10894.fb2 Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 13

Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 13

І, не могучы больш стрымаць сваёй радасці, на чвэрць локця падскочыў уверх.

- Дурны, сваімі скокамі напалохаў мяне. На, ляці, а калі заўтра падвечар вернешся з адказам бацькі, дам рубель...

Хлопец схаваў лісты за пазуху і праз пяць хвілін, зняўшы падраныя боты і павесіўшы іх сабе на плячах, пераскочыў парог дому свайго гаспадара і як страла памчаў гарадскімі вуліцамі, мільгаючы босымі пяткамі. Ужо колькі гадоў ягоны гаспадар часта пасылаў яго з падобнымі даручэннямі ў родную вёску. Апошні раз быў ён там у час сенакосу і калі палолі лён ды пшаніцу...

Сядзіба камісаванага салдата, што мясцілася паміж вялікай вёскай Грынькі і фальваркам Вулька, была невялікая: з паўморга градаў і пару моргаў ворнай зямлі. Дзельскія, даўнія валадары Грынек, падарылі яе ягонаму бацьку, які паходзіў з гэтай вёскі, але ўсё жыццё служыў у двары. Старая і ўчарнелая хата, без коміна і з маленькімі вокнамі, самотна тулілася паміж гародам і нешырокай дарогай з вёскі да фальварка і далей. Дзве грушы-дзічкі, што стаялі непадалёк, раслі ўжо на зямлі Дзельскіх, якая вялікім клінам убівалася паміж палямі грыньскіх сялян і тымі, што належалі да Вулькі. З гэтай хаты Мікалай пайшоў у войска, пакідаючы тут старога бацьку і маладую, гожую жонку, з якой толькі што пабраўся. Вяртаўся да яе некалькі разоў на кароткія адпачынкі і пад канец вярнуўся зусім. Вярнуўся, але ўжо ані бацькі, ані жонкі тут не знайшоў. Бацька памёр, жонка пацягнулася з некім у свет і прапала без весткі. Затое былі там чацвёра дзяцей рознага ўзросту, з якіх старэйшыя даглядалі і так-сяк кармілі меншых. Даведаўшыся пра знікненне жонкі, Мікалай спачатку ўпаў на зямлю і аж зайшоўся плачам, потым цэлы тыдзень піў у карчме да бяспамяцтва і ўрэшце вярнуўся дахаты. Найменшае дзіцятка ўзяў на рукі, насіў яго па хаце, галубіў, калыхаў, нешта прыгаворваючы яму пра дзядулю, які ляжыць у магіле, і пра маці, якая пайшла ў свет, а потым аддаў яго старэйшай, ужо дарослай дзяўчыне, а сам сеў на парозе хаты і пачаў граць на трубе, якую прынёс з сабою з войска. Дзьмуў у трубу і кідаў на сцішаныя позняй восенню палі працяжныя, сумныя, аднастайныя гукі, як быццам кагосьці з далёкага свету клікаў, і клікаў, і клікаў... А паколькі быў тады яшчэ трошкі п'яны, дык гукамі сваёй трубы зваў з далёкага свету сваю Марыську, увесь час плакаў, адрываючы інструмент ад вуснаў, выціраў пальцамі нос і цяжка ўздыхаў. З таго часу прайшло шмат гадоў, але былы салдат ніколі не мог згадаць сваёй Марыські без уздыхання і слёз. Аднак нячаста ўспамінаў яе, бо было яму пра што думаць і што рабіць. Самую старэйшую дзеўку аддаў замуж, аднаго з сыноў адправіў на службу ў горад і меў зараз пры сабе сына, маладога парабка, і дачку, што выбіралася на дзеўку, якая яму ў хаце была за гаспадыню. Але ж тая хата! Ратуй Божа! Амаль валілася ад старасці, вецер свістаў праз усе дзіркі, і мела яна выгляд чорнай прорвы ад дыму, што напаўняў яе ўвесь час. А той кавалак поля каля яе! І казаць няма чаго. На пракорм аднаго рота не хапіла б таго збожжа, якое на ім расло. Калі Мікалай садзіўся на парозе сваёй хаты і пачынаў дзьмуць у сваю трубу, шэрыя, хітрыя, бліскучыя ягоныя вочы блукалі па тым вялікім кліне зямлі, які, убіваючыся паміж землямі Грынек і Вулькі, як быццам заціскаў у клешчы ягоную сядзібу. Па гэтым кліне, засеяным напалову пшаніцай, а напалову ячменем, урадлівым, дагледжаным, вочы салдата прабягалі з тугой, расчулена, а часам пажадліва і зайздросліва. Калі ж уставаў з парога і з гучным уздыхам размінаў свае косці, рукі яго, здавалася, падаўжаліся і напружваліся, як быццам хацелі яны згарнуць, скруціць і прыціснуць да грудзей гэты зямельны клін. Людзі казалі, што стане яна неўзабаве ўласнасцю Мікалая, бо Дзельскія жылі шумна і не адну ўжо ўскраіну маёнтка свайго прадалі розным людзям.

Падчас сенакосу і праполкі лёну ды пшаніцы Мікалай без шыняля, адно ў портках і кашулі, босы, абкопваў матыкай у сваім гародзе ўжо даволі вялікія парасткі бульбы. Іншыя людзі рабілі гэта невялікай сошкай, запрэжанай канём. Але ж яму, зжалься Божа, не хацелася дзеля гэтага выцягваць са стайні каня. Колькі ён там тае бульбы садзіць! Чвэрць морга, не больш, а другую палову гарода Ўллянка засявала буракамі, морквай, макам, ільном і каноплямі. От там, на тым баку кліна пад лесам, добры кавалак зямлі на бульбу... са два моргі, а можа, і больш... але ж тое яшчэ Дзельскім належыць. Таму паўморга бульбы акучваў ён уручную матыкай, а прысадзістая чырванашчокая Ўллянка, седзячы на зялёнай мяжы, палола буракі. Над схіленай галавой дзяўчыны рос сланечнік, які з высокага свайго бадыля свяціўся на фоне блакітных воблакаў сваім вялікім жоўтым тварам. Уллянка ўзняла галаву на дарогу, што выгіналася з-за хаты доўгім белым пасам, глянула і закрычала:

- Тата! Юрка бяжыць!

Босыя ногі хлопца і ягоная белая кашуля былі відаць на сонцы здалёку. Сурдут і боты нёс на плячах. Задыханы, са спацелым тварам, падлетак убег на гарод і, падышоўшы да бацькі, пакорліва пацалаваў яго пару разоў у руку. Мікалай ласкавым голасам перакінуўся з ім некалькімі словамі, узяў ад яго ліст Капроўскага і, кінуўшы на зямлі матыку, пайшоў у хату. Юрка напачатку павітаўся з сястрой такім магутным штурхалём у бок, што тая ажно крыкнула і таксама стукнула ў адказ, потым ён два разы цмокнуў яе ў спацелыя шчокі і на заканчэнне выцягнуў з кішэні штаноў і кінуў на загон прынесены ёй у якасці гасцінца абаранак. Задаволеная дзеўка пагладзіла яго далонню па твары і паказала два рады белых, як перлы, зубоў. Ён ва ўвесь рост выцягнуўся на мяжы і папрасіў есці. Чатыры мілі прабег, і апрача двух абаранкаў, якія купіў выходзячы з горада, нічога не меў у роце. Уллянка ўстала і пайшла ў хату, каб прынесці яму адтуль кавалак хлеба і скурат ад вэнджанай саланіны, каб перакусіў, пакуль настане час палуднаваць. Калі яна ўвайшла ў хату, застала там бацьку, які сядзеў на лаве ля акна і чытаў ліст, атрыманы ад Капроўскага. Дзеля чытання ён начапіў на свой доўгі нос вялізныя акуляры ў драцяной аправе, якія яму, аднак, не надта дапамагалі ў гэтай нязвыклай працы, і з вялікай цяжкасцю разбіраў пісаныя літары. Цэлыя паўгадзіны ўзіраўся ён праз акуляры ў карацюсенькі ліст Капроўскага: напаўголаса слібізаваў яго і ўсміхаўся пры гэтым трошкі здзекліва і трошкі нахабна. З гэтай усмешкай вярнуўся на гарод, падняў з зямлі матыку, і, абкапваючы парасткі бульбы, паклікаў да сябе Юрку. Хлопец, з поўным ротам хлеба і бліскучымі ад саланіны вуснамі, сеў на мяжы і, адказваючы на бацькавы пытанні, падрабязна і доўга расказваў яму пра жыццё, звычкі, размовы і сувязі свайго гаспадара. У залацістым сонечным святле высокі прамы чалавек у портках і кашулі старанна матычыў, а гэтаксама апрануты хлапчук, седзячы на мяжы, падымаў да яго румяны круглы твар, на якім свяціліся хуткія, свавольныя блікітныя вочы, і з мімалётнай усмешкай неўсвядомленага самім сабой цынізму, тонкім дзіцячым галаском шчабятаў, шчабятаў пра ўсё, што бачыў калі ў свайго гаспадара ці чуў ад яго і пра што ягонаму бацьку трэба было абавязкова ведаць.

На захадзе сонца палі каля хаты Мікалая напоўніліся рыканнем кароў, бляяннем авечак, грукатам колаў і людскімі галасамі. Па дарогах, што пераразалі палеткі здалёк і зблізку, сунуліся статкі ў Грынькі, Вульку і ў фальварак Дзельскіх, які шарэў каля лесу. Наладаваныя сенам вазы, запрэжаныя двума коньмі, як быццам рухомыя зялёныя пагоркі, цягнуліся павольна, разліваючы моцны і прыемны пах. Над вёскай з аднаго боку і над фальваркам з другога ўзнімаліся ў залацістым паветры слупы ружовага дыму. Тут і там брахалі сабакі, адтуль і адгэтуль цягнуліся шнуры касцоў, свецячы здалёку белымі кашулямі і ззяючы ў апошніх сонечных промнях бляскам кос. За касцамі, гучныя галасы і смех якіх чуваць былі нават тады, калі зніклі яны сярод шэрых будынкаў фальварка, дарогай, абмінаючай зблізку Мікалаеву хату, ішлі грабельніцы. Былі гэта жыхаркі Грынек, якія наймаліся на работу летам у навакольныя двары і фальваркі. Сёння ішлі ў Вульку па аплату за адпрацаваны дзень. Пераважна маладыя і прыгожыя, стройныя, у грубых кашулях і саматканых спадніцах, босыя, з загарэлымі шыямі, аздобленымі шнурамі шкляных пацерак. Граблі, якімі цэлы дзень зграбалі яны на лугах скошанае сена, неслі так, што над іхнімі галовамі ўтварыўся цэлы лес густых, сухіх і зубатых шчытоў. Было іх, можа, дваццаць. Ішлі хутка і на ўвесь голас спявалі працяжную, манатонную, падобную да галашэння песню. Мінаючы сядзібу Мікалая, яны перапынілі спевы і магутным хорам выгукнулі:

- Хай будзе пахвалёны!

Гэтымі словамі павіталі салдата, што сядзеў на парозе сваёй хаты. Сёння ён не граў на трубе, а з вялікім стараннем і засяроджанасцю стругаў ножыкам драўляныя калодачкі розных памераў, з якіх рабіў скрыпкі ды іншыя цацкі для дзяцей. Здавалася б, цалкам захоплены працай, ён, аднак, увесь час скоса паглядаў на людзей, што праходзілі па дарозе. Можа, каго-небудзь чакаў. Пачуўшы харавое вітанне грабельніц, ён падняў галаву, адказаў: «На векі вякоў!» і, хуткім позіркам акінуўшы грамаду кабет, затрымаў вочы на той, якая, адлучыўшыся ад таварышак, ішла на некалькі крокаў за імі, адна. Не была яна такой статнай і прыгожай, як іншыя. Нават тыя, хто быў з ёй аднаго веку, выглядалі намнога мацнейшымі за яе, жвавейшымі і нейкімі больш упэўненымі ў сабе, што адбівалася ў іхніх рухах і на іхніх тварах. Адпрацаваўшы цэлы дзень, яны не стаміліся, а развесяліліся надзеяй заробку і мажлівасцю паспяваць сабе разам на свежым паветры, на шырокіх палях. Гэтая не спявала.

- Гэй, Хрысціна! - паклікаў Мікалай.

Мог бы яе і не зваць, бо яна сама скіравалася да ягонай хаты. Грабельніцы, спяваючы ўвесь час, пайшлі далей, яна ж стала перад салдатам, які сядзеў на парозе. Худая постаць яе і сухі профіль твару пазначыліся на цёмнай асноведзі хаты, граблі нерухома тырчалі над яе плячамі і галавой. Мікалай з узнятым тварам глядзеў на яе.

- Што ж так пляцешся, як бы ад работы нежывая? - пачаў ён. - Дурная! Паспявала б сабе з іншымі, табе б зараз весялей стала.

Кабета паківала галавой і падперла далоняй шчаку.

- Ой, Мікалай, Мікалай! - сказала яна. - Ці ж такой, як я, да спеваў! Добра спяваці тым, што мужыкоў сваіх і хату сваю і ўсенька па парадку маюць, а мне ў сіроцкай маёй долі не да спявання... Я ўжо, от, з дваццаць гадоў не спявала, хіба толькі хлопцам маім альбо чужым дзецям да сну ці для забавы... Больш ніколі, далібог, больш ніколі!

- Дзіўная ты баба, - пачаў Мікалай, але яна ўжо, разгаварыўшыся і адчуваючы асаблівы давер да разумнага салдата, нерухомымі вачыма ўзіраючыся ў прастору, вяла далей сваё:

- Не мяне дружкі на дзяжу садзілі, не мне да шлюбу спявалі, не я залацістае збожжа жменямі ў куты мужавай хаты кідала... Не так я жыла, як іншыя, і не так зараз, як іншыя, па гэтым свеце хаджу...

- Годзе ўжо, годзе! - перапыніў Мікалай. - От, хочаш, можа, навіну пачуць? Ад пана хадваката сёння ліст атрымаў!

Кабета ў імгненне вока змяніла паставу і выраз твару. Выпрамілася, некалькі разоў пераступіла з нагі на нагу, вочы яе загарэліся, граблі раптоўна закалыхаліся над галавой.

- Пісаў! Пра Піліпку, можа, пісаў! Езус! Кажыце! Што з маім сыночкам любімым будзе?

Мікалай, беручыся зноў стругаць калодку, флегматычна адказаў:

- А што павінна быць? Добра будзе. Застанецца ў Ангродзе і ў Грынькі на зіму яго прышлюць.

Граблі Хрысціны зваліліся на зямлю. З крыкам радасці кінулася яна да яго, як быццам хацела пацалаваць ягоныя рукі.

- От, ужо баба і ўзрадавалася! - злёгку адсоўваючыся, цягнуў Мікалай. - А яшчэ няма чаго. Яшчэ дэкрэт не выйшаў.

- Не выйшаў! - выпрамляючыся зноў і скрыжаваўшы рукі, паўтарыла жанчына.

- Ужо б ён і выйшаў... Толькі там адзін хафіцэр ёсць... такі шэльма, што не дазваляе... Не дазваляе і не дазваляе... Што яму зрабіць? Колькі ўжо пан хадвакат яго напрасіўся, колькі ўжо да яго нахадзіўся... «Не дазволю», кажа... «Няхай, кажа, Піліп вандруе туды, куды яму прызначана. Ці ж я, кажа, сына свайго за яго туды пашлю, га?» От што ў пісьме пана хадваката напісана!

- Вы ж, Мікалаю, казалі, што добра будзе... - моцна сціскаючы рукі, шапнула кабета.

- Калі захочаце, дык, можа, яшчэ і будзе добра, - скрыплючы ножыкам па дрэве, адказаў салдат. Потым узняў галаву, сціснутымі пальцамі правай рукі даткнуўся некалькі разоў да левай далоні. Хрысціна, уся душа якой перамясцілася ў вочы, гэты жэст зразумела.

- Зноў грошы!

- А ты, баба, што думала? Што ў такім вялікім горадзе такі важны інтарэс за некалькі дурных рублёў можна зрабіць? От, не толькі што, але яшчэ і пан хадвакат сам сваіх пяць працэнтаў не ўзяў... дальбог, не ўзяў... Усенькія аддаў... А там спраўкі, а там штэмпелі, а там пасведчанні ад дактароў, што хворы, а то таму ў руку ўсунуць, а то гэнаму... так грошы і разышліся, а зараз, што з тым хафіцэрам рабіць? Можна зрабіць, але зноў грошы трэба... Можна і не зрабіць, дык што ж? Вялікая бяда! Павандруе сабе Піліпка туды, дзе і я быў... Ой, ой! Не вялікі пан! Паляжыць сабе, як я, у лазарэце на жоўтую трасцу і абсыпле яго, як мяне, высыпкай такой вялікай, як боб, рукі сабе адмарозіць так, што распухнуць яму, як падушкі, ці вушы яму згніюць ад той высыпкі і паадвальваюцца... Ці ж я такога не бачыў! Ну дык што? Вялікая бяда! Можа, і выжыве, а як не выжыве, дык памрэ... і косці ягоныя, гэй, гэй, далёка пахаваюць... Толькі крукі ды вароны на магілку ягоную залятаць будуць, а ты над ёй не заплачаш, бо не ўбачыш яе ніколі. Вялікая табе бяда!

Хрысціна стаяла як укапаная. Унутраная барацьба адбівалася на яе твары праз нахмураныя маршчыны на лбе і моцна сціснутыя вузкія бледныя вусны. Абаперлася шчакой на далонь і глядзела ў зямлю. Праз хвілю ціха, як быцца сама сабе, пачала казаць:

- Бледненькі быў і далікатны такі ад нараджэння, а такі ласкавы і рахманы, як ягнё. Бывае, Антосік часам не паслухае маці, а ён... ніколі! Ручкамі мяне за шыю, бывала, абдыме і кажа: «Ужо я табе, мама, ніколі згрызоты не зраблю, твая доля і так горкая...»

Салдат, нацягваючы паміж дзвюма дзеравякамі ніцяныя струны, маўчаў.

Яна ж зноў пачала гаварыць.

- Вочкі ў яго сіненькія, такія, як тыя кветкі ільну... а хоць слабенькі быў заўсёды, вырас, як тая таполя... Вырас, у войска яго ўзялі, а як мяне ўбачыў, на зямлю перада мной, як перад святым абразом, упаў і калені мне цалаваў. Ой, дзіця ты маё наймілейшае, крывіначка мая, у слязах маіх выгадаваная... сонейка маё бледненькае, кветачка мая, што ж цябе вецер ад мяне ў далёкія старонкі нясе...

Мікалай усё яшчэ слоў яе як бы не чуў і толькі невядома чаму канец яго схіленага над работай носа зачырванеўся яшчэ мацней. Не ўзняў галавы і доўга ані словам да кабеты не азываўся. Урэшце коратка сказаў:

- Рабіце сабе, як хочаце. Мне што да таго.

І гучна высмаркаўся, потым рукавом кашулі правёў па вусах, што ён заўсёды рабіў у хвіліны, калі быў вельмі ўзрушаны. Хрысціна граблі з зямлі падняла і кіўнула галавой салдату на развітанне. Твар яе набыў уласцівы яму выраз змрочнай энергіі.

- Калі грошы прынесці? - спыталася.

- А калі сабе хочаш, - з выразнай неахвотай буркнуў салдат. - Мой хлопец, што ў пана хадваката служыць, заўтра чуць свет назад у горад паляціць.

- Чуць свет і я прыйду, - адказала Хрысціна і дадала: - З Богам, Мікалай!

- З Богам! З Богам!

Застаўшыся сядзець на парозе хаты, ён злажыў рукі на каленях і задумаўся. Хвіліну крывіўся так, як быццам праглынуў нешта вельмі нясмачнае, але потым пагляд ягоны паводле звычкі перакінуўся на той кавалак зямлі, які шырокімі межамі трохкутніка, цягнуўся ад лесу, забіраў у агромністыя абцугі ўсю ягоную невялічкую сядзібу. Ляжала там гэтая любімая, гэтая жаданая зямля, якая ў шэрані змроку яшчэ зелянела парам і залацілася ад даспяваючага жыта. Мікалай перастаў крывіць вусны, а замест гэтага склаў іх для свісту. Хвіліну пасвістваў сабе, можа быць, пайшоў бы ў сваю хату па трубу, але не мог яшчэ пакінуць свайго месца. Яшчэ кагосьці чакаў, бо ўсё паглядаў на дарогу. Урэшце дачакаўся. Запозненая фурманка з сенам павольна сунулася да ягонай хаты. На версе фурманкі сядзеў чалавек, які павітаўся з ім:

- Хай будзе пахвалёны!

- На векі вякоў! Ясюк?

- А я!

- Як будзе ў цябе час, прыйдзі сёння пагаварыць са мной... толькі абавязкова сёння... чуеш?

- Добра. Чаму не. Прыду! - сваім спакойным, трохі лянівым голасам адказаў парабак, а паколькі было ўжо позна, сцебануў коней і трошкі хутчэй са сваёй фурай пацягнуўся ў фальварак.

У фальварку гаспадарыў сёння сам Бахрэвіч. Усё ўжо як трэба агледзеў, на каго належала, накрычаў, што трэба было пералічыць, пералічыў, а цяпер перад домікам, дзе жылі намеснік і арандатар, аддаваў работнікам і работніцам заробленую імі плату. Сядзеў на табурэце, а на каленях трымаў два мяшочкі дробных манет. Намеснік і арандатар дапамагалі яму лічыць і раздаваць грошы, касцы і грабельніцы бралі іх, кланяліся і казалі: «Хай будзе пахвалёны!» і па адным ці грамадкамі пакідалі фальварак. Сярод грабельніц была і Хрысціна. Узяла грошы і таксама адышла, аднак не да чацвертака, а да аборы, за якой і схавалася. Ля плота стаяў асядланы ўкормлены конь аканома. Калі ўсе справы былі скончаныя і распараджэнні аддадзеныя, намеснік адвязаў ад плота коніка і прывёў яго да начальніка. З Бахрэвічавых рухаў і з выразу ягонага твару можна было здагадацца, што ён вельмі спяшаўся. Прычына гэтай спешкі была зразумелая. Мадзя жахліва не любіла гэтых паездак у Вульку, дзе жыла Хрысціна, і калі там затрымліваўся крыху даўжэй... дык што ж, хоць і нічога там не было - дома чакала мятла! Сёння ж работы тут у яго было шмат, і за брамай ён збіраўся ўжо пусціць каня на поўны галоп, як высунулася з-за стадолы і заступіла яму дарогу Хрысціна. У летнім празрыстым змроку ён пазнаў яе адразу. Не ў пару яна з'явілася. Калі ж, аднак, напаўголаса паклікала: «Пане, пане, пачакай, крышку», затрымаў каня і трошкі злосна адгукнуўся.

- Добры вечар, Хрысціна! Ну і чаго ж ты зноў хочаш?