104165.fb2
Галоўны зрабiў паўзу, выцер насавой хустачкай успацелы лоб i спытаўся:
- Дык што будзем рабiць?!.
Усе зноў апусцiлi галовы - не дай бог не тое ляпнуць ды не дагадзiць Галоўнаму.
- Ну, калi вы маўчыце, тады я вам растлумачу, якая небяспека для нас усiх схавана ў словах касмiчных прыблудаў, - павучальна i дакорлiва працягваў аратар. - Дык вось, тыя свабоды, пра якiя плятуць нашы дарагiя госцiкi, пазбавяць вас усiх вашых прывiлей i вашых...
- Не! Не дазволiм!
- Не быць гэтаму нiколi!
- Да д'ябла свабоды! - рашуча паўскоквалi прысутныя.
Галоўны не хаваў усмешкi:
- Бачу, што мыслiце вы па-дзяржаўнаму. Малайцы!.. Дык што будзем рабiць? з iронiяй спытаўся Галоўны i хiтра зiрнуў на падначаленых.
- К чорту iх!
- Заткнуць iм рот!
- Вон iх адсюль!
- Садраць з iх шлемы - будуць маўчаць, як дохлыя рыбы!..
Галоўны ўзняў руку, i ўсе сцiхлi.
- Цiкавых прапаноў паступiла шмат, буду над iмi думаць... Ёсць i ў мяне для iх "падарункi"... - Раптоўна грозна памахаў пальцам. - I нiякiх iм кантактаў з людзьмi! Нiякiх iм тут свабодаў! Я iм пакажу зямныя свабоды!
* * *
Сухiн i Iсаеў адчулi нядобрае. Яны пераключылi ўнутраную сувязь на такi рэжым работы, каб адзiн мог слухаць дыялог другога з гаспадарамi. Таму, калi ў пакой да Iсаева зайшлi двое ў чорных касцюмах, iх размову са сваiм калегам Iван чуў даслоўна.
- Добрай ранiцы! Як адпачывалi?! - пачалi незнаёмцы.
- Дзякуй! - адказаў Iсаеў. - Мы б хацелi выказаць некалькi сваiх пажаданняў...
Незнаёмцы быццам не пачулi гэтага. Яны запыталiся:
- А чаму вы не дакранулiся да яды? Не спадабалася?
- Вось гэта першая наша просьба: нам неабходна часова вярнуцца на наш карабель, дзе ў герметычным адсеку зможам зняць шлемы i прыняць яду. Там жа мы маглi б закласцi па плiтцы ежы i вады ў спецыяльныя прыстасаваннi ў шлемах, што дазволiць нам доўга абыходзiцца без карабля.
- Баюся, што гэта немагчыма, -адказаў адзiн з увайшоўшых.
- Тады, - рашуча заявiў Iсаеў, - нам пагражае галодная смерць!
- А вы здымiце шлемы i ешце! - хмыкнуў незнаёмец.
- Гэта будзе азначаць для нас тую ж смерць! I вы гэта добра ведаеце! рэзка адказаў Iсаеў.
- Добра, - сказаў перагаворшчык, - мы зробiм даклад начальству. Якiя яшчэ пажаданнi?
- Спадзяёмся, што мы не палонныя i будзем мець магчымасць азнаёмiцца з вашай планетай...
"Чорныя касцюмы" рашуча выйшлi, грукнуўшы дзвярыма, - вiдаць, другое пажаданне не спадабалася iм больш, чым першае.
Iван чуў гэта слова ў слова, хоць i знаходзiўся ў другiм будынку. Таму, калi да яго зайшлi вiзiцёры, ён прытрымлiваўся думкi свайго камандзiра...
Галоўны, пасля даклада яму аб кантактах з зямлянамi, насупiўся:
- Ужо другiя суткi, як яны на нашай планеце i яшчэ не прымалi ежу... А мне яны пакуль патрэбны жывымi... З iх шмат чаго карыснага для сябе можна выцягнуць...
Пахадзiўшы па кабiнеце, Галоўны сказаў прысутным:
- Прыйдзецца везцi iх на карабель... Лепей, як сцямнее. Трэба, каб менш цiкаўных вачэй бачыла iх...
Наперадзе быў цэлы дзень, i астранаўты засумавалi. Хацелася есцi, але цяпер, калi гаспадары амаль не хавалi сваёй варожасцi, здымаць шлемы i касцюмы было б вялiкай памылкай.
Днём распачаўся такi лiвень, што за вокнамi зрабiлася цёмна, як i на душы зямлян.
- Як пратрымацца гэты месяц? - спытаўся Iван у Iсаева. - I цi пратрымаемся ўвогуле?
- Будзем спадзявацца, што давядзецца чакаць менш месяца... Ды справа i не ў гэтым, - сумна разважаў Iсаеў, - складанасць у другiм: як без сувязi з iмi звязацца, як да iх дабрацца? Не падобна на тое, што нас павязуць на карабель, што нам дадуць свабоду...
Iсаеў памаўчаў i дадаў:
- Я маю на ўвазе, што не дадуць свабоду добраахвотна... Баюся, што прымяненне сiлы з нашага боку непазбежна.
- А што застаецца рабiць? - пытаннем падтрымаў сябра Iван.
- Пажывём - пабачым... Не ў iхнiх гэта iнтарэсах, ды i не ў нашых таксама... Пабачым...
Вечарам лiвень перастаў, пакiнуўшы пасля сябе процьму вады ў кожнай лагчыне.
Калi сцямнела, Iсаева i Iвана вывелi з iх пакояў, пасадзiлi ў тыя ж машыны,i картэж накiраваўся да касмiчнага карабля.
Як нi старалiся кiраўнiкi гэтай маленькай планеты захоўваць завесу сакрэтнасцi, але слых аб касмiчных падарожнiках даляцеў да кожнага жыхара, i людзi, нягледзячы на жорсткiя забароны сваiх уладароў, збiралiся паглядзець на цуд.
Чым блiжэй было да касмiчнага карабля, тым большыя натоўпы людзей можна было бачыць у святле фар уздоўж дарогi. Але картэж хутка iмчаў, рассякаючы коламi вялiзныя лужыны i аблiваючы з галавы да ног i ахову, i цiкаўнiкаў.
I ўсё ж да самага карабля даехаць не ўдалося - лiвень размыў узгоркi i палi, сярод якiх стаяў карабель, ператварыўшы iх у гразь.
Прыйшлося вылазiць з машын, што не было запланавана, i ў цемры, пры цьмяных лiхтарах, кратацца пешшу, ледзь выцягваючы ногi з гразi.
Лiхтары ў руках аховы выхоплiвалi з цемры шматлiкiх камуфляжнiкаў i простых людзей, якiя з неверагоднай цiкаўнасцю цiснулiся да працэсii. Было вiдаць, як тыя ж камуфляжнiкi спрытна арудуюць гумовымi дубiнкамi, адганяючы людзей, але пабiтыя корчылiся ад болю i працягвалi жывымi хвалямi кацiцца ўздоўж усяго шляху працэсii.