10894.fb2
Але Франька яшчэ не выказала ўсяго, што, як штодзённыя пацеры, сядзела ў яе галаве.
- А іншым разам, - енчыла, - то месяц, і два, і тры і не гляне, а іншых дзяўчат чапляе...
- Чаго ты да каваліхі хадзіла?
- Я і веру, і не веру, каб мне Пан Бог Усемагутны такое вялікае шчасце даў...
- Чаго ты да каваліхі хадзіла?
Нягледзячы на ўсю дыпламатыю, якую на гэты раз мела намер ужыць, Разалька ўжо была гатова раззлавацца. Франька невядома чаму і навошта пацалавала ёй руку і, пальцамі выціраючы слёзы на вачах, пачала:
- Ратуй, цётка, дапамажы, я табе праз усё жыццё ўдзячная буду...
- Ага! - працяжна вымавіла Сцяпаніха, і вочы яе ў змроку заблішчалі, як два вугалькі. - Дык ты да каваліхі параду прасіць хадзіла...
- Але.
- Дала якую?
- А дала... хай ёй Пан Бог дае ўсялякае дабро...
Разалька ўсім сваім гнуткім целам завісла на шыі дзяўчыны і амаль у вуха пачала шаптаць ёй хуткія, настойлівыя пытанні. Франька якую хвіліну баранілася, сарамліва і са страхам адварочваючы твар. Саромелася і баялася сваёй таямніцы. Але Разалька, абдымаючы яе адной рукой, другой піхала ёй у рот кавалак свайго недаедзенага агурка і ад вялікай сардэчнасці хінула яе да зямлі так, што абедзве амаль прыляглі на траву. Асыпала яе пяшчотнымі словамі, называючы галубкай, зязюлькай, рыбкай, стракозкай. Да такіх пяшчот Франька ў цяжкай сваёй сірочай долі не прывыкла. Перапаўняў яе гонар ад таго, што так любіць яе старэйшая жанчына, гаспадыня заможнай хаты. Пацалавала Разальку ў руку, назвала яе цёткай і зноў пачала скардзіцца і лямантаваць. Разалька яе суцяшала, перамяжаючы суцяшэнні пытаннямі, а калі недзе праз гадзіну абедзве ўсталі з зямлі, чорныя вочы Сцяпаніхі нават у змроку свяціліся радасцю і трыумфам. Выцягнула ўжо з дзяўчыны ўсё, што хацела ведаць. Тут жа, пакінуўшы тую сярод кустоў, яна стралой памчалася ў вёску. Амаль задыхаючыся, бегла сцішанай вясковай вуліцай, пакуль не спынілася ля Пётравай хаты. Відаць, збіралася ўляцець туды як бура і расказаць пра ўсё, што дазналася. Але раптам у галаве яе ўзнік іншы план. Зараз пакуль нікому нічога не скажа, і толькі тады, як у сям'і Пётры здарыцца бяда, калі Клеменс зажадае ажаніцца з Франькай, а бацька будзе гэтаму супраціўляцца, калі паміж бацькам і сынам выбухне сварка і нязгода, яна прыйдзе да іх і скажа, хто ўва ўсім гэтым вінаваты. Цікава, што зробіць тады Пётра. Ужо ён нізашто не пагодзіцца, каб ягоны сын ажаніўся з абы-якой дзяўчынай, якая ў дадатак паходзіць са зладзейскай хаты. Сам ніколі не краў, і ўнучку злодзея нявесткай у хаце мець ці захоча. Ой, будзе тут, будзе ў гэтай хаце калатні і ўсялякай згрызоты, ой, будзе за гэта, будзе кавалісе ад Пётры і ўсіх прыстойных людзей! Дадуць ёй тады, ой, дадуць, той, якая ўсё жыццё ёй сапсавала, праз якую яна не спазнала мужавага кахання, а на ўсім целе мела столькі сінякоў, колькі зорак у небе. Хай бы біў, але каб любіў. І не любіць, і надта б'е, а ўсё праз яе, тую...
Стоячы ў змроку перад Пётравай хатай, заплакала. Абцерла вочы фартухом і павольна пайшла далей. Куды ёй было спяшацца? Ведала ўжо наперад, што чакае яе дома. З раніцы захварэла дзіцятка, а вядома, што калі дзіця захварэе, Сцяпан сваю вялікую шкадобу перамяняе ў злосць і спаганяе яе на жонцы. Як быццам бы яна ў тым вінаватая, што дзіцятка такое няўдалае нарадзілася. Праўда, калі яму было два гады, яна сама аднойчы так ляснула яго рыдлёўкай па галаве, што дзіця ажно розум страціла і на некалькі тыдняў анямела. Але ж ці ад гэтага яно такое слабое і не расце зусім. Дзе там! Такая ўжо яе ва ўсім паганая доля - і толькі!
У хату Пётры і сапраўды зазірнула бяда, аднак не адразу і не такая, як спадзявалася Разалька. У сонечны вераснёўскі дзень вялікую хату напоўнілі людзі, што прыйшлі сюды з парадамі і суцяшэннямі. Хоць Пётра ўжо некалькі гадоў і не быў старастам, аднак сваёй паважнасцю, разважлівасцю і, найперш, заможнасцю здабыў сабе асаблівае шанаванне і сімпатыю сярод жыхароў Сухой Даліны. Як толькі вестка пра няшчасце, што закранула яго, разляцелася па вёсцы, і той, і другі гаспадар прыходзіў, каб распытаць пра падрабязнасці здарэння, пагаварыць з засмучаным суседам, паўздыхаць, паківаць галавой. Так адбывалася і таму, што летнія і восеньскія работы былі амаль скончаны, а ад цэпа і току ў гумне лягчэй адарвацца, чым ад плуга і загона. Пётра загадаў меншаму сыну малаціць жыта на таку, а сам збіраўся з раніцы пайсці з плугам на поле выворваць бульбу. Але вось ужо набліжаўся полудзень, а ён усё ніяк не мог выбрацца з хаты. Думаў пра бульбу, некалькі разоў адчыняў дзверы, каб ісці запрагаць у плуг каня, але кожным разам вяртаўся і зноў садзіўся пад сцяной на лаве. Уголас не наракаў і нават не ўздыхаў, толькі ягоныя рукі бяссільна ляжалі на каленях, лоб перарэзалі глыбокія маршчыны і ні да чога не брала ахвота. На прывітанне суседзяў адказваў коратка: «На векі вякоў!» і зноў заглыбляўся ў маўчанне. Часам падымаў руку да лба і пачынаў варушыць вуснамі, нібыта жагнаўся і гаварыў пацеры. Суседзі спыняліся перад ім альбо рассядаліся на лаве і, задаўшы некалькі пытанняў, трохі падзіваваўшыся, паківаўшы галовамі, таксама замаўкалі, уздыхалі і адыходзілі, а на іхняе месца прыходзілі іншыя. Так было з мужчынамі. Але з жанчынамі дзеялася ўсё інакш. Тлумам акружалі яны тапчан, на якім ляжаў хворы, гаварылі, дараджалі Агаце, што, седзячы ля тапчана на зямлі, ціха плакала. Хворым быў Клеменс. Прыгожага хлапца падцяла, нібы каса траву, нейкая цяжкая ліхаманка. Ляжаў ён нерухомы, як калода, пад клятчастай коўдрай, з тварам, што гарэў, як у агні, і ўвесь час спакутаваным голасам клікаў маці. Петрачыха падымалася з зямлі, брала гладыш з вадой, што стаяў збоку, і, кленчачы, падносіла яго да сынавых вуснаў. Ён прагна піў, а ў яе каціліся слёзы па зжоўклым спакутаваным твары. Але не крычала, не ламала рук і нават рэдка адзывалася да суседак. Яна была заўсёды амаль самай ціхай жанчынай у вёсцы, такой ужо прызвычаілася быць пры сваім спакойным мужу і ў сваёй спакойнай хаце. Затое іншыя кабеты, што цесна акружылі тапчан і прыглядаліся да хворага, гаварылі, як на кірмашы, альбо галасілі, як на пахаванні. Лабудзіха, такая ж, як і Агата, паважная і заможная гаспадыня, заводзіла:
- Не вытрымае, я ўжо ведаю, што не вытрымае, я ўжо, можа, дзесяць чалавек у такім стане бачыла, і ніводзін не вытрымаў.
Петрачыха расплакалася яшчэ больш горкімі слязамі і, схаваўшы твар у далоні, уся закалыхалася ад жаласці, але тут Максімава жонка Багданка, тоўстая і рашучая кабета, адштурхнула злосную варажбітку ад тапчана.
- Чаму не вытрымае? Ці ж гэта Боскай літасці над людзьмі няма? Пан Бог Найсвяцейшы злітуецца - і ачуняе. Агата! Гладыш мне дайце, хутка! Чуеце, Агата? Яму трэба гладыш на жывот паставіць!
Сымонава Параска з малым дзіцёнкам на руках і двума старэйшымі, што чапляліся за яе спадніцу, скорая на плач, бо амаль заўсёды галодная і заклапочаная, размазвала сабе пальцамі слёзы па худых шчоках і прыгаворвала:
- Ой, якія багатыя і шчаслівыя людзі, а такая бяда на іх навалілася! Ой, Клеменс, Клеменс, каб жа ты лепш на той луг не паехаў, на тым дажджы не прамок і не заснуў на той гнілой капе. Ой, з той гнілой капы хвароба вылезла і ў тваё цела ўлезла... ой, бедная ж твая маладая галоўка, бедная!
Малады хлопец і сапраўды некалькі дзён таму ездзіў на далёкі луг, каб сабраць скошаную атаву, у дарозе захапіў яго восеньскі лівень, ён прамок і ноч праспаў на стажку падгнілага мокрага сена. Назаўтра, вярнуўшыся дахаты, апрануў кажух, бо яго білі дрыжыкі, але на наступны дзень вясковыя хлопцы меліся невадам лавіць у стаўку рыбу, дык пайшоў разам з імі, зняў на беразе адзенне, амаль па шыю ўлез у ваду і пару гадзін дапамагаў цягнуць невад. Пасля гэтага ўжо апынуўся на тапчане і два дні як не ўставаў. Прытомнасць не страціў, толькі часам наракаў на боль, а зараз так расстагнаўся, што старая Лабудзіха склала рукі, як да малітвы, і, пераступаючы з нагі на нагу, спыталася ў Агаты:
- А грамнічка ў вас ёсць? Ужо ж яму, беднаму, грамнічку ў рукі трэба ўкласці.
Будрачыха са свайго боку прасіла гладыш, каб яго на жывот хвораму паставіць, іншыя кабеты шапталіся пра ксяндза і найсвяцейшы сакрамант; маладзенькая стройная дзяўчына ў тонкай кашулі, з жоўтай кветкай за вухам, стоячы ля акна і не спускаючы з Клеменса вачэй, уголас ускрыкнула:
- Ой, Божа ж мой, Божа!
Гэта была дачка Максіма Будрака, самая прыгожая і самая заможная дзяўчына ў вёсцы. Яна прыйшла сюды нібы па маці, а папраўдзе таму, што трывожылася за сімпатычнага хлопца. Петрачыха, заходзячыся ад плачу, паднялася і пайшла ў камору па гладыш і па грамніцу, а флегматычная Параска, ступаючы за ёй крок у крок разам са сваімі трыма дзяцьмі, з упартасцю дурнаватых і нікчэмных істот паўтарала ўсё сваё:
- Ой, каб ён ніколі на той луг не ехаў, на тым дажджы не змок і не пераспаў на той гнілой капе!
І тут сярод жаночай гаманы, над галавой Петрачыхі, якая, падаўшы Будрачысе гладыш, з кавалкам васковай грамнічнай свечкі ў руках уселася зноў на зямлі каля ног сына, заверашчаў гучны, высокі і пранізлівы жаночы голас:
- Але, хіба ж гэта ад лугу, ад дажджу і ад капы гэтая хвароба да яго прычапілася? Ад чагосьці іншага яна да яго прыстала, і не Боская ў тым воля, а нейчая іншая!
Гэтыя словы сказала Разалька, якая ў гэты дзень ужо некалькі разоў забягала ў Пётраву хату і, паглядзеўшы хвіліну на хворага, вылятала з яе, каб праз хвілін пятнаццаць ці паўгадзіны зноў вярнуцца. З яе расчырванелага, занепакоенага твару можна было здагадацца, што яна чымсьці моцна здзіўленая і заклапочаная. Спадзявалася зусім не на тое, што сталася. Спынялася за брамай Пётравай хаты і, прыклаўшы палец да вуснаў, пра нешта глыбока думала. Потым бегла дахаты, каб згатаваць што-небудзь і хоць трошкі пацерці льну, бо гэта быў час, калі церлі лён, а Разалька лён надта ж любіла, таму, нягледзячы ні на што, цалкам забыцца на яго не магла. І Сцяпан, што малаціў жыта, разоў колькі ўжо праз дзверы пуні ёй сказаў, каб не выходзіла з хаты, бо неўзабаве пойдзе на поле збіраць за ім бульбу. Таму і разрывалася яна так у гэты дзень. Тут лён церці хацела, там муж яе клікаў, а там зноў, у Пётравай хаце, павінна была выканаць важны абавязак. З усяго, аднак, што існавала ў свеце, апошняе найбольш абцяжарвала яе сэрца, таму яшчэ раз убегла ў Пётраву хату і, пачуўшы развагі Параскі пра прычыны Клеменсавай хваробы, заявіла:
- Але, не ад лугу і не ад дажджу, і не ад гнілой капы гэтая хвароба да яго прычапілася! Не Боская ў гэтым воля, але чыясьці іншая.
А калі амаль усе жанчыны, не выключаючы Будрачыхі, якая ўжо з гладышом у руках стаяла над хворым, павярнулі да яе галовы, спляла на фартуху свае чорныя, малыя, рухлівыя рукі і сказала:
- Гэта яму зроблена!
- Што? - спытаўся хор жаночых галасоў.
- А гэтая хвароба. Яе хтосьці яму зрабіў.
Цяпер ужо некалькі мужчын, што моўчкі сядзелі насупраць Пётры, ды і сам Пётра, пачалі прыслухоўвацца да бабскай гаворкі. Нават хворы, што ледзь не страціў прытомнасці, павярнуў да іх свае прыцемненыя пакутаю вочы.
- Аааа! - задзіваваліся жаночыя галасы, - а хто ж гэта яму зрабіў?
Пераступаючы з нагі на нагу і бліскаючы вачыма, Разалька пачала:
- Я ведаю хто. Тая, што яму нейкае зелле на каханне давала. Мусіць, не такое яно было, як трэба, то і замест кахання хваробу зрабіла.
Мужчыны зняважліва махнулі рукамі, а Клеменс паглядзеў на Разальку і, сарамліва хаваючы бараду пад коўдру, нягледзячы на свой боль, пырснуў кароткім смяшком. Вестка пра тое, што хтосьці яму зелле на каханне даваў, засароміла яго трошкі, аднак яшчэ болей усцешыла. Застагнаў, бо яму надта ж у крыжы забалела, але ўсё ж свае пацямнелыя вочы звярнуў да прыгажуні Будраковай, нібыта хацеў ёй сказаць:
- А што? Бачыш, які я!
Але дзяўчына аж пабялела ад перапалоху і ўпілася сваімі спалоханымі вачмі ў Разальку. Іншыя кабеты адразу параскрывалі раты, а потым пачалі засыпаць пытаннямі Разальку. Яна са звыклай ёй жвавасцю звярнулася да Пётры.
- Хадзі, Пятрук, - паклікала, - табе скажу. Нікому не скажу, але табе скажу. Ты бацька, і адпомсціць за крыўду сына табе належыць.
Пётра ўстаў і за жанчынаю, што ўхапіла яго за руку, выйшаў у сені. Там у паўзмроку размаўлялі яны з паўгадзіны. У хаце ў гэты час панавала ціша. Будрачыха прыстаўляла гладыш, нібыта вялізную баньку, да жывата хворага. На дварэ пачуўся мужчынскі голас, што нецярпліва клікаў Разальку. Яна яму з сяней крыкліва адказала:
- Зараз, зараз!
Сцяпан з плугам, запрэжаным парай коней, затрымаўся перад хатай стрыечнага брата і, чакаючы жонку, страшна яе праклінаў. Толькі праз пятнаццаць хвілін Пётра вярнуўся ў хату, як было відаць, узрушаны і раззлаваны. Лоб ягоны наморшчыўся яшчэ больш, а звычайна лагодныя вочы сыпалі іскры з-пад насупленых і нахмураных брывоў. Напачатку, аднак, не сказаў нічога; сутулячыся і апусціўшы галаву, сеў на лаву, сплюнуў і прабурчаў:
- Згінь, прападзі, нячыстая сіла!
Потым уважліва зірнуў на сына і спытаўся:
- Клеменс! Ці піў ты нядаўна мёд з Франькай, Якубавай унучкай? Га? Піў ці не? Адказвай жа!
Хлопцу цяжка было адказаць на гэтае пытанне. Ён засаромеўся, увесь падбародак схаваў пад радзюжку.
- Не дакучайце, бацька, вельмі ў касцях баліць! - застагнаў.