10894.fb2 Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 37

Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 37

Адлегласць яшчэ дазваляла чуць ягоныя крыкі. Але яна не адказала нічога, толькі човен закалыхаўся пад ёй, быццам парушаны дрыжаннем яе каленяў. Потым, аднак, паплыў зноў роўна, хутка; і страшная, ненавісная ўсмешка прабегла па загарэлым твары мужчыны, што стаяў у цені вярбовых галін. З ценю, у якім ён быў, жанчына, што адплывала ў сонечным святле па блакіце ставу, можа, падалася яму жахлівай, злоснай, варожай і адначасова светлай і прыцягальнай.

- Ведзьма! Далібог, ведзьма! - зашаптаў, а калі яна ўжо прыбілася да белага пяску другога берагу і, спяшаючыся, пайшла да сваёй хаты, Сцяпан, вяртаючыся да свайго плуга і сціснуўшы кулакі, дадаў: - Такі яна не павінна па Божым свеце хадзіць... такі не павінна!

Свайго мужа Пятруся ў хаце не застала. Стасюк, які, сустракаючы яе, прыбег аж на бераг стаўка, брыдучы па белым пяску і чапляючыся за адзенне, яшчэ дарогай нашчабятаў, што татка пайшоў у карчму, каб пагаварыць з арандатарам. Ведала, што арандатар падказаў яму вялікую і выгадную працу ў адным з суседніх двароў, таму і не дзівілася і не непакоілася, што Міхалка не вяртаўся дахаты ў належны час. Справа была важная, і шмат пра што трэба было пагаварыць з жыдам. Гатуючы вячэру, калі дзеці забаўляліся ў кутку хаты з драўлянай свісцёлкай і хрумсталі высушаныя семкі сланечніку, прыцішаным голасам расказала бабцы ўсё, што яе сёння напаткала. Слухаючы, Аксеня напачатку прала ўсё хутчэй, але неўзабаве пачала рвацца нітка і верацяно выпала з яе пальцаў. Склаўшы рукі на каленях, яна сядзела выпрамленая, як струна, і хоць Пятруся даўно ўжо перастала гаварыць, не прамовіла ніводнага слова, толькі яе жоўтыя сківіцы хутчэй, чым калі, перажоўвалі пачутую бяду, а бельмы вачэй з яшчэ большай напружанасцю, здавалася, узіраліся ў прастору хаты, асветленую хісткім святлом полымя. Вячэра была ўжо звараная, але жанчыны чакалі гаспадара, які павінен быў вось-вось падысці. Агонь у печы згас, дзеці сцішыліся і, задрамаўшы пад снапамі лёну ля сцен, збіліся ў кучу, дзе змяшаліся босыя ножкі і румяныя тварыкі.

Пятруся ўнесла з панадворка ў хату церліцу, трошкі яшчэ пахадзіла па хаце, але, голасна ўздыхнуўшы, таксама ўселася на зямлі і, абапіраючы плечы аб лён, задумлівым позіркам глядзела перад сабой у прастору. У цішыні, што запанавала ў хаце, азваўся хрыплы і сёння чамусьці надта надтрэснуты голас сляпой бабкі.

- Пятруся! - паклікала.

- А што, бабуля?

- Спалі зёлкі, тыя зёлкі, што з поля ў гэтым годзе нанасіла, і тыя, што з леташняга засталіся, і ўсе, што ёсць у хаце.

- Чаму так, бабуля?

- Спалі! - амаль крыкнула старая і цішэй, але разгневана прабурчала: - Дурная, яна яшчэ пытаецца чаму?

Пятруся паднялася з зямлі, трошкі яшчэ падумала, са здзіўленнем паківала галавой і пайшла ў камору. З каморы, са страхі, з сяней у фартуху ці ў раднах зносіла мноства сухіх і крохкіх альбо толькі яшчэ прывялых і пахучых кветак і палявых траў, усе іх ссыпала ля вялізнай печы на зямлю, а потым, раздзьмухаўшы агонь, пачала кідаць жменямі ў полымя. Усё гэта рабіла моўчкі, з бліскучымі вачыма і сціснутымі вуснамі. Па яе твары было відаць, што адчувала боль і трывогу. Гэтыя расліны, барвы і пахі якіх яна любіла з малых гадоў усёй душой, гэты ліловы чабор, жоўтая дзіванна, гірлянды іншых траў і бадылля, што счапляліся паміж сабою, цяпер абдымалі агністыя языкі полымя і абвівалі сінія пасмы дыму, які, слупам плывучы ў комін, напаўняў хату моцным, чароўным пахам. Калі некалькі ахапкаў ссохлага зелля ўжо згарэла ў полымі, Пятруся ўзняла галаву да печы і спыталася зноў:

- Чаму так, бабуля?

Старая не адказала. Настолькі задумалася, што, можа, нават і не пачула пытання ўнучкі. І толькі праз нейкі час хрыплы і крыху дрыготкі голас з печы прамовіў:

- Шмат я на гэтым свеце дзіваў розных бачыла і чула, ведаю я, што з чаго можа быць... Старая Пракопіха мне цяпер перад сляпымі вачмі, як жывая, стаіць, і, як жывыя, стаяць тыя слёзы, што па яе старым твары так цяклі, так цяклі...

Чым даўжэй старая бабка гаварыла, там больш манатонным рабіўся яе голас і адначасова ўсё больш яе гаворка была падобная на жаласны спеўны рэчытатыў.

- Жыла-была ў людным, але бедным сяле Пракопіха, салдатка, бедная наймітка, якая ні сваёй хаты, ні якіх сваякоў не мела. Мужа яе ў далёкім свеце на вялікай вайне забілі, і застаўся пры ёй толькі адзін сыночак, небарака. Яго звалі Пракопка, па імені, значыць, бацькі. Бедненькі быў той Пракопка, адрынуты ўсімі, апрача роднай маткі. Ані ў яго бацькі, ані братоў, ані роднай хаты, ані свайго поля. Прыйшоў на свет голы, як Адам, а як вырас, да чужых людзей працаваць пайшоў. У чужых людзей у паняверцы і бядзе вялікай працаваў, на чужое дабро воўкам глядзеў і стаў хмурны, як тая восеньская ноч. Хоць бы ўсе невядома там як весяліліся, ён адзін, як воўк, бывала, ходзіць, у зямлю глядзіць, быццам сабе ўжо магілку хоча капаць, і ўсё пра нешта думае і думае. Не любілі яго людзі за ягоную паныласць і дзікаватасць і не шанавалі яго, як звычайна, адзінокага сірату, за якога няма каму заступіцца. Ажно тут у адзін год стаў хтосьці ў гаспадароў коней красці. У аднаго гаспадара конь прапаў, у другога - прапаў, у трэцяга - прапаў. Па ўсім сяле пайшлі плач ды крык, бо людзі там былі небагатыя і страшна жывёлы шкадавалі, бо без яе ў гаспадарцы цяжка. Шукалі злодзея, распытвалі, пільнавалі - няма! Няма і няма, хоць зямля расступіся! А коні як прападалі, так і прападаюць! Аднойчы хтосьці падгледзеў, што Пракопка часам знікае з вёскі. Пройдзе, бывала, дзень, два, тры, пройдзе і тыдзень увесь, а яго ў вёсцы няма, дзесьці вандруе. З жыдамі-недавяркамі бачылі як размаўляў ён у лесе і ў мястэчку, як піў у карчме і стужкі для нейкай дзяўчыны купляў, невядома адкуль грошы беручы. Тады ўжо ўсім прыйшло ў галаву, што гэта Пракопка, найміт, коней крадзе. Узялі і пацягнулі яго ў суд. Суд слухаў, слухаў і загадаў, каб Пракопка ў вёску вярнуўся, бо, кажуць, невядома, ці гэта ён коней краў, пэўнасці няма, кажуць, доказы, кажуць, дайце на яго лепшыя... Пракопка вярнуўся ў вёску, а коні як гінулі, так і гінуць. У гэты час ужо людзей вялікі гнеў апанаваў за сваё дабро. Схаваліся раз пад лесам і, калі Пракопка вёз з лесу дрэва свайму гаспадару, схапілі яго, тай пачалі біць яго палкамі...

- Езус! - разнёсся па хаце Пятрусін крык. Апусціўшы руку ў поўны сухіх зёлак фартух, яна застыла перад печчу, шырока расплюшчыўшы вочы і дрыжучы ўсім целам. - Палкамі! - крыкнула яшчэ і, трошкі апамятаўшыся, зноў пачала кідаць у печ зёлкі.

Полымя выбухнула вышэй, у хаце завісла сіняя і пахкая мгла, з печы голас старой паўтарыў:

- Палкамі. Рэбры яму паламалі, рукі, ногі паламалі, твар крывёй аблілі і нежывога пакінулі на шырокім полі, на пустым полі, беламу снегу на падсцілку, чорным крукам і галкам на спажыву.

У хаце запанавала нядоўгая цішыня. А потым сляпая бабуля скончыла сваю аповесць:

- А Пракопіха-салдатка ад жалю па сваім небараку-сыночку ўзяла і сфіксавала. З літасці яе людзі кармілі і апраналі, а яна, бывала, у цёмны кут залезе і ўсё пра свайго хлопчыка Пракопку расказвае і расказвае, а па зморшчаным, старэнькім яе твары, як бы хто гарох рассыпаў, слёзы цякуць і цякуць... І я там была, гаворку яе чула, на слёзы яе глядзела, а зараз усё гэта, як жывое, перад маімі сляпымі вачамі паўстала...

Калі хрыплы, булькатлівы і адначасова пявучы голас старой змоўк, Пятруся паціху прамовіла:

- Бабуля?

- А што?

- Ці той Пракопка і праўда коней краў?

Старая, падумаўшы, адказала:

- Можа, краў, а можа, і не краў. Гэта ўжо невядома. Пэўнасці няма і не было... але людское асуджэнне было, і страшны людскі гнеў быў...

- Страшны! - як рэха, паўтарыла кабета, што стаяла перад агнём, і хутка-хутка рэшту ссохлых зёлак пачала кідаць у агонь.

Праз хвілю старая азвалася зноў:

- Пятруся?

- А што, бабуля?

- Каб ты з гэтага часу і не думала дараджаць...

- Не буду, - адказала маладзіца.

- Нікому, памятай. Каб там невядома як цябе прасілі. Чуеш?

- Не буду, бабуля...

- Будзь такой ціхенькай, як рыбка на дне вады, каб людзі і забыліся пра цябе.

- Добра, бабуля.

Дзверы хаты адчыніліся, і ўвайшоў каваль, толькі глянуўшы на яго, Пятруся ўскрыкнула:

- Ой, Божа ж мой! А табе што такое прытрафілася, Міхалка?

Павінна было і сапраўды яму прытрафіцца нешта дрэннае. Твар у яго быў расчырванелы, адно вока заплыло, некалькі сінякоў сінелі на лбе і шчоках. Зняў шапку з раскудлачаных валасоў і, кінуўшы яе на стол, са злосцю адштурхнуў ад сябе дзяцей, што ўжо прачнуліся і падбеглі да яго. Потым сеў на лаву і, звяртаючыся да жонкі, трохі хрыплым голасам пачаў казаць:

- Прытрафілася мне тое, чаго яшчэ ніколі ў маім жыцці не было. Салдатам быў і шэсць гадоў цягаўся па свеце, а ніколі ні з кім не біўся, тут ужо сем гадоў жыву і паную, і людзі мяне заўсёды шанавалі, бо сам сябе шанаваў. А от сёння пабіўся перад карчмой з мужчынамі. З тваёй віны, Пятруся, гавантура гэта мяне напаткала. Фу, сорам толькі, згрызота, тай годзе!

Сплюнуў і, адвярнуўшы галаву ад жонкі, прыкрыў даланёй апухлае вока. Яна маўчала і, стоячы перад агнём, глядзела на яго шырока раскрытымі вачыма, апусціўшы рукі ўздоўж цела.

Праз нейкі час ён азваўся зноў:

- Размаўляю я сабе з арандатарам аб інтарэсе, аж чую мужчыны перад карчмой пра цябе крычаць, што ты Клеменсу Дзюрдзю хваробу зрабіла. Сымон Дзюрдзя крычаў, Якуб Шышка, злодзей гэты вядомы, і Сцяпан потым прыйшоў і такое ж пачаў казаць, і бабы, што, пакапаўшы бульбу, вярталіся, таксама запыніліся і, як вароны, каркаць пачалі: такая яна, сякая яна, у кароў малако адабрала, а зараз Клеменса атруціла. Слухаў я слухаў, ажно не вытрымаў, вылецеў з карчмы і заступацца за цябе пачаў. Слова за слова, да бойкі дайшло. Біў я, мяне білі... Фу! Сорам! Працуе чалавек, як той апошні найміт, вядзе сябе прыстойна, самога сябе і людзей шануе, аж тут невядома адкуль прыйдзе да яго такая ганьба... як гэта? Ці ж міла мне чуць, што жонку ведзьмай і чартоўскай каханкай абзываюць, а потым насіць на твары сляды кулакоў злодзеяў і п'яніц! Ой, Божа ж, мой Божа! За што на мяне такая ганьба і няшчасце зваліліся!

Праз ягоныя жальбу і сорам прабівалася нейкая варожасць да жонкі. Яна ж усё маўчала, перапалоханая настолькі, што ажно дрыжалі рукі, якімі з печы выцягвала гарнак са стравай. З апушчанымі вейкамі запаліла лямпу і паставіла на стол вячэру. Калі, як звычайна, падавала мужу бохан хлеба і нож, ён, усё засланяючы даланёй апухлае вока, другім вокам уважліва на яе паглядзеў.

- Пятруся! - сказаў. - Што ты такое людзям зрабіла, што яны на цябе, як тыя крукі на падлу, напалі...

Павольна паціснула плячыма.

- Ці ж я ведаю, - шапнула.

- Ужо ж гэта не можа быць без прычыны, га? - спытаўся яшчэ.

Пачуўшы гэтае пытанне, жанчына яшчэ больш задумалася.

- Ці ж я ведаю? - паўтарыла.