10891.fb2
– Дык не дастану.
– Эй, ідрыт тваю мутар! Тожа ваяка! На аўтамат! Аўтаматам часані!
Гэта ўсё, кропка, сказаў сабе Рыбак і змярцвеў, амаль фізічна адчуваючы, як зараз іхнія целы разнясе ў ашмоцце імпэтная аўтаматная чарга. Але гэта ўжо занадта, гэта ўжо смерць, на якую ён ні за што не мог пагадзіцца.
І ўсё ж ён марудзіў, нават не варухнуў пальцам, хоць побач ля бока муляла вінтоўка. Стараючыся выкарыстаць апошнія секунды, ён шалёна мітусіўся ў думках, шукаючы паратунку, але нідзе яго не знаходзіў: так ладна папаліся яны ў гэтую пастку. Мусіць, усё было скончана, трэба было ўставаць, і на момант яму захацелася, каб першы гэта зрабіў Сотнікаў. Ён паранены, хворы ўрэшце, ён кашлем выдаў абодвух, яму болей выпадала здавацца ў палон. Але Сотнікаў ляжаў, бы нежывы, толькі напяўся, падобна было – нават перастаў і дыхаць.
– Ах, не лезеш! Ну, я табе!..
Пад дахам пачуўся кароткі металічны шчоўк – надта знаёмы гук аўтаматнага затвора, які адцягваюць на баявы ўзвод. Далей мелася быць тое самае апошняе, за чым нічога ўжо больш не бывае. Можа, якая секунда аддзяляла іх ад гэтага апошняга рубяжа між жыццём і нябытам, але і тады Сотнікаў не варухнуўся, не кашлянуў нават. І Рыбак, напаследак жахнуўшыся, рэзка адкінуў ад сябе пакулле.
– Стой! Не страляй!
– Рукі ўгору! – здзічэла закрычаў паліцай, і Рыбак падумаў, як бы той з перапуду не ўсадзіў у яго чаргу.
На кукішках ён выграбся з-пад страхі і ўстаў. Над бервяном насцярожана застыла паліцаева галава ў кубанцы і нерухомы ствол накіраванага на іх аўтамата. Цяпер самым страшным для Рыбака быў той ствол – ён вырашаў усё. Скоса і пільна пазіраючы на яго, Рыбак падняў рукі. Чаргі пакуль што не было, пагібель нібыта адсоўвалася, гэта было галоўнае, а астатняе для яго ўжо не мела сэнсу – пра астатняе цяпер ён не думаў.
– Ага! Папаліся, галубчыкі! Ану, вылазь, у душу вашу маць!
Аднекуль прыцягнулі драбіну, на гарышча ўзлезлі ўсе трое, перапаролі куткі, ператрэслі пакулле, забралі вінтоўкі. Пакуль двое завіхаліся тут, палонныя пад аўтаматам трэцяга стаялі ўбаку, ля коміна.
Сотнікаў, падкурчыўшы босую параненую нагу, трымаўся за комін і кашляў. Цяпер ужо можна было не стрымлівацца і накашляцца ўволю. Як ні дзіва, але ён не надта і спалохаўся паліцаяў, не дужа баяўся расправы – яго ашаломіла ўсведамленне ўласнай віны, што гэтак падвёў Рыбака, ды і Дзёмчыху, якой цяпер таксама не паздаровіцца. Ён вельмі шкадаваў, што не застрэліўся, пакуль меў вінтоўку, не загінуў у той перастрэлцы з паліцаямі – навошта было цягнуцца сюды, каб так недарэчна трапіць у іхнія рукі? Ён гатовы быў праваліцца скрозь зямлю, каб толькі не сустракацца з Дзёмчыхай, якая мела ўсе падставы выдраць абодвум ім вочы за ўсё тое, на што яны асуджалі яе. І ён у роспачы думаў, што дарма яны ўсё ж адгукнуліся, хай бы ўжо стралялі – пагінулі б, але толькі ўдвух.
З вокрыкамі і лаянкай іх штурхнулі на драбіну ўніз, у сенцы, дзе ля расчыненых у хату дзвярэй хліпала Дзёмчыха і недзе за перагародкай спалохана румзаў малы. Рыбак злез па драбіне хутка, а Сотнікаў замарудзіў, паўзучы задам, на адных руках, і той старшы паліцыянт – плячысты мужык у чорным чыгуначным шынялі, са звераватым бандыцкім абліччам – так хапіў яго за плячо, што ён разам з драбінай паляцеў цераз жорны. Праўда, ён не надта ўдарыўся, толькі павярэдзіў нагу – уваччу пацямнела, захлынулася дыханне, і ён не адразу, пакутна пачаў уставаць з долу.
– Што вы робіце, злодзеі! Ён жа раніты, ці вы не бачыце! Людаеды вы! – закрычала Дзёмчыха.
Старшы паліцай важна павярнуўся да таго, у кубанцы.
– Стась!
Той, відаць, ужо ведаў, што ад яго патрабавалася, – дзерануў з вінтоўкі шомпал і з віскам выцяў ім па жанчыне.
– Ой!
– Сволач ты! – трацячы разважлівасць, сіпата выкрыкнуў Сотнікаў. – За што? Жанчыну за што?
У ім усё нервова затрэслася ад гневу, які, аднак, вярнуў рэшту ягонае сілы, і Сотнікаў неяк узгробся пад сцяной на адну нагу і павярнуўся да таго Стася. Ён, можа, толькі цяпер адчуў, якая яна, гэтая Дзёмчыха, і міжвольна памкнуўся абараніць яе. Падхоплены хваляй гневу, ён зусім забыўся на сябе і ніколькі не баяўся паліцая, хоць і падумаў, што той Стась, мусіць, дасць і яму. Але спрытны, ухопісты Стась толькі ўхмыльнуўся на яго крык і дакладным напрактыкаваным рухам саўгануў шомпал назад у вінтоўку.
– Будзе ведаць, за што!
Сотнікаў пакрысе саўладаў з сабой, пачаў аддыхвацца і спакойнець.
Усё было вядома, проста і надта звычайна – яны самі аддалі сябе ва ўладу вылюдкаў – чаго было іншага ад іх чакаць. Калі не застрэляць адразу, трэба рыхтавацца да допытаў, катавання, пакутнай, зняважлівай смерці. На які паратунак ён ні разлічваў, усе яго шансы-надзеі ўжо беззваротна скончыліся.
У сенцах іх абшукалі – выграблі ўсю драбязу з кішэняў, патроны, раменнымі супонямі туга звязалі рукі – Рыбаку ззаду, а Сотнікаву спераду – і пасадзілі на шурпаты гліняны дол. Потым той, старшы, са звераватым абліччам паліцай пайшоў у хату да Дзёмчыхі, а другі, якога называлі Стасем, астаўся на ганку іх пільнаваць.
Марознае паветра апякала хворыя грудзі Сотнікава, у галаве яго блажліва кружылася, пашчыпвала ад сцюжы падмёрзлыя вушы – пілотку ён недзе згубіў, мабыць, на гарышчы. Мерзла і таму яшчэ болей балела яго параненая нага. Калена распухла, ён проста не мог варухнуць ім, а босая ступня ссінела і азызла. Мусіць, трэба было б папрасіць бурак, але ён уявіў, як балюча будзе надзець яго, і перадумаў: чорт з ім! Цяпер ужо ўсё адно, хай мерзне нага, мабыць, хутка яна яму будзе ўжо без патрэбы. Седзячы ў доле і ўсё кашляючы, ён пазіраў на свайго канваіра – маладога хлопца ў чорнай фарсістай кубанцы, яго прыгожы з пародзістым носам твар, на якім часам з’яўлялася нечакана прываблівая ўсмешка. Адчувалася ў ім нешта людскае і нібы знаёмае, вайсковае, ці што; можа, таму, што той быў у вайсковым бушлаце і ботах – спраўных хромавых ботах, у якія былі запраўлены, аднак, чорныя цывільныя штаны. Стась трымаў на плячы вінтоўку, другім прысланіўся да шула і, палузгваючы гарбузныя семкі, паглядваў то на палонных, то некуды на вуліцу – мусіць, чакаў транспарт. Але транспарту пакуль не было, і ён, патаптаўшыся крыху, сеў на парозе, паставіў між ног вінтоўку. Зблізку пільна, але без злосці, хутчэй насмешліва агледзеў абодвух.
– За пакулле залезлі, ха! Як прусакі!
Яны маўчалі, толькі Рыбак, з пакутнаю спробай нешта зразумець, зірнуў на яго і патупіўся.
– Цяпер вас памыюць, папрасуюць і таго – трошкі павесяць! Пасушыцца, ха-ха! – засмяяўся паліцай так дабрадушна і натуральна, што Сотнікаў аж схамянуўся – так гэта было падобна на прыяцельскі, нахабнаваты, але добразычлівы жарт. Але смех гэты раптам абарваўся, і ўжо зусім іншым тонам, ад якога нельга было не здрыгануцца, паліцай вылаяўся.
– Такія-сякія нямазаныя! Хадаронка ўгробілі? Цяпер мы вам разматаем на плоце кішкі.
– За што матаць? Не ведаем мы ніякага Хадаронка, – паныла сказаў Рыбак.
– Ах, не ведаеце? Можа, гэта не вы ноччу стралялі?
– Мы не стралялі.
– Вы ці не, а рэбры ўсё роўна вам ламаць будзем. Паняў?
Стась пасур’ёзнеў, вочы яго пагрозліва засцюдзянелі, і ўсё тое чалавечае, што маладою добрасцю ляжала на твары, неяк дзіўна знікла з яго, саступіўшы месца злой бяздушнай рашучасці.
Яны ненадоўга змоўклі, паліцай – пазіраючы на іх са злосцю, а палонныя – непрыемна перажываючы яго жахлівую пагрозу. Пэўна, каб хутчэй пазбыцца яе, Рыбак запытаў пра іншае:
– У арміі служыў?
– У якой арміі?
– Чырвонай хаця б.
– С... я хацеў на вашу армію! – яшчэ больш вызверыўся паліцай і зрабіў страшныя вочы. Потым неяк паступова твар яго перамяніўся, на ім з’явілася ўсё тая ж паблажлівая ўсмешка. Адставіўшы ўбок нагу, ён наском бота размерана пацепаў па зямлі. – Ось так!
– А бушлат? – паказаў позіркам Рыбак.
– Ах, бушлат! У аднаго жыдка-камісара ўзяў. Таму не спатрэбіўся, – сказаў паліцай і, заўважыўшы яго запытальны позірк, спакойна дадаў: – Твой паўшубачак таксама прыбяром. Будзіла возьме, ягоная чарга. От так.
– А не падавіцеся? – раптам цвёрда, трошкі стрымліваючы хваляванне, сказаў Сотнікаў.
Стась ускінуў галаву.
– Што?
– Не падавіцеся, кажу? Паўшубачкамі, і наогул!
– Гэта чаму нам давіцца? За нас Германія – паняў ты, чмур? А вот вам точна капут! Будзьце ўпэўнены, у бога душу маць! – свірэпа закончыў Стась.
Што ж, і гэта было зразумела і натуральна. Рыбак задумліва апусціў галаву, Сотнікаў асцярожна паспрабаваў варухнуцца – дранцвела сцягно, вузкая сырамятная супонь рэзала яго тонкія рукі.
Урэшце паліцай прыгнаў двое саней. Адны асталіся на вуліцы, а другія са скрыпам і конскім тупатам пад’ехалі пад самы ганак, і Стась усхапіўся з парога. Першага ён упіхнуў у развальні Рыбака, потым дужым рыўком за каршэнь падняў з долу Сотнікава. Калі той, дастыргікаўшы, неяк уладкаваўся поруч з таварышам, паліцай уваліўся ў сані ззаду. Возчык – стараваты напалоханы дзядзька ў драным кажуху – боязна прыткнуўся ў перадку. Змёрзлую босую нагу Сотнікаў патроху падапхнуў пад сена, зверху прыкрыў палой шыняля. Яму зноў рабілася надта дрэнна, але неяк трэба было трываць. Цяпер трэба было толькі адно: трываць. І ён трываў, ашчадна выдаткоўваючы не надта багаты запас гэтага свайго трывання.
Ён думаў, што яны адразу паедуць, але з хаты нешта не выходзіў старшы паліцай, па яго пайшоў той, што хадзіў па сані. Неўзабаве адтуль пачуліся галасы і плач Дзёмчыхі, Сотнікаў нявесела ўслухаўся: пакінуць яе ці не? Хвіліну яшчэ, падобна было, там нешта шукалі, стукала аб папярочыну драбіна ўгары, плакалі дзеці, а потым гучней загаласіла Дзёмчыха.