104137.fb2
- Зiра, - прашаптаў я ёй на вуха, уладкаваўшыся на заднiм сядзеннi, - я абавязаны табе воляю i жыццём.
Толькi цяпер я зразумеў, як шмат яна для мяне рабiла ў палоне. Без яе мне б нiколi не ўдалося наладзiць кантакт з малпавым светам. Заюс мог бы проста зрабiць мне на мозгу аперацыю, абы толькi давесцi, што я не iстота, якая можа думаць. Дзякуючы Зiры цяпер у мяне былi саюзнiкi, i я мог глядзець у будучыню з пэўным аптымiзмам.
- Я рабiла гэта з любовi да навукi, - адказала Зiра, чырванеючы. - Твой выпадак унiкальны, i я павiнна была захаваць цябе любой цаною.
Удзячнасць перапаўняла маё сэрца. Пакораны адухоўленым позiркам Зiры, я ўжо не бачыў яе знешнасцi. Рука мая легла на яе доўгую валасатую лапку. Зiра ўздрыгнула, i я прачытаў у яе вачах пяшчоту. Вельмi ўсхваляваныя, мы не сказалi па дарозе назад нiводнага слова. Калi Зiра прывяла мяне ў клетку, я груба адштурхнуў Нову, якая адразу ж пачала пошла прапаноўваць сябе мне.
Раздзел V
Зiра ўпотайкi перадала мне электрычны лiхтарык i кнiгi, якiя я хаваю пад саломаю. Я ўжо досыць хутка чытаю i размаўляю на малпавай мове. Кожную ноч я падоўгу вывучаю цывiлiзацыю Сароры. Спачатку Нова пратэставала. Скалячы зубы, яна абнюхвала кнiгу, быццам небяспечнага звярка. Але дастаткова было накiраваць на яе прамень лiхтара, як яна забiвалася ў кут, дрыжала i вiшчала. З тае пары як у мяне з'явiўся лiхтарык, я поўны гаспадар у сваёй клетцы i мне ўжо не прыходзiцца выкарыстоўваць для супакаення Новы такiя важкiя аргументы, як плескачы. Вiдаць, яна адчувае цяпер перада мною нейкi свяшчэнны жах, дый астатнiя палонныя, мяркуючы па некаторых прыкметах, ставяцца да мяне гэтаксама ж. Я маю прэстыж i злоўжываю гэтым. Iншы раз я нi з таго нi з сяго палохаю Нову святлом лiхтарыка. А потым яна ж лашчыцца да мяне, каб я дараваў ёй маю жорсткасць.
Цешу сябе надзеяй, што маю ўжо досыць яснае ўяўленне пра свет малпаў.
У малпаў няма падзелу на нацыi. Усёй планетаю кiруе кабiнет мiнiстраў, на чале якога стаiць трыумвiрат з аднае гарылы, аднаго арангутана i аднаго шымпанзэ. Акрамя ўрада iснуе таксама парламент, якi складаецца з трох палат гарылы, арангутаны i шымпанзэ - i кожная з iх баронiць iнтарэсы сваёй расы.
Па сутнасцi, гэты падзел на тры расы i з'яўляецца адзiным на Сароры. У прынцыпе прадстаўнiкi ўсiх рас валодаюць роўнымi правамi i могуць займаць любую пасаду. Аднак на справе iснуюць абмежаваннi, i кожная раса спецыялiзуецца ў сваёй вобласцi.
У далёкiм мiнулым гарылы адыгрывалi ролю лiдэраў дзякуючы сваёй фiзiчнай сiле. Яны дагэтуль захавалi смак да ўлады i па-ранейшаму з'яўляюцца сама магутным класам. Яны не змешваюцца з масаю, iх не ўбачыш у натоўпе дэманстрантаў - менавiта гарылы кiруюць з вышэйшых сфер большасцю прадпрыемстваў. Па сутнасцi не надта пiсьменныя, яны iнстынктыўна ўмеюць добра выкарыстоўваць веды падначаленых, вызначаць генеральныя лiнii i камандаваць iншымi малпамi. Калi якi-небудзь спецыялiст робiць цiкавае адкрыццё, напрыклад, вынаходзiць новую электрычную лямпу або новае палiва, дык эксплуатуе гэтае вынаходнiцтва i мае з яго ўсю магчымую выгаду зазвычай гарыла. Гарылы не вылучаюцца вялiкiм розумам, але яны ўсё ж нашмат хiтрэйшыя за арангутанаў. Спекулюючы на фанабэрыстасцi гэтых дурняў, гарылы дамагаюцца ад iх усяго, чаго хочуць. Так, напрыклад, на чале нашай установы над Заюсам, якi займае пост навуковага кiраўнiка, стаiць гарыла-дырэктар, якога вельмi рэдка бачаць у iнстытуце. У нашае аддзяленне ён зайшоў усяго адзiн толькi раз. Ён паглядзеў на мяне такiм важным позiркам, што я машынальна ледзь не выцягнуўся перад iм па стойцы "смiрна". Заюс у прысутнасцi дырэктара зрабiўся падобны на яго раба, i нават на Зiру начальнiцкi выгляд галоўнага шэфа зрабiў пэўнае ўражанне.
Гарылы, якiя не займаюць адказных пасад, звычайна наймаюцца на чорную работу, якая вымагае фiзiчнай сiлы. Так, напрыклад, Зараму i Занаму даручаюць толькi другарадныя справы, а галоўны iх абавязак - наводзiць, калi гэта робiцца неабходным, парадак сярод падвопытных.
I нарэшце, многiя гарылы - паляўнiчыя. Па сутнасцi, гэта iх прывiлея. Яны займаюцца адловам дзiкiх звяроў, у прыватнасцi, людзей. Я ўжо казаў, што эксперыменты малпаў патрабуюць пастаяннага папаўнення чалавечага матэрыялу, якi расходуецца ў велiзарнай колькасцi. Гэтыя эксперыменты займаюць у iх жыццi дужа вялiкае месца, i чым больш я даведваюся пра iх, тым больш балюча мне робiцца. Выдае на тое, што ледзь не трэцяя частка малпавага насельнiцтва займаецца праблемамi фiзiялогii, але я да гэтай дзiўнай акалiчнасцi яшчэ вярнуся. Ва ўсякiм разе, пастаўкi чалавечага матэрыялу патрабуюць складанай арганiзацыi. Шматлiкiя групы стралкоў, загоншчыкаў; транспартных рабочых i прадаўцоў служаць у паляўнiчых фiрмах, на чале якiх заўсёды стаяць гарылы. Думаю, што справы гэтых фiрм iдуць выдатна, бо людзi тут каштуюць дорага.
Побач з гарыламi - я сказаў бы, нiжэй за гарыл, хоць фармальна такой iерархii не iснуе, - стаяць арангутаны i шымпанзэ. Арангутанаў нашмат менш, а iх ролю Зiра даволi ясна i коратка вызначыла: яны прадстаўляюць афiцыйную навуку.
Але гэта так толькi да пэўнай ступенi, бо некаторыя арангутаны займаюцца таксама палiтыкай, мастацтвам i лiтаратураю. I ў любую галiну прыносяць характэрныя iм рысы. Фанабэрыстыя, пыхлiвыя, педантычныя, самаўпэўненыя кансерватары, сляпыя i глухiя да ўсяго новага, затое гатовыя з пенаю на вуснах адстойваць любую дапатопную банальшчыну, арангутаны складаюць асноўны кантынгент усiх акадэмiй. Маючы выдатную памяць, яны вывучваюць слова ў слова велiзарную колькасць кнiг. Пасля пiшуць свае кнiгi, паўтараючы ў iх усё вывучанае раней, i гэтым дамагаюцца прызнання з боку сваiх калег арангутанаў. Магчыма, у гэтым пытаннi я пад уплывам Зiры i яе жанiха, а яны, як i ўсе шымпанзэ, пагарджаюць арангутанамi. Гарылы таксама пагарджаюць гэтымi артадоксамi, здзекуюцца з iх рабалепства, але спрытна выкарыстоўваюць у сваiх iнтарэсах. Амаль за кожным арангутанам стаiць гарыла цi савет гарыл, якi высоўвае яго на ганаровыя пасады, дапамагае яму атрымлiваць розныя годнасцi i ордэны, якiя арангутаны проста абагаўляюць, але ўсё гэта толькi да тае пары, пакуль падапечны задавальняе апекуноў. Iнакш яго неадкладна адпраўляюць у адстаўку i замяняюць другiм арангутанам.
Застаюцца яшчэ шымпанзэ. Гэта iнтэлектуалы планеты. Зiра недарма хвалiлася, калi казала, што ўсе вялiкiя адкрыццi зроблены шымпанзэ. Магчыма, яна крышачку перабольшыла, бо ёсць i выключэннi, ды ўсё ж большую частку цiкавых кнiг па сама розных пытаннях пiшуць менавiта шымпанзэ. Вiдаць, у iх вельмi развiты дух пошуку.
Я ўжо казаў, што за працы фабрыкуюць арангутаны. Але сама страшнае, часта скардзiцца мне Зiра, што гэтакiм чынам яны складаюць i падручнiкi, пашыраючы сярод малпавай моладзi несусветную лухту. Паводле слоў Зiры, яшчэ зусiм нядаўна школьныя падручнiкi сцвярджалi, нiбыта планета Сарора з'яўляецца цэнтрам сусвету, хоць нават сярэдняга розуму малпы даўно ўжо не верылi ў гэтую ахiнею, а распаўсюджванне яе стала магчымым толькi таму, што яшчэ тысячагоддзi назад на Сароры жыў арангутан па iменi Арыстас, якi меў велiзарны аўтарытэт i прапаведаваў такiя вось тэорыi, якiя iншыя арангутаны паўтараюць з тае пары як догмы. Даведаўшыся, што той самы Арыстас сцвярджаў, нiбыта душу могуць мець толькi малпы, я пачаў лепш разумець стаўленне Заюса да мяне. На шчасце, у шымпанзэ розум нашмат больш крытычны. Вось ужо некалькi гадоў яны, сцяўшыся, iмкнуцца абвергнуць аксiёмы старажытнага iдала.
Што датычыць гарыл, то гэтыя рэдка пiшуць кнiгi. Затое, калi яны гэта робяць, то iх працы заслугоўваюць усялякай пахвалы - не за змест, дык, ва ўсякiм разе, за афармленне. Я прабег вачыма некалькi такiх кнiг i запомнiў iх назвы: "Навукова-даследнiцкая праца - аснова арганiзацыi прадпрыемства", "Перавага грамадскага сектара" або, скажам, "Арганiзацыя вялiкiх аблаў на людзей на Зялёным кантыненце". У гэтых кнiгах даецца зазвычай маса дакументаў, i кожны раздзел пiша асобны спецыялiст. У iх шмат дыяграм, таблiц фактычных дадзеных i, асаблiва, цiкавых фатаграфiй.
Аб'яднанне ўсяе планеты, адсутнасць войнаў, а значыцца, ваенных выдаткаў на Сароры няма армii, ёсць толькi палiцыя, - здавалася б, павiнны былi спрыяць хуткаму прагрэсу малпавай цывiлiзацыi. Але гэтага не здарылася. Хаця Сарора, бадай што, трохi старэйшая за Зямлю, малпы дужа адстаюць ад людзей багата ў якiх галiнах жыцця.
У iх ёсць электрастанцыi, прамысловасць, аўтамабiлi, самалёты, але ў асваеннi космасу малпы ўсё яшчэ на стадыi штучных спадарожнiкаў. У тэарэтычных навуках, у пазнаннi бясконца вялiкага i бясконца малога яны таксама адстаюць ад нас. Магчыма, гэтае адставанне выпадковае, i я не сумняваюся, што калi-небудзь яны нас дагоняць: на карысць гэтага гавораць працаздольнасць i даследнiцкi розум шымпанзэ. Мне здаецца, што ў гiсторыi малпаў быў цёмны перыяд застою, вельмi доўгi, нашмат даўжэйшы, чым у нас, i што толькi нядаўна яны ўступiлi ў эпоху вялiкiх адкрыццяў.
Асноўная частка iх навуковых даследаванняў - я мушу яшчэ раз гэта падкрэслiць - вядзецца ў галiне фiзiялогii i накiравана ў прыватнасцi на вывучэнне малпы. У гэтых даследаваннях выкарыстоўваюцца людзi, якiя адыгрываюць такiм чынам у жыццi малпаў хоць i вартую жалю, ды ўсё ж дужа важную ролю. Добра яшчэ, што на планеце хапае людзей! Я чытаў у адной працы, што людзей тут больш, чым малпаў. Але колькасць малпаў няспынна ўзрастае, тым часам як колькасць людзей скарачаецца, i ўжо цяпер некаторыя вучоныя занепакоеныя праблемаю папаўнення матэрыялу ў сваiх лабараторыях.
Але ўсё гэта не тлумачыць таямнiцы ўзнясення малпаў на вяршыню эвалюцыi. Зрэшты, можа, нiякай тайны i няма? Магчыма, iх развiццё адбывалася гэтаксама заканамерна, як i нашае? Аднак я нiяк не магу ў гэта паверыць! А цяпер я яшчэ абсалютна дакладна ведаю, што многiя вучоныя-малпы лiчаць: пытанне малпавай эвалюцыi зусiм яшчэ не высветленае да канца. Сярод iх i Карнэлiй, i, наколькi мне вядома, яго падтрымлiваюць сама выдатныя даследнiкi. Малпы не ведаюць, адкуль яны ўзялiся i куды iдуць, i, мажлiва, пакутуюць ад такой няпэўнасцi. Што, калi менавiта гэтае пачуццё i прымушае iх з такiм iмпэтам весцi фiзiялагiчныя даследаваннi i надае асаблiвую накiраванасць усёй iх навуковай дзейнасцi?
Далей я ў сваiх гiпотэзах у тую ноч не пасунуўся.
Раздзел VI
Зiра досыць часта выводзiла мяне на прагулку ў парк. Iншы раз мы сустракалiся там з Карнэлiем i разам з iм абдумвалi прамову, з якою я павiнен быў выступiць на кангрэсе. Дзень яго адкрыцця наблiжаўся, i я нерваваўся ўсё болей. Зiра запэўнiвала мяне, што ўсё будзе добра. Карнэлiю не цярпелася вызвалiць мяне, "каб пачаць грунтоўна вывучаць мяне", - тут ён паправiўся, убачыўшы маю незадаволенасць такой тэрмiналогiяй, - "каб супрацоўнiчаць са мною".
Аднаго разу Карнэлiй не змог прыйсцi, i Зiра прапанавала наведаць заалагiчны сад побач з паркам. Я, вядома, схадзiў бы лепш у тэатр цi ў музей, але гэтыя ўстановы былi пакуль што яшчэ не для мяне. Праўда, пэўнае ўяўленне пра мастацтва малпаў я ўжо меў, бо прагледзеў некалькi кнiг па выяўленчым мастацтве. Мяне вельмi ўразiлi рэпрадукцыi класiчных карцiн - партрэты знакамiтых малпаў, вясковыя пейзажы, батальныя сцэны часоў войнаў, са страшнымi гарыламi ў стракатых мундзiрах, або сладастрасныя аголеныя самкi, вакол якiх пырхалi крылатыя малпачкi-амуры. Былi ў малпаў i свае iмпрэсiянiсты, а некаторыя сучасныя мастакi ўзвысiлiся нават да абстрактнага жывапiсу. З усiм гэтым я пазнаёмiўся ў сябе ў клетцы пры святле электрычнага лiхтара.
Я не мог з'явiцца ў тэатры цi музеi голы, таму Зiра вадзiла мяне толькi на вiдовiшчы пад адкрытым небам. Так я ўбачыў гульню, якая нагадвала наш футбол, прысутнiчаў на жудаснай сустрэчы па боксе памiж дзвюма гарыламi i любаваўся спаборнiцтвамi па скачках з шастом, на якiх шымпанзэ ўзляталi на неверагодную вышыню.
Ну што ж, сёння я згадзiўся наведаць заасад. Спачатку я не заўважыў там нiчога асаблiвага. Жывёлiны вельмi нагадвалi нашых зямных звяроў. Тут былi драпежнiкi, хобатныя, жвачныя, паўзуны i птушкi. I калi я бачыў трохгорбага вярблюда цi вепрука з казлiнымi рагамi, гэта нiяк не магло мяне здзiвiць пасля ўсяго, што я ўжо ўбачыў на Сароры.
Дзiвiцца я пачаў, калi мы дайшлi да секцыi людзей. Зiра адразу ж пачала тузаць за ланцуг, каб хутка прайсцi далей, бо ўжо шкадавала, гледзячы цяпер на мяне, што выбралася сюды на прагулку, але цiкаўнасць мая была такая вялiкая, што ўрэшце яна саступiла.
У першай клетцы, каля якой мы спынiлiся, сядзела чалавек пяцьдзесят людзей - жанчын, мужчын, дзяцей, - выстаўленых тут напаказ на вялiкую радасць малпаў-разявак. Людзi лiхаманкава мiтусiлiся, скакалi, штурхалiся i выкiдвалi розныя фокусы, стараючыся звярнуць на сябе ўвагу. Гэта было сапраўды дзiвоснае вiдовiшча! Кожны чалавек iмкнуўся заслужыць адабрэнне маленькiх малпачак - тыя час ад часу кiдалi ў клетку якую-небудзь садавiну цi кавалкi пiражкоў, купленых ля ўвахода ў заасад у старой шымпанзэ. Калi хто-небудзь з людзей, дзiця або дарослы, рабiў асаблiва забаўны трук - узбiраўся па кратах, скакаў на карачках або пачынаў хадзiць на руках, - ён атрымлiваў узнагароду. Але толькi ласунак падаў сярод палонных, як адразу ж пачыналася бойка - дзiкуны драпалiся i цягалi адно аднаго за валасы з пранiзлiвымi звярынымi крыкамi.
Некаторыя, больш сталыя людзi, не ўдзельнiчалi ў гэтай калатнечы. Яны сядзелi ўбаку, блiжэй да кратаў, i, убачыўшы, што якая-небудзь маленькая малпачка суне лапу ў торбачку з пачастункам, умольна працягвалi да яе рукi. Малпачка звычайна спалохана адскоквала, але, калi бацькi або старэйшыя сябры смяялiся з яе, набiралася смеласцi i, не могучы яшчэ суняць дрыготку, перадавала ласунак са сваёй лапы ў руку чалавеку.
З'яўленне ў заасадзе чалавека на ланцугу здзiвiла як палонных, так i наведнiкаў. Людзi на хвiлiну перапынiлi сваю валтузню i падазрона ўтаропiлiся на мяне, але паколькi я трымаўся спакойна i з годнасцю адмаўляўся ад падачак, якiя баязлiва працягвалi мне малпачкi, то неўзабаве i малпы, i людзi страцiлi да мяне цiкавасць, я ж атрымаў мажлiвасць спакойна назiраць i за тымi, i за другiмi. Жывёльныя паводзiны людзей вымушалi мяне чырванець ад сораму: вонкава ж гэтыя дзiкуны нiчым не адрознiвалiся ад мяне.
У iншых клетках я ўбачыў тую ж самую валтузню i бойкi, што так прынiжалi людзей. Ахоплены роспаччу, я ўжо быў гатовы пакорна пайсцi ўслед за Зiраю, якая цягнула мяне адсюль за ланцуг, як раптам ледзь утрымаўся, каб не закрычаць: у адной з клетак я ўбачыў у статку людзей майго спадарожнiка па касмiчнай вандроўцы, яе кiраўнiка i душу, знакамiтага прафесара Антэля! Мусiць, ён, як i я, трапiў у пастку, але, напэўна, яму пашэнцiла менш, чым мне, i яго аддалi ў заасад.
Гэта было такое шчасце - бачыць яго жывога i здаровага, што на вачах у мяне выступiлi слёзы. Але я адразу ж падумаў, у якiх жахлiвых умовах знаходзiцца гэты вялiкi вучоны, i ажно скалануўся. Пачуццi, якiя адольвалi мяне, неўзабаве змянiлiся здзiўленнем i роспаччу, калi я заўважыў, што паводзiць ён сябе гэтаксама ж, як i iншыя людзi. Гэта было неверагодна, але прыходзiлася верыць сваiм вачам. Антэль далучыўся да пажылых самцоў, якiя не ўдзельнiчалi ў бойках, а толькi працягвалi руку, з грымасамi вымольваючы падачку. Я назiраў за тым, як ён гэта рабiў: нiшто ў прафесаравых паводзiнах не выяўляла ў iм разумнага чалавека. Маленькая малпачка дала яму банан. Прафесар узяў яго, усеўся, скурчыўшы пад сабою ногi, i пачаў таропка жэрцi падачку, не зводзячы з тае малпачкi, што дала яму ласунак, прагнага позiрку, быццам спадзяваўся атрымаць яшчэ што-небудзь. Пры гэтай сцэне я зноў заплакаў. Я шэптам растлумачыў Зiры прычыну маiх слёз. Я хацеў падысцi i загаварыць з прафесарам, але яна катэгарычна мне гэта забаранiла. Я нiчым не змог бы яму дапамагчы цяпер, а нашае раптоўнае ўсхваляванае спатканне магло б адно прывесцi да непажаданага скандалу, якi пашкодзiў бы нам абодвум i парушыў бы мае планы.
- Мы зоймемся iм пасля кангрэса, - сказала мне Зiра, - калi ты будзеш прызнаны i прыняты нашым грамадствам, як разумная iстота.
Яна мела рацыю, i я з горыччу дазволiў ёй вывесцi сябе з заасада. Па дарозе да машыны я растлумачыў Зiры, хто такi прафесар Антэль i якой рэпутацыяй карыстаўся ён на Зямлi i асаблiва сярод вучоных. Яна доўга думала i ўрэшце паабяцала вызвалiць яго з заасада. Пакуль мы дабiралiся да iнстытута, я трохi супакоiўся, але ў час вячэрняй кармёжкi я адмовiўся ад ежы, прынесенай гарыламi.
Раздзел VII
За тыдзень да кангрэса Заюс часта наведваў мяне. Ён праводзiў на мне сама недарэчныя выпрабаваннi, i яго сакратарка ледзь паспявала запаўняць свой сшытак назiраннямi i заўвагамi, якiя тычылiся маёй асобы. Я ж хiтрыў i стараўся паводзiць сябе больш прымiтыўна, у адпаведнасцi з арангутанавымi ўяўленнямi.
Нарэшце доўгачаканы кангрэс пачаўся, але першыя днi былi прысвечаны тэарэтычным дыскусiям, i па мяне прыйшлi толькi на трэцi дзень. Аднак увесь гэты час я быў у курсе спраў дзякуючы Зiры. Заюс ужо зачытаў свой даўжэзны опус, у якiм паказаў мяне як чалавека з надзiва развiтымi iнстынктамi, але зусiм без розуму. Карнэлiй задаў яму некалькi складаных пытанняў, каб дакладчык растлумачыў, як ён ацэньвае тыя цi iншыя асаблiвасцi маiх паводзiн. Гэта распалiла старыя канфлiкты, i апошняе пасяджэнне было даволi бурлiвае.
Вучоныя раздзялiлiся на два лагеры: адны даводзiлi, што ў жывёл увогуле не можа быць душы, другiя - што пропасцi памiж псiхiкаю малпаў i жывёлiн няма. Вядома, поўнай праўды не ведаў нiхто, апроч Карнэлiя i Зiры. Аднак факты, якiя прывёў, расказваючы пра мяне, Заюс, былi настолькi неверагодныя - пра што гэты дурань нават не падазраваў, - што многiя нейтральныя назiральнiкi i некаторыя знакамiтыя вучоныя былi ўражаныя i па горадзе пайшла пагалоска пра зусiм незвычайнага чалавека.
Выводзячы мяне з клеткi, Зiра шапнула мне на вуха:
Ї Народу будзе процьма, як на ўрачыстасцi, а журналiсты ўсе збяруцца. Усе ўсхваляваныя i чакаюць сенсацыi. Гэта выдатна. Будзь мужны!
Яе маральная падтрымка была мне проста неабходная. Я адчуваў, што нервы мае здаюць. Прамову сваю я перачытваў усю ноч. Я ведаў яе слова ў слова, яна павiнна была пераканаць любога асталопа, але не давала спакою страшная думка, што мне не дазволяць нават загаварыць.
Гарылы ўпiхнулi мяне ва ўсталяваную на грузавiку клетку, дзе ўжо было некалькi падвопытных людзей, якiя заслужылi гонар паўстаць перад вучонаю сходкаю менавiта праз свае асаблiвасцi. Неўзабаве мы даехалi да велiзарнага будынка, завершанага купалам. Вартаўнiкi ўвялi нас у вестыбюль каля залы пасяджэнняў. Ля сцен вестыбюля стаялi клеткi, у якiх нам прыйшлося чакаць, пакуль нас збяруцца прадэманстраваць. Раз-пораз напышлiвы гарыла ў чорным мундзiры адчыняў дзверы ў вестыбюль i выкрыкваў нумар, пасля чаго вартаўнiкi бралi названага чалавека на ланцуг i выводзiлi ў залу. Кожны раз, калi ў дзвярах з'яўляўся гэты гарыла, сэрца маё ледзь не выскоквала з грудзей. Праз прачыненыя дзверы з залы пасяджэнняў даносiлiся цьмяны гул, крыкi, iншы раз апладысменты.
Усiх прадэманстраваных падвопытных адразу ж выводзiлi з вестыбюля, i, пакуль я лiхаманкава згадваў асноўныя палажэннi сваёй прамовы, у вестыбюлi не засталося нiкога, апроч мяне i вартаўнiкоў. Напэўна, мяне пакiдалi на канец, як зорку. Нарэшце, расчынiўшы дзверы, гарыла ў чорным выкрыкнуў мой нумар. Я ўскочыў, выхапiў з лап у аслупянелага вартаўнiка ланцуг, якi ён збiраўся прышпiлiць да майго ашыйнiка, i зрабiў гэта сам. Потым у суправаджэннi двух вартаўнiкоў я цвёрдым крокам увайшоў у залу пасяджэнняў - i адразу ж спынiўся, аслеплены i разгублены.
З дня майго прыбыцця на планету Сарору я ўбачыў багата недарэчных сцэн. Мне здавалася, што я ўжо прызвычаiўся да малпаў i iх паводзiн настолькi, што мяне больш нiшто не можа здзiвiць. Аднак фантастычнасць i грандыёзнасць убачанага вiдовiшча шакiравалi мяне, i я якi ўжо раз спытаўся ў сябе, цi не бачыцца гэта мне нейкi кашмарны сон.
Я апынуўся на дне гiганцкага амфiтэатра, якi нагадаў мне лейкападобнае Дантава пекла: усе лаўкi вакол мяне i нада мною былi запоўнены малпамi. Тысячамi малпаў! Нiколi ў жыццi не бачыў я яшчэ столькi малпаў у адным месцы сама вар'яцкае ўяўленне зямнога чалавека не зможа намаляваць сабе падобнага вiдовiшча. Я быў проста раздушаны незлiчонай процьмаю малпаў.
Неверагодна кружылася галава, але я ўсё ж такi спрабаваў неяк зарыентавацца ў гэтым натоўпе. Але гарылы адразу ж выцягнулi мяне на сярэдзiну падобнай на цыркавую арэну круглай пляцоўкi з кафедраю для дакладчыка. Я павольна азiрнуўся. Рады лавак, запоўненыя малпамi, узносiлiся пад самы купал на неверагодную вышыню. На нiжнiх лаўках сядзелi сябры кангрэса, усе знакамiтыя вучоныя, усе ў паласатых штанах i цёмных рэдынготах, усе з ордэнамi на лацканах, усе сталага веку i амаль усе - арангутаны. Я заўважыў сярод iх толькi некалькi гарыл i шымпанзэ. Пашукаў вачыма Карнэлiя, але так i не знайшоў.
Ззаду ад удзельнiкаў кангрэса былi адведзены рады лавак для iх памочнiкаў i супрацоўнiкаў. На тым самым узроўнi быў i сектар прэсы, запоўнены журналiстамi i фатографамi. А вышэй, за другiм бар'ерам, сядзелi шматлiкiя гледачы. Мяркуючы па гуле, якiм сустрэлi маё з'яўленне, атмасфера ўжо была вельмi гарачая.
Я паспрабаваў знайсцi Зiру, якая павiнна была сядзець сярод асiстэнтаў. Мяне падтрымаў бы адзiн яе позiрк. Але i тут я быў расчараваны: у процьме д'ябальскiх пыс не было нiводнай знаёмай мне!