10891.fb2
– Прэч рукі! Я сам! – прахрыпеў Сотнікаў.
– А ты, жыдзяня, чаго жджэш? Ану, вымятайся! Не хацела прызнавацца, будзеш на вяроўцы гутатацца, – Стась засмяяўся са сваёй красамоўнасці і тут жа вызверыўся: – Гэць, юда паршывая!
Па слізкіх заснежаных прыступках яны вылезлі на падворак. Рыбак вяла пераступаў нагамі, не зашпільваючы паўшубка і не заўважаючы паветранай свежасці, якая пасля ночы ў смярдзючым склепе ап’яняла яго, і ён памалу хістаўся з боку ў бок. Насупраць ад увахода ў склеп стаяла чалавек шэсць паліцаяў з вінтоўкамі. Яны чакалі. Ціснуў невялікі марозік, надвор’е было хмарнае і ветранае, з каміноў над стрэхамі апантана імкнулі рваныя космы дыму.
Рыбак стаў перад ганкам, побач спыніліся Дзёмчыха і Бася, якая цяпер прыкметна тулілася да жанчыны, зябка горнучы адна да адной босыя скарэлыя ступні. Пётра са спаважнай паныласцю ва ўсім сваім старэчым абліччы стаў трошкі наводдаль. Стась, лаючыся, вывалак па прыступках Сотнікава, якога тут жа зморана кінуў на снег. Але той з натугай узгробся на ногі і выпрастаўся ў сваім пакамечаным, скрываўленым шынялі.
– Дзе следчы? Паклічце следчага! – сказаў ён глухаватым голасам.
Рыбак спахапіўся, што і яму таксама вельмі трэба да следчага, і, стараючыся як мага лагодней, загаварыў да паліцаяў:
– Вядзіце нас да следчага. Ён учора казаў.
– Завядзём, а як жа! – са з’едлівай шматзначнасцю намякнуў вепрукаваты паліцай. Ён ляснуў па пале вяроўчынай, якую трымаў у руцэ, і рашуча ступіў насустрач. – Ану, рукі!
Рабіць нечага было, Рыбак даў рукі, той хвацка заламіў іх назад і з дапамогай другога пачаў туга скручваць за спіной. Рыбак паморшчыўся не так ад болю ў запясцях, як ад скрухі, што ахапіла яго, – гэта ж сапраўды быў канец.
– Далажыце следчаму. Нам патрэбны следчы, – вымавіў ён не дужа, аднак рашуча, усё болей адчуваючы, як зямля хінецца кудысь з-пад яго ног.
Але паліцай злосна тузануў ззаду.
– Позна! Адследчыліся!
– Як гэта – адследчыліся?! – зазлаваў Рыбак і зірнуў цераз плячо: нейкая няголеная ў белай шчэці морда, лыплівыя, зусім свінаватыя вочкі, у якіх таіліся нахабства і пагарда да яго, – крыкам такога не спалохаеш. І тады ён з жахам тапельца ўхапіўся за адзіную сваю магчымасць – прасіць.
– Ну паклічце Партнова. Я вас прашу. Людзі вы ці не?
Але да Партнова, мусіць, было далей, чымсі да смерці. Ніхто яму не адказаў нават.
Між тым рукі яго былі ўмела і туга скручаны тонкай вяроўчынай, якая балюча ўелася ў скуру, і яго адпіхнулі ўбок. Узяліся за Дзёмчыху.
– Ты, кліч сюды следчага, – з апантанай настойлівасцю патрабаваў Сотнікаў ад Стася, які з вінтоўкай за плячом завіхаўся ля Дзёмчыхі.
Але той нават не зірнуў на небараку, ён, як і ўсе яны тут, нібы аглух да іх просьбы, нібы гэта былі не людзі, а якая жывёла. І гэта яшчэ болей пераканала Рыбака, што справы іх дрэнь. Будзе смерць... Але як жа тады?.. Чаму ж ён не рашыўся, калі былі вольныя рукі?
Адчуванне адзіна зручнай і безнадзейна ўпушчанай магчымасці зусім прыдушыла яго. Нешта ў ім жаласна затрымцела ўнутры ад усведамлення нейкай сваёй памылкі, і ён разгубленым позіркам залыпаў наўкола. І тады на ганак адзін за адным з памяшкання пачало выходзіць начальства – нейкія чыны ў новай паліцэйскай форме: чорных караткаватых шынялях з шэрымі каўнярамі і такімі ж абшлагамі на рукавах, пры пісталетах; за імі выйшлі чацвёра немцаў, мабыць, афіцэраў, у даўгіх шынялях і фуражках з высока задраным верхам. Чалавекі са тры, апранутыя ў цывільныя паліто і захутаныя шалікамі, баязліва пазіралі на немцаў і трымаліся збоч, нібы госці, запрошаныя на чужое свята. Паліцаі на падворку зважліва пацішэлі, прыкметна выцягнуліся.
Нехта спяшаючыся палічыў ззаду:
– Раз, два, тры, чатыры, пяць...
– Усё гатова? – запытаў з ганка плячысты паліцай з маленькім кабурам на жываце.
Менавіта гэты кабур, а таксама постаць дужага, віднага сярод другіх чалавека далі Рыбаку зразумець, што гэта начальнік. Толькі ён падумаў пра гэта, як ззаду сіпата загаманіў Сотнікаў:
– Начальнік, я маю зрабіць паведамленне!
Той адразу спыніўся на прыступках, калянуў арыштанта цяжкім уладным позіркам.
– Што такое?
– Я параніў вашага паліцая. Я партызан! – не дужа гучна сказаў ён і кінуў у бок Рыбака: – Той выпадкам тут апынуўся, я магу растлумачыць. Астатнія зусім ні пры чым. Калі караць, дык карайце аднаго мяне.
Начальства на ганку прымоўкла, двое пярэдніх немцаў насцярожана пераглянуліся, Рыбак адчуў, як прыемная, амаль выратавальная іскрынка ўзгарэлася ў ім і адразу запаліла слабенькую яшчэ надзею: а можа, павераць? Ад гэтага яго радаснага пачуцця з’явілася ціхая ўдзячнасць Сотнікаву за яго заступніцтва.
Аднак насцярожаная цікаўнасць начальніка хутка змянілася нецярплівай строгасцю ў яго цвёрдым, поўным рашучасці позірку.
– Гэта і ўсё? – холадна запытаў ён і саступіў з прыступкі на снег.
Сотнікаў нібы заікнуўся ад нечаканасці.
– Магу расказаць падрабязней.
Адзін з немцаў незадаволена буркнуў, і начальнік махнуў рукой.
– Вядзіце!
«Ось так, не хоча нават і слухаць...» – падумаў Рыбак. Мабыць, ужо ўсё вырашана загадзя. Але як жа тады ён? Няўжо яму так нічым і не паможа гэтае заступніцтва Сотнікава?
Тупаючы па драўляных прыступках, паліцаі сходзілі з ганка, і раптам у адным з іх, што гэты раз таксама быў у новенькай паліцэйскай форме, Рыбак пазнаў Партнова. Ну безумоўна, гэта быў той самы ўчарашні следчы, які гэтак абнадзеіў яго і цяпер нібы адступіўся, забыўшыся на сваю прапанову. Рыбак як згледзеў яго, дык ажно страпянуўся і памкнуў наперад. Была не была – цяпер яму ўжо не здавалася ні страшна, ні нават няёмка.
– Гаспадзін следчы, гаспадзін следчы! Адну хвілінку! Вы гэта ўчора гаварылі, дык я згодны. Бо я тут, яй-богу, ні пры чым. Вунь ён жа пацвердзіў.
Чыны, што ўжо кіравалі купкаю са двара, зноў незадаволена, па адным сталі спыняцца. Спыніўся і Партноў. Новы паліцэйскі шынелак быў яму яўна вялікі і даволі нязграбна сядзеў на яго мізэрнай постаці, чорная пілотка тырчала ўбок, але ў абліччы следчага яшчэ пабольшала начальніцкай важнасці, нейкай паказной суровасці. Высокі перахлябісты немец у вайсковым запытальна павярнуўся да яго, і следчы нешта бойка растлумачыў яму па-нямецку.
– Падыдзіце сюды!
Пры пільнай увазе з абодвух бакоў Рыбак падышоў бліжэй да ганка. Кожны яго крок нейкім страхавітым шматзначным ударам адгукаўся ў ягонай душы. Нітачка яго яшчэ не ўзмацнелай надзеі напялася, гатовая назаўжды абарвацца.
– Вы згодны ўступіць у паліцыю? – па-ўчарашняму жорстка свідруючы яго вочкамі, запытаў следчы.
– Згодзен, – з усёю шчырасцю, на якую толькі быў здольны, адказаў Рыбак.
Ён таксама не зводзіў свайго амаль адданага позірку з нясвежага і немаладога, хоць і добра паголенага твару Партнова. Той і немец яшчэ нешта перагаварылі па-нямецку.
– Так. Развязаць!
– Сволач! – як удар, стукнуў яго ў патыліцу нягучны злы вокліч. Гэта, вядома, Сотнікаў, які тут жа і выдаў сябе знаёмым кашлем.
Але хай! Нешта пагрозлівае і цяжкое, што гэтак блізка падступілася да Рыбака, стала аддаляцца, ён хапіў ротам паветра і адчуў, як нечыя рукі тузанулі ззаду вяроўку. Але ён не азірнуўся нават. У радасным нечаканым змярцвенні ён адчуваў толькі адно: будзе жыць! Развязаныя рукі яго збалела апалі ўздоўж цела, і ён зрабіў крок убок, падсвядома імкнучыся адасобіцца ад іншых, – цяпер яму карцела быць як мага далей ад усіх. Здаецца, усё было шчасліва і хутка вырашана, ён адышоўся яшчэ на тры крокі, і ніхто не спыніў яго. Нехта з начальства павярнуўся, каб ісці да варот, як раптам ззаду раздаўся здзічэлы крык Дзёмчыхі:
– Ага, дык яго пускаеце! Тады пусцеце і мяне! Пусцеце! Я скажу, у каго яна хавалася! Во гэта! Я скажу! У мяне малыя, а Божачка, на каго ж яны...
Яе роспачна адчайны крык зноў прымусіў усіх спыніцца, і найперш спыніўся Партноў. Высокі немец нешта незадаволена пракартавіў, і следчы падышоў да жанчыны.
– Ану, ану! Скажы, у каго?