10894.fb2
Усе, нават паважны і засяроджаны ў сабе Пётра Дзюрдзя, азірнуліся на яго. Гэта сказаў высокі і ладны Клеменс.
- Што такое? што такое? што ты кажаш? - застракатала Сцяпаніха.
- Альбо гэта праўда, што ведзьма на агонь прыйдзе? - пераступаючы з нагі на нагу, паўтарыў хлопец.
На гэты раз усе кабеты шырока паадкрывалі раты, а Франька напаўголаса зноў заенчыла:
- Ай, Клеменс, Клеменс!
Але сівы, худы і нізкі Якуб Шышка ўрачыстым голасам адказаў:
- За дзядоў і прадзедаў нашых прыходзіла, то чаму ж бы і зараз не павінна была б прыйсці?
- А-л-е! - паўтарыў хор галасоў.
Клеменс зноў пераступіў з нагі на нагу і не так смела, як раней, заўважыў:
- Можа, яе і зусім на свеце няма?
- Каго? - заверашчала Сцяпаніха.
- А ведзьмы... - ужо завагаўшыся, адказаў хлопец.
О! На гэты раз супраць такога ўжо зусім скрайняга сумнення выбухнула цэлая бура. Сцяпаніха, узяўшы рукі ў бокі, падскочыла да Клеменса.
- Ведзьмы няма? - крычала. - А чаму малако ў кароў прапала? Ці то я лгу, што прапала? Калі я лгу, то спытайся ў роднай маці, ці не прапала?.. І ў Сымона спытайся, і ў Якуба, і ўва ўсіх... Ой! бедная ж мая галовачка! Малака ў кароў і кроплі няма... дзіцяці ў губу нечага даць... а ён кажа, што ведзьмы няма... Ой, доля мая нешчаслівая! Ой, паскуднік ты, недавярак, гератык такі, што хай Пан Бог бароніць...
У гэты паток жаночай лаянкі і крыкаў Клеменс здолеў укінуць яшчэ некалькі слоў, здаецца, больш каб падражніць.
- Вядома! Суша такая, што хай Пан Бог бароніць, паша кепская, дык і малако прапала...
Але на гэты раз да сына звярнуўся сам Пётра Дзюрдзя, які свяшчэннадзенічаў у гэтым урачыстым акце, і лагодна з вялікай сур'ёзнасцю пачаў гаварыць:
- Годзе, Клеменс, калі нашыя дзяды і прадзеды ў гэта верылі, мусіць, гэта праўда. Не брашы дарма і чакай. Можа, Божы цуд з'явіцца для нас нягодных, і тая, што нам такую крыўду ўчыніла, прыйдзе на гэты агонь, запалены з асінавага дрэва, на якім павесіўся Юда, сабачая ягоная душа, што ў жыдоўскія рукі выдаў Пана нашага Езуса Хрыстуса. Аман.
Гэтай прамове адказала некалькі гучных уздыхаў, над якімі ўзвіўся прарэзлівы, вісклівы, зацяты голас Сцяпаніхі:
- А асінавае дрэва? Пэўна асінавае?
Але Якуб Шышка сцішыў неспакойную кабету, і зноў у грамадзе і наўкол яе запанавала ціша. У нізкіх вербах ля дарогі заенчыў ляляк, за некалькі крокаў ад людзей, што стаялі ля агню, слабы, змучаны дзіцячы голас паклікаў, плачучы:
- Та... та!
Ніхто на той голас беднай малечы не звярнуў увагі, апроч панурага Сцяпана, які азірнуўся, ступіў некалькі крокаў і з глухім сварлівым бурчаннем падняў з зямлі хлопчыка ў кашулі з выпучаным жыватом, апухлымі шчокамі, з пальцамі, засунутымі ў рот і блакітнымі вачыма, поўнымі слёз. Гэта быў ягоны і Разальчын сын, адзіны. З сярдзітым бурчаннем Сцяпан падняў яго з зямлі, але адразу ж моцна абхапіў рукамі і прыціснуў да грудзей, босыя ножкі яго, мокрыя ад вячэрняй расы, прыкрыў крысом сваёй світкі. Дзіця пахіліла на ягонае плячо ацяжэлую галаву і адразу ж заплюшчыла вочы. Ой, відаць, патрабавала яно, нязмерна патрабавала таго добрага, салодкага малака, якое ад кароў ягоных бацькоў адабрала злосная ведзьма!
Ціха і ціха! На полі і дарогах ні жывой душы. У кузні зноў чуецца стук молата, рэха паўтарае яго ў бліжэйшым гаі, агонь у ціхім паветры гарыць павольна, але ўсё вышэй. Пётра падкінуў яшчэ добрую вязанку дроў. Сцяпанісе не церпіцца спытацца зноў: «Ці асінавыя дровы? Ці сапраўды асінавыя?» Але яна трошкі баіцца Пётры і старога Шышкі, дык маўчыць і толькі нецярпліва абедзвюма рукамі камечыць свой фартух. Полымя ўзляцела высока, і бляск яго ўпаў на крыж, што стаіць насупраць, іскры залатым роем павіліся па ім усё вышэй і вышэй ажно да распяцця. Убачыўшы раптам крыж у залатым бляску, усе, без выключэння, пахілілі галовы і перажагналіся, павольна, набожна...
І тут за ўзгоркам на дарозе, якая вілася і знікала ў прасторах, пачулася яшчэ далёкая, але шырокая песня. Па сцішаных прасторах, па пустых палях, па задрамалым свеце гэты спеў плыў меладычна і шырока на далікатнай і смутнай ноце. Жаночы голас, што спяваў гэтую песню, быў моцны, чысты, голасна і выразна ляцелі ў прастору словы пра закаханых:
На тварах грамады, што стаяла каля агню, насупраць пазалочанага крыжа, адбіліся змяшаныя пачуцці задавальнення, жаху, але найбольш цікавасці.
Нават недаверлівы Клеменс шырока расплюшчыў вочы і ўзняў руку, каб перажагнацца яшчэ раз, але ад хвалявання затрымалася яна ў паветры.
- Ідзе, ужо ідзе! - зашапталі кабеты.
Франька ад страху перад ведзьмай прысела да зямлі, але з усяе сілы трымалася рукамі за полы Клеменсавай світкі.
Нябачная жанчына, набліжаючыся, спявала далей:
На гэты раз тры Дзюрдзіхі адначасова пераглянуліся.
- Каваліха, ці што? - шапнула Пётрава жонка.
- Але! - прашаптала Сымоніха. - Ніхто гэтак не спявае, толькі яна!
Сцяпаніху з ног да галавы працяла нервовая дрыготка, аднак, насуперак сваёй звычцы, яна нічога не сказала, толькі хутка са здзеклівым выразам у вачах, што загарэліся, як вугольчыкі, азірнулася на мужа. Дзіўна! Сцяпан так выцягнуў шыю і так увесь падаўся наперад, як быццам хацеў зазірнуць праз пагоркі і ўбачыць тую, чый голас толькі далятаў да ягоных вушэй. У адначассе ад напружанасці мускулаў цалкам разгладзілася цёмная скура на ягоным твары, і толькі лоб, зморшчаны і завялы, надаваў гэтаму твару выраз пакуты.
На вяршыні малога пагорка паказалася і хутка сышла з яе постаць кабеты, рысаў якой яшчэ нельга было распазнаць. Шпарка набліжаючыся, спявала яна сваю песню:
Раптам голас спявачкі абарваўся і змоўк. Апынулася яна за некалькі крокаў ад распаленага вогнішча і стала, як укапаная. У апошнім дзённым святле і бляску полымя яе постаць і твар пазначыліся са скульптурнай выразнасцю. Была яшчэ маладая, рослая і дужая. З-пад высока падаткнутай спадніцы былі відаць моцныя голыя ногі, што босымі ступнямі ніклі ў густой траве. Апрача сіняй спадніцы была на ёй толькі грубая кашуля, вялікі фартух у паскі, двума рагамі моцна прывязаны да пояса і так моцна напханы зёлкамі, што выбіваліся яны з яго на спадніцу, і, чапляючыся адна за другую, цягнуліся па зямлі. Гэта былі ліловы чабор і барункі, ружовая і белая канюшына, зоркападобныя рамонкі, блакітны палявы цыкорый. Апрача таго, у абедзвюх руках несла яна агромністы сноп раслін з цвёрдымі і доўгімі сцябламі: жоўтую дзіванну і снежны крываўнік. І быў гэты сноп такі вялікі, што закрываў усе яе грудзі і нават твар. Віднелася над ім толькі галава, злёгку прыкрытая чырвонай касынкай, з-пад якой з усіх бакоў на даматканую кашулю, загарэлую шыю і вузкі гладкі лоб выбіваліся кароткія пасмы цёмных кучаравых валасоў. Захінуты кветкамі і валасамі яе твар выглядаў звычайным і простым: загарэлы і румяны, з вішнёвымі вуснамі, выпуклымі шчочкамі і вясёлым кірпатым носікам. Прыгожылі яго толькі вялікія прадаўгаватыя вочы, бліскучыя шэрыя зрэнкі якіх, здавалася, гаварылі, смяяліся, песцілі і спявалі... Так і спынілася яна пад крыжам, асветленым вогнішчам. Так і стаяла: босая, з паружавелымі ад агню нагамі, з зёлкамі, што выпадалі з фартуха і снапом засланялі грудзі, са зблытанымі валасамі і вясёлым смелым позіркам. Першая фраза, якая зляцела з яе вуснаў, гучала трошкі здзіўлена і недарэчна:
- А-а-а-а! - сказала яна. - Што вы тут робіце, людзі?
Але адразу ж, нібы згадаўшы даўно вядомае, папыталася:
- Ведзьму на агонь ловіце, ці што?
Махнула галавой і ўпэўнена скончыла:
- Ага! Малако ў кароў прапала.
І, паківаўшы галавой, задзівілася зноў:
- А-а-а-а-а! Ум-ум, дзівосы, дзівосы!
Сярод людзей панавала магільная ціша. Здавалася, што ўсе іхнія душы зліліся ў гэты момант у адну, якая ўсёй сілай свайго розуму, пачуцця і слыху ўпілася, нібы вострае джала, у гэтую жанчыну. Павыцягваўшы шыі, яны не спускалі з яе вачэй. Рознае малявалася ў іхніх позірках. У некаторых было яшчэ толькі здзіўленне, змяшанае з невыразнай варожасцю. І толькі Сцяпаніха са з'едлівай усмешкай хутка перавяла свой распалены позірк з твару кабеты, што стаяла пад асветленым крыжам, на твар свайго мужа. А гэты твар набыў цяпер асаблівы выраз. Прыхаваная ўсмешка патаемнага любавання раптам асвятліла яго, цалкам сцёршы панурасць, якая змянілася нейкім крыху блазнаватым захапленнем, што запаланіла ўсю ягоную істоту. Ён глядзеў і глядзеў, як быццам ніяк не мог наглядзецца. А жанчына з зёлкамі запыталася зноў:
- Што ж? Ці ўжо прыходзіла?
Ніхто не адказваў. Ва ўсмешлівых зрэнках яе мільгануў неспакой.
- Што ж? - паўтарыла. - Бачылі ведзьму? прыходзіла?
На гэты раз з натоўпу азваўся спакойны, але вельмі сур'ёзны голас Пётры Дзюрдзі:
- Або не ведаеце, што каторая першая прыйдзе да вогнішча, тая і ведзьма.