10847.fb2 Вуліца ў месячным святле - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Вуліца ў месячным святле - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 2

Я міжвольна паспрабаваў вырваць руку. Мне было страшна. Але калі ён адчуў, што я хачу трымацца ў баку ад яго гора, ён раптам укленчыў пасярод вуліцы і абхапіў мяне за ногі.

- Малю вас, паночку... Вы павінны з ёю пагаварыць... Павінны... інакш... інакш здарыцца няшчасце... Я патраціў усе свае грошы, шукаючы яе, і тут я яе не пакіну... жывою не пакіну... Я купіў сабе нож... У мяне, паночку, ёсць нож... Я яе не пакіну тут... жывою не пакіну... Я не знясу гэтага... Пагаварыце з ёю, паночку...

Ён як шалёны курчыўся перада мною. У гэты момант у канцы вуліцы паказаліся двое паліцэйскіх. Я сілай прымусіў яго ўстаць. Хвіліну ён разгублена глядзеў на мяне. Потым сказаў нейкім чужым голасам, суха і адрывіста:

- Пойдзеце па вунь той вуліцы. Там ваш гатэль. - Яшчэ раз утаропіўся ён на мяне вачамі, у якіх зрэнкі быццам расплавіліся ў нейкай жахліва белай пустаце. Потым ён знік.

Я мацней захутаўся ў плашч. Мяне трэсла. Толькі стомленасць адчуваў я, нейкае дзіўнае ап'яненне, без пачуцця, чорнае, пурпуровае, быццам я спаў на хаду. Я хацеў сабрацца з думкамі і ўсё абдумаць, але кожны раз падымалася гэтая чорная хваля стомленасці і несла мяне з сабою. Я ледзь дабраўся да гатэля, зваліўся на ложак і заснуў тупа, як жывёліна.

Назаўтра раніцаю я ўжо не ведаў, што ў гэтым здарэнні было яваю, а што сном, і падсвядома працівіўся таму, каб у гэтым разабрацца. Прачнуўся я позна, чужы ў чужым горадзе, і пайшоў аглядаць царкву, якая, як мне сказалі, славілася старажытнай мазаікай. Але вочы мае не ўспрымалі таго, што бачылі, усё болей выразна паўставала ў памяці сустрэча мінулае ночы, і мяне неадольна пацягнула на тую вулічку, да таго дома. Але гэтыя дзіўныя вуліцы жывуць толькі ўначы, удзень на іх шэрыя халодныя маскі, пад якімі пазнаць іх можа толькі дасведчаны чалавек. Я не знайшоў гэтай вулічкі. Стомлены і расчараваны вярнуўся я дадому, мяне мучылі карціны не то трызнення, не то рэальнасці.

Цягнік мой адыходзіў у дзевяць гадзін вечара. З жалем пакідаў я горад. Насільшчык падняў мае рэчы і, ідучы паперадзе, панёс іх да вакзала. І раптам на адным скрыжаванні вуліц нешта быццам токам ударыла мяне, і я спыніўся: я пазнаў папярочную вулічку, якая вяла да таго дома, загадаў пачакаць насільшчыку - ён спачатку не зразумеў нічога, але тут жа ўхмыльнуўся з нахабнаю фамільярнасцю - і пайшоў зірнуць яшчэ раз на вуліцу, на якой са мною здарылася гэтая прыгода.

Было цёмна, цёмна, як учора, і ў цьмяным месячным святле паблісквалі зашклёныя дзверы таго дома. Я хацеў яшчэ раз падысці бліжэй, але тут нешта заварушылася ў змроку. Са страхам пазнаў я ўчарашняга знаёмага; ён сядзеў на парозе і знакамі падзываў мяне падысці бліжэй. Мяне ахапіў жах, я хуценька падаўся назад, з-за маладушнай боязі, каб не ўблытацца ў якую-небудзь гісторыю і не спазніцца на цягнік.

Але, падышоўшы да скрыжавання, я, перш чым завярнуць за вугал, яшчэ раз азірнуўся. Калі мой позірк спыніўся на ім, ён ускочыў, кінуўся да дзвярэй і рэзка рвануў іх на сябе. Нешта металічнае бліснула ў яго руцэ: я здалёку не мог разгледзець, манеты ці лязо нажа гэтак па-здрадніцку бліснулі ў месячным святле...