10894.fb2 Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 33

Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 33

- Ой, бедная ты, Пятруся, бедная! Вельмі ўжо людзі на цябе злуюць. Крычаць дый выдумваюць...

Каваліха хуценька павярнулася да дзяўчыны і стала яе распытваць:

- Што яны кажуць? Хто кажа? Ці Пётра Дзюрдзя таксама раззлаваны, і Петрачыха, і Лабуды, і Будракі?

Франька паўтарыла ўсё, што гаварылі пра Пятрусю ў вёсцы, а потым закінула свае рукі ёй на шыю. Прытуляючыся, мружачы вочы, пачала гладзіць твар каваліхі:

- Я да цябе, Пятруся, з вялікай просьбай... Калі ты ўжо такая знахарка, што можаш людзям і добрае, і злое рабіць, то выратуй мяне ў маёй вялікай бядзе і згрызоце...

Пятруся хутка адхінулася ад яе і неахвотна адвярнула твар, пачырванелы ад гневу і жалю.

- Якая я знахарка! - амаль закрычала. - Ідзі ты сабе ад мяне... не дакучай...

Але Франька падсунулася да яе яшчэ бліжэй і зноў абняла за шыю.

- Не гневайся, Пятруся, не гневайся ты на мяне... Я не ад злога сэрца... Ой, каб ты ведала, якая я нешчаслівая, то ўжо нешчаслівейшай можа на свеце няма... Вядома, сіраціна і бедная, і як у чужой хаце сяджу. Дзедава хата, не бацькоўская... Здзекуюцца з мяне дзядзькі і здзекуюцца іх жонкі. Працую, гарую, як той вол у ярме, а добрага слова ні ад кога не чую... Як паб'юцца паміж сабой, дык і мяне б'юць - і ўвесь час тым хлебам, што ў іх ем, папракаюць... Мне ўжо і жыццё абрыдла, і за згрызотай і слязамі свету белага не бачу...

Абедзвюма чырвонымі і сапраўды спрацаванымі рукамі закрыўшы сабе твар, расплакалася горкімі слязамі.

Тады ўжо сама Пятруся падсунулася да яе і сумным голасам сказала:

- Ведаю я, ведаю, што табе ў дзедавай хаце нясоладка жывецца... Твае дзядзькі злыя і п'яніцы, а іхнія жонкі паскудныя... І небагата ў вас. Але чым жа я на гэтыя твае беды парадзіць магу?

- Ой, можаш, можаш, каб толькі хацела! - адымаючы рукі ад твару, заенчыла Франька і, закінуўшы абедзве рукі на шыю сваёй дарадчыцы, пачала яе так горача цалаваць, што змачыла сваімі пацалункамі і слязамі яе шчокі. Потым, завісшы ўсім сваім цяжкім целам ёй на шыі, праз некалькі хвілін нешта ціхенька ёй шаптала на вуха.

Пятруся адмахнулася рукамі.

- Не хачу! - усклікнула. - Нікому ўжо не буду даваць парады, каб там невядома хто быў, нікому! Дальбог, не буду!

Франька не выпускала яе шыі са сваіх абдымкаў і зноў пачала шаптаць нешта ёй на вуха, смеючыся і плачучы. Пятруся толькі паўтарала:

- Не хачу! Не дам! Не параджу! Пабажылася, што не буду даваць парад!

Але, відаць, зрабілася ёй шкада Франькі і пачала яе браць жаночая цікаўнасць. Давала адмоўныя адказы, аднак шэпты Франькі слухала з цікавасцю і спачуваннем.

- А ці любіць ён цябе хоць трошкі? - спыталася.

Дзяўчына падперла даланёй мокрую ад слёз шчаку і, смутнымі вачыма гледзячы ў прастору, сказала:

- Адзін толькі Бог гэта можа ведаць, але мне здаецца, што ўсё ж такі трошкі любіць. Два гады ўжо з таго часу прайшло, як першы раз мяне зачапіў. Маладзенькая я была яшчэ тады і на ніводнага хлопца не глядзела... Аж тут аднойчы пад студняй нехта як дасць мне ў карак, дык аж у крыжы затрэсла. Гляджу, а гэта Клеменс. Я яму вады з вядра проста ў вочы, а ён мяне прыабняў і па плячах гладзіць. «Ты, Франька, - кажа, - не да гэтай студні прыходзь па ваду, але да той, што бліжэй да нашай хаты». І потым ужо так увесь час. Як толькі дзе ўбачыць, адразу зачэпіць. Зімой прыносіў запазухай гнілушкі і жменямі сыпаў мне ў фартух, а вось два тыдні таму ў карчме танцаваў толькі са мной...

- То й добра, - заўважыла Пятруся, - гэта значыць, што любіць...

Дзяўчына, сарамліва прыкрываючы рукамі вочы, ціха адказала:

- Калі ж іншым разам месяц, два, а то і тры на мяне і не гляне, і гэтаксама іншых дзяўчат чапляе... А тут мне ў хаце такая бяда, што хай Пан Бог святы бароніць. Дзед лае, і дзядзькі лаюць, і дзядзькавы жонкі з хаты выгнаць хочуць. «Ідзі ў службу, - кажуць, - от ужо два гады, - кажуць, - як зводзіць цябе і ашуквае, а ты верыш...»

Яна заламала рукі і зноў расплакалася.

- Я і веру, і не веру... - казала з плачам. - Ці мне Пан Бог дасць такое вялікае шчасце, каб мяне ўзяў за жонку гаспадарскі сын... Ой, гэта шчасце, такое шчасце, большага за якое, можа, на свеце няма...

Пятрусю гэтая шчырасць, відаць, узрушыла.

Яна была зычлівай да кожнай жывой істоты, а гэтыя бядоты і жаданні нагадалі ёй і яе ўласнае мінулае. Франька пачала цалаваць яе рукі.

- Ратуй, Пятруся, ратуй, дапамажы... - енчыла. - Я табе ўсё жыццё буду ўдзячная.

- А калі ж, - ужо вагаючыся, пачала каваліха, - а калі ж, каб гэта і... бацька яму з табой жаніцца не дазволіць... гаспадарскі сын... багаты і такі прыгожы... Чула, Пятрук гэтай зімой да Будраковай дачкі сватоў меўся засылаць...

- Ой, - заенчыла Франька, - каб толькі ён хацеў, каб толькі ён сам хацеў, з бацькам ужо дамовіцца. Ён у свайго бацькі, як вока ў лобе, бацька свету за ім не бачыць...

- Гэта праўда, - пацвердзіла Пятруся, - ён у бацькоў усё роўна як адзін, бо з дурнога Ясюка малая ўцеха...

- Каб толькі хацеў! Каб сапраўды палюбіў... - уздыхала Франька і зноў цалавала кавалісе рукі, а шчокі яе мачыла пацалункамі і слязамі.

Пятруся яшчэ раздумвала і ад вялікага клопату аж хустка з'ехала з галавы, надта ж не ў пару прыйшлася гэтая гарачая просьба сяброўкі. Але сэрца не камень. Сапраўды, калі б Франька выйшла за Клеменса, гэта было б для яе такім шчасцем, як для яе самой было замужжа з Міхалкам. І праўда, Пётра быў добры чалавек, любіў сына і, можа быць, надта не працівіўся б ягонай волі, калі б ён сапраўды тую волю меў.

- Ну, - сказала, - добра... Бабуля мне калісьці расказвала пра такую зёлку... Ніколі яшчэ яе нікому не давала... але табе, што зробіш? Можа, і дам. Калі знайду, то дам, але не ведаю, ці знайду. Прыйдзі даведацца заўтра...

Франька аж на зямлю асунулася ад радасці і, абняўшы калені знахаркі, пачала іх цалаваць. Потым, ускочыўшы з зямлі і выпрастаўшыся, узяла рукі ў бокі. Была гэта трыумфальная пастава. Радасцю і трыумфам свяціліся яе шырокі твар і блакітныя бліскучыя вочы. Здавалася, што нават малы, прыплюснуты нос яе стаў яшчэ больш кірпатым. Тупнула нагой і пляснула рукамі.

- От, я ім тады дам, от, я ім тады пакажу, і дзядзькам, і дзядзькавым жонкам. На парог сваёй хаты не пушчу... Купленую спадніцу апрану і ў ёй перад іхнімі вачыма хадзіць буду... Як убачу, што якая хлеб есць, адной рукой каўбасу, а другой фігу ёй пакажу...

Пятруся аж заходзілася ад смеху з трыумфатарскай паставы і заўзятых пагроз Франькі. Было відаць, што дзяўчыну больш абыходзіла заможнае жыццё, якое здабыла б яна з гэтага замужжа, чым Клеменсава каханне. Але і тыя, і другія пачуцці каваліха разумела і крыху падзяляла. Ёй таксама, калісьці знябожанай сіраце, прыемна было цяпер хадзіць па вёсцы ў купленай спадніцы і прымаць у сваёй хаце ранейшых сваіх гаспадароў.

- Добра, - паўтарыла, - што зробіш? Як тут людзей не ратаваць... калі можна? Прыходзь заўтра...

Франька, як страла, пусцілася да вёскі. Яна спяшалася ў карчму, дзе пачынала ўжо граць скрыпка і дзе, напэўна, быў Клеменс. Назаўтра ўжо зусім у змроку вярталася ад каваліхі. Ішла на гэты раз павольна, задумлівая і летуценная, увесь час прыціскаючы нешта рукой да сэрца. Раптам напрыканцы сцежкі паміж густымі кустамі алешніку на ўскрайку поля і яблыняй, што расла за плотам, хтосьці прытрымаў яе за спадніцу. Яна так перапалохалася, што ажно ўскрыкнула і пачала жагнацца, але тут у схіленай над плотам постаці пазнала Разальку. Спрытна пераскочыўшы цераз нізкі плот, Сцяпаніха пачала пытаць яе свісцячым шэптам:

- А адкуль жа ты, Франька? Ад каваліхі? Ты і ўчора туды хадзіла. Не бойся. Я ўсё бачу. А што ў каваліхі чуваць? Зёлкі варыць, рапух гадуе ці з чортам размаўляе? Га?

Франька напачатку нічога не хацела адказваць і спрабавала ісці далей, але Разалька зноў прытрымала яе за спадніцу.

- Чаго ўцякаеш? - казала. - Надта захацелася табе дзядзькавых кулакоў і дзядзькавай лаянкі? На, сядай тут і еш. Пагаворым.

Усунула ёй у руку агурок, халодны, вялікі агурок, і, выцягнуўшы такі самы з-пад кашулі, уселася паміж кустоў на полі. Ахвяраваны прысмак абудзіў у Франькі сімпатыю да жанчыны, на якую, зрэшты, не мела ніякіх прычын гневацца ці злавацца. Наадварот, Разалька выказвала да яе нават трошкі зычлівасці, і калі ёй у хаце надта дакучалі, заступалася за яе, аднойчы ажно пабілася з дзядзькавымі жонкамі. Зрэшты, усё тут было зразумелым. Ёй не было чаго зайздросціць Франьцы і спачувала яна яе сірочай долі. Уселіся абедзве пад густымі кустамі і, грызучы агуркі ў змроку, пачалі шаптацца. Сад быў густы, на сцежцы ані жывой душы. Разалька дапытвалася ў дзяўчыны, чаго тая хадзіла да каваліхі. А Франька, зноў разжаліўшыся над сваёй доляй, пачала енчыць:

- Ой, якая я нешчаслівая, то ўжо нешчаслівая, можа, другой такой на свеце няма. Вядома, сірата, і бедная, і амаль у чужой хаце жыву.

І ўсё тое самае і гэтаксама, як гадзіну таму Пятрусі, выказала і тут. Разалька са спачуваннем ківала галавой, а потым спытала:

- А чаго ты да каваліхі хадзіла?

Але Франька вяла далей сваё:

- Толькі Бог тое ведае, ці ён любіць, ці не любіць, але мне здаецца, што ўсё ж такі трошкі любіць. Ужо два гады таму над студняй як даў мне нехта ў карак, што ажно ў крыжы затрэсла. Гляджу... Клеменс. Я яму вадой з вядра проста ў вочы...

І гэтак далей, да канца. Усё тое самае і гэтаксама, як перад тым Пятрусі. Разалька не супраціўлялася і не перапыняла, аднак праз хвіліну спыталася зноў: