10894.fb2
Уваходзячы ў Мікалаеву хату, яна пакланілася і сказала:
- Хай будзе пахвалёны!
- На векі вякоў! - адказалі два галасы. Гэта былі Мікалай і ягоная дачка Ўлляна.
Былога салдата не выцягнула з хаты цікавасць да таго, што дзеелася сёння ў карчме. Дазнаўся ад нейкага чалавека, які ішоў па дарозе, што б'юцца там Паўлюк з Ясюком, і не пайшоў. Уллянка хацела пабегчы, але ён загадаў, каб засталася. Старэйшы сын яшчэ не вярнуўся ад Дзельскіх, куды ён паслаў яго з інтарэсам. То і добра! Ні ён, ні хто з ягонай сям'і не мае дачынення да таго, што ўчынілася паміж дзядзькам і пляменнікам. Цяпер ужо гэта можа дайсці і да злачынства, так абодва ўз'еліся адзін на аднаго. А яму, Мікалаю, трэба падалей ад гэтых сварак і боек. Ён тут ні пры чым! Сядзеў сабе на лаве і чысціў анучкай сваю трубу, макаючы гэтую анучку ў дробна скрышаную крэйду. Сяброўка ягоных вандровак па свеце павінна заўсёды блішчаць як залатая. Пачуўшы просьбу Хрысціны прачытаць ёй ліст, устаў, выцягнуў са старой, падзёртай і зашмальцаванай кніжкі для набажэнстваў вялікія акуляры і, начапіўшы іх на свой доўгі нос, усеўся ля акна і разгарнуў пакамечаную, сінюю, заплямленую паперку. Абцёршы фартухом драўляны зэдлік, Улляна падсунула яго Хрысціне і, паводле вясковага звычаю называць старэйшую за сябе кабету цёткай, ветліва запрасіла:
- Сядайце, цётка.
Потым прысела на зямлю ля печы і скоса паглядала на светлавалосага парабка. Але ні Хрысціна, ні яе сын не звярталі ніякай увагі на таўсматую, чырванатварую дзяўчыну. Абое не спускалі вачэй з твару Мікалая, і была паміж імі толькі тая розніца, што хлопец глядзеў хоць і з вялікай цікавасцю, але быў амаль спакойны, затое жанчына цяжка і хутка дыхала, а вочы яе трывожна гарэлі. Мікалай крыху адхінуў назад сваю прамую хударлявую спіну і, трымаючы здалёк ад твару ў выцягнутых руках кавалак сіняй паперы, вельмі павольна і з вялікай цяжкасцю пачаў чытаць:
«Праз Якуба Шылку, таго, чыя хата стаіць ля Гарбаровай, дасылаю вам, мамачка, гэтае пісанне, а калі не прыйдзеце да мяне, як толькі прачытаеце, то ўжо і ніколі мяне на гэтым свеце не ўбачыце. Учора нашаму камандзіру прыйшло прадпісанне, каб усе навабранцы выязджалі туды, куды ім загадана. Ой, далёка, далёка ім быць загадана! Ужо нас тут ніколі ані вока не ўбачыць, ані вуха не пачуе. Мы не ўсе адразу паедзем. Ротамі загадана выязджаць, а тая рота, у якой я чыслюся, першай выязджае. Заўтра я, мамачка, заўтра я ўжо на край свету паеду...»
Тут у хаце раздаўся страшны крык, які заглушыў заіклівае чытанне Мікалая. Але з чыіх жа грудзей ён вылецеў? Ніхто б не сказаў, што з Хрысцініных, якая стаяла ўсё, як слуп, не варушачыся, як быццам уросшы ў зямлю, як быццам прыкметы жыцця пакінулі яе цела. Толькі шчокі яе, чырвоныя ад хвалявання, пажоўклі і дрыжалі, дрыжалі так, што ажно зубы заляскалі. Уллянка, амаль нічога не разумеючы, ускочыла з зямлі і стаяла, успёршыся плячыма на печ, а Антосік лёгенька штурхануў маці локцем і зашаптаў:
- Ціха, мама, ціха!
Мікалай чытаў далей:
«Кажуць людзі, каб я не бедаваў, бо едуць і іншыя на край свету і вяртаюцца. Але не мне ўжо ездзіць і вяртацца на гэтым свеце. У жываце няма ніякай сілы, і грудзі баляць і баляць. Месяц быў у лазарэце, і лепей мне стала, але зараз ад вялікага смутку зноў горш. Калі хочаце мяне, мамачка, яшчэ адзін разок на гэтым свеце ўбачыць, прыйдзіце ў горад, як толькі прачытаеце гэта пісьмо. Хай я яшчэ разочак на тваю галоўку пагляджу. І прынясіце мне з тых грошай, якія вы для мяне прызначылі, хоць пяць рублёў на дарогу, каб я сабе за іх што купіў, калі мне будзе трэба, каб жывот свой чым падсілкаваць, і на тытунь таксама, і на пашыў ботаў, з той скуры, што раздаюць салдатам, а я сам шыць не ўмею, дык ёсць тут такі вайсковец, што шые боты салдатам, і яму трэба што даць, каб пашыў. То вы мне, мамачка, прынясіце з пяць рублёў, а можа, і дзесяць з тых, што вы для мяне прызначылі. Злітуйцеся і ратуйце. Прыйдзіце развітацца і прынясіце грошы. Я ўжо заўтра паеду, бо тая рота, у якой я чыслюся, першай выязджае. А зараз кланяйцеся ад мяне Антосіку і Ясюку, і Ясюковай жонцы, і Максіму, і Максімісе, і Хведару Корбуту, дачцэ Хведаравай Еўцы, і Мікалаю, і сыну Мікалая Андруку, і дачцэ Мікалаевай Улляне, і Паўлюку Гарбару, і жонцы Гарбаровай, Настассі, і Юзіку Шылку, і ягонаму брату».
Тут Мікалай апусціў на калені руку з кавалкам сіняй паперы і так моцна страсянуў галавой, што ажно вялікія ягоныя акуляры ссунуліся на самы канец яго доўгага носа. Спалохаўся. У хаце гучаў доўгі, пранізлівы крык, які, здавалася, прасвідраваў яе нізкую чорную столь. І адначасова пачуўся грукат цела, што ўпала на гліняную падлогу. З гэтым страшным крыкам, учапіўшыся рукамі ў валасы, упала на гліняную падлогу Хрысціна. Але прытомнасці не страціла, не! Ці ж такім, як яна, млець і хоць бы на некалькі хвілін забывацца на згрызоты жыцця? І не плакала яна таксама. Адарваўшы ад галавы рукі, раскінула іх па глінянай падлозе, і так усім целам сваім прыціснулася да яе, як быццам адзіным жаданнем яе цяпер было ўнурыцца ў гэтую зямлю і схавацца пад ёй. І толькі адзінае, адзінае слова, якое яна безупынна паўтарала, вырывалася з яе вуснаў:
- О, Езус! Езус! Езус! Езус, мой Езус!
Гэтае адзінае, бесперапынку паўторанае слова разносілася па хаце гамай самых разнайстайных тонаў: ад пранізлівага крыку роспачы да ціхай скаргі, такой ціхай, нібыта выходзіла яна з канаючых грудзей. З гэтым кіданнем на зямлю, з гэтым паўтораным на розныя лады адным словам, з раскудлачанымі валасамі і гарачымі вачыма выглядала яна ў гэты момант як вар'ятка. Але яна не звар'яцела, не! Наадварот, занадта добра ўсё зразумела. Зразумела, што не ўратавала сыночка і што Піліпка паехаў ужо ў тыя далёкія краі, пра якія столькі жахаў расказваў Мікалай...
- Езус! Езус! Езус мой, Езус!
Паехаў ён сёння, якраз тады, калі яна была ў горадзе і ёй не дазволілі пайсці да яго і яшчэ адзін разочак зірнуць на яго... Паехаў ён у тых вагонах, якія проста перад ёй праляталі, а яна і не ведала, што ён быў там, і калі ягоны твар мільгануў сярод іншых твараў, яна думала, што гэта здалося ёй, што прыснілася нібы... А ён там быў... у тых чорных вагонах...
- Езус! Езус! Езус мой, Езус!
Напісаў ёй: «Мамачка! Ратуйце! Прыйдзіце да мяне на развітанне», а яна не прыйшла... так як быццам бы не любіла яго і не шкадавала: ні развітацца з ім, ні блаславіць мацярынскай рукой яго не прыйшла... Была за некалькі крокаў ад свайго наймілейшага дзіцяткі і не абняла яго, не ўбачыла...
- О Езус!
Мікалай сядзеў пад акном і маўчаў, толькі вузкія вусны яго трошкі прыадкрыліся і пачырванеў мацней, чым звычайна, канец ягонага доўгага носа. Улляна, сама не ведаючы чаму, зашмыгала носам ля печы, а Антосік прамы, як палка, стаяў над распасцёртай на зямлі маткай і манатонным, плаксівым голасам паўтараў:
- Годзе, мама, годзе, годзе, годзе, ужо годзе!
Слёзы стаялі ў яго вачах. Ён, відаць, таксама шкадаваў брата, а яшчэ больш матку, і суцяшаў яе, як умеў.
- Годзе, мама, годзе, годзе!
Але Хрысціна яшчэ гучней і яшчэ страшней і пранізлівей крыкнула:
- Езус!
І адначасова прыўзнялася з зямлі. Стоячы на каленях, выцягнула ўверх рукі і пляснуўшы ў далоні так, што ажно рэха пайшло па хаце, заламала іх. Успомнілася ёй цяпер яшчэ адна страшная рэч.
- А ўжо ўсе, усенькія грошы ім аддала... што я яму зараз пашлю, каб меў ён чым свой жывот падсілкаваць?.. Адкуль я яму тыя пяць рублёў вазьму... У мяне ўжо ні грошыка няма... ніводнага грошыка... для яго няма... О мой Езус! Што я нарабіла! Каб жа мне лепей у зямлю пайсці, каб жа мне лепей перад тым ногі адняло, як я тыя грошы аддала... Ой, Піліпка мой, кветачка мая, сонейка ты маё бледненькае, няма ўжо ў мяне нічога, каб паслаць табе...
І толькі цяпер зайшлася плачам, Антосік таксама расплакаўся. Нахіліўся да мацеры, што ўсё яшчэ стаяла на каленях, і асцярожна крануў яе за плячо.
- Годзе, мама, - шаптаў, - годзе! Не перажывай так! Вазьміце ўжо з маіх грошай пяць рублёў і пашліце Піліпку! Што ўжо рабіць! Ці ж я для яго пяці рублёў пашкадую. Чуеце, мама, што я кажу, ну, чуеце?
Чула. І адчувала, што тут ужо прыйшло для яе самае жахлівае. Узняла на сына мокрыя ад слёз вочы, і твар яе скрывіўся спазмамі болю і трывогі. Здушаным шэптам, выцягваючы зноў над галавой сплеценыя рукі, прамовіла:
- Сынку, ой, сынку! Не гневайся, я і тыя грошы... тыя, што для цябе былі, аддала...
Хлопец выпрастаўся, вочы ягоныя прасохлі, а на твары выступілі чырвоныя плямы.
- Калі? - крыкнуў.
- Сённячы, сёння ў горадзе, хадвакату аддала...
Настала хвіліна глухога маўчання. Па твары парабка прабягалі цені гневу, вочы яго пачалі гарэць. Ён адышоў на некалькі крокаў ад кабеты, што ўсё яшчэ стаяла на каленях, сціснуў кулакі і грубым голасам, такім, якім ніколі дагэтуль не гаварыў, крыкнуў:
- Ну, калі так, то ты сучка, а не матка!.. Я табе гэтага ніколі не дарую!
Сеў на лаву ля сцяны і, абапёршыся локцямі на калені, схаваў у далонях свой твар. Заплакаў уголас і, плачучы, гаварыў. Зайздрасць мяшалася ў ягоных словах з дзікім гневам:
- Яму ўсё, а мне нічога... як быццам я не яе дзіця. Што, ён лепшы за мяне, каб яму было ўсё, а мне нічога... Ці ж я табе што дрэннага зрабіў?.. Такі самы быў я паслухмяны і ўважлівы, як ён... Ой, каб жа знаў, што мяне Пан Бог пакараў такой паскуднай маткай, не быў бы такім... лаяў бы, дый тоўк, як іншыя сяляне са сваімі маткамі робяць... лаяць цябе і таўчы, не слухаць трэба... Калі ты такая дурная, зусім без розуму ніякага і такая сучка, што адно сваё дзіця ліжа, а другое кусае...
Потым адкрыў твар і, звярнуўшыся да Мікалая, ажыўлена размахваючы рукамі, пачаў расказваць, што адзін з грыньскіх гаспадароў хацеў яго з ягонымі ста рублямі ўзяць у прымакі да адзінай сваёй дачкі... Мар'янай дзеўку завуць, ладная дзеўка і гаспадыня добрая... Праз год вяселле было б... У прымакі пайшоў бы і сваю гаспадарку б меў... А зараз, без нічога, хто яго ў прымы возьме? Якуба Шылку возьмуць, а яму вечны адпачынак!
Кінуўся зноў да маці.
- Я ж прасіў, каб не аддавала! Аддала. Шэльма ты! За што яна мне дарогу да шчасця загарадзіла! Што я ёй дрэннага зрабіў? Чым я горшы за таго! Свіння яна, а не матка!
І зноў, закрыўшы твар далонямі, расплакаўся. Тады жаночая постаць, схіленая да зямлі, пачала пакорліва паўзці па глінянай падлозе да той лавы, на якой сядзеў разжалены і раз'юшаны парабак. Адна палова ейнага сэрца ляцела за тым, няшчасным, загубленым, другая рассцілалася ля ног гэтага беднага, якога сама ж і скрыўдзіла. Калі б раней ён гэтак загаварыў з ёй, то строга пакарала б яго, як рабіла не раз з імі абодвума за кожную правіну. Але цяпер была ўся ў слязах. Падпаўзла да яго на каленях і хацела абняць. Але ён, пачуўшы яе дотык, сарваўся з лавы, і кулаком штурхануў яе ў грудзі так моцна, што яна ажно адхіснулася і зноў упала на падлогу. Узняў на яе руку!
- О Езус! Езус! Езус!
Нічога. Яна паднялася з зямлі і, уся пахіліўшыся наперад, з выцягнутымі рукамі зноў пайшла да яго.
- Не гневайся, сынку, ой не гневайся! Ты ўжо цяпер у мяне адзін, адзіны застаўся...
- Пайшла! Прэч! Ты... - крыкнуў ён і на гэты раз кулаком ударыў у сагнутыя плечы.
- Езус! О Езус!
Аднаго забралі і пагналі далёка... другі пабіў яе... Калі пабіў адзін раз, то ўжо і заўсёды біць будзе. Страціў да яе сэрца і пашану... Езус!
Тады падняўся з лавы Мікалай, схапіў за рукаў сярмягі парабка, крыху зніякавелага, і выпхнуў за дзверы. Потым звярнуўся да Хрысціны: