10891.fb2
– Што, пашчыпалі? Во-во! Скора пух-пяро паляціць ад усіх вас.
Рыбак памаўчаў. Ягоны настрой пайшоў угору – здаецца, ад Сотнікава яны не многа даведаліся, значыць – можна набаяць баек – хай правяраюць. Зноў жа падобна на тое, што следчы пачаў дабрэць у сваіх адносінах да яго, і Рыбак падумаў, што гэтую добрасць трэба неяк умацаваць, каб можна яшчэ і пакарыстацца ёю.
– Так! – следчы адкінуўся ў крэсле. – А цяпер ты мне скажы, хто з вас двух страляў ноччу? Нашы бачылі – адзін пабег, а другі страляў. Ты?
– Не, не я, – сказаў Рыбак, не надта, аднак, рашуча. Тут ужо яму проста няёмка было апраўдвацца і тым самым перакладваць віну на Сотнікава. Але што ж, браць яе на сябе?
– Значыць, той? Так?
Гэтае пытанне асталося без адказу – Рыбак толькі падумаў: «Каб ты здох, сволач! Так спрытна ловіць». Ды і на самай справе, што ён мог яму сказаць?
Зрэшты, Партноў не надта настойваў.
– Так, так, зразумела. Як яго прозвішча?
– Каго?
– Напарніка.
Прозвішча! Навошта б яно ім здалося, гэтае прозвішча?
Але калі Сотнікаў не назваў сябе, тады нягожа называць яго і яму. Мабыць, трэба было б неяк схлусіць, ды Рыбак не мог знайсці як.
– Не ведаю, – урэшце сказаў ён. – Я нядаўна ў гэтым атрадзе, яшчэ не ўсіх знаю па прозвішчах.
– Так, не ведаеш, – з лёгкай прытворнай прыкрасцю канстатаваў Партноў. – А стараста гэты, кажаш, Сыч? Так ён у вас значыцца?
Рыбак напружыў памяць – здаецца, ён не чуў нават і прозвішча старасты, не толькі ягонай мянушкі.
– А не ведаю. Чуў – у вёсцы яго завуць Пётра.
– Ах, Пётра.
Яму на хвіліну здалося, што Партноў гэты нейкі недалужны блытанік, але тут жа ён здагадаўся: следчы хоча заблытаць яго.
– Так, так. Значыць, родам адкуль? З Магілева?
– З-пад Гомеля, – цярпліва паправіў Рыбак. – Рэчыцкі раён.
– Прозвішча?
– Чыё?
– Тваё.
– Рыбак.
– Дзе астатнія з банды?
– На... У Баркоўскім лесе.
– Колькі да яго кіламетраў?
– Адсюль?
– Ну, адкуль жа яшчэ?
– Не ведаю точна. Кіламетраў васемнаццаць будзе.
– Правільна, будзе. Якія вёскі радам?
– Вёскі? Дзягцярня, Уклеіна. Ну і гэта, як яе... Драгуны.
Партноў зазірнуў у паперку, што ляжала перад ім на стале.
– А якія ў вас сувязі з гэтай... Вокунь Аўгінняй?
– Дзёмчыхай? Яй-богу, ніякіх. Проста зайшлі перахавацца, паесці. Ну а вашыя хлопцы...
– А хлопцы і награнулі! Малайцы хлопцы! Дык, кажаш, ніякіх?
– Абсалютна. Аўгіння тут ні пры чым.
Следчы борздзенька ўскочыў за сталом, локцямі смыкнуў угору – мусіць, велікаватыя ў паясніцы штаны.
– Не вінавата! А вас прымала? На гарышча хавала? Што, думаеш, не знала, каго хавала? Добра знала! Пакрывала, значыць. А па законах ваеннага часу за гэта што палагаецца?
Рыбак ужо ведаў, што за гэта палагаецца па законах ваеннага часу, і падумаў, што, мабыць, трэба адмовіцца ад намеру абараніць Дзёмчыху. Было зразумела, што на кожную такую спробу следчы будзе рэагаваць, як бык на чырвоны шкумат. І ён рашыў не дражніцца. Ці да Дзёмчыхі тут, калі невядома яшчэ, як выкараскацца самому.
– Так, добра! – Следчы падышоў да акна і жвава павярнуўся на абцасах, рукі яго былі засунуты ў кішэні штаноў, пінжак на жываце расхінуты. – Мы яшчэ пагаворым. А ўвогуле я скажу: ты хлопец разумны. Магчыма, мы табе пакінем жыццё. Што, не верыш? – Следчы іранічна ўхмыльнуўся. – Мы можам. Гэта Саветы нічога не мелі. А мы можам караць, а можам і мілаваць. Гледзячы каго. Дык вось слухай.
Ён падступіў да Рыбака амаль упрытык, і той, адчуўшы, што допыт на тым, мабыць, канчаецца, зважліва падняўся з крэсла. Следчы быў яму да пляча, і Рыбак падумаў, што з лёгкасцю прыдушыў бы гэтага маламерка. Але, падумаўшы так, ён амаль спалохаўся свае такой недарэчнай цяпер тут думкі і з робленай адданасцю зірнуў у рухавыя, з начальніцкім халадком вочы паліцэйскага.
– Дык вось. Ты нам раскажаш усё. Толькі мы праверым, не думай. Не налжэш – пакінем жыць, уступіш у паліцыю і будзеш служыць вялікай Германіі.
– Я? – не паверыў Рыбак.
Падлога пад ім дзіўным чынам хіснулася, сцены гэтага заплёванага пакоя раздаліся ўшыркі, праз хвілінную збянтэжанасць у сабе ён раптам адчуў недзе волю, прастор, нават подых свежага ветру ў полі. Усё ягонае жыццё пераварочвалася дагары нагамі, але, здаецца, давала надзею выжыць.
– Да, ты. Ці не згодны? Можаш адразу не адказваць. Ідзі падумай. Але помні: альбо пан, альбо прапаў. Гаманюк!
Перш чым ён, ашаломлены і акрыяны адначасна, паспеў зразумець, што будзе далей, дзверы расчыніліся, і на парозе вырас той самы Стась.
– У склеп!
Стась дурасліва цепнуў на следчага сваімі выразнымі вачамі.