10894.fb2 Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 18

Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 18

- А ці казаў табе Мікалай, што грошы трэба?..

Кабета зноў схінулася да яго каленяў і потым, выпрастаўшыся, з трывогай зазірнула ў ягоныя вочы. Дрыготкім голасам пачала гаварыць:

- Пане яснавяльможны, злітуйцеся нада мной... Зрабіце ўжо зараз без грошай... То ж я дала... І Піліпкавы грошы аддала, і што сабе на смерць збірала... Зрабіце ўжо зараз так без нічога... Адкуль жа я вазьму?

Капроўскі спахмурнеў і зноў спытаўся:

- Ці ж табе Мікалай не казаў, навошта, дзеля чаго і колькі трэба?

- Казаў, яснавяльможны пане, усё казаў... Але, найміласцівейшы пане, злітуйцеся нада мной і зрабіце што-небудзь з тымі рэвізорамі... Так ужо, без нічога...

Капроўскі напружыўся, узняў галаву, надзьмуў вусны.

- Мая дарагая, - сказаў холадна, - скажы ты мне, ці ж я ёсць Пан Бог?

На гэтае дзіўнае пытанне чорныя, сумныя вочы з мальбой і здзіўленнем паглядзелі на яго і сарамліва прыкрыліся вейкамі.

- Ну, кажы ж! Язык жа ў цябе ёсць. Ці ж я ёсць Панам Богам?

Прыгожыя калісьці, але цяпер бледныя і завялыя вусны ціхутка шапнулі:

- Не.

Капроўскі пытаўся далей:

- Ці я ёсць цар?

Сумныя чорныя вочы зноў з палахлівым здзіўленнем зірнулі на ягонае аблічча, а дрыготкія вусны адказалі:

- Не.

- Ага! Калі я не ёсць ані Панам Богам, ані царом, дык як жа ты хочаш, каб я мог што-небудзь зрабіць без грошай. Грошы на гэтым свеце, мая дарагая, гэта ўсё, усё і ўсё. Без грошай сам чалавек нічога не варты і інтарэс ягоны нічога не варты...

Тут ён, як прамоўца, выцягнуў руку і паварушыў далонню.

- Што можна дастаць на свеце без грошай. Чалавек без грошай - гэта як зламаны кол у плоце. Хто будзе яго падпіраць, каб не ўпаў? Ніхто. Праўда?

Падчас гэтага маналога, звернутага да Хрысціны, ягоны пагляд з-пад блакітных шкельцаў скіраваўся да дзвярэй, туды, дзе стаяў Гарбар. Пасівелы селянін у сярмязе з разумным і досыць упэўненым выразам твару ўслухваўся ў ягоныя словы так уважліва, што ажно выцягваў шыю, як бы хочучы праглынуць гэтую размову. Час ад часу ён ківаў галавой у знак згоды, усміхаўся і бліскаў вачыма. Было відаць, што выказаная хадвакатам дактрына пра ўсемагутнасць грошай і пра тое, што яны на свеце значаць усё, лёгка праклала сабе дарогу да свядомасці Паўлюка Гарбара. А што пра гэтую прамову думала Хрысціна? Яна ні разу не ўзняла вачэй і не распляла складзеных на грудзях рук... Далікатны і хударлявы профіль яе твару набыў выраз глыбокага роздуму. Можа, думала пра тое, што калі б мела грошы не была б усё сваё жыццё зламаным калком у плоце, якога ніхто не хацеў падперці. А хутчэй за ўсё думала пра тое, што ў гэты момант захапіла яе цалкам, бо калі Капроўскі змоўк, павольна ўзняла вейкі і яшчэ раз пачала пра сваё:

- Пане яснавяльможны! Злітуйцеся нада мной, зрабіце ўжо зараз... так... Без нічога...

Капроўскі зрабіў гнеўны жэст.

- Калі не маеш грошай, не трэба было прыпаўзаць сюды, каб мяне нудзіць і час займаць... Ідзі сабе, ну, пайшла! З Панам Богам!

Хрысціна амярцвела ад трывогі. Можна было падумаць, што гнеў хадваката ператварыў яе ў нямы і мёртвы слуп. Ёй зрабілася непамысна. Выганяе яе! Калі выганіць, дык і нічога не зробіць, а калі нічога не зробіць, то што будзе з Піліпкам і тымі грашмі, якія ўжо на яго выдала? Яе рука, пакрытая цёмнай, паморшчанай скурай, уся ў шнарах і мазалях, дрыжучы ўзнялася да грудзей, а скрыўленыя пальцы з белымі пазногцямі і парэпанымі гузамі, усунуліся ў сярмягу, як быццам бы хацелі нешта выцягнуць з-за пазухі. Аднак ужо на першым гузіку рука знерухомела зноў. Прыгадаўся Антосік. Божа ж мой, Божа! То ж ягоныя грошы, і ён жа яе дзіця таксама, як і той! Згадала ягоны зласнаваты голас, цвёрды жэст і суровы пагляд, з якімі гаварыў ёй некалі, каб ягоныя грошы не аддавала, ні ў якім разе не аддавала, бо да смерці ёй таго не забудзе. А калі і праўда не забудзе і сэрца сваё ад яе адверне? А Піліпка?

Азірнулася і звярнула амаль непрытомны позірк на Гарбара. Паглядам гэтым, здавалася, гаварыла: «Ты разумнейшы за мяне, дурную бабу, мужык! Калі ёсць у цябе Бог у сэрцы, дапамажы, ратуй»!

Гарбар і сам ужо з парадай паспяшаўся.

Ступаючы на дыбачках па нацёртым паркеце, ён наблізіўся да Хрысціны і з таямнічым выглядам штурхануў яе пару разоў локцем у бок. Пры гэтым пачаў ёй штосьці амаль на вуха шаптаць. Шэпчучы, увесь час падштурхоўваў локцем і, здавалася, што падсмейваўся з яе. Грыньскія сяляне не столькі далі, колькі яна, і яшчэ дадуць, а што ж? Як трэба, дык трэба! Хрысціна слухала шэпт заможнага і паважанага гаспадара, якога і сама, ведаючы з усіх бакоў, вельмі высока цаніла, - і ўсё яшчэ вагалася. Думка пра Антосіка, пра крыўду, якую яна яму зрабіла б, і пра магчымую страту ягонай любові да яе, стрэмкай сядзела ў сэрцы і ўстрымлівала руку. Раптам узняла вочы і сустрэлася паглядам з дзіцячай галоўкай, што глядзела на яе з партрэта на сцяне вачыма, падобнымі да кветак лёну. О! Той праменьчык ідэалу ў гэтай гнілой затоцы! Прыцягнуў ён да сябе вочы гэтай сялянкі, што не мела на свеце нічога, нічога, нічога і нікога апрача дваіх сваіх дзетак, якіх грудзьмі і крывёй сваёй узгадавала, выкарміла - сама. Сама! Ніхто не дапамагаў. У дзвюх тых кветках лёну, што глядзелі на яе з карціны, пазнала Піліпкавы вочы, і такі самы кругленькі ён быў і ружовенькі, калі быў яшчэ маленькі, і пакуль яго тая ліхаманка, з-за якой пяць месяцаў ляжаў... Як жывы Піліпка... Божа, мой Божа! Яна ж прыйшла ў горад, каб пабачыць яго... Мора тугі разлілося ў яе грудзях. Уся сіла пачуццяў, што жылі ў яе спрацаваным целе і зняверанай душы, тая сіла, што гарэла агнём у яе чорных вачах, а калі была маладой, чарамі захаплення з'яднала яе з каханкам - зараз дрыготкаю прабегла па яе плячах, высока прыўзняла грудзі, задрыжала ў руках і асвяціла полымем румянку спакутаваны, састарэлы твар. Яна адвярнулася тварам да сцяны і выцягнула з-за пазухі тоўстую палатняную панчоху, перавязаную на канцы шнурком. Доўга яе развязвала, доўга яшчэ, нягледзячы на моцнае хваляванне, асцярожна выцягвала з яе пажоўклыя паперы, аж пакуль зноў не павярнулася тварам да пакоя і, стукаючы тоўстымі падэшвамі чаравікаў, не падышла да стала. Звон высыпаных на стол манет раздаўся ў пакоі. Капроўскі глядзеў, падкідваючы ў руках залаты ланцужок гадзінніка, і смяяўся:

- Але ж і грошы! Па два злотых, саракоўкі, залатоўкі, дзесяткі, нават шасцёркі - усяго поўна!.. Ха, ха, ха! Адкуль ты, баба, такіх грошай столькі набраць магла?

Рассыпаныя на стале грошы выразна адказвалі сваім пацямнелым выглядам: «За дзень, што палола пшаніцу, за два дні жніва, за тое, што насіла ваду каромысламі, за даенне кароў у арандатара, за ірванне буракоў, за выбіранне бульбы... за грабенне сена... За дзевятнаццаць гадоў... За дзевятнаццаць гадоў... За дзевятнаццаць гадоў...»

Нежывыя прадметы маюць сваю мову, часам вельмі выразную. Грошы, высыпаныя Хрысцінай на стол, гаварылі, расказвалі. Пра сумную долю, пра цяжкую працу, пра вечны пост, пра спіну, цэлымі днямі сагнутую да зямлі, пра лоб, па якім рагамі цёк пот, пра босыя ногі, пра рукі, пакрытыя гузамі і шнарамі - гаварылі і расказвалі срэбныя і медныя манеты, пакамечаныя папяровыя рублі, што праз момант, ссунутыя з глухім звонам на дно шуфляды, падалі апошні выразны і тужлівы гук, быццам апошні акорд спяванай імі элегіі. Але Капроўскі, які нейкім чынам ведаў аб тым, што слова «ракако» азначае спосаб узвядзення будынкаў, зусім нічога не разумеў у паэзіі нежывых прадметаў. Перад яго вачыма прамільгнула рудая барада ліхвяра, што чакаў сваіх працэнтаў, а ў вушах загучаў галасок сірэны з цукерні, што выспеўваў чароўнае: «Мяў, мяў, мяў!» Вусны яго скрывіліся ў напаўіранічнай, напаўзадаволенай усмешцы, і ён адчуў, што яго зноў абдымаюць за калені.

- Чаго ж ты хочаш яшчэ? - спытаўся досыць лагодна.

- Яснавяльможны пане! То ўжо гэтыя рэвізоры, значыць, нічога не зробяць?

- Нічога, нічога не зробяць, супакойся і вяртайся дахаты...

- Пане найміласцівейшы! - усклікнула яна. - Хай Пан Бог Усемагутны ўзнагародзіць... я ўжо больш дакучаць пану не буду... пайду толькі з сыночкам убачуся, дый дахаты...

Радасць раз'ясніла яе твар, але Капроўскі раптам чагосьці спалохаўся.

- Вось табе на!..

Нецярпліва ўскочыў і рэзка сказаў:

- І не думай, мая дарагая, і не думай... да сына ісці... зараз убачыць яго не зможаш...

Можа, што прачытала па ягоным твары? Ці тая карціна з дзіцячай галоўкай, на якую на хвілю ўзняла вочы, нешта ёй падказала, але яна зноў кінулася да пульхных белых рук, якія спрабавалі яе адштурхнуць.

- Найяснейшы пане! - усклікнула. - Дазвольце мне дзіця маё ўбачыць... дазвольце мне яго ўбачыць хоць на хвілінку, на хвіліначку, хоць бы я раз на яго зірнула...

У яе руках, у выразе яе вачэй, ва ўсім яе твары было такое адчайнае жаданне і просьба, што Капроўскі на хвіліну сумеўся.

- Вось табе маеш...

- Дазвольце, паночак, дазвольце, ой, дазвольце, хоць на хвіліначку, каб я яго толькі ўбачыла, што ён тут ёсць, што жывы... ой, дазвольце.

Цяпер ужо павалілася яму ў ногі і не толькі абдымала іх, але і цалавала ягоныя калені, ужо і не плачучы, а толькі ў агні тых гвалтоўных пачуццяў, што раскудлачылі яе ўжо ледзь пасівелыя валасы, распраменілі завялы твар і ўсёй яе постаці надалі выраз трагічнай прыгажосці. Кірпаты нос Капроўскага страціў трошкі сваёй задзірыстасці, адутлаватыя шчокі яго ўздрыгнулі. Аднак, зразумеўшы, што неабходна захоўваць спакой і раўнавагу, упэўненым тонам сказаў:

- Мая дарагая! Убачыць зараз свайго сына не можаш... ён лічыцца хворым і знаходзіцца ў такім месцы, куды нікога-нікога не пускаюць... Калі не хочаш, каб увесь інтарэс пайшоў прахам, вяртайся бягом дахаты, бягом, зараз жа, адразу, і сядзі ціха... і тут не паказвайся... ці чуеш?

Як жа магла не чуць, калі слухала вушамі, вачамі, усёй душой! Слухала і зразумела. Калі будзе настойваць, каб убачыць Піліпку, то ўвесь інтарэс прападзе. Павінна быць задаволена тым, што рэвізоры нічога ўжо не зробяць, і зараз, бягом, вяртацца дамоў. Узняла вочы на карціну. Выліты Піліпка, як быў маленькі. Вочы такія самыя і таксама смяяўся... Што ж не ўбачыць яго, то і не ўбачыць, дзеля ягонага дабра! Дзеля таго, каб не загубіць увесь інтарэс. Нізка пакланілася Капроўскаму і ціха сказала:

- Дзякую яснавяльможнаму пану! Я ўжо задаволеная і пайду дахаты! Каб толькі тыя рэвізоры нічога не зрабілі, значыць, Піліпка на зіму ў Грынькі прыйдзе. Дзякую яснавяльможнаму пану...

Адвярнулася і цяжкімі крокамі, стукаючы тоўстымі падэшвамі, выйшла з залы. Да стала наблізіўся Паўлюк Гарбар. Да гэтага селяніна Капроўскі меў пэўную павагу і пра інтарэс, з якім ён да яго прыходзіў, памятаў дакладна. Грыньскія сяляне, дэлегатам якіх быў Паўлюк, прадстаўлялі цалкам іншую лічбу, чым нейкая там баба-парабчанка і, зрэшты, забываць пра сябе не дазвалялі... Капроўскі нават ведаў, у якой шуфлядзе стала ляжалі дакументы, што адносіліся да іхняй справы, і адразу ж тую шуфляду адчыніў, прапануючы Гарбару выслухаць апошнія заявы ў суд, якія ён напісаў па іхняй справе. Заявы тыя і сапраўды былі напісаныя і, як думаў Капроўскі, напісаныя былі выдатна. Але Паўлюк не хацеў адразу слухаць той шэдэўр.

- Хай яснавяльможны пан паслухае, - сказаў, - тую просьбу пазней прачытаема, а зараз я наконт таго інтарэсу з Ясюком... Я ведаю, што вяльможны пан той інтарэс яму вядзе... і прыйшоў прасіць вяльможнага пана... каб пан так яго правёў, каб я выйграў... От!

Вочы селяніна, з бляскам трошкі палахлівай хітрасці, спыніліся на твары хадваката: усміхаўся і правай рукой корпаўся за пазухай.