10891.fb2 Выбранае - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 25

Выбранае - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 25

- І ў нас не асталося. Каторыя ў калгас не хацелі - вывезлі. Каторыя пасля і захацелі, тожа раскулачылі і выслалі. Кулакі, падкулачнікі, - мармытаў стары, з вяроўчынай у руках усё кіруючы за каровай.

- Ну а як жа ў калгасе? Ці багата?

- Багата! - сказаў адразу стары. - З вялікадня да Іллі траўку елі. З Іллі пачалі патроху бульбачку капаць. Ды што - на Іллю, якая там бульбачка! Арэхі...

- Во як?

- Ну. А што ж ты не ведаеш? Ці ў вас там не было голаду? - стары ўтаропіўся ў яго дакорлівым позіркам.

- Дык як вам сказаць? Было...

- Ну, аднаго і паратунку, што кароўка. Малачко! Ды і тое здаць трэба. Дзвесця літраў. І мяса, і яйкі. І воўну. Зімой асмалілі падсвінка, дык штрафу далі пяцьдзесят рублёў.

- За падсвінка?

- Анягож. За скуру. Скуру ж трэба здаваць. А ў вас хіба не такія парадкі?

- У нас? Ды як вам сказаць? Строга, але, можа, не так, - трохі збянтэжыўся Хведар - ён не ведаў, як адказаць старому. Ці ўсюды было так, як тут? Ці, можа, у іншых мясцінах было трохі інакш. Мусіць, стары гэта зразумеў па-свойму.

- Я і казаў: нідзе няма так пагана, як у нашым раёне. Нягоднае кіраўніцтва нягодныя людзі. Ці ж можна так: за якую нядоімку - апошнюю карову. А малыя? Як ім без малака? Памруць. Ці мала іх памерла ўлетку. І малых і старых. Во бадзяюся па лясах з гэтай, - ён тузануў вяроўчынай. - Каб не адабралі. Бо плаціць жа падатак няма чым.

- Бяда, бяда, - раздумна паспачуваў старому збянтэжаны Хведар, якому яшчэ ні з кім не давялося гутарыць аб тутэйшых парадках, даведацца, як жывуць гэтым часам ягоныя землякі. Стары быў першы, і яму хацелася шмат пра што папытацца ў яго, хоць ён і баяўся выклікаць якое падазрэнне да сябе - усё ж чужы чалавек.

- Бяда, анягож.

- Можа, трэба было паскардзіцца? Жалабу куды напісаць? - асцярожна параіў Хведар.

Стары зласнавата ўхмыльнуўся ўсім сваім касмылявым тварам.

- Каму жалабу? Начальству? Дык яны ж самі ў нас як звяры. Прыедзе каторы... Вунь гэны Роўба: усё мацюгом ды пагрозай, Сібірру палохае...

Хведар знянацку адчуў, як закалыхалася пад ім зямля і коса паплыло кудысь поле.

- Роўба?

- Ну, Роўба. Цяпер жа ён парцейны сакратар. Малады, а нібы той цівун! Ад бацькі адмовіўся. Бацька ж яго раскулачаны ў Нядолішчы, дык адмовіўся. Казалі, і прозвішча меўся мяняць, каб анізвання...

Хведар, здалося, уязджаў у зямлю, якая ўсё плыла, гойдалася навакол. Ён ужо кепска чуў, што яшчэ казаў стары, які гаварыў і гаварыў - скардзіўся, мабыць, на парадкі ў раёне. Хведар яго не слухаў. Ён так нечакана ўчуў тое пра сына, з такім нутраным болем уразіла яго тая навіна, што ён анямеў на хвіліну. Болей не мог ні пра што пытацца, толькі самотна паглядзеў на шырокі абсяг руні, за якой на пагорку віднеліся стрэхі недалёкай вёскі, і моўчкі пайшоў па ўзлеску. Пра хлеб так і не папытаўся... Ён ужо не мог нічога прасіць, пайшоў прэч, як пабіты сабака. Ішоў і думаў: нашто прыйшоў сюды, зачапіў гэтага старога! Лепш бы ён не ведаў нічога ні пра тутэйшае жыццё, ні пра сына. Жыў бы, як раней, аднымі сваімі бедамі, што гадамі насіў у сабе. Нашто яшчэ да іх дадаваць і гэтыя? Як з імі жыць у сваёй спарахнелай душы?

Хаця якое ўжо там жыццё...

Зусім няўцямны да наваколля, ён далёка адышоўся па ўзлеску ад старога з каровай, ні разу не азірнуўшыся на яго; пасля зайшоў глыбей у лясцвяны лес і апусціўся ў высокую папараць. Тое, што ён чуў пра сына Міколку, напачатку бянтэжыла, збівала з тропу. Ну хай адмовіўся ад раскулачанага бацькі, навошта ж так да людзей? І яшчэ мяняць прозвішча? Што ж тады застаецца ад мінулага? Як тады жыць у будучым? Што ён скажа сваім дзецям, калі тыя будуць у яго? Дужа яму няпроста было зразумець сына, якога ён не бачуў сем год, і тое, што ён пачуў пра яго, адно бянтэжыла і абурала.

Малы Міколка быў жаласлівы да жывёлы, неяк усю зіму трымаў у клетцы пад ложкам бедалагу-курачку, якая зламала нагу. Дужа шкадаваў маці, як тая хварэла на рожу. А як вырас, мусіць жа, гэтак аддана палюбіў камсамол. Можа, і не сам камсамол, як тую гарластую мітусню, якой з захапленнем займаліся маладыя - ад суму і самоты, - седзячы зімой у цёмных, завеяных снегам вёсках. Усё нешта выдумвалі, выконвалі, засядалі, абмяркоўвалі і прымалі рэзалюцыі. З усёй іх ячэйкі асабліва актыўнічалі Міколка і ягоны аднагодак Шурка, адзіны сынок у бяднячкі-ўдавы Міхаліны. Аднойчы яны прынялі рэзалюцыю, каб зняць абразы. Канешне, дамагчыся таго ва ўсёй вёсцы, як ім хацелася, хлопцы не мелі сілы, тады пастанавілі зняць хоць бы ў сваіх бацькоў. Тое было прасцей, але, мусіць, таксама не надта, бацькі іх не дужа слухаліся. Хведар глядзеў на хлапечую задуму даволі памяркоўна - што тыя абразы! Праўда, вісяць у куце, нікому не замінаюць, але і карысці з іх таксама няма ніякай. А Гануля заўпарцілася, і Міколка яе ўгаворваў ад каляд да самага вялікага посту. Усё ж дамогся, аднойчы пазнімаў і абразы, і ручнікі з іх, замест павесіў партрэт Карла Маркса; ручнікоў, аднак, вешаць не стаў. З таго часу вісеў у куце барадаты чалавек, таксама ні карысці з яго, ні шкоды. Міколка ж быў задаволены, ну і добра.

І тут пад вясну выпадкам камсамольскі сакратар дазнаўся, што ў Шуркі застаўся адзін абраз, вісіць на покуці. Міколка сабраў камісію з трох чалавек, і яны пайшлі ў хату да Шуркі абследаваць. Аказалася, што так яно і ёсць, як казалі: абраз архангела Гаўрыіла вісіць сабе, дзе і вісеў, Міхаліна, Шуркава маці, плача, нізашто не дае знімаць, і Шурка нічора зрабіць з ёй не можа, такі аказаўся мяккацельны камсамолец. Міколка тут паставіўся крута. Думалі, ён скіне абраз, а ён абраз не чапаў, а сабраў камсамольскі сход і, не зважаючы на даўняе сяброўства, дамогся, што Шурку выключылі з камсамола. Хведар трохі падзівіўся з таго і неяк увечары мякка папракнуў сына. Сказаў, ці не занадта сурова яны паставіліся да свайго ж вясковага хлопца, як Міколка яму адказаў з нечуванаю раней строгасцю ў голасе: «Камсамол такіх ашуканцаў сцірае ў парашок!» - «Ну-ну!» - зважліва сказаў сабе бацька і пайшоў па сваіх хатніх справах. На тыя сынавы клопаты ён глядзеў тады, бы на дзівацтва малых. Малое - дурное, падрасце - паразумнее.

Мабыць, аднак, паразумнеў па-свойму.

Разважыўшы, Хведар пачаў спакайнець, думаць інакш: а можа, цяпер так і трэба. І ў ссылцы ён даволі нагледзеўся на ўсялякія выкруты чалавечых лёсаў, начальніцкую строгасць і жорсткасць без мэты, ці якія мелі адну мэту - здзек. Але дабрыня, мусіць, там, дзе справядлівасць і праўда. А дзе класавая бязлітаснасць, жорсткасць вышэйшых да тых, хто ніжэй, якая ж там дабрыня! Мусіць, навек адышла дабрыня з мінулым часам, на змену ёй паявілася нешта новае - жорсткае і няшчаднае. Ягоны разумны Міколка, мабыць, хутка засвоіў тое. Калі ён цяпер стаў такі, значыць, такім стаць было трэба. Асабліва калі ён не па сваёй злосці, а з дзяржаўнай патрэбы. Значыць, іначай нельга. А што выракся бацькі... Крыўдна, канешне, і балюча, ды што зробіш? Можа, ён адрокся таму, што бацька быццам памёр і ніколі не дазнаецца пра тое. Прынамсі, для яго, сына, сапраўды памёр, калі за шмат год ад таго - ні ліста, ні якой выпадковай весткі. Можа, так сыну лепей. Зноў жа - кулак!.. Мабыць, бацьку ўжо тым не нашкодзіць, а сын пажыве, можа.

І ўсё ж было крыўдна, балюча было Хведару, хоць плач.

Калі пачало вечарэць, ён падняўся з папараці, агледзеўся. Скрозь у целе была вялікая слабасць, ногі зрабіліся тоўстыя, бы кулі (ці не пачалі пухнуць?), і неяк цягнулі ўніз. Ён зноў памалу пайшоў праз гушчар на ўзлесак і па-над рунню патупаў у бок бульбянога палетка.

Сонца тым часам ужо сышло з небасхілу, схавалася за вяршаліны лесу, але неба над полем яшчэ поўнілася ягоным нізкім святлом, у якім вольна плылі кудысь пульхныя аблокі. Як Хведар і прадбачыў, бульбу на палетку ўжо ўсю выбралі, ні жанчын, ні коней нідзе не было відаць, толькі воддаль бугрыўся адзіны, накрыты саломай бурт. Ну але бурт яму не патрэбны. Трохі адышоўшыся ад канца загона, Хведар разгроб рукамі ўзараную баразну, калупаўся ў зямлі. Не, тут не было нічога, мабыць, усё падабралі. Тады ён адышоўся далей, перагарнуў у двух-трох месцах зямлю, знайшоў перарэзаную лемяхом палавіну бульбіны. Падняў галаву, агледзеўся - быццам нідзе нікога. Ён прайшоў трохі ўбок па загоне, дзе валялася ў барознах раскіданае каліўе бульбоўніку, падумаў, што, можа, што-нішто засталося. Капаў у некалькіх месцах, а знайшоў усяго чатыры бульбіны. Канешне, можна б дайсці да недалёкага ўжо бурта, набраць там у кішэні, але ён не хацеў надта аддаляцца ад ягонага выратоўцы-лесу. Дый зноў жа - красці калгаснае? Красці ён не хацеў, ён мог толькі ўзяць пакінутае, нічыё, што спрадвеку людзі не лічылі за грэх. Цяпер тым болей. Таропка пакапаўшыся ў зямлі, знайшоў яшчэ тры невялічкія бульбіны і спалохана азірнуўся. Ад узлеску ў напрамку да яго шырока сігалі па бульбянішчы дзве мужчынскія постаці. Сцяміўшы ўсё адразу, ён выпусціў з рук толькі што знойдзеныя бульбіны і таропка падаўся ўбок - наўкось цераз палетак, да лесу. Тыя таксама збочылі яму наперарэз - адзін пажылы, у ватоўцы і ботах, а другі, маладзейшы і цыбаты, у кепцы на галаве з даўгім насунутым на лоб казырком. Хведар ужо зразумеў, што справа яго - дрэнь, што тыя ловяць яго. І ён, што было сілы, пабег да ўзлеску, але не наўпрост, а беручы ўбок, усё ж трохі наперадзе яго даганятых. Ягоныя пасталы чапляліся за раскіданае каліўе бульбоўніку, ён ледзьве трымаўся на аслабелых нагах; чатыры бульбіны нялоўка боўталіся ў кішэні. Крокі яго, мусіць, былі куды карацейшыя, чым тых двух, што шырока сігалі яму напярэймы ад лесу. І ён спалохаўся, што не ўцячэ - дагоняць. Але няўжо яны сапраўды будуць яго лавіць, не адстануць? У нейкі момант яму ўдалося іх трохі апярэдзіць, ён амаль дасягаў бярозавага мыска на ўзлессі, з'явілася выратоўчая надзея - а раптам? Яны ўжо нібы заставаліся ззаду, як той першы пагрозліва закрычаў здаля:

- Ах ты, кулацкая морда! Спыніся! Спыніся, кажу!

Хведар аж спаткнуўся ад нечаканасці, тое, што пазнаюць яго, ён не прадбачыў. Але калі так называюць, значыць, пазналі. Як крыкнулі трэці раз, Хведар здагадаўся, што гэта - Зміцер Цыпрукоў, ён яго ловіць! Ах, божа ж мой, не хапала яшчэ трапіць у рукі да гэтага зласліўца! Пякучая злосць шыбанула ў Хведаравы адчуванні, яна надала сілы. Хведар ірвануўся, нібы апошні раз, і, не азіраючыся, убег у кустоўе ўзлеску. Тут ён яшчэ бег, праўда, усё марудней, пасля ішоў крокам і зноў аслабела трухаў, каб як мага далей адысціся ў лес, прэч ад таго нешчаслівага поля. Яго даганятыя, здаецца, у лес не пабеглі, засталіся на ўзлеску, і ён доўга шкандыбаў рэдкім недарослым хвойнікам, думаў, што сёння яму не пашэнціла канчаткова. Сёння ні адной прасветліны ў ягоным лёсе за ўвесь гэты пагодны сонечны дзень. Мала яму было тае навіны пра сына, дык яшчэ і Зміцер. Але глядзі ты: пільнуе ў полі. Ці ён які вартаўнік, ці начальнік, калі ў рабочы час разгульвае адзін па палёх. Ды, мусіць, - брыгадзір, здагадаўся Хведар, на тое было дужа падобна. Але Зміцер - брыгадзір, гэта ўжо нечакана. Самы няўклюдны гаспадар, у якога некалі здохла кабыла ад бяскорміцы, бо з'ела страху за зіму і не хапіла. Той Зміцер, які за жыццё не навучыўся плясці лапцей (заўжды пляла яму жонка), цяпер гэты недалэга робіць брыгадзірам. Праўда, горла меў добрае, мог накрычаць на каго хочаш, што цяпер, мабыць, самае важнае. Як там, у ссылцы, так і тут, у калгасах. Мабыць, аднолькава...

Раздзел пяты. Аблава

Ноччу ўсчаўся вецер, лес апантана шумеў, елкі, здавалася, аж гулі ад ветранога напору, не перастаючы, ляскаталі лісцем бярозы, і Хведар думаў: зараз палье дождж. Той ноччу ён не пайшоў у вёску, ён наогул болей не вылазіў з лесу, які даваў яму больш-менш бяспечны прытулак. Іншага на гэтай зямлі ў яго не засталося. Кожны раз ён абіраў для сябе новае месца - абы далей у лес. Гэты вечар, уцёкшы ад даганятых, упаў долу там, дзе яго застаў прыцемак - у маладым густаватым ельніку, акрай хмызняковай імшары. Ісці далей, мусіць, не мела сэнсу, за імшарынай пачыналася балота, а галоўнае - у яго ўжо не заставалася сілы. Трохі адляжаўшыся, сеў, парэзаў на скрылікі і зжаваў тыя чатыры бульбіны. Болей з яды ў яго не было нічога, і ён сядзеў ноччу ў ельніку, думаў.

Божа мой, божа, чаму мне выпала гэткая доля? Чаму я такі бядак? Хто ў мяне ўкраў шчасце і цяпер палюе за маім жыццём? Хіба я такі грэшны перад людзьмі ці пера богам? Каго я забіў, абабраў ці хоць зняважыў - каго? Заўжды стараўся як найлепш, барані бог, каб хто пакрыўдзіўся, не папракнуў знарок ці з непаразумення. Заўжды пачціва ставіўся да ўлады, быў шчыра ўдзячны ёй за зямлю, за шчодрасць да бедняка, нядаўняга фальваркоўскага парабка. Ды і як жа інакш - Савецкую ўладу лічыў сваёй, сялянскай уладай. Яшчэ, бывала, пярэчыў на сходках, як некаторыя наракалі: таго няма, таго мала. Няма мануфактуры, цвікоў, не хапае газы, не купіць цукру... Казаў каторым нецярпліўцам: чакайце - не ўсё адразу. Савецкая ўлада, яна не пакрыўдзіць бедняка, яна галоўны свой клопат мае аб трудавым сялянстве. Ды ці ён сам тое прыдумаў? Аб тым пісалася ў газетах, тое ж гаварылі прадстаўнікі на сходах. І ён верыў. Ён гатовы быў усім пра ўсё верыць, бо сам не хлусіў ніколі, нікога за жыццё не ашукаў.

Хто ж ашукаў яго? І ашукаў так жорстка, бязлітасна, на ўсё жыццё?

Зрэшты, да ашуканстваў ужо можна было прывыкнуць - ці мала ён іх ператрываў у жыцці? Ашуквалі суседзі, радня, сяльчане. Заўжды ашуквала начальства - і тут, і ў высылцы. Ашуквалі таварышы па няшчасці. Некаторым за тое ён нават быў шчыра ўдзячны...

З Поўначы ўцякалі звычайна вясной, як раставаў снег і абуджалася тайга. Хоць і бедная была паўночная веснавая тайга, харчу ніякага не мела, апроч хіба ягад. Але стала вышэй хадзіць негарачае сонца, канчаліся лютыя маразы і сцюжа. А галоўнае - пачыналася пара зялёнай травы, дарогі без слядоў - ідзі куды хочаш. Такою парой мала хто з нявольнікаў гэтых лагераў і пасёлкаў не мроіў пра ўцёкі, пра той запаветны край, з якога быў вырваны сілай. Але ж тысяча кіламетраў тайгі, бездараж і бязлюддзе давалі адвагі не многім. Для тае адвагі патрэбна было жалезнае здароўе, звярыная сіла, а яны пад вясну ледзьве цягалі ногі. Але мары ап'янялі, а ап'янелы чалавек хто ведае на што здольны. І на разумнае, і на дурное - гэта ўжо гледзячы па абставінах.

У іх на сплаве, які толькі што распачаўся, уцячы з пасёлка было няцяжка - цяжка было затым перайсці тайгу. Некаторых лавілі - на рацэ і на дарогах, некаторых нават за сотні кіламетраў - на чыгунцы і прыстанях. І ўсё роўна ўцякалі. Ён пра ўцёкі ўсур'ёз не думаў, пакуль на руках была хворая жонка і малая Волечка. Але затым, як застаўся адзін... Хіба толькі думалася і тут жа забывалася. Усё ж рашучасці ў яго не хапала, а пра свае мары ён нікому не намякаў нават. Ён наогул быў там маўклівы, сваіх людзей побач не аказалася, а з чужымі трымаўся асцярожна - ці мала што! Дый не падабаліся многія: крыклівыя, жорсткія, нягодныя. Можа, яго абыходзілі таксама, пагарджалі ім - забітым, малапісьменным мужыком-беларусам. Канешне, што ён для іх? Чым ён мог быць ім карысны? І ён прывык да тае няўвагі да сябе і дужа здзівіўся аднойчы, калі ім зацікавіўся чалавек.

Неяк на штабялёўцы ў запані, як брыгада грувасціла бярвенне ў высачэзныя гурты, да яго ціха падышоў Вугор. То быў таксама ссыльны, але не з сялян раскулачаных, а яшчэ з нейкіх, ён працаваў у адной з ім брыгадзе, ды таемна знаўся з некаторымі людзьмі ў іншых брыгадах. Былі чуткі, што ў ссылку ён трапіў пасля Варкуты, дзе на шахтах адбываў тэрмін за нешта крымінальнае, выйшаў там у начальства, ды на чымсьці праштрафіўся. Родам быў гарадскі, здаецца, аднекуль з Урала, паводзіў сябе стрымана, з начальствам - без асаблівай пакоры, ведаў сабе цану, часам вольнічаў - мог дазволіць калі лішнюю хвіліну на перакур. І начальства не надта да яго чаплялася, бы зважала яму.

Гэты Вугор паазіраўся, паслухаў - блізка нікога не было, і кажа Хведару: «Дамоў хочаш?» Хведар здзівіўся, збянтэжыўся, адразу і не зразумеў пытання. Тады той растлумачыў: «Ёсць такая магчымасць. Нас двое. Трэцім будзеш?» Пра што было і казаць, канечне ж, дамоў Хведар гатоў быў паляцець на крылах, усё ў ім узгарэлася ад тых слоў чалавека. Толькі як? Якая ў іх з'явілася магчымасць? Але, мусіць, з'явілася, калі добры чалавек прапануе. «Значыць, згодны? - ціха папытаўся Вугор. - Тады заўтра станавіся на крайні штабель».

Назаўтра ўранку ён і сапраўды стаў на працу ля крайняга ад лесу штабеля. Зрабіць гэта было няцяжка, бо іншыя, калі брыгадзір расстаўляў на рабочыя месцы, стараліся не вытыркацца: той штабель быў самы дальні, і бёрны да яго трэба было цягаць здалёк. Хведар жа тады выйшаў наперад і якраз апынуўся ў той чацвёрцы, якую накіравалі на канец пляцоўкі. Там жа апынуўся і Вугор. Яны памалу ўзяліся качаць бярвенне, але, як толькі брыгадзір знік з вачэй, Вугор міргнуў адным вокам: маўляў, за мной! Бокам, бокам ён падаўся ад пляцоўкі, Хведар з дрыготкім сэрцам паклыпаў следам.

Уцяклі яны ўдала, тады іх ніхто не затрымаў, можа, і не заўважыў нават. У распадку да іх далучыўся аднавокі вярзіла, што меў прозвішча ці мянушку Скакун. То быў, як зразумеў Хведар, стары Вугроў сябрук, і яны ўтрох першы ж дзень адмахалі па дзікай тайзе вёрст сорак. Звычайна ў тым краі ездзілі па рэках зімой ці берагамі ракі ўлетку, але цяпер ім берагамі не выпадала - на берагах іх адразу б узяла міліцыя. І яны выправіліся кружным шляхам - тайгой. Ягоныя сябры прыпаслі троху харчу, мабыць, рыхтаваліся болей старанна, чым ён, і дужа ашчаджалі тыя шэсць кілаграмаў мукі і дваццаць шэсць сухароў, што неслі ў навалачцы ад падушкі. У іхняй невялічкай групе ўсім распараджаўся Вугор. Хведар увесь час быў дужа ўдзячны яму, што даверыўся і ўзяў за кампанію менавіта яго, а не каго іншага. З тае ўвагі ён ужо гатовы быў сябе паважаць, не кажучы пра ягоную ўдзячнасць Вугру. Вугру ён служыў у дарозе чым мог: стараўся ўзяць на сябе што цяжэйшае з ношы, даўжэй пасядзець ля цяпельца, як астатнія двое клаліся спаць, каб папільнаваць агонь. Неяк ля ручая, як яны сушыліся пасля дажджу, Хведар расчулена падзякаваў Вугру за давер і ўвагу да сябе. Той, аднак, хітра прыжмурыў ад дыму вока і з ухмылкай сказаў: «Дык я ж адразу ўбачыў: дужа дамоў хочаш». - «Што праўда, то праўда. Дзякуй жа табе за тое». - «Пасля аддзячыш. Красненькімі», - ухмыльнуўся Вугор.

Тады ён і сапраўды быў неблагі хаўруснік, клапатлівы таварыш. Па справядлівасці дзяліў іх небагаты харч, уранку сам распальваў касцярок, заўжды вызначаў шлях і ішоў наперадзе. Тайгу, як можна было здагадацца, ён ведаў лепш за іх двух, мабыць, не першы раз падарожнічаў па ёй. Куды і як будуць ісці далей, Вугор ім не казаў, і Хведар ні пра што не пытаўся: ён ужо прывык спадзявацца на вопыт таварыша. Сапраўды, хіба б ён адзін адмахаў за тыдзень две сотні вёрст без дарог, па незнаёмым лесе? Гэта пасля ён што-нішто зразумеў у жахлівай справе ўцёкаў, а тады быў дурны і зялёны, бы салдат-навабранец.

Папаліся яны па-дурному, выпадкова; тут, канешне, ні Вугор, ні хто іншы не быў вінаваты. Увечары каля невялічкай таежнай рачулкі напаткалі пакінутую паляўнічую хатку, зайшлі, думаючы чым пажывіцца, але марна, нічога здатнага ў ёй не знайшлі. Начаваць там не адважыліся, адышліся вярсты дзве і ўжо ў прыцемку, дашчэнту змораныя, не распальваючы цяпельца, паклаліся радком на мяккім моху ў хвойніку. На світанні іх і паднялі пад рулямі дзвюх стрэльбаў. Пасля аказалася, што ўчора ля тае хаткі іх згледзеў тутэйшы паляўнічы, сказаў брату і яны ўдвух дагналі ўцекачоў. Усё адбылося нечакана, знянацку; каб яны мелі трохі больш часу, дык, можа б, як выкруціліся. Але не паспелі яны апамятацца, як прыйшла фурманка, і іх адвезлі на лесаўчастак, адтуль на прыстань, у камендатуру. Браты-паляўнічыя, мабыць, атрымалі сваю ўзнагароду, а яны апынуліся ў становішчы яшчэ горшым, чым да ўцёкаў. Хведар дужа перажываў ад таго, проста счарнеў з твару ад гора і нават не ўзяў свой кавалак хлеба, які ім кінулі ў каталажцы. Вугор тады, неяк адразу страціўшы свой звычайна добразычлівы тон, буркнуў: «А табе чаго кіснуць? Табе дык радавацца трэба». - «Як?» - не зразумеў Хведар. «А так! - нядобра засмяяўся яго таварыш. - Што кабаном не стаў». - «Якім кабаном?» - усё не разумеў Хведар. «Не ведаеш якім? Во, у тым уся справа, што ўжо не ўведаеш».

Хведар тады так і не зразумеў нічога. Толькі пасля, як яго вярнулі ў яшчэ горшае пекла - на тарфянішча за Сыктыўкарам, неяк у размове з вушлымі зэкамі ён папытаўся, што значыць гэтае слова, і ў яго пацямнела ўваччу. Аказваецца, так звалі таго наіўнага дзівака, якога падбівалі на ўцёкі, каб, калі скончацца прыпасы, пахарчавацца ім у тайзе. Гэта і ёсць кабан.

А ён столькі часу быў удзячны Вугру. Ён проста яго палюбіў найперш за давер і ўвагу. Так той апекаваў свайго кабана... Ну але ж гэта Вугор - закаранелы злачынец, забойца, чаго іншага было ад яго чакаць. А як во жыццё паставілася да чалавека, бы той Вугор, - неміласэрна, жорстка і вераломна?

А можа, гэта яму пакаранне за бога? За абразы, якія ён маўкліва дазволіў Міколку вынесці з хаты? Спярша Ганулька іх прыхавала на гарышчы за комінам, але Міколка, дазнаўшыся, дастаў адтуль і пабіў аб вугол за свірнам. Маці плакала, а ён, Хведар, не ведаў, як паставіцца да таго. Трохі было і шкада святых, з якімі мінала жыццё, але зноў жа - калі тое робіць сын ад імя ўлады... Усё ж уладзе ён верыў. Лічыў, што там недзе, у Маскве ці Мінску, сядзяць разумныя людзі, адукаваныя і справядлівыя, і калі яны вырашылі, што без бога народу лепш, дык, мабыць, гэтак і трэба. Чаму лепш - ён зразумець не мог. Але ці шмат ён тады разумеў наогул, маючы ўсяго дзве зімы царкоўнапрыходскай школы. Затое ягоны сын меў аж сем класаў, мабыць, ужо ён разумеў больш.

Аднак жа бог пакараў яго, а не сына. Сына ён узнагародзіў быццам... А калі пакарае і сына?

Дождж і праўда ўсчаўся. Дробнае дажджавое сяйво з парывістым ветрам хвалямі хадзіла па лесе, асыпаючы ельнік; схавацца тут ад яго не было дзе. Мусіць, трэба было перайсці пад вышэйшую яліну, але навокал ляжала такая цемра, што было боязна ўстаць, каб не выкалаць вочы. Такой ноччу добрыя людзі па лесе не ходзяць, думаў панылы Хведар. Часам дождж пераставаў, нібы сціхаў зусім, добра, аднак, намачыўшы траву, абвіслае голле ялін, Хведаравы галаву і плечы. А затым пачынаўся зноў. Хведар ужо не кранаўся з наседжанага месца і не клаўся долу - сядзеў, згорбіўшыся і раз-пораз падрыгваючы ад сцюжы. Хоць было холадна, мокра і няўтульна, але ён трошкі адхалонуў душой - усё ж ноччу можна было не баяцца. З зацятым неспакоем ён чакаў золку, бо не ведаў, куды падацца ўдзень, дзе раздабыць харчу. Ды і наогул... Адчувала ягоная душа, што дзень прынясе новыя трывогі. Хоць бы не прынёс бяды.

Мусіць, аднак, пад раніцу дождж перастаў. Вецер жа ўсё не сціхаў - трэс долу дробныя кроплі з вецця, і ў лесе здавалася, што гэта прадаўжаецца дождж. Але неба над ельнікам паяснела ўжо, хоць і было змрочнае і хмарнае, - сумнае неба непагоднага восеньскага дня. Менавіта ў той час дзесьці паблізу пачалі каркаць вароны - так заўзята, што, здавалася, чутна было ва ўсім лесе. Нейкая невыразная трывога ішла ад гэтага іх нязмоўчнага крыку, і Хведар са злосцю ўслухоўваўся, думаў - якога д'ябла яны раскаркаліся? Ён ужо хацеў быў устаць і пайсці ў той бок, прагнаць іх, ці што? Але не было сілы ўстаць, хацелася сядзець так і сядзець, можа, нават прылегчы пасля тлумнай бяссоннай начы. Памалу развіднела, і ў лесе зблізку сталі відаць яловыя галіны, натапыранае сухое суччо ля камлёў, голы, абсыпаны ігліцаю дол. І раптам на гэтым доле ў ельніку з'явіўся аднекуль заяц, сюды-туды пакруціў вушастаю галавой, прысеў на заднія лапы і пярэднімі пачаў дбайна аціраць вусатую пыску. Хведара ён не бачыў ці, можа, палічыў за пень, і той не рашыўся варухнуцца, каб не спалохаць жывёліну. Мабыць, гэта яму ўдалося. Непатрывожаны заяц паволі, бы ў роздуме, праскакаў за пяць крокаў ад яго і схаваўся недзе ў ельніку.