10894.fb2 Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 19

Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 19

- Вяльможны пан сам казаў, што чалавек без грошай, як зламаны кол у плоце. Навошта яго падпіраць? Ён ужо так ці гэтак, будзе крывы. Той Ясюк, каб яго паралюш кінуў, каб яму косці пакруціла, то такі саўсім як той кол... Заўжды ў мяне больш грошай, як у яго...

Капроўскі ўсеўся ў крэсла з высокімі падлакотнікамі і, барабанячы па стале пальцамі, аздобленымі пярсцёнкамі, жартаўліва спытаў:

- Ну, і ці многа ж ты там прынёс? Га? Пакажы! Можа, варта будзе цябе падпіраць, а можа, не варта! Убачым!..

Калі праз пятнаццаць хвілін Гарбар пакідаў залу, размінуўшыся ў дзвярах з высокім плячыстым шляхціцам са скруткам папераў у руках, якога падпіхаў пасрэднік, Хрысціна была ўжо за горадам. За колькі сажняў ад апошніх гарадскіх дамоў, каб трапіць на дарогу, якой трэба было ісці ёй далей, павінна яна была перайсці вузкі насып, на якім ляжалі рады жалезных рэек. Шлагбаўм быў зачынены. Праз некалькі хвілін тут павінен быў праходзіць цягнік. Вартаўнік, убачыўшы жанчыну, што хуткім крокам падыходзіла да шлагбаўма, закрычаў.

- Нельга!

Спынілася за некалькі крокаў ад апушчанага шлагбаўма. Гэтая нязначная няўдача не зрабіла ёй ніякай прыкрасці. Пачакаць, дык пачакаць. Стала на пажоўклай, стаптанай траве і, развязаўшы палатняны хатуль, што несла ў руках, выцягнула адтуль акраец чорнага хлеба, пасыпала яго соллю і пачала есці. Ад учарашняй вячэры нічога ў роце не было... Ела і азіралася навокал. Недалёка ад таго месца, дзе яна стаяла, узносіліся муры чыгуначнага вакзала. Было гэта так недалёка, што можна было добра разгледзець чорныя трубы лакаматываў, вялізныя клубы дыму, што вырываліся з іх, і мноства людзей, што стаялі і рухаліся па доўгай і вузкай брукаванай платформе. Віравалі там і разыходзіліся далёка шум, гвалт, свіст, крыкі. Для вясковай жанчыны было гэта настолькі незвычайнае відовішча, што яна заглядзелася на яго шырока расплюшчанымі вачыма. Водгалас вакзала, што выразна даносіўся сюды, адурманьваў і аглушаў яе трошкі, таму твар як бы набіраў выраз крыху разгубленай зацікаўленасці, павялічанай яшчэ тым, што, слухаючы і ўзіраючыся, яна не пераставала есці. Увогуле, згаладаўшыся, хутчэй угрызалася, чым ела, у чэрствую скарынку хлеба. Тут за яе спіной нейчы мужчынскі голас спытаўся ў вартаўніка, што стаяў ля шлагбаўма:

- Што гэта значыць? Цягнікі гэтай парой ніколі не ходзяць. Што ж гэта будзе за цягнік?

Вартаўнік адказаў адным толькі словам:

- Салдацікі.

Пачуўшы гэтыя словы, Хрысціна заміргала замглёнымі вачыма, што ўзіраліся ў бок муроў чыгуначнага вакзала, а рука яе, што трымала акраец хлеба, міжволі пацягнулася да грудзей. Азірнулася на суразмоўцаў. Нейкі чалавек у чорнай тужурцы, з перакінутым праз руку палітонам, глядзеў на залаты гадзіннік, а вартаўнік, крыху прыўздымаючы шапку, у якасці інфармацыі яшчэ дадаў:

- Навабранцаў кудысьці павязуць...

Па цёмным завялым твары жанчыны, што трымала ля грудзей кавалак хлеба, хваляю пракацілася чырвань. У гэты момант на вакзальнай платформе выбухнуў магутны рознагалосы шум, і той вузкі брукаваны кавалачак зямлі пакрыўся густым мурашнікам люду. Над гучным шумам і гвалтам, што вылятаў з таго мурашніка, узносіліся кароткія і загадныя словы камандаў. Труба лакаматыва, што тырчала над доўгім шэрагам вагонаў, час ад часу выкідвала ў паветра клубы чорнага, як сажа, дыму. Адлегласць ад платформы да шлагбаўма была такая, што самае пільнае вока не змагло б разгледзець у людскім мурашніку, што віраваў на платформе, ніводнага твару. Аднак кожны мог бачыць, што там былі адны салдаты і што там было іх вельмі шмат. Хрысціна быццам аслупянела. Пэўне, падумала, ці не тыя гэта салдаты, з якімі Піліпка павінен быў ехаць на край свету. Можа быць, таксама думала, што калі б не яе старанні, ён таксама ад'язджаў бы ў гэтую хвіліну. Не дапускала нават думкі, што яе сын можа знаходзіцца ў гэтым людскім натоўпе, які павінен вось-вось пакінуць родны край. Аднак хлеб ужо не ела. Усхвалявалі яе самі салдаты, якія адсюль ад'язджалі. Раптам чорная труба пранізліва засвістала, доўгі той свіст паўтарыўся яшчэ некалькі разоў, і цягнік пачаў рухацца ад вакзала. Рухаўся ўсё хутчэй і хутчэй па жалезных рэйках... Паўхвіліны - і каля спушчанага шлагбаўма праляцеў увесь... Доўгі рад чорных зачыненых вагонаў, змяшаная мазаіка твараў з коратка пастрыжанымі валасамі, што тлумна вызіралі на волю з-за маленькіх акенцаў, і салдацкая песня, якую ўсе гэтыя людзі спявалі, гучная, разгульная, але там і сям перабіваная адчаем, быццам вырванымі з гэтых развесялелых грудзей крыкамі болю... Зашумела, задрыжала, заспявала - праляцела. І толькі ўдалечыні на павароце сунуўся яшчэ агромністы чорны вуж і цягнуліся ў паветры ўсё больш рэдкія шматкі чорнага дыму...

Недаедзеная скарынка хлеба ляжала на пажоўклай траве ля ног, здавалася, скамянелай кабеты. Яе твар гарэў агнём, а маршчыны на ім дрыжалі, як быццам раптоўна зачэпленыя нейчай рукой струны. Паветраная хваля ад хуткіх вагонаў развявала над яе ілбом злёгку пасівелыя валасы. Апушчаныя рукі заламаліся. Чаго ж яна так стаяла, з тварам у агні і дрыжучы, як асінавы ліст? Ведала ж добра, што сярод гэтых салдат яе Піліпкі не было! Ды што з таго! Нейкія жалезныя абцугі сціснулі яе сэрца, і ўзяла яе такая нуда, што, здаецца, упала б на зямлю, калі б стук адчыненага шлагбаўма не вярнуў ёй прытомнасць. На вартаўніка, што адчыняў гэты шлагбаўм, глянула такімі вачыма, як быццам толькі што прачнулася. Снілася ёй, нібы ў адным з тых чорных вагонаў ад'язджаў на край свету Піліпка, што нават заўважыла сярод твараў, якія выглядалі праз акенцы, ягоны бледны і сумны твар. Нібы снілася ёй гэта, а цяпер яна прачнулася і ўспомніла, што Піліпка ўратаваны, што яго пан хадвакат дзесьці схаваў ад рэвізораў, што калі ўжо тыя салдаты паехалі, а ён з імі не паехаў, значыць, ужо застаўся і зусім не паедзе. Яна села на зямлю і зняла з ног чаравікі, павесіла іх сабе на плечы і хуткім крокам пайшла па дарозе. Недаедзены акрайчык чорнага хлеба застаўся ляжаць на пажоўклай траве. Забылася пра яго, выгляд салдат, што ад'язджалі ў далёкі свет, заглушыў у ёй адчуванне голаду.

Для сялянкі, прызвычаенай быць увесь час на нагах, прайсці тры мілі было дробяззю, пра якую і гаварыць не варта. На заходзе сонца Хрысціна была ўжо ў Вульцы. Настка з Юзікам прывіталі яе ў чацвертаку радаснымі крыкамі. Дала ім па грашовым абаранку, купленым спецыяльна дзеля іх у прыдарожнай карчме, і адразу ж пачала мітусіцца каля агню і вячэры. Ахапіла яе вялікая радасць. Усё, дзякаваць Богу, скончана. Навабранцы паехалі, а яе Піліпка застаўся. Грошай, праўда, ужо зусім няма, пустая панчоха, засунутая за кашулю, трошкі пячэ яе ў прадчуванні гневу і скаргаў Антосіка, але затое сваё зрабіла. Сынка ўратавала. На гэты раз не зрабіла гэта сама. Хадвакат і Мікалай дапамаглі. Як будзе час, сходзіць падзякуе Мікалаю... Зараз, завіхаючыся каля печы, расказвала Галене пра сваё вялікае шчасце. Юзік са сваім абаранкам выбег на дзядзінец, Настка, седзячы каля печы, абірала бульбу, а Галена, дробненькая і скурчаная, зноў сядзела на ляжанцы і павольным рухам худой рукі гайдала калыску, дзе ляжала наймалодшае з яе дзяцей. Неўзабаве перапыніла Хрысціну і перарывістым ад слабасці голасам пачала скардзіцца, што вельмі непакоіцца за Ясюка. Дазнаўся пра тое, што дзядзька паехаў у горад, і здагадаўся, што паехаў ён туды да хадваката, каб таго перакруціць на свой бок... З раніцы пайшоў да карчмы, каб распытацца пра намеры Паўлюка ў сялян і арандатара, на абед вярнуўся трошкі п'яны і дзядзьку кляў на чым свет стаіць. Страх, як ён цяпер яго зненавідзіў. Каб Галена ведала, што на яго нападзе такая нянавісць да дзядзькі і такая ахвота да гарэлкі, ніколі б не парадзіла яму распачынаць гэты працэс... Але цяпер... Так ужо сталася! Грошай на інтарэс выдалі шмат, і хоць і ў пазыкі ўлезуць, але на сваім паставіць мусяць - зямлю ад Паўлюка адабраць! На бледныя шчокі яе выбіўся яркі сухотны румянец, а мова стала паспешлівай. Хрысціна спыталася ў яе, дзе Ясюк.

- А ў карчме! Казаў, што будзе датуль сядзець у карчме, пакуль не дапільнуе дзядзькі, як той будзе вяртацца ад хадваката...

- А як дапільнуе, то што?

- Ой, бедная мая галовачка! - енкнула Галена. - Ці ж я ведаю, што? Вядома, п'яны і ненавідзіць яго страшна!

Шырока расплюшчыўшы свае блакітныя вочы, цішэй шапнула:

- Ведаеце, Хрысціна? Каб жа ён толькі, барані Божа, якога злачынства не нарабіў!

І закашлялася так, што ажно задыхнулася. Хрысціна паднесла ёй да вуснаў збаночак з вадой.

- Напіся, - сказала, - напіся, а то яшчэ памрэш з тым кашлем.

- Ой, памру, ці ж я не памру хутка... - крыху супакоіўшы свой кашаль, зноў пачала кабета, - але што ж пасля мяне з гэтымі малымі станецца... Калі Паўлюк хадваката на свой бок перакруціць і інтарэс выйграе... Мы ўжо і так у пазыкі ўлезлі...

Прызналася Хрысціне, што на працэс з Паўлюком ужо аддадзены не толькі яе пасаг, але яшчэ пазычылі і ў яе бацькі некалькі рублёў, і ў арандатара столькі сама пазычылі. Жахлівы неспакой за лёс выдадзеных грошай мучыў яе, душыла трывога, каб п'яны і злосны Ясюк не зрабіў чаго благога са сваім дзядзькам. Хрысціна супакойвала яе:

- Хадвакат добры чалавек, не дасць сябе Паўлюку ў іншы бок перакруціць. Калі даў слова, дык стрымае. Мне паабяцаў і зрабіў. Што ж да Ясюка, то што благога ён можа зрабіць? Паўлюк з горада не пяшком ідзе, а едзе са сваім кумам, з якім спаткаўся ў горадзе... І белы дзень на дварэ, і ў карчме поўна людзей, бо нядзеля...

Галена трошкі супакоілася і сказала Настцы выйсці на двор паклікаць у хату брата. Дзяўчынка пабегла і хутка, можа праз хвілін пятнаццаць, уляцела ў хату з крыкам. Пранізліва, хутка і неразборліва, размахваючы рукамі і неяк дзіўна пакрывіўшы вусны, пачала расказваць пра нешта такое, што робіцца ў карчме, дзе адзін з парабкаў, які там быў, прыляцеў за спадаром намеснікам, і спадар намеснік паляцеў у карчму, а каля карчмы такі гвалт, што як толькі за браму выйдзеш і пачуць яго можна, а парабкі, што туды паляцелі, казалі што там сяляне страшна б'юцца, ці што? Яна раптоўна змоўкла і, не могучы стрымаць цікавасці, на нікога і на нішто не звяртаючы ўвагі, зноў вылецела з хаты. Галена заламала свае худыя рукі так, што яны ажно затрашчалі ў суставах, а потым схапілася за галаву:

- Ясюк! - енчыла. - Ой, Ясюк... Ясюк...

Хрысціна адняла ад галавы яе рукі і пацалавала ў лоб. Жаль узяў да гэтай хворай, лагоднай, устрывожанай за мужа жанчыны.

- Збегаю ў карчму, пагляджу, што там робіцца, і вомігам назад вярнуся, каб табе расказаць... Ну, не бядуй так і не енчы, бо зноў дрэнна стане... От, каб Антосік тут быў, а дзе ж ён?

- У Лясную па ардынарыю пайшоў, - ледзьве дыхаючы, прашаптала Галена.

Хрысціна ішла ўжо да дзвярэй, калі яны самі расчыніліся, і з мяшком на плячах, у якім была асьміна жыта, у хату ўваліўся хлопец. Хрысціна дапамагла яму паставіць на зямлю мяшок, а потым абняла за шыю і пацалавала ў загарэлыя здаровыя шчокі. Ён пацалаваў яе таксама.

- Што чуваць, мама? Піліпка здаровы?

- Здаровы, галубочак мой, здаровы! - смеючыся і паказваючы свае белыя зубы, прамовіла кабета. - Салдаты паехалі ўжо, а ён не паехаў, яго дзесьці пан хадвакат, дай Бог яму здароўя, схаваў ад рэвізораў. Значыць, застаўся ў Ангродзе і зімаваць у Грынькі прыйдзе.

Гэтая вестка ўсцешыла хлопца.

- Ну, то і добра, - сказаў, - а я думаў, што ён паехаў...

- А чаму ты так думаў? - спыталася Хрысціна.

Антосік палез за сярмягу.

- А бо, от пісьмо вам ад яго... Якуб Шылка ўночы, значыць, адразу, як вы пайшлі адсюль, з Ангрода тут ехаў, у чацвяртак дастукаўся і мне пісьмо перадаў. «Для Хрысціны, кажа, ад Піліпкі... ён сам мне гэтае пісанне аддаў і сказаў, што пільна!» Я за ім на дзядзінец, каб спытаць, што і як, а ён сеў на воз дый паехаў... Дахаты, відаць, на досвітку хацеў вярнуцца, бо кабылу ад плуга ўзяў...

Хрысціна стаяла, як скамянелая, круцячы ў руках пададзены ёй сынам ліст. Бедны гэта быў ліст, напісаны на сіняй, скамечанай, запэцканай паперы і зусім не заклеены. Аслабелым голасам, хутка зірнуўшы сыну ў вочы, Хрысціна спыталася:

- То што там напісана?

Антосік апусціў вейкі і, панура адвярнуўшы твар, без ніякай патрэбы пачаў выціраць пальцамі нос. Потым неахвотна прабурчаў:

- А я не ведаю, што там напісана?! Ці ж я напісанае ўмею чытаць!

Хрысціна загарэлася гневам.

- Трэба было да Мікалая пайсці! - крыкнула.

- Ці ж я час меў! - агрызнуўся парабак.

Жанчына сарвалася з месца і за сярмягу пацягнула за сабой сына. Твар яе зноў пылаў агнём, а маршчыны дрыжалі, як абарваныя струны. Бегла да Мікалая і сына за сабой вяла. Мікалай амаль усім навакольным сялянам чытаў лісты, што прыходзілі на іх адрас. Праўду кажучы, гэтая функцыя не прыносіла яму шмат карысці, але затое была адной з прычын усеагульнай павагі і даверу да яго. За некалькі крокаў ад фальварковых будынкаў да вушэй маці і сына, што паспешліва ішлі дарогай, данёсся з боку карчмы вялікі шум і гвалт.

- А што там такое? - прамармытаў Антосік.

Хрысціна не адказала. Ці ж магла яна думаць пра сялян, што біліся ў карчме? У руках трымала ліст ад Піліпкі і яшчэ не ведала, што ў ім напісана. Набліжаючыся ўжо да хаты Мікалая, яны заўважылі натоўп людзей, што цягнуўся ў бок фальварка. Неўзабаве распазналі некалькі фальварковых парабкаў, што тузаліся з нейкім чалавекам, якога яны вялі сілай і які, вырываючыся ад іх, крычаў страшныя праклёны. Чалавекам, якога вялі, быў Ясюк. Выглядаў ён страшна. П'яны, без шапкі, з ускудлачанай чупрынай, з пасінячаным тварам і ў парванай у некалькіх месцах сярмязе. Ён вырываўся і крычаў з пенай на вуснах, з чырвонымі ад шаленства вачыма. Не пазнаць было ў ім спакойнага і разважлівага, трошкі панурага селяніна, якім быў ён пару месяцаў таму. Цяпер меў выгляд звера, якога прыводзіла ў шаленства нейкая падаграваная кімсьці жарсць. Парабкі, што вялі яго, таксама крычалі, як крычаў і намеснік, што ішоў краем дарогі, як крычалі з дзесятак вясковых баб і дзяцей, што са смехам і падскокам цягнуліся за імі. Увесь гэты дзікі шум і гвалт разносіўся ў чыстым паветры жнівеньскага адвячорка і ляцеў далёка за шырокае жоўтае ржышча, пад бледны, затканы ружовымі аблокамі блакіт неба... Антосік, перахапіўшы аднаго з парабкаў, пачаў з цікавасцю распытваць, што там сталася з Ясюком, чаму яго так, як злачынцу, у фальварак цягнуць.

- На свайго дзядзьку п'яны напаў і страшна яго збіў, па станавога паслалі... - адказаў парабак.

Антосік стаяў, раскрыўшы рот.

- А! - дзівіўся. - Такі акуратны чалавек быў і не піў! Ну, так ужо яму Паўлюковай зямлі захацелася, ці што?