10891.fb2 Выбранае - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

Выбранае - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 4

I вось праз якіх пару тыдняў выклікаюць мяне да пракурора раёна. Што яшчэ, думаю, за ліха, не любіў я гэтых законнікаў, ад іх заўжды чакай непрыемнасцяў. Прыходжу, там сядзіць нейкі дзядзька ў кажусе, і пракурор — таварыш Сівак — строга гэтак загадвае мне ехаць у Сяльцо і адабраць у грамадзяніна Мароза сына гэтага вось грамадзяніна Міклашэвіча. Я паспрабаваў пярэчыць, ды наткнуўся на адзін аргумент, якім заўжды, бы даўбнёй, біў пракурор: закон! Ладна, думаю, закон дык закон. Селі ў міліцэйскі вазок і з участковым і селянінам пакацілі ў Сяльцо.

Прыехалі пад канец заняткаў, выклікалі Мароза, узяліся яму тлумачыць, у чым справа: пракурор загадаў, на баку грамадзяніна Міклашэвіча закон, трэба вярнуць хлопца. Мароз выслухаў усё моўчкі, паклікаў Паўла. Той убачыў бацьку, сцяўся, як звярок які, блізка не падыходзіць. А тут уся дзятва за дзвярыма, апранулася, а дамоў не ідзе, чакае, што будзе. Мароз і кажа Паўліку: так і таж, маўляў, пойдзеш дамоў да бацькі. Так трэба. А той ні з месца. «Не пайду,— кажа.— Я ў вас жыць хачу». Ну, Мароз няўмела так, вядома няшчыра, тлумачыць, што жыць у яго больш нельга, што па закону сын павінен жыць з бацькам і ў даным выпадку з мачахай (маці перад тым памерла, бацька ажаніўся з другой, ну і ўсчаліся там нелады з хлопцам — вядомая справа). Ледзь угаварыў хлопца. Той, праўда, заплакаў, але апрануў свой пінжачок, сабраўся ў дарогу.

I вось карціна як сёння стаіць перад вачыма, хоць мінула ўжо... Колькі ж гэта? Мусіць, трыццаць гадоў. Мы стаім на верандзе, дзеці тоўпяцца ў двары, а старшы Міклашэвіч у доўгім чырвоным кажуху вядзе па алейцы да шашы Паўліка.

Атмасфера напружаная, дзятва на нас не пазірае, міліцыянер маўчыць. Мароз проста скамянеў тварам,. Тыя двое адышліся далекавата, так па алейцы, і тут, бачым, спыняюцца, бацька тузае за руку сына, той пачынае вырывацца, але, вядома, не вырвецца. Тады Міклашэвіч знімае аднарўч папругу і пачынае лупіць сына. Не дачакаўся нават, пакуль з чужых вачэй сыдуць. Паўлік ірвецца, плача, дзятва ў двары загаманіла, некаторыя павяртаюцца ў наш бок, у вачах папрок — чагось чакаюць ад свайго настаўніка. I што думаеце? Мароз рангам як сарвецца з веранды, кульгаючы, цераз двор — туды. «Стойце! — крычыць.— Спыніцеся біць!»

Міклашэвіч і праўда спыніўся, перастаў біць, сапе, зверам пазірае на настаўніка, а той падыходзіць, вырывае Паўлаву руку з бацькавых рук і кажа так з дрыготкаю ў голасе: «Вы ў мяне яго не атрымаеце! Зразумела?» Міклашэвіч раз'ятраны — да настаўніка, але і Мароз, не глядзі што калека, таксама грудзі наперад і гатовы ў бойку. Ну, тут ужо мы падаспелі, разнялі, не далі пабіцца.

Разняць-то разнялі, а далей што? Паўлік уцёк у школу, бацька лаецца і грозіцца, я маўчу. Міліцыянер чакае. Ён што, ён выканаўчая ўлада. Ну але неяк уціхамірылі мы абодвух. Міклашэвіч пайшоў на шашу, а мы ўтрох асталіся — што рабіць? Тым болей што Мароз адразу ж аб'явіў з уласцівай яму катэгарычнасцю: такому бацьку хлопца не аддам.

Вярнуліся мы з міліцыянерам у раён ні з чым, загад пракурорскі не выканалі. Перадалі ўсю гэтую справу на выканком, назначылі камісію, а бацька тым часам падаў у суд. Да, было клопату і непрыемнасцяў яму і мне — хапіла абодвум. Але Мароз усё ж дабіўся свайго: камісія рашыла перадаць хлопца ў дзетдом. Праўда, з выкананнем гэтага саламонавага рашэння Мароз не спяшаўся і ў тым меў рацыю.

Тут яшчэ трэба ўспомніць пра адну акалічнасць. Справа ў тым, што, як я ўжо гаварыў, школы ствараліся нанова, усяго не хапала. Кожны дзень у раён прыязджалі з вёсак настаўнікі, скардзіліся на ўмовы, прасілі то парты, то дошкі, то дровы, то газу, то паперу і, вядома, падручнікі. Падручнікаў не хапала, мала было бібліятэк. А чыталі здорава, чыталі ўсе: школьнікі, настаўнікі, моладзь. Кнігі даставалі дзе толькі можна было. Мароз, калі прыязджаў у мястэчка, найбольш падступаў да мяне з просьбай: трэба кніжкі. Штокольвечы я, вядома, яму даваў, калі прывозілі, але, зразумела, не шмат. Ды, прызнацца, думаў: школка малая, нашто яму там вялікая бібліятэка? Тады ён узяўся здабываць кніжкі сам.

Кіламетры за тры ад раённага мястэчка, калі ты ведаеш, ёсць такая вёска Княжава. Вёска звычайная, нічога там княжацкага няма, але тады непадалёк быў панскі маёнтак, у вайну пры немцах згарэў. А пры паляках там жыў нейкі багаты пан, пасля яго засталася вялікая бібліятэка. Я там быў неяк, глядзеў,— здаецца, нічога здатнага. Кніг многа, новыя і старыя, але ўсе на польскай ды на французскай мовах. I вось гэты Мароз упрасіў дазволу з'ездзіць туды адабраць што-небудзь для школы.

I ведаеш, яму пашэнціла. Недзе, на гарышчы, здаецца, адкапаў сундук з рускімі кніжкамі, і сярод усяго не дужа вартаснага — розных там гадавых камплектаў «Нивы», «Мира божьего», «Огонька» — аказаўся эбор твораў Талстога. Мне ён пра тэта не сказаў нічога, у першы выхадны ўзяў у Сяльцы фурманку, вучня, таго пераростка, што пілаваў з ім дрэва,— і зноў у Княжава. Але справа такая: пачалася вясна, дарога раскісла, як на тую бяду паламаўся мост, блізка пад'ехаць да сядзібы неяк. Тады ён пачаў насіць кніжкі цераз раку па лёдзе. Усё ішло добра, ды ў самым канцы, ужо ўпоцемку, праваліўся ля берага. ІІраўда, нічога страшнага тады не сталася, але намачыў ногі да каленяў і захварэў. Ды здорава захварэў — на цэлы месяц. Запаленне лёгкіх.

Мне сказаў пра тэта прыезджы дзядзька з Сяльца, і вось я ламлю галаву: як быць? Настаўнік хварэе, школу хоць закрывай. Пані Ядзя, памятаю, тады ўжо не працавала, выехала некуды, замены ніякай, во, мусіць, рабятам воля. Ведаю, трэба з'ездзіць туды, ды часу няма — сноўдаю па раёне, арганізую калгасы. I ўсё ж аднаго разу праездам завярнуў у тую алейку. Дай, думаю, праведаю Мароза, ці жывы хаця?

Заходжу у калідор — на вешалцы поўна адзення. Ну, думаю, слава богу, значыць, паправіўся, пэўна, ідуць заняткі. Адчыняю дзверы ў клас — стаяць штук дзесяць парт і — пуста. Што, думаю, за ліха, дзе ж дзеці? Прыслухаўся: недзе быццам размова, ціхая такая, складная, бы моліцца хто. Яшчэ прыслухаўся: зусім дзіва — чую маналог князя Андрэя над Аўстэрліцам. Ведаеш, гэты: «Где оно, это высокое небо, которого я не знал до сих пор и увидел нынче... И страдания этого я не знал также... Да, я ничего этого не знал до сих пор. Но где я?»

Мне таксама здалося: дзе я? Такога я не чуў ужо дзесяць год, а некалі, будучы студэнтам, гэты ўрывак таксама дэкламаваў на літаратурным вечары.

Ціхенька, вядома, адчыняю дзверы — у Марозавай бакоўцы поўна дзяцей — паселі хто дзе: на стале, на лаўках, на падаконніку і на падлозе. Сам Мароз ляжыць на сваёй канапцы, укрыты кажушком, і чытае. Чытае Талстога. I такая цішыня і ўвага, што муху чуваць. На мяне ніхто не звяртае ўвагі — не чуюць. I я стаю, не ведаю, што рабіць. Першае пачуццё: проста зачыніць дзверы ды ехаць назад.

Але усё ж успомніу, што я — начальства, загадчык райана і адказны за педпрацэс у раёне. Гэта добра — чытаць Талстога, але ж і праграму выконваць трэба. А калі ты ўжо можаш чытаць «Вайну і мір», дык, мусіць, і вучыць можаш? А то чаго ж вучням брысці за столькі кіламетраў у гэта Сяльцо?

Прыкладна так я і сказаў яму, калі мы адправілі вучняў і засталіся адны. А ён кажа, што ўсе тыя праграмы, усе тыя веды, што ён прапусціў з вучнямі за месяц хваробы, не варты дзвюх старонак Талстога. Я дазволіў сабе не пагадзіцца, і мы паспрачаліся.

Тую вясну Мароз вывучаў Талстога, сам перачытаў наскрозь усяго, многае прачытаў вучням. То была навука! Гэта цяпер, знаеш, любы студэнт ці нават старшакласнік, толькі завядзі з ім гаворку пра Талстога ці там Дастаеўскага, адразу табе выпаліць усе іх хібы, памылкі і абмежаванасці. Пра вартасці і значэнне трэба яшчэ дачытацца, а недахопы найперш у кожнага па палічках раскладзены. Наўрад ці хто ведае, на якой гары ляжаў паранены пад Аўстэрліцам князь Андрэй, а заблуджэнні Талстога ў кожнага напералік. А Мароз вось не раскладваў нічога па палічках — проста чытаў вучням і сам убіраў у сябе ўсё спрэс, душой убіраў. Чулая душа — яна выдатна сама разбярэцца, дзе добрае, а дзе так сабе. Добрае ўвойдзе ў яе, як свае, а так сабе — хутка забудзецца. Усё раздзеліцца, як на ветры зерне з мякінаю.

Цяпер я гэта зразумеў выдатна, а тады што ж... Быў малады ды яшчэ начальнік.

Звычайна ў хлапечай кампаніі знаходзіцца нехта адзін, старэйшы ці там разумнейшы, які сваім характерам ці аўтарытэтам хутка падначальвае сабе астатніх. У той школе, у Сяльцы, як мне пасля гаварыў і Міклашэвіч, такім хлопцам стаў іменна Коля Бародзіч. Калі ты памятаеш, яго прозвішча ішло першым на помніку, а цяпер стала другім пасля Мароза. I гэта правільна. Ва ўсёй гэтай гісторыі з мостам іменна Коля сыграў першую скрыпку. Трагічную, вядома, скрыпку. Але што ж...

Я бачыў яго некалькі разоў, заўжды ён быў поруч з Марозам. Плячысты такі, прыкметны юнак, упартага маўклівага характару. Мяркуючы па ўсім, вельмі любіў настаўніка. Проста быў адданы яму бязмежна. Праўда, я ніколі не чуў ад яго ніводнага слова — заўжды пазірае з-пад ілба і маўчыць, быццам злуецца за што. Было яму ў той час, мабыць, гадоў шаснаццаць, пры паляках, вядома, не дужа вучыўся, у Мароза хадзіў у чацвёрты клас. Да, яшчэ адна дэталь: у саракавым скончыў гэты чацвёрты, далей трэба было падавацца ў НСШ за шэсць кіламетраў у Будзілавічы. Дык ён не пайшоў. Папрасіўся ў Мароза хадзіць другі год у чацвёрты. Абы ў Сяльцо.

Мароз, апроч таго, што вучыў па праграме і наладжваў чыткі кніжак без праграмы, яшчэ займаўся і самадзейнасцю. Мастацкай, вядома. Ставілі, помню, «Паўлінку», нейкія п'ескі, дэкламавалі, спявалі, ну як звычайна. Ну і, вядома, былі ў іх антырэлігійныя нумары, байкі там пра папа і ксяндза. I вось гэтыя нумары, пэўна, камусь не спадабаліся, аб тым уведаў ксёндз у Скрылёве, які ў часе службы на нейкае свята зняважліва сказаў пра настаўніка з Сяльцоўскай школы. Як высветлілася потым, даволі подла абразіў яго за кульгавасць, быццам ён быў у тым вінен. Зрэшты, пра гэта даведаліся пасля. А перш: здарылася вось што.

Неяк аднаго разу сустракае мяне ў сталоўцы пракурор, усё той жа Сівак, кажа, каб зайшоў у пракуратуру. Я ўжо казаў, што страх як не любіў гэтых візітаў, але што ж, не адмовішся, мусіш ісці… I вось, аказваецца, у пракуратуру паступіла скарга ад скрылёўскага ксяндза на злодзея, які ўлез у святы храм і асквярніў алтар, ці як там у іх, католікаў, называецца гэта штуковіна. Нешта напісаў там.

Служкі аднак злавілі асквярніцеля, і ім аказаўся сяльцоўскі вучань Мікалай Бародзіч. Цяпер ксёндз і група прыхаджан звяртаюцца да ўлады з просьбай пакараць зламысніка і яго настаўнікаў.

Што тут рабіць — зноў разбірацца? Праз тыдзень у Сяльцо выязджае следчы, участковы, нехта з ксяндзоўскага начальства з Гродні. Бародзіч не адмаўляецца: так, хацеў адпомсціць ксяндзу. Але за каго і за што — не гаворыць. Яму кажуць: не прызнаешся па шчырасці — засудзяць, не паглядзяць, што малалетак. «Ну і хай,— кажа,— засудзяць».

I што ты думаеш, чым скончылася? Мароз усю віну ўзяў на сябе, давёў начальству, бьццам усё гэта вынік яго не зусім прадуманага выхавання. Ездзіў некуды ў цэнтр, хадайнічаў — і хлопца пакінулі ў спакоі. I ксяндзы адвязаліся. Ну ці трэба казаць, што пасля гэтага не толькі школьнікі з Сяльца, але і сяляне з усяе акругі сталі глядзець на Мароза, як на якога заступніка. Што ў каго было цяжкага ці незразумелага — усе да ято цягнуліся ў школу. Цэлы кансультацыйны пункт адкрыў па розных пытаннях. Але не толькі тлумачыў ці даваў парады, яшчэ і клопату хапала самаму. Кожную вольную хвіліну — то ў раён, то ў Гродна. Во па гэтай самай шашы — на фурманках ці выпадковых, не частых тады машынах, а то і пешкі. I гэта кульгавы чалавек з кійком. I не за грошы, не па абавязку — так проста. Па прызванню вясковага настаўніка.

Знайдзі цяпер такога настаўніка.

Відаць, мы пратупалі па гэтай шашы гадзіну, калі не больш. Стала зусім ужо цёмна. Зямля асела ў змрок, туман заснаваў нізіны, хвойны лес непадалёк ад дарогі зачарнеўся няроўным зубчастым грабянём на светлаватым закрайку неба, на якім адна за другой запальваліся нанач зоркі. Было ціха, не сцюдзёна, хутчэй свежавата і дужа прывольна на апусцелай увосень зямлі, трошкі пахла свежай раллёй з палёў, таксама пылам, нафтай і асфальтам. Я слухаў Ткачука і падсвядома ўбіраў у сябе ўрачыстую веліч ночы, неба, дзе над соннай зямлёй пачыналася сваё, незразумелае, вечнае і недасяжнае начное жыццё. На небасхіле збоч ад дарогі ўжо выразна і спакойна гарэлі сем зор Вялікай Мядзведзіцы, над імі мільгаў коўшык Малой з Палярнай у хвасце, а наперадзе, якраз над шашой, тоненька і востра бліскала зорка Рыгеля, нібыта штэмпель на ражку срабрыстага канверціка Арыёна. I мне міжвольна падумалася: якія ўсё ж нікчэмныя ў сваім ненатуральным прыгостве грэчаскія міфы, хоць бы во і пра гэтага прыгажуна Арыёна, каханага багіні Эос, якога забіла ад рэўнасці другая багіня, Арцяміда. Тым не менш оперна-балетная смерць гэта ўражвае і чаруе чалавецтва на працягу тысяч гадоў ягонай гісторыі. Мусіць бы, і ў наш час кожны згадзіўся на яго месцы на такую ягоную смерць і асабліва на яго касмічнае бяссмерце ў выглядзе гэтага туманістага сузор'я на краі зіхоткага начнога неба. На жаль, гэта недаступна нікому. Міфалагічныя смерці так мала падобны на нашы зямныя, як опера на само жыццё, хоць бы вось і ў тым самым Сяльцы, аб якім цяпер, нанова перажываючы ўсё, расказваў побач Ткачук.

— I тут — вайна.

Знаеш, колькі мы да яе ні рыхтаваліся, як ні мацавалі абарону, колькі ні чыталі і ні думалі пра яе, а абрушылася яна нечакана, як бура ў ясны дзень. Праз тры дні ад пачатку, якраз у сераду, тут ужо былі немцы. Мясцовыя каторыя, тутэйшыя сяляне — тыя ўжо, знаеш, прывыклі за свой век да частых мінтрэг: як-ніяк, пры адным пакаленні трэцяя змена ўлады. Прывыклі, нібы так і павінна быць. А мы — усходнікі. Гэта было такое няшчасце — ці ж мы думалі калі, што на трэці дзень акажамся пад немцам! Памятаю, прыйшоў загад арганізаваць знішчальны атрад, каб лавіць нямецкіх дыверсантаў і парашутыстаў. Я кінуўся збіраць настаўнікаў, аб'ездзіў шэсць школ, у абед на ровары прыкаціў у раён, а там пуста. Кажуць, толькі што пакідалі ў палутарку свае бэбахі і пакацілі на Мінск, шашу, маўляў, ужо перарэзалі немцы. Я спярша не паверыў. Калі немцы, дык павінны ж недзе адступаць нашы, ці што. А то нашых з пачатку вайны тут ніхто ніводнага салдата не бачыў. Але тыя, што казалі так, не падманвалі — пад вечар у мястэчка напраўду ўкаціла штук шэсць вяздзеходаў на гусеніцах, і ў іх паўнютка самых сапраўдных фрыцаў.

Я ды яшчэ тры хлопцы — двое настаўнікаў і інструктар з райкома — гародамі шмыганулі ў жыта, праз яго ў лес і падаліся на ўсход. Тры дні ішлі — без дарог, праз балоты ля Нёмана, некалькі разоў пападалі ў такія перадзелкі, што не пажадаеш злодзею, думалі — каюк. Настаўніка аднаго, Сашу Крупеню, параніла ў жывот — што рабіць? А дзе фронт — чорт ведае, не дагоніш, відаць. Ужо, кажуць, і Мінск пад немцам. Бачым, не пройдзем, папрападаем усе. Заставацца — а дзе? У чужых людзей не дужа спадручна, ды і як папросішся? Рашылі вяртацца назад, усё ж у сваім раёне хоць людзі знаёмыя. За паўтара года пёразнаёміліся з рознымі.

I тут, знаеш, аказалася, што кепска ўсё ж мы зналі гэтых людзей. Колькі было гаворак, сустрэч, нават і за чаркай сядзелі, здавалася, усе добрыя, харошыя, шчырыя людзі. А на справе аказалася трошкі не так. З раненым прывалакліся ў Стары Двор — хутары такія пры лесе, у баку ад дарог, немцаў быццам яшчэ і не было тут. Ну, думаю, самае месца пераседзець якіх пару тыдняў, пакуль нашыя турнуць немцаў. На болей тады не разлічвалі — што ты! Каб хто сказаў, што вайна на чатыры гады зацягнецца, яго б панікёрам або правакатарам палічылі. Крупеня тым часам ужо даходзіць, далей ісці нельга. I я ўспомніў, што ў Старым Двары ў мяне знаёмы, актывіст, граматны такі чалавек, Усолец Васіль. Некалі начаваў у яго пасля сходу, пагаварылі тады ўсмак, спадабаўся чалавек: разумны, гаспадарлівы. І жонка, маладжавая такая кабетка, гасцінная, чысценькая, не як некаторыя. Грыбкамі салёнымі частавала. У хаце кветак поўна — усё застолле імі застаўлена. Ну, дык мы позна ноччу і заявіліся да гэтага Усольца. Так і так, трэба памагчы, паранены і так далей. I што, думаеш, наш знаёмец? Выслухаў і на парог не пусціў. «Кончылася тут,— кажа,— ваша ўласць!» I так ляснуў дзвярыма, што з падстрэшша пасыпалася.

Прытуліла нас на тым часе простая такая цётка — трое дзяцей малых, старэйшы хлопчык глуханямы, муж у войску. Як даведалаея, што паранены (перад тым мы да другой сям'і ў крайнюю хату зайшлі), як дазналася, хто такая,— забрала ўсіх да сябе, бедалагу Крупеню абмыла, накарміла курыным булёнчыкам ды схавала пад снапамі ў пуньцы. I ўсё памятаю вохкала: можа ж і мой дзе, бедненькі, так мучыцца! Бо — любіла свайго бедненъкага, а, гэта, браце, заўжды нешта значыць. Ну, а Крупеня праз тыдзень памёр, не памог і курыны булёнчык: заражэнне пачалося. Цішком закапалі ноччу на краі могілак. Што рабіць далей? Пасядзелі яшчэ тыдзень у цёткі Ядвігі, і я пачаў намацваць сякіх-такіх партызан. Мусіць, думаю, павінны быць дзе нашыя. Не ўсе ж на ўсход паўцякалі. Без партызан ні адна вайна ў нас не абыходзілася — колькі аб тым кніжак напісана.

А знаеш, натрапіў-такі на групу акружэнцаў, чалавек трыццаць. Камандзір над усімі маёр Селязнёў, з кавалерыстаў, рашучы такі мужык, родам кубанскі, майстра вылаяцца ў сем паверхаў, накрычаць, нават прыстрэліць пад гарачую руку мог. А ўвогуле справядлівы. I што цікава: ніколі не ўгадаеш, як ён да цябе паставіцца, якім бокам. Толькі што гразіўся кулю ў лабаціну загнаць за ржавы затвор вінтоўкі, а праз гадзіну ўжо аб'яўляе табе падзяку за тое, што на пераходзе першы хату ўбачыў, дзе была магчымасць падсілкавацца. А пра затвор ён ужо і забыўся. Такі быў чалавек. Спярша ён мяне здзіўляў, пасля — нішто, прывык да гэтага яго кавалерыйскага нораву. У сорак другім пад Дзятлавам ішоў першым па сцежцы, за ім ад'ютант Сёма Царыкаў ды астатнія. I трэба ж— нейкі паліцай са страху пальнуў раз ад моста і прама камандзіру ў сэрца. Во табе і лес. У колькіх страшных баях удзельнічаў — і нічога. А тут адна за ўсю ноч куля і — у камандэіра.

Да, Селязнёў быў мужык асаблівы, але, знаеш, не без галавы. На ражон не пёр, як некаторыя. Заядлы болей на словах, а так нішто — думаў. Першыя пару месяцаў пасядзелі ў лесе, на Воўчых ямах — так мясціна тая называецца за Якімаўскай леснічоўкай. Пасля ўжо, у сорак трэцім, як мы перайшлі ў пушчу, там атабарылася Кіраўская брыгада. А тады, на пачатку, гэтыя ямы мы абжывалі. Здатнае, скажу табе месца: лес, балота, а там то пагоркі, то ямы, увалы — чорт нагу зломіць. Ну, пагрэліся крыху ў зямлянках, абвыкліся з лясным жыццём. Не ведаю, ці падказаў хто, ці маёр сам дайшоў, што вайна не на некалькі месяцаў — мабыць, наболей прадоўжыцца — і што без мясцовых яму не абысціся. Таму і прыняў у свае кадравае войска мяне і яшчэ некаторых: начальніка міліцыі з Пружан, студэнта аднаго, старшыню сельсавета з сакратаром. А на Кастрычніцкія святы і пракурор наш, таварыш Сівак, заяўляецца, таксама да фронту не дайшоў, вярнуўся. Спярша радавым быў, а пасля начальнікам асобаддзела паставлі. Ну але гэта пасля ўжо, пад восень, як Селязнёва не стала. А тады рашылі, што пакуль ціха, трэба агледзецца ды наладзіць сякія-такія сувязі з вёскамі, аднавіць знаёмства з надзейнымі людзьмі, памацаць на хутарах акружэнцаў, каторыя да маладзіц паўладкоўваліся. Перш-наперш разаслаў маёр усіх мясцовых, тутэйшых,— а такіх чалавек з дванаццаць тады ўжо назбіралася,— каго куды. Мяне з пракурорам, вядома, у былы наш раён. Рызыка тут нам, ведама, была большая, чым дзе ў другім месцы,— усё ж многа людзей тут нас ведалі, маглі апазнаць. Але затое і мы ведалі болей і трохі арыентаваліся ўжо, каму даверыцца, а каму не. Ды і выгляд наш быў не ранейшы, не адразу пазнаеш — абраслі бародамі, абадраліся. Пракурор у чорным чыгуначным шынялі, я ў армяку і ботах. У абодвух хатулі за плячыма. Як жабракі якія.

Найперш рашылі зайсці ў Сяльцо.

Не ў маёнтак, вядома, а ў вёску, там праз паўвярсты якіх — ты ж, мабыць, ведаеш, цераз аселіцу. У вёсцы ў пракурора быў знаёмы адзін, былы актывіст, дэпутат сельсавета, дык мы да яго і кіравалі. Але спярша, знаеш, дзеля асцярогі зайшлі ў адну хату на Грынёўскіх хутарах — во тую, што пасля вайны заўмаг з Рандуліч адкупіў ды ля сельмага паставіў. Гаспадыня ў Польшчу выехала, гады тры хата стаяла пустая, дык заўмаг і купіў. А ў вайну там жылі тры дзеўкі пры маці, нявеста — сынава жонка (сын у польска-германскую вайну прапаў, пасля аж у Андэрса аб'явіўся). Дык пакуль мы гэта анучы сушылі, дзеўкі нам усё і расказалі. I пра навіны ў Сяльцы. Аказваецца, добра зрабілі, што перш зайшлі да гэтых палячак, а то б не мінуць бяды. Справа ў тым, што гэты пракурорскі знаёмец ходзіць ужо з белай павязкай на рукаве — паліцаем стаў. Пакрактаў мой пракурор ад такой навіны, а я, прызнацца, парадаваўся: было б горш, каб мы адразу ды сунуліся ў паліцаевы рукі. Але неўзабаве прыйшла і да мяне чарга паздзіўляцца ды заклапаціцца — калі я спытаў пра Мароза. Кажа нявестка: «Мароз усё ў школе робіць».— «Як робіць?» — «Дзяцей,— кажа,— вучыць». Аказваецца, тых самых сваіх пацаноў пазбіраў па вёсках, немцы далі дазвол адкрыць школу, ну і вучыць. Праўда, ужо не ў Габрусёвым палацы — там цяпер паліцэйскі засценак,— а ў адной хаце ў Сяльцы.

Вось дык метамарфоза! Ад каго другога, а ад Мароза такога я не чакаў. Каб працаваць пры немцах?! А тут і пракурор выказваецца ў тым сэнсе, што даўно трэба было гэтага Мароза рэпрэсіраваць — не наш чалавек. Я маўчу. Думаю, думаю і ніяк не магу пагадзіцца, што Мароз — нямецкі настаўнік. Сядзім ля грубкі, глядзім у агонь і маўчым. Што рабіць? Называецца, наладзілі сувязі. Адзін — паліцай, другі — нямецкі служачы, харошыя мы кадры падрыхтавалі за два гады ў раёне.

I знаеш, думаў я думаў і надумаўся схадзіць усё ж уначы да Мароза. Няўжо, думаю, ён прадасць мяне? Ды я яго, калі так, гранатай узарву. Вінтоўкі не было, а граната была. Селязнёў забараніў браць з сабой зброю, але гранату я ўсё ж прыхапіў на які прыкры выпадак.

Пракурор адгаворваў, але я не здаўся. Мусіць, такі ўжо характар з маленства. Чым болей мне што даводзяць насуперак, тым болей мне хочацца па-свойму зрабіць. Не дужа гэта спрыяе ў жыцці, але што ж. Праўда, пракурор тут ні пры чым. Проста баяўся за мяне, думаў, як бы не прыйшлося аднаму вяртацца.

Дзеўкі расказалі, як знайсці Мароза. Трэцяя хата ад калодзежа, з падворка ганак. Жыве ў старой бабулі. Цераз вуліцу ў другой хаце ягоная школа.

Сцямнела — пайшлі. Дожджык цярушыць, гразнота, вецер. Нешта пачатак лістапада, а халадэча сабачая. Дамовіліся з напарнікам, што я зайду, а ён мяне пачакае ў загуменні ля кусцікаў. Чакаць будзе гадзіну. Не прыйду — значыць, справа кепская, нешта здарылася. Ну але, думаю, за гадзіну ўпраўлюся. Ужо я разгадаю душу гэтага Мароза.

Так пракурор застаўся за пунькай, а я ўзмежкам — да хаты. Цёмна. Ціха. Адно дождж большае ды шамаціць па саломе на страхах. За плотам вобмацкам дабрыў да варотцаў на падворак, паспрабаваў расчыніць, а яны дротам завязаныя. Я так і гэтак — нічога не выходзіць. Трэба цераз плот пералазіць, а плот высакаваты, слізкі. Наступіў ботам ды як пакаўзнуўся, грудзьмі аб жардзіну, тая хрась напалам, а я носам у гразь. I тут сабака. Так заліўся брэхам, што я ляжу ў гразі, баюся крануцца і не ведаю, што лепей: уцякаць або клікаць каго.

Але, чую, нехта выходзіць на ганак, бразнуў дзвярыма, слухае. Пасля пытаецца ціха так: «Хто тут?» I да сабакі: «Гулька, прэч! Прэч, Гулька!» Ну ведама, гэта ж школьны сабачка, той трохлапы, што некалі інспектара ўкусіў. А чалавек — Мароз, знаёмы голас. Але як адазвацца? Ляжу і маўчу. А сабака зноў у брэх. Тады ён саступае з ганка, кульгаючы так (чутно па гразі: чу-чвяк) ідзе да плота.

Устаю і проста кажу: «Алесь Іванавіч, гэта я. Былы твой загадчык». Маўчыць. I я маўчу. Але што тут рабіць — назваўся дык, мусіць, трэба вылазіць. Устаю, пералажу плот. Мароз ціха так: «Тут лявей трымайся, а то карыта ляжыць». Уціхамервае сабаку і вядзе мяне ў хату.

У хаце гарыць капцюшка, акно занавешана, на табурэтцы раскрыта кніжка. Алесь Іванавіч падстаўляе табурэт бліжэй да печы. «Сядайце. Пальто зніміце, хай сохне».— «Нічога,— кажу,— паліто маё яшчэ высахне».— «Есці хочаце? Бульба ёсць».— «Не галодны, еў ужо». Адказваю быццам спакойна, а ў самога напружанне ў нервах — да каго трапіў? А ён нішто, спакойны, быццам мы толькі ўчора разышліся: ніякіх пытанняў, ніякай няёмкасці. Хіба толькі залішні клопат у голасе. I погляд не такі адкрыты, як быў раней. Бачу, няголены, мусіць, дзён пяць — русявая бародка на твары.

Сяджу мокры, не знімаючы армяка, і ён урэшце прысеў на лаўцы. Капцюшку паставіў на табурэт. «Як жывем?» — пытаюся.— «Ведама як. Кепска».— «А што такое?» — «Усё тое ж. Вайна».— «Аднак, чуў, на табе гэта мала адбілася. Усё вучыш?» Ён кісла, адным бокам твару, усміхнуўся, паўзіраўся ўніз на капцюшку.— «Трэба вучыць».— «А па якіх праграмах, цікава? Па савецкіх ці па нямецкіх?» — «Ах, во вы пра што!» — кажа ён і ўстае. Пачынае хадзіць па хаце, а я незнарок, пільна так сачу за ім. Маўчым абодва. Пасля ён спыняецца, нядобра зырае на мяне і кажа: «Мне некалі здавалася, што вы — разумны чалавек».— «Магчыма, і быў разумны».— «Дык не задавайце тады неразумных пытанняў».

Сказаў, як адрэзаў, і змоўк. I, ведаеш, мне стала трохі не па сабе. Адчуў, што, мабыць, даў маху, змарозіў глупства. Сапраўды, як я мог сумнявацца ў ім! Ведаючы, як ён тут жыў і чым быў раней, як можна было падумаць, што ён у тры месяцы перарадзіўся. I, знаеш, я адчуў без слоў, без запэўнення і бажбы, што ён наш — чэсны, харошы талавек.

Але ж гэтая школа! I з дазволу нямецкіх улад...

«Калі вы маеце на ўвазе маё цяперашняе настаўніцтва, дык адкіньце вашы сумненні. Благому я не вучу. А школа патрэбна. Не будзем вучыць мы — будуць абалваньваць яны. А я не затым тут два гады ачалавечваў гэтых рабят, каб цяпер іх расчалавечылі. Я за іх яшчэ пазмагаюся. Наколькі змагу, вядома».

Так ён гаворыць, шкандыбаючы па хаце, і не глядзіць на мяне. А я сяджу, грэюся і думаю: а што, калі ён і сапраўды правы? Немцы ж таксама не дрэмлюць, сваю атруту ў мільёнах лісткоў і газет сеюць па гарадах і вёсках, сам бачыў, чытаў штокольвечы. Так складна пішуць, так зманліва хлусяць. I нават партыю сваю як назвалі: нацыяналсацыялісцкая рабочая партыя. I быццам гэтая партыя змагаецца за інтарэсы германскай нацыі супраць капіталістаў, плутакратаў, яўрэяў ды бальшавіцкіх камісараў. А моладзь ёсць моладзь. Яна, брат, як малеча на дыфтэрыт: заразлівая на розныя незразумелыя штучкі. Старэйшыя — тыя ўжо разумеюць такія хітрыкі, рознага нагледзеліся ў жыцці. А маладзейшым?