10894.fb2
- Ці ж я ведаю? - паўтарыла і адвярнула свой твар ад мужа, а на лбе яе пазначыліся дзве глыбокія маршчыны.
Ён глядзеў на яе і, быццам бы дзівячыся з чаго, смутна раздумваючы, пару разоў хітнуў галавой. Потым падазваў да сябе дзяцей, а ёй ужо больш нічога не казаў і ні разу ў той вечар не назваў яе зязюлькай. Маркотны і маўклівы, лёг спаць, і ціша залегла ў хаце. Але апоўначы ў цемры і цішыні пачуўся шэмрат людскіх крокаў і нехта ўзлез на чарэнь печы.
- Бабуля, бабуля, ці ты спіш?
На чарані зашалясцеў устрывожаны шэпт.
- Не сплю, дзіця, не сплю. Усенька пра цябе думаю, - адказала Аксеня, якой з пэўнага часу старасць не давала заснуць.
- Бабуля! - зашаптаў другі голас. - Нешта мяне сёння страшна душыла... на жывот і грудзі нешта лягло і так душыла, што толькі ўжо ледзь Пану Богу душачкі не аддала...
- Што гэта? - здзівілася старая, а потым спыталася: - Можа, ты ў святую нядзельку што-небудзь рабіла з таго, што не дазволена?..
- Не рабіла, бабуля, нічога ў святую нядзелю ніколі не рабіла...
- Прыпомні сабе толькі, можа, рабіла! Бо калі рабіла, значыць, нядзеля да цябе прыйшла і душыла за тое, што ты яе абразіла... Такія рэчы на свеце бываюць, я сама такога чалавека ведала, што ў нядзелю заўсёды ўсё рабіў. Аж тут аднаго разу нядзеля да яго прыйшла, такая вялікая, як сонца залатое, лягла на яго і задушыла... На смерць задушыла. Прыпомні толькі сабе, ці чаго, барані Бог, у нядзелю не рабіла...
- Не рабіла, бабуля, пабажуся, што ніколі нічога ў нядзелю не рабіла...
- Ну, дык што ж гэта, што цябе сёння душыла?
Запанавала доўгае маўчанне, ажно малады і перапалоханы шэпт зноў ціхутка зашалясцеў у цемры:
- Бабуля, я чула, што калі чорт да каго прычэпіцца, то таксама душыць...
На чарані раптоўна нешта зашамрэла, можа, сляпая бабка выпрасталася на сваім сенніку.
- Перажагнайся, дзіця, перажагнайся ты святым крыжам...
- У імя Айца і Сына і Святога Духа. Амэн.
Зноў запанавала цішыня, а потым старая Аксеня яшчэ прашапялявіла:
- Гэта згрызота цяжкая душыла цябе, Пятруся ты мая, згрызота і жаль.
- А-ле! - згодаю азваўся другі голас.
- Нешта Міхалка маркотны быў сёння і гнеўны...
Зіма надышла ранняя і марозная. У апошнія дні лістапада мароз ужо сцягнуў зямлю ў цвёрдыя барозны і снег прысыпаў іх белым пылам. Вячэрняе неба было засеяна мноствам зорак, калі па дарозе, што вяла з блізкага мястэчка, вярталіся ў Сухую Даліну два мужчыны. Абодва былі невысокія, але аднаго можна было назваць зусім малым. У авечых кажухах, шапках і рыпучых ботах, ішлі яны то павольным і хісткім крокам, то зноў хуткім і размашыстым, гучна размаўляючы паміж сабой і размахваючы рукамі. Былі не зусім цвярозыя. Гучныя галасы іх разляталіся далёка, і ўторыў ім гулкі і таксама няроўны тупат іхніх крокаў. Са слоў, што гучалі выразна і звонка ў ціхай і марознай прасторы, можна было зразумець, што вярталіся яны з мястэчка, дзе абодва стаялі перад міравым суддзёй.
- Міравы кажа: «Штраф за гэта дрэва заплаціш...», - гаварыў адзін, а другі, не слухаючы таварыша, у гэты час вёў сваё:
- «Доўг - святая справа, - кажа, - заплаціць нужна... Дрэва, - кажа, - ссек у панскім лесе, шэсць штук ссек, - кажа, - за кожную штуку па рублю штраф заплаціш... А калі доўг не заплаціш, - кажа, - зямлю апішу, тай прададуць...» - «Не прададуць, - кажу, - бо яшчэ не выкупленая, значыць, ад ураду не выкупленая...»
Цяпер пачаў другі:
- А я да міравога з'езду... да Хацкеля пайшоў і сказаў яму да міравога з'езду пісаць... «Пішы, - кажу, - гапеляцыю, каб я таго штрафу не плаціў...»
Першы цягнуў сваё:
- Я да старшыні!.. А што з гэтага будзе?.. У жыда задоўжыўся і ў іншых людзей задоўжыўся, а цяпер яны на мяне ў суд падаюць, а суд плаціць кажа, а зямля нявыкупленая, значыць, ад ураду не выкупленая і прадаць яе нельга... Жыд-недавярак, падла ягоная душа, пытаецца адразу: «А колькі дасі за напісанне?» - «Залатоўку дам, - кажу, - пішы!» А ён, гледзячы мне ў вочы, смяецца: «Рубель дасі!» І паабяцаў, далібог, паабяцаў рубель... Каб яго чэрці...
Той жа, якому ішло пра даўгі, хістаючыся крыху, казаў:
- Даведаўся я ў старшыні, ой, даведаўся... Каб яго... «Зямлі не апішу, - кажа, - бо нельга, бо яшчэ не выкупленая, але гаспадарку за доўг апішу, тай прадам публічна, значыць, прадам, у адных кашулях застанецеся... навошта было даўгі рабіць?»
Раптам спыніліся і паглядзелі адзін аднаму твар у твар.
- Якуб! - сказаў першы.
- Сымон! - адказаў другі.
І абодва разам запытальна ўсклікнулі:
- Га?
- Каб жа чалавек быў багаты!
- Але!
- То б даўгоў не рабіў!
- Але!
- Дзевяць душ у хаце...
- У мяне трынаццаць... тай яшчэ і двое ў калысках...
- Зямля такая дрэнная, што хоць ты плач...
- А свіронак то ўжо зусім заваліўся... думаю я сабе, адкуль гэта дрэва ўзяць... от і паехаў ночкай у лес... дык і што? Не дзеля аднаго Пан Бог лес засеяў, для ўсіх засеяў...
- Зямлю прыйдзецца жыду ў арэнду пусціць за доўг... хоць патаемна, а самому ў парабкі ў які двор наняцца... Ой, горкая доля прыйшла мне і дзецям маім...
- Ой, горкая доля прыйшла мне на мае старыя гады...
Абодва рукавамі кажухоў выцерлі вочы і, голасна ўздыхнуўшы, далей пайшлі поруч. Знаходзіліся ў гэты час непадалёк ад крыжа, што ўзносіўся на скрыжаванні. Проста перад імі жоўта блішчалі два асветленыя акны карчмы, далей цямнелі сцены абораў і хлявоў, а на нейкай адлегласці ад іх самотна шарэла ў полі сярод голых шкілетаў дрэў сядзіба каваля. У святле зорак можна было распазнаць зачыненую сёння маўклівую кузню, пабеленую снегам страху хаты і дзве бледна-залацістыя замерзлыя шыбы, бо прабіваліся праз іх водбліскі агню, што гарэў у печы.
Мужчыны міналі крыж, і адзін з іх выцягнуў руку ў кірунку гэтай сядзібы.
- Сымон! - сказаў.
- Ну?
- От, там дык грошай шмат!