10894.fb2
Гучна выцер пальцамі нос і рукавом кашулі доўга выціраў вусы. Відаць, быў моцна ўсхваляваны.
Хрысціна ўхапіла руку салдата і доўга, без памяці, яе цалавала. Зможа паслаць пяць рублёў Піліпку! Што за шчасце! Але тут жа кінулася да дзвярэй. Дзе той, другі? Ці ён ужо з ёю не памірыцца... гэты адзін, адзіны, які ў яе застаўся. Куды ён пайшоў? Выбегла за хату і амярцвелымі вачыма глядзела, глядзела на Антосіка, які з задзірыста ўзнятым тварам, насвістваючы нешта са злосці, паспешлівым крокам ішоў да карчмы. Да карчмы пайшоў - і яна дарэмна ўжо клікала б яго з дарогі і забараняла б яму туды ісці... Не паслухае і яшчэ паб'е...
- О Езус!
1884
У агромністай судовай зале машына правасуддзя адкрылася перад вачыма людзей ва ўсёй сваёй грознай велічы.
Быў зімовы вечар. Патокі святла з падвешаных да столі жырандоляў, з лямпаў каля белых гладкіх сцен залівалі чырвонае сукно на вокнах і сталах, стракатасць адзення і твараў тлумнай і шматлікай сёння публікі. У глыбіні залы засядалі суддзі, збоку пад адной са сцен на двух высокіх разьбяных лавах занялі свае месцы прысяжныя. Каля аднаго акна публічны абвінаваўца, схіліўшыся над ярка асветленым сталом, пільна ўзіраўся ў раскрыты звод законаў, ля другога - судовы сакратар перабіраў стос папер. Чыноўнік, прызначаны пільнаваць парадак, у шытым золатам мундзіры з пяром у руцэ шпарка і ціха перабег залу і сеў збоку. У поўнай цішыні, якую не парушала нават на момант стоенае дыханне соцень грудзей, старшыня суда голасна і выразна зачытаў абвінавачванне. Гэта не было звычайнае парушэнне закону, гэта было злачынства, страшнае злачынства, адно з тых, якія часам, нібы жахлівы сон, праплываюць перад смутным паглядам чалавецтва. Хто ж былі, да якога грамадскага класа належалі, як выглядалі тыя няшчасныя і страшныя людзі, што яго ўчынілі? Некалькі соцень вачэй адначасна зірнулі на лаву абвінавачаных.
Там, насупраць высокіх разьбяных лаваў прысяжных, сядзеў задумлівы і неспакойны судовы абвінаваўца, які нервова крэсліў алоўкам на паперы нейкія размашыстыя запісы. Вось тут, над высокай парэнчай ягонай лавы, падняліся і сталі ў яркім святле чатыры мужчынскія постаці ў доўгім турэмным адзенні. Яны толькі што ўвайшлі сюды праз нізкія дзверы, адкуль зеўрала цемра нейкага падсобнага памяшкання, і таму здавалася, што з'явіліся яны з бездані. Дзверы гэтыя зачыніліся амаль адразу ж, як толькі чатыры стражнікі пасталі з абодвух бакоў лавы, трымаючы над галовамі ўзнятыя штыкі, якія быццам купаліся ў сляпучым святле лямпаў.
Акружаныя блішчастымі вастрыямі штыкоў, стоячы твар у твар са сваімі суддзямі ў патоках святла, што высвечвала кожную рыску і амаль кожную маршчынку на тварах, чатыры падсудныя, нібы застыўшы ў сваёй скаванасці, пачалі адказваць на пытанні старшыні.
Іхнія прозвішчы?
Чатыры мужчынскія галасы досыць выразна, голасна адказалі па чарзе:
- Пётра Дзюрдзя.
- Стафан Дзюрдзя.
- Сымон Дзюрдзя.
- Клеменс Дзюрдзя.
Іхні стан?
Сяляне, земляробы і ўладальнікі зямлі. Толькі апошні ўласнай зямлі яшчэ не меў, але быў сынам і спадкаемцам першага, Пётры Дзюрдзі, які не толькі яе меў, але некалькі гадоў займаў у сваёй вёсцы важную ў грамадскім жыцці сялян пасаду старасты.
Цяпер пытанне найбольш цікавае.
Ці прызнаюцца яны, што ўчынілі злачынства, у якім абвінавачваюцца?
Зноў чатыры галасы па чарзе, хто ціха, а хто больш гучна, але аднолькава выразна адказалі:
- Прызнаюся.
Прызнаюцца. Значыць, няма ўжо сумнення, што яны ўчынілі гэтае злачынства. Не жабракі, не валацугі, не пралетарыі, што жывуць у атрутнай атмасферы пякучай зайздрасці і подлага разбою, але земляробы, якім божыя вятры прыносяць моц і здароўе... гаспадары, якім уласная зямля родзіць буйное калоссе... працаўнікі, абпаленае сонцам чало якіх па чысціні і велічы можа зраўняцца з чалом, увенчаным лаўрамі. Што ж гэта такое? Ці яны нарадзіліся ўжо вылюдкамі? Ці калі былі яшчэ ў калысках, геній злачыннасці адурманіў іх сваім дыханнем? Ці яны не мелі сэрца і сумлення ў сваіх грудзях і ніводнай з тых струн дабрыні, літасці, справядлівасці, якія векавым мазалём выпрацавала чалавецтва ў сваім лоне? Можа, гэта былі вар'яты, ідыёты, дурні, што не маглі адрозніць добрае ад ліхога?
Дзіўная рэч. Дарэмна некалькі соцень людскіх вачэй утаропілася ў іхнія твары: сувязі паміж імі і тым, што зрабілі, знайсці было немагчыма. Не выглядалі ані на тых, што прыходзяць у свет са злачыннымі задаткамі, ні на вар'ятаў, ні на ідыётаў.
Першы з іх, якога звалі Пётра Дзюрдзя, быў высокі, хударлявы і ўжо немалады, але яшчэ моцны і дужы чалавек. Густыя цёмна-русыя валасы яго, прысыпаныя сівізной, былі такія доўгія, што ажно спадалі на каўнер турэмнай апраткі. Абрамлены гэтымі доўгімі з лёгкай сівізною валасамі і коратка падстрыжанай бародкай яго бледнаваты твар прыемна ўражваў сваёй лагоднасцю і сур'ёзным выразам. Шчокі, схуднелыя, можа, у вязніцы, падкрэслівалі правільны і прыгожы авал, вусны пад пшанічнымі вусамі крыху дрыжэлі, на высокім ілбе цямнела некалькі глыбокіх маршчын, а шэрыя задумлівыя вочы з-пад навіслых і густых броваў глядзелі наўкол паважным і вельмі сумным паглядам. У час, як толькі стаў ля лавы абвінавачаных, можна было заўважыць ледзьве відочны рух рукі, якім на сваіх грудзях накрэсліў знак крыжа, а калі ўжо адказаў на ўсе зададзеныя пытанні, абапёр складзеныя рукі на парэнчы лавы і падняў вочы ўгору. У гэты час на ягоным твары з'явілася нешта летуценнае, нешта, што выяўляла пакорліва шаптаную ў глыбіні душы малітву. Неўзабаве, аднак, павекі прыкрылі яго разамлелыя зрэнкі, карак прыгнуўся, галава звесілася на грудзі і ўжо так са складзенымі рукамі ён стаяў да канца, паважны, лагодны і вельмі зажуроны.
Зусім непадобным да Пётры быў ягоны стрыечны брат Сцяпан. Таксама высокі, але плячысты і статны брунет з чорнымі, як ноч, валасамі і чорнымі густымі вусамі, быў бы ён цудоўнай выявай моцнага, пародзістага і прыгожага селяніна, калі б не заўчасна састарэлы твар. Яму не было яшчэ і сарака, а прадаўгаватыя і правільныя рысы яго твару былі так пераараныя і зморшчаныя, што, здаецца, на ім нельга было знайсці ніводнага гладкага месца. Здавалася, што нейкі вялікі агонь абпальваў гэты твар да таго часу, пакуль скура яго не зрабілася цёмнай, амаль карычневай. Відаць было і тое, што не фізічныя пакуты зрабілі яго такім, а знішчылі і спалілі яго раптоўныя жарсці і патаемныя згрызоты. Твар гэты быў пануры і роспачны, смелы і разумны. Чорныя Сцяпанавы вочы абыякава, але разумна і нават жвава глядзелі проста перад сабой, у яго паставе і рухах адчувалася энергія, лішак якой павінен быў знаходзіць сабе выйсце ў нястрымнай, раптоўнай запальчывасці.
Трэцім і цалкам адрозным ад іх быў Сымон Дзюрдзя. Нізкі, худы, з хвалістымі, зблытанымі валасамі, якія амаль закрывалі лоб, з трошкі прыадкрытымі вуснамі, малым кірпатым носам, уціснутым ля самага лба. Быў гэта немалады чалавек, брыдкі, адурманены відавочным злоўжываннем алкаголю і зведзены ім да жывёльнага стану. Ягоныя вочы п'янтоса з бледна-блакітнымі зрэнкамі аплывалі хваравітай вільгаццю, тоўстым і чорным пальцам абціраў ён часам слёзы з павек і бессэнсоўным рухам размазваў іх па худой пажоўклай шчацэ. Ягоныя рухі, позірк і постаць выяўлялі разжаленасць, змешаную са страхам. Устрывожаны, раздражнёны і адурэлы, не ведаў, што рабіць з рукамі, якія то складаў, то апускаў, не закрываючы пры гэтым ні на хвіліну рот.
Наймаладзейшым з усіх, зусім яшчэ маладым, бо меў толькі-толькі дваццаць два гады, быў Клеменс, сын былога старасты Пётры Дзюрдзі. Гэты прыгожы светлавалосы хлопец, круглатвары, румяны, з блакітнымі, як неба, вачамі, выглядаў дзікім макам, што буйна расцвіў сярод поля і быў раптоўна перасаджаны ў гэты людскі тлум, у гэтую прасякнутую штучным святлом атмасферу, напоеную грозьбай непазбежнага прысуду. Сорам быў галоўным пачуццём, якое малявалася на ягоным юначым і свежым, як ранак, твары. Калі першы раз звярнуліся да яго позіркі натоўпу, агністая чырвань заліла яму шчокі і лоб. Зачырванеўся зноў, кажучы: «Прызнаюся!», і потым чырванеў штораз, калі падчас судовага працэсу згадвалася ягонае імя. Задумваўся часам і глядзеў кудысьці далёка-далёка. Тады набягалі на ягоныя вочы слёзы. Але часам маладая цікавасць брала верх над усім іншым. Тады з-пад павек нясмела, але з цікаўнасцю прыглядваўся ён да ўсяго, што яго акружала і аб чым пад сваёй страхою ён нават не сніў. Божа мой, як тут светла, як быццам расчыніліся нябёсы і ўсё сваё святло вылілі на зямлю, як тут людна, нібыта збеглася сюды паўсвета, якія прыгожыя ва ўсіх строі, нібы тут павінен адбыцца нейкі вялікі і вясёлы фэст. А ён чаго тут? Бандыт, якога павінны судзіць. На колькі засудзяць? Адзін толькі Бог ведае. За гэтымі сценамі веюць божыя вятры, лятуць да ягонай роднай вёскі, лятуць да хаты, дзе старая маці засталася з заламанымі рукамі, лятуць да таго поля, якое ён ужо некалькі гадоў араў, калі сонейка свяціла ясна, пахлі зёлкі, сэрца білася роўна, ціха, вясёла, не так, як цяпер, ажно калоціцца ў грудзях ад сораму і трывогі, нібы звон, што б'е на хаўтурах...
Значыць, вось гэтыя чацвёра ўчынілі страшнае злачынства, панурае, як сон зімовай завірушнай ночы. Тады таксама была зімовая завейная ноч... Але чаму? Як? Пад уплывам якіх спакус і падшэптаў?
З выказванняў сведкаў, з судовых роспытаў, са старанна выслуханых пазней людскіх апавяданняў, з прызнанняў, якія давалі падсудныя свайму абаронцу, ад пачатку і да канца свайго адкрылася перад тымі, хто прагнуў яе спазнаць, наступная гісторыя.
У Сухой Даліне панаваў відочны разумовы рух, які часам дасягаў вяршынь абурэння. Што ж так абыходзіла жыхароў гэтай вёскі, якая доўгай чарадой, можа, сорак хат і гародаў, досыць маляўніча расцягнулася сярод палёў, асінавых і бярозавых гаёў, што аздаблялі яе? Большасць хат тут мела заможны выгляд; былі, праўда, між імі і аселыя, спарахнелыя развалюхі, але не бракавала і такіх, што свяціліся белымі комінамі, вялікімі вокнамі і акуратнымі ганкамі, абапёртымі на слупкі, з прыладжанымі на іх вузкімі лавачкамі для сядзення. Хвалістыя палі мелі дагледжаны і пладародны выгляд, за імі зелянелі лугі і пашы, у гародах стаялі саспелыя густыя каноплі, адцвітала бульба, абяцаючы добры ўраджай, даспявалі вялікія качаны капусты, густа пасаджаныя вішні павінны былі даваць шмат ягад. Значыць, нястача заглядала сюды толькі час ад часу і толькі ў бяднейшыя хаты; самыя заможныя выглядалі так, як быццам у іх не бракавала не толькі хлеба, але нават малака і мёду, а можа, і грошай. Дык які ж неспакой узрушыў у гэты прыгожы летні вечар жыхароў вёскі? Пра што так ажыўлена гаварыла грамадка баб перад адной з найбольш багатых сядзіб, што да яе далучаліся нават старэйшыя і малодшыя дзеці? Дзяўчаткі ад сямі да чатырнаццаці гадоў, у сініх спаднічках і шэрых кашульках, босыя, з чырвонымі хусткамі на галовах, з-пад якіх выбіваліся русявыя кудзеркі, стаялі пад плотам чародкай і, сплёўшы на спаднічках малыя, чорныя, як зямля, рукі, з цікавасцю глядзелі шырока расплюшчанымі вачамі, а ў іх блакітных ці карых зрэнках вячэрняе сонца рассыпала рухомыя іскры. А бабы гаварылі, махалі рукамі, крычалі. Хлопцы, рознага ўзросту, стаялі за бабамі, але не так спакойна, як дзяўчаткі, што ўмасціліся пад плотам. Таксама босыя і светлавалосыя, апранутыя ў шэрае палатно, уціскаліся яны паміж мацяркамі і цёткамі, узнімалі да твараў кабет свае загарэлыя смелыя і вясёлыя тварыкі, крыўляючыся, свавольна перадражнівалі бабскую гамэрню і зацятасць. Старэйшыя цягнулі кабет за фартухі і нахабна ўмешваліся ў гаворку; адзін з наймалодшых, можа, пяцігадовы, у доўгай, ажно да пят, кашулі, з вялікім жыватом і апухлымі жоўтымі шчокамі, трымаў увесь час пальцы ў засліненых вуснах і бяздумнымі нерухомымі зрэнкамі глядзеў у твар сваёй мацеры і плаксівым працяжным голасам час ад часу ныў:
- Та... та!
Каля хаты, на вузкім дзядзінцы, дзе тоўпіліся бабы і дзеці, таксама чуўся нейкі гоман, але значна меншы, бо тут сабралася грамадка мужчын, што гаварылі няшмат і цішэй за жанчын. Адзін з іх, укленчыўшы ля дзвярэй стайні, расшчапляў сякерай на дробныя трэскі палена, быў моцна захоплены гэтай працай, як быццам выконваў надзвычай урачыстую і вельмі важную работу. Гэты селянін, з пахіленай галавой і прыгнутымі плячамі, ужо немалады і хударлявы, але яшчэ моцны і здаровы, быў адным з найзаможнейшых і найлепшых гаспадароў Сухой Даліны, уладальнікам гэтага дому. Яго звалі Пётра Дзюрдзя. Каля яго стаялі двое ягоных сыноў, маладыя, але ўжо дарослыя хлопцы, далей - стрыечны брат Пётры, аднак зусім непадобны да яго, Стафан, альбо Сцяпан, як звалі яго ў вёсцы, Дзюрдзя, які прыглядваўся да ягонай працы з панурым выразам на заўчасна састарэлым і нібыта абпаленым твары; яшчэ далей стаяў таксама Дзюрдзя, што называўся Сымон, змізарнелы і знішчаны, які за кожным уздыхам выдыхаў з сябе моцны пах гарэлкі. Відаць, гарэлка зацягнула бялкі ягоных вачэй крывяністаю плёнкай, высушыла і зжаўціла шчокі, можа быць, была яна таксама прычынай падранай кашулі і таго, што быў босы, у той час як іншыя былі ў прыстойных даматканых сярмягах і грубых, але высокіх, ажно да каленяў, ботах. Апрача пяці Дзюрдзяў было яшчэ там некалькі маладзейшых і старэйшых сялян, больш ці менш ажыўленых, якія, аднак, здавалася, былі таксама моцна зацікаўленыя тым, што вырабляў Пётра Дзюрдзя, яны пераглядваліся паміж сабой, пасмейваючыся, часам паціскалі плячыма і перакідваліся словам. А перад брамай усё яшчэ гаманілі кабеты, крычалі і махалі рукамі. Часам тая ці іншая ад вялікай узбуджанасці ажно прысядала да зямлі ці біла рукамі ў плечы і шчокі суседак. А тыя, павярнуўшыся, паспешліва адпіхвалі яе і правілі далей сваё ажно да страты дыхання, напружваючы галасы да найвышэйшых і самых прарэзлівых гукаў людской гартані. Якраз такім голасам адна з іх, павярнуўшыся да дзядзінца, загукала:
- Пятрук! Гэй, Пятрук! Скончыш ты калі ці не? А то сонца зойдзе і сабакі, а не людзі, пачнуць хадзіць па палях!
- Пара ісці, далібог, пара! - хорам паўтарыла некалькі пісклівых жаночых галасоў.
Іншыя дадалі:
- Ці вам не сорам, Пятрук, так марудзіць? Эх, дужы мужчына! А баба хутчэй бы тых трэсак нашчапала, як ён... вялікі гаспадар!
Пётра Дзюрдзя гэтых выкрыкаў, звернутых да яго, нібыта не пачуў; і галавы не падняў, і вуснамі не паварушыў. Усё шчапаў і шчапаў палена на тоненькія трэсачкі з такой сур'ёзнасцю і ўрачыстасцю, што магло здацца, нібыта вось-вось перажагнаецца і працу сваю пажагнае, такой была яна для яго важнай і амаль святой. Двое сялян, што стаялі паблізу, адначасова спыталі ягонага стрыечнага брата Сцяпана Дзюрдзю:
- Няма! Ну, і ані трошачкі няма?
Зморшчаны, учарнелы Сцяпан адказаў:
- Так, як няма нічога! Кроплю з сябе пусціць і, каб яе забіў, больш ужо не дасць! Дзіцяці, як раскрычыцца, няма чаго ў губу даць...
- А-а-а-а! - голасна і працяжна дзівіліся тыя.
- А перад тым як было? - пацікавіўся нехта збоку.
- Перад тым, - адказаў селянін, - бывала, і больш як гарнец дадуць...
- Дзве?
- А дзве.
- То так, як у мяне! - заўважыў мізэрны Сымон. - Адна толькі, а бывала, з гарнец дасць...
Сяляне штурхануліся локцямі і пераглянуліся між сабой, паглядаючы на панурага Сцяпана.
Азваўся нейчы жартаўлівы голас:
- Ой, будзе табе, Сцяпане! То ж там у цябе зараз гарачае пекла.
Другі з грубым смехам дакінуў: