10891.fb2 Выбранае - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 48

Выбранае - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 48

– Рыбак? Фу ты! Дай яшчэ.

Рыбак зноў прытрымаў яго галаву. Сотнікаў, лязгаючы зубамі па кацялку, выпіў болей. І пластам аблёг на салому.

– Што, мучылі здорава? – спытаў Рыбак.

– Да, брат. Дасталося, – выдыхнуў Сотнікаў.

Рыбак нацягнуў на яго шынелак, сам прываліўся спіной да цаглянай сцяны, услухоўваючыся ў хрыпатае дыханне таварыша, якое, аднак, патроху выроўнівалася.

– Ну, як пачуваешся?

– Цяпер добра. Лепш. А цябе?

– Што?

– Білі?

Гэтае пытанне застала Рыбака знянацку, ён не знаў, як коратка сказаць таварышу, чаму яго не білі.

– Ды не, не дужа.

Сотнікаў знямогла заплюшчыў вочы, схуднелы, з адрослаю бародкай яго твар ледзь шарэў на саломе, у грудзях хрыпела на адной ноце. І тады Рыбак падумаў, што, мабыць, пакуль ёсць такая магчымасць, ім трэба аб чым-колечы дамовіцца.

– Слухай, я, здаецца, іх абхітру, – шапнуў ён, схіліўшыся да напарніка. Той здзіўлена расплюшчыў вочы – шырокія бялкі ў вачніцах бліснулі адбіткам святла з акенца. – Толькі нам трэба казаць аднолькава. Найперш: ішлі па харчы, хутар спалены, прыбіліся да Лясін, ну і ўзялі авечку.

– Нічога я ім не скажу, – перапыніў яго Сотнікаў.

Рыбак прыслухаўся, ці няма дзе каго паблізу, але, здаецца, скрозь было ціха. Толькі зверху даносіліся галасы і крокі, якраз над іх камерай. Але адтуль яго не пачуюць.

– Ты не дуры, чуеш? Трэба нешта і сказаць. Дык слухай далей. Мы з групы Дубавога, ён цяпер у Баркоўскім лесе. Хай правераць.

Сотнікаў знерухомеў, перацяў дыханне.

– Але атрад Дубавога сапраўды там.

– Ну і што?

Рыбак пачынаў злавацца: от жа незгаворлівы чалавек, ці ў тым справа! Вядома, гэты атрад там, але ад таго, што яны назавуць месца, яму будзе ні холадна ні горача – паліцаям да яго не дабрацца. Іхні ж якраз у куды болей ненадзейным месцы.

– Слухай. Ты паслухай мяне. Калі мы іх не падманем, не схітрым, яны нас закатуюць. Трэба трохі і ў паддаўкі згуляць. Не рваць цераз сілу.

Сотнікаў, чуваць было, быццам насцярожыўся, напяўся, дыханне яго прыглушэла, здаецца, ён нешта думаў.

– Нічога не выйдзе!

– А што ж тады выйдзе? Смерці дастукацца лягчэй за ўсё.

Вот боўдзіла, падумаў Рыбак. Ужо такое дурной упартасці ён ад яго не чакаў. Зрэшты, сам адной нагой у магіле, дык яму што – не хоча нават падумаць, каб не пацягнуць туды і таварыша.

– Ты паслухай! – памаўчаўшы, зашаптаў Рыбак. – Нам нада іх павадзіць. Знаеш, як шчуку на вудзе. Інакш перасіліш, парвеш, і ўсё прапала. Нада прыкінуцца смірнымі. Знаеш, мне прапанавалі ў паліцыю, – неяк, сам не жадаючы таго, сказаў Рыбак.

Павекі ў Сотнікава здрыгануліся, вочы бліснулі стоенай увагай.

– Во як! І што ж – пабяжыш?

– Не пабягу, не бойся. Я з імі патаргуюся.

– Глядзі, пратаргуешся, – з нядобрасцю прасіпеў Сотнікаў.

– Ну а што ж – прападаць? – ледзь не крыкнуў са злосцю Рыбак і змоўк, вылаяўшыся пры сабе: чорт з ім! Не хоча – ягоная справа; Рыбак жа будзе змагацца за сябе да канца.

Сотнікаў задыхаў цяжэй, ад хвалявання ці ад знямогі, зрабіў спробу адкашляцца – у грудзях яго страшна захрапло, Рыбак аж спалохаўся: памірае, ці што? Але ён не паміраў і неўзабаве, саўладаўшы з дыханнем, сказаў з рашучасцю ў голасе:

– Дарма паскудзішся, во што! Паганіш армейскі гонар. Жывымі яны нас не пусцяць.

– Як сказаць. Калі пастарацца...

– Для каго старацца?! – ледзь не крыкнуў Сотнікаў і задыхнуўся. Хвілінку ён пакутна кашляў, пасля хвіліну зморана дыхаў, потым сказаў надта змораным голасам: – Не ў карты ж гуляць яны цябе ў паліцыю завуць.

Мабыць, не ў карты, пагадзіўся ў думках Рыбак. Але ён ішоў на гэтую гульню, каб выйграць сабе жыццё – хіба гэтага мала? А там яно будзе відаць, толькі б не забілі, не закатавалі. Толькі б вырвацца з гэтае клеткі, а чаго благога ён сабе не дазволіць. Хіба ён вораг сваім?

– Не бойся, – сказаў ён. – Я таксама не лыкам шыты.

Сотнікаў засмяяўся аслабелым, ненатуральна кароценькім смехам, які прагучаў, нібы енк.

– Дзівак! З кім ты ўздумаў цягацца?

– А вот пабачыш.

– Гэта – машына! Або ты будзеш служыць ёй, або яна сатрэ цябе ў парашок! – задышліва прасіпеў Сотнікаў.

– Я ім паслужу!

– Толькі пачні!

Не, відаць, з ім не згаворышся, з гэтым дзіваком чалавекам, – падумаў Рыбак. Як у жыцці, так і перад смерцю ў яго на першым месцы ўпартасць, нейкія там прынцыпы, а ўвогуле ўся справа ў характары – так разумеў Рыбак. Але каму не вядома, што ў той гульні, якая завецца жыццём, куды з большым выйгрышам аказваецца той, хто ўмее хітраваць, хто дбае пра свой лёс, а не пра свой не заўсёды здаровы гонар. Ды і як жа інакш? Сапраўды, фашызм – машына, якая здратавала сваімі калясьмі паўсвету і бадай усю Эўропу, хіба можна ўвесь час бегчы ёй напярэймы і размахваць голымі рукамі? Можа, куды здатней будзе паспрабаваць ціхенька сунуць ёй між колаў якую-небудзь патарчаку; глядзі – забуксуе і тым дасць магчымасць уратавацца.

Сотнікаў змоўк ці, можа, забыўся ў знямозе, і Рыбак перастаў лезці да яго з размовай. Хай робіць, як знае, – Рыбак жа будзе кіравацца сваім розумам.

Ён скурчыўся на баку, паставіў каўнер кажушка. Пакуль што няблага было б падрамаць якую гадзіну, каб яснейшая стала галава, бо неўзабаве, мусіць, прыйдзецца папацець, каб як абысці свой лёс. Аднак ён верыў у сваю шчаслівую зорку і патроху ўпэўніваўся, што ягоныя адносіны з паліцаямі павярнулі ў патрэбны кірунак, якога і трэба пакуль што трымацца. Калі б толькі Сотнікаў сваёй недарэчнай упартасцю не сапсаваў яму ўсе разлікі. Але, мусіць, Сотнікаў доўга не працягне – на тое была ўся надзея. Дзіўна гэта было і незвычайна – жадаць смерці таварышу, але, пэўна, інакш не выпадае.

Задумаўшыся, Рыбак не адразу пачуў, як нешта ціхенька шкрабанула па ягоным боце, потым яшчэ раз. Ён варухнуў нагой і тады выразна пачуў пацука – шэры камяк матлянуўся ад бота да сцяны і стаіўся там; хвост яго тонкім кончыкам пугі насцярожана пралёг на саломе. Скалануўшыся ад гідлівага спалоху, Рыбак піхнуў туды абцасам – пацук піскнуў і шмыгануў некуды ў цёмны кут. Па шастанню саломы Рыбак адчуў, што ён там не адзін. Мусіць, трэба было чымсь шпурнуць у іх, ды нічога не траплялася пад рукамі. Тады Рыбак сарваў з галавы шапку і кінуў яе ў кут.

Калі там прыціхла, ён на кукішках споўзаў па шапку і зноў прыхінуўся плячамі да халоднай мураванай сцяны. Аднак спакой яго ўжо мінуўся, спаць ён не мог. Чакаючы новай атакі грызуноў, захінуў шынялём босую нагу Сотнікава і з незразумелым гідлівым страхам пачаў узірацца ў кут. Не мінула і хвіліны, як там падазрона заварушылася, зашкрэбла – мабыць, вылазілі зноў. Рыбак памацаў па сцяне рукамі, у адным месцы адкалупаў кавалак тынкоўкі, разламаў яго пальцамі і пачаў час ад часу шпурляць у кут – палохаць пацукоў.

14

Пётру прывялі няскора, мусіць, ужо на захадзе сонца, калі ў камеры зусім згусцеў змрок і акенца ўгары ледзь свіцілася скупымі рэшткамі марознага дня. Ды і ў дзвярах, калі яны адчыніліся, не было ўжо ранейшае віднасці – угнуўшы сівую галаву, стараста моўчкі пераступіў парог і сунуўся ў свой змрочны кут пад акенцам. Рыбак ля сцяны не варухнуўся, толькі сцяўся ўвесь, нібы стараючыся знікнуць у цемры гэтай смярдзючай камеры. Было боязна, што наступным зноў паклічуць яго, хоць ён разумеў, што ад паліцая гэта зусім не залежала. Але не паклікалі нікога, дзверы зачыніліся, лязгнуў засоў. Паліцай, аднак, – гэты раз нехта іншы, не Стась, – пайшоў не да прыступак, а павярнуў у другі бок па калідоры; неўзабаве недзе ў глыбіні склепа загрукала, пачуліся глухаваты вокрык і кароткі жаночы ўсхліп.

Гэта бралі жанчын.