103045.fb2 Падары нам дрэва - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 25

Падары нам дрэва - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 25

— Што вы робіце?! Вы ж на сябе плюеце!

— Дзе? — дурбуд пачаў аглядаць сваю сарочку, штаны.

— Ды вунь на плакаце!

— А, на плакаце… Там ужо не я. Я сёння іншы, чым той чалавек, які тады быў на дэманстрацыі. Таму я магу на яго смела пляваць.

— А чаму іншы?

— Таму, што думаю па-іншаму. Асуджаю тое, што раней абараняў.

Радзім разгубіўся: хіба можа быць такое?!

— Ну, добра, — згадзіўся нарэшце ён, — плюй сабе. Але ж калі ты плюеш сам на сябе, дык хоць морду сабе выцірай. Зірні, якая яна ў цябе запляваная.

Дурбуд дурнавата раскрыў рот, наморшчыў лоб, задумаўся.

Радзім узяў за руку Ою і павёў яе па алеі — у той бок, куды кіўнуў галавою малады чалавек, калі гаварыў пра нейкае дзіва. Цікава, што ж там ён раіў ім паглядзець?

Ужо адышоўшыся крыху, азірнуўся — дурбуд рабіў зараз тое, што Радзім яму і параіў: паплюе-паплюе на здымак, а тады сам выціраецца, паплюе яшчэ і зноў па твары лапаю водзіць…

Суседнюю алею яны знайшлі вельмі лёгка — балазе яна была ўсяго толькі праз дарогу і быццам бы прадаўжала гэтую.

У цэнтры алеі, там, дзе звычайна робяць клумбы, нейкія людзі капалі нейкую яму — Радзіму напачатку нават і здалося, што яны якраз парадкуюць кветнік. Але падышоўшы бліжэй, убачыў, што гэта менавіта яма, — яна была ўжо глыбокая, землякопы стаялі ў ёй па грудзі, аднак пакуль не спынялі працы, капалі глыбей.

Каля ямы вуркатаў ужо грузавічок з нявыключаным маторам, ён пыхкаў, час ад часу ўздрыгваў і густа дыміў. І ўсё ж праз гэты дым і чад, праз невыносны пах бензіну яго нюх распазнаў нейкі вельмі знаёмы, вельмі духмяны і жаданы водар. Не, ён не памыліўся: пахла менавіта хлебам! І дзіўна, упершыню за ўвесь час яму захацелася есці. Да гэтага пра яду ён нават і не думаў: ці то падсілкоўваўся касмічнай энергіяй, ці то нейкі рэжым харчавання існаваў ужо ў самім скафандры, — а вось як толькі апынуўся амаль у зямных умовах і адчуў пах свежага хлеба, адразу ж захацелася есці.

Тым часам землякопы ўжо скончылі капаць яму — відаць, дасягнулі патрэбнай глыбіні,— вылезлі і, нават не атросшыся ад зямлі, пайшлі да машыны. Расчынілі дзверцы ў кузаве-будцы — адтуль яшчэ болей запахла хлебам, — выцягнулі скрынкі з караваямі і панеслі да ямы.

— Куды вы іх нясеце? — выскачыў ім на перахоп Радзім.

— У яму. Засыпаць будзем.

— Навошта?

— Таму што ўсе магазіны затавараны хлебам. Яго ніхто ўжо не бярэ.

— Што, усе сытыя, усе панаядаліся?

— Не, і галодных многа, але яны не могуць купіць.

— Чаму?

— «Чаму, чаму»… Таму што купіла няма. А хлеб у нас вельмі дарагі.

— Дык раздайце яго тым, хто галодны. А не закопвайце ў зямлю.

Дурбуды разрагаталіся. Яны смяяліся шчыра і доўга. І ніяк не маглі спыніцца.

— Ой, не магу! «Аддайце галодным»… Ой, трымайце мяне, а то я ўпаду. І адкуль ён толькі з'явіўся такі? Ой, не магу! Колькі ні закопвалі, ніхто не пярэчыў… А гэты знайшоўся… Адчапіся!

Радзім убачыў, што з дурбудамі гаварыць марна, — яны ніколі не зразумеюць яго. Таму ён схапіўся за скрынку, якую трымаў перад сабою бліжэйшы дурбуд, і пацягнуў да сябе. Тутэйшы трымаў скрынку моцна і ўчэпіста, а таму адабраць яе адразу не ўдалося. Пачалася валтузня. І гэта на самым краі ямы.

Радзім і сам не паспеў апамятацца, як пад ім абсунулася зямля і ён апынуўся на дне ямы, а зверху на яго пасыпаліся караваі хлеба. Хлопец угнуўся, але хлеб усё роўна балюча біў яго па спіне і па галаве. Адну буханку ён злавіў абедзвюмя рукамі — яна была яшчэ цёплая — не даў ёй выкачацца ў зямлю на дне ямы, і з ёю палез наверх па лесвіцы, якую не паспелі прыбраць далакопы. Оя падала яму руку, і з яе дапамогаю Радзім вылез на паверхню.

Каля ямы ўжо стаялі дурбуды — яны паспелі вярнуцца сюды з новымі скрынкамі хлеба.

— Пакладзі на месца, — тонам, які не дазваляе пярэчанняў, загадалі яму далакопы, вачыма паказваючы на каравай.

— Куды — на месца? — разгублена спытаўся Радзім.

— У яму!

— Дык гэта ж хлеб! Месца яго не там, а на стале.

— У яму! — яшчэ больш настойліва загадалі дурбуды. Ён пакруціў у руках каравай, хацеў адкусіць, але перадумаў, не стаў болей спрачацца з дурнямі — што ты ім дакажаш, усё роўна спіхнуць у яму разам з хлебам, — кінуў хлеб туды, куды загадалі. І толькі калі пачуў, як глуха, нібы аб вечка труны, грукнуўся бохан аб цвёрдую зямлю, яшчэ больш яскрава зразумеў, якое кашчунства робіцца.

— Ідыёты! — у злосці крыкнуў ён. — Вялікія ідыёты! І здзівіўся, што дурбуды, замест таго каб пакрыўдзіцца за абразу, наадварот вельмі ўзрадаваліся — калі ён, узяўшы за руку Ою, уходзіў адсюль, яны праводзілі яго ласкавымі позіркамі: былі шчаслівыя, што незнаёмы назваў іх ідыётамі.

— Ты хоць што-небудзь разумееш у гэтай Дурбудзіі? — спыталася Оя і чамусьці вызваліла сваю руку з ягонай.

— Пакуль не, — шчыра прызнаўся Радзім.

— І я таксама, — задумалася дзяўчына. — Мне падалося, што яны самі сабе страшныя ворагі, самі сябе ненавідзяць.

Яму ж здавалася, што нехта, злы і каварны, запраграмаваў іх, закадзіраваў, і яны цяпер насуперак сабе робяць бог ведае што — знішчаюць самі сябе.

Голад ужо даймаў яго.

— Оя, а ты есці не хочаш?

— Неа, — ягоным словам адказала яна.

— А я хачу. Разумееш, як пачуў пах хлеба, так і захацеў есці.

— Дык з'еш што-небудзь.

— Што і дзе?

— Не ведаю. А, зірні, во чарга нейкая. Можа, у сталоўку? У вас жа на зямлі ўсюды такія чэргі. Давай пастаім.

— Давай, — згадзіўся ён: калі і не паесць, то хоць даведаецца, па што ў Дурбудзіі бываюць чэргі.

Яны сталі ў самы канец чаргі: Оя наперадзе, ён за ёю. Чарга рухалася вельмі марудна, людзі стаялі моўчкі, засяроджана дыхалі адно аднаму ў патыліцу — і праўда як і ў нас на зямлі.

Дурбуды, мусіць, думалі кожны пра сваё, марудна, абыякава перастаўлялі ногі, поўнасцю аддаўшыся гэтаму бяздумнаму руху — здаецца, апрача яго, нічога на свеце для іх не існавала.

— Па што стаім? — спытаўся Радзім у чалавека, які сапеў перад Ояй, але той не толькі не адказаў яму нічога, а нават і не павярнуўся на яго голас.