104213.fb2
- Хто гэта? - шэптам спытаўся ў Настаўнiка Першы.
- Гэта - чалавек.
I тут Другi iмгненна пераапрануўся: замест блiскучага аблягаючага камбiнезона на iм былi закасаныя, як у Настаўнiка, штаны, белая кашуля, хустачка вакол шыi i гэткi ж капялюш лейкай. Ён паглядзеў на таварышаў, адвярнуўся, расставiў рукi i пайшоў насустрач дзяўчыне, напяваючы ў тон ёй няхiтрую мелодыю.
Першы напружыўся, нiбы хацеў кiнуцца следам, але зiрнуў на старэйшага i застаўся на месцы; рукi яго павiслi ўздоўж цела.
- Ён не вернецца, - сказаў Настаўнiк.
Другi адыходзiў усё далей; дзяўчына заўважыла яго, узмахнула букетам i засмяялася.
- Я мушу даць яму апошнi наказ, - сказаў Настаўнiк. - Я зараз вярнуся, i мы зоймемся эвалюцыяй разумнага Хi. Цяпер ты бачыў яго.
Ён адышоў толькi на некалькi крокаў, як раптам нешта шчоўкнула. Настаўнiк павярнуўся: Першы адчынiў люк астралёта i нырнуў у яго. У наступнае iмгненне паветра над тым месцам стала гусцейшае, здрыганулася, паднялося лёгкае воблачка пылу i - усё знiкла.
Доўгiм позiркам глядзеў Настаўнiк у неба, а калi апусцiў вочы, на паляне нi дзяўчыны, нi Другога ўжо не было.
"Паспяшаўся далей ад гэтых мясцiн i я, - пiша Пасвячоны, - бо заставацца тут далей не было патрэбы. Хаваючыся за кустамi, цягнучы за сабой ужо не патрэбны цяпер транскамунiкатар, я выбраўся туды, дзе стаяла замаскiраваная мая ракетка. I ўжо калi набраў вышыню i iмклiва ляцеў у патрэбным мне напрамку, я ўвесь час нiбы адчуваў на сабе нейчы далёкi ўсёбачны позiрк; у свядомасцi ўзнiкалi цьмяныя вобразы, сэнс якiх быў добры. I я зразумеў, што гэта - Настаўнiк-нобл развiтваецца са мною".
* * *
Да сказанага дадаць няма чаго, акрамя хiба таго, што, паводле чутак, наш Пасвячоны ўступiў з нобламi ў непасрэдны кантакт (праз гэтага Настаўнiка, трэба меркаваць) i ў хуткiм часе мы даведаемся аб вынiках гэтага кантакту.