10894.fb2
* Ачынёна (дыялект.) - вар'ятка.
- Хто? - спытаўся нехта збоку.
- А Разалька, Сцяпанава жонка...
- Ой, злосная баба, дык злосная... як агонь... - дадаў адзін з суразмоўцаў.
Сцяпан яшчэ ніжэй схіліў галаву і маўчаў.
Ад брамы даляцеў зноў той самы жаночы голас, толькі яшчэ больш прарэзлівы і раззлаваны:
- Пятрук! Ой, Пятрук! Скончыш ты калі ці не?
Мужчыны зарагаталі.
- От, як Сцяпанава жонка галосіць, так пільна ёй ведзьму лавіць! Гэй, Пятрук, хутка ідзі, бо баба як раззлуецца, дык бяда будзе... ты ўжо ёй рады не дасі... паб'е!..
Пётра Дзюрдзя аддаў аднаму з сыноў сякеру, каб той занёс яе ў хату, а сам прыўзняўся з каленяў і, пэўна, не таму, што перапалохаўся гневу Сцяпанавай жонкі, а таму, што ўжо скончыў сваю работу. Пад сцяной стайні ляжала вялікае бярэмя тонкіх, сухіх, адборных для распальвання паленцаў. Пятро схіліўся, узяў гэтае бярэмя і выйшаў з ім за браму. Тут прывіталі яго гучныя крыкі баб і акружыў дзяціны рой. Дзяўчаткі паадрываліся ад плота і спаважна падыходзілі да яго, хлапчукі, як жарабяты, скакалі вакол, з падбрыкваннем і віскам.
- Прэч пайшлі! - крыкнуў Дзюрдзя на дзяцей, якія тут жа разбегліся ва ўсе бакі, але, запыніўшыся паблізу, усё прыглядаліся да дроў, што ён нёс, быццам бачылі іх упершыню ў жыцці.
Адна з кабет, якраз тая, што вяла паміж іншымі рэй, высокая, худая і смуглявая, з чорнымі гарачымі вачыма, Сцяпанава жонка, Разалька, выскачыўшы наперад і ўпёршыся рукамі ў бокі, з вялікім імпэтам спыталася ў Пётры:
- А дрэва асінавае?
- Ну, а якое ж? - пагардліва азваўся сур'ёзны мужчына.
- Ці ж і праўда асінавае?
І зноў пачала зацята:
- Бо калі не асінавае, дык нічога з таго не будзе... ведзьма не прыйдзе на іншае дрэва, толькі на асінавае... Прысягні, Пятрук, што асінавае дрэва ўзяў, прысягні тут жа, зараз пальцы на крыж злажы і прысягні, што асінавае...
Задыхаючыся ад хуткай гаворкі, торгала рукаў і полы саматканай Пётравай світкі, локцямі адштурхоўвала ад сябе таварышак, што спрабавалі, цягнучы яе за плечы і кашулю, паўстрымаць яе заўзятасць. Хацеў зрабіць гэта і Сцяпан. Цёмныя вочы яго заіскрыліся, сціснутым кулаком ён ударыў жонку ў плечы так моцна, што яна пахіснулася і, відаць, упала б праз некалькі крокаў, каб не абаперлася рукой аб плот. Аднак хуткая, як бліскавіца, і спрытная, як вавёрка, яна ўмомант падскочыла да мужа, гучна пляснула яму па твары і, больш не зважаючы на яго, пабегла зноў за Пётрам, забягаючы таму наперад і на розныя лады паўтараючы:
- А асінавае дрэва? Сапраўды асінавае?.. Прысягні, Пятрук, што асінавае...
У грамадзе, што ішла за Пётрам, выбухнуў гучны рогат. Сцяпан ішоў, звесіўшы галаву, маўклівы, як нябожчык. Да шчакі, якая ад поўхі налілася крывавай чырванню, нават не даткнуўся, а цёмная і грубая скура ягонага твару так зморшчылася, што не засталося на ёй ніводнага роўнага месца. Вочы, з якіх ляцелі іскры, ён убіў у зямлю, а праз сціснутыя зубы выцадзіў кароткі і невыразны праклён. Відаць, ён саромеўся і адначасова ўвесь дрыжэў ад абурэння.
- Стыдна! - гучна сказала немаладая, змучаная хваробамі, але яшчэ прыгожая жонка Пётры Дзюрдзі, найлепш сярод іншых кабет апранутая і найменш крыклівая. - Я з маім век пражыла, сыноў пагадавала, што выраслі, як тыя дубы, а ніколі паміж намі сварак і боек не было, далібог, не было.
- Стыдна! - паўтарыла некалькі галасоў, а адзін з мужчын, паказваючы на Сцяпана, з усмешкай дадаў:
- Такі з яго мужык? Бабе кіраваць дазваляе! Я б яе...
Над гаманой і рогатам натоўпу зноў узнёсся Разальчын голас, але на гэты раз настолькі роспачны і тонкі, як бы ёй хто нож да горла прыставіў:
- А асінавае дрэва? Пэўна асінавае? Прысягні, Пятрук, што асінавае...
Стары, невысокі і худы селянін, што зваўся Якубам Шышкам, выйшаў з натоўпу і падышоў да кабеты, якую прыводзілі ў шаленства сумненні, з якога дрэва нашчапаны трэскі. Ён паважна прамовіў:
- Не дурыся, Разалька! Я ж там быў і бачыў, што дрэва асінавае... То ж і ў мяне няшчасце... і я хачу той праклятай ведзьме ў вочы зірнуць... ці ж я б пагадзіўся, каб дрэва іншае было, не асінавае?..
Словы гэтыя нібы халоднай вадой абдалі Разальку, замоўкла, і, крыху адстаўшы ад Пётры, паспешлівым і хісткім крокам, што так уласцівы нервовым і неспакойным істотам, далучылася да гурту іншых жанчын. Зрэшты, па меры шэсця грамада змяншалася. На панадворках хат, якія міналі, рыкалі толькі што прыгнаныя з пашы каровы, дрыготкім блёкатам азываліся авечкі, нераспрэжаныя плугі і бароны стаялі так, як пакінулі іх гаспадары, відаць, гнаныя спехам і цікаўнасцю. То тут, то там нехта з тых, хто заставаўся ў хаце, распальваў у печы, і залацістыя бляскі агню за малымі вокнамі нагадвалі пра голад, запрашаючы на вячэру. Тады мужчыны і кабеты адлучаліся ад тлуму і знікалі за брамамі дзядзінцаў альбо ў хатах. Перад тым, аднак, збіваліся на колькі хвілін у невялікія чародкі і перакідваліся абрывістымі фразамі, якія павінны былі сцісла перадаць усе іхнія думкі.
- Камедыя! - паціскаючы плячыма, казалі адны.
- Хай тую камедыю ліха возьме! - сярдзіта абзываліся жанчыны. - Гэта бяда, згрызота, вялікая ўтрата, а не камедыя...
- Цікава! Ну, цікава, хто гэтая ведзьма?
- Прыйдзе яна на агонь ці не?
Гэтае апошняе пытанне завісла на ўсіх вуснах; розныя галасы, мужчынскія і жаночыя, дзіцячыя, старыя і маладыя, паўтаралі яго ў хатах, аборах, стайнях, на дзядзінцах і каля студні, дзе дзяўчаты пад скрып жураўля чэрпалі ваду.
- Прыйдзе яна на агонь ці не?
Самыя старэйшыя адказвалі:
- Чаму ж ёй не прыйсці! За дзядоў і прадзедаў нашых прыходзіла, то і зараз прыйсці павінна...
А Пётра Дзюрдзя ў той час усё ішоў наперад павольным і размераным крокам. Выходзячы са свайго двара, ён надзеў на густыя, пабеленыя ўжо сівізною валасы старую, абшытую аўчынаю шапку. У доўгай палатнянай світцы, пафарбаванай у чырвоны колер, у высокіх ботах і ў гэтай шапцы, аўчынка якой звісала над брывамі, з бярэмем дроў, меў ён выгляд святара, які рыхтуецца да выканання ўрачыстага абраду. Выраз ягонага хударлявага з кароткай бародкай твару зусім не быў ані панурым, ані раззлаваным, а толькі роздумным і амаль урачыстым. Маўчаў, як нябожчык, глядзеў перад сабой шэрымі вачыма, у якіх адбівалася пакорлівасць і нейкая нямая просьба, звернутая невядома да каго. Можна было падумаць, што ў глыбіні сваёй душы ён у гэты час горача маліўся. Адразу ж за ім ішлі два ягоныя сыны, высокія, светлавалосыя, з адкрытымі і вясёлымі тварамі хлопцы; далей, нізка схіліўшы галаву, цяжкім крокам ступаў Сцяпан, побач валокся ў сваім падзёртым адзенні, з прапітым тварам Сымон Дзюрдзя і вельмі паважна крочыў стары невысокі сівы Якуб Шышка. З жанчын засталіся толькі жонкі трох Дзюрдзяў і нейкая гожая дзяўчына, што весела зіркала час ад часу на маладога Клеменса Дзюрдзю. Ёю і заканчвалася шэсце. Усе дзеці, як дзяўчаткі, так і хлопчыкі, надта ж хацелі далучыцца да працэсіі, але іх адагналі, і застаўся толькі адзін чатырохгадовы хлапчынка ў доўгай кашулі, з выпучаным жыватом і апухлымі шчокамі. Хутка-хутка перабіраў ён сваімі малымі ножкамі, дрыпаючы па чорнай, няроўнай вясковай вуліцы ўслед за натоўпам і час ад часу плаксіва, працяжна клікаў:
- Та... та!
Аднак людзі не зважалі на гэты дзіцячы покліч. То тут, то там зрываліся са стрэх галубы і з салодкім буркатаннем узляталі ў паветра на серабрыстых ці ружовых крылах; шыкоўныя, у рознакаляровым апярэнні пеўні, спалоханыя тупатам шматлікіх крокаў, цяжка ўздымаліся з зямлі і сядалі на платах, праз адчыненыя брамы выбягалі жоўтыя, чорныя і рабыя сабакі, пазнаўшы сваіх, з цікавасцю альбо абыякава паглядалі на натоўп. Недзе там за вёскай, за палямі і гаямі, павінна ўжо было садзіцца сонца, бо апошнія яго промні кідалі на сцены хат і людскія твары мігатлівыя ружовыя водбліскі. Яшчэ толькі што рубінава-чырвоныя, шыбы вокнаў бляклі і згасалі, затое ўсё часцей залаціў іх бляск ад распаленага ў печах агню. Дымы над комінамі, перад тым румяныя і серабрыстыя, шарэлі, рык быдла, бляянне авечак, стук адчыняных і зачыняных брам ціхлі і замаўкалі.
За вёскай, за палямі і гаямі цёмныя густыя хмары паўкругам ахапілі заходні край неба; сонца прабівала яшчэ іхнюю глыбіню пурпурам і фіялетам, але само было ўжо нябачным. Пад апошнімі, яшчэ іскрыстымі бляскамі яго ўзносілася над зямлёй бледнае і амаль бэзавае, далей ад небакраю цямнейшае, а ў цэнтры амаль сапфірнае неба. Зямля вельмі павольна пакрывалася змрокам, настолькі празрыстым, што выразна адбіваліся ў ім жоўты колер ржышча і прывялых лугоў, шараватая зеляніна гаёў і пясчаная бель дарог, што беглі праз поле. Менш чым за вярсту ад крайніх вясковых хат чатыры дарогі разбягаліся з аднаго месца ў розных кірунках. Адна з іх вяла да вёскі, другая - няроўная, вілася і знікала недзе ў невідочнай воку далечыні, трэцяя - прамая і гладкая, сваім доўгім канцом упіралася ў найбліжэйшы гай, чацвёртая, самая кароткая, абсаджаная вербамі і бярозамі, заканчвалася ля плота, што акружаў пабудаваную наводшыбе самотную хату ў засені старых дрэў. Недалёка ад гэтай хаты стаяў невялікі будынак, нізкі і без акон, у якім адразу кожны, хто хоць трошкі ведае вёску, распазнаў бы кузню. Гэта было скрыжаванне дарог. На месцы, з якога разыходзіліся яны ў розныя бакі свету, на фоне густых зараснікаў алешніку і зеляніны навакольнага поля, рваўся ў неба стары высокі крыж. Насупраць крыжа, аддзелены ад яго вузкім пасам дарогі, ляжаў аграмадны, парослы шэрым мохам валун. За колькі крокаў ад валуна Пётра Дзюрдзя спыніўся і скінуў на зямлю сваю ношу. Выпрастаўся, аддыхаўся, зірнуў на неба і, дастаўшы з кішэні світкі крэсіва, моўчкі пачаў выкрасаць агонь. Глыбокая ціша запанавала таксама і сярод людзей, што акружалі яго. Збіліся яны ўсе ў цесны гурт, вочы ўтаропілі на ягоныя рукі і, здавалася, затрымалі на момант дыханне ў грудзях. Відаць, забыліся на ўсё, што не было звязана з гэтым асаблівым дзействам, дзеля якога сюды прыйшлі. Сцяпаніха моцна сцяла вусны, Пётрава жонка і адзін з ягоных сыноў, наадварот, раскрылі раты так шырока, што ў іх спакойна магла заляцець якая-небудзь невялікая птушка. Якуб Шышка выпрастаўся і стаў у такой урачыстай паставе, што выглядаў намнога вышэйшым, ягоная ўнучка, тая гожая дзяўчына, якая ўсё паглядала на Клеменса Дзюрдзю, цяпер з цікавасцю і жахам на твары схавалася за плячыма прыгожага хлопца, уся прыціснулася да яго і сваю бараду паклала яму на плячо. Хлопец, найменш сярод прысутных заняты тым, што адбывалася, адразу ж адчуў гэтае збліжэнне, трошкі ўсміхнуўся, ці то з задавальненнем, ці то з пагардай. Здавалася, што крыху пагарджаў і прывабнай Франькай, і тым, што рабілася і павінна было рабіцца перад ягонымі вачыма. Пётра Дзюрдзя пахіліўся да зямлі і частка прынесеных ім сухіх трэсак выбухнула агнём. Чатыры жанчыны ўскрыкнулі ў адзін голас:
- Езус!
Чаму агонь так моцна перапалохаў ці ўзрушыў іх? І з бляскам, і з гарачынёй яго асвоіліся яны ад першага дня свайго існавання, ад раніцы да вечара кожнага дня! Зараз магло падацца, што яны ніколі ў сваім жыцці агню не бачылі. Усе чатыры крыкнулі разам «Езус!», а потым Сцяпаніха павяла далей:
- А мой Езус, Езус найміласэрнейшы!
Петрачыха раз за разам голасна ўздыхала. Сымоніха ківала галавой і таксама ўздыхала. Франька ж, абхапіўшы абедзвюма рукамі плечы Клеменса, так моцна сціснула яго, што хлопец адштурхнуў яе і пагардліва буркнуў:
- Адчапіся! Чаго да мяне прыклеілася... як той клешч!
Абазваная кляшчом, дзеўчына, аднак, не адчапілася і, прыціскаючыся яшчэ мацней да спіны хлапца, напаўголаса ў самае ягонае вуха пішчала:
- Ай, Клеменс, Клеменс, Клеменс! Ай, ай, Клеменс!
Мужчыны маўчалі, неўзабаве змоўклі таксама і кабеты, зноў пасціскалі вусны ці шырока параскрывалі раты і, стаіўшы дыханне, чакалі. Усе чакалі... чаго? Што зробіць агонь, які, жоўтым языком абдымаючы асінавыя паленцы, гарэў спачатку нізка, ля зямлі, а потым полымя шуганула ўгору.
На палях было пуста і ціха. Хмара, што стаяла на захадзе, цалкам згасла, толькі бледны залацісты водбліск, што выплываў з-пад яе, асвятляў небакрай. Недзе за ўзгоркам загрукатаў воз і змоўк удалечыні; ад вёскі далятаў сабачы брэх і глухі пошум людскога мурашніку, на ніводнай з дарог, што разыходзіліся ад крыжа ў чатыры канцы свету, не было відаць жывой душы, толькі ў канцы адной з іх разгарэліся чырванню дзверы кузні і азвалася адтуль некалькі ўдараў молата, якія голасна і працяжна паўтарыла рэха ў бліжэйшым гаі. Але потым некалькі доўгіх хвілін не абзываўся нават кавальскі молат, затое ў нізкіх вербах, што раслі пры дарозе, якая вяла да кузні, плаксіва заскуголіў ляляк. У людской грамадзе, што тоўпілася ля агню пры абымшэлым валуне насупраць крыжа, малады мужчынскі голас гучна і выразна прамовіў: