10415.fb2
Вучэбныя групы па шаснаццаць чалавек кожная збольшага былі сфарміраваны па інтарнацыянальным прынцыпе. Але складальнікі сьпісаў ці то сьпяшаліся, ці то не надавалі вялікага значэньня гэтаму прынцыпу, і інтэрнацыянал не заўсёды вытрымліваўся. У пяці групах увогуле не было беларусаў, а ў нашай шостай, празванай пасьля гвардзейскай, аказаліся два – Аляксей Камай і я. Можна зразумець, чаму ня ў кожную патрапілі прыбалты, армяне, грузіны, азербайджанцы – іх было мала, але тое, што ў нашай не было ўкраінца, а ў некаторых зьбіралася па двое-трое, сьведчыла, што інтэрнацыянальны прынцып ня меў прынцыповага значэньня...
Першым, сеўшы за стол выкладчыка, прадставіўся наш куратар – Рафаіл Рыгоравіч Грыгар’ян, малады, амаль нашага веку выкладчык з кафедры філасофіі. Забягаючы наперад, зазначу, што нам страшэнна пашчасьціла – Рафаіл Рыгоравіч аказаўся ня толькі выдатным, усебакова адукаваным педагогам, інтэлектуалам, але і добрым чалавекам, дэмакратычным, памяркоўным, сапраўдным старэйшым таварышам і сябрам. Ён па алфавіце даваў слова для знаёмства, і кожны з нас кораценька называўся, хто ён, адкуль і з якой пасады прыехаў, што закончыў і якую базавую прафесію атрымаў, колькі словаў казаў і пра сям’ю. З групы толькі мы, беларусы, і балгары ўжо трохі зналіся. Аляксея Камая пабачыў і даведаўся, што будзе маім аднакурсьнікам з экрану тэлевізара, дзе ён, першы сакратар Краснапольскага райкаму, у дэмакратычнай разьлятайцы з кароткімі рукавамі даваў інтэрв’ю ў полі на жніве і на пытаньне карэспандэнта, як плануюць закончыць сельскагаспадарчы год, сказаў, што вынікі будзе падводзіць нехта іншы, паколькі ён на два гады едзе на вучобу ў Маскву, у ВПШ. А пазнаёміліся асабіста, калі праходзілі медыцынскую камісію, і адразу ж адчулі ўзаемную прыязь і сімпатыю, добра дружылі і пад час вучобы, дый пасьля, пакуль ён не пайшоў у вельмі высокія партыйна-кіраўнічыя рэспубліканскія сферы, а я сышоў з партыйнай работы.
У групе сабраліся пераважна трэція і другія сакратары райкамаў, некалькі інструктараў абкамаў партыі. У нас з Камаём аказаліся найбольш высокія службовыя статусы, гэта мела, але адначасова ўжо ня мела ніякага значэньня, паколькі трэба было адразу ж, з першага дня засвойваць залатое правіла Мітронаўскай слабады – на два гады напрэч забыць, кім ты быў, зрабіцца роўным сярод роўных, інакш – будзеш адчуваць сябе, мякка кажучы, вельмі і вельмі няўтульна. Хоць інтэрнацыянал у групе падабраўся не зусім поўны і дасканалы, затое сышлася ўся геаграфія Саюзу – Валодзя Дзедаў з прыморскага раёна на Далёкім усходзе, Міша Ліванаў з Калінінграду і я з Гародні з зусім блізкага захаду, Тамара Акілеева з паўднёвай Кіргізіі, Генадзь Шабаеў з паўночнай Хакасіі. У групе аказаліся рэсьпектабельны сівавалосы зямляк Расула Гамзатава табасаранец Абдурыза Аліеў, высокарослы, плячысты калмык Сяргей Сагаеў, ці то абруселы башкір, ці то абашкіраны рускі Васіль Нікалаеў, стройны, сімпатычны казах Сабіт Валіеў, Іван Какоткін з Варонежскай, Яўген Цімашкоў са Смаленскай, Галя Разіна з Кастрамской вобласьці, Валянцін Волкаў з Разані, рускі Ваня Астравушка прадстаўляў Узьбекістан. Апроч нас, савецкіх, у калектыве прыпісаліся два балгарыны – мажны, каржакаваты Бенча Дочаў і худзенькі, невысокага росту Мікола Дзінеў, якія ня надта любілі, калі мы іх звалі савецкімі балгарамі, ня дужа любілі свайго генсека Тодара Жыўкава, які насіўся з ідэяй уступленьня Балгарыі ў СССР шаснаццатай рэспублікай. Усе мы былі прыкладна ў адным (32-35 гадоў) узросьце, за выключэньнем двух аксакалаў – Абдурызы Аліева і Івана Какоткіна, якім пераваліла за 38. І прафесійны разнабой быў зусім невялікі – аграрыі, інжынеры, эканамісты, настаўнікі і адзін журналіст у маёй асобе. На два гады нам належала здружыцца, зьесьці разам не адзін пуд солі. Многае ў тым залежала ад выбару кіраўніцтва групы – старасты і партгрупорга. У нас гэты выбар аказаўся вельмі ўдалым – старастам стаў спакойны, зычлівы Генадзь Шабаеў, і тут жа, перавёўшы проста сход у партыйны, партгрупоргам абралі Аляксея Камая. На тым першае знаёмства і закончылася. Абмяняліся тэлефонамі і па існуючай тут даўняй традыцыі дамовіліся сабрацца для яшчэ больш блізкага знаёмства пасьля першай стыпендыі ўскладчыну... А яе чакаць доўга не давялося – ужо праз два дні выплацілі па сто рублёў авансу. Па тым часе, калі сярэдняя месячная зарплата па краіне не дасягала і шасьцідзесяці рублёў і за рубель можна было пражыць дзень не галадаючы, то былі даволі сур’ёзныя грошы...
Нефармальны збор з добрай чаркай ускладчыну вельмі зблізіў, зрадніў нас, адкрыў нечыя незвычайныя таленты. Вылучыўся перш за ўсё Валодзя Дзедаў, які добраахвотна ўзяўся за арганізацыю і рэалізацыю складчыны, папрасіўшы сабе двух памочнікаў для закупкі, транспарціроўкі правіянту і на ягоным жаргоне гаруча-змазачных матэрыялаў. Каржакаваты, невысокага росту, настолькі рухавы і спрытны, што насамрэч здавалася ў яго ўсё гарыць у руках. Тут жа ён, як некалі вялікія рэвалюцыянеры, атрымаў падпольную мянушку “Кок” і насіў яе аж да выпускнога вечару. Валодзя тут быў проста талент – у самае безграшоўе напярэдадні стыпендыі мог амаль з нічога зварганіць стол – закачаешся. Дзедаў першы атрымаў сваю падпольную мянушку. З цягам часу іх займелі ледзь ці ня ўсе. Мы з Камаём сталі “партызанамі”...
Першым часам існавала адчуваньне нейкай амаль нерэальнасьці новага ладу жыцьця, нават паверыць, прывыкнуць было не зусім проста да амаль неабмежаванай свабоды, калі адышлі, перасталі турбаваць звыклыя службовыя клопаты з вечнай адказнасьцю, кантролем, і ты рэальна пачынаеш адчуваць сябе гаспадаром становішча – рабі, што сам лічыш патрэбным, прыходзіць разуменьне, што за сьценамі Мітронаўскай слабады да цябе нікому няма ніякай справы, нібыта ты пайшоў у адпачынак, ды такі доўгатэрміновы, што і думаць ня хочацца, якія клопаты наваляцца ў туманнай, амаль нерэальнай далечыні... І ад гэтай нязвыкласьці зьяўлялася пачуваньне нейкай незразумелай няўтульнасьці. Ды ненадоўга – ня пройдзе і месяца, як хочацца паўтараць за пакаленьнямі былых гадаванцаў Мітронаўскай слабады: “спасибо партии родной за двухгодичный выходной”...
Ды, мусіць, нам толькі падавалася, што прадстаўленыя самі сабе, ніхто намі не цікавіцца, ня сочыць, не прыглядаецца. Інакш бы, як правіла, трох-чатырох выпускнікоў штогод не забіралі б у апарат ЦК КПСС, а туды без дэталёвага назіраньня, вывучэньня і праверкі ня возьмуць. А нашага чарнявага Аляксея Камая ўгледзелі людзі на Лубянцы – паклікалі і настойліва, з намёкам на магчымыя наступствы для ягонай кар’еры, калі адмовіцца, прапанавалі перайсьці ў іхнюю галоўную вучэльню, дзе пасьля адпаведнай падрыхтоўкі яго чакала адказная і гераічная работа на нелегальным становішчы ў гарачым ва ўсіх сэнсах Блізкаўсходнім рэгіёне. На роздум далі роўна суткі бяз права казаць і раіцца з кім бы там ні было, нават з жонкай. Аляксей добра ведаў, што з “хлопцамі” з Лубянкі гульні і жартачкі кепскія. Занепакоены, сам ня свой ён паклікаў мяне на вуліцу і па вялікім сакрэце расказаў, просячы парады, як лепш адбрыкацца... Да позьняга вечару прахадзілі мы ўзад-уперад па спакойнай нялюднай Селязнёўскай, абмяркоўваючы стратэгію і тактыку, розныя варыянты і аргументы, як годна і прыгожа выйсьці з сітуацыі. Найперш, канешне, рашылі ціснуць на сямейныя абставіны – жонка без сьпецыяльнасьці, двое малых дзяцей, а затым – роспачна прыкідвацца абсалютна тупым да вывучэньня замежных моваў... Словам, спрацавала, і Камай вярнуўся ў прыўзьнятым настроі, купіўшы на дарозе пару пляшак. Моўчкі і таемна ўзялі добрую чарку за загубленага на карані новага Шцірліца...
Толькі ў Ленінскай аўдыторыі дазваляў сабе чытаць лекцыі нязьменны старшыня экзаменацыйнай камісіі прафесар Крэтаў, можна сказаць, рэлікт ВПШ з дарэвалюцыйным партыйным стажам, які сустракаўся з Леніным. Лекцыі ветэрана былі мітынгова-эмацыянальныя, ні на крок не адступалі ад знакамітага “Кароткага курса”, у напісаньні якога нібыта ён прымаў удзел, хоць сам сцвярджаў, што ад першай да апошняй літары напісана рукою таварыша Сталіна. Для прыліку ягоныя лекцыі кансьпектавалі, хоць разумелі, што пры наяўнасьці столькіх талковых падручнікаў карысьць ад іх будзе невялікая.
Бадай кожны месяц, а то і часьцей у вестыбюлі зьяўляліся жалобныя партрэты з кароткімі біяграфічнымі зьвесткамі памерлых выкладчыкаў. Як правіла, гэта былі людзі ў вельмі-вельмі шаноўным узросьце. На іхнія месцы прыходзілі маладзейшыя, а то і зусім маладыя кандыдаты навук, і яны прыносілі з сабой новыя, сьвежыя павевы і парадкі. З незапамятных часоў, напрыклад, існавала ледзь ці не сакральная традыцыя – кожны слухач абавязаны прачытаць і закансьпектаваць усе чатыры тамы Марксавага “Капіталу”. Кансьпекты патрабаваў на праверку выкладчык, бяз іх слухачы не дапускаліся ні да экзаменаў, ні да залікаў, нават да семінарскіх заняткаў. Гэтая ж завядзёнка перадалася і ў рэгіянальныя партшколы. Народная творчасьць у сьценах вышэйшай партыйнай вучэльні выдала поўныя роспачы радкі:
Товарищ Маркс, о, если б знал,
Что ты для нас мученьем стал!
Ты не писал бы “Капитал”,
А написал бы “Капитальчик”,
Ну, толщиною этак с пальчик…
Толькі-толькі заселі за кансьпектаваньне, дакладней – кампіляцыю з перададзеных у спадчыну кансьпектаў – першага тому “Капітала”, як у вестыбюлі ў чорнай рамцы зьявілася фотакартка нашага выкладчыка. Праводзілі ў апошні шлях да самага крэматорыю, а праз колькі дзён зьявіўся новы палітэканом па прозьвішчы Міронаў, больш чым удвая маладзейшы за былога. Прапануем яму нашыя кансьпекты, а ён зьдзіўлена паціскае плячыма: а навошта? Кажам: ад нас патрабавалі. А ён: калі хочаце – кансьпектуйце, а мне гэта непатрэбна. Дый вам, думаю, – гэтаксама... Любы падручнік па палітэканоміі капіталізму – гэта практычна той жа кансьпект “Капіталу”, але зроблены прафесійна, сістэматызавана, асучасьнена і, канешне ж, больш папулярна. Важна адчуць дух Марксава вучэньня, а ня цяжкую, архаічную фразеялогію перакладаў ягонай геніяльнай працы. Нам чорнай зайздрасьцю зайздросьцілі калегі з іншых групаў, пакуль на трэцім томе бязглуздае рытуальнае кансьпектаваньне не адмянілі паўсюдна. Пагаворвалі, пасьля таго, як адзін тупаваты ад прыроды дзівак узнамерыўся вызубрыць “Капітал” на памяць, аднак нешта “заела”, адбыўся зрух у мазгах – стаў крычаць, нібыта Маркс украў у яго сюртук, патрабаваць аддаць таго пад суд. З паўгоду лячылі небараку, а потым адлічылі, па-вайсковаму кажучы, камісавалі па стане здароўя. Канешне ж, наўрад ці гэты дзівак-недарэка стаў прычынай, хутчэй быў апошнім штуршком, апошнім аргументам для злому дагматычна-талмуднага стэрыатыпу. У ВПШ прыходзілі слухачы ўсё новай і новай генерацыі з веданьнем рэальнага жыцьця, рэальных сацыяльных працэсаў, якія ну аніяк не хацелі ўкладвацца ў закасьцянелыя тэарэтычныя схемы. Новы рэктар рашуча ўзяў курс на амаладжэньне прафесарска-выкладчыцкага складу – і сьвежыя павевы сталі неадольна ўрывацца ў непрыступную цытадэль зафецішаванага тэарэтычнага фундаменталізму. Асабліва гэта назіралася на лекцыях і практычных занятках курсаў канкрэтнай эканомікі прамысловасьці, сельскай гаспадаркі, будаўніцтва і траспарту, дзе выкладчыкі дазвалялі сабе гаварыць такое, што ў нас аж дых займала, пасьля чаго падручнікі, якія ледзь ці не штогод мяняліся-падпраўляліся ў сьвятле найноўшых рашэньняў і ўказаньняў, падаваліся недарэчнейшымі адзін за другі. “Крамола” ўсё часьцей і часьцей стала выпаўзаць на лекцыях і семінарскіх занятках па курсах “Дяржава і права”, “Міжнародны рабочы і камуністычны рух”. Як сёньня памятаю шок у Ленінскай аўдыторыі, зроблены на слухачоў абодвух курсаў вядучым эксьпертам Міністэрства замежных справаў па прозьвішчы Богуш, які заявіў, што чатыры астравы Курыльскай грады належаць Японіі і рана ці позна будуць вернутыя ёй. Нават у сьвятая сьвятых гісторыі КПСС пад няўсыпным вокам прафесара Крэтава маладыя выкладчыкі асьцярожна знаходзілі пэўныя нестыковачкі, адсылалі да тых ленінскіх работ, якія ніколі не рэкамендаваліся да чытаньня і кансьпектаваньня. Абсалютна сучасным, чуйным да новага быў і наш куратар Рафаіл Рыгоравіч Грыгар’ян. Ужо тое, што ён у Берлінскім універсітэце на нямецкай мове абараніў дысертацыю па Гегелю, выклікала да яго павагу. Ён паступова, даходліва, займальна ўводзіў нас у складаны сьвет гегелевай дыялектыкі, і мы ўсё ўпэўненей і ўпэўненей пачыналі спасьцігаць, чаму супярэчлівасьці з іх колькасна-якаснымі пераходамі ёсьць і рухаючая сіла, і выток усялякага разьвіцьця, чаму перапынак паступовасьці, скачкі, адмаўленьне сыходнага моманту і адмаўленьне самога гэтага адмаўленьня, паўтор на вышэйшай аснове пэўных рысаў першапачатковага стану зьяўляюцца своеасаблівай саманаладжвальнай спружынай бесьперапыннасьці і паступовасьці разьвіцьця прыроды, грамадства, мысьленьня па ўніверсальных аб’ектыўных законах, вучыліся ўспрымаць, прымяняць іх да аналізу і пазнаньня логікі разьвіцьця і ягоных магчымых накірунках. Усё гэта было надзвычай цікава, і неўзабаве сталася, як ён і абяцаў: пачыналі спакойна, за кубачкам кавы з захапленьнем чытаць сьпецыфічную філасофскую літаратуру, якая яшчэ зусім нядаўна падавалася мудрагелістай, завумнай, незразумелай. Я дык на працягу многіх год пасьля заканчэньня вучобы выпісваў і чытаў “Философский журнал”. І яшчэ Рафаіл Рыгоравіч пастаянна раіў нам вучыцца адсарбіраваць патрэбнае для жыцьця і будучай нашай практычнай дзейнасьці, спрыяльнае для пазнаньня і павышэньня інтэлекту ад рознай непатрэбшчыны, глупства, якімі нам ўсё яшчэ працягвалі забіваюць галовы. Настойліва рэкамендаваў як можна паўней выкарыстаць час вучобы ў Маскве для знаёмства з тэатрамі, музеямі, маскоўскімі і падмаскоўнымі славутымі мясьцінамі, бо мець такую магчымасьць наўрад ці хто з нас калі-небудзь будзе... І трэба аддаць належнае арганізатарам і куратарам вучэбнага працэсу: яны стваралі для гэтага належныя ўмовы. Дэфіцытныя білеты ва ўсе лепшыя маскоўскія тэатры і нашумелыя сьпектаклі слухачам часта было дастаць прасьцей, чым адказным работнікам апарата ЦК. Апроч абавязковых курсаў этыкі і эстэтыкі са здачай экзаменаў, функцыяваў факультатыў па праблемах літаратуры і мастацва, дзе чыталі лекцыі, праводзілі семінарскія заняткі кваліфікаваныя выкладчыкі з літаратурнага, акадэмічных інстытутаў. У школу з канцэртнымі праграмамі запрашаліся знакамітыя кампазітары і выканаўцы, якія ведалі перад кім выступаюць і выкладваліся спаўна. Асабліва запаважалі Іосіфа Кабзона, які без аніякіх фанаграм “трымаўся” на сцэне больш за чатыры гадзіны, сьпяваў усё, што яго прасілі. І ў першы, і праз год у другі раз. Праз нацыянальныя зямляцтвы запрашаліся калектывы з саюзных рэспублік, якія гастралявалі ці ўдзельнічалі ў нейкіх мерапрыемствах у Маскве. Часьцей за ўсё гэта былі калектывы этнаграфічнага кшталту, і ня ўсе з іх рабілі належнае ўражаньне на шматнацыянальную публіку. Затое галасістая беларуская прыгажунька Вольга Шутава ўчыніла літаральна фурор, якога, казалі, яшчэ ня бачыла Ленінская аўдыторыя. Асабліва, калі загучаў яе каронны “Дубочак зялёненькі”, і яе, стоячы, не адпускалі мо з паўгадзіны. І падбадзёраная доўгімі авацыямі, выкрыкамі “брава!”, “біс!” пасьля кожнага нумара сьпявала Вольга, як ніколі, натхнёна з найвялікшым душэўным уздымам, нібы адчувала, што зусім мала наканавана ёй, магчыма, кожнае выступленьне – гэта ейная лебядзіная песьня...
За сімвалічную плату альбо і зусім без яе арганізоўвалі экскурсіі па знакамітых гістарычных мясьцінах сярэдняй Расіі – Ясная Паляна, Барадзінскае поле, Яраслаўль, Суздаль, Уладзімір і г.д. Ну, а славутыя мясьціны ў блізкім Падмаскоўі – Архангельскае, Абрамцава, Сергіеў Пасад (тады Загорск) і іншыя, аб’ехалі, і ня раз, самастойна і ў выхадныя, і ў будні, калі не было цікавых лекцый: сядалі кампаніяй на электрычку ці рэйсавы аўтобус – і праз гадзіну-другую на месцы. Асабліва прыцягваў нашу кампанію Загорск, дакладней – Сергіева лаўра з мноствам старадаўніх храмаў, манастыром, духоўнай семінарыяй, адміністрацыйнымі памяшканьнямі патрыярхата. На гэтым невялічкім цесным астраўку пад рознавялікімі пазалочанымі купаламі з урачыстымі блікамі сонечных промняў было нязвыкла іншае жыцьцё, і цякло нясьпешна яно па чужых для нас законах непрымірымай ідэалогіі. Было надзвычай заманліва, цікава зблізу глянуць на незнаёмае быцьцё, якое згодна нашаму матэрыялістычнаму вучэньню параджае памылковую, непрыймальную ідэалістычную філасофію, чужую, варожую нам ідэалогію, а калі пашчасьціць, то і візуальна пабачыць ейных вядомых тэарэтыкаў і практыкаў. На курсе навуковага атэізму выкладчык часта спасылаўся на мітрапаліта Нікадзіма як вядучага сучаснага тэарэтыка-тэолага, аднаго з самых верагодных пратэндэнтаў на патрыяршы прэстол, сьцьвярджаючы, што клопатаў не абярэмся, калі і насамрэч будзем мець справу з гэтым маладым, энергічным, схільным мімікрыраваць ідэйным праціўнікам. Тут мы ня раз бачылі таго самага Нікадзіма – высокага, рыжабародага, заўсёды элегантнага і велічнага ў сваім раскошным аблачэньні сярод сьвіты клірыкаў у чорным. Ён адчуваў, што робіць уражаньне, і бы знарок напаказ лёгкай спружыністай паходкай прахаджваўся па тэрыторыі сярод застылага ў пачцівым паклоне шматлікага люду, дзе якога шэптам перадавалася: “мітрапаліт Нікадзім”... Канешне ж, нікому з нас і ў галаву не прыходзіла ўступаць з ім у кантакт, усчынаць нейкую ідэйную дыскусію, бо апрыёры адчувалі ягоную агромістую перавагу, дый выдаваць, што слухачы ВПШ топчуцца тут, было і не з рукі, і пры адпаведнай інтэрпрэтацыі магло абярнуцца нежартоўнымі пасьледкамі. Проста цікава было паназіраць збоку. Ня ведаю, ад чаго ў зусім маладых летах памёр Нікадзім, але зьвестка аб ягонай сьмерці выклікала зьдзіўленьне і недаўменьне. І яшчэ была простая чалавечая цікавасьць, нейкі пратэст і адначасова спачуваньне сімпатычным хлопцам у звычайных сьвецкіх касьцюмах, якія вярталіся з гораду, прад’яўлялі дакументы манаху ў брамцы-прахадной і звыкла, пасьпешным крокам, ішлі на тэрыторыю самай антаганістычнай нашай навучальнай установе – духоўнай акадэміі. О, як карцела хоць адным вокам зірнуць, што дзеецца за гэтымі змрачнаватымі мурамі з маленькімі акенцамі, абразуміць, вярнуць да нармальнага жыцьця хлопцаў, якім затлумілі галовы папы. Але і з маладымі ў чорных сутанах студэнтамі духоўнай акадэміі, з якімі сутыкаліся і ў цэрквах, і на прылеглых тэрыторыях, і нават у музеі народных рамёстваў, уступаць у дыспут, пераконваць замінала нейкая незразумелая страхавітасьць... Але больш за ўсё вабіла, змушала раніцой у нядзельку ці на нейкае сьвята сядаць у электрычку і больш за гадзіну ехаць сюды, каб паслухаць музыку царкоўных званоў. У вялікіх і малых гарадах яны былі забаронены, званы можна было пачуць, бадай, толькі тут, і іхняя музыка падавалася нечым неверагодным, неспасьцігальным. Пагляд міжволі падымаўся ўверх, дзе залатыя купалы на фоне сіняга неба з імклівымі белымі аблачынкамі стваралі ўражаньне, што не з рознавялікіх і рознаўзроўневых званіц, а і аднекуль значна вышэй падаюць свае галасы і галасочкі званы і званочкі, і нібыта дырыжыруе імі нехта нябачны з паднябесься. І ўсе гэтыя такія розныя, непадобныя галасы і падгаласкі стваралі адну стройную, велічную, урачыста-гімнавую мелодыю амаль незямнога гучаньня. Праз нейкую хвілю-другую з’яўлялася адчуваньне, што гэтая мелодыя паволі адрывае ці то цябе, ці тваю душу ад грэшнай зямлі, ачышчае, уздымае да царкоўных купалоў з ажурнымі крыжамі, вышэй і вышэй, аж да нябёсаў... Усё гэта падавалася па той бок розуму, па-за рацыянальным мысьленьнем, адбывалася на падкоркавым, мо нават генным узроўні...
Заняткі, звычайна, праходзілі а першай палове дня, праўда, зрэдку, як выключэньне, мо раз у два месяцы на пасьля абеда прызначаліся нейкія выніковыя семінары, залікі ці экзамены, аднак тады першая палова дня была вольнай. Паабедаўшы тут жа ў сваёй сталоўцы самаабслугоўваньня, адпачывалі, перакурвалі і пачыналі займацца самападрыхтоўкай, па-просту кажучы, хто чым хацеў. Нехта ішоў у чыталку, паколькі ў суседа па пакоі былі нейкія зусім іншыя, далёкія ад вучобы і навукі планы, нехта нешта чытаў, усеўшыся за стол ці ў мяккае крэсла, альбо лежачы на ложку, а бальшыня дык знаходзіла нейкі іншы занятак, і перш за ўсё – як мага хутчэй асвоіць Маскву. Фарміраваліся групы і кампаніі па інтарэсах, і яны не абмяжоўваліся нацыянальнымі, вучэбна-групавымі, нават курсавымі сувязямі. Адных аб’ядноўвалі культурніцкія, другіх – гісторыка-пазнавальныя інтарэсы, трэціх яднала любоў да парылкі з бярозавым венікам, чацьвёртых – залацістае піва, пятых – больш істотныя напоі, шостых – шахматы, сёмых – прэферанс, восьмых – звычайны рабоча-сялянскі падкідны і г. д. Сёй-той ставіў задачу ўвогуле экзатычную – за два гады паймець і запісаць у сваю калекцыю ня менш за сто масквічак. Задача была зусім рэальная, паколькі з пратэндэнткамі ў такія калекцыі вялікіх праблем не было – тэлефоны ў пакоях, асабліва на пачатку навучальнага года, аж абрывалі гульлівыя жаночыя галасы. Па статыстыцы ў Маскве тады пражывала за 80 тысячаў няўцешных удавіц і разьвядзёнак у дабальзакаўскім і бальзакаўскім узросьце, гатовых хоць ночку пагрэцца ля чужога агню, і вэпэшоўскі тэлефонны камутатар, за кожным нумарам якога жылі прыстойныя, згаладнелыя па жаночай ласцы мужыкі ў самым саку, быў вядомы, карыстаўся вялікай папулярнасьцю сярод іх... Але ня ўсе былі калекцыянеры па натуры, ведалі, чым яно можа скончыцца, таму надоўга, часам на ўвесь тэрмін прыжываліся ля сімпатычных бяз комплексаў і аніякіх прэтэнзіяў маладзіц, пакідаючы суседу маскоўскі тэлефон на выпадак “трывогі”. І тут іншы раз здараліся сьмешныя і грэшныя гісторыі.
Часам маскоўскія пасіі пераходзілі ў спадчыну ад выпускнікоў да першакурсьнікаў, па тым жа знаёмым тэлефонным нумары. Апошнія і не здагадваліся. Часам высьвятлялася зусім выпадкова, калі нехта прыязджаў у камандзіроўку ў сталіцу і рашаў наведацца па старых адрасах... Мусіць, пра маскоўскія спакусы ведалі ці жаночай інтуіцыяй адчувалі, бо некаторыя жонкі кідалі ўсё і ехалі разам з мужамі ў Маскву, дзе здымалі кватэрку ці пакойчык, уладкоўваліся на работу. З нашай групы такім макарам прыехала жонка Івана Какоткіна Люся, урач. Пакуль яна была на рабоце, Іван прападаў з намі, а на ноч амаль дзьве гадзіны дабіраўся на ўскраек гораду, дзе яны здымалі пакойчык.
Але былі і іншага кшталту калекцыянеры. Апроч сотні масквічак, яны ставілі яшчэ адну задачу – не пакінуць белай плямай на карце сталіцы ніводнай піцейнай установы. Калі першыя, маючы справу з удавіцамі і разваднічкамі, як-кольвек укладваліся ў стыпендыю, то гэтыя ўмудраліся праводзіць праз строгую прахадную кідкіх юных прыгажуняў, купленых за залатыя пярсьцёнкі, дарагія каменьчыкі, модныя транты і г.д. Для таго, канешне ж, дзьвесьцерублёвай стыпендыі было да сьмешнага мала... Гэта толькі мы, славяне, і то далёка ня ўсе, дзяліліся стыпендыяй з жонкамі і дзецьмі. Многія дык наадварот мелі падмогу з дому, і ня толькі... Неяк кінулася ў вочы, што ў паштовай ячэйцы з маёй літарай “Б” на адно і тое ж прозьвішча ледзь ці не штодня з Узьбекістану зьяўляецца па 5-6 запоўненых рознымі почыркамі грашовых пераводаў не сказаць, каб з вялікімі, але прыстойнымі сумамі. Хоць, як кажуць, у чужой кішэні грошы лічыць непрыстойна, але заінтрыгавала: што ж гэта за партайгэносэ? Пацікавіўся ў Вані Астравушкі, і той расказаў і нават паказаў другакурсьніка, якому рыхтуюць высокае месца ва ўзьбецкім ЦК. А ў іх заведзена пасылаць будучаму вялікаму начальніку “падмогу” да стыпендыі і не абавязкова ведаць, ад каго яна. Жыў патэнцыяльны ташкентцкі чын у Маскве па-байску. Ля прахадной з ранку да ночы яго чакала таксі, ледзь ці не штодня шыкаваў з прыгажунямі і патрэбнымі людзьмі ў самых прэстыжных рэстаранах. На свае вочы бачыў, як многія сярэднеазіяты, закаўказцы вярталіся з канікулаў наўючаныя неймаверных памераў бавуламі і з чамаданамі грошай. Пры тым нават і ня думалі хавацца, таіцца, ахвотна, як аб нечым абсалютна нармальным, расказвалі пра іхнюю традыцыю і завядзёнку раённай грамадою зьбірацца на праводзіны з канікулаў свайго былога начальніка, які пасьля вучобы ў Маскве, канешне ж, зойме яшчэ вышэйшую пасаду. І кожнаму старшыні калгасу, дырэктару саўгасу, прадпрыемства загадана рабіць адпаведны ўнёсак, каб іхні пасланец у сталіцы ня надта пачуваў сябе абмежаваным у сродках, пастараўся наладзіць патрэбныя знаёмствы і сувязі... І яны дзівіліся, не хацелі даваць веры, што ў нас за такое павыключалі б з партыі, пааддавалі б пад суд. Мы, перш за ўсё са славянскіх і прыбалтыйскіх рэспублік, з недаўменьнем і трывогай назіралі, як гэтая небясьпечная зьява пашыраецца, пачынае, як іржа, разьядаць “построенный в боях социализм”. А нам працягвалі далдоніць, у найноўшых партыйных дакументах сьцьвярджаць, што карупцыя пышным кветам працьвітае толькі ў асуджаным гісторыяй гнілым капіталізме, а таксама пры адступніках і прадажных рэжымах, якія здрадзілі сацыялізму і сваім народам. У нашым жа грамадстве разьвітога сацыялізму даўно вырваны, з коранем вынішчаны самі ўмовы існаваньня падобных ганебных зьяваў, таму ніякай карупцыі няма і быць няможа. І мы недаўменна паціскалі плячамі: то што ж тады такое карупцыя?.. І зноў каторы ўжо раз тэорыя разыходзілася з практыкай... Уяўлялі, чым усё можа скончыцца, якая сьветлая будучыня чакае нас, калі партыя ня гляне праўдзе ў вочы, ня возьмецца ўсур’ёз за выкараненьне гэтай заразы. А тое, што партыя абавязкова возьмецца, паленым жалезам пачне вынішчаць пошасьць, мы сьвята верылі, і неўпрыкмет, спакваля пачыналі прывыкаць, уцягвацца самі...
Нас, прадстаўнікоў Беларусі, нават дзівіла, што рэктарат, парткам, прафкам прыдаюць гэтакае значэньне, удзяляюць столькі ўвагі зямляцтвам, бо для нас, самых інтэрнацыянальных інтэрнацыялістаў, гэтыя зямляцтвы падаваліся падазронымі, не спрыялі канчатковаму разбурэньню нацыянальных перагародак. Беларусы і тут беглі наперадзе паравозу. Тым ня менш, існавала сумеснае з Акадэміяй грамадскіх навук беларускае зямляцтва. У адрозьненьне ад іншых яно практычна бязьдзейнічала, калі не лічыць, што два ці тры разы дамаўляліся з выступленьнем у школе беларускіх мастацкіх калектываў, якія гастралявалі ў Маскве. Артыстаў і ўгаворваць не даводзілася, калі даведваліся, што выступаць давядзецца перад будучымі начальнікамі з усяго Саюзу і сацлагеру, з кім, магчыма і верагодна, неўзабаве давядзецца мець справу ў арганізацыі гастроляў. А так зьбіраліся ўскладчыну раз на год у рэстаране, каб абраць прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта. У прэзідэнты, звычайна, вырастаў віцэ, а першакурсьнікі вылучалі на ягонае месца некага са сваіх. На працягу вучобы я прысутнічаў і ўдзельнічаў у каранаваньні нашым прэзідэнтам Валодзі Міцкевіча, а віцэ – Аляксея Камая ў рэстаране “Славянский базар”, а праз год – Аляксея Камая ў пары з Генадзем Барташэвічам. Мы з Васем Слушнікам з аддзяленьня журналістыкі настаялі, каб пасяджэньне правесьці ў рэстаране “Минск” – трэба ж трымацца хоць нейкай сімволікі. І яшчэ я даказваў, што паколькі мы беларускае зямляцтва, то лагічна і пасяджэньне весьці на роднай мове, але са мной не пагадзіліся, і я быў адзін, хто тост-прамову сказаў па-беларуску, атрымаўшы самыя працяглыя апладысьменты. Але выбар на кіраўніцтва зямляцтвам на гэты раз быў не зусім удалы: ні прэзідэнт, ні віцэ не дабылі на сваіх ганаровых пасадах да канца – аднаго і другога адклікалі з вучобы датэрмінова. А потым нібыта па нейкай іроніі лёсу яны праз паўтара дзясятка гадоў па чарзе займалі пасаду другога сакратара ЦК КПБ...
За год-паўтара, здавалася, пасьпелі настолькі ўздоўж-упоперак асвоіць і вывучыць Маскву, што знайсьці, адкрыць нешта новае, незнаёмае, у прыватнасьці, дзе б можна добра адпачыць у выхадныя, проста ўжо немагчыма. Аж раптам даведваемся, што на тэрыторыі Ціміразеўскай акадэміі ёсьць чыстыя вадаёмы, дзе можна ня толькі пазагараць, але і добра пакупацца. А пад канец другога курсу адкрылі ўвогуле раскошнейшае месца адпачынку: сядаеш на Водным вакзале за прыймальную плату на цеплаход, які па канале праз шлюзы спускаецца да яшчэ ня надта шырокай, але чысьцюткай Волгі з цудоўнымі краявідамі, пясчаным дном і аксамітнымі берагамі, прышвартоўваецца да бязьлюднага берагу і ледзь ці не паўдня чакае, пакуль пасажыры накупаюцца-нагуляюцца, а ў прызначаны час склікае іх на борт густым хрыплаватым гудком. Гэта вам ня тлумны і забруджаны Сярэбраны бор, дзе і ў ваду заходзіць непрыемна! У цёплы час аздараўленьнем і адпачынкам займаліся пераважна самі, хто як можа, а зімою клопат браў на сябе прафкам. За сімвалічную плату па некалькі групаў арганізавана вывозілі ў Нагорнае – колісь камінтэраўскі, а зараз цэкоўскі прафілакторый. Летам тут жылі адказныя работнікі ЦК, якіх сьпецыяльныя аўтобусы з ранку адвозілі, а пад вечар прывозілі з работы, а ў несезоньне прафілакторый практычна пуставаў, і сюды на выхадныя завозілі групы ВПШ і Акадэміі грамадскіх навук. Тут былі надзвычай утульныя, нават раскошныя пакоі, смачна кармілі, меўся буфет з добрым наборам напояў рознай забойнай сілы. На ўсё жыцьцё запомнілася, як па-сямейнаму шчыра, весела адзначылі ў Нагорным усёй групай 38-годдзе Аляксея Камая першага красавіка...
Адпачынак адпачынкам, вольніца вольніцай, а многія, для каго не яны былі галоўнымі, не забывалі, для чаго сюды прыехалі. Адны мелі на мэце паехаць адсюль з гатовай дысертацыяй, а калі пашчасьціць, то і абараніцца, другія добрасумленна ці дзеля ўласнай цікавасьці заседжваліся ў прасторнай і зручнай “чыталцы” альбо цягалі зьвязкі кніг да сябе ў пакоі, не зважаючы на пацьвелкі пасьлядоўнікаў вядомага прынцыпу: лепш мець сіні дыплом і чырвоную морду, чым сінюю морду і чырвоны дыплом...
Можа ўзьнікнуць пытаньне: а як жа здавалі экзамены і залікі ўсе гэтыя “калекцыянеры” і “чырвонамордыя”? Па-першае, нікога не пакідалі на другі год, бо каб можна было – бальшыня гатова была б вучыцца да самай пенсіі, па-другое, у групах была дасканалейшым чынам адладжана з дубляжом і падстрахоўкамі так званая сістэма “секам” – здача па шпаргалках...
А ўвогуле разумна спалучаючы прыемнае з карысным і блізка не ўпадаючы ў нейкія мазгавыя перагрузкі і аскетызм, тут пры жаданьні можна было грунтоўна і ўсебакова заняцца самаадукацыяй, шукаць і знаходзіць, дакопвацца да самых патаемных ісьцінаў, нават калі яны схаваныя пад сям’ю замкамі. Галоўнае, што навучылі выкладчыкі, найперш Рафаіл Рыгоравіч – як і дзе шукаць гэтыя ісьціны, адсарбіраваць важнае ад малаважнага, істотнае ад неістотнага, знаходзіць, прасьледжваць прычынна-пасьледкавыя сувязі. У ВПШ была агромістая, найбагацейшая сьпецыялізаваная бібліятэка, дзе можна знайсьці практычна ўсё, пачынаючы з рарытэтаў, канчаючы найноўшымі выданьнямі па філасофіі, палітэканоміі, гісторыі, канкрэтнай эканоміцы, дзяржаве і праву, усёй іншай грамадска-палітычнай тэматыцы. Нават тое, што ў іншых бібліятэках даўно было зьнішчанае як шкоднае альбо пераведзенае ў засакрэчаныя сьпецфонды. Тут таксама меліся сьпецфонды, да якіх можна было даступіцца, не зьбіраючы шматлікія візы і рэзалюцыі, як у іншых, уключаючы Ленінку. Бібліятэка мела вельмі багатыя фонды мастацкай літаратуры, дзе можна было атрымаць тое, пра што нават цяжка было марыць. Напрыклад, часопісы 20-х – пачатку 30-х гадоў, дзе друкаваліся Булгакаў, Платонаў, Мандэльштам, практычна ўсе рэпрэсаваныя пісьменьнікі. Тут я прачытаў ня толькі вязьняў ГУЛАГу, эмігрантаў, але і забароненага Горкага, “Окоянные дни” Буніна, Аверчанку, на чыю злую сатыру пад назовам “Двенадцать ножей в спину революции” адклікнуўся сам Ленін, і шмат чаго яшчэ. Бадай, ніколі яшчэ гэтак асэнсавана і мэтанакіравана, з такім захапленьнем і натхненьнем не заглыбляўся я ў чытаньне, ня зьведваў такой радасьці пазнаньня і адкрыцьця. Часам літаральна адкрываліся вочы на шмат якія старонкі мінулага, якое падавалася афіцыйнай гісторыяграфіяй без аніякіх адценкаў, выключна ў закансерваванай, застылай чорна-белай інтэрпрэтацыі... Мусіць, мая цікавасьць, якая яўна выходзіла за межы вучэбных праграмаў, а таксама тое, куды я капаюся, дзе і што шукаю, кінулася ў вочы старэнькай, сухенькай бібліятэкарцы, пэўна, яшчэ са старых інтэлігентаў, і яна праніклася да мяне павагай, ахвотна і неяк неўпрыкмет накіроўвала маю ўвагу, падказвала, што можа зацікавіць, і тое насамрэч надзвычай захапляла мяне. Потым стала дапускаць да фондаў, на якія патрабаваўся высокі дазвол, які, звычайна, суправаджаўся насьцярожана-падазроным пытаньнем: а навошта гэта табе? А неўзабаве я заслужыў у яе такі давер, што дазваляла на вечар-два сёе-тое выносіць з чытальнай залы, узяўшы слова, што нікому ня буду казаць і паказваць...
Я рыхтаваў сябе ўсур’ёз, упэўнены, што атрыманыя веды і пазнаньні будуць запатрабаваныя ў маёй будучай рабоце. Ды па вялікім рахунку яны аказаліся нікому не патрэбнымі, апроч самога сябе. А мо гэта і маё шчасьце, што аказаліся незапатрабаванымі – хто ж яго ведае, як усё магло б павярнуцца...
Недзе пасьля Новага году другакурсьнікі пачыналі жыць хваляваньнем: што прапануюць, якую заяўку зробяць родныя абкамы партыі? Нехта ўжо нешта ведаў па неафіцыйных сяброўскіх сувязях, нехта здагадваўся, але ўсё роўна пэўнасьці не было. Яна і то няпоўная, адносная, прыблізная пачыналася пасьля выкліку ў ЦК КПСС, дзе і агучвалі заяўкі абкамаў, пыталіся, згодзен ты ці ня згодзен на прапанаваную пасаду і работу. Усе разумелі, што гэта толькі для прыліку, і не чутно было, каб нехта калі рашаўся выказваць нязгоду... Чуйна лавілі пэўныя сігналы на балючую тэму з дому, ад сяброў-таварышаў. Сігналы, пераважна ананімныя, ішлі і ў ЦК КПСС ад розных “добразычліўцаў”, якія прачуўшы, што некаму рыхтуюць салідную пасаду, кідаліся напаскудзіць, падставіць падножку. Ананімкі перасылаліся ў абкамы для праверкі і прыняцьця мер, а часам – у парткам школы, затым разглядаліся ў партгрупах. З нашых “фурманка” прыехала на “Адмірала” – Абдурызу Аліева. Нейкі зласьлівец сігналіў, што Аліеў змусіў урачоў зрабіць абразаньне свайму малому сыну. Параіліся з Аляксеем Камаём (пасьля датэрміновага адкліканьня Генадзя Шабаева я стаў старастам групы) і рашылі не псаваць хлопцу настрой, проста паказаць ананімку Абдурызе і закрыць-сьпісаць паціху. Абдурыза па-сяброўску, як на споведзі, расказаў, што насамрэч дзесяць гадоў назад народжанаму сыну па медыцынскіх паказаньнях бяз нейкай ягонай згоды і ведама зрабілі нешта накшталт паўабразаньня, і ўвесь гэты час метадычна “дастаюць” паклёпнікі. Была мо сотня эксьпертызаў, праверак, і ўсе з адназначнай высновай: чыстая лухта!
Нашае заключэньне было такім жа...
Мы з Жэнем Рабко ня мелі ніякага ўяўленьня, пад якія сьцягі пакліча нас родны абкам, і выведаць не было ў каго. Перад Новым годам памянялася практычна ўсё наша непасрэднае начальства, ад каго залежаў наш лёс і кар’ера... Мяне як кандыдата ў члены абкаму выклікалі з Масквы па камандзіроўцы на той арганізацыйны пленум. Выступаў Машэраў, рэзка, зьнішчальна, як ён гэта ўмеў. Асабліва, што тычылася стасункаў першага сакратара абкаму Мікуловіча і старшыні аблвыканкаму Малочкі, якія канфліктавалі, ніяк не маглі падзяліць уладу. Мікуловіча вызвалілі тут жа на пленуме, але з дзіўнай фармуліроўкай “у сувязі з перадпенсійным узростам”, і тут жа аднагалосна абралі прывезенага Машэравым аднагодка Мікуловіча Кляцкова – загадчыка аддзелу аргпартработы ЦК. Па Малочку прынялі рашэньне: рэкамендаваць сесіі аблсавету вызваліць... Рэзка кінулася ў вочы: вызвалены з пасады Мікуловіч імгненна апынуўся ў поўнай ізаляцыі, нейкім вакууме – паплечнікі і падхалімы тут жа шарахнуліся, як ад заразнага. І думкі не дапускаючы, што гэта можа некаму не спадабацца, падышоў да яго, разгубленага, прыгнечанага, і ён рады быў нават мне, паздароўкаліся, загаварылі, заўважаючы, як вакол нас утвараецца пустэча. Нейкі час стаялі адзінока ледзь ці не пасярод прасторнага вестыбюлю Дому палітасьветы, толкам ня ведаючы пра што гаварыць. Нас абачліва, на адлегласьці абцякала чыноўніцкая плынь спачатку ў адзін бок, потым, пасьля закліку працяглага, настойліва-патрабавальнага званка – у другі...
Мікуловіч ставіўся да мяне па-бацькоўску, я адчуваў ягоную ўвагу і падтрымку, а як паставіцца да Мікуловічавых кадраў новы першы? Часьцей за ўсё новае начальства ўспрымае вельмі насьцярожана, недаверліва, нават непрыязна фаварытаў сваіх папярэднікаў. І неўзабаве пачаліся кадравыя перамены, найважнейшай і найнепрыемнейшай сярод якіх для нас з Жэнем Рабко было прызначэньне сакратара па ідэалогіі Ульяновіча першым намесьнікам міністра культуры і прыход на ягонае месца нікому невядомай Емяльянавай з кафедры грамадскіх навук медінстытуту. А для мяне дык увогуле мала прыемнага абяцала ўзвышэньне ў другія сакратары абкаму Кабяка, які, натуральна, стаў найпершым дарадчыкам і найбліжэйшым паплечнікам новага першага. Кабяк даўно меў на мяне зуб, яшчэ калі я быў загадчыкам сектару друку і ў тэматычным аглядзе раённых газетаў шчыра выказаўся пра ягонае, першага сакратара Лідскага гаркаму, дубаватае выступленьне ў сваёй раёнцы. Там жа была куды больш вострая крытыка кіруючых выступленьняў з іншых раёнаў, але ніхто і ня думаў крыўдаваць, затойваць нейкую злобу... Кабяк аж сьвяціўся ад радасьці на пленуме, дзе здымалі Мікуловіча і прызначалі Кляцкова – пэўна ж, ужо ведаў, што ідзе другім абкаму. Выпадкова сутыкнуўшыся са мной у вестыбюлі, пагардліва бліснуў вачыма, не паздароўкаўшыся... Я нічога ня маю супраць Кабяка, нават рады за яго, як земляка-гарадзенца: узначаліўшы Віцебскую вобласьць, Сяргей Цярэнцьевіч пакінуў там добры сьлед і добрую памяць пра сябе. Што ж, часам мудрасьць прыходзіць разам з узваленай на плечы высокай адказнасьцю першай асобы, а магчыма, не прайшла марна, дала плён вучоба ў мудрага Леаніда Герасімавіча Кляцкова...
Нарэшце, і нас паклікалі ў ЦК КПСС і паведамілі, якая на каго паступіла заяўка. У адрозьненьне ад іншых, нашым беларусам, якія ледзь ці ня ўсе цягнулі на чырвоныя дыпломы, нейкіх салідных прапановаў не паступіла – на адну прыступку вышэй, і ня болей. Аднаму Аляксею Камаю прапаноўвалася больш-менш салідная пасада сакратара абкаму партыі па сельскай гаспадарцы, што, калі на тое пайшло, нармальнае, але і не такое ўжо вялікае павышэньне для першага сакратара райкаму. Жэні Рабко давалі пасаду другога сакратара райкаму, а мне – начальніка ўпраўленьня паліграфіі і выдавецтваў аблвыканкаму, і гэтая перадпенсійная сінекура выклікала лёгкае недаўменьне ў загадчыка сектару ўліку кадраў ЦК. Я, шчыра кажучы, гэтаксама быў не ў захапленьні, але што мог сказаць? Дый што чакаць ад новага кіраўніцтва, якое мяне зусім ня ведае? Думаю, гэта часовы варыянт, заўважыў загадчык сектару, і я пагадзіўся, сказаўшы няпэўна: абкаму відней...
Па атрыманьні заявак стаў перабудоўвацца і вучэбны працэс – паглыблялася сьпецыялізацыя. Мелася быць традыцыйная месячная практыка ў розных рэгіёнах краіны, якая часьцей за ўсё прывязвалася да канкрэтных планаў ЦК КПСС, Вярхоўнага Савету і Савету Міністваў па вывучэньні нейкіх пытаньняў – праверцы, падрыхтоўцы дакументаў і абмеркаваньні на вызначаным узроўні. Слухачы-практыканты ў залежнасьці ад аператыўнасьці падрыхтоўкі і важнасьці праблемы альбо ўключаліся ў сфарміраваныя групы, альбо працавалі самастойна на вызначанай тэрыторыі, а потым прадстаўлялі абагульнены матэрыял. Сьпецыялізацыя і практыка праходзіла па трох напрамках: партыйная, савецкая, грамадская і гаспадарча-распарадчая работа – у адпаведнасьці з заяўкамі абкамаў. Ствараліся групы па 8-10 чалавек. Мы з напарнікам па пакоі Сабітам Валіевым, якога заявілі на старшыню райвыканкаму, патрапілі, натуральна, у тую ж савецкую плынь, больш таго – у адной групе разам паехалі на месяц вывучаць партыйнае кіраўніцтва Саветамі ў Пскоўскую вобласьць. Нашым куратарам быў малады выкладчык па прозьвішчы Жылінскі родам з Рыгі, куды адразу ж арганізаваў незабывальную трохдзённую паездку-экскурсію, зрабіўшы невялікага кругаля з Масквы. Пры ягонай апецы спыніліся ў інтэрнаце мясцовай партыйнай школы, пабылі і паглядзелі ледзь ці ня ўсе найбольш славутыя мясьціны і куточкі старой Рыгі і, канешне ж, не маглі не паслухаць музыку ў знакамітым Домскім саборы, ды абмінуць сусьветна вядомую Юрмалу, якую першы і апошні раз бачыў напрадвесьні бязьлюдную, як і неласкавы, прадзьмуты холадам затокі, засланы выкінутымі штормам крыгамі пляж. Праехалі на рафіку з прыпынкамі ў славутых ці проста прыгожых мясьцінах праз усю Латвію, частку Эстоніі, і куратар здаў нас пад апеку абкаму партыі, прызначыўшы мяне за старшага групы, а сам вярнуўся ў Рыгу. Дамовіліся пасьля практыкі дабірацца ў Маскву самастойна і там сустрэцца...
У Пскоўскім абкаме партыі прынялі нас за немаведама якое начальства. Напачатку мы ад непамернай увагі пачувалі сябе ніякавата, бянтэжыліся, але як даведаліся, што апошнім самым вялікім начальнікам, які чатыры гады назад наведаў Пскоў, быў інструктар ЦК, перасталі зьдзіўляцца. Адразу ж нас гасьцінна і нефармальна прыняў даволі малады, прадстаўнічы першы сакратар абкаму, які коратка, стрымана, нават прэснавата расказаў пра вобласьць, пасьля чаго засыпалі яго пытаньнямі. Мяне дык вельмі ўразіла, што першы не валодае самымі элементарнымі эканамічнымі паказчыкамі, як ураджайнасьць, вытворчасьць малака, мяса, рэнтабельнасьць і г.д., і, каб адказаць, пачынаў удакладняць па тэлефоне – у нас у Беларусі такога ўявіць сабе немагчыма, кіраўніка гэткага рангу Машэраў і дня не трымаў бы... На заканчэньне амаль двухгадзіннай гаворкі гаспадар запытаў, што б мы, апроч праверкі работы Саветаў у Вялікіх Луках, хацелі пабачыць у Пскове і вобласьці. На правах старшага групы я сьціпла сказаў: усе мы ўпершыню ў Пскове і з найвялікшай удзячнасьцю прымем усё, што гасьцінныя гаспадары палічаць патрэбным паказаць, выказаў толькі адно жаданьне – наведаць Пушкінскія горы. Першы даручыў сакратару па ідэалогіі скласьці для нас насычаную культурна-пазнавальную праграму, паведаміў, што апякаць нас будуць прысутныя тут загадчык аргапартаддзелу і намесьнік старшыні аблвыканкаму, даручыў забясьпечыць нам усе ўмовы і для плённай работы і зьмястоўнага культурнага адпачынку. Мы шчыра падзякавалі, а потым дзён дзесяць з ранку да вечара ў суправаджэньні дасьведчаных гідаў наведвалі гістарычныя мясьціны і славутасьці, на якія вельмі багаты старажытны Пскоў, а таксама культурніцкія ўстановы, прамысловыя прадпрыемствы, і нарэшце, на двух “Волгах” у суправаджэньні інструктара абкаму накіраваліся ў Пушкінскія горы. На мяжы раёну з кветкамі сустрэла першы сакратар райкаму, выхаванка ВПШ, якая пакінула Мітронаўскую слабаду ў той год, як мы паступілі. Сустрэліся як родныя, засядзеліся ў “грэчаскай зале” рэстарана за ўспамінамі і чаркай, знаходзячы агульных знаёмых, якім абяцалі прывезьці ейныя прывітаньні. Словам, прабылі-прагасьцявалі ня дзень, як планавалася, а ледзь ці ня тры. З добрай, адкрытай душою яна хацела паказаць нам як мага болей, пазнаёміла з легендарным арганізатарам і захоўнікам мемарыяльнага Пушкінскага музею-запаведніка Гейчанкам, чалавекам, які сваё жыцьцё прысьвяціў Пушкіну, ведаў пра паэта ўсё. Ён быў таленавіцейшы апавядальнік, і правёў ня проста захапляльную экскурсію, а адкрыў нам вочы на Пушкіна. На разьвітаньне падпісаў і падарыў кожнаму з нас сваю кніжку пра Пушкіна і Пушкінскія горы...
Пасьля вяртаньня ў Пскоў нам арганізавалі яшчэ адну незабыўную пазнавальную паездку-экскурсію пад апекай абласнога ўпаўнаважанага па справах рэлігіяў у Сьвята-Усьпенскі манастыр у гарадку Пячоры непадалёк ад Пскова. Тэрыторыя манастыра з усімі пабудовамі і старадаўняй сьцяной вузкай паласой пад невялікім нахілам з паваротам налева расьцягнуўся па нізіне, заціснутай пагоркамі – не інакш дне яру. Дарога ад галоўнага храма ўніз высыпаная чырвоным гравіем, як напамінак аб візіце Івана Грознага з апрычнікамі, які сек галовы манахаў і кроў сьцякала па схіле ўніз. Але цікавай была ня столькі гісторыя старажытнага манастыра, «жыціе-быціе» ягоных цяперашніх насельнікаў, колькі тутэйшыя ўнікальныя пячоры. Падавалася нейкай містыкай, не хацелася даваць веры, што ў манастырскіх складах на схілах пагоркаў практычна ня кісьне малако, не псуецца мяса, а ў шматкіламетровых пячорах, дзе заўжды трымаецца пастаянная тэмпература плюс пяць градусаў, месяцамі ня вянуць кветкі, пры адсутнасьці ўсялякай вентыляцыі не чуваць ніякіх пахаў, дыхаецца лёгка, а пахаваныя ў сьценах нябожчыкі не падвяргаюцца тлену. Потым містыка трохі разьвеялася, калі даведаліся, што манастыр у Пячорах не выключэньне, на Пскоўшчыне ёсьць і іншыя мясьціны, дзе зямля, пераважна карычневатыя пясчанікі, мае падобныя ўласьцівасьці. У Вялікіх Луках нам расказвалі, што пры перазахаваньні Аляксандра Матросава з памерлай ужо вёскі Чарнушкі да ўзьведзенага грандыёзнага помніка-мемарыялу яму ў гарадскім парку, высьветлілася: больш за пятнаццаць гадоў герой ляжаў нібыта толькі што пахаваны, сатлела, хіба, трохі гімнасьцёрка на ранах...
Паездка ў Пячоры і наведаньне манастыра былі апошнім больш чым дзесяцідзённым культурным мерапрыемствам у Пскове, і назаўтра мы накіраваліся вывучаць партыйнае кіраўніцтва Саветамі ў Вялікіх Луках, якія, здаецца, на пачатку шасьцідзясятых гадоў згубілі статус абласнога цэнтра. Вялікія Лукі ў мяне асацыяваліся з тысячамі жабракоў-бежанцаў, што хлынулі ў нашыя краі ў галодныя пасьляваенныя гады, і ў бальшыні сваёй называлі сябе вялікалуцкімі. І праз столькі гадоў кідалася ў вочы паўсюдная беднасьць і запушчанасьць. Занядбаныя вёскі, шмат дзе са скасабочанымі, зарослымі мохам саламянымі стрэхамі, дробнаконтурныя, з актыўным наступам хмызьнякоў палі, і нідзе ніякага звычайнага перадвеснавога ажыўленьня, руху, калі на палі вывозяцца арганічныя ўгнаеньні, па дарогах шныраюць трактары, грузавікі. І за ўсім гэтым – рэдкай прыгажосьці краявіды з азёрамі і азёркамі, рэчачкамі, барамі і гаямі.
Вялікія Лукі падаліся сярэдняй рукі горадам тыповай пасьляваеннай забудовы, нечым падобны на нашую Ліду, але, мусіць, трохі большы. Найбольш уразіла, што паўсюдна – і на вуліцы, і ў крамах, нават у кабінетах гаркама і гарвыканкама чуваць была беларуска-руская трасянка, якая і насамрэч прыпадабняла яго з Лідай, дый любым нашым горадам альбо гарадком. Напачатку падумалася: пэўна, панаехалі на прадпрыемствы ўраджэнцы з суседняй нашай Віцебскай вобласьці, але калі пачуў трасянку з поўным беларускім акцэнтам з вуснаў старшыні гарвыканкама Іпатава, запытаў, не сумняваючыся, што маю справу з земляком, адкуль ён родам, зьдзівіўся, пачуўшы, што ніякіх сваяцкіх сувязяў з Беларусьсю ня мае, сам тутэйшы, мясцовы, рускі, а тут ва ўсіх такі акцэнт, тут усе так гавораць...
Прабыць у Вялікіх Луках намерваліся больш за два тыдні, але ўдарыла раньняя вясновая цяплынь, і мы ў сваёй зімовай экіпіроўцы сталі выглядаць дзіўнавата, сьмешнавата, а галоўнае – надта ж няўтульна, таму рашылі папрацаваць інтэнсіўна і закончыць вывучэньне праблемы датэрмінова. Тым больш, што ніякіх складанасьцей не ўзьнікала – да нашага прыезду былі гатовыя – падрыхтавалі копіі розных патрэбных нам дакументаў, аналітычныя даведкі і г.д. Капаць нейкіх “жукоў” у нас не было на мэце, і пры маім вопыце падрыхтоўкі пытаньняў на бюро абкаму закончылі ўсё за тыдзень, даклалі аб выніках праверкі, якімі засталіся задаволеныя і тут, у Вялікіх Луках, і ў Пскове. Наладзілі нам разьвітальную вячэру і, падзякаваўшы за гасьціннасьць, група цягніком накіравалася ў Маскву, а мы з Сабітам, які не бываў на Беларусі – да мяне ў Гародню: грэх было б абмінуць яе, маючы ў запасе столькі часу і зрабіўшы зусім нязначнага кругаля...
Вядома ж, і падумаць тады ня мог, што, дакляруючы мне спакойную пасаду ў аблвыканкаме, родны абкам у стылі Кабяка ўчыняе нейкую дзіўную праверку. Зразумеў гэта, калі з новенькім чырвоным дыпломам зайшоў у кабінет першага сакратара абкаму Кляцкова прадставіцца: вось я, вярнуўся з вучобы, гатовы рэалізоўваць атрыманыя веды ў практычных справах, і быў агарошаны ягоным прамым, у лоб пытаньнем:
– Чаму вы згадзіліся на спакойную перадпенсійную работу?
– А хіба ў мяне быў нейкі выбар?.. – глянуў недаўменна я, і злавіўшы ў ягоным паглядзе недаверлівую іронію, зразумеў, што ён ведае пра прапанову застацца выкладчыкам на кафедры філасофіі, ад якой я катэгарычна адмовіўся і нават забыўся пра яе. – Абкам партыі рабіў заяўку. Ня мог жа я распачынаць нейкі торг...
– Вы ведалі, што пасада начальніка ўпраўленьня занятая?
– Ведаў.
– Чаму ж згадзіліся на жывое месца?
– А гэта ўжо не сур’ёзна, Леанід Герасімавіч. Я не прасіўся на гэтую пасаду, ня я рабіў заяўку...
Кляцкоў падумаў і даволі холадна сказаў:
– Ладна, у вас наперадзе яшчэ водпуск, адпачывайце. А да верасьня што-небудзь прыдумаем...
Сьмех і грэх: самі нахамуталі з заяўкай, а прэтэнзіі прад’яўляюць... На душы застаўся непрыемны, прыкры сьлед, адчуваньне: ды нікому тут ты не патрэбны, і нават міжволі прамільгвала шкадаваньне, што адмовіўся ад маскоўскай прапановы, дый увогуле, што ў свой час пагадзіўся заставацца на агульным, а не настаяў, каб залічылі на журналісцкі паток... Гняла няпэўнасьць, прыкрасьць, расчараваньне. Паварыўшыся ў наменклатурна-кар’ерным катле, ужо ня мог ня быць вольным ад чынавенскай псіхалогіі, абыякавым, не пачуваць сябе прыніжаным, абражаным. Каб як-кольвек прыглушыць гнятлівы настрой, пачаў апантана пісаць гумарэску за гумарэскай, апавяданьне за апавяданьнем, задаволены, што іх ахвотна, без усялякіх правак з ходу друкуюць “Вожык”, “ЛІМ”, “Звязда”. Асабліва быў удзячны галоўнаму рэдактару “Вожыка” Аляксандру Раманаву, які яшчэ да паездкі на вучобу падштурхнуў, падахвоціў вярнуцца да сатырычна-гумарыстычных жанраў. У Маскве таксама зрэдку пісаў для “Вожыка”. І была бязьмежнай радасьць, калі цяпер, у цяжкую хвіліну роспачы, Аляксандр Данілавіч прапанаваў выдаць ў “Бібліятэчцы “Вожыка” кніжку апавяданьняў і гумарэсак. Гэта было ня толькі вялізнай маральнай падтрымкай і стымулам для творчасьці, але па вялікім рахунку – прадвызначыла мой далейшы жыцьцёвы выбар...
Два дні без пярэдыху перадрукоўваў на машынцы лепшыя апавяданьні, гумарэскі і накіраваў рукапіс Раманаву разам з аператыўна зробленым Міколамі Каралёвым і Жылінскім традыцыйным для вожыкаўскай серыі кароценькім уступным артыкулам. Не прайшло і месяца, як пазваніў Аляксандр Данілавіч і ўзрадаваў: тэрмінова прыязджай паглядзець афармленьне і пачытаць карэктуру...
А неўзабаве з найвялікшым душэўным хваляваньнем і радасьцю трымаў у руках адзін з 26-тысячаў асобнікаў сваёй першай кніжачкі “Вынаходнік”. Чутка пра выхад кніжкі разьнеслася хутка, і ўсе знаёмыя хацелі мець яе з аўтографам. Для таго пайшоў па гарадзенскіх кіёсках “Саюздруку”, скупляючы ўсе да аднаго асобнікі, што выклікала недаўменныя позіркі кіяскёрак, і толькі пераканаўшыся, што мне хопіць, стаў пакідаць па адной-дзьве кніжачкі, каб і некаму дасталося. Выхад кніжкі ўзьняў мяне ў вачах калег-абкамаўцаў – у тыя часы творчыя людзі яшчэ карысталіся вялікай павагай. Але найважнейшым быў добры водгук пра яе Васіля Быкава, і асабліва ягоная парада ўзяцца за буйнейшую рэч, аповесьць. Задума напісаць нешта, высьвеціць, выкрыць трывожную, небясьпечную зьяву, якой не даецца належнай ацэнкі, нават існая назва сарамліва замоўчваецца, высьпявала даўно, але хадзіў вакол, як кот ля гарачага, ня ведаючы, як, якім чынам, з якога боку да яе падступіцца. Намерваўся ўзьняць балючую і няпростую тэму праз вострую навукова-папулярную публіцыстыку, але адразу ж узьнікала сумненьне, што знойдзецца выданьне, якое рызыкне друкаваць падкоп пад адзін з краевугольных тэарэтычных пастулатаў сучаснай прапаганды: усё шкоднае, кепскае ў нашым жыцьці – перажыткі, радзімыя плямы праклятага капіталістычнага мінулага, толькі сацыялістычны лад здольны генераваць перадавое, станоўчае, прагрэсіўнае... Задуму лепш за ўсё можна рэалізаваць у мастацкім творы, праз новых герояў-змагароў, якія амаль асязальна адчуваў павінны вось-вось зьявіцца ў жыцьці, каб разварушыць ціхае застаялае балота, дзе ўжо завяліся, плодзяцца, жыруюць нашы сацыялістычныя чарцюкі, і чамусьці перакананы быў, што гэтыя сьмелыя і самаадданыя змагары зьявяцца найперш у тэлежурналістыцы і праваахоўчых органах. Але, апроч кароткіх гумарыстычных апавяданьняў, не было ніякага вопыту, нават страшна было брацца. Пасьля падахвочвальнай парады Быкава неяк адразу ўзьнік амаль гатовы сюжэт, нават адпаведная задуме сімвалічная назва будучай аповесьці – “Час прылёту журавоў”, і з найвялікшым імпэтам і натхненьнем засеў за работу. Героі, канешне ж, мусяць быць маладыя – тэлежурналістка і міліцыянер, Васіль і Надзея, а прозьвішчы тут жа знайшоў, узяўшы ў рукі сьвежы нумар абласной газеты. Аповесьць была задуманая як “сур’ёзная” проза, і адразу ж сутыкнуўся з цяжкасьцямі – дагэтуль пісаў толькі сатыру і гумар, жанр вымушаў своеасаблівай стылістыкі і лексікі. Было, праўда, паэтычнае бачаньне, лірычнае ўспрыняцьце – нездарма ж напісалася і надрукавалася столькі вершаваных практыкаваньняў. І яшчэ быў вопыт публіцыстыкі, навуковага аналізу. І ўся гэтая шматстылёвасьць альбо неяк сінтэзавалася, альбо самастойна вытыркалася ў аповесьці, у залежнасьці ад сітуацыяў, у якія патраплялі героі. Потым адны лічылі гэта істотным недахопам твору, іншыя наадварот: у жыцьці, як і ў агародзе – усяго патроху...
Спраўджвалася жыцьцёвая мудрасьць: што ні робіцца – робіцца да лепшага. Да позьняй ночы пісаў, крэсьліў, перапісваў старонкі, радуючыся кожнай удала знойдзенай фразе, выразу, дакладнаму слоўцу, і больш важнага нічога не існавала на сьвеце. Тым часам пасьля заканчэньня адпачынку справа з вызваленьнем месца ў аблвыканкаме зацягвалася і мяне, каб меў зарплату, прызначылі інструктарам у родны аддзел без замацаваньня нейкіх канкрэтных абавязкаў, нават без неабходнасьці хадзіць на работу. Апошняе было ўжо занадта, яно сыходзіла ад дабрыні Еўдакіі Яфімаўны Емяльянавай, якая адразу ж паставілася да мяне з павагай і сімпатыяй. Я прыходзіў на работу, заходзіў да Саўчыка, Філіпчыка ці да Емяльянавай, напрошваўся на самыя складаныя і адказныя справы, выконваў іх належным чынам, і скончылася тым, што неяк паклікала Емяльянава і запыталася: ці ня вельмі пакрыўдзіла б мяне, каб прапанавалі вярнуцца на старое месца, а Саўчыка з ягонай педагагічнай адукацыяй і схільнасьцю да гаспадарчай дзейнасьці вылучыць на абласное ўпраўленьне па прафтэхадукацыі? Пытаньне было пастаўлена даволі хітра – і адмовіцца нельга, ня выклікаўшы западозраньня ў кар’ерызме ці жаданьні ціхай перадпенсійнай завадзі. Канешне ж, спакойнае месца начальніка ўпраўленьня паліграфіі і выдавецтваў, калі ўсур’ёз узнамерыўся заняцца літаратурай, было больш прыдатным, але... Пасьля раптоўнай сьмерці старшыні аблвыканкаму Фамічова ягоны кабінет заняў Кабяк, і трапляць пад ягоную штодзённую апеку было б неразважліва і неабачліва... Словам, мая партыйная кар’ера вярнулася на кругі свая. Неўзабаве, пабачыўшы мяне ў практычных справах, Кляцкоў рэзка памяняў сваё стаўленьне, і я стаў пачуваць сябе ня менш упэўнена, самастойна і куды больш незалежна, чым колісь. Таму спрыяла атрыманая ў ВПШ тэарэтычная і палітычная дасьведчанасьць, якую вельмі цаніла мая начальніца Емяльянава. Але галоўнае – для сябе я ўжо прадвызначыў шлях у літаратуру, таму мог дазволіць сабе дзейнічаць па перакананьні, уласным бачаньні, без аглядкі і боязі сказаць ня тое, зрабіць ня так, некаму не дагадзіць, каб не нашкодзіць сваім кар’ерным памкненьням. Мяне гэта ўжо ня дужа хвалявала. Асабліва, калі напісаную аповесьць прачытаў і ўхваліў Васіль Быкаў, параіў і надалей распрацоўваць, зрабіць сваёй практычна яшчэ не асвоеную нашай беларускай літаратурай тэму ўлады. Васіль Уладзіміравіч зрабіў заўвагі ў асноўным па мове, стылі, псіхалагічнай абгрунтаванасьці асобных учынкаў герояў, сёе-тое паправіў, відавочную непатрэбшчыну выкрасьліў сваёй рукой, сказаў паслаць аповесьць у “Маладосьць”, дзе ён друкаваў практычна ўсе свае творы. Ня ведаю, ці гаварыў ён з кім, але неўзабаве я атрымаў напісаны ад рукі прыгожым разборлівым почыркам вельмі цёплы ліст ад Уладзіміра Дамашэвіча, у якім ён гэтаксама ўхваліў аповесьць, разам з тым даваў вельмі слушныя парады па ўдасканаленьні дынамічнасьці твору, для чаго раіў скампанаваць напісанае па разьдзелах, каб было то пра аднаго, то пра другога героя, то хай іхнія лініі перасякаюцца. Па нявопытнасьці я не заўважаў гэтага. Давялося добра пасядзець, нешта перастаўляючы, нешта перапісваючы наноў, нешта дапісваючы, нешта выкідаючы, нешта злучваючы “мосьцікамі”, і сам пераконваўся: стала лепш. Перадрукаваў і зноў накіраваў у рэдакцыю. Неўзабаве пазваніў галоўны рэдактар Генадзь Бураўкін, сказаў, што аповесьць яму спадабалася, будуць друкаваць, прасіў пры магчымасьці прыехаць узгадніць зробленыя ім пераважна стылёвыя і моўныя папраўкі і аб часе прыезду абавязкова папярэдне пазваніць, каб не разыйсьціся.
Работа ў рэдакцыі пачыналася а дванаццатай гадзіне, а гарадзенскі цягнік прыбываў раненька, і Генадзь прыйшоў раней, каб ніхто не замінаў пагаварыць. Мы неяк адразу сышліся, знайшлося сто тэмаў для зацікаўленай гамонкі. Неўзабаве яму пазванілі і запрасілі на нейкую тэрміновую нараду. Генадзь прабачыўся і папрасіў дачакацца яго, а зробленыя алоўкам ягоныя праўкі і заўвагі зьняць разам з Алесем Масарэнкам, які стаў працаваць у “Маладосьці” замест Дамашэвіча. Алесь узяў справу ў свае рукі, з імпэтам пачаў правіць ня толькі мой тэкст, але і рэдактаравы папраўкі, сьціраючы іх гумкай. Я з жахам назіраў, што ад напісанага мною амаль нічога не застаецца, спрабаваў нясьмела пярэчыць, пратэставаць, але Алесь быў няўмольны. Нарэшце, зьявіўся Бураўкін, глянуў, усё зразумеў, забраў рукапіс і мы пайшлі да яго ў кабінет, дзе ён аддаў рукапіс мне: паглядзі ўважліва ў спакойнай абстаноўцы дома, з чым пагодзішся – папраў, з чым не – вытры гумкай, калі ня згодзен з праўкамі Масарэнкі – аднаві, перадрукуй “брудныя” старонкі, дзе больш за тры папраўкі ад рукі (тэхнічныя нарматывы выдавецтва) і гатовы чысты рукапіс дашлі мне асабіста...