103045.fb2 Падары нам дрэва - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 19

Падары нам дрэва - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 19

— А дзе зэмка цяпер? — нечакана спытаўся робат.

— Недзе каля Вялікага Цмока, — адказаў Радзім.

— А, дык гэта яна задушыла нашага Цмока! — злосна закрычаў раптам робат і, мусіць, затупаў нагамі — жалеза загрымела яшчэ грамчэй. — Значыць, і яна перад намі вінаватая.

Потым задумаўся:

— Во таля-малі, відаць, радуюцца, — і тут жа спахапіўся: — Пачакай, пачакай… Дык яна ж зэмка, а радасць робіць для таля-маляў — сваіх ворагаў! Нешта я нічога не разумею…

Робат яшчэ памаўчаў, а тады зноў спытаўся:

— А ты куды ідзеш?

— Да яе.

— Дык ты ж не ў той бок кіруешся.

— А куды трэба?

— Якраз туды, адкуль ты прыйшоў. У бок Дурбудзіі трэба ісці.

— А што Дурбудзія там, дзе Вялікі Цмок?

— Ага. За Вялікім Цмокам яна. Там і катапульты стаяць.

— Катапульты? А што гэта такое?

— Дзівак ты. То ж як ваш аэрадром. Садзішся, націскаеш кнопку… І праз нейкі час ты ўжо ў Дурбудзіі. Там усе катапульты на Дурбудзію скіраваны, — і крыху падумаўшы, дадаў: — Толькі трэба ўмець прызямліцца, каб носа не разбіць.

— А да Вялікага Цмока адсюль далёка?

— Далёка. Як па-вашаму, дык трэба ісці тры дні і тры ночы.

— А па-вашаму? У вас жа дня няма — усё ноч.

— Па-нашаму проста: ідзі, пакуль не дойдзеш.

— А як арыентавацца ў цемры?

— Раней, калі быў жывы Цмок, мы арыентаваліся па ім. Па яго дыханні. А як ён памёр, не ведаю. Хаця… Слухай, а ты ўключы рубільнік, і я пакажу табе, куды трэба ісці.

— Не, — усміхнуўся Радзім, — гэтую радасць — растаптаць мяне — я не падару табе. Сам уключай.

Радзім хоць і адчуў, што работ здзекуецца з яго, пацяшаецца і задзіраецца, усё ж не злаваўся на навязанага небараку.

Намацаўшы ў кішэні зярняты, якія бярог для новых пасеваў у Талямаліі, ён узяў у пальцы тры семкі і сказаў:

— Я вось тут пакладу, каб ты мог дастаць, зярняты, з якіх, калі захочаш, выгадуеш дрэвы. Як уключыш рубільнік.

— Добра, дзякуй, палажы, — упэўнена адказаў робат, нібыта зусім не сумняваўся, што гэта напраўду здарыцца.

Радзім паклаў зярняты на жалеза і адышоўся. Чуў, як туды пагрукаў робат, як ён шукаў семкі. Шукаў нядоўга — мусіць, бачаць робаты і ў цемры лепей, чым людзі. Сабраў зярняты — чуваць было, як рыпелі шарніры, калі нагінаўся, — выпрастаўся і панёс іх да разеткі — туды, дзе ўжо ляжала назапашанае жалеза, якому і сам ён не ведаў, як даць рады.

— Няхай ляжаць, — сумна ўздыхнуў ён, і Радзіму міжволі стала шкода яго.

— Ну, я пайшоў,— прымірэнча сказаў хлопец. — А табе я шчыра жадаю дамагчыся свайго.

— Дзякую. А куды ты пойдзеш? Аставайся тут. Я, чуеш, буду служыць табе. Я прывык ужо да цябе.

— Не магу. Я павінен ісці да Вялікага Цмока.

— Чаму?

— Каб выбавіць з бяды дзяўчыну. А потым разам будзем шукаць, як выбрацца адсюль.

— Тады бывай! — згадзіўся робат. — Намеры твае зразумелыя. Але ці можаш ты, скажы, паабяцаць мне невялікую паслугу — уключыць Вялікага Цмока?

— Паслуга вялікая. Не, уключаць Цмока я не буду. І хоць робат не задаў яму свайго пытання: «Чаму?», якое, канечне, было ў яго, як кажуць, на языку, Радзім разумеў, што той чакае адказу, і патлумачыў:

— Таму, што я не хачу ўмешвацца ў вашы справы. Самі сварыліся, самі і мірыцеся.

І пайшоў. Адчуваў плячыма, што робат моўчкі, тужліва і дакорліва глядзіць яму ўслед.

Ішоў і доўга яшчэ чуў аднастайны бразгат жалеза — мусіць, робат, усё журачыся і смуткуючы, пэўна, заклаўшы рукі за спіну, сагнуўшыся, згорбіўшыся, хадзіў не спыняючыся па крузе.

Калі ж Радзім сам-насам застаўся з гэтай халоднаю цемраю, калі ўжо не стала чуваць бразгату жалеза, яму зрабілася страшнавата: вочы так і не прывыклі да цемры, а вушам, ужо звыклым да размовы, зараз не ставала звычайнага голасу.

Маўчала і Оя, а таму ісці яму ў такой глухой цемры і пракаветнай маўклівасці было ніякавата. Да таго ж у галаву ўбілася трывожная думка, што ён, мусіць, так і не знойдзе Оі, але за гэты час згубіць і дарогу да робата, з якім бы ўжо на ўсялякі выпадак было б яму тут крыху весялей, — усё ж не аднаму паміраць у гэтым холадзе і змроку.

Упэўненасці, што ён ідзе ў правільным кірунку, не было, бо ўвесь час даводзілася абыходзіць вялікія і малыя кучы жалеза, абмінаць наваленых абы-як робатаў, наступаючы ім то на рукі, то на ногі, то на галовы.

Аднаго разу Радзім хацеў спраміць дарогу, узлез, каб хутчэй і лепей перайсці на невялікую, як яму здавалася, кучку жалеза, а яно аказалася пачаткам вялікага груда, які, патрывожаны, пачаў абсоўвацца, развальвацца, раз'язджацца і ледзь не пахаваў яго пад сабою — добра, што хлопец своечасова паспеў адскочыць убок.

Гэты абвал нарабіў столькі грукату і звону, што яму аж заклала вушы, і тая цішыня, што наступіла пасля, здалася яшчэ больш зацятаю і невыноснаю.

Добра, што неўзабаве, нібы здагадаўшыся пра яго настрой, азвалася Оя:

— Чаму ты зноў маўчыш?

— Я ж табе казаў, што распытваў дарогу да цябе.

— І распытаў?

— Ага. Я ўжо, здаецца, побач з табою.

— А ў мяне, мусіць, пачаў псавацца мікрафон. Я націскала на розныя кнопкі і выпадкова напала на перагаворы таля-маляў. Ёсць радасныя для нас навіны.

— Нават так? — не паверыў ён сваім вушам.