10891.fb2 Выбранае - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 6

Выбранае - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 6

— Ты то ведаеш, значыць? А то можаш даслухаць, мабыць, не ўсё чуў. У лесе ж, мусіць, не быў? У партызанку?

— А як жа! Быў,— крыўдліва азваўся чалавек.— У таварыша Куруты. Вазіў раненых. Санітарам рабіў.

— У Куруты? Камбрыга Куруты?

— Ну. Ад вясновага Міколы ў сорак трэцім і да канца. Як нашыя прыйшлі. Лічы, больш года.

— Ну, Курута не нашай зоны.

— Мала што. Нашай не нашай, а быў. Медаль маю і дакумент,— ужо зусім закрыўдаваў стары. Ткачук паспяшаўся змякчыць гаворку:

— Ды я нічога, я так. Маеш — насі на здароўе. Тут мы пра іншае... Мы пра Мароза.

— На першым часе ўсё ў яго ішло добра. Немцы і паліцаі пакуль не чапляліся, мабыць, сачылі здаля. Адно, што тачыла яго сумленне і што ён перажываў доўга,— дык гэта ўдовіны дочкі. Тыя во дзве дзяўчынкі, якіх ён некалі адводзіў дадому.

Улетку сорак першага, якраз перад вайной, паслаў іх у піянерскі лагер пад Навагрудак — рганізоўвалі тады першы раз такія міжраённыя піянерскія лагеры. Маці не хацела пускаць, баялася — вядома, вясковая баба, далей раёна нідзе не была, а ён угаварыў, думаў дзяўчатам харошае зрабіць. Толькі паехалі, а тут вайна. I прапалі малыя. Мінула ўжо колькі месяцаў, а ад іх ні слыху ні дыху. Вядома, маці ўбіваецца, ды і Марозу праз тое не соладка. Як-ніяк, яго ўсё ж віна. Точыць сумленне, а што зробіш? Так і па сёння прапалі дзяўчаты.

Цяпер трэба табе сказаць пра тых двух паліцаяў з Сяльца. Аднаго ты ўжо ведаеш, гэта былы пракурораў знаёмы Лаўчэня Уладзімір. Аказваецца, быў ён не такі, за каторага мы яго спярша прынялі. Праўда, у паліцыю пайшоў — сам ці прымусілі, цяпер ужо не дазнаешся,— ды ў сорак трэцім зімой немцы расстралялі яго ў Навагрудку. Дзядзька ўвогуле аказаўся харошы, многа нам добрага зрабіў і ў гэтай гісторыі з хлопцамі сыграў даволі прыстойную ролю. Лаўчэня быў маладзец, хоць і паліцай. А вось другі аказаўся апошнім гадам. Не памятаю ўжо ягонага прозвішча, але па вёсках яго звалі Каін. I сапраўды быў Каін, многа бяды нарабіў людзям. I адкуль што ўзялося — чорт ведае. Да вайны жыў з бацькам на хутары, малады яшчэ быў, не жанаты, хлопец як хлопец.

Быццам ніхто пра яго, даваеннага, паганага слова сказаць не мог, а прыйшлі немцы — перарадзіўся чалавек. Во што значыць умовы. Мусіць, у адных умовах расцвітае адна частка характару, а у другіх — другая. Таму на кожным часе свае героі. Дык вось і ў гэтага Каіна да вайны драмала сабе паціху нешта нягоднае, і каб не гэтая калатнеча, можа б і не выперла з яго ніколі. А тут во налезла. Шчыра паслужыў немцам, нічога не скажаш. Ягонымі рукамі тут шмат чаго нароблена. Увосень параненых камандзіраў расстраляў. (З лета хаваліся ў лесе чацвёра параненых, хто-ніхто з мясцовых ведаў пра іх, ды маўчаў. А гэты высачыў, знайшоў у ельніку зямляначку і з дружкамі перабіў усіх ноччу). Сядзібу сувязнога аднаго, Крыштафовіча, спаліў. Сам Крыштафовіч паспеў уратавацца, а бацькі старыя, жонка з дзецьмі — усе ў агні пагарэлі. Яўрэяў у мястэчку катаваў, аблавы рабіў. Ды ці мала што! Улетку сорак чацвёртага знік недзе. Можа дзе палучыў кулю, а можа і цяпер на Захадзе раскашуе. Такія і ў віры не тонуць.

Дык вось гэты Каін нешта ўсё ж западозрыў каля Марозавай школкі. Які б ні быў Мароз асцярожны, а, ведама, што-нішто вылезла, як шыла з мяшка. Мусіць, дайшло і да паліцэйскіх вушэй.

Аднойчы пад вясну (снег ужо стаў раставаць) з'яўляецца ён да Мароза. У таго якраз ішлі заняткі — чалавек дваццаць дзетвары ў адным пакоіку за двума доўгімі сталамі. Урываецца гэты Каін, з ім яшчэ двое і немец — афіцэр з камендатуры. Зрабілі вобыск, ператрэслі вучнёўскія торбачкі з кніжкамі, праверылі падручнікі. Ну але, ведама, нічога такога не знайшлі — што можна знайсці ў вучняў у школе? Праўда, нікога не зачапілі, не забралі. Толькі настаўніку допыт наладзілі, гадзіны дзве ганялі па. розных пытаннях. Але абышлося.

I тады Марозавы хлопцы, маладзейшыя, што вучыліся ў яго, і той пераростак Бародзіч, нешта ўдумалі. Увогуле яны былі шчырыя з настаўнікам, але тут затаіліся нават і ад яго. Аднойчы, праўда, гэты Бародзіч быццам між іншым намякнуў, што не лішне б прыстукнуць Каіна. Ёсць, маўляў, такая магчымасць. Ды Мароз .забараніў катэгарычна. Сказаў, што калі трэба будзе — прыстукнуць без іх. Самавольнічаць у вайну нягожа. Бародзіч не стаў пярэчыць, нібыта пагадзіўся. Але такі ўжо гэта быў хлопец, што калі браў што ў галаву, дык не хутка расставаўся са сваёй думкай. А думкі ў яго заўсёды былі адна за другую смялейшыя.

Далей мне ўжо расказваў сам Міклашэвіч, дык можна лічыць, што ўсё тут чыстая праўда.

Сталася так, што пад вясну сорак другога вакол Мароза ў Сяльцы склалася невялічкая, але адданая яму групка хлопцаў, якая ва ўсіх справах была з настаўнікам заадно. Хлопцы гэтыя цяпер вядомыя, на помніку ўсе іх імёны ў поўным складзе, апроч Міклашэвіча, канечне. Паўлу Міклашэвічу ішоў тады пятнаццаты год. Коля Бародзіч быў самы старэйшы, мусіць, год пад васемнаццаць бралася хлопцу. Яшчэ былі браты Кажаны — Цімка і Астап, аднафамільцы — Смурны Мікола і Смурны Андрэй, усяго такім чынам шасцёра. Самаму малодшаму з іх, Смурнаму Міколу, было якіх гадоў трынаццаць. Заўжды ва ўсіх справах яны трымаліся разам. I вось гэтыя хлопцы як убачылі, што на іх школу і на іхняга Алеся Іванавіча насеў гэты Каін з немцамі, рашылі таксама не застацца ў даўгу. Сказалася Марозава выхаванне. Але ж гэта хлопцы, амаль хлапчукі, без зброі, амаль з голымі рукамі. Дурасці ды адвагі ў іх было аж занадта, а спрыту ды розуму недахват. Ну і скончылася гэта ведама чым.

Міклашэвіч расказваў, што пасля таго, як Мароз забараніў чапаць гэтага Каіна, яны пасядзелі крыху ды ўзяліся за сваю задуму цішком, патаемна нават і ад настаўніка. Доўга меркавалі, прыглядваліся і ўрэшце надумалі такі план.

Я, здаецца, казаў ужо, што гэты Каін жыў з бацькам на хутары цераз поле ад Сяльца. Увогуле ўвесь час ён аціраўся ў мястэчку, але калі-нікалі прыязджаў дадому — пап'янстваваць ды пазабаўляцца з дзеўкамі. Прыязджаў рэдка адзін, а болей з такімі ж, як сам, здрайцамі, а то і з нямецкім начальствам. Тады ў туташнім краі было яшчэ ціха. Гэта пасля ўжо, з лета сорак другога загрымела, і яны не дужа паказвалі носа ў вёскі. А ў першую зіму паводзілі сябе нахабна, адчайна, нічога не баяліся. Часам гэты Каін і ўноч заставаўся на хутары, пераначуе, а назаўтра ранічкай коціць сабе ў раён. Вярхом, на санях, а то і на нямецкай машыне. Калі з начальствам. I вось хлопцы аднаго разу падпільнавалі момант.

Усё сталася нечакана, неспадзявана, як след не арга, нізавана. Вядома, хлапчукі — малыя, нявопытныя. Ды і адкуль той вопыт? Адна прага помсты, і болей нічога.

Памятаю, была вясна. З палёў сышоў снег, у лесе, праўда, на равах ды ямах яшчэ ляжаў бруднымі пластамі. У балацявінах, на пожнях было сыра і хлюпка. Ручаі беглі поўныя, мутныя. Але дарогі падсыхалі, сад ранак часам здараўся невялікі маразок. Атрад наш сабольшаў, набралася паўсотня чалавек: вайскоўцы і мясцовыя папалам. Мяне паставілі камісарам. То быў радавы, а то адразу начальства — клопату нахлынула, не дай бог. Але быў малады, энергіі хапала, стараўся, спаў па чатыры гадзіны ў суткі. У той час мы ўжо зналі, прадбачылі: увесну загрыміць, а зброі ў нас было малавата, на ўсіх не хапала. Дзе маглі — усюды здабывалі, шукалі зброю.

Пасылалі за ёй, памятаю, аж за сто кіламетраў на дзяржаўную граніцу. Аднаго разу нехта сказаў, быццам на пераездзе праз Шчару нашы мінулым летам, адступаючы, увалілі два грузавікі з боепрыпасамі. I вось Селязнёў загарэўся, рашыў выцягнуць. Сарганізаваў каманду з пятнаццаці чалавек, нарыхтаваў пару фурманак, узяўся кіраваць сам — ведама, надакучыла сядзець. у лагеры. А мяне пакінуў тут за галоўнага. Першы раз начальнікам над усімі, ноч напралёт не спаў, два разы правяраў пасты — на просецы і дальні, ля кладкі. Уранку толькі задрамаў у зямлянцы — будзяць. Ледзьве падняўся з свайго хваёвага ложка, гляджу —стаіць Віцюня, наш партызан, даўгалыгі такі саратавец, нешта талкуе, а я са сну ніяк не магу ўцяміць. Урэшце зразумеў: вартавыя затрымалі чужога. «Хто такі?»— пытаюся. Кажа: «А чорт яго ведае, але вас пытаецца. Кульгавы нейкі».

Пачуўшы такое, я, прызнацца, спалохаўся. Адразу адчуў: Мароз. Значыць, штось сталася. Праўда, спярша чамусьці падумаў пра селязнёўскую групу — здалося: з ёй нешта, таму і прыбег Мароз. Але чаму сам Мароз? Чаму не прыслаў каго з хлопцаў? Хоць каб на цвярозы розум, дык якія Мароз меў адносіны да групы камандзіра? Яна нават і не ў той бок выправілася.

Устаў, надзеў боты, кажу: «Вядзіце сюды». I точна, уводзяць Мароза. У кажушку, цёплай шапцы, але на нагах туфлі ледзь не на босую нагу і мокрыя да каленяў штаніны. Што здарылася — не цямлю, а што здарылася кепскае — ужо ведаю пэўна: увесь выгляд Мароза пра гэта сведчыць. Ды і яго гэтае нечаканае з'яўленне тут, дзе ён ніколі яшчэ не быў. Жарты, кіламетраў дванаццаць адмахаць па такой дарозе. Вярней — без усякай дарогі.

Мароз пастаяў крыху, затым апускаецца на нары і глядзіць на Віцюню — маўляў, ці не лішні. Я даю знак, хлопец зачыняе з другога боку дзверы, і Мароз кажа такім голасам, быццам пахаваў родную маму: «Хлопцаў пабралі». Я не зразумеў спярша: «Якіх хлопцаў?» — «Маіх,— кажа.— Шасцярых чалавек сёння ноччу схапілі, сам ледзь вырваўся. Адзін паліцай папярэдзіў».

Прызнацца, тады я чакаў горшага. Я думаў, што сталася штось куды болей страшнае. А то — хлопцаў! Што яны маглі зрабіць, тыя яго хлопцы? Можа, сказалі што? Ці пасварыліся з кім? Ну, дадуць па дзесяць бізуноў і адпусцяць. Такое ўжо было. Тады я яшчэ не прадбачыў усяго, што станецца праз гэты арышт Марозавых хлопцаў.

А Мароз крыху супакоіўся, аддыхаўся, нават закурыў самасейкі (раней не курыў быццам) і мала-памалу пачаў расказваць.

Высвятляецца такая карціна.

Бародзіч усё ж дамогся свайго: хлопцы падпільнавалі Каіна. Якраз пару дзён таму паліцай гэты на нямецкай машыне з немцам-фельдфебелем, салдатам ды двума паліцаямі прыкаціў да бацькі на хутар. Як было ўжо не адзін раз, на хутары заначавалі. Перад тым заехалі ў Сяльцо, узялі парсюкоў у Хведара Бароўскага і глухога Дзянішчыка, нахапалі па хатах з дзесятак курэй — назаўтра меліся везці ў мястэчка. Ну, хлопцы ўсё выгледзелі, разведалі і, як сцямнелася, гародамі — на дарогу. А на дарозе гэтай, калі памятаеш, недалёка ад таго месца, дзе яна выходзіць на шашу, у раўку невялікі такі масток. Масток-то невялікі, але высокі, да вады метры два, мусіць, хоць вады той па калена, не болей. Да мастка крутаваты спуск, а потым пад'ём, таму машына там ці падвода, калі едуць, дык бяруць разгон, іначай на пад'ём не вылезеш. О, гэтыя падшыванцы, яны ўсё ўлічылі, тут яны былі майстры. Тут у іх усё было зроблена тонка. Дык вось як сцямнела, усе шасцёра з тапарамі і піламі — да гэтага мастка. Відаць, папацелі, але ўсё ж падпілавалі лагі, не зусім, а так, напалову, каб для відавоку трымалася і чалавек там ці конь маглі прайсці, а машына — не. Машына, вядома, пераехаць гэты масток ужо не магла. Зрабілі ўсё ўдала, ніхто ім не перашкодзіў, не застукаў, радасныя выбеглі з раўка. Але не ўсе. Як жа ўсім спаць у такі час, калі будзе ляцець дагары нагамі нямецкая машына! I двое засталіся дзеля такога моманту —Бародзіч і Смурны Яўген. Знайшлі сабе месцейка зводдаль у кустах і заселі пільнаваць. Астатніх адправілі дамоў.

Увогуле ўсё адбывалася так, як і было прадугледжана, апроч драбязы нейкай. Але, мусіць, гэтая драбяза іх і загубіла. Па:першае, Каін прыпазніўся, мусіць, заспаў пасля п'янкі. Развіднелася, у вёсцы паўставалі людзі, пачалася звычайная гаспадарчая цяганіна — сюды-туды. Міклашэвіч пасля казаў, што яны дома за ўсю ноч не заплюснулі вока і што далей — усё болей трывожыліся: чаму не прыбягаюць дазорныя?

А дазорныя ўпарта чакалі машыну, а машыны ўсё не было. Замест яе на дарозе ранічкай з'явілася фурманка. Дзядзька Яўмен, нічога сабе не падазраючы, коціць у равок па дровы. Давялося Бародзічу вылезці са свае сховы і страчаць дзядзьку. Кажа: «Не едзьце, пад мастом міна». Яўмен спалохаўся, не стаў дужа цікавіцца той мінай і павярнуў у аб'езд.

Нарэшце гадзін, мабыць, у дзесяць на дарозе паказалася машына. На жаль, дарога была кепская, у выбоінах, хуткасці не было ніякай, дык яна і паўзла паціху, валюхаючы з боку на бок. Не было і разгону ў раўку. Паціху спаўзла над ухіл, на мастку шафёр яшчэ прымарудзіў, стаў пераключаць хуткасць, і тады папярэчына адна надламалася. Машына пахілілася і бокам павалілася пад мост. Як пасля аказалася, седакі і свінні з курамі проста ссунуліся ўбок, у ваду, але тут жа паўскоквалі. Не пашэнціла толькі аднаму немцу, што сядзеў ля кабіны — якраз трапіў пад борт, і яго задушыла да смерці. Выцягнулі з-пад машыны ўжо мёртвага.

А хлопцы як згледзелі, чаго дамагліся,— ашалелыя ад шчасця і хвалявання шыбанулі па кустоўі да вёскі. На радасці, мабыць, здалося, што ўсім фрыцам і паліцаям капут, машыне таксама. I няўцям было нікому з двух, што Каін ды іншыя тут жа паўскоквалі, пачалі паднімаць машыну, і нехта тады ўгледзеў, як у кустах мільганула постаць. Постаць малога, хлапчука — болей нічога не удалося ўбачыць. Але і гэтага было даволі.

У вёсцы кожная чутка лятае маланкай. Праз якую гадзіну ўжо ўсе ведалі, што здарылася на дарозе ў раўку. Каін прыбег за падводай везці труп немца ў мястэчка. Мароз як пачуў пра гэта — адразу кінуўся ў школу, паслаў па Бародзіча, але таго не аказалася дома. Затое Міклашэвіч Паўлік, бачачы, як затрывожыўся іх настаўнік, не вытрымаў і расказаў яму пра ўсё.

Мароз не мог знайсці сабе месца, але заняткі ў школе не адмяніў, пачаў толькі з малым спазненнем. Хлопцы, што вучыліся, таксама ўсе папрыходзілі. Не было аднаго Бародзіча, хаця Бародзіч у той час ужо ў школу не хадзіў. Мароз усё паглядваў у акно, казаў, усе ўрокі правёў ля акна, каб убачыць, калі хто чужы паявіцца на вуліцы. Але ў той дзень ніхто не паявіўся. Як скончыліся заняткі, Мароз другі раз паслаў Смурнага за Бародзічам, а сам стаў чакаць. Як ён сам мне прызнаўся, становішча яго было да дзікасці недарэчнае. Ведама, хлопцы больш-менш паклапаціліся пра тое, што датычыла самой дыверсіі, але як быць далей, калі дыверсія ўдасца, яны проста аб тым не думалі. І настаўнік таксама не ведаў, што рабіць. Вядома, ён разумеў, што немцы гэтую справу так не пакінуць, пачнецца вэрхал. Магчыма, западозраць і хлопцаў, і яго таксама. Але ж у вёсцы тры дзесяткі мужыкоў, думаў, не так проста між іх знайсці менавіта таго, каго трэба. Калі б ён загадзя ведаў, што рыхтавалі гэтыя падшыванцы, дык, мабыць, нешта б прыдумаў. А цяпер усё абрынулася на яго так знянацку, што ён не ведаў, як ратавацца. Ды і якая пагражае ім небяспека, таксама было невядома. I каму яна пагражае найперш. Мусіць, трэба было ў першую чаргу пабачыць Бародзіча, усё ж той старэйшы, разумнейшы. Зноў жа, з суседняе вёскі можа быў сэнс да часу перахаваць у яго хлопцаў. А можа наадварот, найперш яго трэба было недзе схаваць.

Пакуль ён сядзеў у тую ноч у свае бабулі і чакаў Смурнага з Бародзічам, перадумаў, ведама, рознае. I вось недзе пад поўнач чуе: стук-стук у дзверы. Ды стук не дзіцячай рукі — гэта ён зразумеў пэўна. Адчыніў і аслупянеў: на парозе стаяў паліцай, той іх Лаўчэня, пра якога я ўжо казаў. Але чамусьці адзін. Не паспеў Мароз што прыдумаць, як той яму і выпаліў: «Уцякай, настаўнік, хлопцаў пабралі, за табой ідуць». I назад, не павітаўшыся, не развітаўшыся. Мароз расказваў, спярша яму падумалася: правакацыя. Але не. Выгляд, тон і ўсё такое гэтага Лаўчэні не пакідалі сумнення: кажа праўду. Тады Мароз за шапку, кажушок, за сваю палку і гародамі — у лясок на выгане. Ноч там пераседзеў пад хваінай, а пад ранак не вытрымаў, пастукаў да аднаго дзядзькі, якому верыў, дазнацца каб, што ўсё ж такі здарылася. А дзядзька як убачыў настаўніка, аж задрыжэў. Кажа: «Уцякай, Алесь Іванавіч, ператрэслі ўсю вёску, цябе шукаюць».— «А хлопцы?» — «Хлопцаў пабралі, запёрлі ў стараставым свірне, адзін ты астаўся».

Цяпер ужо пэўна вядома, як усё атрымалася. Аказваецца, Бародзіч даўно быў на падазрэнні ў гэтага Каіна, да таго ж нехта з паліцаяў убачыў тады яго ў раўку. Не пазнаў, але ўбачыў, што пабег падлетак, юнак — не мужчына. Ну, мусіць, пагаварылі там, у раёне, успомнілі Бародзіча і вырашылі ўзяць. Ноччу прыкацілі пад яго хату. А той, дурань, якраз абувае чуні. Цэлы дзень бадзяўся па лесе, а пад ноч прытаміўся, згаладнеў, ну і вярнуўся ў бацькаву хату. Спярша ў кагось запытаў на вуліцы, сказалі: усё, маўляў, ціха, спакойна. Рашучы быў хлопец, смелы, а засцярожлівасці не хапала. Мусіць, падумаў: усё шыта-крыта, ніхто нічога не ведае, яго не шукаюць. А ўвечары якраз прыбягае Смурны: так і так, Алесь Іванавіч кліча. Толькі хлопцы пачалі збірацца ў Сяльцо да Мароза, як тут машына. Так і схапілі абодвух. Нават з хаты не паспелі выскачыць.

А схапіўшы двух, няцяжка было пабраць і астатніх. Часам так думаецца толькі: як гэта следчы знайшоў злачынцу, калі ніхто нічога не бачыў, нічога не ведаў? Можа гэта і сапраўды нялёгка, асабліва калі трымацца нейкіх там правілаў юрыспрудэнцыі. Толькі немцы ў такіх выпадках чхалі на юрыспрудэнцыю. Каін ды іншыя разважалі іначай. Калі дзе што здаралася, яны прыкідвалі паводле верагоднасці: хто можа? Выходзіла: той або той. Тады і хапалі ўсіх разам з іх сваякамі ды дружбакамі. Маўляў, адна шайка. I, знаеш, рэдка памыляліся, халеры. Так і было. А калі і памыляліся — усё роўна не перайначвалі, назад нікога не выпускали. Каралі ўсіх — і вінаватых і невіноўных.

Дагэтуль невядома дакладна, як таму Лаўчэню ўдалося папярэдзіць Мароза. Мусіць, спярша яны там не планавалі хапаць настаўніка, а зрабілі гэта імправізавана, па ходзе справы. Мусіць, Каін гэта дапетрыў, што калі хлопцы, дык і настаўнік таксама. I вось гэты Лаўчэня, якога мы лічылі падлюгам, выбраў момант, літаральна якіх дзесяць хвілін, і забег, папярэдзіў. Уратаваў Мароза.

Во як яно атрымалася.

А ў лагер на другі дзень прыехаў Селязнёў. Прывезлі пару скрынак намоклых гранат — ведама з вады. Удача не вялікая, хлопцы натаміліся, камандзір злы. Я расказаў пра Мароза: так і так, што будзем рабідь? Трэба, мусіць, браць настаўніка ў атрад, не прападаць жа чалавеку. Кажу так, а Селязнёў маўчыць. Ведама, баец з гэтага настаўніка не надта зайздросны, але нічога не зробіш. Падумаў маёр і загадаў выдаць вінтоўку з чорным прыкладам, без мушкі (ніхто яе не хацеў браць, бракованую) і залічыць Мароза ва ўзвод Пракапенкі байцом. Сказалі аб тым Марозу, той выслухаў без усякага энтузіязму, але вінтоўку ўзяў. А сам нібы ў ваду апушчаны. I вінтоўка ніяк не падзейнічала. Бывала, калі каму ўручаеш зброю, дык столькі жвавасці, амаль дзіцячага захаплення. Асабліва ў маладых хлопцаў, для іх уручэнне зброі — найбольшае свята. А тут нічога падобнага. Чалавек жыў сваім і не меў нават намёку на якую вайсковую хвацкасць. Два дні прахадзіў з гэтай вінтоўкай і нават почапкі не зрабіў, усё насіў у руках. Як ламачыну якую.

Так мінула яшчэ два ці тры дні. Памятаю, хлопцы капалі трэцюю зямлянку на краі нашага стойбішча, пад ельнічкам. Народу пад весну пабольшала, у дзвюх стала цеснавата. Я сяджу сабе над ямай, гутарым пра тое-гэта. I тут прыбягае партызан, што быў днявальным у лагеры, кажа: «Камандзір кліча».— «А што такое?» — пытаюся. Кажа: «Улляна прыйшла». А Улляна — гэта наша сувязная з леснічоўкі, харошая была дзеўка, смелая, баявая, на язычок — не дай бог, як брытва. Колькі хлопцы да яе не падкатваліся — нікому ніякай паблажкі, любога адбрые, толькі трымайся. А смелая. Пасля, улетку сорак другога, з Марыяй Казухінай ледзь камендатуру ў мястэчку не ўзарвалі, ужо і зарад падклалі, ды нейкі падлюга заўважыў, данёс. Зарад тут жа вынялі, а яе дагналі на конях, схапілі і расстралялі неўзабаве. А Казухіна неяк уратавалася, у блакаду паранена была, ды пераседзела ў балоце. Цяпер у Гродні працуе. Нядаўна вяселле спраўляла, сына жаніла. I я быў запрошаны, а як жа.

Да. Прыбегла, значыць, Улляна. Я, як пачуў пра гэта, дык зразумеў адразу: справа кепская. Кепская, бо мы Улляне катэгарычна забаранілі з'яўляцца ў лагеры. Што трэба было, передавала цераз сувязных разы два на тыдні. А самой было дазволена прыбегчы толькі ў самым крайнім выпадку. Дык вось, мусіць, гэта і быў той самы крайні выпадак. Інакш бы яна не прыйшла.

Значыць, я — да камандзіравай зямлянкі і ўжо на прыступках чую: размова сур'ёзная. Болей дакладна — гучная размова. Селязнёў крые матам, а Улляна таксама не адстае. «Мне сказалі, а я што, маўчаць буду?» — «У аўторак бы перадала!» — Ага, да аўторка ім усім галовы паадкручваюць!» — «А я што зраблю? Я ім галовы папрыстаўляю?» — «Думай, ты камандзір».— «Я камандзір, ды не бог. А ты мне во лагер дэмаскіруеш. Я цябе назад цяпер не пушчу».— «Не пушчай, чорт з табой. Мне тут горай не будзе».

Заходжу, абодва сціхаюць. Сядзяць, адзін на аднаго не пазіраюць. Пытаюся як мага ласкавей: «Што сталася, Уллянка?» — «А што сталася? Дрэнь сталася. Патрабуюць Мароза, іначай, сказалі, хлопцаў павесяць. Мароз ім патрэбны».

«Ты чуеш? — крычыць камандзір.— I яна з гэтым прымчала ў лагер! Так ім Мароз і пабяжыць. Знайшлі дурня!»

Улляна маўчыць. Яна ўжо накрычалася і, мусіць, болей не хоча. Сядзіць, папраўляе пад барадой хустку. Я стаю ашаломлены... Бедны Мароз! Памятаю як цяпер, менавіта гэтак падумаў. Яшчэ адзін камень на яго душу. Вярней, шэсць камянёў — ёсць ад чаго чарнець. Вядома, ніхто тады з нас і думкі не меў, каб пасылаць Мароза ў вёску. Здурнелі мы, ці што! Пэўна ж, яны і мальцоў не пусцяць і яго кокнуць. Ведаем мы гэтыя штучкі. Як-ніяк, дзевяты месяц пад немцам жывём. Нагледзеліся.

А Улляна расказвае:

«Я што, хіба жалезная? Прыбягае ноччу цётка Таццяна і цётка Груша — валасы на сябе рвуць. Ведама, маці. Просяць хрыстом-богам: «Улляначка, родненькая, памажы! Ты ведаеш як». Я ім талкую: «Нічога я не ведаю. Куды я пайду?» А яны: «Ідзі, ты знаеш, дзе Алесь Іванавіч, хай ратуе мальцоў. Ён жа разумны, ён жа іхні настаўнік». Я сваё вяду: «Адкуль мне ведаць, дзе той Алесь Іванавіч? Мусіць, уцёк куды, дзе я яго шукаць буду?» — «Не, золатка, не адмаўляйся, ты з партызанамі знаешся. А то ж заўтра павядуць у мястэчка, мы ж іх болей не ўбачым». Ну што мне было рабіць?»

Да. Ось такая наспела сітуацыя. Невясёлая, прама скажу, сітуацыя. А Селязнёў пагарачыўся, накрычаў ды і змоўк. Зацяўся, нахмурыўся. I я маўчу. А што зробіш?

Прапалі, мусі быць, хлопцы. Гэта так. Але як жа маткам? Мусіць жа ім жыць яшчэ трэба. I Марозу таксама.