10891.fb2 Выбранае - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 29

Выбранае - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 29

То былі харошыя хлопцы, яго выхаванцы: наводчыкі Токараў і Галаўня, узводны малады лейтэнант Конкін, ягоны старшы на батарэі, з якім яны цэлы год на выдатна выконвалі ўсе батарэйныя стрэльбы. Менавіта гэтаму Конкіну ён абавязаны палавінай свайго даваеннага поспеху і найперш значком «За выдатную артылерыйскую стральбу» – прадметам яго сціплага гонару. Так, харошая была батарэя, колькі падзяк ад начальства вісела на яе стэндзе ў ленінскім пакоі – за агнявое майстэрства, за розныя іншыя поспехі ў баявой падрыхтоўцы.

А на вайне ўсё склалася інакш. Сталася так, што ў іх распараджэнні асталося некалькі лічаных секунд, і найбольшую карысць прынеслі тыя, хто не разгубіўся, спрытней управіўся зарадзіць, хто проста аказаўся дужэйшы...

Рыбак даволі ўпэўнена крочыў наперадзе, трымаючыся бліжэй да лесу. Снег тут быў неглыбокі, растаптаныя буркі Сотнікава, што нядаўна дасталіся яму ад забітага партызана з мясцовых, роўна шорхалі па снегавой замеці. Добра яшчэ – цяпер ім трэба было ісці ўніз, вецер заходзіў з плячэй, месячык цьмяна свяціў у небасхіле. Па-ранейшаму было дужа марозліва і сцюдзёна, ажно сцялася, здранцвела ўсё ўсярэдзіне. Здаецца, ніколі ў жыцці Сотнікаў так не пакутаваў ад сцюжы, як у гэтую ноч. Ад стомы і аднастайнага шорхання ног у голаў яго лезла мешаніна выпадковых вобразаў, напаўзабытых твараў, нават асобныя сцэны-прывіды мільгалі ўваччу, і ён ужо не мог вызначыць – былі гэта ўспаміны ці здані. Магчыма таксама, што гэта ўзнаўлялася перажытае ім, яго былое, якое цяпер здавалася прывідам, так яно было мала падобнае на звыклае, рэальнае жыццё.

Найгоршае для Сотнікава было ў тым, што гэта быў яго першы і яго апошні франтавы бой, да якога камбат рыхтаваўся, мабыць, з таго першага дня, калі яго прызвалі на службу. Паслухмяная яму, чакала ягоных каманд грозная тэхніка, былі снарады, напагатове ехалі натрэніраваныя за шмат месяцаў гарматныя разлікі, наперадзе рухалася баявая ахова – усё, як і належыць паводле баявых статутаў... Тое ўспаміналася цяпер Сотнікаву, як страшны прывідны сон, і хоць і пасля на яго долю выпала нямала цяжкіх баёў, той першы яму немагчыма забыць ніколі.

...Яны былі ў руху чацвёрты дзень.

Чацвёрты дзень даўжэзная калона артпалка кідалася па лясных дарогах то на паўднёвы захад, то на поўдзень, адзін раз яе нават павярнулі ледзь не ў тыл, на поўнач. Трактары сваім несціханым ровам аглушалі наваколле, ад перагрэву кіпела вада ў радыятарах, пыл і пот сляпілі вочы байцоў. З самага ранку дацямна над імі вісела нямецкая авіяцыя, «юнкерсы» бясконца сыпалі на іх фугасныя бомбы, усё было закідана пяском, смярдзюча гарэлі цягачы, цэлыя аб’язджалі іх – калона не спыняла руху. Байцы са станін і трактароў бязладна лупілі ўгору з вінтовак, але карысці ад тае стральбы было мала. Яны нават не прымушалі самалёты падняцца вышэй, і тыя насіліся над дарогай, ледзь не кранаючы верхавіны прысадаў. Сотнікаў сядзеў на галаўным трактары і як збавення, як самага вялікага шчасця чакаў каманды збочыць з гэтай праклятай дарогі, развярнуцца і з ячэйкай кіравання выйсці насустрач немцам. Тады ўжо ён бы абрушыў на іхнія галовы такое, чаго ім і не снілася. Але не было каманды спыніцца, полк усё ехаў і ехаў, і кожныя дзве гадзіны над ім разгружаліся нахабныя «юнкерсы», ад якіх уся гэта наземная агнявая магутнасць была безабаронная.

Так настала апошняя ноч іхняга крывулістага блукання па заходнебеларускіх дарогах.

Полк быў ужо далёка не той, што ўпачатку, некалькі разлікаў загінула, у яго батарэі амаль прамым пападаннем пакарэжыла і скінула з дарожнага насыпу гармату. Праўда, тры аставаліся спраўныя, хіба што з падзёўбанымі шчытамі, з пасечанай гусмацікай колаў, з безліччу асколачных адмецін на ствалах і станінах. У другой гаўбіцы пацёк прабіты накатнік. Чацвёра забітых батарэйцы вязлі ў прычэпе на скрынках снарадаў, сямёра параненых адправілі ў тыл. Зрэшты, гэта былі не найбольшыя страты – іншым батарэям дасталася горш. Палкавая калона пакарацела ледзь не напалавіну, некалькі цэлых гармат асталося на дарозе: былі пашкоджаны трактары. Цяпер амаль усю ноч ехалі на ўсход, і гэта было кепскай прыкметай: камандзіры са штаба пагаворвалі пра акружэнне, яно і сапраўды падобна было на тое. Байцы не спалі чацвёра сутак, некаторыя, седзячы на станінах, крыху прыдрамалі пад ранак – ноч была самай спакойнай парой, калі б не гэтая няпэўнасць у абставінах, якая чорнаю плахай вісела над кожным. Перад світаннем ненадоўга спыніліся ў нейкай вёсачцы, насустрач ішлі пехацінцы; непадалёк, відаць было ўначы, запаленае авіяцыяй, нешта гарэла яркім, на паўнеба, полымем – пяхота казала, станцыя. Ніхто не тлумачыў нічога, але людзям неяк само сабой перадалося, што зусім блізка немцы. Неўзабаве камандзір палка маёр Парахневіч павярнуў калону на бакавую, абсаджаную вербамі дарогу. Паехалі кудысь на поўдзень. Ноччу было спакойней без авіяцыі, затое яны былі сляпыя і глухія – за ровам трактароў нічога не было чуваць, а ў летняй цемры не шмат што ўбачыш. На самым світанні Сотнікаў, не ўтрымаўшыся, трохі задрамаў на сядзенні, як раптам штось здорава грымнула на ўзбочыне. Ён тут жа прахапіўся, «Камсамолец» праваліўся правай гусеніцай, камбата абдало зямлёй і гарачаю хваляй выбуху. І тут пачалося.

Якраз світала, за вербамі добра сінеў край неба і шарэла аўсянае поле, а аднекуль спераду, з галавы калоны, іх пачалі расстрэльваць танкі. Не паспеў ён саскочыць з трактара, як побач загарэўся цягач трэцяй батарэі, намёртва села ў варонку гаўбіца. Праз перуны выбухаў ён скамандаваў развярнуцца ўправа і ўлева, але не так проста было вывернуцца з цяжкімі гарматамі на вузкай дарозе. Другі разлік вёртка кінуўся з дарогі ў авёс і тут жа атрымаў два снарады ў бок, гармата завалілася, задраўшы ўгору кола. Ранак асвяціўся полымем, прысады заслаў саляравы дым – танкі расстрэльвалі полк на дарозе.

Гэта было найгоршае, што магло здарыцца з імі: уся іх агнявая сіла прападала нявыкарыстанай. Зразумеўшы, што ім адведзены толькі секунды, Сотнікаў з байцамі як-колечы развярнуў апошнюю ўцалелую гармату проста на бруку і, не ўпёршы станін, ледзьве паспеўшы садраць чахол са ствала, паслаў цяжкі снарад у бок ворага. Спярша нельга было і згледзець, дзе тыя танкі; галаўныя ў калоне машыны гарэлі, уцалелыя байцы беглі назад, дым і пакарэжаныя трактары на дарозе не давалі прыцэліцца. Але неўзабаве між вербаў ён убачыў першы нямецкі танк, які пёр за канавай і, збочыўшы ствол гарматы, гахаў і гахаў стрэламі наўскасяк па калоне. Сотнікаў адштурхнуў наводчыка (гармата была ўжо зараджана), дрыготкімі рукамі давярнуў таўшчэзны гаўбічны ствол і ўрэшце злавіў гэтае яшчэ цьмянае ўранку страшыдла на перакрыжаванне панарамы.

Стрэл яго грымнуў, як удар грому, гармата здорава аддала назад, балюча ўдарыла панарамай у скулу, у доле з-пад незамацаваных сашнікоў пырснуў сноп іскраў ад бруку, адна станіна ўрэзалася сашніком у броўку канавы, другая асталася на дарозе. Праз пыл, узняты стрэлам, ён яшчэ не паспеў што згледзець, але пачуў, як радасна закрычаў наводчык, і зразумеў, што папаў. Ён тут жа зноў кінуўся да панарамы – амаль закрываючы сабой усё яе шкло, за дарогай сунуўся другі танк; камбат скіраваў гаўбічны ствол яму проста ў лоб – так блізка той здаваўся ў оптыцы, – крыкнуў: «Агонь!» Замковы зрэагаваў у час, стрэл зноў аглушыў, але гэты раз ён паспеў адхінуцца і за пылам ад стрэлу ўбачыў – тое, што за секунду да таго было танкам, хруснула, нібы шкарлупіна ад яйка, і ад нутранога магутнага выбуху буйнымі часткамі разляцелася ў бакі. Непаваротлівая, цяжкая, прызначаная для стральбы з тылу гаўбіца сваім магутным снарадам разнесла танк на кавалкі.

Неспадзявана іх ахапіў азарт баявой удачы. Ужо не зважаючы на страты, на забітых і параненых, што сплывалі крывёй на запыленым бруку, на агонь, што жор іхнюю тэхніку, на град куль адтуль, з танкаў, некалькі ўцалелых на дарозе гармат пачалі біць цяжкімі снарадамі па танках. Тым часам развіднела. Ужо стала відаць, куды цэліцца, некалькі пажараў джагалі агнём за дарогай – нямецкія машыны гарэлі.

Сотнікаў выпусціў дзесятак снарадаў і разнёс дашчэнту яшчэ два танкі. Але нейкае падсвядомае, надта абвостранае небяспекай адчуванне падказвала яму, што ўдача канчаецца, што адпушчаныя яму лёсам ці выпадкам секунды выкарыстаны цалкам, што наступныя другі ці трэці снарады адтуль будуць яго. Наперадзе жывых ужо, мабыць, не асталося нікога, апошнім прыплёўся адтуль і паваліўся, абліваючы крывёй станіну, камандзір палка, побач у канаве бахалі з карабінаў некалькі байцоў – цэлілі ў танкавыя шчыліны. Ля снарадных скрынак уткнуўся галавой у зямлю зараджаючы Золатаў, ззаду цэлы астаўся адзін толькі правільны Губайдулін; камбат крыкнуў яму зараджаць, але той, ці аглушаны, ці надта спалоханы, толькі ціснуўся спіной да станіны і невідушча глядзеў на яго. Тады Сотнікаў кінуўся да скрынкі са снарадамі сам, але яшчэ не дапоўз да яе, як ззаду ашалела грымнула. Ён тыцнуўся тварам у зямлю, дол рэзка падскочыў, дарога і зямля сталі дыбам, на некалькі доўгіх секунд чорнае покрыва заслала ад яго свет. Ён задыхнуўся ад пылу і зямлі, якой забіла яму нос і рот; адчуўшы краёчкам свядомасці, што жывы, тут жа тузануўся з долу і пад градам земляное трухі, якая абрынула зверху, вертануўся да панарамы. Але яго гаўбіца ўжо скасабочылася на краі глыбокай рытвіны, ствол вывернула ўбок, смуродна гарэла гумовае кола. І ён зразумеў, што гэта – усё. Ён не ведаў яшчэ, ці сам цэлы, ён толькі адчуваў, што аглух, выбухі ў ягоных вушах адгарадзіла шчыльнай сцяной, іншыя гукі ўсе разам зніклі, у галаве шыпела і гуло. З носа ішла кроў, ён размазаў яе па твары і кульнуўся з дарогі ў канаву: насупраць за вербамі ішоў, мусіць, той самы танк, што падбіў яго. На ветры хутка мільгалі рваныя чорныя космы дыму ад ахопленага полымем трактара, тлуста смярдзела саляркай і трацілам ад выбухаў, побач тлела гімнасцёрка на плячы ўжо нежывога камандзіра палка. Збянтэжаны нечаканасцю, збіты з панталыку разгромам, Сотнікаў хвіліну нібы не разумеў, што адбылося, не мог паверыць, што гэта не сон. Трываючы дым, які еў вочы, ён толькі глядзеў, як ішлі па той бок нямецкія танкі, ужо добра відаць былі на іхніх бартах лічбы і чорна-белыя, выбітыя па трафарэту крыжы. Свайго жыцця яму было не шкада, ён толькі не ведаў, што рабіць далей. І тады нехта тузануў яго за рукаў. Ён павярнуў голаў і ўбачыў запэцканы сажай і крывёй твар Конкіна, які нешта крычаў яму і паказваў рукой у тыл, дзе, прыгнуўшыся, перабягалі байцы.

Па канаве яны пабеглі за ўсімі.

3

Рыбак абышоў мысок хмызняку і спыніўся. У прыцьмелай шэрасці начной прасторы на касагорыне відаць сталі крайнія будыніны вёсачкі. Як яна выглядае адсюль, Рыбак ужо забыўся: у пачатку восені яны праходзілі непадалёк па дарозе, але ў самую вёску не завіталі. Зрэшты, тое цяпер было няважна – важней было вызначыць, ці ціха там у гэтую ноч, каб не напароцца на немцаў або паліцаяў.

Стоячы на краі хмызу, ён хвіліну ўглядаўся-ўслухоўваўся, ды нічога падазронага быццам не было чуваць. Даляцела некалькі няпэўных уночы гукаў, па-ранейшаму пругка і настойліва дзьмуў вецер, ціха пасвістваў побач у мёрзлым галлі, пахла дымам – недзе, мусіць, палілі. Тым часам падышоў Сотнікаў і таксама спыніўся, услухаўся.

– Ну, што?

– Здаецца, ціха. Пайшлі памалу.

Вядома, было б карацей скіраваць да крайняй у гэтай вёсцы хаціны, што вунь стаяла, уросшы па самую страху ў снег, з прыстаўленым да яе жардзём, – там пачыналася вуліца. Але менавіта таму Рыбак і прамінуў крайнюю – калі што, ля яе заўжды рызыкуеш напароцца на непрыемнасць; у канцы вуліцы звычайна канчае свой маршрут вартаўнік ці патруль, наладжваюць засаду паліцаі. І ён узяў па снезе ўбок, уздоўж плота па лагчынцы, беручы кірунак да недалёкіх будынін наводшыбе (мабыць, гумнаў), што цесненька стоўпіліся ўнізе. Там, за растрэсканым вуглом пунькі ці тока з прадранай страхой, яшчэ пастаяў, паслухаў і з аглядкаю падаўся на прыгуменне. Наўсцяж ад гумна было рукой падаць да нізенькай і нейкай адзінокай пры хлеўчуку хацінкі; на снезе да яе нават аказалася цвёрдая сцежка; ён зрабіў па ёй са два крокі і тут жа саступіў убок – дужа рыпела пад ботамі. За ім таксама саступіў Сотнікаў, і яны абапал сцежкі пайшлі па снезе да хаты.

У той час да іх слыху даляцеў стук – хтось нібыта сек дровы, але рабіў гэта неяк вяла, нібы знясілеўшы ці з роздумам. Рыбак трошкі парадаваўся: калі сякуць дровы, то, мусіць, у вёсцы чужых няма. Да таго ж – не трэба стукаць, прасіцца ў хату: што трэба, можна разведаць у дрывасека. Праўда, ён тут жа падумаў, што неасцярожнасцю можна здаля напалохаць чалавека, тады ты яго ўжо не выцягнеш з хаты. Маючы гэта ў думках, ён як мага цішэй абышоў хляўчук, перажаргнуў кінутыя ў снезе жардзіны, паціху выйшаў з-за вугла на падворак.

У полі на снезе было святлей і відаць далей, а тут, у цемнаватым мроіве двара, ён не адразу зразумеў, што перад ім на дрывотні жанчына. Цяпер яна ўжо не секла, а нешта калупалася там, ціха і зласнавата мармычучы сама сабе. Пачуўшы іх крокі, жанчына страпянулася, кінула сякеру і аж войкнула.

– Ціха, мамаша!

Яна стаяла зусім разгубленая перад ім – нізенькая стараватая кабеціна ў хустцы – і не магла вымавіць слова. Рыбак асцярожліва зірнуў на дзверы ў хату, тыя былі зачынены, болей на двары быццам не было нікога. Зрэшты, ён не надта і баяўся і азіраў наваколле дзеля пэўнасці. Ён ужо зразумеў, што ў гэтай вёсцы спакойна; паліцаі, мабыць, заселі за самагонку, а немцы наўрад ці тут паяўляліся.

– Ах, Божухна, напалохалася я. Ай, Госпадзі...

– Ладна, будзе хрысціцца. Паліцаяў у вёсцы многа?

– А няма паліцыянтаў. Быў адзін, ды ў мястэчка перабраўся.

– Так. – Рыбак прайшоўся па панадворку, выглянуў з-за рога. – Вёска як завецца?

– Лясіны. Лясіны вёска, – поўная ўвагі і яшчэ не апамятаўшыся ад утрапення, казала цётка. Сякера яе глыбока сядзела ў сукаватым яловым палене, якое яна, відаць, марна старалася рассекчы папалам.

Рыбак адразу прыкінуў, што зусім няблага было б тут і атаварыцца: падыход – выхад харошыя, на дарозе гумно, лясок, яны някепска прыкрываюць ад чужога вока. Цікава толькі, чым можна пажывіцца на гэтай сядзібе?

– Хто яшчэ дома ёсць?

– Дык адна ж я, – хуценька сказала цётка.

– І больш нікога?

– Анягож. Адна і жыву, – жалліва сказала кабета, усё надта пільна сочачы за яго рухамі – сілілася адгадаць таемную мэту начнога з’яўлення гасцей.

Рыбака, аднак, гэта мала цікавіла і мала кранала – і яе жалобна-жаласлівы тон і тое, што яна адна. Ён ужо ведаў гэты вяскова-жаночы звычай – разжаліць яго было цяжка. Ён вывучаў абставіны на падворку – убачыў расчыненыя вароты ў хляўчук і зазірнуў у яго глухі, поўны гнойнага паху змрок.

– Што, пуста?

– Пуста, анягож, – з набалеласцю пацвердзіла кабета, не адыходзячы ад сякеры. – Забралі ўсё чыста.

– Хто забраў?

– Ведама ж хто. Як у чырвонаармейскай мацеры. Каб ім падавіцца.

Калі жанчына кляне – значыць, можна паверыць. Рыбак ціха крэкнуў: напаў, ды не на тое, прыйдзецца шукаць дзе яшчэ. Вядома, мусіць, можна б сёе-тое знайсці і ў гэтай бедалагі (курыцу там ці парася), але не да ніткі ж абіраць яе, і без таго ўжо абрабаваную немцамі.

Сотнікаў, ссутуліўшыся, маркотна чакаў пад сцяной, а Рыбак павярнуўся да цёткі.

– Што, рассеч не можаш?

Жанчына ўраз здагадалася, што ён паможа, і, узрадаваўшыся мужчынскай сіле, скінула з сябе насцярожаную панурасць.

– Ды во, каб яго трасца, забіла – не выдзеру. Звечара б’юся – ні туды ні сюды.

– Ану, дай!

Рыбак закінуў за спіну карабін і аберуч узяўся за гладкае сухое тапарышча. Хэкнуўшы, хлёстка выцяў палена аб калоду, пасля яшчэ. Біў трапна, з прыемнасцю і знаёмым спрытам, адчуваючы сілу ў руках і звыклую з юнацкае пары хватку, калі во гэтаксама зімовымі вечарамі сек з бацькам ці адзін дровы. Пілаваць не любіў, а сеч заўжды быў гатовы з прыемнасцю, выяўляючы ўсю сваю зухаватасць у гэтай спрадвечнай мужчынскай працы.

На чацвёртым удары палена развалілася, крыва абышоўшы сук. Ён пашчапаў яшчэ і палавінкі і паклаў тапор.

– От дзякуй, сынок! Хай табе Бог дае здароўечка, – лагодна дзякавала цётка.

– Дзякуем не аддзелаешся, маць. Харчы якія-небудзь маеш?

– Харчы? Якія ж харчы? Бульбачка ёсць. Дробненькая, праўда. Калі што – заходзьце, звару заціркі.

– Гэта што! Нам з сабой трэба. Скацініну якую.