10894.fb2
- А што ён там рабіў? - зноў прагучала пытанне.
- Зайчыкаў у лесе пасвіў, - адказала яму бабка.
- А я дзе быў, перш чым сюды прыйшоў?
Старая, ужо не думаючы, адказала:
- Ты на высокім-высокім дрэве сядзеў і варон у паветры пасвіў...
- А я, а я? Бабулька, а я?
- Ты, Крыська, сядзела на дне сіненькай вады і пасвіла рыбак...
- Галенка, бабулька? А Галенка?
- А я, бабулька, дзе была?
Відаць, бабулька пацалавала трохгадовую Галенку, бо па хаце разнеслася гучнае цмоканне. Потым са старэчым смехам, у якім чуваць была радасць, адказала:
- Галенка сядзела ў густой траве і пасвіла жамяру...
Тут стукнулі дзверы, і хата напоўнілася моцным пахам палявых кветак.
- Ці гэта ты, Пятруся? - спытаўся ў змроку хрыплы і шапялявы голас.
- Мама! - зазвінеў дзіцячы хор.
- Ці ўсе вы тут? - спыталася жанчына.
- А ўсе.
- Адамка спіць?
- А спіць.
- То і дзякуй Богу. От, зараз запалю ў печы і звару бульбы, сёння ў гародзе накапала.
- Ой, добра, бульба... маладая, - з яўным задавальненнем зашапялявіла бабуля...
- Добра... ой, добра... - паўтарыў дзіцячы хор.
Вялікае полымя зашугала ў печы і асвятліла хату, у якой за некалькі мінулых гадоў адбыліся пэўныя змены. Але былі гэта добрыя змены. Больш стала дастатку і больш фантазіі. Паміж вокнамі стаяла камода, а на ёй два медныя ліхтары і лямпа са шклом. На вокнах - фіранкі з квяцістага паркалю і мушкат, увесь у чырвоных кветках, за шыбамі шафкі - белыя талеркі, а на адной са сцен - некалькі карцін у бліскучых рамках. Усё гэта папрыносіў дадому Міхалка. Як толькі куды-небудзь па якіх справах паедзе, то заўсёды што-небудзь прыгожае прывязе ў хату, а потым сам з гэтых набыткаў цешыцца, як дзіця, і жонцы кажа, каб цешылася. Калі б і не казаў, зрэшты, яна цешылася б і сама. Вочы яе любуюцца яркімі фарбамі фіранак і залацістым бляскам ліхтароў, а калі занудзіцца як, дык толькі з тое нагоды, што сляпая бабуля ўсёй гэтай прыгажосці і выгод, у якіх яна зараз купаецца, пабачыць не можа. Расказвае затое ёй пра іх доўга і падрабязна і кожную новую рэч дае памацаць. Зрэшты, усе старыя рэчы засталіся ў хаце так, як і былі. Лавы, сталы, гаспадарчае начынне, тры крэслы з драўлянымі парэнчамі, Пятрусіны кросны, у куце вялікі стос розных жалязяк і над ім, на сцяне, некалькі новых, толькі што зробленых у кузні сякер, піл, крукоў і шчыпцоў. На кроснах Пятруся разаслала радно і высыпала на яго з фартуха свае зёлкі. Потым занялася вячэрай: дзеці, зляцеўшы з печы, нібы птушкі, бегалі каля яе басанож і шчабяталі пра тыя дзівосы, якія апавядала ім бабуля ўпоцемках.
- Мама! я на дне сіненькай вады сядзела і рыбак пасвіла...
- А я ў густой траве сядзела і жамяру пасвіла...
- А я на высокім-высокім дрэве сядзеў і варон у паветры пасвіў...
- А Адамка ў лесе сядзеў і зайчыкаў пасвіў...
Сыплючы бульбу ў кацёл, Пятруся жартаўліва перамаўлялася з дзецьмі, на печы старая ажно заходзілася ад смеху, што гэтыя дурненькія так сур'ёзна ва ўсё, што яна гаварыла, паверылі.
Праз паўгадзіны вярнуўся дахаты каваль. Дзеці кінуліся да яго.
- Татка, я ў сіненькай вадзе...
- А я, татка, на высокім дрэве...
- А я ў густой траве...
- А Адамка ў лесе...
Міхалка аднаго за другім браў іх на рукі, як пёркі, высока падкідваў над галавой і, пацалаваўшы, зноў ставіў на зямлю. Падрабязна з задавальненнем распытваючы дзяцей, што там у той вадзе, у той траве, на тым дрэве рабілі і калі гэта было. Быў гэта зусім сталы мужчына, з шырокімі ад кавальскай работы плячыма, з карычневым ад агню тварам і вялікімі чорнымі вусамі над лагоднымі вуснамі. З чорных вачэй яго, калі цалаваў дзяцей і аглядаў поўную дастатку хату, праменіла шчасце. Сядаючы на лаве, паклікаў:
- Зязюлька! Замахаўся на працы, ледзьве рукі не адвальваюцца! Хачу есці.
Жонку інакш не называў, як толькі зязюлькай, назвай той мілай птушкі, якая вясёлым куваннем прадказвала прыход вясны.
- Уміг вячэра будзе! - весела адказала кабета і паставіла на стол лямпу са шклом.
Ужо колькі гадоў Міхалка вячэраў пры лямпе, лучыну палілі толькі ў зімовыя вечары, каб у хаце было ясней і весялей. Тут дзве малыя дзяўчынкі ўселіся на калені да бацькі, Стасюк сядзеў на лаве, і ўсе трое гаварылі адразу, але ніхто іх не слухаў. Пятруся паставіла на стол місу гарачай бульбы, паклала бохан хлеба і падала нож мужу, а потым прынесла з сяней яшчэ і гладыш з кіслым малаком.
Неўзабаве пасля вячэры дзеці заснулі: Стасюк пад дыванком у шашачкі на тапчане, Крыська і Галенка на печы, каля бабкі. Сляпая бабка, накормленая праўнукам бульбай з малаком, пацалаваўшы ўнучак і насмяяўшыся з іхняга шчэбету і свавольства, збіралася таксама ўжо расцягнуць на печы свае старыя косці, калі Пятруся, мыючы міскі з лыжкамі, раптам сказала:
- Ага! Я вам яшчэ не расказала, што са мной сёння сталася...
Праз увесь вечар занятая мужам, дзецьмі і вячэрай забылася пра ўсё, што не было ёй блізкім і мілым. Зрэшты, мала аддавала ўвагі сённяшняму выпадку і расказвала пра яго бабцы і мужу са смехам, як звычайна маладзіца, што занятая сваім каханнем і сваімі надзеямі, нічога з таго, што з ёй здараецца, не бярэ сабе ў галаву і на шкоду сабе тлумачыць не ўмее. Каваль таксама смяяўся сваім басістым і сардэчным смехам і з сялян, што агонь на ведзьмаў раскладаюць, і са здарэння, якое на той агонь прывяло ягоную жонку. Але старая Аксеня адразу ж замаркоцілася. Яна ўжо клалася на сваёй пасцелі, а тут села, выпрастаўшыся, нерухомая, а сківіцы яе пачалі варушыцца так, нібыта нешта з цяжкасцю перажоўвала. Было гэта ў яе беспамылковым знакам нейкай згрызоты ці клопату. Калі Пятруся перастала расказваць і ставіла на палічку, прыбітую да сцяны, вымытыя лыжкі з міскамі, старая, роздумна азвалася з печы:
- Ой, гэта нядобра, ой нядобра, што ты, Пятруся, першая на той агонь прыйшла...
- Глупства! - засмяяўся каваль і махнуў рукой, але Пятруся хутка павярнула да бабкі свой твар.
- Чаму? - спыталася.
Трошкі падумаўшы, бабка пачала гаварыць:
- Бо найперш вядома, што на такі агонь заўсёды ведзьма прыходзіць. Гэта ўжо вядома, гэта так ужо павінна быць, так ужо Пан Бог Найсвяцейшы нячыстую сілу людскім вачам паказвае... То чаму ж, Пятруся, ты сённека на гэты агонь прыйшла?
Рукі маладой жанчыны раптам апалі і спляліся на спадніцы. Шырока расплюшчанымі вачыма глядзела на бабулю.
- Ці ж ведаю чаму? - вымавіла паціху, і вусны яе раскрыліся ці то ад здзіўлення, ці то ад страху.
- От! - зняважліва азваўся каваль. - Ішла, дык і прыйшла. Шкода часу на гэта марнаваць!
Але Аксеня не зважала на скептычныя словы Міхалкі, а Пятруся іх нават не пачула. З усё яшчэ прыадкрытым ротам і шырока расплюшчанымі вачыма глядзела на бабку, якая казала далей: