103045.fb2
Дзед Жыў хоць і ўзяў з Радзімавай рукі яблык, есці яго не спяшаўся — спасцярожліва круціў у руцэ, разглядаў. А за ім напружана сачылі тысячы вачэй. І калі ён усё ж адкусіў яблык, пачалося штосьці неверагоднае.
Усе тыя, хто нядаўна, спалохаўшыся, адбегліся ад яблыні, зноў вярнуліся пад дрэва, кінуліся хапаць яблыкі і, выціраючы іх далонямі не горш за яго — сачылі, як рабіў гэта чужынец, — пачалі насцярожана, але з цікавасцю адкусваць іх. Пераводзячы позірк з твару на твар, Радзім бачыў, што яблыкі зэмам спадабаліся. Праз нейкі час яны ўжо з асалодаю храбусцелі імі, напоўніцу набівалі раты сакаўною смакатою і, адно выкідаючы цёмна-карычневыя семкі, з'ядалі ўсё засаб — нават агрызкаў не аставалася.
Яблыкаў на зямлі было многа. Радзім міжволі перавёў позірк на яблыню — цікава, а ці вісіць яшчэ на ёй што, ці, можа, усё пападала?
Дрэва аж чырванела ад пладоў: не было ніякага знаку, што ён абтрасаў яго.
Сярод амаль суцэльнага чырвонага колеру — аж лісця не відно! — ён не адразу заўважыў дзве рубінавыя крапкі ў кроне, але потым яго ўсё ж нешта насцярожыла, вярнула вочы назад, і ён, прыгледзеўшыся, напраўду ўбачыў на самай макавіне наручнікі Рубінавыя Ружы. Як яны трапілі на дрэва — загадка: ці то іх ускінуў хто на крону цяпер, ці то калі дрэва было яшчэ маленькае, яно само падчапіла іх галінкаю і, вырастаючы, узняло на такую вышыню.
Але адкуль яны з'явіліся тут? Яго ж Рубінавыя Ружы, якія здымаў з дапамогаю Оі сам Верхавод, засталіся там, у палацы. Значыць, гэта нечыя іншыя наручнікі? Чые?
А можа, іх тут, у гэтай турме, было двое? Для яго і для дзеда Жыва? Але ж ён ніколі нічога такога не бачыў у дзедавай вартоўні.
Абвёўшы яшчэ раз позіркам разламаную, раструшчаную турму, Радзім забедаваў — дзе ж ён зараз будзе жыць? Раней не турбаваўся пра гэта — хоць і ў вязніцы, хоць і шкляны, але ўсё ж у яго быў ложак. А дзе зараз прытуліць галаву, калі дрэва начыста зруйнавала, разбурыла яго турму?
І не паспеў ён так падумаць, як адразу ж з двух бакоў з'явіліся тыя самыя канвойцы, якія ўвесь час узнікалі тады, калі Радзіма трэба было некуды праводзіць, — яны як усё роўна і зараз падслухалі яго думкі. Заўсёды такія маўклівыя і засяроджаныя, строгія і недасяжныя, непахісныя, на гэты раз яны былі зусім іншыя: уважліва, нават лісліва зазіралі яму ў вочы, далікатна ўступалі месца перад сабою, шмат і ветліва гаварылі. Ён, дзівячыся гэтай перамене і гэтай увазе канвойцаў, спытаўся ў Оі:
— Пра што яны гавораць? Што іх так уразіла?
— Яны кажуць, што ты — вельмі вялікі чалавек, Яго Мосць таксама пасмакаваў ужо яблык, і ён яму вельмі спадабаўся. Хваліў цябе. Загадаў падабраць табе лепшы палац у краіне. Ён сам растлумачыў канвойцам, што ты цяпер ужо не нейкі там таля-маля, а паважаны ў краіне чалавек. І табе ўсюды будзе аказвацца самая высокая пашана — такая ж, як і яму. Яго Мосць, як ён і казаў, спадзяецца з тваёю дапамогаю выйсці за шкляныя сцены нашай турмы…
Канвойцы, запабягаючы перад ім, паказваючы рукамі дарогу, бо самі ішлі следам, павялі Радзіма ў новае яго жытло.
Шкляны куб, дзе месцілася вязніца, стаяў на самай плошчы, пасярод яе. Яны, абмінаючы яго, абыходзячы людзей, што былі на плошчы, накіраваліся на супрацьлеглы бок. Там, крыху ўглыбіш, віднеўся вельмі прыгожы, сабраны з фігурнага шкла дом, што быў пабудаваны з выдумкаю, з архітэктурнымі знаходкамі. Ён, такі дзівосны, стаяў на голай шэрай зямлі, і таму кожнаму было відно, як не стае яму зялёнай травы на падворку, шумлівых дрэў над шкляным дахам, а каля веснічак — якога-небудзь маленькага гаваркога ручайка.
Разам з ім у ягонае цяперашняе жытло зайшла і Оя — паласкавелыя канвойцы, якія ўсё яшчэ ветліва ўсміхаліся яму, засталіся на вуліцы, каля дзвярэй.
Дом быў прасторны, пакояў зашмат — хоць ты які інтэрнат стварай! — і агледзеўшы ўсё гэта бязмернае жытло, ён падумаў, як холадна і няўтульна будзе тут жыць. Спадабаўся больш-менш невялічкі пакойчык з нядрэнным відам на плошчу, дзе заўсёды віравалі людзі, з якімі, як яму здавалася, будзе не гэтак самотна: агарнуў сум — падыходзь да акна, і ты ўжо нібы далучаешся да тых, хто ходзіць па вуліцы, нібы блукаеш разам з усімі.
Радзім падвёў Ою да акна.
Яно было шырокае, на ўсю сцяну — па сутнасці, як і ў Ягамосцевым палацы, уся сцяна і тут была акном — і таму здавалася, што ты знаходзішся не ў хаце, а на вуліцы — адсюль усё было відно як на далоні.
Вечарэла. Плошча вакол яго былой турмы усё яшчэ была запоўнена людзьмі. Адны смачна храбусцелі садавінаю, другія цярпліва чакалі, калі ўпадзе менавіта ягоны яблык, — плады пераспелі і цяпер ужо ападалі самі. Адсюль, зверху, было добра відаць, як людзі, што былі бліжэй, хапалі яблыкі і адразу ж адыходзіліся ўбок.
А над усім гэтым, шырока раскрыліўшы галіны, узвышалася вялікае, магутнае, зялёнае-зялёнае дрэва — крона яго сягала аж за плошчу, і пераспелыя плады падалі нават на шкляныя дахі прыпляцавых дамоў.
Радзім паклаў руку Оі на плечы.
— Гэта ж тваё дрэва, — ціха прамовіў ён. — Я падарыў яго табе.
— А навошта мне?
— Дык ты ж прасіла. Памятаеш: «Падары мне дрэва»?
— А ты ведаеш, што сваёю няўвагаю вельмі пакрыўдзіў Яго Мосць. Гэта дрэва ягонае…
— Гэта дрэва тваё… — выдыхнуў Радзім і прыгарнуў Ою яшчэ бліжэй да сябе.
І ў гэты час з-за самай высокай галінкі яблыні выплыла штосьці невыразнае, падобнае на светлае воблачка, якое ўсё расло і расло, набліжаючыся да іх. Калі воблачка спынілася перад самым акном, Радзім пазнаў у ім Юлю — яна, нічога не гаворачы, адно толькі ківала галавою і з дакорам, з асуджэннем глядзела на яго.
Оя вяла сябе нязмушана, і яму спачатку падалося, што яна не бачыць гэтай відзежы, але, калі воблачка, змяніўшы абрысы, зацёршы твар Юлі, паволі пачало здаляцца, а затым і зусім знікла за зялёнаю кронаю яблыні, зэмка, нават не гледзячы ў той бок, спакойна, як пра штосьці даўно вядомае, сказала:
— Я ж табе ўжо тлумачыла: яна знаходзіцца ў зусім іншым вымярэнні і вы з ёю ніколі не зможаце сустрэцца. Тое, што ты бачыў, гэта не Юля, гэта ўсяго толькі штамп яе. Разумееш, матрыца… — Сцепануўшыся як ад холаду, яна дадала: — Я пайду ўжо… А ты адпачывай. Натаміўся ж за дзень…
І выйшла з пакоя.
Ён яшчэ крыху пастаяў ля акна, паглядзеў на дрэва — яму здалося, што ён увачавідкі бачыць, як яно расце і шырыцца, — нават падумаў, што хутчэй за ўсё заўтра галіны дастануць да яго шыбін, а пасля разабраў ложак, які стаяў менавіта ў гэтым пакоі, і, стомлены, змораны, лёг спаць. Ложак тут ужо быў не шкляны, гэта яму спадабалася, і ён, нічога не асцерагаючыся, зручней умасціўся на ім і адразу ж заснуў.
Прачнуўся Радзім рана — разбудзілі галіны, якія і напраўду дараслі да акна і ўжо шкрэбліся ў шыбы. Ён пругка ўскочыў з ложка і падышоў да акна. І адразу аслупянеў. Плошчы не было! На яе месцы віравала зеляніна, там, унізе, буйнелі такія густыя і непралазныя зараснікі, з-за якіх нават не відно было людзей, — ці то зеляніна хавала іх, ці то яблыневы гушчар начыста выцесніў з пляца зэмаў — усіх да чалавека.
Ён спяшаючыся апрануўся і выскачыў з пакоя, каб бегчы хутчэй на плошчу. І нечакана ледзь не збіў з ног Ою — яна выходзіла з суседняга пакоя.
— І ты начавала тут? — здзіўлена спытаўся ён.
— Ага, — сціпла адказала дзяўчына.
І, бачачы, што Радзім нічога не разумее, патлумачыла:
— Яго Мосць загадаў і мне жыць у тваім шыкоўным палацы…
І каб ён не падумаў чаго-небудзь лішняга, сарамліва апусціла вочы долу:
— Ён хоча, каб ты хутчэй навучыўся нашай мове…
— Хадзем! — не даўшы Оі дагаварыць, хлопец, узрушаны тым, што нядаўна ўбачыў, схапіў зэмку за руку і зноў пацягнуў за сабою ў пакой, да акна. — Зірні, што робіцца!
Мора зеляніны шумела над плошчаю. Не было відно і турмы — яна таксама патанула ў гэтым віры жыцця. Нават асабліва не задумваючыся, было зразумела, адкуль з'явіліся такія джунглі — гэта папрарасталі тыя семкі, якія шчыра выкалупвалі зэмы з яблыкаў і абыякава кідалі пад ногі, на зямлю.
Што тут рабілася! Дрэвы ўзыходзілі, раслі, цвілі, пладаносілі. Яблыкі асыпаліся, разбіваліся аб зямлю, тут жа прарасталі і зноў раслі, цвілі, пладаносілі.
І дрэвы, і зямля нібы пазвар'яцелі: яны засумавалі, стаміліся адно без аднаго і цяпер апантана цешыліся з таго, што нарэшце разам.
Оя ўзрадавана глядзела на неўтаймоўны яблыневы сад, на зялёныя джунглі ўнізе, а ён спалохаўся: гэта ж катастрофа, якая скінецца такой жа самаю, а можа, яшчэ большаю бядою, чым тая, на якую асудзілі зэмаў таля-малі — дрэвы ж пры такой урадлівасці зямлі і спрыяльнасці клімату могуць так бескантрольна распладзіцца, што выжывуць нават людзей!
І тады ўвесь іх шкляны рай хрусне і асыплецца друзам, як ужо хруснула турма на плошчы толькі ад аднаго дрэва. А хіба шкло ўтрымае такі напор зялёнага хларафілу?
— Хадзем хутчэй туды! — Радзім зноў схапіў Ою за руку і хацеў бегчы разам з ёю на плошчу, але яна заўпарцілася.
— Навошта? Ты ж падарыў мне дрэва, а значыць, і ўсё, што ля яго вырасла. Дай палюбавацца зелянінаю…
— Оя, разумееш, гэта страшна.
— Страшна? Што ты — гэта прыгожа.
І ўсё ж, як яна ні ўпіралася, ён сілаю пацягнуў яе са шклянога палаца.