10894.fb2 Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 39

Выбраныя творы - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 39

- Дзе там?

- А ў каваліхі.

- Ага! - пацвердзіў Сымон. - Мусіць, багатыя людзі, бо па-панску жывуць...

- Чаму ім не жыць, калі чорт ведзьме дапамагае...

- Дапамагае ці не дапамагае, а такі ім добра, калі грошы маюць, - заўважыў Сымон, а крыху падумаўшы, махнуў рукой і прабурчаў: - Дык і што з таго? Сабака кудлаты, яму цёпла, селянін багаты, яму добра... кавалю і ягонай жонцы добра, а мне ад таго не лягчэй...

- Яшчэ і цяжэй на чужое дабро глядзець, калі чалавеку самому на свеце горка...

- Але!

Раптам Якуб Шышка стаў, як укапаны, і, выцягнуўшы руку ў бок кавалёвай хаты, сцішаным, амаль здаўленым голасам выціснуў з сябе:

- Бачыў? Сымон, бачыў?

Сымон таксама спыніўся і, не могучы вымавіць ні слова, толькі шырока разявіў рот. З'явай, якая гэтак уразіла абодвух мужчын, была зорная знічка. Яна нібы адарвалася ад цёмнага скляпення і, акрэсліўшы залацістую змейку ў паветры, знікла над самай хатай каваля. На фоне празрыстай ночы гэты водбліск ўражваў імгненнай, але цудоўнай прыгажосцю. Якуб паўтарыў пытанне:

- Ты бачыў?

- Чаму не бачыў? Бачыў, - зашаптаў Сымон. - Пра іх мы гаварылі і на іхнюю ж хату зорка ўпала...

Якуб матлянуў галавой і гучны здзеклівы смех вырваўся з ягоных вузкіх старых грудзей.

- Ой, дурань ты, дурань! - казаў. - Дык ты думаеш, што гэта зорка ўпала...

- Але!

- А гэта ж, от, чорт быў, што праз комін ведзьме грошы нёс!

- Не можа быць? - амаль крыкнуў Сымон і, узняўшы руку да лба, пачаў жагнацца.

- А што, ты пра гэта ніколі не чуў?

- Чуць то чуў, што так на свеце бывае, але бачыць не бачыў...

- Ну, дык цяпер убачыў... У імя Айца і Сына і Духа Святога...

- Амэн! - у адзін голас скончылі абодва, а Сымон яшчэ раз усклікнуў здзіўлена. А потым ужо ішоў больш упэўненым і роўным крокам, нібыта выветрыўся з ягонай галавы чад ад выпітай у мястэчку гарэлкі. Глыбока пра нешта раздумваў, а потым азваўся:

- Якуб!

- Га?

- Ты ведаеш што? Я б ужо і чартоўскімі грашамі не пагрэбаваў, каб толькі з бяды вылезці. Каб гаспадарку не апісвалі і не прадавалі...

- Як ведаеш... як знаеш... - абыякава адказаў Якуб.

- Можа б, каваліха і пазычыла... - няўпэўненым голасам пачаў зноў Сымон.

- Як ведаеш... як знаеш... але кепска будзе...

- Чаму кепска?

- От, так! Хрысціянскую душу прадаваць нягодна...

- І то праўда...

- Ты гэтага не рабі, - узносячы палец угору, павучаў Якуб, - нельга так... ксяндзу на споведзі трэба сказаць, што такую спакусу меў...

Сымон падумаў зноў, але праз хвілю з раптоўнай рашучасцю ўзняў галаву.

- А ішоў ты ў панскі лес дрэва красці, калі спатрэбілася свіронак будаваць, га?

- Ой, ты дурню! - крыкнуў Якуб. - Як ты гэта параўноўваць можаш? Лес жа божы, і Пан Бог яго для ўсіх людзей засеяў, а ведзьміны грошы чартоўскія, і сама яна непрыяцелька Божая і людская...

- Дык што! - не здаваўся Сымон. - Такі табе міравы штраф заплаціць сказаў, і ты мяне дурнем не абзывай... Чуеш? Не маеш права! Сам дурань, а да таго яшчэ і злодзей!

Пачыналі ўжо сварыцца, але тут выйшлі яны на святло, што падала з вокнаў карчмы. З сярэдзіны будынка далятаў гоман размоў і гукі скрыпкі. Спыніліся абодва і стаялі, як укопаныя.

- Зойдзем, - сказаў Сымон.

- Зойдзем, - пагадзіўся Якуб.

- На хвілінку.

- На хвілінку, пацешыцца...

Памяшканне карчмы, досыць вялікае і нізкае, з глінянай падлогай і ажно чорнай ад дыму столлю, цьмяна асвятлялі смаляныя трэскі, уваткнутыя ў шчыліны печы, зверху да нізу завешанай памытым адзеннем арандатара і ягонай сям'і. На доўгім і вузкім стале гарэла крыва ўваткнутая ў выдлубаную рэпу свечка з лою і стаяла некалькі алавяных чарак, з якіх звычайна сяляне п'юць у карчме гарэлку. У гэты час пілі з іх тыя паважаныя і заможныя гаспадары, якія, седзячы на лавах па абодва бакі стала, вялі паміж сабой шумную, але разважную і сур'ёзную гаворку. Іхнія добрыя кажухі, аздобленыя вялікімі каўнярамі з чорных ці сівых аўчын, цяжкі, але цэлы, ажно да каленяў, высокі абутак, выраз іхніх твараў, спакойны ці асветлены ўсмешкай, - усё выяўляла, што былі гэта самыя заможныя і найбольш паважаныя жыхары Сухой Даліны. Прыйшлі яны сюды не з гультайства і не дзеля таго, каб пагуляць, але перад усім таму, каб у доўгі зімовы вечар трохі пацешыцца ў кампаніі, а яшчэ і таму, каб трошкі парадзіцца і паразмаўляць пра клопаты ўсёй вёскі. Загадалі адразу падаць сабе гарэлкі, пілі яе з алавяных чарак, ветліва прамаўляючы да суседзяў: «На здароўе! На шчасце!» Потым адсунулі чаркі на сярэдзіну стала і больш да іх не дакраналіся. Па кілішку выпілі, і досыць! Калі б гэта была нейкая вясёлая аказія: хрысціны, вяселле, заканчэнне нейкага торгу ці што-небудзь падобнае, пілі б, напэўна, значна больш. Але без аказіі не прывыклі напівацца, шанавалі ў сабе годнасць заможных і ўсімі паважаных гаспадароў, бацькоў сямей і былых альбо цяперашніх чыноўнікаў гміны.

У самым цэнтры гэтага гурту сядзеў Пётра Дзюрдзя, каля яго ўспёрся локцямі на стол Максім Будрак, далей сядзелі на лавах: стары Лабуда і два ягоныя дарослыя, даўно ўжо жанатыя сыны, а ў самым куце хаты, куды падала найменш святла, сядзеў Сцяпан. Заўсёды ён меў ахвоту вадзіцца з найбольш багатымі і паважанымі жыхарамі вёскі, удзельнічаць у размовах пра грамадскія клопаты, адыгрываць у вёсцы дзейсную і ўплывовую ролю. Амбітны і смелы, прагнуў нешта значыць, некім кіраваць, і хоць яму ўжо падыходзіла пад саракоўку, ніяк не мог дасягнуць жаданай мэты. Ягоная панурасць і зацятасць адштурхоўвалі ад яго людзей, не шанавалі яго і за надзвычай дрэннае жыццё з жонкай і за малую сям'ю. Меў, праўда, адно дзіця, але такое, што лічыўся бяздзетным, а бяздзетнасць селяніна - гэта найперш Божае неблаславенне, а потым блізкае і непазбежнае яго разарэнне. Зусім інакш глядзяць людзі на такую хату, дзе гадуюцца і падрастаюць дужыя хлопцы, працавітыя дзяўчаты, чым на тую, дзе двое самотных людзей, як тая пара кратоў, рыюць зямлю без радасці сёння, без спадзяванняў на заўтра. У гэткай хаце ані хрысцін, ані вяселляў, ані шумнай хлапечай гульні, ані звонкага дзявочага спеву. Людзі ў яе ніколі не заходзяць і ніколі не садзяцца ў ёй за застаўленым Божымі дарамі сталом. Каб там і невядома які дастатак быў, людская павага і людское сяброўства не могуць там ніколі прыжыцца. А калі яшчэ ў такой хаце вечныя паміж жонкай і мужам крыкі, лаянка, бойкі Пану Богу на абразу, людзям на асуджэнне і насмешку? Тады ўжо селянін бяздзетны і безнадзейны, на руйнаванне гаспадаркі і людское пасмешышча выстаўлены, сядзі пахмурны і маўклівы паміж вясёлымі, гаваркімі людзьмі, так, як у цёмным куце сядзеў Сцяпан Дзюрдзя, перажоўваючы сваю злосць і бяду. Колькі не ўступаў у гаворку, столькі разоў заўважаў, што ніхто не хацеў яго слухаць. Гаварылі пра тое, што ён ведаў лепш за іншых, пра землі і лугі, за якія ўся вёска мела намер падаць у суд на цяперашняга іхняга ўладальніка. Судовы працэс меўся быць дарагі, кошт раскладаўся на ўсіх жыхароў вёскі ў суадносінах да частак, якія набываў кожны ў гэтым працэсе: арыфметычна такія разлікі найлепш умеў рабіць Сцяпан, зрэшты, ён лепш за іншых ведаў і тыя землі і лугі, але ўсё ішло без ягонай дапамогі і парады, словы ягоныя заглушаліся. Калі хацеў перакрычаць іншых, таўклі яго локцямі пад бакі, каб змоўк. Малады Лабуда, які не любіў распачынаць бойкі і баючыся, каб да гэтага не прывяла Сцяпанава злосць, адсунуўся ад яго на локаць, тое ж самае зрабіў Антон Будрак, Максімаў брат, цяперашні стараста. Сцяпан, самотны і спанявераны, вылаяўся паціху, адсунуўся пад самую сцяну, крыкнуў арандатару, каб падаў яму цэлую кварту гарэлкі, і піў яе моўчкі, як воўк, пабліскваючы раззлаванымі вачыма. Зусім інакш было з Пётрам Дзюрдзем. Той, выконваючы на працягу шасці гадоў абавязкі старасты, добра ведаў, што які селянін меў і ў якой ступені да агульнага кошту павінен быў далучыцца. Антон Будрак, які толькі што стаў старастам, радзіўся з ім пра тое і пра сёе, іншыя, слухаючы, сцвярджальна ківалі галовамі. З рукамі, складзенымі на каленях, з доўгімі валасамі, русыя і з лёгкай сівізной пасмы якіх ападалі на чорны, аўчынны каўнер кажуха, з бледным, хоць і цёмным тварам, які ажывіўся ад чаркі моцнага напою і ад размовы, Пётра гаварыў падрабязна і доўга, і словы цяклі з ягоных вуснаў разважна і манатонна, нібы лянівы, ціхі ручай. Згадваў, калі і як гэтыя землі і лугі ад Сухой Даліны адпалі і што пра гэта казалі бацькі, разважаў, якую карысць яны прыняслі б вёсцы, і аж уздыхнуў. Аднак, нягледзячы на такое даволі хцівае пажаданне зямных даброт, не забываўся і пра нябесныя. Узносіў часам угору ўказальны палец і сваю прамову заканчваў словамі:

- Усенька гэта ў Божай моцы. Калі Пан Бог захоча, то нам гэтую сваю ласку дасць, а калі не захоча, то не дасць, і цярпі, чалавеча, бо такая ўжо воля Божая...

Іншым разам казаў:

- Боскай сілы, як той казаў, не пераможаш. Чартоўскую сілу пераможаш святым крыжом, а Боскую нічым не пераможаш... Як Пан Бог найвышэйшы захоча, так і будзе.

Гэтыя словы заўсёды выклікалі ўздыхі слухачоў, што не перашкаджала ім, аднак, далей жыва і нават зацята гаварыць пра зямныя клопаты. Пётра таксама ўздыхаў, але ягоныя шэрыя, глыбока схаваныя пад густымі брывамі вочы блішчалі часам радасцю, рэдкай для яго. Радасць бліскала ў іх заўсёды, як толькі ён выпадкова ці наўмысна глядзеў на сярэдзіну карчмы, дзе весялілася і гуляла нешматлікая купка моладзі. Было там некалькі дарослых хлопцаў і пяць дзяўчат, якія акружылі музыканта, што сядзеў у куце, і прасілі яго зайграць, а калі ён пачынаў іграць, кідаліся ў танцы, якія раптоўна перарывалі дзеля нейкага свавольства альбо даганялак, ад чаго з падлогі ўздымаўся пыльны туман і разляталіся ва ўсе бакі клубамі цёмныя дымы з распламянелых смалякоў. Было ў гэтай забаве шмат грубых мужчынскіх крыкаў і вісклівых енкаў дзяўчат, гучнага рогату, жартаўлівых сварак, тупату ног, брынкання і піску скрыпкі. Белыя кашулі і сінія спадніцы дзяўчат мільгалі ў пыле і дыме сярод шэрага ці блакітнага мужчынскага адзення. У гэтай невялікай грамадзе, якая так добра бавілася, выдатна вёў гучны і вясёлы рэй Клеменс. Шэсць тыдняў таму падняўся ён пасля цяжкай хваробы, якой ужо і знаку на ім не было. Падчас сваёй хваробы незлічоную колькасць разоў трымаў у руках запаленую грамніцу, выпіў незлічоную колькасць зёлак, якія яму з усёй вёскі прыносілі бабы, адбыў перадсмяротную споведзь і страціў кварту крыві, якую выпусціў яму прывезены Пётрам з мястэчка фельчар. Старое Евангелле праз увесь гэты час ляжала на падушцы над самай ягонай галавой; бацька закупіў у касцёле тры імшы за ягонае здароўе. Урэшце паправіўся, устаў і праз колькі тыдняў выглядаў ужо так, быццам ніколі і не хварэў. З таго часу Пётра пра хваробу і выздараўленне сына любіў расказваць доўга і падрабязна. Гаварыў, што наклікала яе д'ябальская сіла, якую перамагла сіла Божая. Гаворачы пра першую, сціскаў кулакі і з агідаю сплёўваў, і бляскі гневу і нянавісці мільгалі ў ягоных зрэнках. Да другой, відаць, адчуваў гарачую ўдзячнасць і пашаноту, бо, калі яе згадваў, схіляў галаву, а вочы міжвольна падымаў угору. Зараз Клеменс вёў рэй у забаве і свавольстве; у які бок хаты ні кінь вокам - усюды яго можна было ўбачыць у пары з прыгожай Будраковай Насткай, дачкой Максіма. То абдымаў яе, стоячы перад музыкантам і просячы музыкі, то ў якіх даганялках з такім размахам кідаў яе на лаву, што ажно крычала ад болю і, нібыта раззлаваная, адыходзіла ў кут, плячамі паварочвалася да хаты, а ён, стоячы каля яе, перапрашаў і клікаў гуляць далей, пацешна, нібыта ў плачы, крывячы твар і гучна рагочучы на ўсю хату... Пётра з прыемнасцю глядзеў на гэтыя забавы сына праз галовы суседзяў, што сядзелі насупраць. Шырока адкрываў рот і смяяўся ціхім грудным смехам. Любаваўся Клеменсам і маладой Будраковай. Дзяўчына з заможнай бацькоўскай хаты павінна была прынесці ў мужаву хату павелічэнне ўсялякага дастатку, апрача таго, была прыгожая, лагодная і працавітая, вяла сябе прыстойна, і Агата яе вельмі любіла. Значыць, калі Клеменс з ёй ажэніцца, апрача ўсяго іншага будзе яшчэ і згода свекрыві з нявесткай. Пётру з даўняга часу гэты шлюб клеіўся ў галаве, аж тут ні з таго ні з сяго выкрыліся нейкія шашні Клеменса з Франькай, з гэтай таўсматай, непрыгляднай, беднай унучкай аднаго з найапошніх жыхароў вёскі, у дадатак - злодзея. Як толькі Клеменс крыху акрыяў ад хваробы, Пётра ў яго спытаўся:

- Ці ты з той Франькай з якімі думкамі пачынаў, ці так сабе?

Хлопец надта засаромеўся, закрыў твар рукой і адказаў:

- Так сабе!

- А жаніцца з ёй не думаў?