103045.fb2
Адразу ж наперадзе ў іх, перад ветравым шклом, штосьці залопала, зашуршэла, нібыта раскрываўся які парасон. Той жа час вачам стала цёмна, як усё роўна іх нешта засланіла. Хутчэй за ўсё гэтае «нешта» лёгка прабіла шкляную столь — Радзім паспеў схаваць галаву сам, а Оіну прыгнуў адзін з канвойцаў — і яны выразна пачулі, як па парасоне залопалі кавалкі разбітага шкла, як тыя са звонам пасыпаліся на зямлю.
Як толькі ракета вырвалася з-пад шклянога даху, яна адразу ж прыняла гарызантальнае становішча, па баках у яе з'явіліся элегантныя срабрыстыя крылы, якія шырыліся ад самага ветравога шкла, і павольна, нібы ў беспаветранай прасторы, паплыла над нежыццёваю пустыняю.
Радзім і Оя, бледныя, напалоханыя, сядзелі ціха, не варушачыся. Абодва ахоўцы цяпер, здаецца, не звярталі на іх ніякай увагі — былі занятыя палётам, напружана сачылі за прыборамі, і таму толькі той, што быў побач з пілотам, зрэдзь калі кідаў позірк у іх бок, каб пераканацца, што яны сядзяць на месцы, пакуль што не выпалі і не згубіліся.
— Спытай у іх, куды мы ляцім, — як прайшоў крыху спалох, папрасіў ён Ою.
Але ўбачыўшы, што зэмка сядзіць ні жывая і ні мёртвая і не можа з пераляку нават вымавіць слова, змоўк і сам і з нейкім лёгкім галавакружэннем пачаў разглядаць шэрую і нецікавую пустыню, якая, нежыццёвая і непрывабная, паволі праплывала пад імі.
Азірнуўся назад. Убачыў, як здаляецца ўпісаная ў горы і ў пустыню вялізная цяпліца, пад якой — цэлы горад, а магчыма, і не адзін, а некалькі гарадоў, уся краіна. Адсюль, здалёку, ужо добра акрэсліваліся нейкія шары, кубы, сферы, паўсферы, рашэцістыя дахі, якія зблізку, пад шклом, нельга было разгледзець.
Падумаў, што калі б хто-небудзь з зямлі вось зараз мог убачыць іхні палёт, яго, канечне ж, здзівіла б прыстасаванне, на якім яны ляцелі: аўтамабіль, з самымі сапраўднымі коламі, што бездапаможна вісяць у паветры, але ён ужо, як птушка, махае крыламі, абапіраючыся на разрэджанае паветра, а спераду, нібы наморднік, узбіўся на радыятар стальны парасон, з дапамогаю якога ракета прабівала шкляны дах.
Аднак ніхто з зямлі іх не бачыў,— пустыня пад імі была бязлюдная, нежыццёвая: ніводная казяўка ўнізе не парушала дрымотнага спакою пяску. Упасці на яе было страшна.
Тым часам пілоты дасталі адтуль, дзе ў машынах звычайна бываюць запальнічкі для прыкурвання, маленькае перагаворнае прыстасаванне, па чарзе з некім ажыўлена перамаўляліся, заклапочана нешта абмяркоўвалі. Радзім хацеў быў спытацца ў Оі, пра што яны гавораць, але ўбачыўшы, што дзяўчына ўсё яшчэ не прыйшла ў сябе, сядзіць, нібы сонная, не стаў яе чапаць.
Праз нейкі час ракета пачала зніжацца. Спачатку Радзім падумаў, што, можа, выявіліся якія непаладкі і чакаецца змушаная пасадка, але ўбачыўшы, як спакойна маніпуліруе рычагамі і нейкімі тумблерамі пілот, зразумеў, што зніжаюцца яны свядома.
Нарэшце ракета дакранулася коламі да зямлі, праехала крыху па нечапаным пяску і зарылася носам у высокі пясчаны бархан. Пілоты, былыя канвойцы, а цяпер ахоўцы, моўчкі выйшлі з машыны — лятальны апарат стаў ужо зноў звычайнаю машынаю, нават крылы пахаваў,— адышлі далей у цень ад бархана, паслалі нейкую латніну пад сябе і ўлегліся на пясок.
Раскатурхаў і ён Ою. Яны таксама вылезлі з машыны.
Бязлітасна пякло сонца. Пясок быў гарачы, і ад яго дыхала такою спёкаю, што гарачыня, як ватаю, забівала рот. Не было чым дыхаць: і паветра разрэджанае, і сквар невыносны.
Радзім з Ояю таксама адышліся пад бархан, у крыху прыцененае месца. Ахоўцам стала не відаць іх, і яны заварушыліся, не выходзячы асабліва з ценю, пасунуліся, каб захопленыя былі навідавоку — хоць адсюль, канечне ж, нікуды не ўцячэш, але ўсё ж спакайней, калі бачыш украдзенае.
Сквар быў неймаверны, яму хацелася зняць сарочку, але ён не рабіў гэтага — ведаў, што сонца тады сасмаліць, спячэ зусім.
Злодзеі — ён ужо разумеў, што яго зноў укралі, толькі не ведаў навошта — ляжалі пад барханам і, раз-пораз пазіраючы ў іх бок, спакойна, ціхамірна гаманілі, смяяліся.
Оя, здаецца, ачомалася, зразумела, што з імі здарылася, але сядзела на пяску і, абыякава гледзячы ў пустыню, здавалася, ні на што не звяртала ўвагі. Радзім жа бачыў, што яна ўважліва слухае выкрадальнікаў. Каб не перашкаджаць ёй, прыхінуўся да бархана, сядзеў ціха і маўчаў. І толькі калі пясок зверху тоненькім ручайком нечакана пацёк яму за каўнер, паварушыўся, і гэта нібы абудзіла Ою. Яна павярнулася да яго.
— Ведаеш, пра што яны гавораць? Гэта ж таля-малі. Разумееш, то ж трэба так спрытна прыкінуцца зэмамі, што нават Яго Мосць паверыў у гэта і ўзяў да сябе на службу. Зараз яны наўзахапкі расказваюць адзін аднаму, як абдурылі нас, пацяшаюцца над Яго Мосцю.
Оя гаварыла гучна, — не баючыся, што таля-малі яе пачуюць. А калі і пачуюць, усё роўна нічога не зразумеюць: беларускай жа яны не ведаюць.
— Слухай, а давай мы будзем вучыць тваю мову, — нечакана прапанаваў Радзім. — Усё роўна ж няма чаго рабіць.
Але Оя не згадзілася.
— Не час, хлопча, — ледзь перавяла яна дыханне.
Гаварыць ёй было цяжка, яна задыхалася — разрэджанае паветра сушыла ў роце, яго не хапала, а гарачыня, якая дыхала ў твар ад распаленага пяску, здаецца, абпальвала горла, набівалася ў лёгкія, закладала бронхі. І яму цяжка было дыхаць, ён таксама задыхаўся. Радзіма пачынала апаноўваць падсвядомая трывога. Зірнуў у той бок, дзе ляжалі людзі, што выкралі іх і прывезлі ў гэтую пустыню, — яны і самі задыхаліся, хапалі ратамі паветра, як рыба, выкінутая на бераг. Ізноў падумалася, што самаход іхні сапсаваўся, што яны змушана селі ў гэтае пекла пяску, памагчы ім няма каму, і таму, відаць, так і давядзецца тут паміраць — сонца высушыць іх, пясок засыпле трупы і толькі вось гэтая дзіўная ракета-аўтамабіль, нібы нейкі вар'яцкі помнік, яшчэ доўга будзе паказваць тое месца, дзе яны пахаваны, пакуль і на яе, нарэшце, не наступіць які-небудзь бліжэйшы бархан.
Яму хацелася хоць чым-небудзь дапамагчы Оі, але як гэта зрабіць, ён не ведаў. Што можна знайсці для дапамогі тут, дзе, апрача пяску, нічога няма?!
Пасунуў дзяўчыну яшчэ далей у цень і, пальцамі асцярожна дакранаючыся да яе вуснаў, хацеў зняць пясчынку, што прыліпла да верхняй губы. Оя не адсланілася, а наадварот падалася наперад, пацерлася вуснамі аб яго пальцы, а затым даверліва прыхінулася гарачаю шчакою да Радзімавай далоні, нібы шукала спагады і абароны.
Абое яны дыхалі цяжка, задыхаліся.
Радзім, разумеючы сваю бездапаможнасць, не вытрымаў Оінага позірку, адвёў вочы, у адчаі ўгледзеўся ў нейкае зусім выцвілае ад сонца неба… І аж скалануўся. Ці не галюцынацыі гэта пачынаюцца ў яго? Далёка-далёка, пры самым гарыстым небасхіле, ён убачыў невялічкае воблачка, якое, усё павялічваючыся і павялічваючыся, злёгку пагойдваючыся, імкліва набліжалася ў іхні бок. Амаль той жа час, як з'явілася воблачка, пачуўся дзіўны гул, які быццам бы выходзіў з нейкага незразумелага рухавіка. Воблачка і рухавік? Бог ведае што! Ён прыслухаўся ўважлівей і зразумеў, што гул да воблачка не мае ніякіх адносін, — воблачка ляцела з аднаго боку, гул ішоў з іншага, але і тое і другое набліжалася менавіта сюды, да іх.
Калі аблачынка была ўжо зусім блізка, ён зноў пазнаў у ёй Юлю. Яна спынілася непадалёку ад іх у небе, пастаяла крыху над зямлёю, моўчкі, але дакорліва пахітала, як і папярэдні раз, галавою. Радзім інстынктыўна выцягнуў руку з-пад Оінай шчакі і падхапіўся, каб бегчы да Юлі. Гул жа ўсё набліжаўся. Неўзабаве зусім побач нешта затрашчала, заскрыгатала, і воблачка-Юля, нібы спалохаўшыся шуму, уздрыгнуўшы, сарвалася з месца і хутка-хутка, нібы ўскрыленая птушка, паляцела туды, адкуль і з'явілася. Ён правёў Юлю вачыма аж за небасхіл, шкадуючы, што зноў не сустрэліся, і толькі тады агледзеўся: што тут, маўляў, робіцца?
Амаль каля іхняга аўтамабіля на невялікім бархане стаяў аграмадны шкляны шар. Ён быў вельмі падобны на лятаючыя талеркі, якія, Радзім памятае, малявалі на зямлі ў газетах і часопісах. Каля яго ўжо хадзілі нейкія людзі ў вялікіх, таксама шкляных, шарах, а з талеркі выходзілі усё новыя і новыя незнаёмцы. І яны былі ў гэткіх самых празрыстых скафандрах. Некаторыя мелі іх і ў запасе, трымалі шары яшчэ і ў руках.
Вакол тых, што прыляцелі, мітусліва бегалі іхнія выкраданцы. Яны спяшаючыся надстаўлялі пад шары галовы, хацелі, каб ім хутчэй іх надзелі, але назолаў адпіхвалі рукамі і нешта раззлавана гаварылі ім, тлумачылі.
— Ведаеш, пра што яны гамоняць? — перасільваючы задышку, спыталася Оя. — Кажуць, маўляў, чаго вы спяшаецеся, мы ж прыляцелі не па вас, а па іх. І на нас паказваюць.
Людзі са шклянымі скафандрамі ў руках ужо ішлі да іх. Выкрадзеныя падняліся з пяску. Радзім дапамог устаць на ногі Оі, яны стаялі поплеч і чакалі, што з імі будуць рабіць. Касманаўты, як іх сам сабе назваў Радзім, падышлі Да іх і адразу, неяк хутка і лёгка, абоім адначасова, надзелі на галовы такія ж, як і ў саміх, шкляныя шары. Радзіму здавалася, што яны, дужа вялікія і цяжкія, будуць ціснуць на плечы, але скафандры, як выявілася, былі амаль невагомыя, і зусім не адчувалася іхняга цяжару. Касманаўты нешта прывінцілі, нешта ўзялі на зашчапкі. Націснулі нейкія кнопкі і адышліся да гурту, дзе такія ж шары ўжо надзявалі і былым іхнім ахоўнікам.
Радзім адразу адчуў, як лёгка стала дыхаць. Убачыў радасныя вочы Оі, заўважыў, як яна ўпершыню за апошні час усміхнулася, і ўзрадаваўся: тыя, што прыляцелі за імі, прывезлі апараты для дыхання ў беспаветранай прасторы, і цяпер ужо, канечне, ім гэтая мёртвая пустыня не пагражае.
Людзі ў шарах выглядалі смешнавата: унізе тоненькія, а зверху на плячах у кожнага матляюцца вялікія, шкляныя, круглыя, як колбы, пузыры. Шары былі настолькі грувасткія, што было нават дзіўна, як гэта людзі, ходзячы так блізка адзін ля аднаго, не стукаюцца імі, не судакранаюцца пры сустрэчах.
Усе — і тыя, хто іх выкраў, і тыя, хто прыляцеў па выкрадзеных, — пастаялі яшчэ крыху каля машыны-ракеты, пра нешта пагаварылі, параіліся. Відаць, абмяркоўвалі, што рабіць з аўтамабілем, які, канечне ж, хоць талерка і такая вялікая, усё роўна не ўмесціцца ў ёй, — а потым забралі штосьці з сігары, перанеслі ў шар, затым прыйшлі і па іх. Першымі прапусцілі ў талерку Радзіма і Ою, а за імі спакойна, не спяшаючыся зайшлі і ўсе іншыя. Дзверы самі сабою бясшумна зачыніліся.
Іх пасадзілі ў мяккія крэслы, расселіся самі, і шар гэтак жа бясшумна, як зачыняліся і дзверы, падняўся над зямлёю і паляцеў. Адкуль толькі і браўся той грукат, ад якога закладала вушы, калі ён набліжаўся і садзіўся ў пустыні?! Відаць, увесь той шум астаецца вонкі, а кабіна ад яго вельмі добра абаронена.
Шар, мусіць, каб знарок паказаць ім свае вартасці, некалькі разоў мяняў накірунак — спыняўся ён лёгка і ляцеў у любы бок нязмушана, — а затым, набраўшы патрэбную вышыню, паляцеў наперад імкліва і прыгожа.
Ляцелі хутка. Унізе мільгалі барханы. Радзім глядзеў на пустыню, такую няўтульную, нежывую і, наслухаўшыся зэмаў пра каварнасць, хітрасць, хцівасць, несумленнасць таля-маляў, не зважаючы на тое, што па іх прыляцелі нармальныя, нават далікатныя людзі, з жахам думаў пра сустрэчу з гэтымі нягоднікамі на іхніх сцежках і дарогах.
Зямля ўнізе ўвачавідкі змянялася. З жоўтай, пясчанай ператваралася ў шэрую, камяністую, а яшчэ нядаўна спякотныя яе колеры рабіліся ўсё больш і больш халоднымі.
Таля-малі сустрэлі іх вельмі прыязна, нават гасцінна і ўрачыста. Яшчэ толькі пралятаючы над Талямаліяй, Радзім заўважыў нейкі вялікі рух на незнаёмай, зусім шэрай зямлі. Зверху людзей не было відаць, толькі калыхаліся вялікія, круглыя скафандры, яны засланялі рукі і ногі, а таму здавалася, што гэтыя шкляныя шары рухаюцца самі сабою.
На аэрадроме ўжо стаялі, роўна выстраіўшыся, шыхты, — мусіць, ганаровая варта, ужо іграў вялікі зводны аркестр. Іх сустракалі, здаецца, як самых паважаных гасцей. Калі іхні шар знізіўся і, зрабіўшы круг, нарэшце, гэпнуўся на нейкі зялёны штучны дыван, да яго адразу пачалі надыходзіць людзі. Бясшумна рассунуліся дзверы, Радзіма і Ою і на гэты раз прапусцілі чамусьці першымі.
Людзі, якія прыйшлі іх сустрэць, вітаючы, шчыра махалі рукамі, але яны ўсё роўна спускаліся па прыступках няўпэўнена і насцярожана. Ужо калі яны ступілі на зямлю, з натоўпу выйшаў адзін чалавек, падышоў да іх і сказаў:
— Мы шчыра вітаем цябе на роднай зямлі!
Оя пераклала яму вітанне даслоўна, але ён не паверыў ёй, падумаў, што ачуўся і папрасіў паўтарыць яшчэ раз.
— Мы шчыра вітаем цябе на роднай зямлі,— незадаволена прагаварыла Оя, — дзяўчыне не спадабалася, што ёй не вераць.
Не, Радзім і сам, канечне ж, разумеў, што зэмка ўсё пераклала правільна, але вось гэтае «цябе» і «на роднай зямлі» вельмі збянтэжыла хлопца — выкралі і яшчэ пацяшаюцца, пра нейкую родную зямлю, нягоднікі, гавораць!
Пасля, крыху падумаўшы, Радзім супакоіўся: зэмы ж яго звалі «таля-малям», і ён ужо сам адклікаўся на гэтую мянушку. Ды і прыляцеў жа новаспечаны таля-маля не куды-небудзь, а да таля-маляў, дык чаго ж крыўдзіцца… Канечне, прыляцеў на родную зямлю! Як свой да сваіх. Як хімік да хімікаў.
Хаця які з яго хімік! У школе яму хімія чамусьці не ішла: аднавалентны, шматвалентны…
Памятае, як аднойчы ў хімічнай лабараторыі ён, праводзячы дослед на ўтварэнне газаў, так начадзіў, што настаўніца аж рукамі замахала: «Хопіць, хопіць, Яснавец, сядай хутчэй, а то ты ўжо і так надыміў, што ў класе нічога не відаць».