10891.fb2 Выбранае - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 26

Выбранае - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 26

А вароны ўсё надрываліся - нападалі на каго ці проста сварыліся ў сваёй варонняй зграі, - мусіць, таксама нейкія ў іх непаладкі, падумаў Хведар. Як у людзей. Але, мабыць, такіх, як у людзей, не бывае ні ў якіх істотаў. Тыя калі дзяруць каго, дык каб з'есці, а гэтая - хіба каб задзерці і кінуць. І ўзяцца за наступнага. Усё ж лютая істота чалавек!

Можа, ён так і сядзеў бы ў тым ельніку, дзе было хоць і мала ўтульна, але ціха і спакойна, калі б не голад. Голад падцінаў ягоны жывот, аж балюча было пад грудзямі, і ён усё думаў-думаў: ну што б знайсці з'есці? У лесе, мабыць, ужо нічога знайсці было нельга, хіба што грыбы. Грыбоў ён мог бы тут назбіраць, асабліва на імшарыне каля балота, ды сырыя іх не з'ясі, а ўдзень паліць касцярок ён асцерагаўся. І тады ягоныя думкі ўсё часцей пачалі туліцца да вёскі, да той ігрушыны на ўзлеску, ля якой ён ужо частаваўся. Грушкі былі нічога сабе, мо з гэтай начы нападала болей, мабыць, варта туды схадзіць.

Ён добра намок, пакуль выбраўся з ельніку, - кожная яліна сыпала на яго жменю сцюдзёных кропляў, нізкае вецце выцірала сваю дажджлівую вільгаць аб яго і без таго змакрэлую вопратку. Ну але што зробіш - трэба было трываць. Макрэдзь і сцюжу трываць было звыкла, каб яшчэ навучыцца гэтак жа трываць голад. Ды голад, мабыць, не можа стрываць ніхто. Ні чалавек, ні жывёліна. Голад - гаспадар над усімі.

Хведар памалу ішоў па лесе, выбіраючы болей адкрытыя, без падлеску мясціны, усё ж каб меней мокнуць ад вецця. Чамусьці ён падумаў з цікаўнасцю: які сёння дзень? Зусім згубіў лік дням і не мог адрозніць святое нядзелі ад будняў. З сённяшняй ночы пасялілася ў яго адчуванні нейкая загадкавая туга. Ён не ведаў, чаму так - ці ўчора надта засмуціла нядобрая вестка пра сына, ці ўсур'ёз растрывожылі тыя пярэймы на бульбянішчы? Ці яшчэ што. А мо во гэты варонні гвалт, які і цяпер чуваць быў адсюль, з старога лесу. Мабыць, не падзяліла чаго вараннё, думаў Хведар.

Усё ж ягоны слых за гэтае бадзянне па лясах стаў дужа чуйны, ён выручаў не раз, не падвёў слых і цяпер. Яшчэ не дайшоўшы да ўзлеску з грушай, Хведар заўважыў якійсь неспакой на ўзлессі, а затым і спыніўся. З-за кустоўя ўжо віднеліся слупы на дарозе, зялёныя лапікі руні, шэры восеньскі ўзмежак. Якраз на гэтым узмежку непадалёк ад ігрушыны стаялі два чалавекі - адзін у шэрым будзённым пінжаку, а другі ў такой жа рудой, як і ў яго, саматканай паддзёўцы, - адзін другому даваў прыкурыць. Як той, што прыкурваў, падняў ад запалкі галаву, Хведар адразу пазнаў Міхалінінага Шурку, маладога хлопца, Міколкавага дружбака, якога некалі выключылі з камсамола. Другі стаяў да лесу спіной, і Хведар не мог разгледзець яго. Пасля, закурыўшы, абодва яны ўставіліся позіркамі некуды ўбок, адкуль данеслася некалькі слоў нягучнай размовы, і Хведар таксама пасунуўся за кустом. Яму адкрыўся наўкось добры прасцяг узлесся і на ім чалавек шэсць, што пасталі ў рад крокаў праз дваццаць адзін ад аднаго - чагось чакалі. То былі ягоныя аднасяльчане, маладзейшыя і двое старэйшых. У бліжэйшым з гэтага раду Хведар пазнаў Міхася Майстронка, што жыў якраз насупроць ягонае сажалкі, і Хведаравы гусі часам рабілі на ягоным гародзе шкоду; тады між імі былі дзве ці тры малапрыемныя сутычкі, а так жылі між сабой някепска. За ім таптаўся па ўзмежку схуднелы і пастарэлы, з сівымі скронямі пад чорным картузом Лёкса Саўчык - у даўгім армяку, з пугаўём у руках. Божа, во і сустрэўся, пабачыўся, паныла падумаў Хведар. Але чаму яны тут пасталі, каго чакаюць? І тады яму бы цюкнула ў галаву: ды гэта ж яны - па яго. Яны ж зараз пойдуць у лес выганяць яго. Ланцугом, як на паляванне. Як зімой палююць на воўка з сцяжкамі. Толькі гэтыя цяпер без сцяжкоў. Бо ён не воўк - ён чалавек, з ім можна і прасцей.

На дрыготкіх нагах Хведар паціху патрухаў у глыб лесу. Усё ў ім калацілася ад крыўды, ад прадчування хуткай бяды. І нічога не зробіш, нічога не скажаш, нічым не апраўдаешся. Ён мог толькі бегчы, уцякаць, як звер. Але не як чалавек. Чалавек бы не ўцякаў ад людзей, ён бы нешта сказаў, і яго б паслухалі. Значыць, ён ужо не чалавек. Ён дашчэнту расчалавечыўся.

На пагорачку ў змяшаным рэдкалессі ён павярнуў управа - убок да бальшака і поплаву, туды, адкуль ён прыйшоў тры дні назад. Мабыць, пакуль была такая магчымасць, трэба ўцякаць з гэтага лесу, лес для яго ўжо не прытулак. Лес цяпер іхні. У ім яны хочуць злавіць яго - і тады... Не, усё ж ён не дасца. Пакуль ёсць сілы, ён іх апярэдзіць. Ён не дасць вярнуць сябе туды, адкуль з такім намаганнем вырваўся. Туды ён не вернецца.

Хведар бег, аслабела і няўцямна, ужо не выбіраючы шляху, прадзіраўся праз кустоўе падлеску, вымак наскрозь - ад ног да галавы. Ззаду, аднак, было ціха, яго яшчэ не даганялі, і ён спяшаўся паспець. Паспець выскачыць з лесу на поплаў, там уздоўж рэчкі была чужая, зарэчнага раёна зямля, мабыць, там пра яго яшчэ не ўведалі. Яму ўжо трошачкі заставалася лесу, затым будзе нешырокая лагчына і бальшак, які ён перайшоў той раз. Але ён задыхаўся, змарыўся ўшчэнт і да ўзлеску ледзьве даплёўся ад знямогі. Усё ж, перш чым выйсці, зірнуў на лагчынку, там не было нікога. Тады - на грудок і дарогу, і разам асеў долу. Ля старых хвой на бальшаку стаялі машаны - тры грузавыя палутаркі, і ад іх у напрамку да лесу ішла грамада людзей - чалавек трыццаць ці больш. Наперадзе рашуча крочыў па сенажаці чалавек у расшпіленым чорным плашчы, ён нешта казаў і рукой шырока паказваў астатнім - ці не разысціся па-над лесам у ланцуг?

Згледзеўшы тое, Хведар крута павярнуўся і пабег назад у лес. Усё ж, мусіць, ён яшчэ меў нейкую магчымасць, тыя толькі пераходзілі лагчынку. Пакуль яны паднімуцца па адхоне, увойдуць у лес... Не, ён адарвецца, ён не дасць ім дагнаць сябе. Толькі куды яму бегчы - во ў чым загвоздка. Злева Нядолішча і землякі-калгаснікі, ззаду гэтыя, што прыхалі, мабыць, з раёна. Усе апранутыя ў чорнае, не вясковае - значыць, з раёна. Кіраўніцтва і актыў. Яны ззаду. Справа ў яго ельнік і далей багністая Багавізна, там не пройдзеш. Няўжо спераду яму пакінулі выйсце? Там, дзе бульбянішча, дзе ён учора сустрэў дзеда з каровай. Няўжо там нікога няма? Гэта была б удача, толькі б паспець дабегчы туды. Добра, што яго яшчэ не ўбачылі, раней убачыў ён сам. Тое давала шанец. Толькі б не здрадзілі ногі. Усё ж бегчы яму было трудна, сіпата зацінала грудзі, у роце набралася гаркоты, якую ён не мог выплюнуць. Плечы і грудзі пад яго мокрай і цяжкой апраткай спатнелі, па шчоках паўзлі цуркі поту. Раз-пораз ён выціраў твар рукавом, азіраўся і то бег, то ішоў хісткім няпэўным крокам - далей ад гасцінца і ад вёскі таксама. Мусіць, не проста было вытрымаць гэта дакладны, касы кірунак у лесе, здаецца, ён трохі яго ўжо зблытаў. Падобна было, што ён занадта ўзяў управа - далей ад тых і тых даганятых, і тым прыціснуўся да Багавізны. Не, яму трэба было трохі далей ад яе, каб выйсці на трэці бок лесу - да бульбянішча. Галоўнае - яму б вырвацца з гэтых абцугоў, якімі яго абхамілі з абодвух бакоў. Можа, трэці яшчэ заставаўся вольны, і тое дасць яму выскачыць.

Ужо з'явілася спадзяванне, што ён як-небудзь выкруціцца. Усё ж яго ніхто з іх не бачыў. Ад задніх ён, мабыць, адарваўся, а тыя збоку, ад вёскі, мабыць яшчэ толькі ступілі ў лес. А можа, яны яшчэ чакаюць на ўзмежку. Яму б толькі дабегчы да бульбянішча, а там бы ён вырваўся з гэтага лесу.

Але бегчы ўжо не ставала сілы, і ён, спатыкаючыся, марудліва тупаў па травяным доле. Увесь час азіраўся - ці не пагналіся? Здаецца, яшчэ не гналіся. Але ў тым кірунку, ад гасцінца, пачуліся галасы - мабыць, там ужо пайшлі па ягоных слядах. Галасы, галёканне рабілася мацнейшымі, во забрахаў і сабака. Але не ўчарашні вясковы - гэта быў рык дужага, пароднага пса. Хведар пабег зноў - цяжка, знясілена, страхавіта, штораз азіраючыся. Пільнасць яго і ўвага цяпер былі да таго, што адбываецца ззаду. Ён празяваў нейкі момант, калі трэба было зірнуць наперад, і за кустом ядлоўцу ледзь не сутыкнуўся з зайцам. Чымсь спуджаны, той сігануў насустрач, а як згледзеў яго, шырока скочыў убок і праз хмызняк падросту спалохана кінуўся назад, адкуль бег. Таксама няма спакою, коратка падумаў Хведар і тут жа спыніўся. Там, куды паскакаў заяц, зблізку пачулася:

- Стой! Стрелять буду!

- Куды ты - стрелять! Это же заяц...

І там засмяяліся - бесклапотным хлапечым смехам.

Хведар насцярожана выцяг з каўняра шыю, наперадзе, куды ён імкнуўся, у жаўтлявым лісці падросту мільганулі дзве зялёныя шапкі, нехта ціха гукнуў да іх зводдаль, і яны стаіліся. Хведар зразумеў: хлях яму і туды адрэзаны. Відаць, з гэтага боку, ад бульбянішча, загон рабілі чырвонаармейцы-пагранічнікі. Іхняя застава была недалёка, пад суседнім лесам. Але ж чаму - і пагаранічнікі? Што ён, які шпіён ці шкоднік? Ці ён уцёк з турмы, дзе сядзеў за якое злачынства? Ён прыйшоў у свой родны кут, дзе нарадзіўся, жыў. Дзе нарадзіліся і аджылі ўсе яго продкі. Чаму - пагранічнікі?

Мусіць, аднак, ён горшы за шпіёна. Бо таго ловяць адны пагранічнікі, а яго апроч тых яшчэ і два загоны - з вёскі і з раёна. А божа ж мой, во дык воўк. Во дык дзікун...

Усё ж шчасце яго было ў тым, што ні з аднаго з трох загонаў яго пакуль што не заўважылі - ён іх заўважыў першы. Але ці доўга яму будзе так шэнціць? Мабыць жа, згледзяць і яго. Што ж ён, які невідзімка? Праўда, ён ведаў гэты Казённы лес і цяміў, у які бок сунуцца. Але ж і яны, мабыць, таксама ведалі лес, ужо яго аднавяскоўцы напэўна, думаў Хведар. Цяпер ён бег невядома куды, мабыць у чацвёрты бок, дзе не было выйсця. У чацвёртым баку быў тупік, лясны край - Багавізна. Там дрыгва, багна, віры, улетку туды не сунешся. Туды і звер не ходзіць, не тое што чалавек. Да самых маразоў там патоп і пагібель.

Але куды ж яму дзецца?

Ён ужо не бег - ён плёўся між змрочнага ельніку, па мяккім, набрынялым вільгаццю доле. І ўсё слухаў, што робіцца ззаду. Ззаду ваўсю гучалі галасы, хтось там галёкаў, адкрыта і загадна, гучна брахаў сабака. Мабыць, загоны сышліся, а яго ўпусцілі. А можа, яны вернуцца назад, на гасцінец і ў вёску, абнадзеена падумаў Хведар і стаіўся за елкай. Хоць бы далі аддыхацца, а то знямоглая гаркота раздзірала грудзі...

Аддыхацца, аднак, не далі.

Яны ўжо былі недзе блізка, убачыць іх яму заміналі дрэвы. Зрэшты, як і ім яго, мабыць, таксама. Але ён пачуў ажывелыя вокрыкі зводдаль: «Глядзі, след!» - і зразумеў, што яны пайшлі наўздагон. І што яму ад іх не ўцячы. Іх некалькі дзесяткаў, жыхароў і чырвонаармейцаў, яны абклалі лес з трох бакоў. А ён перад імі адзін. І ён ушчэнт змораны. І ўжо не ведае, куды бегчы і дзе хавацца. Ён толькі бяжыць. Мабыць, апошнія свае крокі. І тут ён убачыў перад сабой у ельніку хуткае мільганне ў доле - то ўцякаў-ратаваўся заяц. Спярша бег ад чырвонаармейцаў, а цяпер, мабыць, ад яго, Хведара. Але нашто ад яго? Ён сам цяпер быў у становішчы зайца. Мо нават горшым, бо заяц, напэўна, яшчэ ўратуецца...

«Людцы, завошта вы так? - гучала ў ім нутраным роспачным шэптам. - Што я зрабіў кепскае вам? Што - малатарню?.. Дык тады ж дзякавалі па шчырасці, здаецца. Ці ж я хацеў каму кепскага? Ці сабе многа ўзяў? Я ж аддаў ўсё вам - бярыце. Толькі завошта ж мяне так люта? Людцы, адумайцеся!..»

Аднак ніхто не адумваўся - яго гналі, як гоняць воўка на адмысловым паляванні. А ён усё чакаў, што нехта там стане і скажа: «Пастойце, братцы! Што ж гэта мы...»

Не стаў, не сказаў, і яго гналі далей.

- Роўба, стой!!!

Ну вось, нарэшце...

За ўвесь час недарэчных сваіх уцёкаў Хведар чакаў гэтага вокрыку ўдзень і ўначы, і ўсё роўна цяпер ён прагучаў знянацку і страшна. Хведар не адразу азірнуўся - там ззаду, між елак, ужо мільгалі цёмныя постаці, сваіх ці чырвонаармейцаў - ён не разглядзеў нават. Галоўнае ён сцяміў: яго ўбачылі. Але ўжо і бегчы рабілася неяк, мабыць, ягоны маршрут канчаўся. Неверагодна дзівосны маршрут - праз тысячу вёрст да роднай зямлі. Аднак жа няласкава яна сустрэла яго, родная яго зямелька. Не ды бог з ёй, чаго было чакаць лепшага. Такі яго лёс! Пракляты лёс, які наканаваў яму ў такі час нарадзіцца селянінам.

Скончыўся змрочны ельнік, і за кустоўем лазняку ўсчыналася дрыгвяністая імшарына. Не спыняючыся, бегма ён сунуўся туды. Мяккі таўшчэзны пласт моху зазыбаўся пад нагамі, пасля ногі правальваліся да каленяў у чорную хлюпкую гразь. Далей ісці, мабыць, было вар'яцтвам. Але што для яго не было вар'яцтвам? Наперадзе трымцела на ветры клочча асакі, аеру, буялі ад берага лазняковыя купіны, і між імі блішчэлі чорныя вокны прадонняў; там усчыналася Багавізна. Ён, аднак, не спыняўся - з роспачным намаганнем выдзіраючы з твані свае пасталы, дабрыў да лазняку і пралез між кустоўя. Тут ужо брыў да пояса ў багне, рассоўваючы целам раску, упарта лез усё далей, пакуль ногі мелі нейкае апірышча ў тваністым, перавітым карэннем доле. Хутка, аднак, дол знік пад нагамі, знянацку Хведар шуснуў з галавою ў густую багністую прорву, аднак усё ж вынырнуў, згубіўшы з галавы шапку. Каб не захлынуцца канчаткова, ухапіўся аднаруч за нейкі слізкі корань з суседняй купіны. Увесь ён быў у багне, толькі галава яшчэ вытыркалася на паверхню. Смярдзючая вада цякла з носа, сцюдзёныя яе абдымкі скавалі ягонае цела, ногі скруцянелі ад сутаргаў, і ён дробненька, з перапынкамі дыхаў.

Ззаду на цвёрдым беразе за імшарынай гучала галасістая гамана, брахаў сабака, мабыць, там сышліся загоншчыкі. Ці яны згубілі яго, ці баяліся лезці ў сцюдзёную, смярдзючую твань? Ён добра чуў тут іх устрывожаныя галасы: «Во, туды пабег...» - «У твані ён!» - «Глядзі, куды сунуўся! Ах ты маць часная!» - «Вылезе, нідзе не дзенецца кулацкая морда!»...

«Не, ужо не вылезу!» - з панылай злосцю сказаў ён сабе ў думках, гойдаючы целам застаялую раску на твані. Яго тут трохі хавалі ад берага купіны і лазняк. А галоўнае - тыя, на беразе, мабыць, не надта імкнуліся ў багну, мабыць жа, ведалі, што дна ў ёй няма. І ён гэта ведаў. Колькі разоў, бывала, са страхам глядзеў здаля на лазняковы прасцяг бяздоннае багны, якую заўжды акуратна абыходзіла жывёла. Цяпер ён сядзеў у ёй. І, мусіць, шляху назад не было.

Ад сцюжы ў вадзе дубянелі рукі і асабліва ногі, усё ўнутры ў яго сцялося ў тугі, хваравіты вузел - каб толькі стрываць. Але, мабыць, доўга трываць тут не прыйдзецца, усё ўжо канчалася. Трошкі, аднак, не хапала рашучасці. Варта было выпусціць з рук той корань ад купіны, як ён бы адразу пайшоў у бездань. Цяжкая суконная паддзёўка ўладна цягнула ўніз, пасталы зрабіліся, мабыць, пудовымі і таксама цягнулі за ногі. Але ён трымаўся, немаведама на што спадзеючыся, і часта дробненька дыхаў, бы рыбіна, выкінутая на пясок.

- Роўба, вылазь!

- Вылазь па-добраму. А то...

- Грамадзянін Роўба, ад ліца Савецкай улады папярэджваю...

Яны там крычалі, а ён ужо мала і слухаў. Усё роўна вылезці адсюль ён не мог. Ды не надта і хацеў. Ён толькі марудзіў. Дарма, аднак, марудзіў. Недзе зблізку, за лазняком, пачулася:

- Штось не відаць тут...

- Ды там. След во ў дрыгве...

«О, людзі, людзі! За што ж вы так?.. Людзі...»

Аднак яны ўжо лезуць. Хведар трохі пасунуўся ў твані, гайдануўшы раску, павярнуў за купінай галаву. Дзве постаці ў асацэ, высока ставячы ногі, памалу прабіраліся да яго прадоння. У руках аднаго матлянуўся даўгі шост-палка - ці не збіраліся яны выганяць яго з твані? Ён бачыў іхнія галовы ў кепках, іх саміх да пояса. Гэта былі незнаёмыя хлопцы, мабыць, камсамольцы з раёна. Недзе за кустамі паблізу басавіта брахаў сабака, але ў ваду, здаецца, не лез.

- Далей не сунешся.

- Давай, давай! Яшчэ можна! - пачулася трохі збоку, і ад тых слоў у Хведара разам заняло дыханне. Ён пазнаў гэты голас - ён бы пазнаў яго і на тым свеце. «Бедны Міколка! - раптам падумаў Хведар. - І яму во лезці сюды! Мусіць, аднак, не ад салодкай жызні». Тыя двое з шастамі, аднак, ці не згубілі яго сляды, трохі павярнулі ўбок за самы гушчар лазняку, можа, яны падумалі, што ён сядзіць там. А ён не сядзеў там, ён не хаваўся наогул. Ён ужо быў для іх недасяжны. Ён яшчэ не дабрыў да таго свету, але ўжо бадай што сышоў з гэтага. На гэтым засталася хіба ягоная галава і вочы. Каб астатні раз зірнуць і развітацца. Як убачыць яго, дык ён і адыдзе. Калі датрывае... Божа, ніколі ў яго не было думкі забіць сябе, заўжды ён апантана змагаўся за жыццё. А тут во мусіць...

Аднак, можа, ён хоць перад канцом згледзіць сына? Бедны Міколка: што ён перажывае цяпер? Пэўна ж, то не па сваёй волі - ён змушаны! Можа, яму загадалі? Які вышэйшы начальнік. Бо, мабыць жа, ёсць і над ім начальнік. І паслалі яго лавіць у лесе бацьку, якога ён выракся. Калі выракся, дык, мабыць, можна і лавіць. Але калі такое магчыма, тады як жа жыць? Можа, яму яшчэ загадаюць, злавіўшы, учыніць допыт над бацькам? І сын змушаны яго катаваць? Божа, нашто ты стварыў тады белы свет!

- Ляшчук, вунь туды пырані!

Гэта таксама Міколка - аднекуль здаля цвёрдым начальніцкім голасам, якога не ведаў Хведар. Той голас ён набыў ужо без бацькі. Шчаслівая яго маці, што не бачыць таго. І не чуе.

Тым часам у суседнім лазовым кусце зашархацела, і канец тонкай палкі наскрозь прапароў лісцвяны гушчар. Цяпер настала чарга ягонай купіны. Але, мабыць, яны не паспеюць. Усё ж ён іх апярэдзіць.

Хведар інстынктыўна хлябнуў болей паветра - на астатні раз - і выпусціў з рук вузлаваты корань. Цяжкія ногі ў нязносных сырамятных пасталах адразу памкнулі яго ў глыб багны, ён захліпнуўся. Знутры балюча ўдарыла ў вушы, і ўсё пагасла ў вачах.

Не дадзена было ціха жыць, дык хоць пашчасціла ціха памерці.

Шукалі яго доўга, паролі шастамі з берага і з куп'я. Ды так і не знайшлі.

Багна спрадвеку ўмела хаваць свае таямніцы.

1988

Сотнікаў

1