103045.fb2
І потым пашкадаваў, што не зрабіў так, як думаў.
Хоць і марудна, але ўсё ж чарга рухалася. Неўпрыкмет яны разам з ёю мінулі вуліцу і ўзышлі на нейкі невысокі ганак пад стрэшкаю, затым уцягнуліся ў дзверы, прасунуліся, як і ўсе, па цёмным, зусім неасветленым калідоры, выйшлі ў нейкую вельмі асветленую залу, якая ўся была завешана пурпурнымі шаўкамі, прайшлі па ёй, увапхнуліся ў новыя, ужо бакавыя, дзверы, дзе было яшчэ больш цёмна, чым у папярэднім калідоры, — ці то так здавалася таму, што вочы ўжо звыкліся са святлом, ці то тут і напраўду не хапала асвятлення.
Гэты калідор быў яшчэ даўжэйшы за першы, і Радзім, трымаючы ў цемры Ою за талію, нібы баючыся, каб яе ніхто не схапіў, думаў, што не трэба было ім сюды, у чаргу, станавіцца, бо зараз ужо, як яму здавалася, выйсці адсюль немагчыма — адчуваў, што за імі таксама моўчкі і таксама задумліва тупае шмат людзей.
Калі ўбачыў, як далёка наперадзе замігцела святло, узрадаваўся, што, нарэшце, скончыцца гэтая ідыёцкая чарга, але дайшоўшы да віднаты, да дзвярэй, якія адчыняліся і зачыняліся за кожным чалавекам, выйшаўшы з іх, убачыў новую чаргу, у якую трэба было адразу ж станавіцца ад самага парога, бо выйсці адсюль можна толькі з чаргою.
Зноў усе стаялі ў патыліцу адно аднаму, зноў саплі, натужна дыхалі тыя, што тупалі за ім.
Праход зрабіўся яшчэ вузейшы: з двух бакоў ён быў абгароджаны цаглянаю сцяною, абвітаю хмелем, і цяпер, каб ужо і моцна захацеў, ніхто б не змог пакінуць гэтую ўтомную чаргу маўклівых людзей.
Неўзабаве праход яшчэ пацяснеў. Чарга ўцягнулася ў вузкую і нізкую, як нара, шчыліну, ісці па якой было дужа нязручна — рукі і плечы чапляліся за кепска, наспех абчасаныя каменныя сцены, а зверху навісалі над самаю галавою — часам даводзілася нагінацца — бясформенныя глыбы.
У тунелі зрабілася зусім цёмна. Толькі чуваць было, як шаркаюць па камяністай сцежцы ногі і зацята дыхаюць людзі — тыя, што ідуць за імі, і тыя, што ідуць паперадзе іх. Скляпенне рэзаніравала гукі, і таму здавалася, што ідзе людзей яшчэ болей, чым было іх на самой справе.
Хоць з бакоў нізка, каля самых ног, цьмяна люстранілі запыленыя светачы, ледзь пазначаючы сцежку, святлей ад гэтага ў шчыліне не рабілася — густы змрок, цесната і пыл, узняты столькімі нагамі, перахоплівалі дыханне, і ён ужо адчуваў, што трэба прыкладаць намаганне, каб проста і нязмушана дыхаць.
У тунелі раптам зрабілася зусім цёмна: ці то лямпачкі наўзбоч сцежкі перагарэлі, ці то іх тут па задуме і не павінна было быць.
Чарга ішла зараз ужо зусім павольна, бо людзі, каб не спатыкнуцца, уважліва абмацвалі нагамі зямлю.
— Ой, не магу! — нібы не сваім голасам закрычала раптам Оя, і ён адчуў, як закалацілася, задрыжэла пад ягонымі далонямі яе худзенькае, напятае цельца. — Не магу-у-у! — роспачна рыдала дзяўчына, і гэты яе крык запаўняў нару і, адбіўшыся ад сцен і ад столі, вяртаўся да іх яшчэ памацнелым.
Радзім абняў яе крапчэй і з усяе сілы прыгарнуў да сябе.
— Оя, табе страшна? Не бойся…
— Мне не страшна, — усхліпвала яна. — Я не магу выносіць гэтую пачвару…
— Якую пачвару?
— Чаргу-у-у! — завыла яна.
Чарга ж, як і да гэтага, засяроджана абмацвала нагамі выбоістую сцежку і паволі рухалася наперад. Ніхто не звярнуў увагі на гэты крык адчаю — быццам людзі ўвогуле не пачулі яго, хоць не пачуць рыданні Оі было немагчыма.
Ён ласкава гладзіў яе рукамі і адчуваў, як пад яго далонямі дзяўчына пакрысе супакойваецца, перастае плакаць і ўсхліпвае толькі па інерцыі.
— Не магу, — ужо спакайней паўтарыла яна, а потым неяк зусім нечакана, рэзка павярнулася да Радзіма тварам, абняла яго, і, мусіць, падняўшыся на пальчыкі, пацалавала хлопца ў самыя вусны.
Затым яшчэ мацней прыгарнулася да Радзіма, паклала яму галаву на грудзі, і хлопец адчуў, як паволі намакае сарочка: Оя ўсё яшчэ плакала.
І вось тут яму здалося, што нехта з'явіўся між імі, што хтосьці распіхвае іх убакі, не даючы дакранацца адно да аднаго. Ён здагадваўся, хто гэта можа быць, але неяк не верылася, што ў такую нару, пад такія скляпенні можна так лёгка трапіць. І ўсё ж яму здавалася, што і ў цемры ён бачыць перад сабою белае воблака…
Але гэта было не воблака. Гэта было святло. І ён, шчыра ўзрадаваўшыся, што ёсць моцы закрычаў:
— Нара канчаецца! Там — святло!
Дзяўчына хуценька павярнулася — дасюль яна ішла пяткамі наперад, — і яны паспрабавалі абагнаць тых, хто ішоў перад імі. Але абагнаць чаргу было немагчыма. Пярэднія ішлі, як і да гэтага, спакойна і павольна, а праціснуцца, пратачыцца паміж імі і сценкамі тунеля не ўдавалася з-за цеснаты: ён быў разлічаны толькі на аднаго чалавека.
Прыйшлося змірыцца з чаргою, з яе рухам і рытмам — людзі, не зважаючы на тое, што наперадзе з'явілася святло, ішлі да яго звычайнаю і абыякаваю хадою. І толькі ўжо зусім перад выхадам Радзім і Оя не вытрымалі і пачалі падпіхваць пярэдніх у спіны, змушаючы іх хутчэй ступаць, натыкацца на тых, хто быў перад імі. Яны, унёсшы сумбур у чаргу, усё ж выбеглі нарэшце з тунеля і аж зажмурыліся ад светлаты. Калі вочы прывыклі да святла, убачылі, што стаяць на нейкім шырокім пляцы, па якім паўзе чарга, а вакол пляца расце, цвіце, буяе столькі кветак, і ўсе яны такія прыгожыя і незямныя, што вочы аж разбягаюцца ад гэтай казкі. Радзіму нават здалося, што яны напраўду трапілі ў рай. Праўда, кветкі з усіх бакоў і нават зверху былі абгароджаны частаю сеткаю — як птушкі ці жывёлы ў вальерах — і гэта крыху псавала настрой і радасць ад такой неспадзяванкі: навошта турмаваць краскі — яны ж не вылецяць адсюль і без сеткі…
Тут чарга разыходзілася, людзі зноў жа спакойна і павольна набліжаліся да сеткі і гэтак жа раўнадушна, здаецца, нават абыякава разглядалі дзівосныя кветкі — лапушыстыя, яркія, шматкалёрныя, яны цвілі каля самай агароджы, а некаторыя нават вылазілі праз яе, — і потым гэтак жа задумліва кіраваліся да шырока расчыненых варот, — як яму здавалася, на волю.
Радзім хацеў адразу пайсці да дзвярэй, каб нарэшце вырвацца адсюль — нават Оя цягнула за руку да выхада, — але ўсё ж нешта стрымлівала яго і змушала пачакаць.
Ён хадзіў каля агароджы, любаваўся кветкамі, нагінаўся і нюхаў тыя, што шыкоўна цвілі на гэтым баку — відаць, праз сетку яны пралезлі пупышкамі,— і не спяшаўся ўходзіць. Разумеў, што пабачыць увесь кветнік можна, мусіць, толькі з гэтага пляца, які, пэўна, знаходзіцца якраз пасярэдзіне сада.
Прайшоўшы колькі разоў каля агароджы, пашыбаваў да варот — туды, куды ішлі ўсе. Ужо збіраўся ўздыхнуць на ўсе грудзі, але раптам, выйшаўшы за вароты, убачыў новую загародку, якая, усё звужаючыся, вяла людзей да яшчэ адной чаргі. Там ужо зноў шчыльна станавіліся адзін за адным людзі і, дыхаючы ў чужыя патыліцы, пачыналі новы, унармаваны рух.
Радзім яшчэ раз азірнуўся па баках і, убачыўшы, што ніякага іншага выйсця няма, пацягнуў Ою ў той бок, дзе ўжо нараджалася чарга.
— Не магу! — зноў застагнала Оя і пачала ўпірацца, зразумеўшы, што Радзім зноў вядзе яе ў людскі гурт.
— Трэба, Оя. Трэба, — ён адною рукою моцна трымаў дзявочую далоньку, а другою гладзіў па яе запясцю.
Радзім разумеў адно: чым раней станеш у чаргу, тым раней пройдзеш наканаванае.
Цяпер ён ужо не сумняваўся, што гэтую чаргу нехта пабудаваў знарок. Яго здзіўлялі вялікая дасведчанасць і розум таго дойліда, які ўсё гэта прыдумаў. Бачыш, як разумна і дакладна выстраіў: вось чарга на вуліцы, яшчэ ніхто нічога не ведае, але ўжо становіцца — цікава; потым гэтая пурпурна-ўрачыстая зала; затым цагляная сцяна, абвітая хмелем, як своеасаблівае спадзяванне, намёк на неўзабыўныя кветкі; пасля жудасная, цёмная і цесная нара, дзе нічога не відаць, дзе нават яму хацелася крыкнуць: «Не магу!»; а тады — такі неспадзяваны рай, што проста слепіць вочы сваёй казачнасцю, радасцю, шаленствам колераў…
Ён толькі не ведаў, каму і навошта спатрэбілася гэтая чарга, куды яна вядзе, чым канчаецца і што азначае.
Задумаўшыся, Радзім і не заўважыў, як чарга ўцягнулася ў даўгі-даўгі і, здаецца, бясконцы калідор, паабапал якога з двух бакоў былі дзверы. Яны не адчыняліся, мусіць, былі замкнёныя на ключ, і таму здавалася, што ніхто ў свеце не ведаў, што за імі знаходзіцца.
На дзвярах — нейкія шыльдачкі, нумары, нечыя прозвішчы. Але тыя, што ішлі паперадзе, глядзелі сабе пад ногі, нічога не чыталі, і толькі яны з Ояю старанна круцілі па баках галовамі, рупячыся ўсё прачытаць і ва ўсім разабрацца. Ою гэта, здаецца, вельмі зацікавіла — заняўшыся, яна ўжо не стагнала і не гаварыла: «Ой, не магу»…
І раптам, калі яны праходзілі каля чарговых, просценькіх, як і ўсе, дзвярэй, тыя нечакана самі сабою адчыніліся, з іх высунулася нечая рука, схапіла Ою за сукенку і ўцягнула ў прачыненую шчыліну. І не паспеў ён нават спалохацца і падумаць, як ратаваць дзяўчыну, тая ж рука, высунуўшыся зноў, згрэбла за рукаў Радзіма і з сілаю павалакла і яго.
Думалася, што там нейкае памяшканне.
Але памяшкання ніякага не было — сцены стаялі плоскія, як дэкарацыі, і за дзвярыма нічога яны не ўбачылі: проста апынуліся на вуліцы.
Спакойна, па адным, а то і купкамі, хадзілі людзі, ціхамірна шумелі дрэвы, на газонах зелянела, хоць і дрэнна, але ўсё ж падстрыжаная трава, а сцяна з дзвярыма, за якою зацята рухалася невідомая цяпер чарга, адсюль выглядала нават прывабнаю. Яна была як упрыгожанне якое, як самабытная дэкаратыўная застаўка, увітая сям-там хмелем, а то і ўпрыгожаная кветкамі, што раслі ў прымацаваных да перагародкі гаршчэчках.
— Вы? — здзівіўся Радзім, убачыўшы перад сабою таго самага іранічнага чалавека, які спрабаваў ім нешта растлумачыць яшчэ тады, як іх віталі дурбуды на месцы прызямлення. — А што вы тут робіце?
— Вас ратую.
— А як вы здагадаліся, што мы тут?
— Не здагадаўся, а згледзеў вас, — адказаў дурбуд. — Быў у ружарыі, бачу, нейкія дзівакі кветкі не з таго боку нюхаюць. Канечне ж, нетутэйшыя! Нават падміргнуў вам, але вы не звярнулі ўвагі. Мусіць, не прыкмецілі,— дурбуд крыху памаўчаў, падумаў.— А як вы апынуліся ў гэтай чарзе? — праз нейкі час спытаўся ён.
— Захацелася даведацца, за чым у Дурбудзіі стаяць чэргі,— адказала Оя.
А Радзім дадаў:
— І яшчэ нам здалося, што гэта чарга ў сталоўку. А мы ж галодныя.