103045.fb2 Падары нам дрэва - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 20

Падары нам дрэва - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 20

— Ага. Яны ўжо зрабілі цябе нацыянальным героем Талямаліі.

— Мяне? Паслаўшы на Хаос, на верную смерць? Праўду, мусіць, казаў мне толькі што робат: мы цябе спачатку пакараем, затопчам, а пасля помнік табе паставім.

— Не пацяшайся. Я кажу праўду. Пасля таго як нас вывезлі сюды, раптам зазелянелі ўсе твае дзялянкі. Папрарасталі ўсе зярняты, якія ты пасеяў. І так узяліся расці — мусіць, яшчэ шчырэй, чым у нас, у Зэміі…

— А ты ведаеш, што гэта твая заслуга? — крыху падумаўшы, спытаўся Радзім.

— Не ведаю, — адказала Оя. — Ды і ты нічога не выдумляй. Пры чым тут я?

— А пры тым, што ты задушыла Цмока. Ведаеш, чаму не прарасталі семкі? Цмок высмоктваў добрае паветра з Талямаліі, а туды напампоўваў аднекуль мёртвае, забруджанае, атручанае. Ці то вось з гэтага Жалезнага Хаосу, ці, можа, яшчэ адкуль. А як толькі Цмока не стала, зярнятам і парасткам знайшлося чым дыхаць. Вось яны і ўзяліся расці…

— Як бы яно ні было, аднак цябе, як героя, хочуць вярнуць у Талямалію. За табою паслалі ўжо транспарт. Спадзяюся, не той драндулет, на якім прывезлі нас сюды?

Радзім не адказаў на яе насмешку. Усміхнуўся сам:

— Добра, добра, няхай ляцяць. Я ім якраз пакажу сапраўдную гераіню.

— Цёмна ж — не ўбачаць…

— А мы на хвіліну рубільнік уключым.

— Паслухай… — нешта хацела яна сказаць яшчэ, але ў скафандры раптам затрашчала, зашумела, запікала, і Оін голас пачаў прападаць, а неўзабаве і зусім знік.

Радзім штосілы крычаў у свой мікрафон: «Оя! Оя!», але яна не адказвала, маўчала — значыць, яе перамоўнае прыстасаванне і напраўду сапсавалася.

Ён пачаў бязладна націскаць на ўсе кнопкі скафандра і нечакана натрапіў сам на нейкую размову — гэта, як зразумеў ён пасля, перагаворваліся тыя таля-малі, што ляцелі менавіта па іх.

«Хутка будзем над Хаосам. А дзе нам іх шукаць, ты не ведаеш?» — пытаўся адзін.

«Відаць7 там, дзе скінулі,— каля рубільніка», — адказваў яму другі.

«А ты думаеш, яны там будуць сядзець? Канечне ж, не. Тым больш што нехта з іх ужо дабраўся да Вялікага Цмока».

«Тады паляцім адразу да Цмока».

«Паляцім… Паляцім… А навошта было спяшацца везці іх на Жалезны Хаос, абвінавачваць у забойстве дрэў? Робім абы-што! То ворагі народа, то героі народа… Смешна! Усюды транспаранты, плакаты, лозунгі… «Хвала нашым героям!» А можа, тых герояў і ў жывых ужо няма. Глупства ўсё гэта!»

«Кінь балбатаць! Мы павінны вярнуць Талямаліі яе герояў».

Радзім раздражнёна выключыў кнопку, што была ля самага вуха. Папстрыкаў іншымі, шукаючы Оін голас, але яна маўчала, не абзывалася.

Пакрычаўшы яшчэ ў мікрафон, ён махнуў рукою і пайшоў шпарчэй — наколькі дазваляла нагрувашчанае жалеза.

Ішоў і думаў, што таля-малі, якія ляцяць па іх, ужо зусім блізка, яны будуць шукаць яго і Ою ці каля рубільніка, ці каля Цмока, і яму трэба спяшацца, каб паспець туды да іхняга прылёту.

І раптам пачуўся нейкі дзіўны гук — як усё роўна нехта ўздыхнуў, з асалодаю, на поўныя грудзі ўцягнуў паветра і, патрымаўшы яго ў роце, з шумам выдыхнуў назад. Праз нейкі час усё паўтарылася, і Радзім адразу ж, не вельмі задумваючыся, зразумеў, што гэта наноў ажыў і пачаў дыхаць на ўсю моц Вялікі Цмок.

Дыханне было вельмі выразнае, Цмок дыхаў ужо недзе зусім побач, і ён пайшоў на гэты шум.

Радзім ведаў, што Цмока, канечне ж, уключыла Оя, каб яму лягчэй было знайсці яе. Уяўляў, як узрадаваўся тут, на Хаосе, яго знаёмы робат і як засмуцілася ўся Талямалія, калі зразумела, што іх вораг зноў ажыў і крадзе, смокча, як і раней, іхняе паветра.

Цікава, а што гавораць пра гэта самі таля-малі?

Ён уключыў ужо знаёмую кнопку каля вуха і якраз натрапіў на перамовы тых, хто па яго ляцеў, з тымі, што засталіся на аэрадроме ў Талямаліі.

«Сітуацыя змянілася, — папярэджвалі з аэрадрома. — Яны ажывілі Вялікага Цмока. Парасткі гінуць».

«Значыць, яны зноў не героі, а нашы ворагі? — з'едліва ўдакладнялі з карабля, — відаць, той жа самы пілот, які перад гэтым здзекваўся са сваіх талямаляўскіх парадкаў.

«Усё можа быць».

«А нам што рабіць?»

«Ляцець. Выконваць заданне».

«Дык яны ж ворагі народа!»

«Ляціце і разбярыцеся на месцы. Калі што — вырашайце самі. А то яны, пакуль памруць сваёй смерцю на Хаосе, могуць яшчэ нам столькі клопатаў нарабіць».

Пачалі стукаць зубы — ці то ад страху, ці то ад холаду. Радзім выключыў кнопку і пайшоў хутчэй — трэба спяшацца, таля-малі ляцяць ужо недзе над Жалезным Хаосам.

І якое ж было яго здзіўленне, калі, ідучы на шум Цмока і нейкае бразгатанне жалеза, ён нарэшце ўбачыў — хутчэй здагадаўся, чым убачыў,— што Оя сядзіць на зямлі і клепіць, здаецца, па сваёй назе нейкаю жалезінаю.

— Оя, што ты робіш?

— Самавызваляюся, — мікрафон яе ўсё яшчэ не працаваў, але Радзім пачуў прыглушаны скафандрам голас дзяўчыны.

— А гэта не ты ўключыла Вялікага Цмока?

— Не. Ён сам уключыўся. Відаць, таму, што я вельмі хацела гэтага.

Радзіму зрабілася няёмка: замест таго, каб узрадавацца, што ўрэшце знайшоў дзяўчыну, ён адразу пачаў размову пра справы. Каб хоць трошкі павініцца, хоць і запознена, сказаў усё ж:

— Оя, я рады, што мы сустрэліся. А што гэта ты робіш?

— А хіба ты не бачыш? Нагу вызваляю.

Ён, канечне ж, у цемры нічога не бачыў, таму прамаўчаў.

— Разумееш, нейкі вельмі жывучы робат трапіўся. Я адну яго руку развінціла, — і Оя паклала Радзіму ў далонь халодныя і крыху макраватыя жалязякі — мусіць, пальцы робата. — А ён тады напружыўся і другою, неразабранаю рукою ўхапіў мяне зноў за нагу.

— Дык ён жа мёртвы, — хлопец высыпаў сабе пад ногі робатавы пальцы.

— Але ж бачыш, нейкім чынам змог назапасіць столькі энергіі.

— Ой, давай я табе хутчэй памагу, — спахапіўся Радзім, забраў з Оіных рук жалеза і пачаў абмацваць робатаву руку, шукаючы, як яе раскруціць.

І раптам Радзім у жаху адхапіў рукі — адчуў, як напружваецца жалеза. І той жа момант робат прыўзняўся ад зямлі і памкнуўся кінуцца да яго. Але тут жа абмяк, расслабіўся і заціх — відаць, гэта выходзілі апошнія астаткі акумуляванай энергіі.