10891.fb2 Выбранае - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 30

Выбранае - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 30

– Га! Каб жа яна была.

– А там хто жыве? – Рыбак паказаў рукой цераз гарод, дзе за плотам бялела снежная страха суседняй будыніны. Здаецца, там палілі ў печы – вецер гнаў на падворак пах дыму.

– А там Пётра Качан. Ён старастам цяпер тут, – прастадушна паведаміла цётка.

– Тутэйшы стараста? Ты чуеш? – звярнуўся Рыбак да таварыша, які цярпліва стаяў пад сцяной.

– Анягож, паставілі старастам.

– Нягоднік, га?

– Не сказаць каб. Свой жа чалавек.

Рыбак, секунду разважыўшы, рашыў:

– Ладна, пайшлі да старасты. Ужо ён багацейшы, напэўна.

Яны не сталі шукаць сцежкі, проста падлезлі пад жардзіну ў плоце, перайшлі гарод і, азірнуўшы стары паркан, праз дзірку ў ім вылезлі на старастаў падворак.

Утулку тут было болей, адчуваўся парадак і гаспадарскі спрыт: з трох бакоў двор абступілі будынкі – хата, хлеў, нейкая лёгкая паветка; у двары пры баку стаялі сані з рэштаю сена ў рэзгінах – пэўнае сведчанне таго, што гаспадар дома. Пад сцяной хлеўчука святлеў ладны штабялёк нарыхтаваных – нарэзаных і пашчапаных – дроў.

Калі яны яшчэ ішлі цераз гарод, Рыбак сваім спрактыкаваным вокам убачыў, што ў хаце гарыць святло – з верхніх шыб замёрзлых акенцаў цьмяна выбіваўся агеньчык газнічкі. Тым лепш, падумаў Рыбак і ціхенька ступіў на рыпучы ганак.

Ён не стукаў, дзверы былі не запёртыя, управіцца з імі яму, колішняму вясковаму жыхару, было звыкла і проста: павярнуў закрутку, і дзверы, трошкі рыпнуўшы, расчыніліся. Пакінуўшы іх так, ён прайшоў у цёмныя сенцы, поўныя знаёмых і паўзабытых сялянскіх пахаў, асцярожна павёў рукой па сцяне. Пальцы натрапілі на нейкую злубянелую ад сцюжы адзежыну, потым на планку ў дзвярах. Намацаўшы сцюдзёную, напечаную марозам завесіну, ён зразумеў размяшчэнне дзвярэй і лёгка знайшоў аднолькавую ва ўсіх вёсках кавальскую штуковіну – клямку. І гэтыя дзверы былі не зашчэплены. Ён пераступіў высакаваты парог, перадаючы клямку ў зледзянелыя рукі Сотнікава.

На перакуленай сярод стала місцы міргала газнічка, агеньчык яе тужліва закалаціўся ад марознага паветра. Стараваты, з каротка пастрыжанай сівой барадой чалавек, які, аблёгшы на стол, сядзеў за газнічкай у накінутым на плечы кажушку, узняў голаў. На яго старэчым, хоць і даволі яшчэ цвёрдым, твары коратка бліснуў сцюдзёны позірк, які адзін толькі і сведчыў пра тое, што ён убачыў захожых. Тут жа, аднак, вочы яго і патухлі пад асаджанымі на іх бровамі.

– Добры вечар у хату, – са стрыманай ветлівасцю павітаўся Рыбак.

Вядома, можна б і без гэтых вітанак з нямецкім прыслужнікам, але Рыбак хацеў развеяць напружанасць першай сустрэчы. Стары, аднак, не адказаў і не ўстаў з-за стала, толькі паглядзеў на іх з быццам нават нездаволенасцю на сівым твары.

Ззаду ўсё валіў холад – Сотнікаў няўмела бразгаў дзвярыма, якія не зачыняліся. Рыбак вярнуўся і са звыклым стукам зачыніў дзверы. Гаспадар нарэшце выпрастаўся за сталом, не мяняючы, аднак, спакойнага выразу твару, – нібы ён і не здагадваўся, хто гэта, такія познія госці.

– Ты будзеш стараста? – афіцыйна запытаў Рыбак, валюхаста тупаючы ад дзвярэй да стала. У намёрзлых трафейных ботах было трохі коўзка, і ён стрымліваў свой крок на падлозе.

Стары загарнуў таўшчэзную кніжку, якую перад тым, мабыць, чытаў ля газнічкі.

– Стараста, ну, – сказаў ён роўным, без ценю пагарды або ліслівасці голасам.

У той час у запеччы штось шаснула, тупнула, і з-за шырмачкі, папраўляючы на галаве хусцінку, з’явілася не надта старая, бялявая з твару і, відаць па ўсім, рухавая кабета – мусіць, гаспадыня гэтае хаты. Рыбак зняў з пляча і прыставіў да ботаў вінтоўку.

– Ведаеш, хто мы?

Стараста паварушыўся за сталом, нацягнуў на плечы кажух.

– Здагадваюся. Але калі па гарэлку, дык няма. Усю забралі.

Рыбак усмешыста зірнуў на Сотнікава: стары смоўж, ці не прымае ён іх за паліцаяў? Зрэшты, так, можа, і лепей: справа, што прывяла іх сюды, гонару партызанам не прыбавіць. Захоўваючы, аднак, спакойную самавітасць, Рыбак сказаў:

– Што ж, абыдземся без гарэлкі.

Стараста памаўчаў, нібы штось згадваючы, і пасунуў на край міску з газнічкай. На хаце стала відней.

– Калі так, сядайце.

– Ага, сядайце, сядайце, дзеткі, – узрадавалася запрашэнню гаспадара кабета. Яна ўхапіла ад стала ўслон і пасунула яго бліжай да грубкі, у якой, відаць было, дагаралі дровы. – Во тут цяплей будзе, мусіць жа, намерзліся. Мароз такі...

– Можна і сесці, – пагадзіўся Рыбак, але сам не сеў, кіўнуў Сотнікаву: – Сядай, грэйся.

Сотнікаў адразу апусціўся на ўслон і прыпёрся спіной да пашкрэбанага боку грубкі. Вінтоўку трымаў у руках, нібы апіраўся на яе, пілотку на галаве нават не паправіў – як была глыбока насунута на памарожаныя вушы, так і асталася. Рыбаку рабілася ўсё цяплей, ён расшпіліў на два гузікі свой кажушок і піхнуў з лоба шапку. Гаспадар меў незалежны, нібы нават абыякавы выгляд, а яго кабета, склаўшы на жываце рукі, насцярожана і трапятка сачыла за кожным іх рухам. «Баіцца», – падумаў Рыбак. Ён пратупаў сюды-туды па хаце, нібы незнарок зазірнуў у цёмны запечак і спыніўся ля чырвонай фанернай шафы, якая загароджвала ложак.

Гаспадыня зважліва саступіла ўбок.

– Там нікога, дзетка, нікога.

– Што, адны жывяце?

– Адны. Во з дзедам так і капцім свет, – тужліва адказала кабета. І раптам – не прапанавала, амаль запрасіла: – Можа б, вы паелі чаго? Можа ж, галодныя, га? Пэўне ж, са сцюжы, без гарачага...

Рыбак унутрана ўсміхнуўся і пацёр рукі.

– Можа, і з’ямо. Як ты думаеш? – знарок разважліва, бы з неахвотай звярнуўся ён да Сотнікава. – Падмацуемся, калі пані старасціха частуе.

– Во і добра. Я зараз! – узрадавалася кабета. – Капустачка, пэўна, цёплая яшчэ. І гэта... Можа, бульбачкі зварыць?

– Не, варыць не трэба. Няма калі, – рашуча вырашыў Рыбак і скоса, назіркам паглядзеў на старасту, які, аблёгшыся на стол, нерухома сядзеў у куце.

Над ім цьмелі пад ручнікамі тры старасвецкія абразы. Рыбак пратупаў ботамі да прасценка і спыніўся перад вялікаю зашклёнай рамай з фатаграфіямі. Ён знарок не пазіраў на старасту, але адчуваў, што той таксама спадцішка сочыць за ім.

– Значыць, немцам служыш?

– Прыходзіцца, – уздыхнуў стары. – Што ж зробіш?

– І многа плоцяць?

Пытанне было знарок з’едлівае, але і на яго гэты дзед адказаў роўна і з годнасцю:

– Не пытаўся і знаць не хачу. Сваім абыдуся.

«Ганарлівы, аднак, – падумаў Рыбак. – З характарам».

У бярозавай раме на сцяне сярод паўтузіна розных фота ён выглядзеў маладога, чымсь падобнага да гэтага дзеда, хлопца ў гімнасцёрцы з артылерыйскімі эмблемамі ў пятліцах і трыма значкамі на грудзях. Было ў яго поглядзе нешта грунтоўна-спаважнае, упэўненае і ў той жа час па-маладому наіўнае.

– Хто гэта? Сын, можа?

– Сын, сын, Толік наш, – ласкава пацвердзіла гаспадыня. Цераз плячо Рыбака яна таксама зазірнула на фота, трымаючы ў руках міску.

– А цяпер дзе ён? Не ў паліцыі часам?