10894.fb2 Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 29

Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 29

- Пятрук, - сказала прыязным голасам, які выяўляў яе спакойныя, прыяцельскія адносіны з мужам, - ідзі да Аксені... папытайся, можа, яна ведае што-небудзь такое, каб таго злодзея выкрыць...

На здзіўленне кабет Пётра ніводным словам не запярэчыў гэтаму жаданню, устаў, надзеў на галаву старую аўчынную шапку і выйшаў з хаты.

Быў восеньскі цёмны вечар; вецер шумеў у садах і калашмаціў дрэвы, на небе, як цяжкія птушкі, праплывалі прасціны хмар, то адсланяючы, то засланяючы зоркі. Забалочанай сцежкай, што вілася паміж гумнамі і платамі, высокі плячысты мужчына ў кажуху і аўчыннай шапцы ішоў трошкі прыгорбіўшыся шырокім і цяжкім крокам да сядзібы каваля. Здалёк было ўжо відаць кузню, што палымнела чырвоным святлом, і чуўся грукат вазоў, якія адтуль ад'язджалі. Перад той кузняй заўсёды як на паломніцтве ці на кірмашы. З усёй ваколіцы людзі прыязджаюць да Міхала Кавальчука, бо такога, як ён, каваля нідзе няма. Але ўжо вечар, і тыя, што сёння тут падкоўвалі коней, рабілі сякеры і абручы на колы ці прасілі направіць плугі і вазы, едуць дадому, дарогаю паміж вербамі і бярозамі, дзе гнездзяцца і енчаць лялякі. Перад адчыненымі дзвярыма кузні нікога ўжо няма, ляжыць толькі шырокае гразкае балота, разбітае коламі вазоў і конскімі капытамі. Пётра Дзюрдзя спыніўся ў гэтым балоце і колькі хвілін з нейкай прыемнасцю ўглядваўся ў сярэдзіну кузні. Запоўненая чырвоным святлом, яна яскрава аддзялялася ад цемры, што панавала навокал. У гэтым святле прыгожа вымалёўвалася постаць маладога каваля, які яшчэ не скончыў працу. У нагавіцах і кашулі з высока закасанымі рукавамі, дужы і зграбны мужчына хутка ўздымаў жылістыя рукі, штосілы б'ючы молатам па распаленым жалезе, з-пад молата дажджом сыпаліся іскры на зямлю і слупамі ўзляталі ўгору, смуглы твар з чорнымі вусамі і чарнявую ягоную чупрыну залацілі чырвоныя блікі. Працаваў спрытна і весела. Найперш весела. Штохвіліны нешта казаў хлопчыку, які быў у яго памагатым, часамі нешта напяваў сабе альбо, калі ўдар павінен быў быць больш моцным і спрытным, уздымаючы і апускаючы, нібы ў танцы, рукі выкрыкваў:

- Гу, га!

Пётра з нейкім задавальненнем глядзеў на гэтую вясёлую і спрытную працу. Потым адступіў на некалькі крокаў і пайшоў у хату каваля.

Гэтая хата была амаль такая, як у Пётры: вялікая, з драўлянай падлогай, чыстая ад дыму, які выходзіў праз комін, можна было толькі заўважыць у ёй пэўныя выдумкі, якіх у дзядоў і прадзедаў не бывала. Апрача сталоў і лаў стаялі тут два драўляныя крэслы, ля вялікіх вокнаў зелянела ў вазонах некалькі нізкіх раслін, на малой шафцы з дзвюма шыбкамі пабліскваў бляшаны самавар. Выдумкі гэтыя прывёз з сабою Кавальчук з далёкага свету, а можа, таксама пабачыла іх і Пятруся ў тым шляхецкім маёнтку, дзе служыла дваровай дзеўкай. Выдумлянне гэтае, аднак, не дайшло да такой ступені, каб вынесці ў іншае месца аграмадную печ з закурэлай сярэдзінай, дзе ў гэты час, як у кожнай з вясковых хат, гарэў вялікі агонь. Не дайшло таксама гэтае выдумлянне ані да свечак, ані да лямпы; уваткнутая паміж печных цаглін, гарэла лучына, чырвоным і дымным полымем, асвятляючы постаць Аксені такім чынам, што таму, хто ўваходзіў у хату, кідалася найперш у вочы акурат яна. Паводле сваёй старой звычкі касцістая бабка сядзела на печы ў акуратнай сярмязе і чорным каптуры, выпраміўшыся, адной рукой цягнула з кудзелі нітку, а другой круціла верацяно. Пятруся насіла па хаце малое дзіцятка, гушканнем і ціхім спевам спрабуючы яго закалыхаць. У дзвярах хаты паважным і ветлівым голасам загучала Пётрава прывітанне:

- Хай будзе пахвалёны...

- На векі вякоў... - са шчырай радасцю адказала Пятруся і з дзіцяткам на руках, з бліскучымі ад задавальнення вачыма, падбегшы да госця, пацалавала яго ў руку.

Аксеня, што, аслепшы, мела добры слых, таксама пазнала Пётру па голасе і, на хвілю перапыніўшы прадзенне, у знак прывітання так пачала ківаць галавой, што ажно яе сівыя валасы пачалі развявацца наўкол чорнага каптура. Хрыплым і ў дадатак яшчэ і шапялявым, бо не мела зубоў, голасам дзякавала яму за тое, што згадаў пра іх і хату іхнюю адведаў. Пятруся паклала ў калыску соннае дзіця, абцерла фартухом адно з трох крэслаў і, у радаснай усмешцы паказваючы белыя зубы, запрасіла былога свайго гаспадара сесці. Пётра паглядзеў на крэсла так, нібы хацеў пераканацца, ці не зломіцца яно пад ягоным цяжарам, і асцярожна сеў.

- Ну, - пачаў, аглядаючы хату, - па-панску тут у вас, прыгожа... Крэслы сабе выдумалі і самавар... ого!

- Па-панску не па-панску, - падхапіла Аксеня, задаволена расцягнуўшы ад вуха да вуха ледзьве бачныя вусны, - але, дзякаваць Богу, нічога не бракуе... усё ёсць... і хлеб ёсць, і святая згода ёсць... Як Пан Бог наказаў...

- І сын ёсць... - дадаў Пётра з жартаўлівай дабрадушнасцю, гледзячы на Пятрусю.

Яна трошкі засаромелася і апусціла вочы, але, усё яшчэ весела ўсміхаючыся, адказала:

- А ёсць, дзядзька...

- І другі зараз будзе... - жартаваў далей стараста.

На гэты раз маладая жанчына пачырванела, як бурак, крыху адвярнула твар і паціху захіхікала. Аксеня таксама смяялася на печы сваім старэчым смехам, які нагадваў сухі клёкат драўлянай трашчоткі.

- Ці адзін яшчэ... ой, ой, ці яшчэ адзін будзе! - сказала.

- Дай Бог шчасліва, - зычліва закончыў Пётра, а тут і каваль увайшоў у хату. Пакідаючы кузню, апрануў стары шэры суконны свэтар, абшыты зялёнай тасьмой, і выглядаў у ім вельмі зграбным. Твар яго быў расчырванелы і спацелы ад працы; убачыўшы Пётру, вельмі ўзрадаваўся і ў абедзве рукі яго пацалаваў. Ані ён, ані Пятруся ніколі не забываліся пра тое, што старая Аксеня і яе ўнучка шмат гадоў елі хлеб у Пётравай хаце. Папраўдзе, не задарма елі, але быў ён добры і запраўлены зычлівасцю абодвух бакоў. Што там потым сталася інакш і што зноў мусілі пайсці туляцца, у гэтым ужо віны Пётры не было.

- Пятруся, - звярнуўся да жонкі каваль, - зрабі ты для дзядзькі гарбаты...

Пётра паправіўся на крэсле. Надта ж любіў гарбату, хоць і піў яе толькі тады, калі часам у мястэчка на кірмаш ці ў паломніцтва ездзіў, ва ўласнай хаце самавара мець не хацеў, бо яго дзяды і прадзеды не мелі.

- Ого! - заўважыў, - вы, як паны... гарбату сабе п'яце...

- Штодзень не п'ем, але часам п'ем, - адказаў каваль. - А што рабіць? Гарэлку ў губу не бяру, то часам трэба чым іншым жывот пагрэць... І старой бабулі гэтае зелле жыццё падаўжае, і як госць трапіцца, добра пачаставаць...

- Добра, чаму не добра, - пацвердзіў Пётра і пачаў распытваць каваля пра розныя рознасці, якіх той ведаў шмат, бо каваль па шырокім свеце пахадзіў і зараз з мноствам людзей, як звычайна рамеснік, меў дачыненне.

Міхалку няцяжка было ўцягнуць у гаворку, бо з натуры быў ён гаваркі і вясёлы. Таму падрабязна і доўга пачаў ён расказваць госцю пра нейкі вялікі горад, у якім ён быў пару гадоў салдатам. Пятруся тым часам згатавала ваду ў самавары і праз некалькі хвілін з глінянага чайніка наліла гарбаты ў тры шклянкі, у кожную з іх паклаўшы цынкавую лыжачку; паклала на белым сподачку некалькі кавалкаў цукру. Начынне і цукар вымала з шафкі, бегала па хаце басанож хутка і зграбна, лыжачкі і шклянкі, як вясёлыя званочкі, званілі ў яе руках. Дзве шклянкі з гарбатай паставіла на стале перад госцем і мужам, трэцюю, ускочыўшы на лаву, умясціла на печы, і калі два мужчыны безупынку размаўлялі паміж сабой, яна вылівала гарачую гарбату на сподак і, надзімаючы з усіх сіл шчокі, дзьмухала на яе. Потым кончыкам пальца датыкалася напою і, пераканаўшыся, што ўжо астуджаны, прыкладала да вуснаў бабкі бераг сподка, кажучы:

- Пі, бабуля, пі!

Сядзела на беражку печы і паіла гарбатай сляпую бабку. Хустку дома не насіла. Цёмныя валасы трошкі раскідаліся вакол яе твару, а лоб у яе быў такі гладкі і спакойны, а вочы так іскрыліся радасцю, што хоць там у калысцы засынаў гадавалы хлопчык, выглядала дзяўчынай. Міхалка, размаўляючы з Пётрам, паглядзеў на жонку раз-другі, а потым перарваў нейкі аповяд і спытаўся:

- Пятруся! А ты зноў гарбаты не п'еш?

Надзьмула трошкі вусны і, стукаючы босымі ступнямі па печы, адказала:

- Не хачу, не люблю! Паскуднае зелле. Мне лепш зацірка з салам.

Гэтая згадка пра сала нагадала Пётру мэту сённяшніх ягоных адведзін. Абапёр тады локаць на стол, а твар на руку і пачаў расказваць пра здарэнне ў ягонай хаце. Прысутныя дзівіліся і надта ж шкадавалі. Зацікавіла іх найперш: хто гэта такі - той злодзей? Каваль прыпомніў сабе, што ўчора ўночы вяртаўся з суседняй вёскі, дзе меў клопат, і бачыў нейкага чалавека, што з мяшком на плячах хутка ішоў за платамі.

- А як жа ён выглядаў, той чалавек? - зацікаўлена спытаўся Пётра.

Каваль адказаў, што быў гэта чалавек худы, невысокі і, здаецца, што меў сівую шчэць на твары. Пра гэта апошняе дакладна не сцвярджаў, бо была ноч, але паколькі бачыў яго зблізку і свяцілі зоркі, то яму здаецца, што меў ён сівую шчэць на твары. Пётра задумаўся, а потым сказаў:

- Гэта зусім так, як бы Якуб Шышка...

У падазрэнні, выказаным на адрас Якуба Шышкі, нічога дзіўнага не было. Ужо не раз за сваё жыццё быў ён злоўлены на зладзействе, а от два гады таму за тое, што ўдзёрся праз дах у дворскую стадолу, прасядзеў паўгода ў турме. Аднак гэта было толькі падазрэнне. Пётра ўпіўся вачыма ў сляпы твар Аксені.

- Я да вас, цётка, з просьбай, - сказаў. - Можа, вы ведаеце які спосаб, каб таго злодзея выкрыць...

Баба хвілю маўчала, а потым пачала гаварыць сваім хрыплым і шапялявым голасам, паволі і з роздумам:

- Чаму ж мне не знаць? Ведаю. Вазьміце сіта, уваткніце ў яго нажніцы і хай двое чалавек падкладуць пальцы пад вушкі нажніц, а другія людзі хай кажуць розныя прозвішчы, розныя, якія сабе толькі згадаюць... На чыё прозвішча сіта закруціцца, той і злодзей... І гэта ўжо такая праўда, што я яе не раз, а сто разоў на свае вочы бачыла...

Змоўкла, выцягнула руку і пару разоў у сваіх жоўтых пальцах пакруціла верацяно. Каваль голасна засмяяўся.

- Глупства! - сказаў.

- Міхалка! - амаль з абурэннем гукнула Пятруся. - Ты заўжды такі! Усё табе глупства! Ой, недавярак паскудны!

Аж расчырванелася ўся, так яе абурыў недавер мужа. Ён паблажліва прыняў яе вымову і толькі паціху яшчэ прабурчаў:

- Ой, бабы, бабы дурныя!

Але Пётра з надзвычайнай увагай, сур'ёзна выслухаў словы Аксені, якая, апусціўшы руку з верацяном, дадала яшчэ:

- Можна на сіта злодзея вываражыць, можна і на Евангелле. То ўжо як дзе... у адной старане на сіта варожаць, а ў другой - на Евангелле варожыцца... То ўжо ўсё адно... як хто хоча...

Пётра паднёс руку да валасоў.

- То я ўжо на Евангелле хачу, - сказаў, а праз хвілю дадаў: - Заўсёды гэтая Божая рэч і Божая сіла..

- Ну, дык таксама ў Евангелле нажніцы ўваткнуць... - павучала бабка.

- Глупства! - засмяяўся зноў каваль, а Пятруся падскочыла і закрыла яму рукой вусны. Ён яе прыабняў, два разы перакруціўся з ёй наўкола, а потым так заказытаў, што яна, заходзячыся гучным смехам, упала на лаву. Пётра на гэтае свавольства маладых не зважаў. Яму на сэрцы быў важнейшы клопат, да таго ж усялякія размовы пра варажбу, цуды і чары праймалі яго наскрозь таямнічай і трывожнай урачыстасцю. Устаў з крэсла і з нейкай заклапочанасцю пачаў:

- Дзякую вам, Аксеня, за вашую раду... Толькі як гэта зрабіць... трэба, каб гэта зрабіў нехта, хто гэта ўмее...

- Я вам гэта, дзядзька, зраблю, - зрываючыся з лавы, усклікнула Пятруся. - Чаму не! Столькі гадоў ваш хлеб ела, а каб вам гэтай паслугі не зрабіць? От, я ўжо іду...