10891.fb2
I гэта праўда, думаю сабе. Але ўсё ж такі гэты Мароз добраахвотна працуе пад нямецкай уладай. Як тут быць?
I раптам, памятаю добра, падумалася неяк само сабой: ну і хай! Хай працуе. Не важна дзе — важна як. Хоць і пад нямецкім кантролем, але, напэўна, ужо ж не на немцаў. На нас працуе. Можа не так на наша цяперашняе, дык на наша будучае. Бо будзе ж і ў нас будучае. Павінна быць. Іначай навошта тады і жыць? Адразу галавой у прорву і — канец.
Але, аказваецца, Мароз гэты працаваў не толькі дзеля будучага.
Гадзіна, мусіць, ужо мінула, я пабаяўся за пракурора, выйшаў паклікаць яго. Той спярша ўпіраўся, не хацеў ісці, але сцюжа даняла, пабрыў следам. Павітаўся з Марозам стрымана, не адразу ўключыўся ў размову. Але спакваля асмялеў. Яшчэ пагаварылі, затым распрануліся, сталі сушыцца. Марозава бабка нешта паставіла на стол, і нават бутэлечка, мутнай, праўда, знайшлася.
Так парадкам мы пасядзелі тады, пагаварылі па шчырасці аб усім. I трэба сказаць, мабыць, тады ўпершыню я адкрыў, што Мароз гэты — не нам раўня, разумнейшы за нас абодвух. Вось так здараецца, што калі часам усе робяць разам, па адных правілах, дык здаецца тады, што і на розум усе аднолькавыя. Але калі жыццё развядзе па сваіх розных сцежках, ва ўсе бакі і раптам неспадзявана нехта вырываецца, вылучаецца ад іншых, тады мы здзіўляемся: глядзі, а быў як усе. Здаецца, і не разумнейшы за іншых. А як падскочыў.
Вось тады і я так адчуў, што Мароз сваім розумам бярэ шырай за нас, глыбей. Пакуль мы шасталі па лясах ды дбалі аб самым надзённым — пад'есці, перахавацца, узброіцца ды якога немца падстрэліць,— ён думаў, паглыбляўся, асэнсоўваў гэту вайну. Ён і на гэтую акупацыю глядзеў як бы знутры і бачыў такое, што мы не заўважылі. Галоўнае, ён яе болей маральна адчуваў, з духоўнага боку, ці што. I знаеш, нават пракурор мой гэта адчуў. Калі мы ўжо добра нагаварыліся, зусім збліжэлі адзін да аднаго, я і кажу Марозу: «А можа кідай усю гэту шарманку ды айда з намі ў лес. Партызаніць будзем». Памятаю, Мароз насупіўся так, зморшчыў лоб, а пракурор тады і кажа: «Не, не трэба. Які з яго, кульгавага, партызан! Ён тут нам болей патрэбны». I Мароз з ім пагаджаецца: «Цяпер, мусіць, мне тут болей да месца. Усё ж мяне тут кругом ведаюць, памагаюць. Хіба калі ўжо нельга будзе...»
Ну і я пагадзіўся. Сапраўды, нашто ўсім у лес? Ды яшчэ з такою нагой. Мусіць, і нам выгадней мець свайго чалавека ў Сяльцы.
Во так мы тады пагасцявалі ў яго і са спакойнай душой развіталіся. I скажу табе, гэты Мароз стаў для нас самым дарагім памагатым з усіх нашых памагатых у вёсках. Галоўнае, як пасля аказалася, прыёмнік дастаў. Не сам, вядома,— мужыкі перадалі. Так яго паважалі ў вёсках, так лічыліся з ім, што, як і раней, не да папа ці ксяндза ішлі з чым благім ці харошым, а да яго. I калі во недзе аказаўся гэты прыёмнічак, дык найперш перадалі настаўніку свайму Алесю Іванавічу. А той паціхеньку пачаў яго пакручваць у асеці. Увечары, бывала, раскіне антэну на грушыне і слухае. А затым запіша, што чуў. Галоўнае — зводкі Саўінфармбюро, на іх быў самы вялікі попыт. У нас у атрадзе нічога не мелі, а ён во — займеў. Селязнёў, праўда, як дазнаўся, дык хацеў адабраць для сябе, але перадумаў. У нас бы тыя навіны чалавек трыццаць пяць слухала, а так уся акруга карысталася імі. I зрабілі так, што разы два ў тыдзень Мароз перадаваў зводкі ў атрад — была там каля леснічоўкі такая дуплянка на хвоі, туды ягоныя хлопцы клалі, а нашыя забіралі ўначы. Памятаю, сядзелі мы тою зімою па сваіх ямах, усё скрозь пазамяло снегам, халадэча, глухата, са жратвой тугавата, і толькі радасці, што гэтая Марозава пошта. Асабліва калі немцаў з-пад Масквы пагналі — кожны дзень тады бегалі да яліны... Стой, здаецца, хтось едзе...
З начной цемрадзі ззаду праз лёгкія павевы свежага ветру данёсся знаёмы пошчак конскіх капытоў, бразнулі цуглі. Колаў, аднак, не было чутно на гладкім, падмеценым аўтамабільным віхрам асфальце. Цёмная восеньская ноч ужо зусім ахінула зямлю, толькі наперадзе, куды імкнула шаша, разрознена ззялі электрычныя агні недалёкай прыдарожнае вёскі Будзілавічы. З-за пагорка ад яе жвава стрыглі ў небе стромкія ножніцы святла з фараў.
Мы прыпыніліся, крыху счакалі, і сапраўды з ночы, пастукваючы падковамі, вытупаў ціхі рахманы конік з адзінокім седаком у возе, які лена патузваў лейцамі. Згледзеўшы нас двух на ўзбочыне, возчык насцярожыўся, углядаючыся і чакаючы якога пытання.
— Во хто нас падвязе,— без прывітання лёгка сказаў Ткачук.— Мусіць жа, пусты, га?
— Пусты. Мяхі адвозіў,— глухавата пачулася з воза.— А вам далёка?
— Ды ў горад. Але хоць бы да Будзілавіч давёз.
— Ну, гэта можна. Якраз у Будзілавічы еду. А там на аўтобус сядзеце. У дзевяць аўтобус. Гродзенскі. Цяпер каторая?
— Без дзесяці восем,— сказаў я, так-сяк разгледзеўшы стрэлкі свайго гадзінніка.
Фурманка спынілася. Ткачук, крэкнуўшы, узлез на яе, я прыткнуўся ззаду. Сядзець тут было не надта каб зручна, нешта муляла на голых са смеццем дошках, але я ўжо не хацеў адставаць ад майго спадарожніка, які з салодкаю зморай уздыхнуў і звесіў цераз край ногі.
— А ўсё ж, знаеш, замарыўся. Што значыць — гады. Эх, гады, гады...
— А здалёк ідзяцё? — спытаў возчык. Мяркуючы па яго глухаватым голасе, быў ён таксама не маладога ўжо веку, паводзіў сябе зважліва і як бы чагось чакаў.
— З Сяльца.
— А, дык з пахавання, мусіць?
— З пахавання,— коратка пацвердзіў Ткачук.
Возчык патузваў лейцамі, конь рушыў барзджэй — дарога кіравала ўніз. Насустрач, па той бок змрочнай, без аніводнага аганька шырокай нізіны, усё джгала здалёк стромкае святло аўтамабільных фараў.
— Да, малады быў яшчэ чалавек, настаўнік гэты. Ведаю добра. Залетась у горадзе ў бальніцы разам ляжалі.
— З Міклашэвічам?
— Ну. У аднэй палаце. Яшчэ ён усё нейкую тоўстуюкніжку чытаў. Калі дык і ўслых. Вот забыўся таго пісацеля... Помню, пісалася там, што калі няма бога, дык няма і чорта, а значыцца, няма ні раю, ні пекла, значыцца, усё можна. I забіць, і памілаваць. Во як. Хаця ён казаў, што гэта гледзячы як разумець. Гледзячы на каго.
— Дастаеўскі,— кіўнуў Ткачук і сказаў возчыку: — Ну а ты, напрыклад, як разумееш?
— Ды я што! Я цёмны чалавек, тры класы абразавання. Але так мяркую, што трэба, каб нешта было ў чалавеку. Шрубка якая. А то без шрубкі дрэнь справа. Вунь у горадзе трое наскочылі на хлопца з дзеўкай, чуць шкоды не зрабілі. Віцька наш, хлопец з Будзілавіч, умяшаўся, дык сам цяпер у бальніцы трэці тыдзень ляжыць.
— Пабілі?
— Не сказаць каб набілі — усяго адзін раз ударылі кісцянём па скроні. Але і ад яго нехта дастаў. Злавілі — знатны бандзюга аказаўся.
— Гэта харашо! — ажывіўся Ткачук.— Глядзі, не спужаўся. Адзін супраць трох. Калі гэта было ў вашых Будзілавічах?
— Ну, у Будзілавічах можа і не было...
— Не было, не было. Знаю я вашыя Будзілавічы — бедная веска. Выселкі. Цяпер што, цяпер іншая справа:пад шыфер ды гонту ўбраліся, а ці даўно яшчэ на стрэхах мох зелянеў! Гэткая вёска пры бруку, і што дзівіла мяне — ніводнага дрэўца! Як у Сахары якой. Сапраўды, зямля — адзін пясок. Помню, неяк зайшоў — расказалі гісторыю. Аднаго будзілаўчаніна галадуха па вясне прышчаміла, дайшоў на крапіве, ну і надумаў па дарозе разжыцца. Ноччу падпільнаваў аднаго прахожага ды і стукнуў абушком. Вунь цяпер яшчэ на ваколіцы ля каменя крыж стаіць. Аказаўся жабрак з пустой торбай. А гэты катаргу атрымаў, так з Сібіры і не вярнуўся. А цяпер,глядзі ты — кавалер які знайшоўся ў Будзілавічах. Рыцар.
— Ну.
— А куды ў школу хадзіў? Не ў Сяльцо?
— Да пятага класа ў Сяльцо.
— Ну во бачыш,— шчыра ўзрадаваўся Ткачук.— У Міклашэвіча, значыць, вучыўся. Я так і ведаў. Міклашэвіч умеў вучыць. Яшчэ тая закваска, адразу відно.
«Што праўда, то праўда,— падумаў я.— Пэўна відаць: пашэнціла гэтаму Сяльцу на настаўнікаў, дай бог на болей такіх».
— А ён, гэты Віктар ваш, хто? Робіць дзе? — яўна зацікаўлены павярнуўся да возчыка Ткачук.
— Ды малады яшчэ. На настаўніка вучыцца.
— Малайчына. Вось бы і яго ў тое Сяльцо. На змену. Трэцяе пакаленне, брат, ідзе... Хаця гэты з вышэйшай у пачатковую не пойдзе. Калі талковы, у горадзе засядзе: аспірантура, кандыдантура і так далей.
Апошнія словы Ткачука прагучалі са шкадаваннем, і мне раптам таксама дужа захацелася, каб гэты незнаемы Віктар сапраўды трапіў у Сяльцо. Увогуле гэта было б здорава. Хоць, зрэшты, хіба так важна, куды накіруюць будучага настаўніка.
— Знаеш, я дык не згодны,— натрапіўшы на нешта сваё, пачаў рязважаць Ткачук.— Навука навукай, але і чорную работу рабіць траба. Калі разабрацца, дык яна, можа, яшчэ важней за навуку. А то як толькі дзе хто аб'явіцца лепшы, дык адразу яго ў навуку.. Зноў жа, і прабіўныя, тых ад яе за вушы не адцягнеш. А кандыдата атрымаў — і не чухаецца. Усё жыццё казну доіць. А запытай: каму яна патрэбна, тая іх педнавука? У той жа час паглядзі ў школах: рэдка дзе прашмыгне мужчына. Скрозь жанчыны. Я нічога не маю проці жанчын, ёсць і сярод іх слаўныя настаўніцы. Але ж настаўніца для дзяўчат, для малых яшчэ куды ні гадзіцца, а для падлеткаў? Ды і для старэйшых мужык патрэбны. Бо што жанчына: у яе самой дзеці, гаспадарка, муж, сталаванне, уборы-прыборы. Вучням яна дай бог калі выдзеліць які мінімум. А ім, брат ты мой, калі хочаш харошым быць, аддай усяго сябе. Тады ты для іх станеш ідэалам, прыкладам, з якога робяць жыццё. Во як той Сухамлінскі з Паўлыша або як Макаранка быў. А прападавацеляў розных прадметаў яны і ў грош не цэняць. Цяпер між іх саміх такія знаўцы водзяцца, што не горш за настаўніка разбяруцца. I ў матэматыцы, і ў літаратуры.
Машыны хутка ляцелі насустрач і яшча здадёку асляпілі нас зіхоткім патокам промняў. Возчык рупна збочыў з фурманкай, конік запаволіў хаду, і яны з ровам прамчаліся міма, сцебануўшы па возе шчэбенем з-пад колаў. Стала зусім цёмна, і з паўхвіліны мы слепа ехалі ў гэтую цемрадзь, не бачачы дарогі і даверыўшыся каню. Ззаду па шашы хутка аддаляўся, меншаў магутны нутраны гул дызеляў.
— Дарэчы, вы не даказалі... Дык як яно тады з Марозам абышлося? — напомніў я Ткачуку.
— Ге, каб жа абышлося. Тут доўгая яшчэ гісторыя. Ты, дзед, Мароза не ведаў? Ну, настаўніка з Сяльца? — звярнуўся ён да нашага возчыка.
— Таго, што тады ў вайну?.. А як жа! Яшчэ манго племяша разам загубілі.
— Гэта каго?
— А Бародзіча. Гэта ж пляменнік мой. Сястры роднай сын. Як жа, ведаю...
— Дык во я таварышу ўсю гэту гісторыю расказваю.