103045.fb2 Падары нам дрэва - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 11

Падары нам дрэва - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 11

Прэзідэнт запытальна зірнуў на прэм'ер-міністра.

— Добра, добра, няхай памагае, — неяк адразу згадзіўся той, нават усміхнуўся, але тут жа пастражэў, спахмурнеў і папярэдзіў: — Але калі ў вас нешта не атрымаецца, калі вы не падорыце нашай краіне зялёны парк, мы будзем ведаць, што гэта хітрыкі зэмаў, і тады табе, хлопча, — лёгка перайшоў ён на «ты», — давядзецца адказваць за ўсё разам з ёю.

Ужо на вуліцы Оя ласкава прыхінулася сваім скафандрам да ягонага, з пяшчотаю прамовіла: «Дзякую!». І не сабрала зноў вусны, яны нейкі час заставаліся растуленымі,— як для пацалунку. Радзіму самому чамусьці вельмі захацелася дакрануцца да іх сваімі губамі, і ён, забыўшыся на скафандр, ірвануўся да яе — аж затрашчала шкло: яму нават здалося, што скафандр раструшчыўся і ўжо асыпаецца друзам пад ногі. Але той, хоць і трашчаў, быў пакуль цэлы. Тады ён нечакана і для сябе, і для Оі схапіў дзяўчыну за талію і пачаў гарнуць да сябе. І чым мацней прыціскаў яе, тым далей і далей былі іхнія галовы — шкляныя шары, здаецца, знарок і былі прыдуманы, каб не даць іхнім вуснам сустрэцца.

Ужо чацвёра ахоўнікаў — двое новых, Оіных, таксама далучыліся да ранейшых — ніякавата глядзелі на ўсё гэта: не ведалі, ці ратаваць дзяўчыну, ці наогул адвярнуцца, каб не замінаць іхняй радасці.

Яму і самому пасля было няёмка за гэтую сваю слабасць, але той момант Радзім не змог стрымаць сябе.

Зямля, адведзеная пад будучы нацыянальны сад, нічым не адрознівалася ад іншай — шэрая, камяністая, аплылая, як пасля пажару, нават не агароджаная: навошта адгароджваць адну няўдобіцу ад такой жа няўдобіцы побач.

Самі таля-малі жылі пад зямлёю. Там у іх былі кватэры, ярка асветленыя вуліцы, кафэ, кандыцыянеры, чыстае паветра. На зямлі яны нічога не будавалі. І выходзілі на паверхню рэдка — скажам, толькі вось у такія незвычайныя дні, калі з'ўляліся дужа важныя госці. Тады тыя, хто сустракаў іх, адзявалі скафандры і пакідалі на нейкі час свой падземны рай.

Пра гэта ім расказвалі ахоўцы, але саміх Радзіма і Ою таля-малі пад зямлю не пускалі. Мусіць, не давяралі, баяліся, што яны ўведаюць іхнія сакрэты і перададуць зэмам.

Паставілі пасярод задуманага сада шкляны шар — такі ж, як і іхнія скафандры, толькі вельмі вялікі, дзе яны і жылі разам з чатырма ахоўнікамі. Радзім разумеў, што такое жыллё само па сабе і ёсць ужо турма, але не зважаў на гэта — працаваў многа і шчыра. Памагала рабіць зямлю і Оя, а таксама ахоўцы — яны прыносілі аднекуль ваду, дзяўблі ламамі дол, пераціралі цвёрдыя глыбы ў руках.

Вельмі замінаў працаваць нейкі дужа моцны вецер. Спачатку ён дзьмуў у адзін бок, потым пераварочваўся і дзьмуў у другі. Затым зноў накірунак мяняўся. І так кожны дзень і кожную ноч.

— Што гэта за вецер? — спытаўся неяк Радзім у ахоўцаў.

Тыя сумеліся ці нават, як яму здалося, спалохаліся і, насцярожана азіраючыся па баках, шэптам, амаль у адзін голас адказалі:

— Гэта ж Цмок. Ён жыве ў Жалезным Хаосе і крадзе наша паветра. Высмоктвае ад нас чысцейшае, а выдыхае нам сваё, бруднае.

— Туды, — пачуўшы гаворку, далучыўся да яе і ранейшы канвойца — ён ужо быў смялейшы і не прыкрываў рот рукою, — на Жалезны Хаос, да Цмока ў госці ў нас высылаюць злачынцаў,— і, крыху памаўчаўшы, дадаў: — І адтуль ніхто ніколі не вяртаўся…

І цяпер ніхто не вяртаецца, — задумліва, нібы сам сабе, зазначыў адзін з новых ахоўнікаў.

Заняты клопатамі, Радзім не звярнуў на гэта асаблівай увагі — вецер яму замінаў, але не настолькі, каб перашкаджаць працы.

Напачатку яму здавалася, што і тут, як у Зэміі, усё будзе лёгка і проста. Не паспее ён укінуць у зямлю зярняты, як яна адразу ж пачне падымацца, варушыцца, той жа час пакажуцца парасткі, і неўзабаве яны выбухнуць, разрастуцца ў купчастыя дрэвы.

Ён нават, толькі што ўкінуўшы зярняты ў глебу, пільна прыглядаўся, каб не прапусціць таго моманту, калі яны возьмуцца прарастаць, але зямля не варушылася, і Радзім з нейкаю падсвядомаю вусцішнасцю зразумеў, што такога віравання зеляніны, як у Зэміі, тут не будзе.

Не з'явіліся ўсходы ні на другі, ні на трэці дзень. З неспакоем пазіраў штораніцы на зямлю ён сам, з трывогаю кідала вокам то на раллю, то на яго Оя, нават канвойцы і тыя не хавалі сваёй заклапочанасці: што ж будзе, як зярняты не прарастуць?!

Але зямля заставалася ўсё тая ж — шэрая, голая, пустая, і ніводная дзюбачка нават кволага, бледнага парастка так і не асвятліла яе.

Канечне, уся прычына ў самой зямлі. Яна ж тут так разбурана, знішчана, што чакаць ад яе нейкага ўраджаю недарэчна.

Радзім ужо бачыў, як, застаўшыся на паверхні, прымудраецца жыць у гэтых немагчымых умовах усё жывое. Магчыма, і ў жывёл тут ёсць свае падземныя паселішчы, але калі яны выходзяць з глыбінь зямлі, іхняя фантазія сягае нават далей за чалавечую.

Ён, да прыкладу, бачыў рыбіну, якая сама сабе рабіла ручай — выпускала перад сабою ваду, а праплыўшы, збірала яе, ды так акуратна, што на зямлі не заставалася ані кропелькі — вада нават не паспявала змачыць зямлю — і нанава пырскала яе наперад. Так і плыла.

Бачыў, як нейкая незнаёмая яму жывёліна, вельмі падобная на вавёрку, толькі маленькая, знаходзячыся ўсярэдзіне вялікага зялёнага круга, паволі круціла яго лапкамі, і той слаўся ёй пад ногі травяністым дыванком, на якім яна паслася, — пакуль жывёліна аб'ядала траву пад нагамі, зверху нарастала новая. Перпетуум-мобіле харчавання, вечны рухавік узнаўлення ежы, дый годзе!

Але ж гэта сведчыла: зеляніна можа тут расці, толькі трэба адшукаць, што менавіта ёй замінае.

Як добра, што ён высадзіў не ўсе зярняты, што астатнія пакінуў на другі заход. Не можа быць, каб семкі не прараслі! Ён зараз будзе садзіць па зярнятку і назіраць. Ён выратуе Талямалію! Ён падорыць ёй дрэва! Падорыць цэлы сад дрэў!

Але нечакана яго выклікалі на Важны Савет. Прэзідэнт краіны быў больш строгі, чым першы раз. І ўсе дэпутаты таксама. Прэм'ер-міністр чамусьці адсутнічаў. Аказваецца, яго ўжо знялі за тое, што вельмі горача падтрымліваў Радзіма і што лёгка згадзіўся аддаць яму ў памочніцы зэмку. Пра гэта ён напачатку яшчэ не ведаў, але ўбачыўшы, якія суровыя ўсе прысутныя, зразумеў, што паклікалі яго сюды не для прыемных размоў.

Не паспеў Радзім сесці, як над сталом прэзідыума неяк вельмі рашуча матлянуўся скафандр прэзідэнта.

— Ну, якія вашы поспехі? — строга спытаўся ён.

— Пакуль ніякія, — адказаў хлопец. — Але я… Прэзідэнт не даслухаў яго, перапыніў:

— Я ж вас папярэджваў: зэмы — хцівыя і каварныя людзі. І нават аднаго іхняга шпіёна дастаткова, каб загубіць любую справу.

— Не, зэмы тут не вінаватыя, — адказаў ён і зірнуў на Ою, якая хоць і сумеўшыся, але перакладала ўсё, што гаварыў прэзідэнт.

— А хто ж тады вінаваты?

— Відаць, зямля.

— А што, у зэмаў іншая зямля? А там жа, як мне перадалі толькі што, уся пустыня зарасла дрэвамі. Усё цвіце і зелянее.

— Я хачу, каб і тут было тое самае…

— Хацець мала. Трэба зрабіць. А я перакананы, што зэмы зрабіць гэта табе не дадуць. Вось яна не дасць, — і рэзка тыцнуў пальцам у бок Оі.

— Што вы гаворыце?! — абурыўся Радзім. — Яна мне якраз памагае. Ды зразумейце вы, што ні яна, ні іншыя зэмы не вінаватыя. І я не вінаваты. Зямля вінавата. Трэба ажыўляць зямлю, будаваць яе нанава…

— То мы ж якраз і мелі надзею на тваё дрэва, — раззлавана перапыніў яго прэзідэнт і адразу ж загаварыў да прысутных.

Гаварыў ён вельмі хутка, Оя не перакладала ні слова, і таму Радзім сядзеў, нічога не разумеючы. Здагадваўся толькі, што зараз вырашаецца ягоны лёс, бо ў гаворцы бралі ўдзел амаль усе парламентарыі. Яны спрачаліся, ажыўлена штосьці даказвалі адзін аднаму і прэзідэнту.

— Ведаеш, — нарэшце ціха загаварыла да яго Оя, — яны лічаць, што ты злачынца, што знарок не хочаш падараваць ім дрэва, гневаюцца і патрабуюць саслаць цябе на Жалезны Хаос. І там… — хацела яна яшчэ нешта дадаць, але прэзідэнт, пачуўшы шэпт, так грозна зыркнуў на яе з-за шкла скафандра, што дзяўчына на паўслове асеклася.

Парламентарыі ўсё яшчэ абмяркоўвалі ягоны лёс, а ён сядзеў, ужо абыякавы да ўсяго, што адбывалася навакол: на Жалезны Хаос, дык на Жалезны Хаос, абы толькі адразу — ці туды, ці сюды. Ён вельмі не любіў вось такой няпэўнасці — а хто яе, скажыце, любіць?! — і толькі жадаў, каб Важны Савет хутчэй скончыўся.

Час цягнуўся, чакаць стала невыносна. Нервовае напружанне было вялікае, а таму, відаць, яго агарнула нейкая несусветная дрымота, з'явілася вяласць, кудысьці далёка-далёка самі сабою адсунуліся гукі, яны ўжо нібы люлялі яго, і ён, сам таго не чакаючы, моцна заснуў.

Прачнуўся ад нейкіх незразумелых кухталёў — Оя таўхала пад бок — і доўга ніяк не мог уцяміць, дзе ён знаходзіцца і што ад яго хочуць. Лыпаў вачыма, няўцямна азіраўся па баках. Нарэшце зразумеў, што да яго гаворыць сам прэзідэнт.

— Мы ведаем, што ты вінаваты, — голас таўстуна, які яму раней здаваўся дабрадушным, цяпер быў скрыпучы, непрыветлівы і бязлітасны. — Але мы пакуль што не будзем цябе караць Жалезным Хаосам. Мы даём табе магчымасць выправіцца, апраўдаць сваю віну. Дазваляем яшчэ адзін месяц, — і запытальна паглядзеўшы на Радзіма, паўтарыў: — Роўна месяц ты можаш праводзіць свае эксперыменты. Калі не выгадуеш за гэты час дрэва, тады ўжо не толькі мы, Важны Савет, але і ўвесь народ Талямаліі будзе ведаць, што ты зэмаўскі шпіён і робіш усё нам на шкоду. Што ж, тады крыўдуй на самога сябе — Жалезны Хаос абавязкова запросіць цябе ў госці.

Ён змоўк. У мікрафоне прэзідэнта нешта трашчала і шыпела, і гэта раздражняла Радзіма. Потым усё сціхла, быццам нехта адключыў той мікрафон, і неўзабаве зноў пачуўся халодны і з'едлівы голас таўстуна:

— А тваю перакладчыцу, хітрую зэмку, мы б і сёння паслалі на Жалезны Хаос. Але ж у яе ёсць яшчэ тут праца — навучыць нашай мове. Бо калі зэмкі не будзе, мы з табою не зразумеем адзін аднаго. Так што дзесяць дзён на вывучэнне мовы, а тады — альбо ты будуеш нам дрэва, альбо зэмка дачакаецца цябе на Жалезным Хаосе.

Мова таля-маляў не цяжкая, яна — дыялект зэмаўскай, а таму дзесяці дзён ім хапіла. Апошнія заняткі былі шчымлівыя, засмучаныя, трывожныя — яны ведалі пра хуткае расстанне, і таму з кожным днём рабіліся ўсё больш сумнымі і больш ласкавымі адно да аднаго.

У канцы тэрміну яны ўжо амаль нічога не вучылі, а, моцна прыціснуўшыся скафандрамі, узяўшыся за рукі, моўчкі сядзелі побач і неяк асуджана глядзелі адно аднаму ў вочы. Оя часам падбадзёрвала яго, а заадно, мусіць, і сябе, усміхалася яму, але ён бачыў, колькі каштуе ёй гэтая ўсмешка — у вачах дзяўчыны стаялі слёзы.

Калі тэрмін вучобы скончыўся, у іхні шар прыйшлі таля-малі, зрабілі яму экзамен, пыталіся, правяралі і, зразумеўшы, што чужынец збольшага ведае мову, а астатняе, маўляў, давучыцца самастойна, у размовах, забралі з сабою Ою і зніклі. Радзім з ёю не паспеў нават развітацца. Хаця, шчыра кажучы, яны развітваліся ўсе гэтыя дзесяць тужліва-зажураных дзён і начэй.