10894.fb2
Выплакалася пасля таго, што сказала ёй бабка пра будучы незайздросны Міхалаў лёс, і зноў замітусілася па хаце і заспявала:
Перарваўшы спевы, сказала:
- От, можа, не пойдзе... чаго там! Можа, Міхалка ў салдаты і не пойдзе...
Потым дадала:
- Каб толькі сёння прыйшоў...
Аксеня, якая ўжо шкадавала, што сваёй гаворкай давяла ўнучку да слёз, азвалася на печы:
- Кінь венік у агонь!
- А навошта? - здзівілася Пятруся.
- Кінь венік у агонь, - паўтарыла бабка, - як спаліш венік, госці будуць.
Пятруся кінула ў агонь старую мятлу, а калі ў той дзень і сапраўды Кавальчук прыйшоў у хату Пётры, свята паверыла ў чарадзейнасць таго сродку і раіла яго потым усім сваім равесніцам. І не адну яшчэ таксама дзіўную і яшчэ больш дзіўнейшую рэч гаварыла і радзіла Пятруся людзям. Пра ўсё даведалася ад бабкі, а паколькі любіла памянціць языком, нічога ў таямніцы не захоўвала і не падумала нават ніколі, каб затаіцца з нечым. Аднак, нягледзячы на сваю раннюю мудрасць, не адгадала аднойчы варажбы пра ўласную долю. Неяк даставала лапатай хлеб з печы. Звычайна хлеб удаваўся ў яе найлепшы. Нават спрактыкаваныя гаспадыні заўсёды дзіваваліся дасканаласці яе караваяў, перашэптваючыся паміж сабой, што хіба ёй нейкая сіла дапамагае. Гэтай сілай сапраўды былі пільнасць і спрыт дзяўчыны, якая калі што ўжо рабіла, дык з усёй душой і з дбайнай стараннасцю. Вось і цяпер боханы хлеба адзін за другім паказваліся на лапаце і з лапаты ссоўваліся на стол, румяныя, пульхныя, выпечаныя, напоўніўшы хлебным пахам хату. Добры акраец хлеба - радасць для селяніна. Пётра, седзячы на лаве, абапёршыся локцямі на стол, усміхаўся, як звычайна, лагодна і паважна; усё яшчэ хваравітая Петрачыха, мыючы, аднак, каля печы штодзённую вопратку, таксама з усмешкай пра нешта расказвала; два падлеткі з галасам спрабавалі пальцамі пульхнасць хлеба, і адна толькі ўмелая пякарка не толькі не смяялася, але нават не ўсміхнулася. Такі важны занятак, як даставанне з печы хлеба, рабіўся ёю заўсёды з расчырванелымі ад агню шчокамі, з закасанымі па локаць рукавамі, з надзьмутымі вуснамі і трошкі нават наморшчаным ілбом. Раптам яна крыкнула:
- Ай, ай!
І, ссунуўшы апошні бохан на стол, апусціла лапату на зямлю і заламала рукі.
- Ой, Божа ж, мой Божа! - завяла амаль з плачам.
Пётра і Петрачыха амаль адначасова павыцягвалі шыі, зірнулі на хлеб і ў адзін голас спыталі:
- Трэснуты, ці што?
Не памыліліся. Апошні бохан выйшаў з печы амаль наскрозь трэснуты, як быццам нажом разрэзаны на дзве палавіны.
- Трэснуты, - паўтарыла Пятруся.
Некалькі секунд было маўчанне, пакуль не азваўся з печы стары Аксенін голас:
- Нехта адлучыцца!
Петрачыха ўзняла руку да ілба і грудзей.
- У імя Айца і Сына... Хай Пан Бог міласэрны... нас ад усялякага няшчасця бароніць!
- Нехта адлучыцца! - паўтарыла старая.
- З хаты ці з вёскі? - спытаўся Пётра.
Аксеня, хвіліну падумаўшы, адказала:
- Можа, з хаты, а можа, з вёскі, але нехта, чыя душа некага ў хаце Пётры Дзюрдзі кранае.
І сапраўды, адлучыўся хтосьці з Сухой Даліны, чыя душа кагосьці ў хаце Пётры Дзюрдзі кранала: Міхал Кавальчук выцягнуў жэрабя і пайшоў з вёскі - у войска. Бачылі, аднак, перад тым у змроку дваіх чалавек, што сядзелі на вялікім абымшэлым валуне за вёскай, там, дзе дарогі разыходзіліся ў чатыры канцы свету і ўзносіўся стары, высокі крыж. Два парабкі ішлі з двара, куды наймаліся малаціць, і расказалі ў вёсцы, што Пятруся на камені пад крыжам развітваецца са сваім Кавальчуком. Расказвалі пра гэта, рагочучы на ўвесь голас. Жанчыны засмяяліся:
- Няхай развітваецца, - казалі, - бо гэта ўжо будзе на векі вякоў, аман.
Усе, як адзін, у вёсцы вырашылі, што Пятруся развіталася са сваім каханым на векі вякоў, аман. Вярнуцца сюды дык ён і сапраўды вернецца, бо мае ў Сухой Даліне сваю зямлю і хату, але ажно праз шэсць гадоў, а шэсць гадоў для дзяўчыны - век. Альбо за каго іншага тым часам выйдзе, альбо састарэе і Кавальчук яе не захоча. Каб ён там ды праз шэсць гадоў яе захацеў! З іншым сэрцам і з іншымі думкамі вернецца з далёкага свету. Нават старая Аксеня тое самае гаварыла сваёй унучцы, якая, аднак, адмоўна хітала галавой і ўсё паўтарала:
- Сказаў, што як вернецца, дык ажэніцца са мной. Сказаў: «Ты чакай мяне, Пятруся...».
- І ты, дурная, будзеш чакаць?
- Буду!
Старая вельмі занепакоілася; з гэтага часу яе завялыя вусны і касцістыя сківіцы часта варушыліся так, быццам яна нешта з цяжкасцю перажоўвала сваімі бяззубымі дзяснамі. Некалькі разоў яшчэ звярталася да ўнучкі:
- Ідзі за Сцяпана: можа, не будзе біць, а калі як-небудзь і паб'е, дык што? Заўсёды лепш у мужавай хаце сядзець, чым цэлае жыццё па чужых гараваць.
Але на ўсе гэтыя намовы ў Пятрусі быў толькі адзін адказ:
- Не хачу, не пайду.
Петрачыха таксама яе ўгаворвала, каб ішла за Сцяпана.
- Багаты, - казала, - і працавіты, гаспадарлівы, не п'е. Будзеш з ім у купленых паркалях хадзіць ды сала напоўніцу есці.
Дзяўчына адказвала:
- Хай Сцяпанава сала свінні ядуць.
Гэтыя ўгаворы, што чуліся з усіх бакоў, абудзілі ў ёй гнеў, відаць, першы ў жыцці. Потым сціскала вусны і нічога не адказвала. Каб там невядома што гаварылі пры ёй пра Міхалку і Сцяпана - маўчала. Бабы сваё, а яна сваё. Яны гавораць, намаўляюць, шкадуюць яе дурноты, нават часам сварацца - яна маўчыць; кароў, бывала, доіць, ці адзенне мые, ці свіней корміць, ці хлеб месіць - і маўчыць. Зацялася. І, напэўна, думала таксама, што людзі пагавораць, пагавораць і пакінуць яе ў спакоі, дазваляючы, каб жыла сабе паводле сваёй волі. І, відаць, так хутчэй за ўсё і сталася б, каб толькі Сцяпан адчапіўся ад яе. Але ён пра гэта і не думаў. Некалькі разоў ужо хацеў абняць яе і пацалаваць, то на дзядзінцы, то ў гародзе, то ў аборы, аднак заўсёды паспявала яна ўцячы ад яго, так што ані да абдымкаў, ані да сваркі не дайшло. Аднойчы прыйшоў у нядзелю, калі ў хаце, апрача яе і старой Аксені, нікога не было. Убачыўшы яго ў дзвярах, Пятруся скочыла ў камору, дзе быццам пачала насыпаць гарох з мяшка ў гарнак на вячэру, але Сцяпан уміг апынуўся каля яе і, адбымаючы адной рукой, другой спрабаваў засунуць знутры дзверы каморы. Выглядаў ён так страшна і так жахліва праклінаў дзяўчыну, якую ўжо зараз дык сапраўды, як ён казаў, злавіў у пастку, што закрычала яна адразу немым голасам і пацямнела ў яе вачах. Аднак умомант апрытомнела і, можа, згадаліся ёй словы і парады бабкі, бо з чырвоным, як півоня, тварам, з іскрыстымі вачмі і са сціснутымі вуснамі вырвалася з абдымкаў хлопца і ўзняла абедзве рукі ўгору. Раз, два, тры ў пысу! дый годзе! Сцяпан, як апараны, выскачыў з каморы, а потым і з хаты. Зрабіў так галоўна таму, што пачуў у сенях крокі Пётры, а сведкі свайго сораму мець не хацеў. Пятруся ўся разгарачаная і ў слязах прыпала да бабуліных каленяў, якая на яе крык ссунулася з печы і, абапёршыся на кіёк, стаяла ля дзвярэй каморы, хутка рухаючы касцянымі сківіцамі і, здавалася, з напружаннем углядаючыся ў прастору зацягнутымі бельмамі вачмі. Але не стала яна ні крычаць, ні лямантаваць, толькі зжоўклыя рукі яе, хвіліну паблудзіўшы ў паветры, знайшлі галаву ўнучкі і абнялі яе так, быццам нанова адшукалі нейкую страчаную каштоўнасць. Потым яна сказала:
- Ну, Пятруся, тут ужо нам няма чаго заставацца... Тут ужо табе добрай волі не будзе. Паклонімся Пётру і Пётравай жонцы за хлеб і соль і куды-небудзь павандруем.
Хлеб і соль Пятруся адшукала лёгка, бо славілася на ўсю ваколіцу як дбайная працаўніца. У невялікім суседнім шляхецкім маёнтку ўзялі яе дваровай дзеўкай і дазволілі трымаць пры сабе бабку з умовай, каб за ежу старая прала для двору лён і воўну. Праз два дні пасля таго, як Сцяпан Дзюрдзя атрымаў тры звонкія поўхі ад убогай сіраціны, на досвітку адчыніліся дзверы Пётравай хаты і выйшла з іх Пятруся ў кароткай світцы і сіняй спадніцы, у нізкіх чаравічках і чырвонай хустцы на галаве. Усё сваё і бабуліна адзенне несла на плячах у палатняным мяшку, а каля грудзей трымала загорнутую ў радно прасніцу. За ёю ішла сляпая Аксеня таксама ў сярмязе, нізкіх чаравіках і чорным каптуры. Адной рукой кіем мацала зямлю, другою - трымалася за рукаў унуччынай світкі. Былі яны абедзьве высокія і хударлявыя. Выйшаўшы з хаты Пётры, ішлі праз вёску выпрамленыя і маўклівыя. Над імі пад вясновым небам яшчэ тулілася белая начная імгла, з абодвух бакоў дарогі стаялі пазачыняныя хаты і нерухомыя дрэвы ў садах. Каровы не рыкалі, куры не кудахталі, і нават сабакі яшчэ не брахалі. Толькі часам каля адчыненых брам ці за нізкім плотам паказваўся хтосьці, хто прачнуўся раней за іншых, і, пабачыўшы дзвюх кабет, што ішлі на сінім досвітку праз вёску, абыякава ці са шкадаваннем у голасе казаў:
- Ідзіце з Богам!
Яны ж у адзін голас адказвалі:
- Заставайцеся з Богам!
І ішлі далей. Румяная дзяўчына з вясёлымі вачмі выпрамлялася і прыспешвала крок, і, учапіўшыся за рукаў яе світкі, старая бабка паспешна, але спакойна, тупала за ёю ў свет, якога не бачыла, упіраючы ў яго свае сляпыя зрэнкі і адчуваючы дотык ранняга ветру, які варушыў і раздзімаў наўкол яе касцявага твару і чорнага чапца белыя, як малако, валасы.
Як жылося Пятрусі ў шляхецкім фальварку за тры вярсты ад Сухой Даліны, жыхары вёскі ведалі няшмат. Служыла, і ўсё. Замуж не ішла. Праз год, як яна пайшла з Сухой Даліны, Сцяпан Дзюрдзя паводле правіл і ўсіх звычаяў пасылаў да яе сватоў. Адправіла сватоў з нічым, а Сцяпан потым цэлы тыдзень піў гарэлку ў карчме і біўся з кім папала. Людзі ўжо ўсур'ёз пачалі гаварыць, што дзеўка яму нешта зрабіла, калі так забыць яе не можа і перажывае па ёй. Напіцца яму нечага дала, каб ніколі ад яе не адстаў. І навошта ёй гэта, калі яго не любіць і не хоча? Яшчэ жывая ў тыя часы Сцяпанава маці, раззлаваная за сына на Пятрусю, аднойчы злосна сказала:
- Вядома! Бабка ў яе ведзьма, дык толькі тое і выдумляе, каб людзям якую бяду зрабіць.
Неўзабаве, аднак, Сцяпан ажаніўся з дзеўкай з суседняй вёскі, і людская гамана пра Пятрусю сціхла. Бачылі яе рэдка; часам толькі дзяўчаты з Сухой Даліны, ідучы са жніва ці з сенакосу, спатыкаліся з ёю, калі таксама ішла дадому з сярпом ці граблямі, і, мінаючы дзяўчыну, гады якой ужо перайшлі за дваццатку, нібы так сабе, але ж і пра яе, пачыналі спяваць: