103045.fb2 Падары нам дрэва - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 16

Падары нам дрэва - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 16

Яны, засумаваўшы адно па адным, гаварылі і не маглі нагаварыцца. А хутчэй за ўсё не змаўкалі, каб яшчэ і яшчэ раз пераканацца, што на Хаосе кожны з іх не самотны: тут ёсць каму гаварыць і ёсць каму слухаць!

— Пачакай, а сам ты дзе знаходзішся?

— Не ведаю, — шчыра прызнаўся Радзім і дадаў: — Там, дзе было асветлена. Ты ж бачыла?

— Бачыць то бачыла, але ж святло было ўсюды, — яна замоўкла, задумалася, а затым папрасіла: — Слухай, а паспрабуй яшчэ раз уключыць рубільнік. Каб я разабралася, дзе ты.

Ён і сам пра гэта думаў, яму і самому карцела зноў пацягнуць за тую магічную ручку, каб нанова ўбачыць, як раптам пачне падымацца ўвесь Жалезны Хаос. Але ж і стрымлівала яго нейкая боязь і асцярога: а што будзе, калі на гэты раз ён не здолее ці не паспее выключыць рубільнік? Таму Радзім пачаў як бы апраўдвацца, разважаць:

— Табе здаецца, што гэта лёгка — узяў і ўключыў. Ты ж зблізку не бачыла, што тут рабілася.

— Бачыла. Тут таксама паўставалі нейкія жалезныя монстры. Але ўсё роўна ўключы, давай яшчэ раз паглядзім, што будзе.

І Радзім адважыўся. Ён яшчэ болей асцярожна, як перад гэтым, палез па жалезным ломе да рубільніка. Дабраўся да яго з іншага боку і доўга мацаў па жалезе, пакуль нарэшце не натрапіў на ручку. Уключаць не спяшаўся — адчуваў, як ці то награецца ад яго далоні стылае жалеза, ці то наадварот яно само студзіць руку. Стаяў і чакаў. Ведаў, што зараз пачнецца, калі паверне рубільнік.

— Чаго ты не ўключаеш? — нецярпліва дапытвалася Оя.

Радзім паспрабаваў адпіхнуць ад сябе дзяржанне, але нічога не атрымалася. Ручка не краналася з месца, яна як усё роўна заржавела. Тады Радзім скочыў уніз і, як і перад гэтым, завіс на дзяржанні. Рубільнік павольна, з рыпеннем, паддаючыся яго вазе, пачаў апускацца. Цяпер ён ужо вельмі пільна сачыў за тым, што рабілася навокал.

Паступова напальваючыся, разгараліся ўсё ярчэй і ярчэй лямпачкі, святло іх неўзабаве стала вельмі яркае, яно ўжо перашкаджала яму глядзець, але Радзім, хоць і жмурачыся, з жахам назіраў, як навокал яго ўстае, са скрогатзм і бразганнем, жалеза. Цяпер ён ужо не сумняваўся, што гэта паднімаліся робаты, што Жалезны Хаос хутчэй за ўсё калісьці быў краінай робатаў, якая нейкім чынам загінула. Заржавелыя монстры ўставалі, азіраліся, варушыліся, спрабавалі нават ісці ў ягоны бок. Дзіўна, з усіх бакоў толькі туды, дзе вісеў ён. Яму было жудасна бачыць, што імі запоўнена ўся прастора, што яны ўжо нібыта вітаюцца адзін з адным, нешта паказваюць на яго рукамі, падобнымі на штэпселі, і ці то ўсміхаюцца, ці то злуюцца — адным словам, шчэраць зубы.

Здавалася, што робаты ажыўляюць адзін аднаго, падтрымліваюць, дапамагаюць падняцца. Падкручваюць адзін аднаму гайкі, умацоўваюць шарніры, мяняюць лямпачкі. Хтосьці вунь паўзе ўжо з працягнутай наперад рукою-штэпселем да разеткі, а хтосьці, пачапіўшы шнур на кій, таксама спяшаецца хутчэй знайсці сабе крыніцу сілкавання.

Захапіўшыся відовішчам, Радзім і не заўважыў, што ўжо стаіць на жалезнай панелі,— адкуль яна з'явілася, не памятае, — а да яго твару цягнецца нейкая жалезіна.

Гэтая страта пільнасці ледзь не каштавала яму жыцця. І ён застаўся жывы толькі таму, што ў апошнюю хвіліну зразумеў, што сам стаіць на плячы робата, які паспеў падняцца на ногі, а да яго шыі набліжаецца не нейкая там жалезіна, а самая звычайная рука робата з двума пальцамі — штэпсельнаю вілкаю.

Радзім спалохаўся і той жа момант адпусціў, адпіхнуў ад сябе ручку рубільніка — тая аж ляснула, становячыся на сваё месца.

Рука робата халодным пальцам чыркнула па хлопцавай шыі і заціхла. Сам робат здрыгануўся, нібы скідваючы чалавека з пляча, — Радзім і на самой справе не ўтрымаўся і паляцеў уніз. І ўжо упаўшы, у поўнай цемры, пачуў, як грымнуў вобзем і сам робат — на шчасце, у другі ад Радзіма бок, бо на хлопца паляцела, мусіць, падгрэбенае нагамі дробнае жалеззе.

Пасля яркай успышкі святла цемра цяпер здавалася яшчэ больш чорнаю. І цішыня пасля такога скрогату і бразгатання была як усё роўна несапраўдная. Цела, пабітае, а дзе-нідзе і садранае, саднела. Радзім абмацаў сябе, каб пераканацца, што ніякіх пераломаў няма, і тут жа схамянуўся: чаму маўчыць Оя?

У скафандры было ціха, калі не лічыць нейкага трэску, шуму, шоргату, што сведчыла — мікрафон уключаны. І ўсё ж ён правёў абедзвюма рукамі па скафандры, каб яшчэ раз пераканацца, што той цэлы, нідзе не трэснуў і не пабіўся, калі Радзім упаў на зямлю.

І раптам яму здалося, што ў скафандры хтосьці ўздыхнуў ці то нават застагнаў.

— Оя, гэта ты? — захваляваўся Радзім. — Дзе ты падзелася? І чаму маўчыш?

У скафандры было ціха, толькі ўсё гэтак жа назойліва патрэскваў уключаны мікрафон.

— Оя! Оя! — нібы прадчуваючы нешта, закрычаў Радзім і не помнячы сябе пачаў грукаць кулакамі па скафандры — так малоцяць на зямлі па тэлефонным апараце, калі той раптам сапсуецца.

Але Оя маўчала. Прайшоў нейкі час, пакуль нарэшце яна адгукнулася — яе голас быў слабы, далёкі і крыху безуважны — нібыта яна менавіта вось зараз вярталася ў прытомнасць.

— Што з табою? — дапытваўся Радзім.

— Я не магу ўстаць.

— Чаму, Оя?

— Таму што адзін з робатаў схапіў мяне за нагу…

— Дык робаты ж зноў памёрлі.

— Але ж гэты, перад тым як грымнуцца вобзем, паспеў сашчапіць на маёй назе свае халодныя металічныя рукі…

— І ты не можаш іх разняць?

— Не магу, Радзімачка.

— Што ж рабіць?

— Шукай мяне, — застагнала яна.

— А як я цябе знайду? — занепакоіўся хлопец. — Я ж не ведаю нават, у які бок ісці.

— І я не ведаю.

— Шкада, што ты адключыла Цмока. Я па шуму б здагадаўся, дзе ты. А можа, на якую хвіліну ўключы яго зноў.

— Не магу. Робат дужа цяжкі, і я не толькі не дапаўзу з ім да Цмока, але і проста павярнуцца, паварушыць нагою не маю магчымасці. Знайдзі мяне хутчэй… Мне холадна, страшна і балюча…

Радзім маўчаў, думаў.

— Слухай, — нарэшце ажывіўся ён. — А ты паляпай жалезам па жалезе. Я пачую і пайду на грукат.

— Пачакай крыху, — яна, мусіць, шукала якую жалязяку, а ён падрыхтаваўся ўважліва слухаць — наструніўся ўвесь, каб не прапусціць ніводнага гуку.

— Знайшла? Ужо ляпаеш? — праз нейкі час спытаўся ён.

— Ляпаю.

Але, як ён ні ўслухоўваўся, нічога не чуў: значыць, Оя была вельмі далёка ад яго.

— Не чую, але ты час ад часу ўсё роўна ляпай.

— Навошта?

— Можа, бліжэй буду — пачую.

Устаў, агледзеўся ў цемры, нібы выбіраючы, куды, у які бок падацца. Падумаў, а навошта выбіраць, калі сам не ведаеш, дзе знойдзеш тое, што шукаеш.

Намацаў нагою вольную ад жалеза зямлю і паволі пайшоў наперад. Выстаўляў рукі перад сабою, ногі сунуў вельмі асцярожна, баючыся ў што-небудзь ударыцца, аб што-небудзь выцяцца, што-небудзь зваліць на сябе. Ішоў і ўсё прыслухоўваўся — а раптам дзе грукае жалезам Оя?!

Ісці было цяжка, увесь час замінала нагрувашчанае жалезнае ламачча. Радзім ведаў, што гэта не ламачча, — помніў, як усё паднялося і ажыло, калі ён уключыў рубільнік. І зараз, абыходзячы жалеза, ён разумеў, што абыходзіць пераможаных, заціхлых робатаў — дзе нагу, дзе руку, дзе галаву, — і ад гэтай думкі рабілася вусцішна: а што, калі нехта з іх дапаўзе да рубільніка? Дзе тады і як схаваешся?

Ад гэтай думкі ды яшчэ ад таго, што не ведае, ці правільна, ці ў той бок ідзе, праймаў холад, пачынала калаціць і з'яўлялася жаданне вярнуцца назад. Але куды назад? Але навошта назад? Зноў у тую яму пад рубільнікам? І зноў сядзець і чакаць? Чаго чакаць? Колькі? Ды і Оя пакутуе… Трэба шукаць!