыў Радзім. — Але ж я вас бачыў на аэрадроме: вы дыван згортвалі, а прэм'ер-міністр пыл падмятаў.

— Усё правільна, наш вялікі хімік. У нас ніякая праца не лічыцца заганнай — ні для прэзідэнта, ні для прэм'ер-міністра.

Прэзідэнт задумаўся, крыху памаўчаў, а потым загаварыў зноў:

— А ў гэтым нам дапамаглі зэмы, — і таўстун сурова зірнуў на Ою; яна сцялася, затрымцела ўся і астатняе перакладала ўжо дрыжачым голасам. — Тады, калі яны знішчалі нас пад корань. Калі кожны з нас быў асуджаны на смерць. Мы павінны былі неяк выжываць, ратавацца. Таму светлыя нашы галовы, лепшыя нашы людзі, каб заблытаць, перамагчы зэмаў, рабіліся дворнікамі, лёкаямі, вадавозамі. Бо разумных, моцных зэмы знішчалі ў першую чаргу. Вучоных таксама.

Ён паварушыў галавою ў шары, шар захістаўся, і прэзідэнт стрымаў яго рукою.

— А ў чым мы былі вінаватыя? У тым, што любілі навуку больш за жыццё і аддавалі ёй усё, што маглі? Але ж, мусіць, так заўсёды бывае: нехта шчыра служыць навуцы, а нехта прысвойвае яго працу. Часцей за ўсё нячысцік стаіць побач з вучоным і чакае, калі той што-небудзь прыдумае. Тады крадзе адкрыццё і ўцякае, каб зрабіць атамную бомбу ці вось так знішчыць зямлю, як знішчылі нягоднікі Зэмаўшчыну і Талямалію, скарыстаўшы нашы веды.

— Даруйце, — звярнуўся ён да Важнага Савета, — разгаварыўся я сам, а мы сабраліся паслухаць вось гэтага хлапца з незнаёмай нам Беларусі. Дарэчы, а дзе нашы героі? Мы ж думалі ўручыць ім сёння ўзнагароды за подзвіг.

У залу запрасілі іхніх канвойцаў. Што гаварыў, віншуючы іх, вешаючы ім на шыі нейкі цяжкі ордэн на зялёнай істужцы, прэзідэнт, Оя яму не перакладала. Калі Радзім папрасіў аб гэтым, зэмка, спяшаючыся, пераказала — вы, маўляў, наша гордасць, вамі можа ганарыцца нацыя, гэта выкраданне веку. Выкрадальнікі дзякавалі ў адказ і былі вельмі шчаслівыя ад такой увагі і пахвалы.

Радзім ужо і сам здагадваўся, навошта яго выкрадалі, і таму не здзівіўся, калі прэзідэнт пачаў пра гэта гаворку:

— Ты ўжо, мусіць, зразумеў, хлопча, убачыў, як мы змагаемся са сваёю бядою, якую выгадавалі сваімі рукамі і сваімі галовамі. Калі яшчэ не паспеў — не хвалюйся: пажывеш з намі, прыгледзішся, разбярэшся. Многае нам ужо ўдалося. Узяць хоць бы тое, што вакол нас варожае жыццю асяроддзе, а мы жывём. Знайшлі новы сродак руху па мёртвай зямлі, хай пакуль што і доследны, у некалькіх экземплярах. Ты ж сам мог яго ацаніць — з аэрадрома цябе пракацілі якраз на гэтым кроплемабілі. Але мы лічым, што нашу зямлю выратуе толькі дрэва: яно дасць нам і паветра, і новае асяроддзе. Мы ведаем, што ты, хлопча, зрабіў зялёнаю ўсю Зэмаўшчыну. Яблыневыя сады там папаламалі ўсе шкляныя сцены і дахі і ўжо вырваліся ў пустыню. Пустыня пачынае зелянець! Таму мы шчыра просім цябе: падары і нам дрэва! Многае мы зрабілі, многае навучыліся аднаўляць, а вось сканструяваць дрэва не можам. Ведаем усе яго сакрэты, аднак нічога не атрымліваецца. І зараз уся наша надзея на цябе.

Цяпер задумаўся Радзім. Калі Оя скончыла перакладаць, ён апусціў нізка галаву і доўга маракаваў, як не пакрыўдзіць таля-маляў і ўсё ж сказаць ім, што падарыць дрэва ён не зможа.

Не, не таму, што наслухаўся ад зэмаў пра вялікую віну таля-маляў за ўсё, што здарылася з іхняй зямлёю, а толькі з тае прычыны, што ў яго няма ніводнага зернетка, якое можна б было пасадзіць у нежывую зямлю.

Калі Радзім растлумачыў усё гэта шаноўнаму Савету, адразу ж са сваіх месцаў падхапіліся толькі што ўзнагароджаныя канвойцы і стрымгалоў, стукаючыся шарамі, пабеглі хуценька ў дзверы. Неўзабаве яны вярнуліся назад. Радзім убачыў, што кожны з іх трымае ў руках па яблыку — чырвонаму, спеламу, сакаўному.

Члены Важнага Савета, якія былі засмуціліся ад яго слоў, адразу павесялелі і ўзрадавана запляскалі ў далоні.

Выкрадаючы Радзіма, канвойцы не ведалі, што красці трэба было не так яго, як менавіта вось гэтыя плады, цёмна-карычневыя семкі з якіх і гэтую краіну могуць зрабіць шчасліваю. А яблыкі, высветлілася, аказаліся ў іх выпадкова: як ехалі па вуліцы, яны нападалі з дрэў у машыну, потым, у пустыні, канвойцы забралі іх у талерку, якая прыляцела за імі.

Убачыўшы яблыкі, задаволена ўсміхаўся і ён сам — таля-малі яму спадабаліся, і Радзім ужо шчыра хацеў ім дапамагчы: а калі ёсць яблыкі, неўзабаве будзе і яблыневы сад!

Радзім узяў з рук аднаго канвойца спялейшы яблык, абцёр яго рукавом, адкусіў і пачаў са смакам есці сакаўную, прыемна-салодкую мякаць.

Усе прысутныя жахнуліся — толькі бедаваў, што няма яблыка, каб падарыць ім дрэва, а зараз, калі той з'явіўся, ён з'ядае яго, знішчаючы, як ім здавалася, апошнюю надзею азеляніць Талямалію. Тыя, што былі бліжэй, нават памкнуліся да хлопца — каб адабраць яблык.

Радзім адчуваў, бачыў гэты амаль жывёльны жах дэпутатаў, але не звяртаў на іх ніякай увагі — спакойна, не спяшаючыся даеў яблык, вытрас, выкалупаў на далонь спелыя семкі, выкінуў у сметніцу агрызак, узяў у руку і другі яблык.

— Я гатовы працаваць, — калі даеў і другі плод, сказаў ён. — Толькі пакажыце, калі ласка, дзе вам патрэбен сад.

Яму адказаў не прэзідэнт, а прэм'ер-міністр — калі той устаў у повен рост, яшчэ выразней стала бачна, які ён худы і доўгі.

— Добра, добра, — задумліва згадзіўся высокі.— Мы вас стрымліваць не будзем. Мы самі зацікаўлены, каб як найхутчэй зазелянела наша зямля. Ідзіце і працуйце. Поспехаў! Вам зараз пакажуць месца, ужо даўно адведзенае пад нацыянальны парк.

І не паспеў прэм'ер-міністр сесці, як у іх бок накіраваліся двое дужых хлопцаў. Радзім думаў, што яны ім пакажуць, куды ісці, але таля-малі наблізіліся да Оі, сталі з двух бакоў і рукамі, вачыма загадалі дзяўчыне ісці з імі.

— Куды вы яе берэце? — здзівіўся Радзім, і Оя пераклала ягонае пытанне.

— Як гэта — куды? — не паверылі сваім вушам канвойцы. — У турму!

— Тады і мяне забірайце разам з ёю, — рашуча сказаў ён, стаў поруч з дзяўчынай і выставіў наперад рукі — як для наручнікаў.

Дужыя хлопцы разгубіліся — зараз яны не ведалі, што рабіць. Радзім спакойна растлумачыў свае паводзіны, але не хлопцам, а самому прэзідэнту:

— Без яе я не змагу вам падарыць дрэва, — і дадаў: — Яна будзе мне памагаць.