10415.fb2
Што тычыцца арганізатарскіх талентаў, то ў яго былі найпершыя і, бадай, найгалоўнейшыя для пасьпяховага кіраўніка тых часоў якасьці – энергія, напорыстасьць і прабіўная сіла. Самае цікавае: Карпюк ніколі ні ў кога нічога не прасіў, ён патрабаваў, ды з такой наступальнай перакананасьцю і ўпэўненасьцю, што яму проста нельга было адмовіць, перад ім не маглі ўстаяць самыя мацёрыя бюракраты-валыншчыкі. У тым я пераканаўся, і калі ён займаўся рэстаўрацыяй дому Ажэшкі, і калі “выбіваў” для пісьменьнікаў кватэры, ды не абы-якія і не-абы дзе, а ў цэнтры гораду, у дамах з найноўшай планіроўкай, і каб абавязкова быў лішні пакой пад рабочы кабінет. Але асабліва – як упрогся ў арганізацыю музею... Але пра тое варта сказаць асобна...
Пачалося ўсё з пастановы ЦК, якой “з мэтай усебаковага пашырэньня і паглыбленьня матэрыялістычнага сьветапогляду, павышэньня ўзроўню і далейшага ўзмацненьня наступальнасьці антырэлігійнай прапаганды” ў Гродне ствараўся рэспубліканскі музей атэізму. Адказнасьць за ягоную арганізацыю ўскладвалася на абкам партыі і Міністэрства культуры. Гародню выбралі месцам разьмяшчэньня рэспубліканскага музею таму, што, па-першае, тут самы шматканфесійны рэгіён, а па-другое, і самае важнае – тут, як нідзе ў рэспубліцы, захаваліся культавыя пабудовы, адну з якіх, натуральна, меркавалася перадаць пад музей. Была пастанова, але адсутнічала хоць нейкая канкрэтызаваная канцэпцыя будучага музею. Ня кажучы, што не было ні кадраў, ні яшчэ не аддадзенага пад гаспадарчыя патрэбы нядзеючага культавага збудаваньня – царквы, касьцёлу, сінагогі. І тут пашкадавалі, што колькі гадоў назад узарвалі ў гістарычным цэнтры гораду царкву і знакамітую Фару Вітаўта – вялізны чырвоны касьцёл, які дамінаваў над горадам. На месцы царквы планавалася ў персьпектыве, зьняўшы бугор, “пасадзіць” новы будынак абласнога драматычнага тэатру, а замест велічнага касьцёлу побач з аблсаўпрофам разьбілі худасочны скверык з круглай клумбай пасярэдзіне. Пад музей у рэшце рэшт выбралі цэркаўку з па-жывому абламанай наўскось вершалінай, дзе ў комплексе з прыбудаванымі манастырскімі кельлямі разьмяшчаліся дтсаафаўскія тэхнічныя службы, майстэрні, розныя складскія памяшканьні.
Але, перш за ўсё, трэба было знайсьці дырэктара, каб быў і добры гаспадарнік-арганізатар, і кеміў, што за музей стварае, і каб згадзіўся пачынаць усё з нуля. Тыя, хто мог згадзіцца, нічога, апроч змаганьня “з опіумам для народу”, і то пераважна ў тэарэтычным плане, ня ўмелі, а тыя, хто ўмеў і мог “пацягнуць”, ведалі, што за работка чакае, і катэгарычна адмаўляліся. Перабіралі магчымыя і немагчымыя кандыдатуры, аж раптам мне ў галаве цюкнула: Карпюк! Арганізатар – што трэба, валодае праблемай – толькі што на мясцовым матэрыяле напісаў раман антырэлігійнага накірунку і зьместу “Вершалінскі рай”. Яму і карты ў рукі!
Сакратар абкаму партыі па ідэалогіі Еўдакія Яфімаўна Емяльянава, рашуча падтрымала, даручыла мне неадкладна сустрэцца з Карпюком, пагаварыць, угаварыць, калі спатрэбіцца, папрасіць помачы ў Быкава. Трэба сказаць, у адрозьненьне ад многіх жанчын-вылучэнак, што ледзь ці ня масава прыйшлі на высокія ідэалагічныя пасады, і перш за ўсё, параўноўваючы з ідэалагінямі іншых абласьцей, гарадзенцам вельмі пашэньціла, у чым неўзабаве, перайшоўшы на работу ў ЦК, змог пераканацца.
Карпюк тады працаваў прадстаўніком камітэту па аўтарскіх правах па Гарадзенскай і Брэсцкай абласьцях, спраўляўся, але адчувалася, што справа яму ня надта па душы. Распытаўшы, што і да чаго, ён адразу ж згадзіўся, выказаўшы, праўда, сумненьне, што ягоную кандыдатуру прапусьціць Ульяновіч, які са сваёй пасады першага намесьніка міністра культуры, паколькі музей будзе падначальвацца ня толькі абкаму, але і міністэрству. Аднак насуперак ягоным песімістычным прагнозам усё прайшло без аніякіх ускладненьняў, і Аляксей Нічыпаравіч з імпэтам узяўся за справу.
Дтсаафаўцы, не ўступаючы ў канфлікт, сьціснуўшы зубы, уступілі дзьве кельлі будучаму музею, спадзеючыся, што намечанае будаўніцтва іхніх гаражоў, майстэрняў, складоў на ўскрайку гораду зацягнецца на многія гады, і яны, палкоўнікі, маёры, да часу, як спатрэбіцца перабірацца з цэнтру гораду да чорта на выселкі, пасьпеюць выйсьці на пенсію, а там, як кажуць, хоць патоп. Аднак неўзабаве спахапіліся, якога далі маху, упусьціўшы Карпюка на сваю тэрыторыю, усчалі бамбардзіроўку ўсіх магчымых і немагчымых, аж да Міністэрства абароны, інстанцыяў, даказваючы, што перадыслакацыя дтсаафаўскіх тэхнічных службаў падарве абароназдольнасьць краіны, і патрабуючы выкурыць Карпюка з тых дзьвюх кельляў. Ды кепска яны ведалі, з кім маюць справу. Месяцы праз два ў абкам да мяне ў кабінет уляцеў разьнерваваны, рукі трасуцца палкоўнік і істэрычна закрычаў:
– Остановите Карпюка! Уберите Карпюка! – Трохі супакоіўся, выпіўшы прапанаваную мною ваду. – Представляете, я уже боюсь появляться на своей собственной территории. Он затерроризировал всех. Представляете: заставляет меня, атеиста, советского офицера, чинить церковную крышу! Может ты и крест прикажешь воодрузить, спрашиваю? И крыж поставить на место сьледует, отвечает. Да это же издевательство, форменное издевательство!..
Выкурыць Карпюка, канешне ж, палкоўніку не ўдалося, і ён днямі стаў прападаць на сваёй будоўлі за горадам, каб як мага хутчэй разысьціся з настырным музейшчыкам. Карпюк тым часам таксама не даваў драмаць будаўнікам, што ўзводзілі дтсаафаўскую базу, абыходзячы абкамаўскія, аблвыканкамаўскія кабінеты, адкуль маглі падштурхнуць вырашэньне пытаньняў з забесьпячэньнем іх будматэрыяламі, ні на дзень не пакідаў у спакоі дырэктара будтрэсту. На дзіва, будоўлю закончылі ледзь ці не ўдвая раней, чым намячалі самымі аптымістычнымі планамі. Не пасьпелі вайскоўцы забраць свае пажыткі, як Карпюк разгарнуў рамонтныя і рэстаўрацыйныя работы. Ягонай энергіі хапала на ўсё – і прыдзірліва сачыць за рамонтнікамі і рэстаўратарамі, каб не схалтурылі, і калясіць па ўсёй рэспубліцы, прыглядваючыся ці адразу прывозячы экспанаты для музею. І тут узьнікла закавыка: назва “музей атэізму” ну ніяк ня можа адпавядаць магчымай экспазіцыі, паколькі атэізм не існуе асобна ад рэлігіі, і Карпюкова прапанова дадаць у назву музея слова “рэлігіі” была прынятая.
Даючы згоду ўзначаліць музей, Аляксей Нічыпаравіч паставіў умову: ніхто ня будзе ўмешвацца ў падбор і прызначэньне супрацоўнікаў, арганізацыю экспазіцыі. Згадзіліся, папрасіўшы, каб, як гэта належыць, узгадняў кандыдатуры свайго намесьніка, загадчыкаў аддзелаў, гарантуючы поўную падтрымку. Ён набраў сабе ў штат толькі моладзь – пераважна выпускнікоў педінстытуту, да якіх прыглядваўся, уважліва вывучаў на працягу амаль двух гадоў. Дзяўчаткі і хлопцы пад ягоным кіраўніцтвам працавалі, як мурашачкі, сьцягваючы матэрыялы і экспанаты з ўсёй рэспублікі. Ён радаваўся, як дзіця, калі траплялася нешта арыгінальнае, чаму і цаны няма, заўсёды заходзіў ці званіў таемным голасам: прыходзь – нешта пакажу... За многія гады дтсаафаўцы са сваёй тэхнікай так навандалілі і насьвінячылі ў манастырскіх пабудовах, асабліва ў царкве, што даводзілася траціць месяцы на ачыстку квадратнага метра прамасьленых сьценаў, падлогі. Карпюк сам ня спаў начамі і нікому не даваў спакою, намагаючыся як мага хутчэй зрабіць свой музей дзеючым. Яшчэ не закончыліся рамонтныя і рэстаўрацыйныя работы, як у кельлях разгарнулі часовую экспазіцыю, куды вадзілі студэнтаў, вучняў старэйшых класаў, і супрацоўніцы музею набывалі вопыт, атточвалі сваё экскурсаводчае і лекцыйнае майстэрства.
Нельга не сказаць колькі слоў пра адзін экспанат – гонар і гордасьць Карпюка, вяршыню ягонай кіпучай арганізатарскай дзейнасьці. Трэба быць Карпюком, каб за няпоўны камандзіровачны дзень у Маскве дапяць аж да самога прэзідэнта Акадэміі Навук, знакамітага акадэміка Аляксандрава і без адзінай капеечкі выцыганіць экспанатам для музею найноўшы тады, астранамічна дарагі касьмічны апарат “Пратон” ды яшчэ з бясплатнай дастаўкай у Гародню з Амерыкі, дзе той знаходзіўся на міжнароднай касьмічнай выставе. Везьлі яго спачатку марскім шляхам, а потым з Ленінграду да месца прызначэньня – на сьпецыяльнай чыгуначнай платформе. Выгрузілі на сарціровачнай станцыі Аульс пад Гародняй і магутным аўтацягачом у суправаджэньні міліцыі, якая скіроўвала патокі машынаў на іншыя вуліцы, павезьлі да месца прызначэньня. І тут высьветлілася, што аграмадзіна ня толькі ў царкву, а нават на цесную пляцоўку перад ён ня лезе. Сталі сьпешна маракаваць, што рабіць, і ўрэшце рэшт паставілі ў двары педінстытуту, дзе агромісты, прыгожы “Пратон” і сёньня стаіць помнікам Карпюковай гаспадарча-арганізатарскай дзейнасьці...
Адрэстаўраваная, пафарбаваная ў яркія бела-сінія колеры раней усіх намечаных тэрмінаў цэркаўка-музей цацачкай, цешыла вока, упрыгожыла старадаўнюю Замкавую вуліцу і прылеглы гістарычны квартал з вузенькімі крывымі вулічкамі. Толькі незразумелы жалезны прэнт заместа крыжа выглядаў недарэчна, пачварна, псаваў архітэктурны выгляд і царквы, і акаляючага асяроддзя наогул. У рэшце рэшт паставілі на вежу-цыбуліну ажурны крыж – і ўсё стала на сваё месца...
І ў зьвязку з арганізацыяй музею гісторыі рэлігіі і атэізму Карпюк ня мог не пазнаёміцца і не наладзіць кантакты з Патрыяршым экзархам у Беларусі, які ставіўся да яго паважна, прыязна. А тут прыехаў новы – Філарэт, малады, імпазантны, увесь час у разьездах, і Аляксей Нічыпаравіч, жывучы ў Гародні, усё ніяк ня можа даступіцца да яго. Угаварыў Алеся Адамовіча папрасіць у Філарэта аўдыенцыю на дваіх і пабыць у яго як пісьменьнікі, паколькі ён, Карпюк, як дырэктар музею з атэістычным ухілам, ня дужа зручны субяседнік для маладога Экзарха. Філарэт гасьцінна прыняў іх у сваёй рэзідэнцыі, прапанаваў прычасьціцца каньячком, але на ягонае зьдзіўленьне абодва пісьменьнікі аказаліся поўнымі цьвярозьнікамі. Тым ня менш, завязалася і пацякла гутарка на філасофскія тэмы. Канешне ж, Карпюк не прамінуў пацікавіцца перамовамі Рускай праваслаўнай царквы з Ватыканам, на што гаспадар, зрабіў зьдзіўленыя вочы: першы раз чую пра такія перамовы... Карпюк пераможна “прасьвяціў” яго ня толькі пра ход, але і пра зьмест тых перамоваў, пра што ўведаў з польскай прэсы. Філарэт слухаў надзвычай уважліва, зацікаўлена, вельмі дзякаваў за цікавую і патрэбную яму інфармацыю, а на разьвітаньне папрасіў Карпюка, калі гэта таму ня надта клопатна, паведамляць усё, што зьявіцца ў польскай прэсе пра перамовы.
– Слабак! Пра элементарныя рэчы ня ў курсе... – зрабіў заключэньне Карпюк, калі выйшлі ад Філарэта.
– Слабак! – пагадзіўся Адамовіч.
І няўцям было абодвум знаўцам, што менавіта Філарэт, як тады адначасова і кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Маскоўскага патрыярхату, асабіста вядзе тыя перамовы з Ватыканам...
І калі ўсё было адладжана, увайшло ў нетаропкі, разьмераны рытм музейнага існаваньня, нечакана для ўсіх Карпюк прынёс заяву на звальненьне: маўляў, што ад мяне патрабавалася – зрабіў, сядзець далей – нецікава, зараз дзяўчаткі лепей за мяне ўправяцца, а мне час засесьці за новую аповесьць... На ўгаворы пабыць яшчэ хоць паўгоду, падрыхтаваць сабе дастойную замену, рашуча адказаў: замена гатовая – намесьніца, лепшай ня знойдзеце... На тым і закрылася яркая старонка ягонай арганізатарскай і адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасьці, якая на жаль не прынесла яму ні славы, ні добрай памяці. Прыйшлі іншыя часы, і музей са словам “атэізм” у назове набыў адыёзна-атавістычнае гучаньне, яго новыя ўлады сарамліва прыкрылі, перадаўшы экспанаты абласному краязнаўчаму музею, а цэркаўку – па прызначэньні, вернікам...
Некалі ў разгар антыбыкаўска-карпюкоўскіх кампаній, і пазьней, дый цяпер час ад часу ў мяне ўзьнікае крамольная думка: а ці не знарок гэтак неразважліва, падкрэсьлена-дэманстратыўна кідаўся ў бой, лез на ражон Карпюк? Мо гэта было нечым кшталту выкліку агню на сябе, кіданьне на амбразуру, каб прыкрыць Быкава, свайго найбліжэйшага таварыша і паплечніка, памкненьне не пакідаць яго самотным, і калі ўжо ісьці на Галгофу, то разам, у зьвязцы? Калі гэта можна было, шукаў і не знаходзіў зручнага моманту, каб па шчырасьці намёкам, паўнамёкам, напаўжартам спытацца ў самога Аляксея Нічыпаравіча, але разумеў усю нетактоўнасьць такога пытаньня і тое, што наўрад ці ён захоча адказваць. Сёньня ўжо няма каму адказаць, таму можна рабіць толькі нейкія здагадкі...
Яны хораша таварышавалі, дружылі больш за два дзесяцігоддзі, хоць мелі абсалютна розныя характары: непапраўны аптыміст і жыцьцялюб, ярка выражаны халерык па натуры Карпюк і гэтакі ж непапраўны песіміст і скептык, заўсёды спакойны і вытрыманы Быкаў – і насамрэч адзінства супрацьлегласьцяў. Тым ня менш я ўстрымаўся б ад слова “сябравалі”, бо гэтае высокае пачуцьцё ўсё ж, мусіць, патрабуе нейкай большай блізкасьці і характараў, і звычак, і няўлоўнай духоўнай энергіі. Зьядноўвалі іх, самых вядомых на Гарадзеншчыне людзей, канешне ж, агульныя літаратурныя інтарэсы, заўсёдная ўзаемавыручка і ўзаемападтрымка, розныя сямейна-бытавыя праблемы. Ня ведаю, ці заўсёды і ўсё яны чыталі, абмяркоўвалі, раіліся, прыслухоўвалі да думкі адзін аднаго перад здачай сваіх новых твораў у друк, а вось абмеркаваньне надрукаванага адбывалася заўсёды, часам даволі крытычна, асабліва з боку Карпюка. Часьцей за ўсё Быкаў не пагаджаўся ці рабіў выгляд, што не пагаджаецца, але ў спрэчкі не кідаўся. Памятаю, неяк у машыне Карпюк са сваёй звычайнай экстравагантнасьцю раптам заявіў:
– Васіль, канешне, ты неблагі пісьменьнік, але і ў цябе ёсьць буйныя недахопы і пралікі...
– Ага... І што ж гэта за недахопы і пралікі? – пацікавіўся Быкаў.
– Сексу ў цябе малавата...
Абодва мы, нават шафёр, аж пакаціліся ад сьмеху. Адзін Карпюк заставаўся сур’ёзны, працягваў:
– Ну хіба “Альпійскую баладу”, а хто, як франтавікі вымруць, усё тваё іншае пра баі і акопы будзе чытаць, каму гэта будзе цікава?
– М-да-а, м-да-а... – перастаў сьмяяцца Быкаў. – Які там секс, калі вакол сьмерць, кроў, гразь...
– Мо хочаш сказаць, што на фронце ніякага сексу не было? – наступаў Карпюк. – Альбо вазьмі партызанку... – І пачаў расказваць розныя гісторыі...
Ня ведаю, ці паймела нейкае ўзьдзеяньне на Быкава тая гаворка, магчыма, тады ён сам ужо выношваў задуму, але новай ягонай аповесьцю была “Пайсьці і не вярнуцца”...
На іхнія стасункі патыхнула халадком толькі на самым-самым канцы гарадзенскага перыяду Быкава, калі Карпюк з найлепшымі памкненьнямі, на правах старой дружбы са звычайнай сваёй напорыстасьцю, ня надта зважаючы на далікатнасьць, шчыра і самааддана ратаваў сямейны човен Быкава, працягваў адчайна змагацца нават тады, калі было відавочна, што човен ня проста даў цечу, а рассыпаўся, пайшоў да дна. Васіль Уладзіміравіч страшэнна не любіў выстаўляць напаказ свае асабістыя справы, не выносіў, калі нехта бяз спросу і такту мкнуўся совацца ў іх, таму празьмерная Карпюкова актыўнасьць з уцягваньнем усіх, хто мог і ня мог паўзьдзейнічаць на Быкава, выклікала ў яго прыкрасьць, пратэст, злосьць і раздражненьне, і ўсё гэта не магло не адбіцца на іхніх стасунках...
Аляксей Нічыпаравіч вельмі перажываў усё гэта, бліжэйшага за Быкава чалавека ў яго не было ў Гародні, ён сумаваў, яму вельмі не хапала Быкава, калі той пераехаў у Менск. Карпюк прыкметна стаў хінуцца да мяне, але я, вядома ж, ня мог замяніць яму Быкава – па-першае, Быкаў ёсьць Быкаў, па-другое, мы былі людзьмі розных пакаленьняў: яму падбіралася пад шэсьцьдзесят, а мне не было і сарака, і па-трэцяе, мусіць і праўда, што пад шэсьцьдзесят ужо не знаходзяць новых сяброў-прыяцеляў, а толькі губляюць старых...
Вестка пра сьмерць Карпюка летам 1992 году напачатку падалася неверагоднай, нейкай недарэчнай памылкай. Яшчэ зусім нядаўна ён прыязджаў у Менск, быў, як заўсёды, поўны энергіі, значна маладзейшы на свае гады, якія нібыта ня мелі ўлады над ім... Я праводзіў яго да самага апошняга ягонага зямнога рубяжу на алеі заслужаных людзей новых гарадзенскіх могілак, пакінуўшы і свае сімвалічныя жменькі жвіру на ягонай дамавіне... Тым ня менш і сёньня кепска сабе магу ўявіць Гародню, вузенькія вулачкі ў ягонай гістарычнай часцы без самабытнай, каларытнай Карпюковай постаці, роўна як і сьціплай Быкаўскай. Для мяне яны дык працягваюць жыць тут у гэтых старажытных мурах, гэтай адшліфаванай нагамі столькіх пакаленьняў старой, але па-ранейшаму надзейнай брукаванцы. Мо таму, што даводзіцца бываць тут, як кажуць, рады ў гады і цяжка прывыкнуць... Ідзеш сярод незнаёмага люду і міжволі паглядваеш, чакаеш насуперак усяму: вось-вось дзе-небудзь з-за павароту на вуліцу Ажэшкі альбо з вечнага натоўпу ля галоўнага ўнівермагу па Савецкай узьнікуць насустрач іхнія знаёмыя постаці, Быкаў усьміхнецца здаля сваёй добрай прыязнай усьмешкай, а Карпюк таропка працягне руку, коратка і энергічна павітаецца: ну, здароў!..
Каторы год мне сьніцца адзін і той жа з пэўнымі варыяцыямі дзіўны страхавіты сон: нібыта ніяк не магу выехаць з Масквы – няма на білет расейскіх грошай, а нашыя “зайчыкі” ніхто не бярэ і ніхто не мяняе. Нават капеек няма, каб трапіць у метро і праехаць усяго адзін прыпынак да Беларускага вакзалу!.. Сябры-паплечнікі разьехаліся, толькі я безнадзейна самотна сяджу на чамаданах у пустым інтэрнаце на Мівусах, ня ведаючы, дзе шукаць выйсьце... Прачынаюся ў халодным поце, рады, што гэта толькі сон, і настальгічна прыгадваецца некалі некім сказанае: калі праўда, што перад сконам перад чалавекам прамільгвае ўсё ягонае жыцьцё, то каму пашчасьціла прайсьці Мітронаўскую слабаду, яна будзе самай сьветлай і яркай старонкай. Мітронаўская – гэта ад прозьвішча нязьменнага, больш чым трыццаць гадоў, рэктара Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК КПСС Мітронава, чалавека ліберальнага і зычлівага. Слабада – ад станцыі метро Новаслабодская, з якой прычальвалі і адчальвалі ейныя гадаванцы – толькі ў нейкіх ста кроках па Вескаўскаму завулку пачынаўся квартал вучэбных і жылых карпусоў з выхадам на вуліцу Готвальда і Мівускую плошчу. Мітронаў пайшоў на пенсію, рэктарам стаў маладзейшы Чэхарын, а слабада да апошніх дзён свайго існаваньня так і засталася Мітронаўскай. Гэта была ня толькі ласкавая назва вучэльні, ня толькі запаведнае месца на карце сталіцы, а перш за ўсё дзіўны заманлівы сьвет і адначасова ні з чым не параўнальны спосаб быцьця са сваімі не характэрнымі для Масквы разьмернымі, нясьпешнымі парадкамі і распарадкамі, своеасаблівай зычлівай атмасферай радасьці пазнаньня і асабістай свабоды...
Некалі да бальшавіцкай рэвалюцыі тут быў знакаміты Народны універсітэт Шаняўскага, куды мелі доступ прадстаўнікі розных саслоўяў. Тут, дарэчы, слухаў лекцыі маладзенькі Сяргей Ясенін. Пасьля народнай рэвалюцыі Народны універсітэт быў зачынены, у ягоных вучэбным і жылых карпусах атабарыўся арганізаваны Сьвярдловым камуністычны універсітэт, дзе рыхтаваліся прапагандысты, агітатары і арганізатары, камандзіры і камісары каваць перамогу на франтах грамадзянскай вайны, а потым і на мірных будоўлях ударных пяцігодак. Тут перад слухачамі выступалі практычна ўсе бальшавіцкія правадыры і, вядома ж, Ленін. Пабудаваная амфітэатрам галоўная аўдыторыя, дзе ён выступаў, стала называцца Ленінскай і стала мемарыяльнай – з драўлянымі лаўкамі і нязручнымі вузенькімі, падобнымі на касьцёльныя, партамі. Тут з цыклам лекцыяў, якія склалі аснову ягонай знакамітай працы “Аб ленінізме”, выступаў Сталін. Сваю дзейнасьць гэтая элітарная кузьня кадраў, якая стала называцца Вышэйшай партыйнай школай пры ЦК КПСС, ні на дзень не спыняла ні ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ні ў пасьляваенную галадуху і разруху. Вось такая кораценька гісторыя Мітронаўскай слабады, дзе лёс падарыў мне магчымасьць правесьці два лепшыя гады жыцьця...
Каб патрапіць сюды, зусім ня трэба было рыхтавацца і здаваць экзамены ці праходзіць нейкія сур’ёзныя субяседаваньні на прадмет разьвітасьці інтэлекту. Патрабавалася ўсяго пасьпець да сарака падняцца па наменклатурнай лесьвіцы не ніжэй за пасаду сакратара райкаму партыі, мець нармальнае здароўе, аб’ектыўную ацэнку якога зробяць на медычным аглядзе ў “крамлёўцы”, філіял якой знаходзіўся тут жа, у цокалі агромністага пятага корпусу. Ну і, вядома ж, характарыстыкі-рэкамендацыі і пастановы-накіраваньні бюро абкаму і ЦК саюзнай рэспублікі з адпаведнымі аб’ектыўкамі, заявай, аўтабіяграфіяй, асабіста запоўненым лістком па ўліку кадраў, фотакарткамі і г.д. А канчатковае рашэньне аб залічэньні персанальна па кожным прымаў Сакратарыят ЦК КПСС пасьля гутаркі ў намесьніка загадчыка арганізацыйна-партыйнай работы ЦК КПСС, сэнс якога ўвачавідкі быў прадэманстраваць увагу і важнасьць таго, чым належыць займацца два наступныя гады, даць зразумець, у якія высокія сферы ты патрапіў, да якіх важных справаў дапушчаны. Словам, два гады насельнікам Мітронаўскай слабады прадстаяла тэарэтычна падкоўвацца, набраць практычнага вопыту, каб узьляцець на новую вышыню...
Маёй пасады намесьніка загадчыка аддзелу абкаму хапала аж занадта, каб паступіць у галоўную партыйную вучэльню, пра якую, шчыра кажучы, і ня думаў. Падбухторылі па-сяброўску: не ўпусьці магчымасьць – Аляксей Саўчык і Эдзік Наготка, адзін з якіх вучыўся на першым, другі – на другім курсе, і, натуральна, мелі поўнае ўяўленьне пра Мітронаўскую слабаду, маляўніча апавядалі пра тамашняе вольнае жыцьцё-быцьцё. З Аляксеем мы некалі служылі разам у пагранвойсках, а з Эдзікам зналіся па Жалудку, дзе ён кіраваў раённай камсамоліяй. Паехаць на два гады ў Маскву, вядома, было заманліва, але якраз тады і жонка вучылася ў медінстытуце, і сын толькі што пайшоў у школу, таму яшчэ і мне кідацца ў вучобу – гэта ўжо было занадта... Але мая новая пасада вымагала ня толькі пісаць, але і выступаць публічна перад рознымі, у тым ліку добра падрыхтаванымі тэарэтычна аўдыторыямі, і амаль заўсёды востра, нават балюча адчуваў недахоп сістэматызаваных ведаў па грамадска-палітычных дысцыплінах, пакутваў, падбіраючы матэрыял. Каб не апроставалосіцца, выступаў па-пісанаму, згараючы ад сораму, калі не ўдавалася з ходу прамовіць нейкае вучонае мудрагелістае слова, скурай адчуваючы рэакцыю залы, іншы раз хацелася скрозь зямлю праваліцца... Жонка была рашуча за тое, каб ехаў на вучобу: як-небудзь пераб’ёмся-перакідаемся, дый стыпендыю будзеш мець усяго на нейкіх дваццаць рублёў меншую, чым цяперашні заробак... Усё яно, канешне, так, але... Нешта замінала, супраціўлялася рашыцца пакідаць на два гады малога сына і жонку-студэнтку з трыццацірублёвай стыпендыяй. Круціліся і іншыя варыянты: можна завочна ў Менскую ВПШ, два разы на год езьдзіць на сесіі. Але завочна я ўжо канчаў універсітэт і добра ведаў, як там вучацца... У рэшце рэшт можна ўсур’ёз заняцца самаадукацыяй, засесьці за літаратуру па філасофіі, палітэканоміі... Толькі разумеў: пры той шалёнай нагрузцы на рабоце, хатніх клопатах, што зваліліся на плечы ў сувязі з жончынай вучобай – то чыстая ілюзія... Я вагаўся, жонка ж настойвала: не глядзі ні на што – едзь, а мы тут як-небудзь управімся. Калі што – маці прыедзе... Трэба думаць і пра заўтрашні дзень...
Я, канешне ж, гэтаксама ня мог ня думаць пра заўтрашні дзень. Больш за тое, пасьпеўшы трохі пакруціцца-паварыцца ў наменклатурным асяродку, ня мог заставацца свабодным ад пэўнага ўплыву ягонай карпаратыўнай псіхалогіі, ягоных жыцьцёвых арыенціраў. Былі, канешне, і натуральныя кар’ерныя амбіцыі, памкненьні, для задавальненьня якіх дыплом прэстыжнай элітарнай вучэльні вельмі і вельмі дарэчы... І нарэшце, як, пэўна, усе, каго нейкія абставіны змусілі вучыцца завочна, хто ня зьведаў існага студэнцкага жыцьця, адчуваў сябе трохі абдзеленым лёсам, было неадольнае памкненьне акунуцца ў хоць запозьненае, але студэнцтва, тую мітронаўскую вольніцу, пра якую з гэтакім захапленьнем расказвалі ўсе, каму пашчасьціла паспытаць яе.
Намер прасіцца на вучобу ў Маскву мой непасрэдны шэф Ульяновіч успрыняў без усялякага энтузіязму, але згадзіўся падтрымаць. А як дайшло да Мікуловіча, той тут жа паклікаў і заявіў:
– А нашто табе дарма час губляць?.. Дыплом атрымаеш і завочна, у Менску. Усё роўна яны аднолькавыя... Пакуль у Маскве будзеш дурня валяць ды штаны праціраць, тут можна падняцца да...
Ён не сказаў, куды магу падняцца, але, як і кожнаму прыемна і ганарова, калі яго цэняць, бачаць у ім персьпектыву, вельмі ўсьцешыла душу. Шчыра прызнаўся, што хвалюе мяне не дыплом, галачка ў анкеце, а найперш адсутнасьць сістэмных ведаў па грамадскіх навуках, паколькі універсітэт канчаў завочна, а зараз даводзіцца камплексаваць, пачуваць сябе прафанам, няздольным размаўляць на роўных з адукаванымі людзьмі, з якімі даводзіцца мець справу па абавязку службы. Мусіць, ня часта яму даводзілася чуць, каб нехта шчыра прызнаваўся ў сваім невуцтве і прафанстве, паглядзеў на мяне з павагай і разуменьнем і прапанаваў:
– А мо лепш у Акадэмію грамадскіх навук? Кандыдатам навук вернешся. Пачакай, вось нам дадуць разнарадку на наступны год...
Гэта было, канешне, заманліва, але да навуковай работы я не адчуваў у сабе ні талентаў, ні жаданьня. Апроч таго, пры той жа, як і ў ВПШ, працэдуры залічэньня тут трэба было здаваць экзамен па навуковаму камунізму і залік па замежнай мове, а пры маіх пазнаньнях у нямецкай зусім рэальна загудзець пад фанфары, а потым сораму не абярэшся. І вучыцца там ня два, а тры гады, а потым... Акадэмію некалі стваралі для падрыхтоўкі тэарэтычных кадраў партыі, але з цягам часу стала не зусім зразумела: а навошта столькі тэарэтыкаў, калі разьвіцьцё тэорыі марксізму-ленінізму – абсалютная прэрагатыва палітбюро ў асобе генеральнага сакратара? І падрыхтаваныя Акадэміяй тэарэтыкі часьцей за ўсё апыналіся ў лектарскіх групах партыйных камітэтаў, выкладчыкамі ў рэгіянальных партшколах, на кафедрах грамадскіх навук універсітэтаў ды інстытутаў. Я і ўявіць сябе ня мог у ролі выкладчыка, гэта было не маё, маё прызваньне – практыка, практычная журналістыка... Мікуловіч і тут паставіўся з разуменьнем, загадкава ўсьміхнуўся і як пра вырашанае сказаў:
– Што ж, практыка дык практыка...
Атрымаўшы згоду першага сакратара, махавік па ўзгадненьні маёй кандыдатуры ў інстанцыях, афармленьні патрэбных дакументаў закруціўся. Вобласьць мела разнарадку на двух чалавек, і разам са мной ехаў сакратар Ваўкавыскага райкаму партыі Яўген Рабко, які нядаўна быў сакратаром абкаму камсамолу па ідэалогіі і, натуральна, мы ня раз сутыкаліся па службовых справах.
У ліпені нас паклікалі ў Маскву для праходжаньня медкамісіі і субяседаваньня ў ЦК КПСС. Запомнілася, што стаяла неймаверная гарачыня, у Падмаскоўі гарэлі тарфянікі, і горад быў зацягнуты едкім, удушлівым смогам, ад якога быў паратунак, хіба, толькі пад зямлёй у метро. Пасялілі нас па двое ў інтэрнаце, і ледзь ці ня тыдзень з ранку да вечара здавалі розныя аналізы, хадзілі па ўрачах. На здароўе ніхто ня скардзіўся і прыдзірлівыя медыкі рэдка ў каго знаходзілі нейкія адхіленьні ад нормы. А потым групамі па чалавек трыццаць з інтэрвалам у дзьве гадзіны арганізавана езьдзілі ў новы прыземісты корпус ЦК КПСС трохі на задворках, дзе разьмяшчаўся аддзел аргпартработы. Да таго ў сьвятая сьвятых – ЦК КПСС я быў толькі раз, падчас нейкага семінару, калі сазваніўся і наведаў нашых гарадзенцаў Грышкевіча і Русаковіча, якія заказалі для мяне пропуск. Корпус аддзелу прапаганды вокнамі выходзіў на неймаверна шумную Старую плошчу, і я быў страшэнна зьдзіўлены, уражаны ўмовамі, у якіх працуюць работнікі гэтакай саліднай установы – па два-тры чалавекі ў цесных кабінеціках, дзе і нармальных сталоў не паставіш. Нават праз шчыльна зачыненыя вокны чуўся такі вулічны гул, што цяжка было гаварыць нармальным голасам. Духацішча – не прадыхнуць, а ўсе – у чорных пінжаках і белых нейлонавых кашулях пры абавязковых гальштуках, як таго патрабаваў этыкет.
Тут, у новым корпусе, куды нас прапусьцілі строга праверыўшы дакументы і зьверыўшы са сьпісам, цішыню парушаў толькі лёгенькі пошум кандыцыянераў. Яны стваралі прыемную прахалоду, дазвалялі аддыхацца ўволю ад едкага паху гарэлых тарфянікаў, які то трохі радзеў ад набеглага ветрыку, то зноўку згушчаўся. На дзіва, і тут, у новым сучасным корпусе, усё было абстаўлена сьціпла, строга, без аніякай раскошы. У кабінет да намесьніка загадчыка аддзелу Пятровічава, які курыраваў падрыхтоўку і павышэньне кваліфікацыі партыйных кадраў і, як папярэдзілі, зьяўляўся кіраўніком аўтарскага калектыву адзінага капітальнага падручніка “Партийное строительство”, які нам патрэбна будзе штудзіраваць з алоўкам у руках, нас прапускалі згодна алфавітнага сьпісу па тры чалавекі адразу: з адным гутарылі, двое сядзелі напагатове, арыентуючыся, што і як адказваць, каб не зацягваць час. Мне выпала ісьці, здаецца, у другой ці трэцяй тройцы ў кампаніі ўзьбека і ўзьбечкі. У тарцы доўгага стала сядзеў, як можна было здагадацца, сам Пятровічаў – стары, стамлёны з выгляду, лысаваты чалавек сярэдняй камплекцыі, а паабапал зьлева і справа сем-восем гэтаксама немаладых людзей. Той, чыё прозьвішча называў Пятровічаў, уставаў і пераходзіў у другі тарэц стала і з ім пасьля зачытаньня асноўных дадзеных з даведкі-аб’ектыўкі пачыналася кароткая, у тэмпе, гаворка, якую наўрад ці можна назваць чыста фармальнай. Прысутныя, але часьцей за ўсё сам гаспадар кабінету, задавалі даволі істотныя пытаньні, нешта ўдакладнялі, нечым цікавіліся. У мяне запыталі пра ідэалагічную абстаноўку ў прыгранічнай вобласьці, кантакты, якія маем з польскімі таварышамі, і па ўсім відаць, засталіся задаволенымі маім адказам. Пятровічаў запытаў, як глядзіць мая сям’я на ад’езд у Маскву, на тым гаворка і закончылася. Узьбеку гэтаксама задалі нейкае пытаньне пра абстаноўку ў раёне, ніколечкі не зьдзівіліся, пачуўшы, што ў таго дванаццаць дзяцей. А калі ўзьбечка адказала, што ў яе толькі двое, зьдзіўлена пераглянуліся, а яна з дзёрзкасьцю ў голасе ўдакладніла:
– А ў мяне муж – рускі!..
На строгім зямлістым твары Пятровічава прамільгнула нешта накшталт усьмешачкі, і ён пасьпешна абвясьціў, што ўсе трое мы будзем рэкамендаваны да залічэньня слухачамі Вышэйшай партыйнай школы.
Рабкова чарга падышла толькі праз дзень, і я чакаў яго, каб ехаць разам дадому. Білеты на гарадзенскі цягнік без усялякіх клопатаў і чэргаў набылі ў касах ЦК, куды нам выдалі квіткі-пропускі.
У канцы ліпеня зьявілася пастанова Сакратарыяту ЦК КПСС аб маім з Рабко залічэньні слухачамі Вышэйшай партыйнай школы, і на пачатку жніўня я разам з жонкай і сынам добра адпачылі, нарыбачыліся ўволю ў доме адпачынку “Рось” пад Ваўкавыскам пад апекай Жэні Рабко і ягонай жонкі Люсі.
Провады мяне ў Маскву арганізавалі ўсім аддзелам, дзе рэй вёў, канешне ж, Аляксей Саўчык, па сьлядах якога я накіроўваўся ў Мітронаўскую слабаду, а ён з новенькім дыпломам адтуль займаў вызваленую мною пасаду. Набыў два білеты на ніжнія месцы ў адным купэ, на адзін з якіх у Мастах падсеў Жэня Рабко, і мы ці не да самай Масквы правялі за шахматнай дошкай...
На жаль, пасяліцца разам ня выпала – да прыезду кожнаму было ўжо вызначанае месца ў адным з трох інтэрнатаў. Некага сялілі з замежнікамі, калі ад тых была на тое просьба, каб ім дасканалей авалодаць рускай мовай. Часьцей за ўсё прасілі немцы, зрэдку – венгры, астатнія ж больш трымаліся сваіх землякоў. З народна-дэмакратаў чамусьці не было румынаў, югаславаў і, натуральна, кітайцаў, албанцаў і паўночнакарэйцаў, чые кампартыі ўпалі ў раскольніцка-рэвізіянісцкі грэх. Затое балгары і манголы, якія, як правіла, добра валодалі рускай мовай, вучыліся нароўні з намі два, а ня тры гады, як усе астатнія “народна-дэмакраты”. Але ў адрозьненьне ад нас іхняе пажаданьне задавальнялі ўжо на першым курсе, і сяліліся балгары і манголы пераважна па-зямляцку. Нашых жа на першым курсе стараліся як мага больш перамяшаць па інтэрнацыянальным прынцыпе. Вельмі рэдка першакурсьнікі траплялі да другакурсьнікаў – вядома ж, у іх зусім іншыя вучэбныя праграмы, іншыя інтарэсы. Былі, праўда, і выключэньні, пад якое мабыць на шчасьце патрапіў і я: кватэрны аддзел зьвёў мяне на шостым паверсе трэцяга корпусу з другакурсьнікам Аляксеем Бражнікам, былым другім сакратаром Серафімовічскага райкаму партыі, валжанінам, які паходзіў з этнічных беларусаў. Ён сам папрасіў падсяліць каго-небудзь з беларусаў-першакурсьнікаў. Во так мы і сышліся з добрым, шчырым, шырокай адкрытай душы чалавекам, адразу ж здружыліся, а праз нас павязаліся прыязнымі стасункамі ягоныя волгаградскія і мае беларускія сябры-таварышы. Ці то гэта быў на нейкім астральным узроўні этнічны покліч, ці проста роднасьць душ і характараў, але без усялякага перабольшаньня пражылі мы год, як родныя браты, а потым яшчэ доўга трымалі перапіску, аж пакуль абодвух не адолелі і розныя свае клопаты і, мусіць, як гэта амаль заўсёды бывае, ненадзейная нітачка студэнскай дружбы ў рэшце рэшт неўпрыкмет згубілася, абарвалася, пакінуўшы прыемныя, настальгічна-незваротныя згадкі і ўспаміны. Аляксей навучыў і мяне, і ўсіх маіх хлопцаў-першакурсьнікаў ведаць толк у піве, адчуваць розьніцу паміж мёртвым бутэлькавым і жывым, духмяным разьліўным, чаму спрыялі вяленыя чахоні – востраносыя, вузкацелыя, трохі падобныя на шчупакоў адна ў адну рыбіны, што аж прасьвечваліся наскрозь, а па смаку ім проста не было роўні. Гэты ў Маскве тады дэфіцыт з дэфіцытаў прывозіў Аляксей у кожную сваю паездку дадому, а ў дадатак пры любой аказіі ў Маскву з Серафімовіча перадавалі яму рыбныя пасылкі, часам па кілаграмаў дзесяць – там быў магутны рыбзавод, а ў кампанейскага Аляксея мелася шмат сяброў-таварышаў... У нас з ім неяк адразу павялося жыць у пакоі камунай, нічога не дзяліць на маё – тваё, і гэтай смакатой кожны з нас карыстаўся і распараджаўся, як хацеў...