10891.fb2 Выбранае - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 44

Выбранае - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 44

Ззаду тым часам бразнуў засоў, Дзёмчыха асталася з паліцаямі, і нечы голас там запытаўся:

– А бабу куды? У вуглавую?

– Давай у вуглавую.

– Штось пуста сёння?

– Немцы ўчора разгрузілі. Адно жыдзянё асталося.

Яны адышліся, недзе непадалёк забразгаў засоў, і тады ён, трохі ўжо абвыкшыся ў змроку, згледзеў яшчэ некага ў куце. Заняты чымсьці сваім, чалавек варушыўся-корпаўся, не то распранаўся, не то слаў пад сябе адзежыну – мусіць, рыхтаваўся легчы. Цьмянае акенца амаль не свяціла на яго месца, толькі сівая галава чалавека ды плечы то з’яўляліся, то прападалі ў рэдзенькім сейве святла.

– Сядайце, чаго ж стаяць. Стаяць ужо няма чаго.

Рыбак здзівіўся і нават міжвольна ўзрадаваўся: голас старога здаўся знаёмы, і ён тут жа ўспомніў: стараста! Ну так і ёсць, у куце варушыўся іх начны знаёмы, лясінаўскі стараста Пётра.

– І вы? – вырвалася ў Рыбака.

– Ды во, папаў. Авечку ж апазналі, ну і...

«Так, так», – стукала ў галаве недарэчная думка, хоць усё ўжо было зразумела. Дзіўна, але ён толькі цяпер успомніў тую злашчасную авечку і толькі цяпер з недаравальным спазненнем падумаў, чым яна можа абярнуцца яе гаспадару.

Але там што ён мог зрабіць?

– А пры чым тут вы? Мы ж яе забралі, – трошкі фальшыва здзівіўся Рыбак.

Стараста нешта разаслаў ля сябе, ды не лёг, а ўсеўся спіной да сцяны. Цяпер ён амаль увесь мясціўся ў змроку, відаць былі толькі сагнутыя яго калені.

– Як сказаць. Калі забралі, дык трэба было далажыць. А я... Ды цяпер што ж! Цяпер ужо ўсё роўна...

«Цяпер, мусіць, сапраўды ўсё роўна, цяпер позна ўжо меркаваць наконт авечкі, – падумаў Рыбак. – Цяпер ужо ўсё ясна».

Не расшпільваючы кажушка, ён паныла апусціўся на зляжалую саламяную падсцілку і таксама прыхінуўся плячамі да сцяны. Было невядома, што рабіць далей, ды апроч як чакаць, тут наогул рабіць нічога не выпадала. Толькі цяпер ён адчуў, што здорава замарыўся за ноч, гарнула на сон, але думкі трывожна таўкліся ў галаве. Апынуўшыся тут са старастам, ён падумаў, што няблага было б, згаварыўшыся, адмаўляць іхні заход у Лясіны – хай бы стараста сказаў, што прыходзілі не яны – другія. Старасту ўсё роўна, на каго ўказваць, а ім бы, мусіць, была ў тым палёгка. Якой-небудзь віны або нават няёмкасці ў адносінах да гэтага Пётры Рыбак не адчуваў ні на кроплю – ці першы раз такім спосабам яму даводзілася здабываць харч? Зноў жа – узялі ўсяго толькі авечку і не ў якой чырвонаармейскай кабеты, а ў самога старасты. Тут ён быў зусім спакойны і не мог сцяміць, як гэта атрымалася, што стары не зваліў усяе віны на заходжых і даў сябе так недарэчна засадзіць у гэты смярдзючы склеп.

Мінула гадзіна ці болей, Сотнікаў не вяртаўся, і Рыбак не без кароткага шкадавання падумаў: можа, яго там і прыбілі? Размаўляць тут яму ні пра што не хацелася, настрой быў самы прыгнечаны. Ён адчуваў, што вось-вось павінны прыйсці па яго, і тады пачнецца самае горшае. Ён усё думаў, прыкідваў і так і гэтак, каб як абхітрыць паліцыю, выкруціцца або хоць адцягнуць кару. Каб адцягнуць кару, мусіць, быў адзін сродак – расцягнуць следства (усё ж якое-ніякое павінна быць следства). Але тады трэба знайсці важкія факты, такія, каб зацікавіць паліцыю; бо калі тая вырашыць, што ўсё ясна, тады ўжо трымаць іх не стане. Тады ім канец.

У склепе было ціха і сонна, толькі аднекуль знадворку чуліся галасы, тупат ног у будыніне. Часам тупат быў надта густы, як ад крокаў мноства людзей, штось там прыглушана грукала і далятаў голас-лаянка. Тупат гэты жыва нагадаў Рыбаку пра Сотнікава, які недзе адзін там сярод такой зграі. Пры думцы аб напарніку ў Рыбака пакутна сціснулася ўнутры – той самы лёс чакаў і яго. Але ён стараўся не надта паддавацца паныласці, куды важней было надумаць, як апраўдацца перад паліцыяй, каб выратавацца ад смерці і, можа, яшчэ і пасабіць Сотнікаву.

Але, мусіць, тое было няпроста.

З высокага, чымсь застаўленага знадворку квадратнага акенца цадзілася рэдзенькае святло, яно напаўняла камеру прывіднай шэрасцю, у якой выразна былі відаць толькі святлявы лапік затаптанай саломы ды нагнутая сівая галава старасты пад акном. Той нерухома сядзеў ля сцяны, аддаўшыся сваім, мусіць, таксама невясёлым думкам.

– Казалі, там нехта паліцыянта ўначы параніў, невядома, ці будзе жыць, – пасля доўгага маўчання сказаў-намякнуў стары.

Рыбаку тое раненне не было навіна, але ён проста забыўся пра яго і цяпер, пасля напамінку старасты, затрывожыўся яшчэ болей. Аднак размову перавёў на іншае.

– Вас ужо бралі наверх? – запытаў ён з нясмелай надзеяй, што чарга на допыт, можа, яшчэ не яго.

Але стараста тут жа і разбурыў гэту яго надзею.

– На допыт? А як жа! Сам Партноў дапрашваў.

– Які Партноў?

– Следчы іх.

– Ну і як? Здорава білі?

– Не, мяне не білі. За што мяне біць? Б’юць, калі хто ўтойвае. А я што мог утаіць?

Рыбак, зацяўшы дыханне, уважліва слухаў: хацелася па магчымасці ўведаць, што яго самога чакала наперадзе.

– Гэты Партноў, я табе скажу, хітры, як чорт. Усё ведае, – нявесела зазначыў стары.

– Але ж ты выкруціўся.

– А што мне выкручвацца! Віны за мной ніякай няма. Што перад Богам, тое і перад людзьмі.

– Такі бязвінны?

– А ў чым мая віна? Не пабег дакладваць пра авечку? Дык я стары па начы бегаць. Шэсцьдзесят сем год маю.

– Да-а, – уздыхнуў Рыбак. – Значыць, кокнуць. Гэта ў іх проста: пасобніцтва партызанам.

Такім жа роўным голасам, як і дагэтуль, Пётра сказаў:

– Ну што ж! Значыць, такая судзьба. Дзе дзенешся?

«Якая пакорлівасць!» – падумаў Рыбак. Зрэшты, шэсцьдзесят сем гадоў – сваё ўжо аджыў. А тут усяго дваццаць шэсць, хацелася б трохі пажыць яшчэ. Не тое што страшна, а проста брыдка класціся па зіме ў прамёрзлую яму.

– Не, трэба змагацца.

А што, калі ва ўсёй гэтай гісторыі зрабіць большы ўпор на старасту? Сапраўды, калі выдаць яго за партызанскага агента ці хоць бы памагатага, сказаць, што ён не першы ўжо раз рабіў паслугі атраду, накіраваць усё следства ў фальшывым напрамку? Пачнуць дадаткова расследаваць, спатрэбяцца новыя сведкі, паказанні, пройдзе час. Мабыць, Пётру гэта не шмат павялічыць ягонай віны перад немцамі, а ім двум, можа, яшчэ і пасобіць.

Аддаўшыся думкам і аціхшы, ён аж здрыгануўся, калі побач у саломе нешта шаснула і цераз яго боты перакулілася нешта жывое і мяккае. Стараста ў куце варухнуў нагой: «Кыш, халера на вас!» – і тады ён згледзеў пад сцяной пацука. Хуценька поркаючы, нібы абнюхваючы салому, шэры порсткі камяк прашыбаваў краем падлогі і знік у цёмным кутку.

– Развялося іх тут, – сказаў Пётра. – І на людзей не зважаюць, лётаюць, як халеры якія. Мусіць, яшчэ Іцкавы. Некалі тут крама была, Іцка цукеркі прадаваў. Пасля сельпо зрабілі. Колькі чаго памянялася, а пацукі ўсё бегаюць.

– Пацукам цяпер толькі і жыць!

– Анягож. Ніхто іх не вынішчае. Ах ты, Божа...

Ён не паспеў дагаварыць, як за дзвярыма недзе загрукала, лязгнуў засоў, і ў вочы ўдарыла дзённая яркасць. На парозе з’явілася галянастая постаць Стася ў знаёмым бушлаце, з вінтоўкай за плячом.

– Ну, дзе цвай бандыт? К следчаму!

Паліцай рагатнуў, коратка і агідна, а ў Рыбака нешта раптам і пакутна апала ўнутры. Мусіць, з залішняй паспешлівасцю ён ускочыў на ногі, коўтаючы ў свядомасці недаўменне: а дзе ж Сотнікаў? Спярша ж, мусіць, павінны прывесці Сотнікава, а пасля ўжо ўзяць на допыт яго. Ці, можа, Сотнікава ўжо забілі?

Ён пакорна пайшоў да прыступкаў, счакаў трохі, пакуль Стась замыкаў за ім дзверы, потым паперадзе яго ўзышоў наверх. Ступаў ён амаль механічна, без удзелу свядомасці, не заўважаючы нічога навокал, і адчуваў сябе вельмі кепска. Не, гэта не быў страх – ён пакутаваў ад бяссілля, ад немагчымасці звярнуцца да выпрабаванага сродку – сілы, каб уратаваць сябе. Адсутнасць усялякага выбару надта звузіла яго магчымасці, думка наконт старасты асталася марным намерам – ён як след не прадумаў яе, нічога не падрыхтаваў і цяпер нёс поўную збянтэжанасць у душы.