10891.fb2 Выбранае - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 9

Выбранае - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 9

— Паехалі!

З-за шафёравага пляча было зручна і прыемна пазіраць на пустую чорную стужку шашы, абапал якой ляцелі назад платы, дрэвы, хаты, слупы. Збочылі, прапускаючы нас, хлопец з дзяўчынай. Яна засланіла даланёй вочы, а ён смела і прама глядзеў у яркае святло фар. Вёска канчалася, шаша выходзіла на палявы прастор, які звузіўся поначы да нешырокай стужкі дарогі, абмежаваны з бакоў дзвюма прапыленымі канавамі.

Загадчык райана павярнуўся на паўабарота і сказаў, звяртаючыся да Ткачука:

— Дарма вы там, за сталом, наконт Мароза гэтага. Не прадумана.

— Што не прадумана? — адразу з нядобрасцю напяўся на сядзенні Ткачук, і я зразумеў, што не варта цяпер пачынаць гэтую, мабыць, не лёгкую для абодвух гаворку. Ксяндзоў, аднак, павярнуўся і яшчэ болей — здаецца, у яго быў свой нейкі намер.

— Вы зразумейце мяне правільна. Я нічога не маю супраць Мароза. Тым болей цяпер, калі яго імя, так сказаць, рэабілітавана.

— А яго і не рэпрэсіравалі. Яго проста забылі.

— Ну хай забылі. Забылі, бо іншыя былі справы. А галоўнае, былі большыя, чым ён, героі. Ну на самай справе,— ажывіўся Ксяндзоў,— што ён такое зрабіў? Ці забіў ён хоць аднаго немца?

— Ніводнага.

— Вось бачыце. I гэта яго заступніцтва не зусім ладнае. Я б сказаў, нават бязглуздае.

— Не бязглуздае! — абрэзаў яго Ткачук, і па яго нервовым парывістым голасе я яшчэ болей адчуў, што цяпер гаварыць ім не трэба. Але, відаць, у Ксяндзова таксама нешта накіпела за вечар, і ён хацеў у што б там ні стала пакарыстацца выпадкам і давесці сваё.

— Абсалютна бязглуздае. Што ён — абараніў каго? Пра Міклашэвіча не будзем гаварыць — Міклашэвіч выпадкам застаўся жывы, ён не ў лік. Я сам некалі займаўся гэтаю справай і, ведаеце, не бачу асаблівага подзвігу за гэтым Марозам.

— Шкада, што не бачыце! — зусім ужо варожа адрэзаў Ткачук.— Бо, мусіць, слепаваты! Душэўна слепаваты!

— Гм... Ну хай слепаваты,— паблажліва згадзіўся загадчык райана.— Але ж не я адзін так думаю. Ёсць і другія...

— Сляпыя? Безумоўна! I глухія. Нягледзячы на пасады і рангі. Ад прыроды сляпыя. Во як! Але ж... Вось вы мне скажыце, колькі вам год?

— Ну, трыццаць восем, дапусцім.

— Дапусцім. Значыць, вайну вы па газетах ды па кіно ведаеце. Так? А я яе сваімі рукамі рабіў. Міклашэвіч у яе кіпцюрах пабываў ды во так і не вырваўся. Дык чаму ж вы нас не запытаеце? Мы ж нейкім чынам спецыялісты. А цяпер жа скрозь і ва ўсім спецыялізацыя. Дык мы ж інжынеры вайны. I пра Мароза ў нас спярша запытаць трэба было...

— Што пытаць? Вы ж самі той дакумент падпісалі. Аб палоне Мароза,— загарачыўся і Ксяндзоў.

— Падпісаў, бо дурны быў,— кінуў Ткачук.

— Ось бачыце! — нядобра ўзрадаваўся загадчык райана. Ён сядзеў, павярнуўшыся да нас тварам, імпэт спрэчкі захапляў яго ўсё болей.— Ось бачыце! Самі і напісалі. I правільна зрабілі, бо... Вось цяпер вы мне скажыце: што было б, калі б кожны партызан так зрабіў, як Мароз?

— Што?

— У палон здаўся.

— Дурань! — раўнуў Ткачук.— Бязглузды дурань! Спыніце машыну! Чуеш, спыні машыну! — закрычаў ён да шафёра.— Я не хачу з вамі ехаць.

— Магу і спыніць,— раптам кінуў гаспадар.— Калі нельга без асабістых зняваг.

Шафёр, здаецца, і сапраўды прытармазіў. Ткачук зрабіў спробу ўстаць і ўхапіўся за спіну сядзення. Але гэта было ўжо занадта. Я нават спалохаўся за Ткачука і моцна ўзяў яго за локаць.

— Цімох Цітавіч, пастойце. Навошта так...

— Сапраўды,— сказаў Ксяндзоў і адвярнуўся.— Цяпер не час. Пагаворым у іншым месцы.

— Што ў іншым! Я не хачу з вамі пра гэта гаварыць! Вы чуеце?! Ніколі! Вы глушэц! — Во ён — чалавек. Ён разумее! — кіўнуў Ткачук у мой бок.— Бо ён слухаць умее. Ён хоча разабрацца. А для вас загадзя ўсё ясна. Раз і назаўжды. Але хіба так можна? Жыццё — гэта мільёны сітуацый, мільёны характараў. I мільёны лёсаў. А вы ўсё хочаце ўкласці ў дзве–тры схемы. Каб прасцей! Ды меней турбот. Забіў немца ці не забіў?.. Ён болей зрабіў.

Штосьці ў Ткачуку надарвалася. Захлынаючыся, нібы баючыся не паспець, ён стараўся выкласці гэта сваё набалелае і, мабыць, цяпер самае для яго галоўнае.

— Мароза няма. Не стала Міклашэвіча — ён-то разумеў выдатна. Але я застаўся. Дык што ж вы думаеце, я змоўчу? Чорта з два! Пакуль я жывы, я давяду, што такое Мароз! Увяду ў самыя глухія вушы. Чакайце! Во і ён паможа, і другія... Ёсць яшчэ людзі! Я дакажу! Думаеце, стары? Не-е, памыляецеся...

Ён гаварыў нешта яшчэ. Гэта быў яго непадкантрольны парыў, выбух пачуцця, можа, насуперак яго жаданню. Але, не сустрэўшы пярэчання, Ткачук усё ж выдыхся і змоўк. Сціх і адчужана сцяўся ў кутку на сядзенні. Ксяндзоў, мабыць, не чакаў гэтага запалу і таксама змоўк, засяроджана ўзіраючыся на дарогу. Я таксама маўчаў. Мы пад'язджалі к гораду, шафёр развіў добрую хуткасць на пустой уначы дарозе. Асфальтка шалёна бегла пад колы машыны, з віхрам і шалясценнем ірвалася з-пад іх назад, фары лёгка і ярка рассоўвалі змрок. Па баках бясконца мільгалі белыя ў промнях святла слупы, дарожныя знакі, вербы з пабеленымі камлямі. Роўна і дужа вурчаў матор.

На душы было тлумна і прыкра — нядоўгая сутычка з Ксяндзовым нічога для мяне не праясніла і ні ў чым не пераканала. Мне яшчэ трэба было шмат у чым разабрацца. Праўда, пачуццямі я нязменна быў на баку Ткачука і гатовы быў памагчы яму, толькі не ведаў як. Кажуць, збоку відней. Магчыма, гэта і так, можа і сапраўды цяпер за мной слова. Бо Ткачук быў. надта блізка да ўсёй гэтай трагічнай гісторыі, Міклашэвіч стаў яе героем і яе ахвярай. Ксяндзоў, мабыць, даўно і моцна быў у палоне свае прадузятасці, з якой не так лёгка вызваліцца. Магчыма, кожны з іх па-свойму быў правы, але хто правы найбольш, гэтага я не ведаў. Зноў жа, што я тады мог? Хіба напісаць аб тым так, як чуў, як разумеў сам. I вось хай цяпер рашае чытач. Хай разбіраецца. Кожны адпаведна свайму светапогляду, свайму позірку на вайну, на гераізм, на свой абавязак перад сумленнем і перад гісторыяй...

1971

Жураўліны крык

1

Гэта быў звычайны чыгуначны пераезд, якіх нямала параскідана на сталёвых шляхах зямлі.

Ён абраў тут зручную мясціну пуці, дзе скончыўся насып, што пралёг па асакаватай голай балацявіне, і рэйкі ўезджанай аднапуткі беглі па жвіры амаль на ўзроўні зямлі. Гасцінец, споўзшы з пагорка, пераскакваў чыгунку і заварочваў у бок лесу, утварыўшы скрыжаванне, якое людзі некалі абгарадзілі рабымі слупкамі і паставілі два гэткія ж рабыя шлагбаумы. Побач адзінока мясцілася тынкаваная будка-старожка, дзе ў сцюжу драмаў ля напаленай печкі які-небудзь бурклівы дзед-вартаўнік. Цяпер у будцы не было нікога. Золкі восеньскі вецер раз-пораз рыпаў яе насцеж расчыненымі дзвярыма; бы скалечаная рука чалавека, тырчаў у сцюдзёнае неба абламаны шлагбаум, другога зусім не было. Ніхто ўжо не дбаў пра гэтую чыгуначную пабудоўку: новыя, куды больш важныя клопаты адолелі людзей – і таго, хто некалі гаспадарыў тут, і гэтых, што спыніліся цяпер на закінутым знямелым пераездзе.

Захінуўшыся ад ветру каўнярамі зашмальцаваных, аблепленых глінай шынялёў, шасцёра іх стаяла купкай ля зламанага дышля шлагбаума. Тулячыся адзін да аднаго, яны маркотна пазіралі ў восеньскую далеч і слухалі камбата, які ставіў ім баявую задачу.

– Дарогу трэба перакрыць на суткі, – сіпатым прастуджаным голасам казаў капітан, высокі кастлявы чалавек з зашчаціненым, змораным тварам. Вецер злосна ляскатаў рогам плашч-палаткі па яго запэцканых ботах, матляў на грудзях доўгія матузы завязак. – Заўтра, як сцямнее, адыдзеце за лес. А дзень трымацца...

Там, у полі, куды яны невясёла ўглядаліся, высіўся касагор з дарогай, ля якой траслі пажоўклым лісцем дзве вялізныя каржакаватыя бярозы, і за ім, дзесьці на даляглядзе, заходзіла нябачнае сонца. Вузенькая шчылінка святла, прарэзаўшыся ў хмарах, як лязо вялізнае брытвы, матава блішчала на небе. Сумны восеньскі адвячорак поўніўся шэрасцю фарбаў, надакучлівай сцюдзёнай золлю і ўсёабдымнай трывогай навіслай над краем бяды.

– А як жа з шанцавым інструментам? – грубаватым басам запытаў старшына Карпенка, камандзір гэтай невялічкай групы. – Рыдлёўкі ж патрэбны.

– Рыдлёўкі? – задуменна перапытаў камбат, узіраючыся ў бліскучую палоску захаду. – Пашукайце што самі. Няма рыдлёвак. I людзей няма, не прасі, Карпенка, сам ведаеш...

– Ага, і людзей не шкодзіла б, – падхапіў старшына. – А то што пяцёра? I то вунь адзін – новенькі ды гэты «вучоны» – ваякі мне! – злосна бурчаў ён, стоячы бокам да камандзіра.

– Супрацьтанкавыя гранаты, патроны к пэтээру, колькі можна было, вам далі, а людзей няма, – стаяў на сваім камбат. Ён яшчэ паўглядаўся ўдалячынь, зачараваны бляскам захаду, а пасля, устрапянуўшыся ад задумы, павярнуўся к Карпенку – мужнаму, прысадзістаму, шыракатвараму, з рашучымі вачыма і цяжкімі сківіцамі. – Ну, жадаю ўдачы.

Ён падаў руку, агорнуты новым клопатам, старшына раўнадушна паціснуў яе. Гэтак жа стрымана паціснуў халоднуюкамбатаву далонь і «вучоны» – у акулярах, высокі баец Фішар; без крыўды, шчыра зірнуў на камандзіра другі няўдака, на якога скардзіўся старшына, – малады, са свежымі сумнымі вачыма радавы Глечык.

– Нічога, чорт не здрадзіць – свіння не з’есць, – бесклапотна пажартаваў пэтээравец Свіст, белабрысы, расшпілены на ўсе кручкі і гузікі, жулікаваты з выгляду хлопец.

Спаважна падаў сваю пухлую далонь непаваротлівы мардаты Пшанічны, і пачціва, прыстукнуўшы бруднымі абцасамі, развітаўся чарнявы, прыгожы Аўсееў. Паддаўшы плячом аўтамат, камандзір батальёна нялёгка ўздыхнуў і коўзкім, няспрытным па гразі крокам пайшоў даганяць калону.

Яны засталіся ўшасцёх, агорнутыя самотай ростані, і нейкі час моўчкі пазіралі ўслед капітану, батальёну, кароценькая, зусім не батальённая калона якога, мерна пагойдваючыся ў вячэрняй імгле, хутка аддалялася к лесу.

Старшына быў незадаволены, сярдзіты, унутры яго тужліва варушылася невыразная, шчымлівая трывога за іх лёс і за тую нялёгкую справу, дзеля якой яны засталіся тут. Але ён хутка прыдушыў у сабе нудлівы душэўны гук і прывычна закрычаў на людзей:

– Ну што стаіце? Гэць да працы! Глечык, пашукай, мо дзе ламачына якая. У каго ёсць малыя, давай капаць. Пакуль відно...

Спрытным рыўком ён ускінуў на плячо цяжкі кулямёт і, з хрустам ломячы ссохлы быльнёг, пайшоў над канавай. Байцы адзін за другім неахвотна падаліся за сваім камандзірам.

– Ну вось, адсюль і пачнём, – сказаў Карпенка, укленчыўшы ля канавы і зазіраючы па-над чыгункай на касагор. – Давай, Пшанічны, фланговым будзеш. Лапатка ў цябе ёсць – пачынай.