10891.fb2 Выбранае - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 36

Выбранае - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 36

– Папытаем... А ты, гэта, патрывай. Пасля, можа, пераправім куды.

– Ладна, нічога, – знарок бадзёрым голасам заспакоіў яго Сотнікаў.

– І не турбуйся, я дамоўлюся. Накажу, каб глядзелі, і наогул...

Сотнікаў змоўчаў. Увогуле ўсё было лагічна і, бадай, правільна, тым не менш штосьці крыўдлівае варухнулася ў яго душы. Праўда, ён тут жа адчуў, што гэта – ягоная слабасць, можа, ад ператомы і знерваванасці. Чаго было крыўдаваць? Адносіны іх самыя раўнапраўныя, ніхто нікому не абавязаны. І так, дзякуй Богу, Рыбак зрабіў усё, што толькі было магчыма. Можна сказаць, уратаваў у самых безнадзейных абставінах, і цяпер настаў час развязаць яму рукі.

– Што ж, тады пайшлі. Пакуль нікога няма.

Сотнікаў першы спрабаваў падняцца, але толькі варухнуў параненай нагой, як тая люта забалела, і ён прутка выцягнуўся на снезе. Усё ж неяк стрываў боль, сцяў зубы і, апіраючыся на хваіну, падняўся.

Ускрайкам могілак пад навіссю галін яны сышлі з пагорачка. Непадалёк трапілася добра ўтаптаная сцяжына, яна прывяла іх на голы, нічым не агароджаны падворак. Гэта была даволі вялікая, але старая хаціна з замазанымі глінай вугламі, выбітым і заткнутым нейкай зрабнінай акенцам. У счарнелым прабоі на дзвярах сапраўды тырчала наспех уваткнутая трэска – мабыць, нехта непадалёк выйшаў, і дома нікога не асталося. Сотнікаў падумаў, што так, можа, і лепш: абыдзецца без роспытаў і тлумачэння.

Рыбак выняў трэску, прапусціў у сенцы Сотнікава, дзверы ціха прычыніў знутры. У сенцах было цемнавата, пад сцяной стаялі нейкія кублы, вялікая, акутая ржавымі жалезнымі палосамі скрыня, а ў куце відаць былі жорны. Сотнікаў не раз ужо бачыў гэтую несамавітую вясковую прыладу малоць збожжа: два круглыя камяні ў скрынцы і прымацаваная недзе ўверсе палка-круцёлка. Маленькае, заплеценае павуціннем акенца ў сцяне дало ім згледзець дзверы ў хату.

Трымаючыся за сцяну, Сотнікаў як-колечы дабраўся да гэтых дзвярэй, з дапамогай Рыбака пералез высокі парог. Хата сустрэла іх затхлаю сумессю пахаў і – цеплынёй. Ён хапіўся рукой за абшкрэбаны бок печы – тая была свежанапаленая, і ў яго цела шыбанула такая асалода, што ён ажно застагнаў, мусіць, першы раз не стрымліваючы сябе за ўсю гэту жахлівую ноч. Знясілена і няспрытна ён апусціўся на ўслончык пры печы, ледзь не паваліўшы нейкія чыгункі на падлозе. Пакуль ён уладкоўваў параненую нагу, Рыбак зазірнуў за дыван-занавеску ў хату, дзе разы два насцярожана рыпнуў ложак. Сотнікаў напяўся, навастрыў слых – зараз павінна было вырашыцца самае для іх важнае.

– Вы адны тут? – цвёрдым голасам запытаў Рыбак у дзвярах.

– Ну.

– А бацька дзе?

– Дык нетуці, – пачуўся дзіцячы голас.

– А матка?

– Матка ў дзядзькі Амялляна малоціць. На хлеб зарабляе. Нас жа чацвёра едакоў, а яна адна.

– Ого, як ты разбіраешся! А то едакі спяць? Ладна, хай спяць, – сцішыў голас Рыбак. – Ты чым пакарміць нас знойдзеш?

– А бульбу мамка ўранку варыла, – ахвотна азвалася малое.

Зараз жа там аб падлогу тупнулі босыя ногі, і з-за шырмачкі з’явілася гадоў дзесяці дзяўчынка ў даўгаватай паркалёвай сукенцы. Яна коратка зыркнула на Сотнікава жвавымі чорнымі вачанятамі, але не спалохалася, на цыпачках звыкла пацягнулася ў чалеснік і забразгала засланкай. Каб не замінаць ёй, Сотнікаў крыху пасунуў убок сваю бедалагу-нагу.

Пад акном стаяў стол, ля стала была лаўка з алюмініевай міскаю, дзяўчынка пераставіла міску на канец стала і вытрасла ў яе з чыгунка бульбу. Рухі яе маленькіх рук былі натужлівыя і не надта спрытныя, хоць і старанныя; бачна было – яна са шчырасцю хацела дагадзіць людзям: дастала лыжкі, шмыганула некуды ў цемнаваты кут і паставіла на стол яшчэ і талерку з вялікімі зморшчанымі агуркамі. Пасля адступіла да печы, з цікавасцю пазіраючы на маўклівых, узброеных, аброслых шчэццю, мусіць, страшнаватых, але, безумоўна, цікавых для яе дзядзькоў.

– Ну, давай падрубаем, – падаўся да стала Рыбак.

Сотнікаў яшчэ не адагрэўся, накалелае цела яго дробна трэслася, але ад бульбы на стале струменіла лёгкая пара, і ён памкнуўся з услона. Рыбак памог яму перабрацца на лаўку, уладкаваў на ёй параненую нагу. Так было лепей. Ён узяў цёплую, падгарэлую з аднаго боку бульбіну і прываліўся плячыма да беленых бёрнаў сцяны. Дзяўчынка з ранейшай спаважнасцю стаяла ў дзвярах, церабіла край шырмачкі, не зводзячы з дзядзькоў свайго зыркага позірку.

– А хлеба няма? – запытаў Рыбак.

– Дык учора Лёнік усё з’еў. Як мамку ждалі.

Рыбак неспяшліва дастаў з-за пазухі старастаў акраец і адламаў ад яго кавалак, потым адламаў яшчэ і моўчкі працягнуў дзяўчынцы. Тая далікатна ўзяла хлеб, але есці не стала – занесла кудысь за перагародку і вярнулася.

– І даўно матка малоціць? – запытаў Рыбак.

– Ад пазаўчора. Яна яшчэ тыдзень малаціць будзе.

– Панятна. Ты – старшая?

– Ага, я большая. Каця з Лёнікам малыя, а мне ўжо дзевяць гадоў.

– Многа. А немцаў у вас няма?

– Раз прыязджалі. Як мы з мамкай да цёткі Галены хадзілі. У нас падсвінка рабога ўзялі. На машыне павезлі.

Толькі Сотнікаў з’еў са дзве бульбіны, як прычапіўся кашаль. Хвіліну ён так біў яго, што аж выпінала ўсё з грудзей. Калі трохі палягчэла, стала ўжо не да бульбы – ён выпіў паўкварты вады і заплюшчыў вочы. У галаве хмельна кружылася, цела калаціла дрыжака. У адчуваннях нешта плыло, гойдалася, хваравітая знямога звабліва клікала туды, дзе забыццё і нябыт. Ён намагаўся асіліць яе, унутрана супраціўляўся, але адчуваў, што сілы яго хопіць ненадоўга. У завалочанай туманам хваравітай свядомасці хутка адплывалі ўдалячынь рэшткі тутэйшай явы, з якой хвіліну яшчэ гучалі пераблытаныя галасы Рыбака і дзяўчынкі.

– А маці тваю як зваць? – хрупаючы гурком, пытаўся Рыбак.

– Дзёмчыха.

– Ага. Значыць, ваш татка Дзёмка?

– Ну. А яшчэ Аўгіння мамку завуць.

Чутно было, Рыбак пацягнуўся за сталом, мусіць, каб узяць новую бульбіну, затупаў на падлозе ботамі. Размова на які час замоўкла, але потым азваўся цішэйшы, з прытоенай цікаўнасцю голас дзяўчынкі:

– Дзядзька, а вы парцізаны?

– А табе нашто ведаць? Малая яшчэ.

– А вот ведаю, што парцізаны.

– Ведаеш, дык маўчы.

– А таго дзядзьку, мусіць, ранілі? Ага?

– Ранілі ці не – аб тым ні гу-гу. Паняла?

Дзяўчынка памаўчала, Рыбак гучна хрупаў гурок.

– Я па мамку збегаю, добра?

– Сядзі і не рыпайся. А то яшчэ наклічаш якую халеру.

– ...Халера на іх! Людзі мы ці...

– Былі людзі...

Але гэта ўжо не цяперашняе – гэта голас з мінулага. Свядомасць яго яшчэ спраўляецца адзначыць амаль няўлоўны пераход у забыццё, і далей ужо Сотнікаў бачыць таго незнаёмага, параненага ў нагу лейтэнанта, які ледзьве шкандыбае ў калоне, апіраючыся на плячо таварыша. У лейтэнанта яшчэ забінтавана галава. Бінт стары, брудны, са счарнелаю карыной крыві над скроняю; ссохлыя вусны і нядобры ліхаманкавы бляск у счырванелых вачах надаюць яго схуднеламу твару нейкі напаўвар’яцкі выгляд. Ад параненае яго нагі ідзе гэткі смурод, што Сотнікава ажно блажыць; саладкаваты пах гнілі атручвае паветра. Іх гоняць калонай у лес – рэдзенькі саснячок пры дарозе, пад нагамі перасыпаецца белы пясок з ігліцай, няшчадна пячэ паўдзённае сонца. Конныя і пешыя немцы ідуць абапал калоны.

Кажуць, гоняць расстрэльваць.

Яно падобна на праўду – тут тыя, каго адабралі з усёй тысячнай масы ў шталагу: палітработнікі, камуністы, жыды і розныя іншыя, што выклікалі чымсь падазрэнне ў немцаў. Сотнікава паставілі сюды за няўдалыя ўцёкі. Мусіць, там, на пясчаных пагорках, у хвойнічку іх і расстраляюць, яны ўжо адчуваюць гэта па тым, як, збочыўшы з дарогі, сабраліся, гучней загаркалі іх канваіры – пачалі збіваць у адзін гурт калону. На пагорках, бачна было, стаялі і яшчэ салдаты, мабыць, чакалі, каб арганізавана зрабіць сваю справу. Але, відаць, здараюцца непаладкі і ў немцаў. Калона яшчэ не дайшла да пагоркаў, як канваіры нешта загергеталі з тымі, што былі на лясным ускрайку, спыніліся і падалі каманду ўсім сесці на дол – як гэта звычайна рабілі, калі трэба было затрымаць калону. Палонныя паселі – цесненька, як і ішлі, на спякоце – і пад рулямі стрэльбаў сталі чагосьці чакаць.