10894.fb2
- От, дзякаваць Богу! Бульба ў гэтым годзе вялікая, як тая рэпа! - казала.
А потым зноў:
- Цікава, як там Клеменс маецца? Ці ўжо памёр, ці яшчэ жыве?
Альбо яшчэ:
- Сцяпан! У наступную нядзелю варта паехаць у касцёл, дый Казюка ўзяць з сабою ды Пану Богу яго даручыць, каб здаравейшым быў...
Мужчына не адказваў, так, як бы не чуў таго, што яна казала. І ўсё ж у яе голасе, найчасцей сыклівым і раззлаваным, гучалі зараз сардэчныя ноткі. Кранала яго, выклікала на размову, раз нават засмяялася і, прысеўшы на загоне, кінула яму ў плечы бульбіну. Ён толькі азірнуўся, нешта прабурчэў і, далей папіхваючы плуг, панура занокаў на каня:
- Но!
Не раззлаваўся, праўда, але і твар ягоны не разгладзіўся, слова добрага не сказаў.
Кабета зноў сагнула спіну над загонам і, як чарвяк, моўчкі і сумна пачала поўзаць па цёмнай глебе. Раптам узняла галаву. Сцяпан, які зараз быў тварам да стаўка, затрымаў коней і, нібыта папраўляючы плуг, глядзеў у той бок, дзе берагам ішла жанчына з мокрай бялізнай на руках. Глядзеў на яе так напружана, што ажно, здавалася, расцягнуліся і разгладзіліся мускулы на ягоным твары і адначасова асвятліла яго трошкі блазнаватая, але сапраўды прыязная ўсмешка. У жанчыне, што набліжалася сюды, Разалька пазнала Пятрусю і сыкнула так, як быццам да яе даткнуліся распаленым жалезам.
- Чаго стаў, як той слуп! - крыкнула на мужа і, павышаючы голас, загадала, каб ішоў далей. Боль усяго яе жыцця, цяжкі боль пачаў зноў яе мучыць і абуджаць у ёй шалёную злосць.
Пятруся, набліжаючыся да кабет, пахіленых над вадой, прыязна павіталася з імі. Толькі адзін голас, і то вельмі ціха, адказаў ёй узаемным павітаннем. Гэта была маладая Лабудзіха - нявестка аднаго з самых багатых гаспадароў у вёсцы, любіміца мужа і ўсёй сям'і - яна асмелілася, хоць трошкі і з трывогай, выказаць ёй сваю прыхільнасць. Іншыя кабеты альбо моўчкі апускалі свае пранікі на пагружаную ў ваду бялізну, альбо, не падымаючы ад работы галавы, кідалі на яе позіркі, у якіх цікавасць і спалох былі змешаныя з гневам і агідай.
Яна добра ўжо разумела, што ўсё гэта значыла, і стала ўбаку, пад разложыстай вярбой, да камля якой быў прывязаны шнурам спушчаны на ваду човен. У гэтым чоўне вясковыя хлопцы плавалі па ставе, ловячы на вуду плотак і карасёў, а жанчыны часта з гэтага боку стаўка, каб скараціць сабе дарогу, пераплывалі на той бок да вёскі. Спынілася каля чоўна, прынесеную з сабой бялізну апусціла ў ваду і так, як іншыя, пачала выбіваць яе пранікам і паласкаць. Гэта не перашкаджала ёй, аднак, чуць гаворку, што вялася паміж яе суседкамі. Напачатку яны паціху шапталіся паміж сабой, але так доўга трываць не магло, бо дзе ўжо ім доўга ўстрымліваць пачуцці і галасы! Дык пачалі гаварыць уголас, а гаварылі пра тое, чым сёння займалася ўся вёска: пра хваробу Клеменса Дзюрдзі і яе прычыны. Расказвалі, што Пётра паехаў па ксяндза, што хвораму два разы ўжо грамніцу ў рукі давалі, што маці ледзьве не памірае ад гора, што калі Клеменс памрэ, дык Пётрава гаспадарка загіне, бо сам ён хутка састарэе, а малодшы сын ягоны, як вядома, недалэнга і дурань. Некалькі галасоў заенчыла:
- Ой, бедныя, бедныя, нешчаслівыя людзі!
А адна з жанчын, гучней, чым іншыя, грубым, працяжным голасам завяла:
- Каб таму, хто гэта зрабіў, добрага жыцця не было! Каб ён за людскую крыўду змарнаваўся і на хаўтурах сваіх дзяцей плакаў!
Гэта была Параска, якая, кажучы так, паглядала з-пад спушчаных веек на Пятрусю.
- Паглядзіце, - дадала праз хвілю, - чаму гэта каваліха сёння купленай спадніцы і крамнай хусцінкі на сябе не апранула?
Ой, гэтая купленая спадніца і напаўядвабная хустка, у якія каваліха часам прыбіралася, даўно, ужо даўно далягалі Парасцы, якая замочвала цяпер у вадзе старыя і падзёртыя лахманы, свае і сваёй сям'і.
А ў гэты час на полі раздаліся гучныя і пісклявыя крыкі. Кабеты засмяяліся. Сцяпан Дзюрдзя зноў біўся са сваёй жонкай. Біліся яны паміж сабой так ужо часта, што адны сталі сурова дакараць іх, а іншыя толькі пасмейваліся. Цяпер са слоў, што даляталі сюды, можна было зразумець, што ішло пра нейкі мяшок для бульбы, па які Сцяпан пасылаў жонку дахаты. Але ці сапраўды той мяшок быў прычынаю бойкі? А можа, ён у тую хвіліну захацеў, каб жонка сышла з ягоных вачэй, яна ж у гэты час нізашто не хацела пакідаць яго тут аднаго. Божа! Якой жа няшчаснай яна сябе адчувала! Адчуванне гэтай няшчаснасці, здавалася, уздымала яе над зямлёй: так хутка, абхапіўшы рукамі галаву, бегла яна да стаўка. Бегла яна проста на Пятрусю, і яе, пахіленую над вадой, так штурханула ўсім сваім целам, што тая ажно пахіснулася і, каб не ўпасці, рукамі ўхапілася за галінку вярбы. Ашалелая ад рэўнасці і болю, Разалька пачала лаяць тую, каго яна лічыла сваёй саперніцай, праклінала яе рознымі словамі, сярод якіх найчасцей гучала «ведзьма». Каваліха напачатку павярнулася так, быццам яе першым жаданнем было кінуцца на жанчыну і адказаць тымі ж праклёнамі, якія кідала яна на яе. Аднак, відаць, вельмі хутка ахапіў яе сорам ад сваркі, а гнеў перамяніўся на жаль і спалох. Румянак знік з яе шчок. Яна зноў схілілася над вадой і стукам праніка імкнулася заглушыць Разальчыны крыкі, якая, падскокваючы над ёй, пагражала кулакамі і сыпала градам праклёнаў і лаянкі. Некаторыя з жанчын, што мылі бялізну, смяяліся і голасна жартавалі як з адной, так і з другой, іншыя паціскалі плячыма, пляваліся і, паказваючы на Разальку, называлі яе фіксаткай (вар'яткай), гадзінай і язвай. Аднак былі і такія, што ўступіліся за Пятрусю. Маладая Лабудзіха крыкнула Разальцы, што несправядліва чапляецца да каваліхі, якая на яе мужа і глядзець не хоча, не кажучы ўжо пра іншае!
Адна з Будраковых, нявестка старасты, нават хапала раз'юшаную кабету за кашулю і спадніцу, сур'ёзна саромячы яе за злосць і шаленства. Аднак і гэта не дапамагала, пакуль Разалька не ўбачыла свайго мужа, што бег да яе з той самай пугай у руках, якою паганяў коней. Тады, як параненая птушка, крычучы і махаючы рукамі ў паветры, сарвалася на бег і як на крылах паляцела ў вёску. Доўга былі яшчэ чуваць яе пісклівыя і роспачныя крыкі, што межаваліся з лаянкай і праклёнамі, якія сыпала на Пятрусю.
Што ўжо там далей рабілася над стаўком, Пятруся не ведала і не хацела ведаць. Не ўзнімала ані галавы, ані вачэй, бо пад людскімі позіркамі рабілася ёй сорамна і страшна. Не хацела глядзець на тых жанчын, якія, трошкі падзівіўшыся і пагаварыўшы яшчэ, збіралі з берага сваю бялізну і купкамі альбо па адной адыходзілі ў вёску. Неўзабаве з цішыні, што запанавала над ставам, здагадалася, што ўжо ўсе пайшлі. Тады, выпрастаўшыся і ўзняўшы вочы, убачыла Сцяпана, які за некалькі крокаў ад яе сядзеў пад ружовай асінай на пні ссечанага дрэва, абапёршыся локцямі на калені, далонямі прытрымліваючы бараду і ўтаропіўшы ў яе свой позірк. Кавалёва жонка адвярнулася ад яго і моўчкі пачала складваць выкручаную бялізну ў човен. Ён неўзабаве азваўся:
- Даўно ўжо, Пятруся, я цябе не бачыў і з табой не размаўляў. От, з год ужо будзе, як ты мяне са сваёй хаты выпіхнула і дзверы на засаўку зашчапіла. З таго часу я ўжо не прыходзіў да вас і нідзе цябе не чапаў...
- Бо і не трэба! - схіляючыся над чоўнам, гнеўна прабурчала кабета.
Мужчына казаў далей:
- Трэба ці не трэба, а так ужо павінна быць... так ты мне ўжо зрабіла, што дзе ты, там мае жаданні і думкі... Калі не хацела, каб так было, навошта ж рабіла... ці на вечнае маё няшчасце рабіла? Га?
На гэты раз глянула на яго перапалоханымі, разгневанымі вачыма.
- Каб жа я ведала такі спосаб, то табе б такое зрабіла, каб цябе, Сцяпане, ніколі ў вочы не бачыць, ніколі, аж да канца майго жыцця. От што б я зрабіла, каб ведала, як рабіць; але хоць вы ўсе ведзьмай мяне называеце, не ведаю, на маё вечнае няшчасце, не ведаю!
Зноў пачала складваць бялізну ў човен; пунсовыя вусны яе надзьмуліся, як у капрызнага дзіцяці, на вочы набеглі слёзы.
Сцяпан паправіўся на сваім цвёрдым седале і, не спускаючы з яе вачэй, пачаў казаць:
- Ведзьма ты ці не ведзьма, лепшай ад цябе і ласкавейшай, і больш працавітай няма ў цэлай вёсцы, дзе там! Ва ўсёй ваколіцы, а можа, і на свеце няма! Можа, ты мне і дала калі напіцца таго зелля, якога з тваёй парады напіўся Клеменс ад Франькі, а можа, і не давала, ці ж я ведаю? Можа, тое зелле, што мне ў жывот увайшло, гэтая твая такая ласкавасць і весялосць, што калі яшчэ дзяўчынай была, то як гляну на цябе, бывала, і твайго спявання і смеху паслухаю, то і сам зраблюся іншы, от, такі ж ласкавы, ціхенькі і вясёлы, як ты...
Трошкі памаўчаўшы, працягваў:
- Я надта люблю ціхенькіх і вясёлых людзей... От, я з Пётрам і Агатай добра жыву таму, што паміж імі заўсёды святая згода і абыходжанне добрае, і Клеменса люблю за тое, што ён слухаецца старэйшых і вясёлы. А сам я злоснік, гэта праўда, і неспакойны, як віхор, і пахмурны, як тое неба ў дождж... Такі ўжо я, відаць, нарадзіўся, з такой хваробай у душы нарадзіўся, і не вылечыла мяне ад яе маці, такая язва, што за яе лаянкай і біццём я свайго маленства не памятаю, і не вылечыў брат, які са мной за гэты мой кавалак зямлі па судах цягаўся... і не вылечыла жонка, гадзіна... і не вылечыла гарэлка, якую я ў горла лью... Ніхто не лячыў, і нішто мяне не вылечыла...
Гаварыў павольна, сумна, апусціўшы вочы долу. Неўзабаве зноў узняў позірк на Пятрусю.
- Ты б мяне ад той хваробы вылечыла, але не хацела, - дадаў.
Жанчына, супакоеная лагоднасцю ягонага голасу, а можа, усхваляваная ягоным смуткам, не перапыняючы сваёй працы, адказала:
- Наканавання ўжо, відаць, такога не было. Але ж якое табе няшчасце? Дарэмна наракаеш і абражаеш Пана Бога. Чаго табе бракуе? Хату і гаспадарку маеш заможныя... жонку і дзіця маеш... от, дзякаваў бы Богу і ўсё добра было б... каб толькі хацеў.
- Гэта праўда, - адказаў Сцяпан, - такая добрая жонка і такі здаровы, дужы сын! Будзе з яго калісьці работнік добры і мая падпора! Ой!
У ягоным голасе гучала грубая, але балючая іронія, засмяяўся і ціха вылаяўся, можа, таму ціха, каб не спалохаць жанчыну, якая ўпершыню разгаварылася з ім.
- От, праўда, я табе скажу, Пятруся, што мне ўжо і гаспадарка абрыдла. Для каго чалавеку старацца і працаваць? Ці ў мяне хата поўная дзяцей? Адно ўсяго, але і тое такое, што толькі дыханне ў ім слухай, ці жыве яшчэ. І больш ужо не будзе. Жонка мне не жонка. Я на яе і глядзець не хачу, не тое што... Прыйду дахаты з поля дый лягу, як сабака, нікому слова не сказаўшы. Добра яшчэ, калі тая маўчыць, але як прычэпіцца да мяне са сваёй злосцю альбо са сваім любеннем, дык вось і выем абое, як тыя ваўкі, калі іх разам зачыніць. От, якое маё шчасце! Людзі з мяне насміхаюцца, як быццам бы я які апошні, і гаспадарку хутка чорт возьме... бо чалавек да нічога ахвоты не мае, толькі б свет праклінаў - дый годзе!
- Сорамна! - усклікнула Пятруся. - Сорамна табе, Сцяпан, так рабіць і так гаварыць! Пільнаваў бы гаспадарку, а з жонкаю жыў бы, як Пан Бог наказаў, згодна, у спакоі... от, як я з маім жыву, што ў нас ніколі ніводнай хвіліны ані злосці, ані нянавісці яшчэ не было...
- Толькі ты мне пра свайго не ўспамінай... - усклікнуў Сцяпан, і з воч ягоных пасыпаліся іскры.
Яна, не гледзячы на яго, не заўважыла жарсці, якая ў ім разгаралася.
- Каб ты да сваёй жонкі быў такі, як мой да мяне, то і яна была б лепшая, - заўважыла.
- Каб яны патапіліся абое! Каб ім вочы хутчэй на гэты свет закрыліся, - панура буркнуў Сцяпан.
- Фу! Які злосны і нягодны чалавек! Людской смерці жадае! - з наморшчаным ілбом і разгневанымі вачыма сплюнула кабета і, падымаючы з зямлі рэшту выкручанай бялізны, якую кінула ў човен, дадала: - Быў у мяне розум, калі я за цябе ісці не хацела... Добрага б мужа мела...
Убачыўшы, што яна хутка ўвойдзе ў човен і адплыве, сарваўся з пня і апынуўся блізка каля яе.
- Пачакай, Пятруся, пачакай трошачкі, - зашаптаў, - яшчэ хвілінку паразмаўляем... ці ж табе зашкодзіць? Яшчэ адну хвілінку! Я да цябе быў бы іншы, чым да той... я б з табой ласкавы зрабіўся і ціхенькі, як той сабака, што свайго гаспадара пазнаў... ты б мне дзяцей інакш гадавала, як гэтая... ты б мне ў хаце смяялася і спявала, як тая канаплянка ў гняздзе, а я б табе рукі і ногі ўсё жыццё цалаваў, я б, з табой працуючы, рукі б сабе ад працы пакрывавіў... Ой, Пятруся, ты мая міленькая, ты мая... не ўцякай хоць зараз ад мяне... хай я хоць хвілінку пацешуся табой...
З гнеўнымі вачыма, з жарсцлівай усмешкай на твары ён наступаў на яе, піхаў яе пад разложыстыя галіны вярбы, гарачым дыханнем апякаў яе шыю і плечы, нібы жалезнымі рукамі абхапіў яе стан. Яна ўскрыкнула ад перапалоху і гневу, як лань, скочыла ў човен і, схапіўшы вясло, у імгненне вока адштурхнулася ад берага. Не прайшло і хвіліны, а човен ужо быў на значнай адлегнасці ад берага. Па гладкай, блакітнай вадзе імкнуў ён хутка, роўна, амаль не калышучыся і адносячы да супрацьлеглага берага высокую, зграбную кабету, што толькі трошкі рытмічна схілялася над вяслом, распырскваючы ваду. Валасы, што павыбіваліся з-пад чырвонай хусткі, засланяючы агністую чырвань яе твару, голыя амаль да каленяў яе ногі і рукі на вясле ружавіла і залаціла вячэрняе сонца. Мужчына, што заставаўся пад вярбой, бліскаў за ёй вачыма, нібыта двума снапамі полымя. Усмешка жарсці на ягоным твары саступіла месца маршчынам згрызоты і злосці, нешта страшнае і зацятае прамільгнула на ягоным твары.
- Калі так, - крыкнуў услед жанчыне, - тады ты і сапраўды ведзьма! Чартоўскаю сілаю прыцягваеш да сябе людзей, а потым аддаеш іх на вечную згубу! Пачакай ты! Будзе табе! Ужо я на цябе помсту за сваю крыўду знайду! Ты, ведзьма, праклятая твая душа!