10894.fb2
- Спіць! - не азіраючыся, буркнуў хлопец.
У прыадчыненых дзвярах пачулася раззлаваная кляцьба:
- А каб вас д'яблы ўзялі...
З гэтым няскончаным праклёнам ў вітальню ўваліўся Бахрэвіч. Яго прыход зрабіў пэўнае ўражанне. Жыды перасталі гергетаць і, ацэньваючы, разглядалі яго з ног да галавы, шляхціц, што стаяў у куце, шырока расплюшчыў вочы, Паўлюк кіўнуў галавой у знак прывітання, Хрысціна ж, пачуўшы ягоны голас, пераступіла з нагі на нагу, маршчыны на яе лбе заварушыліся, вусны задрыжэлі, але яна не сказала ні слова, зноў апусціла павекі і яшчэ мацней прыціснулася плячамі да сцяны.
Мужчына ў чорнай тужурцы і камізэльцы, зашпіленай ля горла, з круглым паліраваным кіем у руках, плячысты і румяны, адкормлены ў вясковым простым дабрабыце, здавалася, прыйшоў сюды дзеля таго, каб сваёй прысутнасцю дапоўніць сабраны тут людскі тыпаж. На першы погляд можна было распазнаць у ім вясковага арандатара. Гнеў і нецярплівасць білі ў яго з вачэй. Абапёршыся на кій, ён звярнуўся да Юркі:
- З шасці гадзін хаджу тут і хаджу, не магу дачакацца, каб твой пан устаў з ложка. Ці вы тут у горадзе цэлы дзень спіце?
- Я не сплю, - прабурчаў Юрка.
- А твой гаспадар?
- Часам дык і цэлы дзень спіць...
- Ну, дык дай жа мне хоць табурэтку якую, каб прысесці...
Хлопец устаў з сенніка і тонкім голасам прамовіў:
- То, можа, пан у залу пройдзе... Мой гаспадар заўсёды кажа паноў у залу запрашаць...
Гэтая фраза трошкі ўлагодзіла аканома.
Падабалася яму тое, што Юрка яго залічваў да паноў.
- Ну, дык дзе ж гэта ваша заля? - спытаўся.
А сам сабе падумаў: «Фу! Залю мае! Спрытная бестыя... Да чаго дайшоў... залю мае... вісельнік!»
Юрка расчыніў дзверы. Засцянковы шляхціц, Паўлюк і нават Хрысціна павярнуліся туды тварам і ажно выцягнулі шыі. Перад іхнімі вачыма бліснулі залатыя рамы і люстэркі, палінялыя, але разнастайныя колеры дывана, бронзавыя скульптуркі, што аздаблялі стол... Раты іхнія параскрываліся, вочы заміргалі як бы ад асляплення. У гэты ж момант са спальні пачуўся хрыплаваты, але гучны голас:
- Юрка!
- Бягу! - прарэзліва адгукнуўся хлопец і, ухапіўшы з сенніка вычышчаныя чаравікі, кінуўся за Бахрэвічам у залу, з трэскам зачыніўшы за сабой дзверы. Шляхціц, што стаяў у куце, локцем штурхануў пасрэдніка ў плечы.
- Прачнуўся, - шапнуў.
Паўлюк зірнуў на Хрысціну.
- От, і прачнуўся!
Яна кіўнула галавой і моцна сціснула рукі, засунутыя ў рукавы сярмягі. Жыды загаварылі гучней. Зневажальныя, пагардлівыя ўсмешкі мільгалі на іхніх худых знерваваных тварах, непавага заўважалася нават ва ўздрыгванні вострых бародак.
Капроўскі не заўсёды так доўга спаў. Аднак учора ў яго было столькі прыемных і непрыемных уражанняў, і ён быў імі настолькі змучаны, што спатрэбіўся яму больш доўгі адпачынак. Прыемнасць справіла яму выйграная ў судзе невялічкая, праўда, справа невялікага землеўладальніка, але ж землеўладальніка, а гэта было ў яго практыцы вельмі рэдка і да таго ж было гэта цудоўнай абяцанкай на будучыню. Калі б змог наладзіць адносіны з вясковай шляхтай, го, го! Як бы змянілася ягонае фінансавае і грамадскае становішча. Сялян бы цалкам не кінуў, бо давалі яны яму нядрэнны прыбытак, але разам з тым былі б у яго ганаровыя кліенты, з якімі было б прыемна бавіць час і сярод якіх, можа, лягчэй было б знайсці мажлівасць хуткага ўзбагачэння, таксама як і выгаднай з любога боку жаніцьбы. Таму з асаблівым імпэтам ён займаўся працэсам гэтага чалавека, з якім пазнаёміўся, дзякуючы пасрэдніку Янкелю. На карысць гэтага працэсу старанна расшукаў усе адпаведныя артыкулы закону і скарыстаў усе свае прамоўніцкія здольнасці. І хоць суддзі, звычайна, крыва і падазрона паглядалі і на ягоную асобу, і на ягоныя справы, аднак гэтым разам ён узяўся за працэс так заўзята і спрытна, што выйграў яго. Грошы за гэта атрымаў невялікія, бо да чалавека, хоць колькі-небудзь адукаванага і які ўжо цёрся ў свеце, нельга было стасаваць прыёмы, ужываныя для сялян. Затое шляхціц паціскаў рукі, цалаваў шчокі шаноўнаму адвакату, які выйграў ягоную справу, і абяцаў па ўсёй ваколіцы расказваць пра яго і прысылаць да яго сваіх суседзяў, што таксама вядуць судовыя працэсы. Была гэта ў прафесійнай практыцы Капроўскага, бадай, першая ўдача, але ўдача, якая давала шмат спадзяванняў і адкрывала шырокую дарогу зманлівым лятункам. Уручыўшы значную частку заробку Янкелю, які не пакінуў бы яго ні на секунду, пакуль не атрымаў гэтых грошай, сам з рэштаю падаўся ў цукерню, дзе на малой эстрадзе была ўжо Клара, убраная ў фантастычна-чырвоны касцюм, і невялікая купка мужчын, перад якімі яна па-майстэрску выконвала сваю канцэртную «Willst du spazieren gehen, miau!». Гэтае «мяў» так уздзейнічала на яго, што не акрэсліць словамі, проста іграла яму на нервах і наскрозь працінала сэрца. У гэтую ноч ён не гуляў у карты, бо цалкам быў заняты перамогай, атрыманай над сірэнай з цукерні, якая ўрачыста паабяцала яму застацца ў Ангродзе яшчэ на пару тыдняў. Вяртаўся дахаты ў цудоўным настроі, памахваючы кіёчкам і напяваючы сабе: «мяў, мяў», але вестка пра гісторыю, што адбылася ў Лясной, якую прынёс яму Юрка, прывяла яго проста ў шаленства... З гэтым хлопцам ён бы абышоўся яшчэ горш, калі б не згадаў пра Мікалая. Ведаў, што салдат ажно дрыжыць над сваімі дзецьмі. Калі б пакрыўдзіў ягонага хлопца, мог бы парваць з ім усялякія адносіны, вельмі карысныя для яго. Го, го! Такога Мікалая шмат ягоных калегаў ахвотна ўхапілі б за свайго пасрэдніка. Але не дачакаюцца! Толькі ён адзін умее знаходзіць такіх Мікалаяў і такіх Янкеляў! Таму і ўстрымаў гнеў, якім загарэўся на Юрку, аднак з гадзіну не мог заснуць, раздумваючы над тым, што яго чакае ў адносінах з бацькамі Каролькі... Цяпер, калі хлопчык увайшоў у спальню, ён досыць лагодна ў яго спытаў:
- Ёсць хто-небудзь?
- Ай, ай! Поўна! - ускрыкнуў Юрка, прыемна здзіўлены лагоднасцю свайго гаспадара.
- І хто там ёсць?
- Янкель прывёў нейкага шляхціца з паперамі.
Капроўскі ўсміхнуўся. Ужо калі Янкель каго прывёў, то тым чалавекам нельга гардзіць.
- Паўлюк Гарбар з Грынек і тая баба з Вулькі, Хрысціна, ці як яе там, даўно ўжо прыйшлі і чакаюць...
І гэта добра, нават выдатна, што гэтыя сяляне прыйшлі самі. Гэта азначала, што сёння яны хочуць абысціся без пасрэдніцтва Мікалая, і тое, што прынесеныя грошы ўручаць яму непасрэдна. Значыць, не трэба будзе палову аддаваць салдату. Го, го! Салдат разумны, але хамы гэтым разам яго абдурылі. Самі грошы прынеслі!.. Толькі адна бяда: ён зусім забыўся, што гэта за баба з Вулькі і які мог быць інтарэс, за які прысылала і прыносіла яму грошы. Тут Юрка, адскочыўшы на некалькі крокаў ад ложка, крыху памаўчаўшы, з нейкай мешанінай трывогі і фамільярнасці прамовіў:
- Той... проша пана, прыйшоў... з Лясной - Бахрэвіч!
- Даскакаўся!
Шчокі і рукі пачалі ў яго дрыжаць.
Пачаў апранацца, але рабіў гэта вельмі павольна, пагружаны ў глыбокі роздум. І дзіўна! Апранаўся так старанна і з такім густам, як быццам меўся выбрацца на нейкі баль. Толькі фрак з белымі пальчаткамі не апрануў, але затое доўга грэбаўся ў стосах свайго адзення: выбраў найлепшую бялізну, самую новую тужурку, найлепшай парфумай абліў кашулю спераду, а манжэты зашпіліў шклянымі запінкамі з падробленымі рубінамі.
- Ці прыбраў залю? - спытаўся ў Юркі.
- Заля - як шкло! - адказаў хлопец. - Старая Юстына ўсё ўчора вычысціла і вымыла...
Гэта была жонка вартаўніка, якая падчас адсутнасці Юркі апекавалася жыллём кватаранта, і якраз учора, калі ні слугі і ні гаспадара не было дома, некалькі гадзінаў мыла і прыбірала гэтае жыллё. У чыстую і прыбраную гасцёўню, што мела тут назву залы, Бахрэвіч увайшоў шпарка і размашыста, як чалавек, які ледзьве стрымліваў свой гнеў. Праз пару крокаў ад парога спыніўся і пільней, чым звычайна, пачаў узірацца ў агульны выгляд залы. Нічога прыгажэйшага ў сваім жыцці ён не бачыў. Салон кіраўніка краснасельскага маёнтка і ягоная гасцёўня былі вельмі прыгожымі, але ці ж параўнаеш іх з гэтай залай адваката! Фі! Люстэрка ў пазалочанай раме, такі вялікі дыван, такія прыгожыя карціны на сценах, а на стале столькі пазалочаных цацак! Фі! Падлога блішчыць, паліраваная, ці што? А горы кніжак! Якім чынам гэты чалавек мог прачытаць усе гэтыя кнігі? А спісаных папер цэлыя стосы! Пэўне, гэта самыя важныя дакументы! Як жа людзі, аднак, высока яго цэняць, калі столькі папераў даверылі яму! Фі! От спрытная бестыя, вісельнік!..
Пашана і абурэнне, нясмеласць і шкадаванне ўтваралі ў душы Бахрэвіча заблытаны хаос пачуццяў і думак. Спачатку меў жаданне шырокімі крокамі прайсці залу і сваім кіем пальнуць з усяе сілы ў замкнутыя дзверы спальні, але, затрымаўшыся на момант, павольна і асцярожна ўсеўся на беражок канапкі, што стаяла ля сцяны. Цацка гэта была, а не канапка! Мадзя разам з іншымі рэчамі прынесла ў ягоны дом і канапу, якая і дагэтуль стаяла ў іхняй гасцёўні, заваленая падушкамі, вырабленымі «а ля ракака». Але што за параўнанне! Была гэта ляжанка, вялікая, шырокая і цвёрдая. На гэтай жа, маленькай і мяккай, ён ледзьве асмеліўся прысесці. Яму здавалася, што можа зламацца пад цяжарам яго добра развітых касцей і мускулаў. Не здагадваўся зусім пра тое, што гэтая цацка ўжо мела зламаныя ўнутры спружыны, а адну з адсутных ножак замяняла ёй падпёртае да сцяны палена. Думкі ў галаве ягонай блыталіся, мяшаліся выразы і сказы:
«Пан сабе на ўсю моц... зладзюга! Разумнік... галган! Выдатная партыя... вісельнік! Ну, скажу ўжо яму, ажно мароз у яго па скуры пойдзе! Як жа гэта з такім панічом і разумнікам сварку распачынаць! Мадзя б сумела... ого! Чаму ж Мадзя сама на гэтую экзекуцыю не прыехала... яна ж то... ага!»
Тут дзверы спальні адчыніліся: прыбраны, напарфумаваны Капроўскі, бліскаючы каштоўнасцямі, з самай сардэчнай усмешкай на адутлаватым, нервовым твары, увесь пахілены наперад ад вялікай ветлівасці, пачаў вітаць свайго неспадзяванага госця. З элегантнасцю падбег да госця і схапіў у свае малыя белыя рукі яго чырвоныя і мясістыя далоні, патрос імі пару разоў і, падсоўваючы крэсла на колах да канапы, загаварыў:
- Не спадзяваўся ўбачыць пана дабрадзея ў сваім доме... пэўне, за нейкім інтарэсікам у наш гарадок... А можа быць, я чым-небудзь магу паслужыць, у чым дапамагчы... Чакалі, відаць, пакуль я прачнуся... Сто разоў перапрашаю... От ужо гэтая гасціннасць вясковая і гарадская... Спадарства дабрадзейства таксама мяне там у Лясной частавалі, а я... як на тое акурат сёння, больш чым калі, заспаўся... Ды гэта не без прычыны! Кліент мой, Калінскі, спадар, пэўне, ведае яго, бо з вашых краёў, заняў мне ўчора ўвесь дзень сваім інтарэсам, які, зрэшты, я выйграў яму... Дык цэлую ноч вымушаны быў правесці за чытаннем актаў, што пераслаў мне кліент Зямбіцкі, сусед Калінскага... Вялікі інтарэс... справа ідзе амаль пра ўвесь маёнтак Зямбіцкага... Кліент мой, Калінскі, паехаў усцешаны, запрасіў мяне да сябе ўвосень на паляванне. «Прадстаўлю спадара сваім дачушкам, казаў, таксама суседзям, якія ўсе з гэтага часу будуць старацца атрымаць ад спадара параду і дапамогу...»
Нешта падобнае Капроўскі плёў доўга, хутка і не спыняючыся, з усмешкамі, што паказвалі час ад часу з-пад завялых вуснаў пачарнелыя зубы, з мігатлівым бляскам блакітных шкельцаў акуляраў і залатых пярсцёнкаў, з нядбалай элегантнасцю пакалыхваючыся ў крэсле. Бахрэвіч сядзеў на беражку канапы як скамянелы, выпрамлены, усё больш і больш чырванеючы, нерухомым позіркам утаропіўшыся ў гасціннага, элегантнага і красамоўнага гаспадара. Колькі разоў румянец узлятаў з яго загарэлых шчок ажно да белага лба, а нерухомыя зрэнкі загараліся злосцю і нецярплівасцю. Але таксама колькі разоў яго пульхныя вусны складваліся ў чырвоны бутончык і міжволі, пэўне, выдавалі свісцячы гук: «Фі!»
«Ягоны кліент Калінскі чалавек з дастаткам... Фі! Запрасіў яго на паляванне і будзе прадстаўляць дачушкам! Ягоны кліент Зямбіцкі яшчэ багацейшы за Калінскага... на Дзельскай жанаты... Фі! З якімі людзьмі бестыя водзіцца! Вісельнік! Разумнік! Фі!»
Раптам унутры яму нешта кальнула: «Дам я яму дачушак Калінскага... а маё дзіцятка, то што?» Як чым ашпараны, падскочыў і, перапыняючы няспынную гутарку гаспадара, загаварыў:
- Але ж я да спадара з прэтэнзіяй... з вялікай прэтэнзіяй і жалем... Збаламуціў мне спадар дзяўчыну, а зараз кінуць яе хочаш... я гэтага не дазволю... я бацька... Я прыехаў нагадаць пра крыўду, нанесеную маёй сям'і... Я спадара змушу... каб спадар...
Не мог больш гаварыць. У горле здушыла, сэрца зайшлося болем, што выліўся слязамі, якія зрасілі ягоныя вочы і пацяклі па шчоках. Каролька, як зачараваная, усё стаяла яму перад вачыма, тут ля гэтага праклятага вісельніка, які вось зараз устаў з крэсла, павольна сабе і з усмешкай, як бы нічога ніякага...
- Але ж, ласкавы спадару, - пачаў, - чаго ж спадарства ад мяне хоча?..
Чаго яны ад яго хацелі? Такая спрытная бестыя, а дадумацца не можа!