10891.fb2 Выбранае - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 45

Выбранае - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 45

– Во, кажушок і скінеш! – пругка цопнуў яго Стась па плячы. – А нішто паўшубачак, яй-богу! І боты. Ну, боты я забяру. А то шкада такія трапаць, праўда? – Ён матлянуў наперад сваёю нагой у ладным хромавым боце. – У цябе які нумар?

– Трыццаць дзевяць, – схлусіў Рыбак, запавольваючы крок: пасля смярдзючага склепа хацелася хоць надыхацца.

– Халера, замалыя! Эй, у рот табе аглоблю! – раптам вызверыўся паліцай. – Шырэй шаг!

Асцерагаючыся кухталя, Рыбак не стаў упарціцца – праскочыў дзверы, нядоўгі цемнаваты калідор з мардатым днявальным ля тумбачкі. Стась сціпла пастукаў сагнутым пальцам у дзверы.

– Можна?

Нібы ў сне, прадчуваючы, як зараз канчаткова рухне і спрахне ягонае жыццё, Рыбак пераступіў парог і ўпёрся позіркам у магутную печ-галандку, якая нейкім загадкава кепскім знакам з’явілася на яго дарозе. Яе чорны колер і крутыя асадзістыя бакі прыгняталі, нагадваючы недарэчны помнік па чыімсьці жыцці. За сталом ля акна стаяў шчуплаваты чалавек у пінжаку, ён чакаў. Рыбак спыніўся непадалёку ад дзвярэй, недаўменна згадваючы: няўжо гэта і ёсць той самы следчы, у якога не выкруціўся стараста?

– Прозвішча! – адразу гыркнуў чалавек. Відаць, ён быў чымсь раззлаваны, нервозны тварык яго нядобра хмурнеў, позірк спадылба цвёрда ўтаропіўся ў арыштаванага.

– Рыбак.

– Год нараджэння?

– Дзевяцьсот шаснаццаты.

– Дзе радзіўся?

– Пад Гомелем.

Следчы адышоўся ад акна, сеў у крэсла. Паводзіў ён сябе насцярожана, энергічна, але, здаецца, не надта пагрозліва.

– Сядай!

Рыбак ступіў два крокі і асцярожна апусціўся на рыплівае венскае крэселка насупраць стала.

– Жыць хочаш?

Дзіўнаватае гэта пытанне сваёй нечаканасцю трохі зняло напружання, Рыбаку нават пачулася ў ім нешта ад жарту, і ён ніякавата паварушыўся на крэсле.

– Ну хто ж жыць не хоча! Вядома...

Аднак следчы, здаецца, быў далёкі ад таго, каб жартаваць, і ў ранейшым тэмпе прадаўжаў насядаць з пытаннямі.

– Так! Куды ішлі?

Энергічная пастаноўка пытанняў патрабавала, мусіць, гэткае ж энергіі ў ягоных адказах, але Рыбак не адразу цяміў часам патайнага сэнсу паліцаевых слоў і трохі марудзіў.

– Ішлі па харчы. Трэба было папоўніць запасы, – сказаў ён і падумаў: «Чорт з ім! Хто не знае, што партызаны таксама ядуць. Які тут можа быць сакрэт!»

– Так, праўда. Паверу. Куды ішлі?

Следчы ўвесь аж напяўся за сталом, сочачы за рухам кожнае жылкі на яго твары. Рыбак разгладзіў палу кажушка на калене, паскроб пазногцем нейкую там плямку.

– Дык, гэта, ішлі на хутар, а ён аказаўся спалены. Ну, пайшлі куды вочы глядзяць.

– Які хутар спалены?

– А той, Кульгаёў, ці як яго. Пры лесе.

– Праўда. Кульгаёў спалены. Немцы спалілі. А Кульгай і ўсе кульганяты расстраляны.

«Слава Богу, не давядзецца ўзяць грэх на душу», – задаволена падумаў Рыбак.

– А як апынуліся ў Лясінах?

– Ды так. Напаткалі ўначы, ну і... Зайшлі да старасты.

– Так, так, зразумела, – аб чымсь раздумваючы, прыкінуў следчы. – Значыць, ішлі да старасты?

– Не, чаму? Ішлі на хутар, я ж сказаў...

– На хутар, зразумела. А хто камандзір банды? – раптам запытаў следчы і, поўны ўвагі, замёр, утаропіўшы ў яго жорсткі, уважлівы позірк.

Рыбак падумаў, што тут ужо можна схлусіць – хай праверыць. Хіба што Сотнікаў...

– Камандзір атрада? Ну, гэты... Дубавы.

– Дубавы? – чамусьці здзівіўся следчы, і Рыбак працягла паглядзеў у яго вочы. Але не затым, каб упэўніць следчага ў праўдзівасці свае хлусні, – важней было зразумець, вераць яму або не. Аднак на востранькі, як бураўчык, позірк следчага набег цень задуменнасці.

– Прахвост! Ужо і з Дубавым знюхаўся! Я так і ведаў. Увосень не ўзялі – і вось, калі ласка...

Рыбак не зразумеў, каго ён мае на ўвазе? Старасту? Але як жа тады? Відаць, ён тут штосьці наблытаў... Аднак разважаць не было калі – Партноў імкліва вёў далей допыт.

– Дзе атрад?

– У лесе.

Тут ужо ён адказаў без затрымкі і нават прама і бязгрэшна паглядзеў у сцюдзёна насцярожаныя вочы следчага – хай упэўніцца.

– У Баркоўскім?

– Ну.

(Дурныя яны, ці што, сядзець у Баркоўскім лесе, які хоць і вялікі, ды пасля ўзрыву моста на Іслянцы абложаны з чатырох бакоў. Хопіць таго, што там асталася група гэтага Дубавога, рэшткі ж іхняга атрада перабраліся за шаснаццаць кіламетраў на Гарэлае балота.)

– Колькі чалавек у атрадзе?

– Трыццаць.

– Лжэш! У нас ёсць звесткі, што болей.

Рыбак паблажліва ўсміхнуўся. Ён адчуў патрэбу прадэманстраваць лёгкую пагарду да недасведчанасці следчага.

– Было болей. А цяпер трыццаць. А астатнія выбылі. Ведаеце, баі, страты...