103045.fb2 Падары нам дрэва - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

Падары нам дрэва - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

Крыху памаўчаўшы, Оя гаварыла далей:

— Спачатку яны загубілі нашы палі — сыпалі на іх шкодныя хімічныя ўгнаенні, труцілі ядахімікатамі і іншай нечысцю. Затым загінулі рэкі — уся ж гэта брыда сцякала ў рэкі і азёры і труціла і іх саміх, і ўсё, што было ў іх. Пасля знішчылі траву, лясы, падчыстую ўсе дрэвы — яны не перанеслі кіслотных дажджоў. І вось зніклі ўсе птушкі — птушка ж жыве альбо на зямлі, альбо на дрэве. А ў нас і тое і другое было ўжо заражонае — і дрэва, і нівы на той час зрабіліся міжвольнымі забойцамі. І вось прыйшла чарга чалавека — як яму выжыць, калі ўсё вакол яго заражонае, калі нават тое, што на полі і на лузе — нельга есці: адна хімія!

Яна заплакала. Зноў замоўк стары. Уважліва паглядзеў у іх бок, але ўбачыўшы, што яе ніхто не крыўдзіць, што плача яна сама па сабе, пацягнуўся рукою да конаўкі.

— Оя! — усклікнуў узрушаны Радзім. — Ты ж не пра сябе расказваеш, а пра нас! Вось гэткая бесталач цяпер робіцца ў нас. Паліваюць ядахімікатамі жывога чалавека.

— І вы маўчыцё? — спыталася дзяўчына. Ён зірнуў у яе вочы: у іх стаялі слёзы.

— Не маўчым. Пішчым! Але толку з гэтага… Колер Оіных валасоў увачавідкі мяняўся — з зялёных яны рабіліся зноў чырвонымі-чырвонымі…

— А ў нас, калі пачалі паміраць людзі, успыхнула паўстанне супраць хімікаў.

— А пры чым тут хімікі? Гэта ж палітыкі вінаватыя. То ж яны заўсёды скарыстоўваюць тое, што робяць вучоныя. Да прыкладу, адкрыцці. Адкрыў нешта разумны чалавек, глядзіць, а каля яго працы ўжо чорт завіхаецца — загадвае яму, што далей рабіць. Хоць сама навука і ад бога, але да яе часцей за ўсё чэрці падсуседжваюцца.

Яна слухала Радзіма ўважліва, не перапыняла і пачала гаварыць далей толькі тады, калі ён скончыў.

— Паўстанне было жорсткім — адступаць людзям не было куды: і там смерць, і там смерць. Шмат людзей загінула. Некаторыя хімікі былі забітыя падчас паўстання, некаторых паслалі на гільяціну пасля яго, шмат хто ўцёк у іншыя краі. І вось так у Зэміі на асталося ніводнага хіміка. Гэтая прафесія, нават адно гэтае слова стала ў нас страшным — яго з тых часоў усе баяліся вымаўляць.

— І таму ўсе так спалохаліся, калі я па недасведчанасці сваёй вымавіў яго? — усміхнуўся Радзім. — Нават ты збегла з экрана. І ты баялася?

— Канечне, у нас жа гэтым словам палохаюць дзяцей. Як у вас чортам. Таля-маля — перакладаецца, як «хімік-сатана» ці яшчэ: «нячыстая сіла». Вось таму і рукі твае зашчапілі рубінаваю ружаю. Гэта ў нас лічыцца самаю вялікаю абразаю. Бо кайданы Рубінавая Ружа адзяваюцца толькі на самых небяспечных злачынцаў.

— Ого, дык я — злачынца, самы люты ваш вораг? Мяне могуць расстраляць?

— Не смейся — усё можа быць.

— І ты прыйшла да мяне, такога страшнага злачынцы, у турму. Чаму?

— Таму што ведаю: ты ніякі не злачынца. Злачынцам зрабіла цябе я. Магла і прамаўчаць, не сказаць уголас, якая кніга ў цябе за поясам. А я — таля-маля, таля-маля!..

Оя адхінула з вачэй пасму валасоў — яны ўжо былі зараз блакітныя.

— А што цяпер са мною будзе?

— Не ведаю. Ведаю толькі, што я сама буду памагаць табе. Я ж адна разумею тваю мову…

- І няўжо ў вас ва ўсёй краіне не засталося ніводнага хіміка?

— Здаецца, не засталося. Хаця вось жа дзед Жыў, твой наглядчык. Цяпер ён ветэран таго паўстання і ўдзельнік руху супраць хімікаў. Хоць сам быў напачатку такі ўжо заўзяты хімік! А потым убачыў, куды яго вядуць хцівыя прайдзісветы, і пайшоў супраць іх. Толькі ён, мусіць, і застаўся з удзельнікаў таго змагання. А зараз мы ў яго самога спытаемся…

І яна крыкнула нешта дзеду, загаварыла да яго пасвойму. Дзед Жыў падняўся з табурэткі — у яго пакоі, дарэчы, таксама ўсё было шкляное, — падышоў да дзвярэй і, гледзячы на Радзіма, пачаў нешта тлумачыць.

— Дзед кажа, што ён і праўда апошні з паўстанцаў, што хваробы і старыя раны даканалі ягоных баявых сяброў. І яшчэ ён гаворыць, што кожны дзень расказвае табе, як яны ваявалі, як перамаглі. Шкада, што ты не ведаеш нашай мовы. А то табе б дома, у тваёй краіне, многае з таго, што расказвае дзед Жыў, магло б спатрэбіцца.

— Памажы мне вывучыць вашу мову…

— Добра. Але пасля таго, як ты вывучыш сваю.

— Ведаеш, — нібы не пачуўшы яе, разважаў далей Радзім, — мне цікава не толькі, як яны паўсталі, але і тое, як людзі, даведзеныя да адчаю, змаглі пабудаваць вось гэтую шкляную дзяржаву. Там жа, за ёю, за шклом, пустэльня, смерць…

Раптам дзед Жыў неспадзявана ўгледзеўся ў стол, спалохана кінуўся да яго, спяшаючыся схапіў Рубінавыя Ружы і спрытна, як і тыя папярэднія канвойцы, зашчоўкнуў іх на Радзімавых запясцях. Дакорліва паглядзеў на Ою, паківаў ёй пальцам і тады паціху падаўся ў свой пакой. Оя ўслед яму нешта яшчэ гаварыла, але ён адказваў ёй неахвотна, не адварочваючыся.

Дзед Жыў сеў на табурэтку, зноў прыгубіў штосьці са свае чорнае конаўкі, зноў пачаў ківацца, загаварыў — мусіць, і гэты раз расказваў пра паўстанне і пра сваіх сяброў.

— Ніхто не ведае, што ён п'е. Кажуць, нейкую атруту, нейкую дурную горкую ваду. А ён ніколі не раскрывае сакрэтаў яе прыгатавання. Сам робіць, сам і п'е. І нікому нават паспытаць не дае. Кажа, што і яна памагала губіць нашу зямлю, а таму сакрэт гэтай злой вадкасці ён забярэ з сабою ў магілу.

— Мне здаецца, я разумею, што гэта за вадкасць, — пачаў быў гаварыць Радзім, але Оя двума пальчыкамі сваімі сашчапіла яму вусны, папярэдзіла: маўляў, маўчы — быццам і сама яна нешта ведала.

Дзед Жыў адчуў, што гавораць пра яго, насцярожыўся, а потым супакоіўся, убачыўшы, што яны маўчаць, і зноў загаварыў сам з сабою.

І тады Радзіму міжволі здалося, што дзед — такі ж вязень, як і ён сам. Відаць, нягледзячы на вялікія заслугі ў паўстанні, усё ж яму не даравалі ранейшую сувязь з таля-малямі, і гэтая яго сённяшняя праца выглядала ўсяго толькі як ганаровае зняволенне, як магчымасць безвыходна трымаць старога ў шкляной турме…

Цяпер Оя прыходзіла да Радзіма як не кожны дзень, здымала з яго рук жалезныя ружы — цікава, нягледзячы на спалох, з якім дзед Жыў той раз кінуўся адзяваць наручнікі, цяпер ужо ён не звяртаў на іх ніякай увагі.

Радзім размінаў рукі, Оя гладзіла тыя мясціны, што былі пад наручнікамі,— паступова зацягваліся, сыходзілі і раны, нацёртыя жалезам, і сінякі, якія засталіся з таго часу, калі ён падаў і зноў лез на каменне, — а потым яны садзіліся займацца беларускаю моваю.

Урокі гэтыя Радзіму надзіва падабаліся — Оя так цікава расказвала яму пра яго ж родную мову, пра яе высакароднасць і чысціню, пра яе прыгажосць і мілагучнасць, што ён палюбіў гэты, калісьці такі сумны і такі нудны, здавалася, прадмет і зараз ужо з нецярпеннем чакаў кожнага новага прыходу дзяўчыны. Праз нейкі час урокі роднай мовы зрабіліся штодзённымі, а яму ўсё роўна было мала і гэтага: Радзім ніяк не мог дачакацца Оі, каб нагаварыцца па-свойму. Цяпер свая мова для яго стала жыццём, і ў гэтым жыцці галоўнаю была Оя. Яна праз мову нібы вяртала яму радзіму, той свет, па якім ён пачынаў ужо сумаваць.

У перапынках, калі, стаміўшыся ад урокаў, яны адпачывалі, Оя расказвала яму пра сваю радзіму. Пыталася, ці спадабалася яна яму.

— Жыць можна, — адказваў ён. — Рай, у параўнанні з тым, што за шклом…

— Але ведаеш, і гэты наш шкляны рай — таксама прывідны, часовы. Кіне хто каменьчык у шкло — і ўсё разляціцца. Паветра выйдзе, атрута зойдзе. Трэба нешта рабіць, нешта шукаць. — Оя задумалася, відаць, меркавала, як яму даходлівей растлумачыць. — Разумееш, мы жывём толькі на тым, што схавалі пад шкло. Нічога не паступае да нас звонку, і нічога мы адсюль не выпускаем… Ты ж ведаеш пра кругазварот вады ў прыродзе? Дык вось такі кругазварот адбываецца ў нас з усім — з зямлёю, з ядою, з вадою, з паветрам. Дыхаем адным і тым жа паветрам, п'ём адну і тую ж ваду. Па некалькі разоў. Затым усё ачышчаецца, і мы зноў дыхаем, п'ём, ядзім. Бачыў, колькі ў нас высільваецца ачышчальных станцый? Яны пакуль працуюць дакладна, але мне часам бывае боязна: а раптам што здарыцца? Тады і шкло не паможа… Нашы вучоныя стараюцца шмат і шчыра, каб як мага меней залежаць ад гэтых станцый, каб зрабіць наша жыццё самастойным, каб спадзявацца не толькі на шкло. Сяго-таго яны ўжо дамагліся. Скажам, вада. Мы ўжо ўмеем ствараць ваду! Ствараць паветра навучыліся раней. Ведаеш, як кепска, немагчыма жыць, калі няма вады, няма паветра. А сёння мы ўжо дыхаем. І ў нас ёсць возера, якое падаравалі вучоныя. Мы беражом яго як толькі можам. Ты не бачыў гэтую нашу радасць?

Радзім падумаў, што менавіта да славутага возера хутчэй за ўсё ён і прыбіўся напачатку, што гэта, мусіць, і была якраз тая, падораная зэмам, вада, праз якую пераносіла яго незвычайная, быццам шуфель, рука, але адказаў няпэўна:

— Хто яго ведае, можа, і бачыў. Спадзяюся, што мы яшчэ ў ім пакупаемся.

— Вар'ят! — жахнулася дзяўчына. — Якое глупства ты гаворыш! Возера ж для нас святое…

Оя памаўчала — толькі з-пад зялёных валасоў, што пасмаю спадалі на лоб, таямніча бліснула блакітнае-блакітнае вока, — задумалася, нібы на штосьці адважваючыся, а затым схамянулася і, спяшаючыся, загаварыла:

— Ваду мы пачынаем рабіць, а вось з зелянінаю пакуль што нічога не атрымліваецца. Бачыш, якая ў нас шэрая зямля? І як ёй не стае такіх, як у вас, дрэў і травы!

— І птушак таксама, — дадаў ён.

— Не, птушкі нам пакуль што лішнія, — запярэчыла яна. — Разумееш, птушкам, каб жыць, трэба неба з воблакамі, зялёныя дрэвы і чыстая зямля. Ні аднаго, ні другога, ні трэцяга даць мы ім сёння не зможам: няма! Да таго ж паветра… Ведаеш, яго нам самім не хапае. Не выжывем, калі будзем яшчэ дзяліцца ім з птушкамі…

Радзім, уявіўшы, як птушкі, цэлыя чароды птушак, адбіраюць у яго паветра, пачаў напраўду задыхацца — нібыта іх і на самой справе шмат наляцела, набілася пад шкло. Оя не заўважыла гэтага — яна якраз задумліва глядзела некуды ўдалячынь, — а потым, усміхнуўшыся, сказала, як спыталася:

— Ты, мусіць, дзівішся, што ў нас такія кароценькія, аднаскладовыя, двухскладовыя імёны? Чаму, як ты думаеш? А ўсё тое ж паветра віною. Мы прыдумалі такую эканомію, калі нам было вельмі цяжка, — каб лепш расходаваць паветра, калі гаворым.

— Нічога сабе эканомія! Тут вы эканоміце, а коней пад шклом вунь які статак трымаеце. Колькі яны з'ядаюць вашага паветра, не лічылі?

— Коней ты не чапай. Коні ў нас таксама святыя. Як у Індыі каровы.

— Святыя? А чаго ж яны тады цягаюць аўтобусы і тралейбусы, калёсы і аўтамабілі?