10891.fb2 Выбранае - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 24

Выбранае - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 24

Хведар так збянтэжыўся ад тых нахабных нялюдскіх слоў, што проста не знайшоў, як адказаць. Здаецца ён ужо нагледзеўся людской подласці ва ўсіх яе нечаканых праявах, але такой не прадбачыў. Увечары, як яны прайшлі Вусцюжную мель, ён ціха сказаў аб тым брыгадзіру, думаў, можа, брыгадзір заступіцца, папракне Рагаўцова. Але той толькі насупіўся і сказаў: «Гэны ўсё можа». - «Дык што ж мне рабіць?» - разгублена спытаў Хведар. І Кузняцоў, утаропіўшы ў яго суровы погляд, сказаў: «Будуць чужыя - хавай дачку». - «Куды ж схаваеш на плыце?» - шчыра здзівіўся Хведар, на што атрымаў хуткі адказ. «А пад плытом і схаваеш», - кінуў брыгадзір і пасігаў сабе па слізкіх бёрнах у хвост да стырнавога. Хведар застаўся стаяць, не ведаючы, сур'ёзна гэта ці, можа, для здзеку? Толькі спакваля да яго разуменне прыйшло: а праўда! Можна ж схавацца ў ваду, за плытом. Волечка ўжо навучылася няблага плаваць, будзе трымацца за бервяно, мо не ўтопіцца. Толькі адно нядобра - лета ўсё ж канчалася, вада пасцюдзянела, яны на плытах ужо не купаліся, толькі трохі мыліся ўранні.

Хто ведае, ці спраўдзіў сваю пагрозу той злыдзень Рагаўцоў, калі на плыт для праверкі ўскочыў вохравец з раённай камендатуры, як яны сталі перад Усысвінскім перакатам. Бывала, тыя вохраўцы наведваліся і раней, але так, больш для прыліку, спытаюць што-нішто ў брагадзіра, зірнуць сюды-туды і спяшаюцца на бераг. Гэты ж, мардаты, прыземісты шлапак у даўгім шынялі, пагаманіўшы з брыгадзірам, відаць, намерыўся прайсці па плытах да кармы, і ў Хведара нядобра скаланулася сэрца. Ён стаяў з багром у руках па правым баку плыта, а праз пяць крокаў ад яго, трымаючыся за вяроўчыну, сядзела ў вадзе Волечка, толькі як светлая галоўка зыбалася на паверхні. І вось ворхавец спыніўся пасярод плыта, пагойдаўся на таўсцейшым камлі бервяна і завёў з брыгадзірам гаворку пра хітрасці тутэйшай рыбалкі, якую блясну болей любіць увосень сёмга. Час быў не позні, але ўжо далёка не паўдзён, з усходу дзьмуў халаднаваты вецярок. Унутры ў Хведара мярцвела ад нецярпення, калі слухаў тую недарэчную размову. Але во, здаецца, яны ўжо будуць вяртацца, ужо павярнуліся, каб ісці. І зноў сталі. Вохравец пачаў нешта паказваць на тым беразе, і Хведар моўчкі праклінаў яго: каб ты здох, кот мурлаты! Волечка ўжо, мусіць, здранцвела ў вадзе пад плытом. А той з брыгадзірам бясконца доўга ішоў па нерухомых плытах, пасля доўга таптаўся на беразе, усё азіраючы раку. Хведар стаяў і напружана думаў: стукнуў Рагаўцоў ці не? Урэшце вохравец знік за кустамі на беразе, а ён ледзьве выцягнуў Волечку на бярвенне - ужо тая пасінела ад сцюжы і не магла вымавіць слова. І зубкі яе дробна стукалі, і вусны ніяк не маглі скласціся для зграбнага слова. Дрыготкімі рукамі бацька выціраў яе грубай мешкавінай, цёр худзенькія плечы, запалую грудку, а пераапрануць у сухое не было ў што, і ён здзеў сваю світку, неяк укруціў дачушку. Прыйшоў Кузняцоў, убачыў усё, зразумеў і скінуў ватоўку - на ўхутай! Дзякуй яму, ухутаў. Пасля Кравец нагатаваў вады, і ён паіў яе кіпнем - здаецца, неяк сагрэў дзяўчо.

На ноч паклаў на іхнім звычайным месцы, ззаду за буданчыкам, на звільгатнелых улежаных трантах, ухутаў мешкавінай і брыгадзірскай ватоўкай. Спярша сагрэлася і заснула, і ён, седзячы побач, думаў: мо яшчэ і абыдзецца. Ды не абышлося. Пад ранак запылала дачушка, усчаўся вялікі жар, прасіла ўсё піць, жалілася: баліць галоўка. Ён усё паіў яе цёплай вадой, іншага нічога ў іх не было - ні лекаў, ні якіх зёлак. Раніцай трохі задрамала, але была гарачая, а яму трэба было заступаць на стырно. Наперадзе, сказаў брыгадзір, быў самы трудны ўчастак шляху, трэ было глядзець пільна. Але, як ні глядзелі, усё ж пасадзілі крайні плыт на каменне, ледзьве здзёрлі яго пад абед. За той час ён якіх пару разоў наведаўся за буданчык, і ў яго кожны раз ападала сэрца - кепска было дачушцы. Як на тую бяду, абапал ракі плылі таежныя, без аніводнага паселішча берагі, цягнуліся голыя абрывы, і над імі высіўся хвойны дрымучы лес. Брыгадзір бачыў ягонае гора і, здаецца, спачуваў яму, сказаў: у канцы тыдня прыйдзем у Мезу, там ёсць амбулаторыя, можа, зносім туды малую. Нібы збаўлення, Хведар прагна чакаў тае Мезы ўдзень і ўначы, сам не кладучыся ні на хвіліну, усё то варочаў стырном, то багром, бегаў па зыбкіх плытах, штораз заглядваючы за буданчык. Волечцы рабілася ўсё горш. На трэці дзень яна ўжо не пазнавала яго, толькі прасіла адагнаць птушак. Спярша ён здзівіўся: якіх птушак? А тады зразумеў: яна ж трызніць. Наступнаю ноччу неяк сцішылася і неўпрыкмет адышла з гэтага свету. Назаўжды адляцела, як светлая малая птушачка, яе чыстая дзяўчачая душа...

Да паўдня яна ляжала ўсё там жа, за буданом на трантах, і яны не ведалі, што з ёй рабіць. Тады брыгадзір выдраў з будана тры дошкі, якія былі там заместа падлогі, сказаў Краўцу збіць труну. Той і праўда збіў - маленькую, на метр, скрыначку, у якую паклалі худзенькае збялелае цела Волечкі. Ну а як пахаваць? Навокал вада, плыты нідзе не прыстаюць да берага, што ім рабіць? І брыгадзір надумаў заднім плытом трохі падграбці на павароце да берага (спыніць жа гэтую аграмадзіну было немагчыма) і па водмелі знесці труну на бераг. Хведар скочыў з плыта раней, яны перадалі яму труну, і ён, стоячы па грудзі ў вадзе, прыняў яе. Пакуль выбраўся на сухое, дужа намок, намачыў нежывую дачушку, пасля ўзлез на абрыў і агледзеўся. Скрозь на беразе сцяной стаяў лес - елкі і піхты. У адным месцы была невялічкая прамыіна, і на адным баку ля яе ўтварыўся роўны зграбны мысок. Неяк усцягнуў на гэты мысок труну і ўзяўся капаць магілку. Мусіць, у каменным жвіры капаў доўга і трудна, але ён не прыкмячаў таго, ён увесь час горка плакаў, не стрымліваючы слёз. Жыццё адняло ў яго апошнюю радасць, адзіную яго ўцеху, і Хведар думаў: што яшчэ чакаць ад яго? Што яно можа адабраць яшчэ? Пасля ўсяго, што з ім сталася, уласнае жыццё траціла ўсякі кошт, ён не надта і даражыў ім; яно даўно зрабілася невыносным. Таго Рагаўцова, як ён позна ўвечары дагнаў плыты, ён не мог бачыць ад нянавісці і крыўды. І не мог зразумець, як гэта іншыя, і брыгадзір Кузняцоў таксама, паводзілі сябе з тым злыднем, нібы нічога і не здарылася. Ці яны нічога не разумелі? Ці баяліся яго? Ці яшчэ што? А Хведару ўсё ж спачувалі. Кравец ціха войкаў, круціў галавой, брыгадзір жа зацята маўчаў, здавалася тады, ён ні пра што іншае і не дбаў, апроч як пра свае плыты. Але як нарэшце прыйшлі ў Котлас і збылі на лясной біржы свой лесавы караван, гэты Кузняцоў паклікаў яго за рог складской будыніны, дзе не было нікога, і сказаў: «Даведка трэба?» - «Даведка? А дзе яе ўзяць?» - не зразумеў Хведар. «На, трымай, - сказаў Кузняцоў, азірнуўшыся, і сунуў у ягоныя рукі складзены квадрат паперкі. - Бярог для сябе, але, гляджу, табе самы раз будзе».

Хведар узяў тую даведку на імя Зайцава Андрэя Фаміча, яна і праўда неўзабаве дужа яму спатрэбілася. І ён быў бы шчыра ўдзячны брыгадзіру, калі б не тая цана, якую ён за яе заплаціў. Тая непамерная цана замінала яго ўдзячнасці, і ён часам думаў, што ў параўнанні з загубленай дзіцячай душой усё тое - дробязь.

Поўня на небе ярка свяціла між хмар зыркім сцюдзёным святлом, кладучы наўкось на магілах частыя цені ад крыжоў. Воддаль на выспе пад хвоямі стаяў чорны змрок, які шырокім і даўгім ценем амаль дасягаў дальняга краю могілак па-над выганам. Тут жа было ўсё добра відаць - кожны крыж і кожная купінка магілы. І толькі калі ў небе насоўвалася суцэльная хмара, тады ўсё навакол патанала ў цемрадзі. Хведар нібы заплюшчваў вочы і невідушча стаяў між магіл. Увогуле тут яму было добра, нават спакойна і ўтульна: ён нібы далучаўся да аднасяльчан і ладзіў з імі нетаропкую маўклівую бяседу - і пытаўся, і скардзіўся, і разважаў. Шкада, што не меў адказу, ну але ўжо ён прывык да таго, нібы аглух за многія тыдні свайго адзінокага блукання. У задуменні тупаючы між магіл, напаткаў і дбайна прыбраную магілу - на схіле бліжэй да крайніх аграмадзін-хвояў. Тут сапраўды кідаўся ў вочы дагляд і дбайнасць - магіла было роўненька абкладзена дзёрнам і свежа пасыпана дробным белым пяском, васьміканцовых крыжоў мясцілася аж два разам - меншы і большы за ім, абодва фарбаваныя белаю фарбай. Поруч прыткнулася спрытная, бы дзіцячая, лаўка, на якую, стаміўшыся, прысеў Хведар. Хто тут пахаваны, ён не мог здагадацца. Ужо, мабыць, не стары, не дзед і не баба, магілы старых так на ахаджваюць. Можа, гэта так пастаралася жонка для любага мужа? Але жонка наўрад ці зрабіла б усё так майстроўна і дбайна. Тады муж - жонцы? Ці хутчэй за ўсё бацькі - свайму дзіцёнку, мабыць, так. Але нідзе не напісана нічога - безыменная магіла, навек прапісаная толькі ў сэрцах, блізкіх нябожчыку.

А ў яго Волечкі, мабыць, няма ўжо і купінкі...

Доўжылася ціхая месячная ноч. На могілках стала сцюдзёнавата, надвор'е ці не меціла павярнуць на замаразкі, думаў Хведар, панікла седзячы ля прыбранай чужой магілкі. Яму нікуды не хацелася рушыць адсюль, тут ён, як нідзе ў іншым месцы, адчуваў сябе ў спакоі, адноснай бяспецы. Мусіць, недзе пад ранак закацілася-знікла поўня, навакол стала цёмна, бы ў склепе. Да начной цемрадзі Хведар, аднак, даўно прызвычаіўся, цемра яго не палохала. І ён сядзеў, прыпамінаў, думаў. Жаваў кіслыя журавіны, ашчадна выбіраючы з кішэні па две-тры ягады разам. І, мабыць, трохі драмаў. Толькі, як заўжды, пачала даймаць сцюжа. Да сцюжы ён не мог прызвычаіцца, асабліва пад старасць, на дрэнных харчах і пакутаваў ад яе ў ссылцы і тут во таксама. Можа, таму, што намёрзся, як ніхто за жыццё. Не ўмеў грэцца, як іншыя, ляскаючы сябе рукамі, прысядаць і тупаць. На сцюжы ён дубянеў, сціскаўся, нерухомеў - трываў. Таксама як трываў голад, знясіленасць, ганьбу. Ужо нямала гадоў усе яго намаганні ішлі на адно толькі - трываць. Ён не ўзрываўся, як некаторыя, калі, здавалася, трываць было неяк, не абураўся ад кепскіх харчоў, зверскай працы ці людской несправядлівасці, толькі сціскаў зубы, калі тыя яшчэ былі ў яго, і - трываў. Мусіць, не было ў свеце такіх абставін, якія б ён не навучыўся трываць. Апроч хіба аднаго - няволі-журбы расстання. Тут ужо ён не мог перайначыць сябе, ягоная натура насуперак усім абставінам імкнулася дамоў - праз безліч небяспек і нягод. Тады, першы раз, не ўдалося, не пашэнціла другі раз. Затое дамогся таго трэцім разам і цяпер быў амаль шчаслівы. Дык што яму цяпер сцюжа! Ці голад! Урэшце ён быў там, дзе марыў апынуцца пяць жахлівых гадоў. Што яму болей?

Мусіць, трэба было ісці ў лес, каб ранкам не налезці каму на вочы, але ён разморана бавіў цёмны перадсвітальны час, вагаўся. Яшчэ праз нейкі нядоўгі час прыкмеціў, што на могілках стала відней, выступілі са змроку бліжнія магілы і крыжы, і ён зразумеў: світае. Ускраек неба над лесам ужо засвятлеўся на самы першы зачын новага дня, і ён устаў з лаўкі. З'явілася думка менавіта такою гадзінай, на ціхім золку, пакуль не абудзілася вёска, яшчэ прайсці па вуліцы - хто ведае, можа, астатні раз, болей ужо не прыйдзецца. А цяпер, можа, ніхто не згледзіць.

Вузенькай дарожкай паміж магіл прайшоў праз густы змрок тоўстых хвояў і выйшаў з-пад іх на вясковую вуліцу. Дахі дамоў, вяршаліны вулічных дрэў, садкоў толькі выплывалі са змроку, вуліца і двары ляжалі яшчэ ў цемрыве, ніклі ў санлявым спакоі вясковыя хаты, прызбы, платы; густаваты змрок туліўся пад абвіслымі стрэхамі хлявоў і дваравых будынкаў. Хведар ціхенька прайшоў да сярэдзіны вёскі. На нейчым плоце вецер варушыў стракатую анучу, згледзеўшы якую Хведар падумаў з трывогай: аднак добра світае, мабыць, ён усё ж прапазніўся. І ён паддаў кроку. Ён ішоў краем вуліцы, ашчадна і мякка шорхаючы ў мураве пасталамі, толькі сюды-туды зыркаў позіркам - хацелася як найбольш убачыць, заўважыць, запомніць. І раптам ягоны позірк застыў у недаўменні: насупраць за тынам шарэў нейчы ўважлівы жаночы твар, скіраваўшы на яго здзіўлены позірк цёмных вачэй, якія ўвачавідкі пачалі шырэць, акругляцца ў нямым раптоўным здзіўленні. Ён нічога болей не бачыў там - ні апраткі, ні нават хусткі на галаве, адзін толькі гэты погляд азваўся ў ім раптоўнай здагадкай: «Любка». І ён стаў. За два крокі ад яго былі варотцы ў двор, ён тузануў іх, не ведаючы яшчэ, навошта гэта зрабіў, расчыніў у двор. Жанчына, бы страціўшы мову, глядзела на яго, невядома, пазнаючы ці не, а затым здзічэла-голасна закрычала: «А-а-а-ай!» і кінулася назад, на ганак. Ён скалануўся ад спалоху, але стаяў у варотцах і ўчуў, як у хаце грукнулі дашчаныя дзверы і тут жа лязгнула засова.

Падумаўшы, што зараз нехта выскачыць з хаты ці праз вокны ўбачыць яго на вуліцы, Хведар шаснуў у двор, сцежкай пабег у гарод і па росным бульбоўніку загумення падаўся ў світальнае поле. Усё ў ім калацілася ад гэтай неспадзяванай сустрэчы з Любкай, з якой яны разам раслі ў вёсцы, рабілі побач на бацькоўскіх надзелах, якую ён некалі нават кахаў трохі - наіўным маладым дзецюком перад прызывам на вайсковую службу. І крыўдна было яму, і горка, але ж... Мабыць, спалохалася жанчына і ледзьве не пагубіла яго. А можа, і не пазнала. Але не дзіва - хіба пазнаў бы сябе ён сам? Што ў ім засталося ад ранейшага Хведара, ад таго жаўтаротага дзецюка? Цяпер ён здань, начны, бесцялесны прывід, ад якога жахаюцца людзі, месца якому, мабыць, побач з ваўкамі ў лесе.

Раздзел чацверты. Радасць зямлі

Пакуль развіднела, ён быў ужо ў лесе, раздумна плёўся па блытаных, пратаптаных жывёлай сцяжынках і думаў, дзе б яму прыткнуцца на дзень. Мусіць, сюды зноў прыгоняць кароў, тут месца яму няма. Тады дзе ж яно ёсць? Канечне, дзе далей ад жытла і людзей, ад поля і сенажацяў. Значыць, зноў трэба плясціся ў расцяробы ці ў той дальні змрочны ельнік, на балотныя імшарыны. Разважыўшы, усё ж вырашыў, што лепш - у расцяробы. Там, ведама, небяспечней, чым у ельніку, затое ў тым баку поле і бульбянішча, на якое яму трэба будзе схадзіць. Як заўжды, зранку пачало дужа смактаць пад грудзямі, хацелася есці. Журавіны ён амаль усе з'еў уначы, яны кепска спатольвалі голад, толькі праганялі смагу. Трэба было ісці па бульбу.

У гэтую раннюю гадзіну дня, мабыць, можна было не надта баяцца спаткаць чалавека, і ён з вярсту ці болей ішоў добра ўтаптанаю сцежкай, якая блытана выкручвалася ў маладым бярэзніку. Пасля, як сцежка павярнула да зімовых дзялянак, ён збочыў з яе ўлева, да Доўгага рова, пайшоў мешаным, з рэдкімі елкамі лесам, падняўся па некрутым схіле ўгору. У лесе ўжо настаў дзень, было відна, навакол сцішана драмалі елкі, не варушыўся ніводзін лісцік у жаўтлявым вецці бяроз. Здаецца, усталявалася добрае, без дажджу надвор'е, можа, нават пачнуцца прымаразкі. Тады ўраз пачарнее лісце алешын, золатам зажаўцее бярэзнік, дружна пацярушыць лістапад. Праз нейкі нядоўгі час лісцвяны лес стане скразны для позірку, усё жывое ў ім будзе бачна здалёк. Мусіць, тады яму будзе горш... Але ён не хацеў думаць пра тое, што будзе, ён жыў адным днём, ягоныя клопаты не ішлі далей наступнага вечара. Увечары, мабыць, будзе спакайней, а ўдзень трэба трымаць вуха востра.

Бадай, у тым самым месцы, дзе і першы раз, ён асцярожна спусціўся кустоўем у шырокую праваліну рова, напіўся там у ручаіне, памыў рукі і твар. Паднімаўся на другі схіл доўга, разоў колькі спыняючыся, адпачываў, не ўпершыню заўважаючы, як менее ў яго сілы. Яшчэ нядаўна, у дарозе, неяк не прыкмячаў вялікае слабасці, мабыць, там рухала ім вялікая сіла мэты. А тут... Мэта ўжо апынулася ззаду. Найперш за многія дні бадзяння аслаб без хлеба, ведама, ягадамі не надта пракормішся. Але што ж тады - зноў ісці ў вёску, прасіць у каго хлеба? Чым гэта можа скончыцца? Ён і так дужа баяўся за нядаўнюю сустрэчу з Любкай, як бы яна аб тым не раззваніла ў сяле. А можа, не пазнала, калі так закрычала жудасна?

Вылезшы з рова, доўга аддыхваўся, пасля адышоўся далей да ўзроўка, знайшоў трохі ўтульную мясціну між двума кустамі ляшчынніку. Перш чым легчы, агледзеў суччо - не, арэхаў тут не ўрадзіла, на яго бяду, пажывіцца не было чым. У доле, праўда, сталі трапляцца грыбы - сыраежкі і ваўнянкі, зрэдку чырванеліся мухаморы, і ён падумаў, што хутка, мабыць, дойдзе чарга і да грыбоў. Але найперш яго вабіла бульба, пакуль тая яшчэ была ў полі.

З бульбаю ў яго быў звязаны адзін малапрыемны выпадак у германскім палоне, цяпер дык і смешна ўспамінаць аб ім. Але ўспаміналася часам, бо горкае і вясёлае ва ўспамінах заўжды месцяцца побач. Спярша ў палоне ён паўгода гібеў на варанай бручцы, калі з паўсотняй такіх, як сам, небаракаў рабіў на чыгуналіцейным заводзе. Затым трапіў да баўэра. Гэта быў стары гаспадар гер Ёган, два сыны якога ваявалі на фронце, а дома жыла нявестка з двума падлеткамі. Зямлі ж у таго Ёгана, як і скаціны, было процьма, і, каб апрацоўваць яе, баўэр узяў шасцёх парабкаў з рускіх палонных арміі генерала Самсонава. Наогул у баўэра было і няблага, прынамсі, кармілі па-людску, хоць рабіць прымушалі штодня без выхадных і святаў. І яны рабілі, як чэрці, як валы, - усе гаспадарчыя работы ў полі, на гумне і дома. На гэты конт быў заведзены цвёрды, бадай як у казарме, парадак, за якім асабіста назіраў сам гаспадар сядзібы, што некалі служыў у войску фельдфебелем і бясконца напамінаў ім аб тым. Пра гаспадарчыя справы болей клапацілася нявестка, якая насілася па палях на ладным буланым жарэбчыку, усё выглядаючы, дзе што зроблена, а што недароблена; гаспадар жа болей прыглядваў за батракамі - муштраваў і клапаціўся адначасна. Клопат яго быў асаблівы. Ён пакараў штрафам кухарку, калі тая неяк паклала ў іхні кацёл меней мяса, чым было ўстаноўлена нормай, караў вінаватага за брак у працы ці недаробак тым, што два ці тры дні не даваў мітаг - абедаць, толькі адзін фруштук раніцай. Аднойчы, калі палонны туляк Белашэеў паскардзіўся гаспадару, што другі палонны ўкраў у яго партабак, гер Ёган не стаў дужа разбірацца, а пакараў абодвух. Ён загадаў парабкам узяцца за левыя рукі, як для прывітання, і з прымаўленнем «гутэн морген - гутэн таг» біць па чарзе адзін аднаго ў вуха. Іншыя парабкі, а таксама кухарка, малыя і гаспадар з нявесткай назіралі за той гульнёй з ганка. Спярша было нават смешна, як два рускія, быццам ляніва, напаўсілы пачалі біцца, але хутка кінуліся разнімаць іх, бо тыя так разлютаваліся, што ледзьве не скрывавілі адзін аднаго.

Штодня яны ўставалі па званку ў пяць гадзін раніцы, акуратна засцілалі коўдрамі свае тапчаны, пілі каву з павідлам і чорным хлебам і адпраўляліся на працу. У паўдзён палуднавалі ладнаю міскай супу і кашай з кавалкам мяса, хлеба ім давалі па фунту на раз. Спалі на чыстай бялізне, якую старая кухарка мяняла кожную суботу; кожную суботу таксама мыліся пад цёплым душам у прыбудоўцы да кухні. Белашэеў, з якім пасябраваў Хведар, усё не мог нарадавацца сваім вайсковым лёсам, казаў, дома не спаў так чыста і не еў так сытна, як у гэтым палоне. А праца што ж - да сялянскае працы ім не прывыкаць. І, мабыць, усё было б увогуле добра, калі б не Рудзі, чатырнаццацігадовы падшыванец, сын Герды і ўнук старога Ёгана.

Гэта зладзюга Рудзі, мусіць, кожную гадзіну дома толькі і дбаў, каб зрабіць што брыдкае парабкам. То ён падапрэ каго калком у прыбіральні, то выцягне з хамута супонь, калі трэба запрагаць каня, то падставіць пад хвост кабыле іхні жбан ад квасу. Аднойчы ён выняў з нагружанай фуры шворан, і як Хведар пагнаў каня, фура звалілася з перадка, рассыпаўшы па вуліцы бульбу. Хведар кінуўся яе збіраць, а той Рудзі ад смеху хапаўся за жывот у гародзе, і Хведар, не доўга думаючы, агрэў яго цераз плот пугай. Затым сабраў усё да бульбіны, наладзіў фуру і, нічога нікому не сказаўшы, паехаў у поле. А калі ўвечары вярнуўся ў двор, дык убачыў там старога гаспадара, счырванелую ад гневу Герду і таго злыдня Рудзі з крывавым пісягом на шчацэ. Стары Ёган тут жа распачаў следства, Хведар спрабаваў апраўдацца, але яго не захацелі і слухаць. Нявестка нешта гырчэла пра камендатуру і гаўптвахту, але свёкар сказаў, што гаўптвахты не будзе: ён не можа дазволіць, каб у гарачы дзень веснавых работ ягоны работнік сядзеў у кутузцы ці ляжаў на тапчане з пасечаным бізунамі задам. Ён яго пакарае ганьбай - заўтра Фэдэр пойдзе на працу ў адной кашулі, без порткаў.

Спярша Хведар не зразумеў нават: што гэта за дзіўная кара - без порткаў? А адных падштаніках, ці што? Але аказалася, што не ў падштаніках - зусім без нічога аднізу. Было не сцюдзёна, прыгравала сонца, але пакутам Хведара не было межаў. Увесь час і так і гэтак тузаў долу падол сподняй сарочкі, каб хоць як прыкрыць свой мужчынскі сорам, але прыкрыць не было як - трэба ж было працаваць: нагружаць у фуры бульбу, цягаць кашы ў полі. А навокал былі людзі, немцы і немкі, іхнія дзеці, хлопчыкі і ладныя ўжо дзяўчаты, усе з рогатам ці ўтрапёна пазіралі на яго, і ён гатовы быў завыць ад сораму і крыўды. Ён ледзь дачакаўся вечара таго бясконцага доўгага дня і, прыбіўшыся ў свой катух, без вячэры шаснуў пад коўдру. Якое гэта было неспазнанае шчасце - адчуць сваё цела прыкрытым ад чужых вачэй! Усё ж яму ішоў тады трыццаць першы год, ён быў жанаты і думаў, што горшага здзеку прыдумаць ужо немагчыма, гэты - самы вялікі. Але мінуў час, пасыпаліся іншыя здзекі, у параўнанні з якімі адмысловая выдумка таго баўэра здавалася недарэчным жартам - не болей.

Голадна глытаючы слінкі, Хведар скорчыўся пад кустамі на дробнай траве, увабраў галаву ў шырокі, злямцаваны каўнер свае світкі, засунуў рукі запазуху і ляжаў так. Вочы часам заплюшчваў, нічога не бачачы наўкола, ды адсюль няшмат можна было і згледзець. Затое ягоны слых быў, як заўжды, абвострана-чуйны. Здаецца, і ў сне. Хведар прыслухоўваўся да наваколля, бо чым жа яшчэ мог ён засцерагчыся ў ягоным становішчы? Лес пачаў трошкі шумець, але ўвогуле скрозь стаяла лясная ціша; часам пырхала ў кустоўі птушыная драбяза, ды тое не парушала Хведаравага спакою. І памалу, неўпрыкмет ён быццам бы адасобіўся ад гэтага лесу і гэтага часу, бы засынаючы, убачыў сябе здаля і мо ўпершыню зразумеў усю гароту свайго становішча. Тое відовішча самога сябе прымусіла яго схамянуцца ад нейкага здзіўлення, ці што. Сапраўды, чаму ён непрытульна ляжаў тут, праз дзве вярсты ад тае мясціны, дзе ўпершыню ўбачыў свет, дзе ён пражыў сталае сваё жыццё, дзе нарадзіліся яго дзеці? Чаму ён стаў тут для ўсіх жахлівым чужынцам, хто ў тым вінаваты? Можа, адзін сам? Ці і яшчэ хто іншы? А можа, і ніхто? Але ж як тады ўсё тое стала магчыма? Увогуле гэта ж трэба так вось страціць усё, зрабіцца выгнаннікам, беглым катаржнікам, чалавекам без права і закону. І як усё пачалося? Колькі ён думаў пра тое, як і з чаго пачалося, - выразнага адказу знайсці не мог. Бо пачалося ўсё неяк няўзнак, недаўменна і неспадзявана, а абярнулася менавіта тым, чым абярнулася. Ці мог ён прадбачыць усё ў той завірушны вечар, як яны сядзелі ў сельскай хаце і старшыня Сокур вынес на абмеркаванне загадкавае пытанне: на каго размеркаваць тры цвёрдыя заданні, якія ён прывёз з райвыканкома? Нялёгкая была гэта справа для членаў сельскага Савета, якім з'яўляўся тады і Хведар Роўба. Тыя гады ён лічыўся серадняком - па колькасці сваіх дванаццаці гектараў зямлі. Было некалькі гаспадарак, багацейшых за яго, мелі па чатырнаццаць і пятнаццаць гектараў. Але што то былі за гектары? Змітрок Бядута, напрыклад, меў іх шаснаццаць, але жыў бедняком, бо рабіць на зямлі не было каму, два сыны не вярнуліся з вайны, сам быў стары і нямоглы. Ягоны надзел - дальняя прырэчная балацявіна за час вайны, рэвалюцыі і польскай вайны спрэс зарасла кустоўем і толькі што на паперы лічылася ворывам. Але недзе лічылася, і Змітрок самы першы атрымаў позву на цвёрдае заданне. Ён жа, Хведар, дык і не думаў ніколі, што яго можа напаткаць такі самы лёс, хоць і жыў збольшага спраўна, але ж які ён кулак? Адзін конь, дзве каровы, авечкі, свінчо - бадай як і ва ўсіх астатніх у Нядолішчы. Што былі гусі, дык сажалка ж у канцы гародаў. Цёк ручай з балацявінкі, неяк увесну яны з сынам запрудзілі яго ля мастка, нацякла ладная сажалка ды так і засталася. Але, мусіць, не тое вызначыла яго кулаком, а малатарня.

Хай яна спрахне, тая малатарня, навошта ён з ёю звязаўся! Малаціў бы, як і раней, цапамі, ужо не так шмат было таго збожжа, каб яго за зіму не абабіць на таку ў тры цапы. Дык не, захацелася, каб культурна, каб малатарняй...

Як цяпер помніцца, думку пра тое падаў сын Міколка. Тады ўжо ён быў ладны дзяцюк, увосень збіраўся на прызыў у Чырвоную Армію і лічыўся сакратаром камсамольскай ячэйкі ў Нядолішчы. Як ён стаў сакратарыць, у хаце паявіліся газеты і брашуры, некаторыя цікавыя часопісы, як «Бязбожнік», напрыклад. Звычайна сын быў дужа заняты дзень і чытаў толькі ноччу пры лямпе, а назаўтра што цікавейшае падсоўваў бацьку - то артыкул у «Беларускай вёсцы» пра падаткі і самааблажэнне, то выступленне таварыша Сталіна пра апазіцыю, а то брашуру наркома Прышчэпава пра культуру сельскай гаспадаркі. Хведар чытаў збольшага, не дужа ўсё разумеючы, але галоўнае ён цяміў спраўна: жылі сапраўды кепска, бедна, малакультурна, гаспадарку вялі няправільна. Гэта - вядома, на кепскае ён даволі нагледзеўся. Але як гаспадарыць правільна? Мусіць, каб правільна весці гаспадарку, аднаго ведання мала, патрэбны грошы, інвентар, угнаенні. Каб было больш угнаення на яго гектары, завялі другую кароўку, выгадавалі цялушачку, хоць малака для іхняй сямейкі хапала і ад адной галавы. Гады чатыры перад тым Хведар, можа, самы першы ў вёсцы, купіў у Полацку плуг - новенькі, фабрычны, афарбаваны ў сіні колер, з роўненька вытачанымі дубовымі ручкамі. Спрытны аказаўся плужок, адна радасць была араць ім, нават прыходзілі паспрабаваць суседзі. Пасля купілі плугі і яшчэ некалькі мужыкоў. Плугі ўсім падабаліся.

І вось неяк увосень позненька ўвечары прыходзіць Міколка. Стомлены, згаладнелы, у гразкіх ботах, аказваецца, быў на нейкай нарадзе ў раёне. Маці хутчэй міску на стол, ён з'еў троху і кажа: «Бацька, а давай купімо малатарню. Ёсць такая магчымасць праз патрэбкааперацыю. Грошы можна не разам - у россрочку». Хведар адказаў не адразу, падумаў. Канешне, яно б дужа не блага, тая малатарня, ён ужо бачыў такую ў суседняй вёсцы Шаўцы. Летась там тры ці болш гаспадаркі склаліся і купілі, казалі, добра малоціць, дужа давольныя былі мужыкі. І лягчэй, чым цапамі, і хутчэй. Але ж... Бы чула ягонае сэрца, чым тое можа абярнуцца. Ужо ведаў прыкмету: новае і небывалае ў сялянскім жыцці - часта пахне махлярствам ці дурасцю, і трэба папярэдне прыгледзецца, каб не ашукацца. Ён так і сказаў сыну, а той толькі засмяяўся: як гэта ад малатарні можа быць кепска? Гэта ж за тыдзень з малацьбой можна ўправіцца, не тое што ўсю зіму цапамі махаць. Яно так, канешне, думаў Хведар, ды ўсё маўчаў, вагаўся. Уранку, як Міколка пабег па сваіх камсамольскіх справах, асцярожна параіўся з Гануляй і вырашыў: купім. Пакуль не перакупіў хто спрытнейшы з якой іншай вёскі.

Малатарню прыцягнулі на трэці дзень пасля пакроваў. Памог швагер Тамаш, доўга ладзілі пад павеццю прывад з драўлянымі дышламі і жалезнымі прэнтамі перадачы. Адклаўшы свае камсамольскія справы, памагаў і Міколка, усё ж ён таксама разбіраўся ў сучаснай сялянскай тэхніцы. Урэшце ўсё наладзілі і апробавалі новую машыну. Ну, канешне, ніякага параўнання з цапамі - і хутка, і якасна. Праўда, народу для абслугі трэба болей, чым на таку; развязваць перавяслы, падаваць на стол, затым адзін машаніст, самы галоўны чалавек на малатарні, двое адграбаць зерне і прыбіраць салому. І яшчэ паганяць коней у паветцы. Чалавек шэсць, не меней, патрабавала да сябе тая малатарня. Але ўсё апраўдалася. Малацілі талакой, гаспадаркамі дзвюма ці трыма адразу, як калі складвалася. Хведар нікому не адмаўляў, меркавалі як хто хацеў, а плацілі, хто колькі мог. У залежнасці ад намалоту, канешне. Усё па добрай волі, што ж ён які эксплуататар для сваіх сяльчан? Мусіць, ён бы даў малаціць і дарма, але трэба былі грошы, усё ж малатарня каштавала не дзешава, і хоць узялі ў крэдыт, але сплочваць трэба было кожны квартал. Да каляд памалацілі ўсе суседзі і некаторая яго радня. Нават прывозілі з суседніх вёсак. Усім малаціў Роўба.

Нядоўга, аднак, пагрукацела на ягоным таку тая чырвоная малатарня. У наступную восень прыйшоў той самы сельсавецкі старшыня Сокур, з ім яшчэ нехта вусаты з раёна і апячаталі. Аказваецца, дапусціў ён эксплуатацыю, непрацоўны даход. «А як жа цяпер? Што будзе?» - пытаўся Хведар. «Што будзе, тое і будзе», - цьмяна адказаў вусаты, зашчапляючы свой пацёрты партфельчык. Яны ўдвух, не азіраючыся, пайшлі са двара, а ён моўчкі стаяў ля варот, ужо адчуваючы, што гэта - не страта малатарні. Гэта - пачатак і яшчэ большай бяды, што чорнай варонай закружылася над яго галавой. Міколкі ў той час ужо не было дома, месяцы два, як прызвалі на вайсковую службу, адправілі на далёкаўсходнюю граніцу. Прыслаў адтуль першы ліст, апісваў, як адказна і пачотна служыць на самай баявой граніцы, «у непасрэдсцвенным сапрыкаснавенні» з японскімі самураямі, і што давер родзіны ён апраўдае. Хведар скупа яму адпісаў пра іхняе жыццё, але пра малатарню не ўставіў ні слова. Хай сын служыць спакойна, апраўдвае давер родзіны.

А ў Нядолішчы на той час заварыліся малавясёлыя справы. Знайшліся зайздроснікі, як той Зыркаш, якія напісалі на яго за малатарню ажно ў Полацк - што абірае сялян. Але ж хіба ён абіраў?.. А як сталі размяркоўваць цвёрды падатак, адразу ўспомнілі тую матараню, і Сокур сказаў, што тут будзе па справядлівасці, на малатарні Роўба нешта заробіў. Хведар не ведаў, як адказаць: коратка адказаць ён не ўмеў, а доўга тлумачыць не было як. І выйшла так, што старшыня меў рацыю: заробіў Роўба ці не, але ў вёсцы другой малатарні не было, і цвёрды падатак прыляпілі яму законна.

Цяпер, падумаўшы, дык разумееш - на чарта яму здалася тая малатарня? Лепей бы, як спрадвек, малацілі цапамі, мелі б які-ніякі хлеб і сваё жытло. І не мелі б таго няшчасця, што, як з прорвы, абрушылася затым на яго сямейку.

Але, мусіць, тады нічога ўжо не ўратавала б, малатарня была толькі прычэпкай. Так ужо калі гружаны воз пахінецца ў калдобіне, дык, як ні хапайся рукамі, абернецца, адзін бок перасверыць другі. Тая малатарня была толькі апошнім давескам, які перасверыў яго і без таго нахілены воз жыцця. Бо яго пазначылі, як пазначаюць памаўзлівую скаціну ў статку, нейкая адзнака асаблівасці з'явілася на ягоным прозвішчы ў сельсавеце ці, можа, у раёне. Той цвёрды падатак - семдзесят пудоў збожжа ён неяк сплаціў, хоць падмёў усе хлебныя засекі ў клеці - вывез усё да першага сакавіка, як і прадпісвала абвестка. Галаднавата стала ў іх на стале, невядома, чым было засеяць яравы клін: засталося пуды два ячменю і трохі аўса. І ён не ведаў: ці прыкупіць астатняе, ці пазычыць у каго? Ён яшчэ не надумаў, як яму выкруціцца з ярыной, калі прынеслі новы, яшчэ болей цвёрды, падатак: на гэты раз восемдзесят пудоў збожжа і сто рублёў грашыма. Ён сказаў сабе: з глузду яны там з'ехалі, дзе ён гэтулькі возьме? Бегаў у сельсавет, ездзіў у раён да знаёмага сакратара Церабільнікава, які яшчэ з ягоным Міколкам разам працаваў у камсамоле, - скардзіўся, тлумачыў, прасіў. Не, не памагло нічога, сказалі: не сплоціш у срок, апішам усю гаспадарку, «в том чысле будынкі і жывёлу». Пабедаваў з тыдзень і пачаў хадзіць па радні, сваёй і жончынай, па хоць бы трошку заможных людзях у вёсках. Але ўсе нібы здранцвелі, аглухлі да чужой бяды, ніхто нічога не даў. Мусіць, кожны думаў, як выкруціцца самому, бо Роўба ўжо не першы быў абкладзены цвёрдым падаткам, чуў, такі ж падатак панакладвалі і ў іншых вёсках. Тады кінуўся прадаваць малатарню, абвясціў у вёсцы, у суседніх паселішчах. Ды ніхто не купляў, не пытаўся нават. Мусіў папрадаваць жывёлу, абедзвюх кароў, усе авечкі, дзвюх свіней. Дурны быў, не ведаў, што дарма ўсё гэта, не ўратуе і квітанцыя аб поўным разліку. Нічога, мабыць, ужо не магло ўратаваць, калі хтосьці надзяліў яго паганым з страшным словам «кулак».

Неяк тады, бегаючы па грошы, спаткаў у мястэчку Наэма, старога яўрэя, з якім калісьці меў справу, як купляў малатарню, ды заходзіў да яго і раней. Дружбы між імі вялікай не было, але Наэм мог пазычыць грошы і нават пачакаць, калі не выпадала аддаць, як дамаўляліся, ці замест рублёў мог узяць яйкі, масла ці нават пару мяхоў бульбы. Заўжды дзелавы, рухавы Наэм брыў па вуліцы, бы нічога не заўважаючы вакол. Усё ж Хведар павітаўся, і яны разгаварыліся трохі, і тады Хведар дазнаўся, што і ў Наэма таксама нелады з уладай. Як Хведар паскардзіўся на сваю бяду, стары яўрэй узяў яго за гузік і дужа пацягнуў да сябе. «Я табе скажу: кідай усё, бяры дзяцей у ахапку і ўцякай. Куды? Няважна куды, - куды вочы глядзяць. Пасля позна будзе... Гэта табе кажа Наэм! Я ўсё кінуў і во з гэтым вандзэлкам іду на станцыю. Я тут не жыхар болей! Я - бежанец! Ты мяне паслухай, Хведар!»

Не, тады Хведар яго не паслухаў: як гэта ўсё кінуць? А зямля, гаспадарка? І куды падацца? Тут усе яго карані, вяскоўцы, радня - як ён можа з'ехаць куды ў непрытульны, нязнаны свет?

Ён пражыў у Нядолішчы яшчэ месяцаў дзесяць. Нярадаснае было тае жыццё, бясхлеб'е і посніца надоўга пасяліліся ў ягонай хаце. Хведар дык яшчэ неяк трываў, сцяўшы зубы, а Ганулька пачала часта плакаць, асабліва ўранку ля печы, як бралася варыць ежу і нешта трэба было ўсыпаць у чыгун, пакласці на патэльню. Для малой Волечкі хадзіла па малако ў вёску да Лёксы ці да Грачыхіных. Тыя ім спачувалі, перажывалі іхнюю бяду, бы сваю, і чым маглі памагалі. Мусіць, тады ён схадзіў і да Цыпруковага Зміцера, які трэці год быў вінен яму трыццаць рублёў грошай. Быў вінен з той малацьбы і не аддаваў, і Хведар не мог напомніць яму - было ўсё ж няёмка, бы ён дамагаўся чаго незаконнага. Дарма тады не паслухаў Ганульку, якая, калі ён сабраўся ўвечары да Зміцера, сказала: «Не ідзі! Хай яны згараць, тыя трыццаць рублёў, калі ён такі чалавек нягодны...» Мусіць, нягодны, нават напэўна так, думаў Хведар, але ж сам трапіў у нявыкрутку, як тут не пойдзеш. Пайшоў і, канечне ж, атрымаў дулю. Не меў грошы Зміцер ці не схацеў аддаць - хто яго ведае, толькі дужа нядобра пагаварылі яны, і Хведар, прыйшоўшы дамоў, зацята маўчаў да ранку. Яно, можа б, і нічога асаблівага, можа б, як і абышлося і без тых грошай, калі б гэты Зміцер не быў у актывістах камбеда. Калі пачалося самае страшнае - раскулачванне, менавіта ён і прапанаваў на пасяджэнні раскулачыць Хведара Роўбу. Як лішэнца і цвёрдападатніка. Што ж, яго паслухалі, Хведара выслалі. Правялі класавую барацьбу на вёсцы, а тая трыццатка так і засталася за Зміцерам. Хай карыстаецца на здароўе. Хведару не шкада грошай, толькі яшчэ болей сумна зрабілася ад таго на свеце.

Недзе ўгары свяціла негарачае сонца, вяршаліны елак воддаль ціха гарэлі ў ягоных бліскучых промнях. На іх голлі грэліся вароны, часам пералятаючы кудысь - на суседнія елкі, ці што? Унізе ж, пад ляшчыннікам, стыў сыраваты засень, было халаднавата, і Хведар колькі разоў ужо варочаўся то адным, то другім бокам, каб не дужа застуджацца ад зямлі. Ён прыдрамаў трохі, можа, з гадзіну ці больш, пасля апроч сцюжы яму стаў дапякаць голад, і ён сеў пад кустом. Карцела пайсці ў поле па бульбу. Можа, там ужо ўсё выбралі, людзей на палетку, мабыць, няма, і ён што-нішто знойдзе. Якіх дзесятак пакінутых у зямлі бульбін - то, мабыць, не будзе кража. А калі і кража, дык не дужа вялікая. Калгаснікі яму даруюць. Усё ж яны ўзялі ад яго болей - адна сядзіба чагосьці каштуе. Дый малатарня таксама. А яму спатрэбілася ад іх якое паўвядзёрка бульбы. Не так ужо і многа.

Устаўшы, ён памалу паплёўся між кустоўя алешніку, улез з завалены хворастам малады асіннік, ледзь выбраўся з яго. Трохі затрымаўся ў зарасніку высокага, у рост чалавека, малінніку са ссохлымі, счарнелымі ягадамі ў вецці, якія тут не ўсе вядзяўбалі птушкі, збіраў па адной, еў. Наедак, аднак, быў няважны, толькі хрумсцелі на зубах насенныя костачкі, маліны ўжо страцілі ўсю ранейшую слодыч. На сконе дня вылез з узлеску недзе паблізу ад таго бульбянога палетка на занятае азімінай поле і зразумеў, што занадта ўзяў управа, цяпер трэба ісці па ўзлеску назад. Толькі ён адышоўся мо з паўвярсты, як пачуў нейчы блізкі нягучны голас. Хведар стаіўся ў кустах, крадком паглядзеў наперад. Непедалёк на ўзлеску з вяроўчынай ў руках клыпаў згорблены, у рудым армяку стары, пасвіў рахманую чорную кароўку. Тая ўсё нацягвала вяроўку, імкнучыся па траву ў кустоўе, і стары зласнавата бурчэў на яе. Хведар прыгледзеўся з зарасніку, ці не знаёмы хто? Але не, мусіць, то быў незнаёмы. Напэўна, чалавек не з ягонай вёскі, можа, з якой суседняй. Хведар мог бы яго абысці лесам, ды ў яго раптам з'явілася думка: а можа, папрасіць хлеба? Калі той пасвіць тут зранку, дык, можа, запасся хлебам, можа б, і яму даў кавалак. Дужа хацелася хлеба.

Урэшце набраўшыся адвагі, ён выйшаў з узлеску і роўна пайшоў краем азіміны, усё цікуючы за пастухом. Той ужо мог яго ўчуць, але пакуль не звяртаў увагі, і Хведар падышоў зусім блізка, стрымана павітаўся. На яго зірнулі выцвілыя вочы старога чалавека з тварам, аброслым (зрэшты, як і ў самога Хведара) сівою блытанай шчэццю. Чалавек нібы паморшчыўся, разглядаючы яго, але не адказаў нічога. Тады Хведар павітаўся зноў.

- Ды чую, чую, - сказаў стары, шамкнуўшы бяззубым ротам. - Дзень добры, ну.

- Карову пасяцё?

- Карову, анягож. Не каня. Каня ўжо не пасу. Адпусціў.

- А самі адкуль жа будзеце? - запытаўся Хведар і сцішыўся. То было важнае для яго пытанне, каб вызначыць, можа ён пазнаць Хведара ці не.

- Ды вунь, з Ушатаў, - сказаў стары і ўважліва агледзеў Хведара. Убогі выгляд яго, аднак, здаецца, не ўразіў пастуха - той сам быў апрануты не лепш. Хведар з палёгкай расслабіўся. У дальняй вёсцы Ўшатах ён ведаў мала каго, таксама як і яго там мала хто памятаў.

- Можа, закурыць маеце? - раптам сказаў Хведар і не пазнаў свайго голасу, такі той стаў слабы і жаласны. Курыць ён зусім не хацеў - даўно адвык ад курыва, але не мог адважыцца адразу папытацца пра хлеб.

- Ёсціка, - сказаў стары і палез у сваю глыбокую кішэню. - Во самасеечкі трохі маю. Толькі запаліць няма чым.

- Запаліць, можа, знойдзем, - сказаў Хведар, аднак пашкадаваўшы, што завёў тую гаворку пра курыва - трэба было ашчаджаць запалкі. Усё ж яны скруцілі з жоўтай газеціны па невялікай цыгарцы, і Хведар дрыготкімі пальцамі асцярожна церануў запалку, ашчадна прыкурыў сам, пасля ўжо смялей даў прыкурыць старому.

- У калгасе, дзед? - запытаўся Хведар, як яны зацягнуліся па адным разе. Ад тае зацяжкі ў яго адразу закруцілася ў галаве, і ён ледзь не хіснуўся. Стары другі раз падазрона паглядзеў на яго.

- У калгасе, а як жа... Цяпер усе ў калгасе. А як жа...

- Няўжо і аднаасобнікаў не засталося?

- Аднаасобнікаў? - прыжмурыў адно вока стары і спытаўся: - А ты сам адкуль будзеш? Здалёк?

- Ды я... Нетутэйшы, - схлусіў Хведар. - Да радні іду.

Чорная карова памкнулася за куст на ўзлеску, пацягнула вяроўчыну, і стары мусіў пацягнуцца за ёй. Хведар паціху пайшоў следам.

- А там, адкуль ідзеш, хіба асталіся аднаасобнікі?

- Ды не, знаеце...