10894.fb2 Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 25

Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 25

- Не брала.

- Праўда?

- Далібог!

- Памятай. Ты сірата і толькі пад Божай апекай, не дайся сябе пакрыўдзіць, бо загінеш, як тая кропля вады ў вялікай рацэ... Я ўжо цяпер на цябе не гляджу, але Пан Бог глядзіць, і людзі таксама глядзяць. Памятай, каб на табе грэху перад Богам, а сораму перад людзьмі не было. Калі каторы любіць, дык няхай жэніцца, а як жаніцца не хоча, то ты яго пры ўсялякім набліжэнні раз, два, тры - у пысу! Дый годзе! Дзяўчына павінна быць як тая шклянка, калі яе ў вадзе крынічнай вымыюць, вось што!

І яшчэ доўга так гаварыла бабуля сваёй унучцы, і паўтаралася гэта штотыдзень. Аднойчы ў нядзелю сказала:

- Калі каго палюбіш і захочаш, каб ён з табой ажаніўся, скажы мне. Я на гэта знайду сродак... На тое я ўжо твая бабка і адзіная на гэтым свеце апякунка, каб цябе ў кожны час ратаваць...

Засаромленая, але разам з тым і зацікаўленая Пятруся шапнула:

- А які ж гэта сродак, бабуля?

Старая паціху пачала казаць:

- Усялякія на гэта ёсць сродкі. Можна кажана ў мурашнік закапаць, і як яго мурашкі зусім з'ядуць, з ягоных костачак выбраць адну; можна і зёлак такіх пашукаць, што называюцца загартушка, а карэньчыкі маюць такія, быццам дзве ручкі злучаныя... Можна і іншага зелля...

Расказвала пра гэта старая сур'ёзна і нават таямніча, і расказвала б нашмат даўжэй, калі б Пятруся моцна не пацягнула яе за фартух, засмяяўшыся сарамліва і радасна.

- Годзе, бабуля, - шаптала, - годзе! Нічога такога мне не трэба. Ані кажана, ані загартушкі, ані якога іншага зелля не трэба. Ён і так ажэніцца са мной.

Старая навастрыла вушы.

- Каторы? - спыталася.

- А Міхалка.

- Кавальчук?

- Але.

Бабка ў знак згоды кіўнула галавой.

- Добра, - сказала, - добра, чаму ж не? Хаціну сваю і кавалак зямлі пасля бацькоў мае. Прытым і рамеснік... ай-яй... Як бы было добра! Каб толькі жаніўся!

- Ой, ой! - радасна зазвінела Пятруся. - Далібог, ажэніцца, казаў мне не раз, але сто раз...

Кажучы так, зачырванелася ўся. З маладзенькіх вясёлых воч яе пырснуў сноп промняў, зубы, як перлы, бліснулі з-за чырвоных вуснаў. І вялікая бурная радасць так захапіла яе ўсю, што, не могучы ўседзець на месцы, саскочыла з печы і пачала скакаць па хаце, спяваючы на ўвесь голас:

- Ёсць у мяне мой міленькі,Уся мая радзіна,Як прыедзе ён да мяне,Шчаслівая гадзіна!

Хата была пустая, бо раніцой у нядзельку Пётра з Петрачыхай паехалі ў касцёл, а хлопцы гулялі на вуліцы з равеснікамі. Пятрусіна песня мела другі, трэці і чацвёрты слупок, і дзяўчына праспявала іх усе, круцячыся, як ваўчок, па хаце, выціраючы стол мокрай анучкай, заглядаючы ў печ, дзе варыліся стравы, урэшце, праганяючы курэй, што павыходзілі на сярэдзіну хаты, у цёмныя падпечкі. Калі ўрэшце дзяўчынін спеў, і кудахтанне курэй, і рохканне падсвінка, выгнанага ў сені, змоўклі, з печы азваўся Аксенін голас:

- Пятруся?

- А што?

- Хадзі сюды!

Ускочыла на тапчан, што стаяў ля печы, і спытала:

- Што, бабуля?

- От што. Міхалку зараз дваццаць першы год ідзе.

- Але, - пацвердзіла дзяўчына.

- То гэта і бяда. Як жа ён з табой ажэніцца, калі яму трэба ў войска ісці?

Дзяўчыну гэтая бабуліна заўвага моцна перапалохала.

- Не можа быць! - крыкнула.

Старая паківала галавой.

- Ой, дзіця з цябе горкае! Ці ж ты пра гэта не ведала?

Што яна там павінна была ведаць пра нейкае войска? І не падумала ніколі, што нейкае войска на свеце ёсць. І мілы ні разу ёй не казаў, што ў салдаты пойдзе, хоць пра гэта добра быў павінен ведаць, але як зазвычай малады, калі кахаў дзяўчыну і шаптаўся з ёй пры плоце ці туліў яе да сябе, аб тым, што некалі будзе, не думаў. Старая ж Аксеня шмат ведала пра свет. Не раз, ужо не раз у сваім жыцці бачыла хлопцаў, браных у салдаты, якія няхутка-няхутка вярталіся, а часам, так, як і яе родны сын, не вярталіся ніколі. Калі ўжо якая дзяўчына і чакала іх, павінна была ўсё жыццё сеяць руту, бо калі які і вяртаўся, то з іншым сэрцам і з іншымі думкамі. А калі шлюб з ім брала, перад тым як у свет пойдзе, было яшчэ горш, бо жыццё салдаткі ўжо такое жыццё, што хай ад яго святы Божа абароніць! Усё гэта і шмат чаго іншага доўга шаптала Аксеня на вуха дзяўчыне, аж пакуль Пятруся, закрыўшы рукамі твар, не расплакалася горкімі слязьмі.

- Ну, - угаворваючы, пачала бабка, - дык ідзі за Сцяпана Дзюрдзю. І ён да цябе ахвочы, і гаспадар з яго заможны. Салодкае табе жыццё з ім будзе.

Дзяўчына затупала на тапчане босымі нагамі.

- Нізашто! - крыкнула. - Каб я там не ведаю што, Сцяпанавай жонкай не буду.

- Чаму? Гаспадар такі, і малады, і высокі, як той дуб, і браты ў яго багатыя.

Пятруся, не адымаючы рук ад вачэй, выяўляючы рухамі нецярплівасць і агіду, паўтарала толькі адно:

- Нізашто! не пайду за яго! не пайду за яго!

І толькі на настойлівыя роспыты бабкі пра прычыну такога нежадання прызналася. Былі там хутчэй дзве прычыны.

- Гадкі ён мне і вельмі запальчывы. Біць будзе!

Ні слова насуперак гэтаму Аксеня сказаць не магла. Ведала Сцяпана Дзюрдзю даўно, і сапраўды ведала, што ён быў злосны і гарачы, ахвочы да спрэчак і боек. Вочы ягоныя змоладу неслі бляск моцных і гарачых жарсцяў, жэсты былі хуткія і парывістыя, голас злосны і грубы. Быў працавіты, разумна гаварыў і даваў добрыя парады, напіваўся вельмі рэдка, гаспадарку меў заможную, і доўгу ніводнага граша не меў, аднак на вёсцы згоды і павагі не меў, бо збрыдзеў усім сваёй зацятасцю, грубай лаянкай і хуткім да бойкі кулаком. Дзяўчаты проста ўцякалі ад яго, так баяліся. Ужо некалькі разоў пасылаў сватоў у розныя хаты, і нідзе яго не прынялі. Дзяўчаты, заходзячыся плачам, крычалі:

- Біць будзе! яшчэ калі заб'е.

І кідаліся ў ногі бацькам, молячы, каб не выдавалі за таго Гірада. Сцяпан пачаў казаць, што і не дбае пра гэтых дурных і пашле сватоў у другую вёску, але неўзабаве ў хаце яго стрыечнага брата Пётры вырасла Пятруся, і з таго часу Сцяпан на ніякую іншую дзеўку і не зірнуў. Воч з яе не спускаў і да брата ў хату хадзіў і хадзіў. Бывала, прыйдзе і без ніякай патрэбы сядзіць на лаве гадзіну і дзве. Часам араць трэба, альбо касіць, ці малаціць, а ён сядзіць і за дзяўчынай вачыма водзіць, глядзіць на яе скокі і мітусню, слухае яе спевы, і ягоны злосны твар робіцца такім лагодным, што, здаецца, можна было б яго, нібы масла, на хлеб намазваць. Аднойчы сказаў Пётру:

- Бедная яна ці не бедная, я да яе сватоў прышлю...

- Прыблудная, - заўважыў Пётра.

- Прыблудная ці не прыблудная, сватоў прышлю, як толькі ў яе якую прыхільнасць убачу.

Але прыхільнасці да яго ў Пятрусі не было і следу. Як Сцяпан на яе, так яна на Міхала Кавальчука заглядалася. А пра Сцяпана, як іншыя дзяўчаты, з плачам казала бабцы: